Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Леанід Лаўрэш 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Леанід Лявонцьевіч Лаўрэш (нар. 1 сакавіка 1963, Ліда) - беларускі краязнавец, незалежны даследчык. Скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1985). Па адукацыі інжынер. Стваральнік гістарычна-краязнаўчага сайта pawet.net. Жыве ў Лідзе. Жанаты, мае сына. Аўтар 6 кніг і больш за 100 артыкулаў. Удзельнік творчага калектыву ГрДУ імя Я. Купалы, які па заданні Інстытута гісторыі НАНБ выконвае навукова-даследчую работу па канфесійнай гісторыі Беларусі ХІХ ст.

GAUDEAMUS IGITUR

Гэтыя гісторыі каштоўныя тым, што ўсё ў іх, з першага да апошняга слова, - праўда. Калі ж аўтар нешта выдумаў, дык прайшло ўжо столькі часу, што аспрэчыць яго ўжо няма каму.

У школе я не меў праблем па ўсіх прадметах акрамя моваў. У прынцыпе, у эпоху кампутараў прыроджаная непісьменнасць не пераскаджае, але ў маім жыцці быў вырашальны момант, калі лёс літаральна вісеў на тонкай нітачцы.

У 1980 г. на ўступных экзаменах у інстытут без вялікіх праблем здаў фізіку разам з дзвюмя матэматыкамі пасля чаго з хваляванням чакаў сачынення. Экзамен праводзіўся ў адной з вялікіх, паточных аўдыторый галоўнага корпуса нашай Політэхнікі. Я прыйшоў трохі раней, стаў каля ўвахода і пачаў чакаць. У аўдыторыю заходзілі ўжо добра знаёмыя пасля трох экзаменаў хлопцы, прывіталіся, звалі з сабой, сядалі. Я чакаў. Яна прыйшла адной з апошніх. Я ўзяў яе за руку, і мы разам увайшлі ў аўдыторыю. Экзамен цягнуўся доўга. Я старанна выводзіў літары, словаў больш складаных за "лес", "стол", "мір" я не пісаў, бо ведаў, што нараблю памылак. Вынік маёй працы мог стаць гонарам алігафрэна, але ад будучых інжынераў не патрабавалася пісаць прыгожа - галоўнае, каб без памылак. Яна праверыла маю працу і знайшла ў ёй, калі не памылюся, чатыры памылкі! Я атрымаў адзнаку "добра" і назаўтра пачуў ад дэкана, што магу сябе лічыць студэнтам энергетычнага факультэта. А што яна? Нармальна. На другім курсе выйшла замуж і, калі не памыляюся, хутка з'ехала ў Ізраіль.

Напісаць нешта без памылак для мяне заўжды было невыканальнай задачай. Верагодна, некалькі сваіх кніжак я напісаў толькі з-за прыроджанай прыхільнасці да абсурду.

* * *

На 2-ім курсе я жыў у адным пакоі з прадстаўніком адной з азіяцкіх дзяржаў. Дык ён быў упэўнены што зямля плоская ...

Мы нейк на сцяну павесілі карту свету. Бачу "сукамернік" - водзіць рукой у раёне, Антарктыды, шукае нешта. Пытаю:

- Што страціў у пінгвінаў?

Адказвае:

- Радзіму шукаю.

- Ты, братка, трохі не там шукаеш.

- А дзе, дзе, дзе тут у вас Індыя? - запытвае ён.

- Ага - думаю, ведае, што з Індыяй "цераз гару" жыве.

- Вось - паказваю - табе Індыя, трохі вышэй за Антарктыду.

Ён абвёў пальцам па контуру Індыі і знайшоў сваю дзяржаву. Усмешка шчасця ахінула засівераны твар выпускніка лепшай школы сваёй радзімы, будучага інжынера (ці нават магістра?).

А я адчуў сябе Руматам Эсторскім братоў Стругацкіх - прагрэсарам з двума мячамі, каштоўным каменем-тэлекамерай у залатым абручы на галаве і вырашыў пагаварыць з прадстаўніком марксісцкіх народаў на нестандартныя тэмы.

Пытаю:

- Слухай Махабат-хан, а наша Зямля, у прынцыпе, якой формы? - і пры гэтым, зразумела, рукамі малюю ў паветры сферу.

- Круглая - як па пісаным адказвае лепшы выпускнік лепшай школы.

"О, - думаю, - разумны, так проста яго не возьмеш." - І таму са здзіўленнем пытаюся:

- Як жа гэта можа быць? - ізноў малюю ў паветры сферу і дадаю, - вось тут угары дык ўсё зразумела, тут камфортна жыць, верагодна мы тут і жывём, але тут унізе ... упадзеш жа з Зямлі, балюча будзе!

Яго твар ахінула тысячагадовая мудрасць усходу, ён пагардліва паглядзеў на мяне і адказаў:

- Малады чалавек! (Яму было пад 30, супраць маіх 19 - вялікая розніца). Яна не такая круглая, як ты тут рукамі махаеш, а яна вось такая круглая, - і паказвае на банку кансерваў "Мінтай" за 50 капеек, якім мы сёння вячэралі.

- Агааа! - кажу, я ўсё зразумеў! Канец маім цяжкім сумневам, бо я як раз трэці тыдзень б'юся над гэтай праблемай і не знаходжу рашэння, сапраўды - з Зямлі, якая як банка кансерваў, не ўпадзеш! Брава! Але, - кажу, - Вось задача, а на чым жа гэта "банка" трымаецца ... Я, аднекуль чуў, што на 3-х сланах, а яны на кіце, а кіт плавае па моры?

І гляджу на яго з надзеяй - ну "каханы", не падвядзі!

- ... дрэнна ж вас вучаць ў вашым СССР. Сланы - гэтак раней думалі. А як там цяпер гэта па-навуцы, - кажа - я забыўся, ды і гэта надта складана для вас.

Размова закончылася, "сукамернік" сышоў на свой ложак слухаць індыйскую музыку, а я яшчэ доўга сядзеў з адкрытым ротам і думаў пра мудрасць нашага "роднага палітбюро", якое вырашыла экспартаваць камунізм у гэтую цудоўную краіну…

* * *

Здавалася, што пасля года індыйскай музыкі і іншых шматлікіх складанасцяў, якія ўзнікалі пры кантактах з усходам, напужаць мяне ўжо няма чым. Але, калі на наступны год я засяліўся з Ніксанам, афрыканцам з ПАР (Паўднёва-Афрыканская рэспубліка), разумным і па-еўрапеўску адукаваным чалавекам, з'явілася праблема іншага кшталту. З першага дня ягоны "Панасонік" пераставаў граць джаз толькі тады, калі перадаваліся навіны BBC на англійскай мове (на маё пытанне, чаму ж ты, марксіст, не слухаеш Маскоўскае радыё па-англійску, ён адказаў, што прызвычаіўся да інфармацыі, а прапаганда яму не патрэбна). Я адносна станоўча ставіўся да джазу, але джаз цэлы дзень, джаз пад вышэйшую матэматыку, джаз пад тэарэтычныя асновы электратэхнікі - было занадта. І таму амаль што адразу гэта музыка пачала выклікаць у мяне тыя ж пачуцці, што і індыйская - хацелася выкінуць у вакно магнітафон разам з гаспадаром. Потым зразумеў - у Ніксана часцеў граў добры стары свінг - Глен Мілер, Каўнт Бэйсі, Дюк Элінгтан, Луі Армстранг, з больш сучаснага джаза - Майлз Дэвіс ды, здаецца, Джон Колтрэйн. І неяк незаўважна атрымалася, што праз тры тыдні джаз спярша перастаў выклікаць адмоўную рэакцыю, як быццам перастаў быць чутным, а яшчэ праз тры тыдні я пачаў пытацца: "А хто гэта грае?", ці прапаноўваць: "А давай уключым тое, што грала пазаўчора", і сам пачаў свінгаваць у душы. Потым пачаў капіяваць джазавую музыку на свае касеты. Супольны, адзін з лепшых у свеце джазавых альбомаў "The Geat Summit" Элінгтана і Армстранга я першы раз пачуў якраз у гэтым пакоі.

Праз 20 гадоў, калі яшчэ толькі з'явілася "Лідскае радыё" і яго супрацоўнікі спрабавалі нешта зрабіць, я з маёй дыкцыяй, якая можа спаборнічаць толькі з маёй пісьменнасцю, нават правёў невялікі цыкл джазавых перадач. Люблю рабіць абсурдныя рэчы.

* * *

Пісаць пра сваё студэнцкае жыццё?

Яно ў мяне было нейкае двухаблічнае, як той Янус. На два інтэрнаты. Памятаю святкаванне дня нараджэння, на якім немец-студэнт-палітэканом стаў дапытвацца: хто я такі?? Бо мы былі даўно знаёмыя, я стала знаходжуся ў ягоным інтэрнаце па вуліцы Свердлава, піва разам п'ем, але ўсё ж нейкі я не зусім свой. Пытаецца:

- Ты гісторык? (Гісторыкаў было шмат і схавацца сярод іх было нескладана).

Гэта цяпер я адказаў бы паважна, у стылі Воланда: "Так, я Гісторык... Сёння на Патрыяршых будзе цікавая гісторыя...", але тады я быў малады і сумленны.

- Не, - кажу, - не гісторык.

- Філосаф? (Філосафаў было значна менш, пілі яны больш і таму іх ведалі ўсе)

- Не, - кажу, - не філосаф.

- ПАЛІТЭКАНОМ? (Моцнае здзіўленне. Іх была адна група на курс, і яны ўсе ведалі адзін аднаго з першага па пяты курс).

- ... Я, - кажу, - электрык ...

Паўза. Шклянка выпадае з рук. Твар немца застывае ад усведамлення загадкавасці і бязмернасці быцця.

* * *

З Ніксанам мы жылі ў адным пакоі два гады. Кожны семестр ён пачынаў як студэнт: купляў і акуратна раскладваў алоўкі, асадкі, сшыткі і кнігі па полках і сталах, чытаў канспекты лекцый, рыхтаваўся да лабараторных прац (ці "лабаў" па-нашаму), хадзіў на заняткі. Але праз некалькі тыдняў імпэт да навукі заканчваўся, і Ніксан надоўга пагружаўся ў піва. Ён упарта смактаў шляхетны напой і пачынаў адыходзіць ад гэтага захапляльнага занятку толькі за месяц да сесіі. Працверазіўшыся з гонарам абвяшчаў, што кідае вучобу і едзе ваяваць з расістамі. Першы раз пасля працяглага піўнога перапынку ён сядаў за пісьмовы стол і складаў рапарт у прадстаўніцтва сваёй арганізацыі ў Маскве.

Тут трэба зрабіць невялічкае адступленне. Справа ў тым, што Ніксан быў родам з ПАР - тады "расісцкай" дзяржавы, якая не мела дыпламатычных зносін з СССР і супраць якой Саветы практычна вялі вайну - падтрымлівалі "прагрэсіўныя" рэжымы ў Анголе і Мазамбіку (у Анголе ваявалі яшчэ і кубінскія войскі), а таксама арганізоўвалі, узбройвалі і абучалі антыўрадававую арганізацыю, сябрам якой быў і мой афрыканскі "сукамернік". Пасля столькіх год назву гэтай арганізацыі па-англійску я забыў, тую ж назву на мове народа банту, прадстаўніком якога быў Ніксан, вымавіць ніколі не мог, а перакладалася гэтая назва як "Кап'ё нацыі" - гэта я запомніў. Дарэчы, бацька Ніксана быў афіцэрам у тым жа "Кап'і нацыі" і раней праходзіў ваенную падрыхтоўку дзесьці на поўдні СССР.

Ніксан адпраўляў ліст у Маскву і пасля такога свайго ўчынку, канешне ж, меў поўнае маральнае права адпачыць перад боем і зноў пагружаўся ў піўныя хвалі. Але, нажаль, вельмі хутка, праз тыдзень, прыходзіўся ліст, у якім "таварышу Ніксану" паведамлялася, што ягоная справа - вучыцца, вучыцца і вучыцца, "як запавядаў нам вялікі Ленін", а пастраляць у яго яшчэ будзе магчымасць.

З-за такога гора Ніксан збіраў вялікую сходку сяброў з поўдня Афрыкі і таму зноў цвяразеў якраз тады, калі мы ўжо здавалі залікі. Зранку, пасля душу, сябар прасіў канспекты, лабы і курсавыя праекты (калі захаваліся, бо былі даўно ўжо адпрацаваныя і здадзеныя). Нейкім неверагодным высілкам волі і інтэлекту ён здаваў усе "хвасты" і дапускаўся да экзаменаў якраз тады, калі мы ўжо з'язджалі на канікулы.

Так паўтаралася некалькі разоў, і ён заўжды неяк вынырваў. А калі ж мы атрымалі і параўналі свае дыпломы, дык аказалася, я вучыўся на падвышаную стыпендыю, але стаў толькі інжынерам, а ён стаў ажно магістрам! Савецкія замежныя дыпломы ў той час былі магістарскія, магістрамі з'язджалі за мяжу і студэнткі, якія сталі жонкамі сваіх замежных сукурснікаў. Але гэта іншая гісторыя.

Ад Ніксана, праз два гады пасля заканчэння інстытута я атрымаў ліст, у якім ён жыва апісваў нашы былыя подзвігі ў інтэрнаце. Пасля гэтага ліста я лавіў на сябе доўгія і задуменныя погляды жонкі - атрымалася так, што яна выпадкова падгледзела некалькі радкоў.

* * *

Пры канцы лістапада 1983 г. добра ўліты півам Ніксан прыцягнуў абсалютна новы, каляровы партрэт генеральнага сакратара ЦК КПСС "дарагога Леаніда Ільіча Брэжнева" ажно з пяццю зоркамі героя. Казаў, што ў кніжнай краме гэтая прыгажосць торкнула яго ў сэрца. Цэлы вечар усе разам - я, Ніксан і наш аднагрупнік Жора, скочам клеілі партрэт "генеральнага сакратара нашай партыі" да сцяны пакоя ў інтэрнаце. Каляровы "верны ленінец" быў надрукаваны на тоўстай, мелаванай паперы і таму штораз скручваўся і клеіцца не жадаў. Мы зноў і зноў мацавалі яго да сцяны. Гэты ідэалагічна бездакорны занятак забраў наш вечар.

Назаўтра, 19 лістапада, у сонечны восеньскі дзень, мы з Жорам чамусьці раней, чым звычайна пакінулі наш "другі" энергетычны корпус і тут жа каля яго спаткалі старасту паралельнай групы, чалавека сур'ёзнага, станоўчага і нават камуніста. Убачыўшы нас, ён жалобна прамовіў:

- Чулі ўжо? Брэжнеў памёр ...

- ... жыццё ... - сказаў я - Учора цэлы вечар клеілі, а зараз прыдзецца адрываць!

І мы разам голасна засмяяліся.

- Дык вам смешна! - зарычаў камуніст. Давялося спыніцца і некалькі хвілін каяцца ды даказваць, што нам насамрэч вельмі сумна - чалавек жа памёр. Да таго ж такі прыгожы партрэт правісеў толькі адну ноч!

Пасля 19 лістапада 1983 г. усё ў краіне пачало незваротна змяняцца ў лепшы бок, а потым знікла і сама краіна з дзіўнай назвай СССР.

* * *

На апошнім курсе, калі я ўжо не жыў у адным пакоі з Ніксанам, ён з'явіўся на заняткі з ліловымі сінякамі па ўсім твары, пасля таго як ён задраў кашулю, стала вядома - і па ўсім целе.

- Ты чаму ў плямах як леапард? - запытаўся я. І сябар распавёў мне сваю сумную гісторыю. У той час ён жыў у адным пакоі з вельмі сур'ёзным і старанным студэнтам з Афрыкі, які вучыўся на першым курсе, быў актыўным вернікам-пратэстантам і насіў гальштук, за што атрымаў мянушку "Дэпутат". А Ніксан якраз рыхтаваўся да адпраўкі "на фронт" - штодзённа піў піва і ўжо збіраўся пісаць рапарт свайму кіраўніцтву. Учора, калі ўсе былі на занятках, ён пасля чарговага піўнога заплыву ў бары "Крыніца" з цяжкасцю дабраўся да свайго пакоя - тут сілы пакінулі яго, і ён прылёг на чужы ложак. І паспаў жа нядоўга! Але вядомае сваім каварствам піва знайшло законны выхад з яго прыгнечанага штодзённай баявой падрыхтоўкай арганізма.

- "Дэпутат" біў мяне журнальным столікам, - сказаў Ніксан, грымаса смеху і болю перакасіла яго твар.

* * *

У тыя часы ўсе, нават будучыя інжынеры 4,5 гады вывучалі розныя марксісцкія навукі: на першым курсе - гісторыю камуністычнай партыі, на другім - марксісцкую філасофію, на трэцім - палітэканомію, на чацвёртым і ў першым семестры пятага - навуковы камунізм (у той час сярод студэнтаў была папулярнай байка: "Калі б камунізм быў навукай, яго спярша б паспрабавалі на сабаках"). Пры канцы адной з лекцый па навуковым камунізме дзесьці ў 1984 г., той самы стараста-камуніст паралельнай групы, задаў дацэнту даўно турбаваўшае яго пытанне:

- Я разумею тэорыю і ўсё тое, што вы расказалі, але вось як будуць выглядаць вуліцы пры камунізме, як будзе арганізаваны гандаль у крамах, як наогул мы будзем жыць?

Тыя хто ведаў яго, бачылі, што пытае стараста абсалютна сур'ёзна, не жартуе, ну, насамрэч, мае ж права камуніст ведаць, для чаго ён жыве. Але ў той час сур'ёзна размаўляць пра камунізм было ўжо немагчыма, анекдотам было нават тое, што дзейсная на той момант праграма кампартыі абяцала пабудаваць камунізм да 1980 г., і заканчвалася праграма словамі: "Партыя абяцае, што сучаснае пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме". А ішоў ужо 1984 г.

Вядома ж выкладчыца вырашыла, што студэнт правакатыўна, недарэчна і нават небяспечна жартуе. Счырванеўшы, яна доўга граміла антысаветчыка, які пад выглядам старасты групы пранік у наш інстытут. Ну, насамрэч, не магла ж яна паверыць ягоным стогнам: "Што вы, што вы, я ж на цалкам сур'ёзна задаў сваё пытанне...".

Скандал неяк ціха, без вынікаў згас - час быў ўжо зусім не людажэрскі.

* * *

Пасля другога курса лёс звёў мяне з турыстамі. Тры разы мы разам пабывалі на знакамітым тады крупаўскім фестывалі ў Вязанцы. Фестываль гэты быў цалкам самадзейны і таму неверагодна цікавы. У палове мая ў Вязанку электрычкамі прыбывалі тысячы чалавек з рукзакамі, намётамі і гітарамі з усёй Беларусі. Праз нейкі час, калі апускалася цемра, увесь лес свяціўся кастрамі. Каля галоўнага вогнішча (здаецца такіх галоўных было некалькі) бясконца выступалі выканаўцы аўтарскай песні з усяго былога Саюза. Усю ноч, пераходзячы ад вогнішча да вогнішча, можна было пачуць безліч выступаў, паразмаўляць на любыя тэмы з самымі цікавымі асобамі і, канчатковы знясілеўшы, вярнуцца да свайго вогнішча, дзе было таксама вельмі цікава і да якога таксама падыходзілі самыя розныя людзі. На крупаўскім фестывалі мы пагружаліся ў сапраўдны "Свет поўдню" Стругацкіх.

Памятаю, неяк, Ларыса (дзяўчынка з "Беларускай майстроўні", прозвішча яе не памятаю) прывяла да нашага вогнішча маладога барда, які прадставіўся: "Сяргей Сокалаў, настаўнік з Стоўбцаў" - будучага знакамітага барда Сяржука Сокалава-Воюша. Ён заспяваў па-беларуску! Песню пра крыжакаў! Захапленне наша было бязмежным, куды той Дольскі супраць свайго, роднага! Доўга мы не аддавалі яго іншым "вогнішчам".

Але я не пра гэта.

31 сакавіка 1984 г., разам з групай менскіх турыстаў таксама выехаў у Вязанку - у так званы "паход выхаднога дня". У лесе яшчэ ляжаў снег, і па дарозе мы па калена правальваліся ў гразь. Выйшаўшы на сваю паляну, распалілі вогнішчы, раскінулі намёты, пачалі гатаваць ежу, сушыцца і перакідвацца жартамі. Потым была гітара ля кастра, нейкія гульні, размовы і каля 2 ночы - адбой. Пакруціўшыся ў халодным мокрым намёце, я зразумеў, што заснуць не змагу - мала стаміўся. На шчасце, мяне зноў паклікалі да вогнішча. Была цудоўная, зорная ноч, трохі сагрэўшыся 100 грамамі (турысты практычна не п'юць і ніколі не пакідаюць пасля сябе смецце ў лесе!) мы пелі і размаўлялі. Ішла ноч 1 красавіка! Таму бліжэй да раніцы мы пачалі дзейнічаць. Паціху выцягнулі з усіх намётаў мокрыя турысцкія чаравікі, пазвязвалі левы з левым - правы з правым і развесілі ў лесе каля вогнішча, потым пачалі валіць усе намёты, падрыхтаваўшы пры гэтым для сябе апошні, маленькі намёт, у які планавалі схавацца пасля зладзейства. І ўжо амаль што схаваліся, калі з аднаго з паваленых намётаў выбралася першая пакрыўджаная дзяўчына. Басанож, па снезе, яна дабегла да нас, збіла апоры намёта і некалькі разоў прабегла па ім. Моцна стаптаныя дзявочымі ножкамі мы пахаваліся ў лесе, каб назіраць, як прачынаецца лагер. Напачатку, шукаючы свае чаравікі, усе марылі пра тое, каб злапаць і правучыць нас. Але, калі ў 6-00 менскае радыё сказала, што сёння 1 красавіка, і ў гэты дзень усе павінны весяліцца і жартаваць, турысты зарагаталі: "Мы ўжо жартуем і вяселімся!". Мы былі рэабілітаваны. У памяці засталася гэта самая вясёлая ў жыцці раніца 1 красавіка і адбіткі босых ног на снезе.

* * *

У лютым 1984 г., падчас студэнцкіх канікулаў, каля Галоўпаштамта ў Лідзе я чакаў дзяўчыну. Знаёмыя з ёй мы былі яшчэ са школы, неаднаразова разыходзіліся і зноў мірыліся, адносіны гэтыя не абяцалі ніякіх добрых перспектыў, але тады цягнуўся момант чарговага замірэння. З прыпаркаванага "жыгуля" пятай мадэлі лілася класічная музыка. Трэба сказаць, што пятая мадэль толькі што з'явілася і, думаю, што прыпаркаваная зараз "ферары", выклікала б меншую зацікаўленасць з боку мінакоў. Хутка замест класічнай музыкі пачуўся трагічна-узвышаны голас дыктара, і праз некалькі хвілін я даведаўся, што памёр Андропаў, чарговы генсек "нашай партыі". Чамусьці адразу пайшла пагалоска, што ягонае месца можа заняць лідар Азейбарджана Аліеў, і таму вечарам мы вырашылі, што азейбарджанскі каньяк "Апшарон" - гэта не толькі самы патрыятычны але вельмі актуальны напой.

Быў абраны наступны "верны ленінец" Чарненка. Ён выглядаў, як цяжка хворы чалавек, якому чамусьці не даюць ціха дажыць свой век. У сакавіку наступнага, 1985 года пераддыпломная практыка праходзіла ў прыгожым Кіеве. Дзесьці ў сярэдзіне месяца адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет СССР, падчас якіх вымучаны Чарненка выступіў па тэлевізары і сказаў нешта накшталт: "Усе свае сілы аддам справе камунізму". Назаўтра чарговы раз усе тэле- і радыёстанцыі перадавалі класічную музыку, мы даведаліся, што радзіма зноў страціла лідара. Наступным стаў Гарбачоў. Але сакавік у Кіеве запомніўся тым, што я пераблытаў канверты і дзве дзяўчыны атрымалі лісты, якія прызначаліся не ім - справа ўскладнялася тым, што яны мелі розныя імёны.

* * *

Улетку 1984 г. мірнае сяброўства з маёй старой знаёмай працягвалася, але месца сустрэч перамясцілася ад Галоўпаштамта да Летняга кінатэатра ў парку. У той час яна была вельмі разумнай і прыгожай студэнткай, зараз яна разумная, прыгожая і дастаткова вядомая ў нашым горадзе жанчына.

Моладзі цяжка паверыць, але тады не было нават мабільнай сувязі! Зусім! І таму мы па звычайным тэлефоне дамовіліся схадзіць у кіно. Быў тады такі дзіўны спосаб адпачынку.

- Дзе сустракаемся? - спытаў я.

- Там жа, - адказала яна.

"Там жа" для мяне гэта там, дзе і ўчора - на лавачцы ў парку. Але для яе гэта было "каля кінатэатра". Не трэба апісваць нашу размову па тэлефоне ўвечары - мяне прабіваў рогат, яна пускала маланкі, але ўсё ж мы зноў дамовіліся заўтра схадзіць у кіно і сустрэцца "там жа". Вы не памыліліся - мы зноў прыйшлі ў розныя месцы ...

Не, лёс не падманеш, тое, што не тваё, ніколі ім не стане.

* * *

Да суботы 25 жніўня 1985 г. я прапрацаваў ужо тры тыдні пасля заканчэння інстытута. Не пакідала адчуванне, што ўся гэтая "праца" закончыцца, і зноў пачнецца шчаслівае студэнцкае жыццё. Лепшым лекам ад суму была паездка ў Менск. З Менска вяртаўся апошнім аўтобусам, змог купіць толькі "білет без месца" - амаль што тры гадзіны да Ліды трэба было стаяць у праходзе. Калі аўтобус паехаў, я агледзеў дзяўчат і выбраў сабе "ахвяру" - дзяўчыну, з якой можна было паразмаўляць гэтыя гадзіны дзеля ўратавання ад суму. Выбраў трапна - праз паўгода ў нас адбылося вяселле, і хутка мы будзем святкаваць 30 гадоў сумеснага жыцця. Гэта была мая самая выніковая паездка ў Менск.

20.12.2015 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX