Папярэдняя старонка: Проза

Сяргей Астравец 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




Сяргей Астравец жыве ў Гародні , назірае за рэчаіснасцю і піша эсэ , якія друкуюцца на блогу "Дзённік пісьменніка " на сайце Радыё Свабода . Раней ён апублікаваў на іншым сваім блогу "Праз гарадзенскія акуляры" на сайце газеты "Наша Ніва" 140 новых эсэ.
Апавяданні "Райскія яблычкі" і "Рэпрадукцыя Брэйгеля" ўзяты з наступнай кнігі пісьменніка "Статуэтка свабоды", выпуск якой чакаецца ў будучыні. "Статуэтку свабоды" рэдагаваў Леанід Дранько-Майсюк, уступ напісаў прафесар Аляксей Пяткевіч. У бібліятэчцы часопіса "Дзеяслоў" падрыхтавана да друку іншая кніга Сяргея Астраўца - "Горадня-Гародня. Графіці. 127 сціслых эсэ".
У пісьменніка выйшлі кнігі: "Янычары" (1993), "Цэнзарскія нажніцы" (2000), "Лісты да хома саветыкуса" (2003), "Кактэйль Молатава" (2006), "Каты Ёзафа Ратцынгера" (2009).
У Лідзе жыве бацька пісьменніка.


РАЙСКІЯ ЯБЛЫЧКІ

Рэпарцёрскае апавяданне

Штармавое папярэджанне. У рачным горадзе, які злучаны пупавінай з морам, ад якога адцінае мяжа. Шторм на рацэ? Хацелася б убачыць. Не, гэта так толькі гаворыцца. Доўгі нудотны дождж. Шэры гранітны бюст паэткі пачарнеў ад вады. Рачулка збоку ад пастамента ператварылася ў горную. У каламутную імклівую плыню. Каб чым хутчэй утапіцца ў набрынялай свінцовай рацэ, якая плыве ў накірунку вялікай вады.

А сёння ўвогуле снег. Замест бабінага лета. Зноўку я не паспеў пафарбаваць вокны, усё чакаў зручнага моманту, нават фарбу падрыхтаваў гэтым разам. Але: або спякота, або дождж і халадэча. Холадна зрабілася раптам. Крыху ліхаманкавы стан. Ад рэзкай змены надвор'я. Журавінавы лікворчык вельмі дарэчы. Але таксама таблеткі. Каб не захварэць па-сапраўднаму.

Райскія яблычкі за вокнамі. Нечакана аснежаныя, быццам здзіўленыя. Упершыню напаткала зіма. Часовая, восеньская, але снежная як мае быць. Яшчэ ўчора-заўчора ты ішоў праз стары парк, засыпаны жоўтай лістотай. Трымаючы над галавою шырокі парасон. Растаптаныя каштаны пад нагамі выглядалі жаласна. Сваёй марнасцю выклікаючы неакрэсленую шкадобу. Як слівы, якія заўжды непазбежна пачыналі гнісці пад дрэвам у суседнім двары, казытліва пахнучы браджэннем. Дарэмныя сокі.

Яблычкі райскія пад самымі вокнамі Рамана з Вандай. Вокнамі безжыццёвымі, абыякавымі. Сляпыя вокны. Свінцовы бляск шыбаў. Шчыльна зачыненыя форткі. Ніколі шыбы не робяцца ўвечары або ранкам цёплымі жоўтымі простакутнікамі. Ніхто не п'е кавы ці гарбаты, не гатуе вячэру. Застаецца спадзявацца, што гэта толькі часова. Хаця - што будзе лепей для іх - невядома. Дакладней, вядома толькі ім самім, але яны далёка. І вядома стане яшчэ не сёння. Яны самі яшчэ не ўпэўнены. Стрэс пасля пералёту. Скрозь некалькі часовых пасаў запар. Наперад часу. Туды, дзе няўлоўны маньяк-снайпер расстрэльвае на вуліцах мінакоў. Туды, дзе страх. Адтуль, дзе зніклі некалькі вядомых людзей. Дзе нават у паветры адчуваецца, лунае безнадзейнасць.

Пад вокнамі непатрэбныя нікому чырвоныя райскія яблычкі. Крамяныя, прыгожанькія, але дробныя-дробныя. Болей нагадваюць нават чарэшні, а зусім не яблыкі. Дрэва расце ля ганку старой камяніцы, у якой мастацкая школка. Яшчэ нядаўна дзяўчаты-падлеткі спрабавалі нарваць яблычкаў, якімі сёння абсыпаны дол. Ты першы раз, дзівячыся сам сабе, заўважыў, што на дрэве райскія яблычкі, а не проста дзічкі. Увёсну яно прыцягвала буйной квеценню. Але немагчыма было сабе ўявіць тады яго абсыпаным дробнымі чырвонымі пладамі.

Дождж, дождж. Бляклае неба. Няма чаго ўспомніць. Не, усё было больш-менш пакуль, толькі часам здаецца, што балансуеш на мяжы. Абы не было горш, як той казаў. Стары чырвоны "Ікарус". Трасецца да мяжы. Повен пенсіянерак. Інтэлігентных і звычайных. З табой побач вясковая бабулька. Сціплая і добрая. Хавае ўсю дарогу тандэтныя цыгарэты, дробныя пакуначкі. Прызнаецца, што вязе таксама кілё цукру і паўкіля пернікаў. Грашовыя заробкі. Мінулым разам замежны мытнік адабраў у яе кілё пернікаў. Бо дазваляецца толькі палову.

Перад самым шлагбаўмам выходзіш. Падае дождж. Ты самотны пад парасонам. Як вартавы пад "грыбам". З будкі выходзіць памежнік: што ты тут робіш? Клеіш на твар падабенства ўсмешкі. Тлумачыш, размаўляеш лагодна, вымаеш з кішэні пашпарт. Ніякіх чэргаў, патрэбных табе, тут няма. Няма ўвогуле машын. А з другога боку паглядзець немагчыма. Табе гэта было вядома наперад, але ты павінен зрабіць рэпартаж з мяжы. Мусіш, хаця выразна ўсведамляеш хісткасць уласнага становішча. "Уезд і ўваход у памежную зону забаронены". Парушэнне памежнага рэжыму - і гэтак далей.

Гэта не іншая мяжа, дзе кіламетровыя чэргі, сотні людзей, цэладзённае жыццё. Дзе нікому ты не патрэбны. Калона жыве жыццём рухомай вёскі. Адбываецца рознаякі гандаль, робіцца гешэфт. Людзі спяць, ядуць і наведваюць прыбіральню - як звычайна. Тут мёртва. Тут ты - аб'ект пільнай увагі. Спяшаюцца гэта пацвердзіць два маладыя афіцэры, якія накіроўваюцца да цябе з нейтральнай зоны. Межы бываюць розныя...

Мёртвая дарога. Калісьці вельмі ажыўленая. Яе журботнасць падкрэслівае, узмацняе восеньскі краявід, золкае мокрае надвор'е. Безжыццёва выглядае прыдарожны касцёлік без вокнаў, які рамантуюць. Калісьці гэта была дарога жыцця, дарога гурманаў, дарога па каўбасу. На водны курорт. У еўрапейскія кавярні і рэстарацыі. У іншамоўнае асяроддзе. Без пашпартаў і візаў.

Гэта была субота. У нядзелю ты мок пад дажджом ля вясковай аселіцы. І не ты адзін мок. Поплеч стаялі людзі. Вясковыя дзядзькі, цёткі, бабулькі. І адрозная публіка. Гарадская. Таксама не аднолькавая. З райцэнтра, з ваяводскага і, асобна, сталічнікі. Парасоны былі не ў кожнага. Вяскоўцы, асабліва старыя, увогуле рэдка імі карыстаюцца. Ці грошай не маюць і звычкі, ці лічаць гарадской завядзёнкай. А можа іх папросту не завозяць у сяльпо.

Толькі што зацэментавалі вялізны высокі дубовы крыж. Яго неслі каля дваццаці мужчын. Паставілі ў зямлю метры на два ці болей углыбкі. Закідалі каменнем, залілі растворам, умацавалі гранітную дошку. Крыху эклектыкі. Спачатку ў ганаровай варце пасталі былыя акоўцы. Затым іх замянілі рыцары. Луналі сцягі. Над ксяндзом трымалі парасон, як у кіно. Калі асвячэнне крыжа і палявая імша закончыліся, дождж раптам знік, на свінцовым небе намалявалася бляклая сонечная пляма. Потым улады будуць патрабаваць спілаваць яго. (І спілуюць самі па-зладзейску ўначы). Але гэта будзе потым…

Каля статуі - вялізнай амаль непраўдападобна, на гарадскім пляцы стыхійны мітынг. Пад вокнамі ў начальства, яго чакаюць, упарта не разыходзяцца. Чаканне зацягваецца. Выходзіць са світай крыху болей сярэдняй рукі чыноўнік. Нечакана з мегафонам, які трымае як недарэчную прыладу. На твары ўсхваляванасць, абуранасць і падспудны страх. Яму выпала стаць аратарам, весці недазволены мітынг. (Раптам зробяць ахвярным казлом?) Ён так і паведамляе публіцы: гэта - несанкцыянаваны мітынг. Катэгарычна, жорстка, безапеляцыйна. Але ўмыць адразу рукі не атрымліваецца. З ягонай роляй парламенцёра.

У першыя шэрагі праплішчваюцца жанчынкі. Ты стаіш наперадзе з прышпіленым мікрафончыкам, з дыктафонам у кішэні. Папросту насупраць мегафона, які перадаецца з рук у рукі. З чынавенскіх у чынавенскія. Яны тлумачаць, спрабуюць давесці нейкія інструкцыі, пастановы, загады. Ніякавеючы перад абураным натоўпам. Адчуваючы сябе ў чужой дзеі, у не сваёй ролі, выцягнутымі з кабінетаў на вольнае паветра, як рыба з вады. Ім яшчэ адпавядала б гаварыць агульнаслоўныя святочныя прамовы да працоўных калектываў на афіцыйных мерапрыемствах. "Ды пачакайце! Не ўсе адразу! - зрываюцца яны. - Дайце дагаварыць да канца..."

Ты пачынаеш усведамляць, што знаходзішся ўжо менавіта ў натоўпе, а не на мітынгу. Кабеты, кожная са сваім енкам міжволі старалася прабіцца наперад, бліжэй да начальства, каб выгукнуць у вочы, у твар. І ты з першых шэрагаў апынуўся раптам ўсярэдзіне, не рухаючыся, стоячы на месцы. Усчаўся галас, не раўнуючы як на кірмашы. Адначасова гаварылі, крычалі, абураліся мабыць дзясяткі чалавек. Адная жанчынка ажно ўзвісквала, гучна вылучаючыся, прыцягваючы ўвагу большасці з астатніх. "Я так разумею! -абурана лямантавала яна. - Што мы - залатая курыца. Вой, што я кажу, -курыца, якая нясе залатыя яйкі. І яе хочуць зарэзаць!" "Правільна!" -згадзіліся навокал і падтрымалі воплескамі. "Я тры пенсіянеры забяспечваю. У мяне яшчэ свая сям'я ёсць. Колькі можна падвышаць падаткі!!!"

Мужчына ў цывільным непарушна рабіў аператыўную відэаздымку. Фільмуючы цябе, мітынговак, асабліва якія не маўчалі. А таксама завадатара, які прывёў іх на пляц, выклікаў на размову начальства. Мажны, хутчэй нават гладкі, даволі высокі і з выгляду больш-менш лагодны, вонкава дабрадушны. З крыху пракудніцкімі вачыма. Ніякай абуранасці і злосці, ніякага адчаю. Мітынг пачынаў нагадваць шторм у шклянцы з вадою. Ажно начальства не вытрымала кірмашовай атмасферы і, тэатральна-абражанае, апусціўшы мегафон, пакінула пляц са статуяй і непаслухмяным незгаворлівым натоўпам.

Людзі ў плямістых мундзірах павялі завадатара ў сваю мянтоўку. Гэта недалёка. На гутарку. Хоць ясна, што - пратакол складаць. Якія з ім могуць быць гутаркі?! Увесь натоўп рушыў следам, ператварыўшы стыхійны мітынг у шэсце, амаль у дэманстрацыю. Накшталт: уладу - саветам без камуністаў, фабрыкі - рабочым і г.д. Асучаснены варыянт: прэч касавыя апараты, сертыфікацыю, штрафы і падвышэнне падаткаў!

Завадатара завялі ў камяніцу ў стылі мадэрн з лічбай "1909" на фасадзе. З разбяных высокіх старасвецкіх дзвярэй адразу выбеглі ў зухавых барэтах амонаўцы. Публіка запоўніла пространь паміж пастарункам і ўправай "кэй-джы-бі", якія існавалі насупраць - праз вулічку. Перад міліцыяй стаялі машыны, таму публіка згуртавалася пад вокнамі абрэвіятурнай установы, што выглядала надзвычай кашчунна. "Кэй-джы-бі", крыху меней, але традыцыйна баяліся як агню вось ужо гадоў шэсцьдзесят мінімум. Прынамсі ў гэтым горадзе. Сітуацыя чымсьці няўлоўна нагадвала пляц Бастыліі, перад яе штурмам.

Час зацягнуўся. Ажно нарэшце завадатар з нетраў пастарунка паведаміў па мабільным тэлефоне (музычны званок чула ўся вуліца), што яго паабяцалі неўзабаве выпусціць. Натхнёная публіка знянацку пачала скандзіраваць прозвішча завадатара. Нават шыбы затрымцелі. Сустрэлі яго радасна-стыхійным пераможным галёканнем. Два грузавікі спецвойскаў, якія напагатове грэліся ў пастарунку, атрымалі адбой і каманду ў сталоўку.

Назаўтра на пляцы каля статуі начальства задавальняла гурманскія патрэбы жыхароў. Пляц кірмашаваў. Страйкуюць рынкі? Няхай людзі купяць ежы на мітынговым месцы. Лепей есці, закусваць, адпачываць, чымсьці бунтаваць. Учорашні мітынговы дзень надарыўся сцюдзёны, вятрысты, шэры. Цяпер з апошняе восеньскае сілы грэла, цешыла сонейка, нібы ўлады разагналі хмары. Часовыя вулічныя шынкі былі зроблены з фальклорнымі падворкамі - з вясковымі платамі і збанамі зверху, з вялізнымі гарбузамі, кашамі з бульбай і буракамі. Са сланечнікамі толькі з гарода. З лавамі, на якіх уладкаваны натуральных памераў лялькі вяскоўцаў. З кавунамі замест галоваў. Гарманісты гралі прыпеўкі і кадрылі. Народ піў гарэлку ды піва, спажываў піражкі і кулябякі. Мноства шынак і вяндлін, смажаніны смачна кідалася у вочы. Па кірмашы хадзіў, ацэньваючы - ці добра весяліцца публіка, учарашні начальнік з мегафонам у руках перад мітынгоўшчыкамі. Ты пасміхнуўся сам сабе, ледзьве не сутыкнуўшыся з ім. Ягоны твар, здаецца, не змяніў напружанасці за дваццаць чатыры гадзіны…

Праз дзень ці два вы сядзелі ў машыне на ростанях, ты і твае візаві - Алекс і Вальдэмар, старыя аматары рок-н-рола. Ззаду стаялі яшчэ некалькі машын. Чакалі амерыканцаў. На вуліцы халадэча, таму грэліся. Слухалі рок-дыназаўраў. Чакалі іншыя, вы хутчэй атрымалі сабе ролю назіральнікаў. Вы слухалі старыя мелодыі, час-часам абмяркоўваючы выканаўцаў. Сціслыя меркаванні на іхні конт, успаміны, звязаныя з маладосцю, калі слухаць такую музыку было амаль злачынствам лёгкай ступені цяжкасці.

Вялікі магутны белы "Форд" - сама моц, хуткасць - імкліва наблізіўся і рэзка спыніўся. Вонкі выбраліся амерыканцы ў акулярах: нехта падобны да японца і яшчэ двое. Дэлегацыя з бацюшкам на чале, з абразом, з пірагом і букетамі рушыла да іх. Вы з цікаўнасцю назіралі. Бацюшка гаварыў прамову. Госці частаваліся, потым з іх счышчалі цукровую пудру. Вецер! "Замест хлеба з соллю яны пірог салодкі паднеслі", - даволі скептычна пракаментаваў Алекс. "Увогуле гэта ўсё занадта. Навошта каравай, навошта кветкі? - азваўся Вальдэмар. - Дый абраз навошта з ручніком?"

Бацюшка падышоў да вас і растлумачыў свой план. Амерыканцы паедуць наперадзе, іх, як дыпламатаў, павінны прапусціць у мястэчка, да падмуркаў бацюшкавай царквы, якую перашкодзілі будаваць. А за імі прарвемся ўсе мы, - падсумаваў ён. Алекс, апусціўшы шыбу, выслухаў яго і асцюдзіў: нават калі нас прапусцяць, што вельмі сумнеўна, потым усіх паасобку конча аштрафуюць. А падтрымліваць рэжым штрафамі супярэчыць нашаму жаданню. Дый амерыканцаў могуць не прапусціць, - і дадаў. - Яны ўсё могуць.

Вы счакалі, каб не апынуцца сярод удзельнікаў - у калоне. Каб заставацца назіральнікамі. Дарога ляжала ўздоўж мястэчка. Усе ўезды вартавалі міліцыя і вайскоўцы. Любую калюжную вулічку. Вы не хавалі іранічнага захаплення… Бацюшка, чарнеючы расай, жэстыкуляваў, штось тлумачачы ахове. Калона рассыпалася. Машына дыпламатаў стаяла каля будкі дарожнага паста. Уезд на цэнтральную сядзібу калгаса вартавалі быццам браму сакрэтнага аб'екта.

Важданіна цягнулася вельмі доўга. Вы назіралі з адлегласці. Амерыканец нервова хадзіў вакол і размаўляў па спадарожнікавым тэлефоне. Напэўна, з паўгадзіны. Каля вас спынілася машына, поўная мужчын. Яшчэ дзве стаялі абапал уезду ў мястэчка. Пазней выявілася, што гэта адна каманда. Машына, якая вартавала вас, рушыла за амерыканцамі. Астатнія дзве адначасова пакінулі варту і паехалі ў бок райцэнтра. Алекс зірнуў на гадзіннік: васемнаццаць, канец працоўнага часу.

Так-так, амерыканцаў прапусцілі, калі скончыўся рабочы дзень. Яны хацелі, каб усё па-людску: і з вернікамі сустрэцца, якіх уціскалі, і з начальствам мясцовым паразмаўляць. А ў начальства ўжо рабочы дзень закончыўся, і яно не абавязана. Можна было падумаць, што тут надзвычай стаміліся ад замежных дэлегацый і дыпламатычных візітаў. Амерыканцы, аднак, усё не вярталіся. "Можа іх арыштавалі? Не можа быць!.. Хаця ў нас усё можа здарыцца... І з замежнікамі таксама, і з дыпламатамі. Вунь усіх павыганялі з дыпламатычнага пасёлка, каналізацыю пракладаць будзем новую..."

Паўз мястэчка чарнела аўтастрада. Вы чакалі на раздарожжы. На стаянцы побач прадавалі не гарачыя сасіскі і каву, а дзіцячыя цацкі - вялікія надзіманыя і плюшавыя. Пад няўтульным шэрым мокрым восеньскім небам такі гандаль выглядаў яшчэ больш марным і бязглуздым. Ты ні разу не заўважыў, каб нехта спыніўся і зацікавіўся дзіцячымі звяркамі. Цацачная крамка выглядала быццам сумны маскарад.

Пачало шарэць. Гандлярка згарнула сваю крамку і пацягнула вазок з цацкамі ў бок мястэчка. Наперадзе ішла дзяўчынка з сабачкам, які вымыкаўся ў яе з рук, саскочыў на асфальтоўку, дзяўчынка пабегла, каб злавіць яго. Вазок з плюшавымі звяркамі нагадваў балаганчык перасоўнага цырка. Знянацку адная цацка адарвалася і ўпала ў гразь. Здаецца, малпа. Гандлярка панура цягнулася, не заўважыўшы страты. Алекс адчыніў дзверцы і, секундна памарудзіўшы, крыкнуў: "Бабуля, звера згубілі!" Яму давялося паўтарыць. Яна пачула, спынілася і падабрала малпу. Нейк маркотна. Вы паспелі заўважыць, што жанчына зусім не старая, адно па-старэчы захутаная ў хусціну. Алекс зніякавеў.

Амерыканцы не вярталіся. Гэта ўсё болей рабілася дзіўным. Няўжо іх усё ж арыштавалі? Бо дзе яны маглі інакш падзецца? Успомнілася, як год таму такім жа восеньскім часам у мястэчку асвячалі падмуркі будучай царквы. Эмігранцкі святар, які з памылкамі чытаў тэкст і гаварыў з моцным акцэнтам. Дыпламат, які чытаў паперу на замежнай мове, незразумелай нікому з цётак і бабулек. Потым быў шчодры фуршэт. Табе міжволі падумалася пра самы іранічны тост - за поспех беспаспяховай справы.

Зусім сцямнела, зрабілася па-просту чорна. Думалася пра тое, што ўладам не давала спакою царква, на якую ў іх ніхто не прасіў ніякіх грошай. Пра тое, колькі высілкаў яны змарнавалі, каб перашкодзіць яе будаваць, каб, нарэшце, разбурыць храм. Па-варварску. А тут, на ходкім раздарожжы, дзе павінна стаяць аўтазапраўка, дзе падарожны шынок павінен завабліваць гарачай кавай і прынамсі хот-догамі, дзе ўсё павінна асвятляцца ліхтарамі і міжволі прымушаць аўтападарожных спыніцца, тут было цёмна, няўтульна і мёртва.

І вельмі маркотна. Вы сядзелі без святла, моўчкі, нават музыку ўжо не хацелася слухаць. І, галоўнае, не ведалі, што рабіць далей. Уначы штосьці магутнае з моцным святлом раптоўна і хутка праляцела міма. Як балід, як метэор з альбома (машынальна падумалася табе) "Fireball" Deep Purple. У вас амаль не было сумневу, што гэта лімузін "cd". Яны не спыніліся, на што спадзяваліся вы...

Вы вярталіся бязлюднай дарогай. Прытармазілі ў цемры, калі трапілі ў зону дзеяння мабільнай сувязі, каб перадаць паведамленне. Што дыпламатаў не пусцілі да вернікаў, не падпусцілі да царквы. Затрымалі і склалі пратакол, пра што вам удалося даведацца. З рухавіком змагаліся рок-дыназаўры. Вы слухалі старыя хіты. Размовы засталіся ззаду. "Вы збіраецеся ў сталіцу на Nazareth?" "На жаль, не". "А я днямі ганарар атрымаў - на білет якраз. І за дарогу яшчэ трэба столькі ж. Яны ўжо другі раз прыязджаюць, нечувана. Мне спадабалася: Дан Макафэрці сказаў: п'е толькі мінералку". "Яны пасталелі, яны ўсе прайшлі праз наркотыкі. Хтосьці загінуў, хтосьці ацалеў. Усяго паспрабавалі". "Ён захаваў голас. Такі высокі і рэзкі. Астатнія асіплі. Slade, Deep Purple"…

Першы снег, як першая закаханасць, нетрывалы. Ён распускаецца на непрамерзлай яшчэ зямлі, на траве, на пакуль даволі цёплым асфальце, нібы духмяная пена ў ваннай. А потым доўга і нудотна, з перапынкамі, падае маркотны і ёдкі восеньскі дождж. Райскія яблычкі, быццам здзіўлены абыякавасцю да сябе, нават птушак яны пакуль не цікавяць. З цягам начных прымаразкаў паступова абсыпаецца лісце. Яблычкі галеюць чырвоным россыпам. Як аздобленыя гірляндамі на навагодні час вулічныя дрэвы. Потым яблыньку спляжаць…

Бацькоўскі садок каля рэчкі, якая праз некалькі кіламетраў трапляе ў Нёман. Лета атрымалася спякотнае. Для вінаграднічка бацькавага найспрыяльнае надвор'е. Але потым неабходна ўпільнаваць, каб вераснёўскія прымаразкі не знішчылі ўраджай ці, прынамсі, каб не папсавалі. І вы з бацькам па тэлефоне пачалі ўмаўляцца. Каб разам паехаць і пазрываць гронкі. І табе, як звычайна, кожнага разу будзе штосьці перашкаджаць. У выхадныя таксама трэба працаваць, інакш можна апынуцца ў апошніх шэрагах. У цябе не атрымалася, і бацька паехаў з суседам. І той яму дапамог абсячы вінаградную лазу. Бязлітасна, як ты потым змог пераканацца. Чым яна яму перашкаджала? Абвіла сцяну, сягнула да вільчыка? Гэта ж вінаград! У цябе рука не ўзнялася б.

Сумны настрой спараджаюць восеньскія садочкі. Пусты дом з мансардай. З астылым агменем. З пыльным сеннікам. З плеценымі матамі на масніцах. Праз плот прапануе жоўтыя вераснёўскія плады лімоннік. Абцяты вінаград з апошнімі гроначкамі сярод рэдкай лістоты. Сіне-чорныя ягадзіны ў пажоўклай траве. Пад абцяжаранымі ўраджаем дрэвамі яблычныя паляны. Вы з бацькам выбіраеце ў траве самыя вялікія і найлепей захаваныя яблыкі. Немагчыма ўстрымацца, каб не ўзяць прыгожы жаўтаваты - нібы парафінавы з вітрыны - і не адкусіць, не зважаючы, што адваротны бок ужо згнілы. Адзін такі яблык выгрызены са споду. Ты бачыш, што ён ляжаў на кратовай норцы, і кладзеш на ранейшае месца.

Старая сумная позневосеньская казка. Пра дзяўчынку Цалёўку, сляпога крата, з якім яе пашлюбілі, цёмны падземны лабірынт. Пра надзею, ластаўку, вырай і далёкую вабную краіну, дзе заўжды лета. Стаіш наверсе перад расчыненым акном. Падаюць яблыкі. Чуеш, як скрозь лістоту абарваўшыся ляціць яблык. Глухі стук. Наступны не толькі чуеш, бачыш, як падае на зямлю. Трэба з'язджаць.

Райскія яблычкі не абсыпаюцца, трымаюцца моцна, учэпіста, самааддана. Як усе вы, большасць, але пачынаюць гнісці. У рэшце рэшт не сарванае і не знесенае ветрам лісце ападае, творачы жоўта-рудаватую палянку пад дрэвам. Каляровая пляма на шэрым абліччы восені. А яблычкі застаюцца на дрэве. Што такое, па сутнасці, змяніць краіну, горад? Свой пакой, вуліца, сцень дамоў. Змяніць няўтульную сумную познюю восень на вечнае гарачае лета. Ананасы, гранаты на вулічных дрэвах, цытрусавыя, вялізныя крамяныя яблыкі з бананавым прысмакам.

РЭПРАДУКЦЫЯ БРЭЙГЕЛЯ

Апавяданне з расчараваннем

Няма, знікла са сцяны кнігарні вялікая рэпрадукцыя Брэйгеля. Кнігарня. Шыкоўныя альбомы. Фламандскія майстры. Трыумфаванне біялагічнага: разяўленыя раты, шчокі ў лоі, чэравы. Мясістыя далоні ў тлушчы. Шэрагі кумпякоў, барвовыя каўбасы. Медзяныя селядцы. Гронкі рабцаў, індыкаў. Чвякаюць прожары. Рагочуць, расплюхваюць віно п'янюгі. Круглагрудыя фламандкі з глякаў падліваюць чырвонага або бурштыннага - у шклянкі, куфлі. Сонца залаціцца ў струмені. Шалёныя скокі. Распаленыя, потныя, гуллівыя, пажадлівыя. Танчаць апантана. Трасучы шарамі грудзей. Ведаеш, калі занадта вялікая галава, гэта сведчанне анамаліі. А бюст? Калі апошні памер? Ва ўсякім разе - гэта келіх з коптурам.

Дзьмуць у рогі і дудкі, танчаць смычкі, танчаць пальцы па струнах. "Рэжуць жыдкі ў дзве скрыпкі, - успамінаецца мне ўпадабаны калісьці верш, - трэці на трубе равець, а чацвёрты - на басэтлі і тахту нагою б'ець". Вух! Малююць карціны тутака ж. Шталюгі, пэндзлі, мальберты. Шыкоўныя азадкі і клубы. Як пяяў паэт. Цьмее золата ў вачах, вабяць магутныя грудзі... А рэпрадукцыі больш няма. Адчуваецца, што яму падабаўся Босх. Але ў яго менш містыкі, сымболяў. Або зусім часам няма. Гэткай празмернасці, нагрувашчання ўсяго-усялякага. Болей жыцця, якім вылучаюцца толькі некаторыя босхавы працы. Само жыццё. Са скарыністымі хлябамі, з дымкімі талеркамі поліўкі, з місамі апетытнага мяса.

А вось Брэйгеля-Малодшага болей вабіла іншае. Збор падаткаў, напрыклад. Памяшканне, перапоўненае паперамі, дакладней стосікамі, перавязанымі шпагатам. Відавочна, што не грошы. Тады купюраў, бадай, не было. Толькі паўнаважкая манета. Паперы паўсюдна. На паліцах, у шафе, на канторцы, стале, на падлозе сярод пакоя, пад сталом. Стоячы за сталом, якісьці ідальга, сеньёр з разумным тварам чытае адную. Чарнявы ідальга, гэткі гішпанскі акупант. Побач - службовец, можа які пісарчук. І чарга просьбітаў без капелюшоў, толькі жанчына, якая нагнулася, у белым каптуры. Вось такі Малодшы Брэйгель.

Яны любілі тады ўсякі гешэфт маляваць. Тавар-грошы-тавар. Адлюстроўваць рэчаіснае жыццё. Несвядома ілюстраваць будучыя падручнікі па палітэканоміі. Мянялы, ліхвяры, зборшчыкі падаткаў. Акуляры без дужак, парыкі, грудкі талераў на стальніцы. Учэпістыя вочы, прагныя да падліку пальцы. Сярэдневечныя рахункаводы і бухгалтары. Касіры, інкасатары. Банкіры. Яны любілі, між іншым, пазіраваць. І добра плацілі майстрам за шыльды, маляваныя алеем. І за тадышнюю рэкламу, якой была і карціна Брэйгеля Малодшага. Пра якога сёння памятаюць ускосна. Толькі таму, што калі аднаго дагэтуль называюць Старэйшым, значыцца быў і Малодшы.

З рэпрадукцыяй было так. Заходжу ў "Кнігарню пані Элізы", а тамака побач з кніжнымі шэрагамі некалькі друкаваных рэпрадукцый пад шклом у рамах. І гэтая са сляпымі. Славуты Брэйгель. Жудасная, нейкая фантасмагарычная, але такая сапраўдная сцэна. Калісьці экранізацыя мяне вельмі ўразіла з гэтым даўгалыгім Лембітам, эстонцам. "Ціля Уленшпігеля" экранізацыя. Я тады хадзіў у ботах керзавых, мусіў хадзіць. Кіно круцілі ў салдацкім клубе. Дакладней, гэта быў вельмі прыліковы - на добры кінатэатр альбо дом культуры - будынак. З чорнай кавай у чайной і з салдацкай біт-групай на чале з прапаршчыкам Ламброзам. (Адкуль у яго досыць вядомае італьянскае прозвішча? - думалася мне тады). Да слова, загадваў клубнай камандай капітан Шлангман, з якім у нас аднойчы адбылася сутычка.

Я ўвайшоў, калі сеанс ужо пачаўся. У чорнай зале нябачныя былі браты па зброі. Зелянковая маса з чорнымі пагонамі, з марамі пра жанчын і дэмбель. А тут сярэдневечная карціна. Адно з самых захапляльных месцаў з падручніка па гісторыі. Ветразёвыя караблі на вуліцах. Сярод спічастых сабораў, вежаў, званіц, замка, палацаў, ратушы, кляштараў, купецкіх дамоў і гандлёвых радоў. Гёзы апаноўваюць затоплены горад. Ілюзія была глыбокай. Я трапіў нават не ў кіно, а ў іншае, захапляльнае жыццё, адрознае ад майго цяперашняга абсалютна.

Я не бачыў, як гасла святло, не бачыў цітраў, пагатоў абавязковага перад фільмам "тэлечасопіса" - з традыцыйным Брэжневым, з пенсіянерамі Палітбюро, з героямі пяцігодак і малайцавата-засяроджанымі ахоўнікамі Айчыны ад агрэсіўнага НАТА. Я апынуўся адразу ў тым часе. Я быў, калі не сярод намаляваных людзей, дык перад карцінамі фламандскіх майстроў, якія ажылі, зрабіліся рэчаіснымі. Да войска я жыў у прыбалтыйскім горадзе. Ён быў чужы мне, з яго мовай, нават шрыфтам вулічных шыльдаў, з яго жыццём і гісторыяй. Але бадай не таму, што ён мне не падабаўся, было хутчэй наадварот. Папросту чужы і ёсць чужы. Калісьці тамака жмогусы пабілі крыжакаў. Высозная званіца гатычнага касцёла дамінавала. Каменны салдат з "ппш" - "воін-пераможца", згодна двухмоўнаму подпісу. Вялікі помнік незразумелым тады паўстанцам 1863-га. Непадалёк ад нашай школы.

Хто памятае той фільм, мяне зразумее. Вялікая была спакуса у фільмоўцаў. Яны гэтую карціну Брэйгеля са сляпцамі ператварылі ў кінасцэну. Атрымалася з надзвычайнай сілай. Акторы ажывілі старое палатно, надалі рух персанажам, узбагацілі дзеянне, працягнулі ў часе. Падабенства ўражвала. Той жа краявід, фарбы, знаёмыя постаці. Каб гэта ўбачыў сам Брэйгель...

Я адразу звярнуў увагу ў кнігарні на рэпрадукцыю. Дасканала выкананы друк. Фарбы, кожная рыса. Дыхтоўная рама, шкло. Усё бліскуча. Доўга я хадзіў глядзець на яе. Пакуль кошт не зменшыўся ў паўтара раза, грошы абясцэньваюцца. І ўрэшце яна знікла. Вось вісела-вісела, непарушна. Але знікла. Нехта купіў. Не я. За такія грошы я ўжо гатовы быў, хаця жонка не хацела заакцэптаваць. Яна скептычна прапаноўвала: уяві сабе такую досыць жудасную сцэну ў сваім пакоі. Канечне, зроблена выдатна, хоць усяго толькі рэпрадукцыя. Мой знаёмы мастак Грыніч мне расказваў пра Сарагосу, дзе карціны не толькі ў банках і ўстановах, але ў кавярнях і барах. Часам гэта рэпрадукцыі, але дасканала выкананыя. Але жонка рэпрадукцыі ўспрымала без энтузіязму. Магчыма, ад аскоміны колішніх савецкіх часоў, з тыражаванымі Шышкіным і Васняцовым. Шкада. Няма ў мяне рэпрадукцыі Брэйгеля.

Няма альбома з выявамі твораў. Якіх толькі няма альбомаў! Але толькі не Брэйгеля. Быў выпадак, я разглядаў сціплы, у мяккай вокладцы. У адной сталічнай кнігараньцы. За гэткія грошы ды такую кніжачку. Я вырашыў пашукаць лепшага, пачакаць калі што. Чакаць я ўмею. Марна. Брэйгеля не тыражуюць.

Я вяртаўся са сталіцы найапошнім аўтобусам. Дзяўчына побач запытала, калі ён будзе ў Беластоку. Я адказаў прыблізна. Ля самай гарадской мяжы аўтобус збочыў на панямунскую запраўку. Затрымка хвілін на пятнаццаць. Ноч. Каля паловы трэцяй. Штосьці я сказаў суседцы наконт панямунскай сядзібы апошняга караля. Дом з калонамі захаваўся. Партрэты. Марчэла Бацярэлі. Кароль за столікам: чарніліца, пяро, рукапіс. Далонь на клепсідры, вадзяным гадзінніку. На левым мезеным пальцы круглы сыгнэт. Кароль у шлафроку з футраной аблямоўкай. Рамантычна глядзіць убок і некуды ўгору. Альбо - пэндзля Вігі-Лябруна. У строі прыблізна стагоддзя ХVІ-га з карункавым каўнерам. На грудзях на ланцугу бляха з цьмянай выявай. Капялюш з шыкоўным страўсавым пяром. Кароль са свежым адкрытым тварам, з прыхаванай у вуснах усмешкай. З левай рукой, зухава ўпертай у бок. Калісьці такі партрэт вісеў у панямунскім палацыку.

Што я ёй яшчэ там сказаў? Ці не пра маўклівы сойм? Я, які ніколі не загаворвае сам, не распытвае, не заляцаецца ў дарозе. Ніколі. Што са мной здарылася? Аўтобус прытармазіў перад мостам, і яна выйшла следам за мной. Я падумаў, што яна ўпершыню едзе ў Беласток, бо яе пытанне... Але чаму яна падумала, што я туды еду? Апроч партфельчыка, як звычайна, у мяне нічога больш не было.

Павячэраць у тры гадзіны ночы і потым рана ўстаць. Адная прыемнасць: разарваць новы пачак кавы. Зачытаешся красамоўствамі. Фірма нямецкая. Мова польская. Вельмі велягурыстая. Паэзія ў прозе. "Ужо больш за стагоддзе захапляльны водар Jacobs з'яўляецца неад'емнай часткай жыцця цэлых народаў і людзей самых розных пакаленняў. Найлепшае зерне Арабіка, традыцыі і тэхналогіі Jacobs, цудоўны водар - усё гэта незабыўны смак змолатай кавы Jacobs". Зверху налепка - "Навінка!" - "Цяпер вашая ўлюбёная кава стала яшчэ болей духмянай. Пры выкарыстанні найноўшай тэхналогіі Jacobs зерне кавы перад змолваннем замарожваецца, і вы можаце атрымліваць задавальненне ад выдатнага водару яшчэ даўжэй". Бяру ў кішэню дыктафон. На вуліцы спёка і сумёты тапалінага пуху.

Наперадзе стаяць мужчыны, на жэрдках два ліхтары і крыж. Самі яны ў кароткіх накідках чырвоных, за імі хлопчыкі - у белых, далей дзяўчынкі ў камізэльках, як быццам нацыянальных польскіх, у вяночках са стужкамі. А следам пяць дзяўчат у блакітных доўгіх сукнях з блакітнымі вяночкамі трымаюць вялізны ружанец. Адна - у цэнтры з крыжам аберуч, да якога ружанец мацуецца. Часткі ружанца накшталт вялізных гуркоў або дыняў.

Звоніць ручны званок... Дзяўчаты нясуць падушачкі, харугвы з жоўтымі стужкамі. Матка Боская. Яе трымаюць на плячах чатыры дзяўчыны ў доўгіх белых сукнях. У туфліках. Сукні з накідкамі, аблямаваныя чырвоным. Увесь час звоняць у званок. Далей зноўку дзяўчаты гэтак жа на плячах нясуць выяву Маткі Боскай. Мужчыны. Харугвы. Зноў выява Маткі Боскай. Чатыры пажылыя жанчыны ў белых хустках. Яшчэ харугва. Звоніць званок. Нейкі святы. Званок, дзіцячыя галасы, гоман. Звоніць таксама звон. Побач мяне - шоргат падэшваў. (Эфект праслухоўвання гуказапісу падобны, як падчас прагляду відэазапісу. Ты заняты адлюстраваннем выявы, падрабязнасцяў. Або імкнешся вачыма запомніць чым паболей, розныя дробязі і пераказаць максімум на стужку. У абодвух выпадках ты заклапочаны відэашэрагам, а потым дзівішся паліфаніі гукаў, запісаных адначасова, але якіх ты амаль не памятаеш).

Чатыры жанчыны такую цяжкую нясуць Марыю, што трымаюць яе на ўзроўні ніжэй за пояс. Дзіцячыя галасы. Звоніць звон у бліжэйшым касцёле. Хлопчыкі аберуч трымаюць вялікі ружанец, адзін з іх зусім маленькі, гадкі два. У белых шатах з чырвонымі накідкамі. Гукі жаночых абцасікаў. Жаночы спеў. Святар з уокі-токі, ахоўнікі таксама. Яны ў чорных гарнітурах. Аператар са штатывам, з маленькай відэакамерай. Харысты з паперамі ў руках. Мужчына - гучнагаварыльнік. Чатыры рупары за спіной, счацвяроныя званочкі ў руках. Адначасова ён чалавек - званіца. Следам самі біскупы без шапачак. Адзін з іх пад балдахінам з цяжкім круцыфіксам у руках. Ахоўнік з уокі-токі. Напоўніцу спяваюць птушкі.

Пад парасонам старая манашка з кіёчкам. Кх, пх... "У нашым горадзе існуе ініцыятыўная група падтрымкі прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Пал Палыча Манькоўскага. Група налічвае (далей - называецца лічба). Учора пачалі працу сваю. Першае ўражанне такое, што людзі прыхільна ставяцца да асобы Манькоўскага. І цяперашні прэзідэнт у асобе нашага прэтэндэнта мае вялікага суперніка. Групы невялікія існуюць і ў раённых цэнтрах. Спадзяванні такія, што свае подпісы людзі аддадуць за Манькоўскага і неабходную колькасць, безумоўна, ён набярэ". "А слоньцэ высоко-высоко сьвеці пілётом в очы, огжэва неструдзэні зімнэ небеске пшэстшэні… Чэкам на вятр, цо розгоні цемнэ зглэмбёнэ заслоны. Встанэ втэды на раз зэ слоньцэм тважом в тваж,.." - запісваю на паперы са слыху. Мая ўлюбёная Кора. Дыктафонныя запісы - сведкі таго гарачага прэзідэнцкага, але марнага лета.

Я магу абыякава праходзіць паўз газетныя шапікі, прымушаць сябе не заходзіць у кнігарні, грэбаваць крамамі, куды імкнецца публіка. Магу не ўключаць тэлевізар, што звычайна і раблю. Але ўсё адно гэтае жыццё складаецца з тысячаў і мільёнаў дробязяў, нюансаў. І думка ўвесь час пульсуе, і немагчыма адмежавацца ад рэчаіснасці, ад навакольнага жыцця, якое енчыць, лямантуе, спявае, плача, нема крычыць, гаворыць рознымі галасамі, ператвараючыся ў галас. І мне непатрэбна і нецікавая тая штучная зорка Памэла з сіліконавымі цыцкамі. З вачыма прасцячкі, калі не сказаць дурнічкі. Якая робіць спачатку сенсацыю з павелічэння сваіх малочных залозаў, дзякуючы якім робіцца попытнай на кінарынку. А потым, адчуўшы змяншэнне попыту, заяўляе ў прэсе, што "здзьмуе" цыцкі. Кантрасты, рэзкія рухі, нечаканыя заявы і ўчынкі - для самарэкламы першая справа.

Адзін замежны беларус любіў мне расказваць дзве рэчы. Ведаеш, гаварыў ён, у спачывальні не павінна быць ні тэлевізара, ні камп'ютара, ні кніжак. Каб добра спаць. Я пакуль не магу сабе гэтага дазволіць, сціпла адказваў я. Бо мой пакой быў адначасова гасцёўняй, кабінетам і, само сабой, спачывальняй. Сёньня нарэшце інакш. Хіба што каля ложка некалькі кніжак, якія я чытаю ці намагаюся чытаць перад сном, пасля дзённай навалы інфармацыі, уражанняў, турботаў. А яшчэ ён любіў вяртацца ў размовах да факта, што большасць апытаных у розных краінах мужчын назвалі нечаканую жанчыну, з якой хацелі б кахацца. Яе імя - Патрыцыя Каас, - урачыста абвяшчаў ён.

Што ж, для мяне не было ў гэтым нічога нечаканага. Палякам часта падабаюцца не якія-небудзь порна-дзівы, а спявачка Кора з Maanam. Я сам чуў па радыё такія прызнанні. Па польскім радыё, само сабой. Кора. Вытанчанасць, інтэлігентнасць, але жарсць і моц. Зрэшты, у яе выпадку правакуюць яшчэ тэксты, якія яна піша і спявае. Пра каханне, прычым тэксты не самыя цнатлівыя. Але вельмі паэтычныя. Бюст зусім не такі вялікі, як у Памэлы, але затое сапраўдны. А вершы?

Przyjdź do mnie w nocy

Z za siedmiu gуr i mуrz

Kocham gdy mnie dotykasz

Choć nie dotyka się róż

"Калі мяне кахаеш, як ты кажаш, пашукай яблык вечнага кахання з чарадзейскага саду", - спявае Кора. Каб добра спяваць, зусім неабавязковая вялікая грудная клетка, аб'ём лёгкіх, не кажучы пра бюст. У Памэлы завялікі бюст, досыць пракураны голас і нуль акторскіх дадзеных. Але галівудцы кіруюцца ў такім разе не густам або крытэрыямі, што датычаць прафесійнасці выканаўцаў. Адно законы шоў-бізнэсу: чым большыя бюсты, чым даўжэйшыя лімузіны, чым болей віскі, боек, страляніны і спаленых "кадылакаў". А таксама забітых і параненых.

Чаму мне падабаецца Брэйгель? Таму што мне даспадобы ўсё натуральнае, строгае. Позняя готыка, а не якое-небудзь ракако. Брыгіцкі касцёл, Францішканскі за Нёманам, але зусім не наш езуіцкі. Груба кажучы, мне падабаецца папросту кавалак шынкі, а не парсюк на талерцы, напоўнены моркаўкай і ўсякай гароднінай. Я болей люблю чорную каву, а не капучына з узбітым шумам, з насыпаным шакаладам зверху. Не анёлы, мадоны, завітушкі, кветачкі, а рэальныя сцэны жыцця даспадобы. Мужчыны, жанчыны, рыбіны, кумпякі. Яны бачылі жыццё гэткім прадметным, насычаным, поўным, што перапаўнялі свае карціны людзьмі, рэчмі, жывёламі. Ім хацелася зрабіць жыццёвыя сцэны максімальна змястоўнымі... Адлюстраваць такімі на сваіх карцінах. Як мне часам хочацца напоўніць сцісла і канцэнтравана сённяшнім жыццём свае апавяданні, сваю прозу. Жыццём з коптурам. Крама, наладаваная таварам, ежай, рознымі бляшанкамі, бутэлькамі, пачкамі, скрынкамі. Процьма разнастайных машын на вуліцах. Нашпігаваная тэлескрынка. Безліч музыкі: сі-дзі, касеты, камп'ютарныя кампакт-дыскі. Кнігарні, перапоўненыя каляровымі кніжкамі. Поўныя газет кіёскі для прэсы.

Брэйгель, Брэйгель. Калісьці ён намаляваў карціну пад назвай "Краіна дурняў". Каб ён жыў сёння... У горадзе з гербам аленя Святога Губерта. Што б ён мог намаляваць сёння? Краіну маўчуноў? Людзі з закрытымі ратамі, якія быццам набралі вады. Людзі з вінаватымі ўсмешкамі на тварах, з баязлівымі вачыма. Людзі з безнадзейнасцю ў вачах. З фатальным выразам вачэй. Краіна баязліўцаў, краіна людзей, якія спыніліся перад затокай Чырвонага мора, не жадаючы, баючыся прайсці скрозь ваду, каб развітацца са сваім нявольніцтвам. Страх свабоды. Краіна людзей, якія баяліся выціснуць з сябе рабства. Людзі з рыбінай крывёю альбо нават з сапсаванай. Людзі, якія ненавідзяць усё сваё, а значыцца ненавідзяць сябе.

Брэйгель, карціны якога ажыўлялі ў экранізацыі Шарля дэ Кастэра. Кіно, якое перадавала эпоху, дзякуючы фарбам фламандскіх мастакоў. Незабыўнае ўражанне, што зрабіла кіно, якое я глядзеў яго, калі жыў у казарме. Ціль Уленшпігель, сярэдневечча. Казарма, боты, пад'ёмы, пайка, мацюкі. Уражанне ўзмацнялася гэтым кантрастам. Я быў вельмі маладым і мне бадай хацелася туды, апынуцца ў кіно, менавіта не сярод гледачоў, а сярод дзейных асобаў, трапіць у іншы свет з гэтага чужога і варожага для мяне. Разам з гёзамі заплысці ў затоплены горад і вызваліць яго ад ненавісных гішпанцаў.

Гэты паэт, які пісаў пра фламандскае мастацтва старавечных майстроў. Пра грудастых жанчын, пра славэтныя кумпякі, пра куфлі з півам і віном. Пра гэтыя свавольныя п'яныя танцы, пра гэтую празмернасць ва ўсім. Пра пагулянкі, якія адначасова пераносіліся на палотны, маляваліся з натуры. Брэйгель. Было б занадта згодна канонам, каб мой аповед аб рэлігійнай працэсіі закончыўся калекамі, падобнымі ягоным. Якія б маляўніча працягвалі рукі да ўдзельнікаў крыжовага ходу ў спадзяванні на міласьціну. Не, інваліды існуюць. Каля цэнтральнага гастранома, каля царквы. А болей там, дзе натоўпы - пры дарозе на рынак.

Магчыма, што я сам сабе крыху супярэчу. Строю кепікі з сучаснай сэкс-бомбы і захапляюся сярэдневечнымі фламандскімі карцінамі з грудастымі кабеткамі. Гэта быў пратэст, я разумею. Супраць бляклых жыццёвых копій, супраць панавання ў мастацтве штучнаватых жанчын, якімі былі мадоны з дзіцяткам на руках або хай без яго. Яны адмаўлялі штучнасць, нежывыя каноны. Жанчына - яна жывая, яна - чалавек. Іхні пратэст быў жыццястаноўчым. Не раўнуючы з марфіністамі першай паловы мінулага стагоддзя, якія разразалі вочны яблык галяком, ды займаліся іншымі гідкасцямі, разбураючы, знішчаючы чалавека разам з мастацтвам. Бюст Памэлы выклікае хутчэй думкі не аб грудзях фламандак, але аб штучных цягліцах культурыстаў. Аб усім гэтым не пішуць вершаў. Тут няма паэзіі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX