Папярэдняя старонка: Ад Лідскіх муроў 7

Памяці Алеся Жалкоўскага 


Дадана: 07-10-2011,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў №7. Ліда, 2011.

Спампаваць




ЁН ВЕДАЎ УСІХ ЛІДСКІХ ЛІТАРАТАРАЎ

Міхась Мельнік
Алесь Хітрун

Памяці Алеся Жалкоўскага , 1933 - 2011

14 красавіка 2011 года ў Лідзе абарвалася нітка жыцця вядомага, руплівага і таленавітага краязнаўца, журналіста, шчырага змагара за беларускасць Алеся Жалкоўскага.

Жыццё - як тонкае лязо. Па ім трэба прайсці так, каб не збочыць ні ў які бок. Каб не пахіснуцца, каб не зачапіцца і не ўпасці. Прайсці такі складаны жыццёвы шлях можа не кожны, але ўсё ж ёсць такія асобы. Сярод іх - Жалкоўскі Алесь Васільевіч.

Нарадзіўся Алесь Васільевіч 1 сакавіка 1933 года ў вёсцы Сасновы Бор (да перайменавання Цёмнае Балота) Шчучынскага раёна. Яго беларускія перакананні нарадзіліся тут жа. Падчас вайны немцы перавезлі сям'ю яго бацькоў у Вострава, на прымусовыя работы ў маёнтак Чаляёршчына.

Аматарам мастацкага слова вядомы ўздзенскі Нізок, багаты на паэтаў. На гэтае паселішча падобныя дзятлаўскія Зачэпічы, якія слынны Ул. Калеснік назваў гняздом паэтаў. А вось Валянцін Блакіт у мемуарах "Уваскрасенне ўчарашняга дня" (часопіс "Дзеяслоў" № 6 за 2007 г.) параўноўвае з вёскай Нізок роднае Вострава, бо яно было багатае на рэдактараў, вось радкі з расповяду В. Блакіта: "Саша Жалкоўскі доўгія гады рэдагаваў адну з лепшых у рэспубліцы лідскую газету "Уперад", Саша Сыч - "Астравецкую праўду", ну і я больш за трыццаць гадоў - "Вожык".

Аўтар мемуараў прыгадвае, як юныя карэспандэнты з Вострава марылі стаць журналістамі і дасыламі свае нататкі ў розныя рэдакцыі: "Творчую пальму першынства трымаў старэйшы Саша Жалкоўскі, чые допісы друкавала не толькі раёнка, а часам абласная і нават рэспубліканскія газеты. Навыперадкі за ім гналіся мы, маладзейшыя... Пасля сямігодкі Жалкоўскага ўзялі на работу ў рэдакцыю ў суседнюю Астрыну."

Летам 1950 года ў тым невялікім мястэчку, якое было цэнтрам Васілішкаўскага раёна, 17-гадовы Саша Жалкоўскі пачаў працаваць адказным сакратаром рэдакцыі раённай газеты "Ленінскі шлях". Так пачалася яго журналісцкая біяграфія даўжынёй амаль шэсцьдзесят гадоў. А сасваталі яго на тую пасаду наборшчык мясцовай друкарні Міхаіл Яропкін, які партызаніў у астрынскай старане ў гады нямецкай акупацыі, і рэдактар Платон Дубовік, таксама былы партызан, толькі з Бярэзіншчыны. Яны ацанілі здольнасці селькара і не памыліліся: пасля атрымання адпаведнай адукацыі іх вылучэнец у розныя гады узначальваў воранаўскую, мастоўскую, лідскую газеты, звыш 15 гадоў працаваў у "Гродзенскай праўдзе", супрацоўнічаў з такімі выданнямі, як "Звязда", "Беларуская ніва", "Літаратура і мастацства", "Краязнаўчая газета", "Наша слова", "Настаўніцкая газета", "Прынёманскія весці", "Лідская газета", "Лідскі летапісец" і інш.

Артыкулы, нарысы, інтэрвію, допісы А. Жалкоўскага адрозніваюцца глыбокім зместам, каларытнасцю мовы, асабістым поглядам. Для пацвярджэння вышэй сказанага нагадаю словы Івана Лазуты, былога рэдактара Смаргонскай газеты "Светлы шлях": "Духам здаровага творчага саперніцтва былі прасякнуты нашы рэдакцыйныя будні, працавалася ахвотна, прыемна і лёгка. Такі дабратворны мікраклімат стварыў і падтрымліваў у калектыве наш паважаны шэф - рэдактар лідскай газеты "Уперад" Аляксандр Васільевіч Жалкоўскі. Мы стараліся раўняцца на яго і ў плане творчым: публікацыі рэдактара вызначаліся вастрынёй і дакладнасцю, цікавай формай падачы, былі выразна адметны жывым, вобразным словам. Амаль што сем гадоў пашчасціла мне працаваць пад прафесійнай і бацькоўскай апекай Аляксандра Васільевіча." (Іван Лазута "Пара ісці" з кнігі А. В. Богуша і В. П. Амелькі "Призвание быть журналистом", Гародня, 2008 г.).

Як грамадзянін і чалавек А. Жалкоўскі займаў актыўную жыццёвую пазіцыю. Яго дабрачынная дзейнасць мае свае заслужаныя вынікі. Так у бытнасць рэдактарам газеты "Уперад" яе кіраўнік і яго калегі прымалі ўдзел у донарскім руху і ў дзейнасці Савецкага фонду міру, за што Аляксандр Жалкоўскі ўганарованы званнем "Ганаровы донар СССР" і Ганаровай граматы Савецкага фонду міру за подпісам яго старшыні легендарнага героя мінулай вайны Аляксея Марэсьева. За шматлікія публікацыі аб духоўнай прыгажосці чалавека ён узнагароджаны медалём "2000 год Хрысціянству".

Трэба адзначыць, што тэматыка публіцыстычных матэрыялаў. А. Жалкоўскага даволі разнастойная. Гэта і падзеі культурнага жыцця рэгіёна, творчая дзейнасць мастацкіх калектываў і асобных паэтаў, скульптараў, мастакоў, музыкаў, гэта і грамадскія з'явы, праблемы эканомікі, дзейнасць уладных структур, грамадскіх арганізацый, міжнацыянальныя адносіны, жыццё ўстаноў адукацыі...

А. Жалкоўскі ведаў практычна ўсіх літаратараў Лідчыны, і быў асабіста добра знаёмы з многімі з іх. Ён адкрыў шматлікім чытачам імя земляка з Варшавы, вядомага публіцыста і збіральніка фальклору Лідчыны Земавіта Фядэцкага, сына землеўласніка з маёнтка Лебяда.

А. Жалкоўскі вылучаўся сваёй добразычлівасцю, увагай да ўсяго і кожнага.

Алесь Жалкоўскі на працягу ўсяго жыцця заставаўся змагаром за роднае слова, заступнікам за народ беларускі. У апошнія гады, калі раённыя і абласныя газеты сталі больш рускамоўнымі, Алесь Васільевіч не здаўся, не апусціў рук, не здрадзіў роднай мове. І яго беларускасць была настолькі натуральнай, што іншым ён і не ўяўляўся.

Правесці ў апошні шлях Алеся Жалкоўскага прыйшлі і работнікі ідэалагічнага аддзелу Лідскага райвыканкаму ды старшыня райсавету і сябры ТБМ ды БНФ. І надпіс на крыжы быў па-беларуску і большасць вянкоў падпісана па-беларуску. Але самае галоўнае, што калі прыйшла пара на жалобным мітынгу сказаць апошняе "Бывай", унучка Насця развіталася з дзедам на чысцюткай і натуральнай беларускай мове. Не толькі сам пражыў беларусам Алесь Жалкоўскі, але і пакінуў сваю беларускасць у спадчыну, перадаў з генамі і крывёю.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX