Павел Белавус нарадзіўся 22 жніўня 1987 года ў горадзе Лідзе. Вучыўся ў СШ №14. Скончыў Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт, геаграфічны факультэт. Працуе ў Менску. Сумяшчае працу журналіста, грамадскую дзейнасць і працу ў турыстычнай агенцыі. Друкаваўся ў некалькіх самвыдатаўскіх зборніках вершаў.
ПАРНАЕ КАХАННЕ
Пакахаю цябе на пары,
У выкладчыка будзе шок.
Сваю даўнюю дзікую мару
Здзейсню я ў яго на вачох.
Ты крычы, раздзірай маю спіну,
Ён падручнікам кіне мне ў твар.
Ну, а я закаханы ў дзяўчыну-
Цікавейшых не можа быць пар.
Мне на вушка шапчы, нібы вецер-
Усю групу не трэба будзіць.
Бо кахалі яны да дасвецця,
А цяпер час настаў адпачыць.
І няхай зноў выкладчык чытае
Філасофію рымскай зямлі,
Адчуваеш, мая дарагая,
Як цудоўна мы час правялі!
* * *
Давай збяжым ад усіх людзей,
Не пакідаючы слядоў.
Не будзем заўважаць падзей,
Глядзець у ход чужых гадоў.
Давай збяжым ад разважанняў
І ад карысных спадзяванак.
Я прыкладу шмат намаганняў,
З табой сустрэну новы ранак.
Давай збяжым ад забабонаў,
Адвечна тоячых сумневы,
Не будзем бачыць забаронаў,
У бруд не ўтопчам свае нервы.
Давай быць разам, разам у думках -
Я ў Парыжы, ты ў Пекіне.
Быць разам нават без стасункаў,
Якіх хачу любой хвілінай.
Няхай далёка мы, і часам
Не адчуваем блізкі подых.
Таму, калі бываем разам,
Хай святам будзе кожны дотык.
СПОВЕДЗЬ АЛЕСЯ ЗМАГАРА
Хтосьці кажа я няздатны
Сам зрабіць свой краю вольным.
Хтосьці плача, што змагацца
Больш не можа у сутонні.
Я такім не прысвячаю
Вершаваных словаў гукі,
Бо люблю людзей інакшых,
Тых, хто возьме сцяг у рукі.
Тых, чые палаюць сэрцы
Нават пад гнілым прыгнётам,
Хто, пачуўшы слова «краты»,
Не хаваецца ў намёты.
Хто трымаецца аддана,
Ўзняўшы галаву над катам.
І не плача, калі раптам
Называюць яго гадам.
Бо жывога патрыёта,
З роду продкаў беларусаў,
Знішчыць шмат разоў хацелі,
Рабавалі пад прымусам.
Калі ёсць у сэрцы гонар -
Не губляй святы намер,
Барані сваю Радзіму
Як героі БНР.
ЖАНЧЫНА, ЯКАЯ НЕ СТАЛАСЯ СЛУЖКАЙ
З ганебнай насмешкаю гналі дзяўчыну
На полымя вогнішча плошчы старой,
А ружы ляцелі прад ёй на сцяжыну.
І снегу завея стаяла сцяной.
І кат-ліхадзей ёй казаў: "Як чароўна!"
Бабулі-жабрачкі крычалі: "Дай кроў!"
Яна прашаптала: "Я буду князёўнай,
А вашых не стане назаўтра галоў."
Ёй сумна былося каханкай адзінай,
Князёваю цацкай, пакорнай слугой,
Таму без сумневу ў зале карціннай
Забіла вяльможнага ў злосці сляпой.
Жанчына, якая не сталася служкай,
Лань, што ў загоне не сцішыла бег,
Гарэла на позірках плошчы варшаўскай,
А попел схаваў вольны снежаньскі снег.