Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Валер Санько 


Аўтар: Санько Валер,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Санько Валер Аляксеевіч нарадзіўся на Случчыне (1939). Закончыў Баранавіцкае медвучылішча (1958), завочна журфак БДУ (1967), Менскую ВПШ (1978). Працаваў у газетах, выдавецтвах. Член СЖ (1966), СП (1997), доктар народнай медыцыны, магістр нетрадыцыйнай медыцыны, членкар. МА энергаінфармацыйных навук. Аўтар і суаўтар 17 кніг. Шосты год жыве ў Лідзе.

САМАЗАБОЙСТВА - ГРЭХ АПРАМЕТНЫ

Апавяданне

У Беларусі штогод самагубнічае, робіць спробу на такое дурноцце амаль тры тысячы чалавек, у Расіі болей пяцідзесяці тысяч. Думаецца, фаталістычна-язычніцкае апавяданне пісьменніка, доктара народнай медыцыны засцеражэ намежавых ад гіблага кроку ў Тагасвецце.


Што памеры ўлоння жанчыны ў параўнанні з памерамі Зямлі, тое памеры Зямлі ў параўнанні з Тагасвеццем; у Ім безліч вымярэнняў, ацэнак матэрыі, руху, святла. Лабарантка Марыя Петрачэнка пра гэты свет і той свет ніколі дасюль не задумвалася. Як і большасць нармальных здаровых людзей вакол, у мілай вёсцы і раённым Добрушы, куды ездзіла на працу.

Зроблены аборт, насуперак просьбам і рашэнню мужыка, перавярнуў душу маладзіцы. Рашучае асуджэнне свякрухі, свёкра, цвёрдая навага Арцёма на развод, страх зробленага граху даканалі Марыю Петрачэнка. Жыла ў ваду апушчанай. Удар грузавіка, бальнічная палата. У мазгах жанчынкі адбыўся пераварот у ацэнках, вымярэннях.

Пасляабортны раз'езд з мужыком, дасюль родненькім і дарагім, абражаным бязглуздасцю абортнага рашэння жонкі, падзейнічаў надта адмоўна на спакойна-упэўненую, як і большасць беларускіх маладзічак у вёсках і раённых гарадках, завочніцу Гомельскага ўніверсітэта. Нішто не міла дваццацігадовай. Сама не разумее, што з ёю.

Стала зачаста ўзірацца ў вакно. Хвіліну, другую, паўгадзіны; увечары доўга не засынае. На пытанні бацькоў адказвае знеахвоцьна.

Калі стала затрымлівацца на гарышчы хаты, ні з таго ні з сяго падоўгу заўзіралася ў вершаліны дрэваў блізкага лесу, маці паехала ў гарадскую школу, балазе ў маленькую прыгарадную вёску з Добруша рэгулярна хадзіў гарадскі аўтобус. Штосьці нядобрае робіцца з дачкою, да доктара ісці не хоча, травяныя настоі не п'е, да шаптухі нізашта. Можа, у школе вы, начальства, мучыце яе лішнімі нагрузкамі, крыкамі, перапытвала дырэктарку занепакоеная маці.

- Апошні час яна часта ператалкоўваецца з настаўніцай Антанінай Адамаўнай Макарэня. Пагаварыце з ёю. У школе ў Марыі Сапронаўны ўсё нармальна, - дырэктар адводзіць маму Марыі Петрачэнка ў настаўніцкую.

Дзве жанчыны размаўлялі не так доўга, але завохкалі, а пасля і заслязіліся практычна ў адначассе - Антаніна Макарэня, што не прыдавала асаблівай увагі зодуму маладой каляжанкі пасля яе абортнай дураты, госця, што позна звярнулася па параду ў школу.

- Баюся, каб не звар'яцела... Сонная стала, нішто яе не кранае, - рэдзіць старэйшая. Паўтарае пра восьвосьны штамп у пашпарт дачкі пра развод.

Антаніна Макарэня не спяшыць запаўняць журнал "Дадатковыя заняткі з вучнямі", блізіцца да крамяной яшчэ жанчыны, выдыхае страхотнае:

- Не таго вы баіцеся, не таго. - Як мякчэй сказаць матцы пра мажлівую страту дачкі, ну як? Агучваецца згадка сама: - Яна зсамагубнічаць уздумала. - Убачыла эфект ад выказанага на жанчыну, не адступіла. Адкуль бралася доказнасць развагаў, Макарэневая не ведала. - Дзіцё яна яшчэ ў вас, дзеці і алкашы на штохочна адважваюцца ў хібны момант.

Бяда Марыі Петрачэнкі яднае абедзвюх. З вынаходлівасцю бітых сталых жанчын шукаюць выйсце. Імаверна, сапраўды Марыйка ўздумала тупое, пакуль другі раз выйдзе замуж, зацяжарае, можа сцерціся з планіды.

- У мяне ёсць адзін варыянт, не хочацца ўзгадваць, - выціскае Антаніна Макарэня пасля паспешнага абмеркавання спосабаў ужыўлення ў быццё маладайкі. - Быў нядаўна ў Добрушы мой зямляк, доктар ад медінстытута і доктар народнай медыцыны. Нешта ведае з памежавага, заглыбіннага. Дапамагае многім. У Слуцку адной сям'і моцна памог, выручыў ад аварыі, гаспадара ад самагубства. Яны практычна здалі яму адну кватэру. Ключы і ў яго. Два ці тры дні на месяц прымае ў ёй людзей.

- Кіну ўсё, паеду да яго. - Жанчына просіць Макарэневую даць адрас, тэлефон Аляксея Бялько. - Ей-Богу паеду.

- Ехаць не трэба, ён вас не прыме. Зафанабэрнічаў ці што. Грошай не бярэ, дык нос задзірае. Наязджанцы хочуць за адзін-два прыёмы вылечыцца. Не ўдаецца - скардзяцца. Праверак ён не хоча, згадзелі. Не-не, ён вас не прыме.

Як ні парадаксальна, дарогу старэйшай Петрачэнкавай да Аляксея Бялько праторыла не аднавяскоўка Антаніна Макарэня, а новы сябра вядуна добрушскі настаўнік.

Вынік быў нечаканы. Заказныя пісьмы адначасова атрымалі Марыя і яе маці.

"Марыі Петрачэнка.

1. Пазаўчора Раман Нічыпаравіч па просьбе жонкі Антаніны Макарэня размаўляў са мною па тэлефоне, прыслаў пісьмо-просьбу. Сэнс яго зваротаў - памагчы невядомай мне настаўніцы, вызначыць яе стан, вярнуць да рэаліяў школы і вёскі.

У просьбы дальніх і пра дальніх я стараюся не ўмешвацца. Паможаш не паможаш, падзякі не будзе, крыўды займець можаш.

Тут не той каленкор. Маладая справядлівіца з розуму, дабрыні і дурасці стаіць на мяжы непапраўнага, рыўка ў страхотную для здаровага чалавека несціраннасць. Марыя не ўспрымае просьбы блізкіх, парады матулі і новай школьнай дарадчыцы Антаніны Адамаўны. Яна на мяжы самагубства, так так, самагубства, адчувае гэта маці ці не здагадваецца, няхай хутчэй асэнсовіць і засцеражэ маладую неразумніцу.

Спецыяльна адсылаю асобна заказныя пісьмы вам, матуля, і табе, Марыя. Каб ты, маладая пакрыўджанка, ведала: не цябе крыўдзіць жыццё, ты аплёўваеш вакольных, а цяпер мажэшся абгнюсіць блізкіх, школу, быццё.

Будзеш ты жывая, не будзеш жывая - існасці твой псіхаваны бзык нуль. Гэтым пісьмом расчыняю табе вочы і мазгі. Нікога губствам не ўразіш, не дапячэш, адно сябе і крэўных.

Зрухі, да жалю, бываюць у асобных псіхічна кранутых. Пасля азнаямлення дадзеным лістом з часцінкаю Тагасвецця ні адзін хворы/здаровы самаахвотна не кінуўся ў апраметную цемру. Веру, ты, Марыя, зробіш жыццедайны выбар. Цяперашнія ўдары быцця, сямейныя няўладкі не будзеш успрыймаць канцом свету.

2. Дазвольце задаць вам абедзвюм нескладанае пытанне. Для чаго нараджаецца чалавек? Заплюшчыце вочы і дайце адказ, а тады чытайце далей.

Для працы, шчасця, радасці, здабывання дабротаў, гадавання дзяцей, дапамогі блізкім і знаёмым... - усё правільна. Тым не меней яно ўсё на другім плане. На першым - чалавек нараджаецца для пакутаў. Для-а па-ку-таў! Найперш для іх. Пасля ўсведамлення такога кожны жыційны прасвет радасці ў чалавека - грошы, цікавая размова, кніга, поспех, адметная сустрэча, добры ўчынак, узнагарода - шчасце, любая праца - значная, волатная.

Чалавек павінны жыць, каб не абцяжарваць слязамі і просьбамі, дакорамі і папрокамі блізкіх: сваякоў, мужыка, дзяцей, знаёмых, супрацоўнікаў. Аксіёма. Чым болей ён пішчыць, тым болей яго шкадуюць, дабрачаць і… пагарджаюць. Не выказваюць, выгляду не падаюць, у сэрцы гэтага не маюць, а на далёкіх ступеньках падсвядомасці сядзіць патай зневажэння да нясконцага просьбітніка. Лішнія турботы нікому не трэба. Важна, каб цябе сустракалі коні і ладдзі, пешкі і афіцэры як дастойнага, вартнага, а не жабрака з працягнутай рукой.

3. На першым перакрыжаванні чалавека ацэньваюць/узважваюць найперш не за добрыя справы, гэта само сабою, не за недапушчанае зло - такое само сабою разумеецца, яно на другім плане.

Найперш ацэньваецца… Не ўсім ведаць поўны адказ, стрыжнявае не кажу. Дастаткова вам наступнага. Жыць трэба не адно для працы, здзяйсненняў, пра гэта я толькі што казаў - каб не зніклі твой род, яго мінулае, гісторыя тваёй нацыі.

Сваякі будуць гідзіцца самазабойцы, з-за недамысліка народ стане бэрсіцца ўсіх яго крэўных. Аддаліцца. Як ад карослівых. Маладзейшыя сем'і будуць смяяцца з іх, абыходзіць, гідзіцца. Чалавек абавязаны годна прайсці свой метр пакутаў, не можаш метр - сантыметр, не долееш - міліметр. Але прайдзі. Не выцерпіш удары жыцця, не адкрыеш табе запланаванае, не выканаеш - рэзка сплывеш уніз, на полкі пекла. Як алкаш, бомж. Найперш ацэньваецца Там не ўзрост і прафесія, нацыя, грошы і пасада - хада ў дабрынь, цярплівасць.

Ты ўсё, Марыйка, выканала - памагла навучыцца пісаць і лічыць школьным дзеткам? Памагла годным і слабым, добрым і злым, лепшым за цябе і горшым ад цябе? Не дапамагла, як і я, лекар добры і нядобры, шчасны і няшчасны.

Мы з табою ў гэтым плане роўныя - колькі ні стараемся, усё мала зроблена, усё не поўнае, не тое...

Ніхто не можа пайсці Дахаты, пакуль не выканае запланаванае правідэнцыйнасцю, генамі бацькоў і ўласнымі мазгамі, горам уласным і працаю. Усе абавязаныя здзяйсняцца, працаваць, тварыць. Радаваць усіх справамі і словамі. Не думаць раней часу пра Тагасвецце.

4. Ёсць тысячы няшчаснейшых за нас. Не кідаюцца ў пролубку, пад цягнік, на стрэл ці нож, не вешаюцца. Церпяць нядолю існавання. Церпяць. Не пішчаць: ніхто мяне не разумее.

5. Падышоў да галоўнага ў дадзеным пісьме.

У чалавека няма нагі, рукі. Церпіць. Прыносіць якможнае цяпло і радасць блізкім.

У другога галоўка паехала. Дзень здаецца ноччу, не верыць дабру, адвяргае цяпло, спачуванне. Часам хочацца яму адпомсціць жывым, асабліва крэўным і прыяцелям. Аднак не рэжа блізкіх, церпіць долю/нядолю. Не кідаецца з дзявятага паверха ўніз ці пад цягнік.

Адно нецямкія шкаляры, няспелыя розумам могуць з лёгкасцю атруціцца, павесіцца, кінуцца пад грузавік, каб дапячы родным, дзяўчыне, настаўніку. Недапечанцы не асягаюць: болей ніякіх учынкаў у іх Тут не будзе, навечна сыходзяць з планеты/сузор'я.

Памерлыя і забітыя не сплываюць у нябыт, а лапавухія маладзёны-самазабойцы распыляюцца, сыходзяць дымам. Дык маладое - няразвітае, цёмнае, дурадурнотнае. Ты, Марыя, сталая і думкая, хочаш упадобіцца прыдурноццю?

6. Закон існавання жывога - не сам нарадзіўся, не сам канчаешся, чалавек не мае права пасягнуць на волю Бога, перапыніць уласнае існаванне.

7. Грэх, найвялікі грэх кожнаму, хто перапыніў ручай уласнага быцця, перарэзаў нітку. Нарадзіўся - гаруй, выконвай запланаванае і заробленае, дабрачнічай, карай ворагаў прыроды і цемру, працуй, галоўнае працуй. Прыйдзе сузгодненасць, дзеці, заможнасць, гармонія.

8. Які б не быў ты раз'адчайнены, бойся падняць нож на другога. Пусціў яму кроў - узяў яго грахі на сябе, забіў - узяў грахі яго крэўных на сваіх крэўных. Тое ж і з самазабойствам.

9. Душы смелых і найгарэтных, якія вераць у Бога, а не вераць у Тагаіснасць, перад якой планета Зямля - меней лістка на дрэве, - душы самагубцаў нават не трапяць на перакрыжаванне. Яны стануць смеццем перад палонкаю ў лёдзе: туды не могуць, сюды не пускаюць, тут няўлежна, там няможна.

Самагубцы пазайдросцяць чарвяку на распаленай патэльні. На думку некаторых рэлігійных і свецкіх вучоных зашоранцаў, зямных пустакветаў, пекла для грэшніка доўжыцца секунду (трыццаць дзевяць дзён), крайне год ці стагоддзе, але пекла для іх тысячы гадоў. Душы самагубцаў, як забойцаў або падвучальнікаў на забойства, наогул не маюць часу, не ідуць уверх ці ўніз. Ім няма пераплаўкі. Такія нежыці парушылі волю Бога. Паўтараюся, бо патрэбна паўтарыцца. Рэзка выказваюся, не магу мякчыць.

10. Баіцца самагубства любое існае на ўсіх паралелях. Так запісана на скрыжалях жыцця, урублена ў дрэва жыцця. Свядома/несвядома гэты закон шануюць усе. Думайце і бойцеся, людцы. Пакуты і радасці зямныя - мільярдная доля ў параўнанні з Тагаіснымі радасцямі і пакутамі.

11. У цябе, Марыйка, так склалася, пакуль няма дзяцей, кінуў мужык. Ну і што - канец свету, плакаць, псіхаваць? Разам з птушкамі ляцець у вырай?

Час табе супакоіцца, нікому не навязвацца. Адразу ўсё ўсталюецца. Знойдзецца чалавек для цела і душы.

12. Адумайся. Пішчы не пра боль душы тваёй. Абмазгуй становішча блізкіх пасля твайго выкідону, ускрыку, самагубства. Сябе не шкада, іх пашкадуй, сталых і маладых.

13. Самагубцаў гідзяцца родзічы, ніколі іх не ўспамінаюць, саромеюцца. Сваякоў самагубцаў не бяруць за жонку, у прымакі, у ніводную прыстойную сям'ю; іх доўга пераць няшчасці, яны змалку не засцярогвалі дзіця ад звар'яцельства зыходу, не вучылі мудрасці продкаў, расцілі як жывёлу - яда, жыллё, вопратка.

14. Самагубства не абараняе ніводная рэлігія.

15. У храмах такіх не адпяваюць.

16. На кладах самагубцаў не хаваюць. За тысячы гадоў існавання ўсе нацыі планеты засвоілі: хаця цела чалавека на кладах, яго непрыкаяная душа паміж небам і зямлёй, яна самасілам цягне да сябе з'яўных сярод помнікаў родзічаў памерлых, уцягвае ў магілы. Нездарма самазагубцаў, іхняга радства інстынктыўна асцерагаюцца нармальныя.

Палічыў абавязкам напісаць пра што вы здагадваліся і не здагадваліся, пра што не задумваліся. Выратуе вас дадзенае пісьмо, выратуе. Галовы ў вас і вашай мамы, мяркуючы па пераказанаму, мудрыя, а сэрцы добрыя.

Будзь, Марыйка, мужнай. Бойся зараннага зыходу ў неаб'ёмнасць, яе ў цябе Там не будзе, нічога не стане, адны стогны, стогны, стогны, і просьбы да жывых.

З паважэннем - А.Б.

P.S. Як-небудзь пасля выкажу поўнасцю за што найлепш ацэньваецца чалавек на першым перакрыжаванні. Учытвайцеся ў радкі, думайце. Другім уведы пісьма перадавайце. Бойцеся парушыць законы сусветнасці. А.Б."

Ліст страсянуў лабарантку. Прыляцела да маці, знячэўна ўбачыла такі ж у яе на стале. Сходу ацаніла стан дарагой матулі.

- Яшчэ адзін экстрасэнс знайшоўся, - словы ў маладухі вырваліся хуткія, неабдуманыя. Асуджае Аляксея Бялько і зварачанцаў да яго.

- Не глядзі хто сказаў, думай што сказаў. - Маці ўглядаецца ў дачку, асцярожна ўкладвае пісьмо ў гарсэцік. - Баяўся разумны доктар, атрымаеш яго, вось так хуценька ацэніш, як цяпер, не падумаеш, выкінеш. Таму і мне прыслаў.

Маці выслухоўвае пра сувязь Антаніны Макарэні і Рамана Кавалёва з слуцкім доктарам, прызнаецца пра нядаўні візіт у школу, размову там з Антанінай Макарэняй.

- Колькі ў нашай вёсцы самагубцаў? - з ціхенькім прыдыхам узіраецца ў малодшую дачку сялянка. Адказу не чуе. - А ў суседніх? Ніводнага. У Добрушы да Чарнобыльства таксама ні аднаго.

Жанчыны абмяркоўваюць дэталі рэзкага пісьма, выдзяляюць асобныя. Народ беларускі баіцца граху. Адвечная, затысячагадовая традыцыя не дазваляе славяніну, як і большасці народаў свету, хаваць самагубца на кладах. Самагубны адчаюга не проста труновіць сябе - навечна ганьбіць крэўных, брудніць сваякоў.

Большасць напісанага для іх навізна. Хочуць не згадзіцца, пакрытыкаваць - не могуць. Вострасць ведаў пранізвае істоты абедзвюх. Жылі працавітыя добра, ясна, чыста - і ў цемрыве. Адчуваная ўсім жывым ісціна ў жанчын не была так цвёрда выфармуляванай.

- Дачушка, хто ў нашай вёсцы і суседніх памёр пазалетась? Не, і я не памятаю. - Хрысціцца на абразы, уздыхае. - А цябе будуць памятаць. Усе. І асуджаць. Праклінацьмуць. Як усіх самазабойных вырадкаў.

Малодшая паспешна хрысціцца, абедзве застылі.

- Мне табе цяжка сёння гаварыць. Сцёпку з быхаўскіх Абідавічаў павезлі на крэмацыю ў Мінск, на сваіх кладах вяскоўцы не далі пахаваць, і ў Быхаве не дазволілі. Ва ўзбочнай канаве бацькі не захацелі.

Даўняя, усталяванае ў вёсцы традыцыя імгненіць у сэрцах дачкі і маці, трывалей асялілася ў мазгах. Не заўважаюць, што ўголас паўтараюць вычытанае з ліста.

- Пра такое не падумала, - упершыню за доўгі цяжкі месяц перамоўчванняў Марыя Петрачэнка падтульваецца да маці, вінавата вышэптвае словы падзякі і выбачэнняў. - У вырай не палячу.

- Ведаю, дачушка, ты ў мяне разумная. Ні ў які вырай заранна не паляціш.

Дачка прысаджваецца на ўслон, разам з маці хуценька пачынае лушчыць перасохлыя струкі фасолі. Жанкі з увішнай суладнасцю заканчваюць адну з чарговых восеньскіх спраў, прыязнічаюць у словах, усмешках, рухах. Пра крок у Тагасвецце не думаюць, як і большасць здаровых людзей. Ведаюць, самазабойства - грэх апраметны, яго здзяйсняюць толькі ненармальныя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX