ПА П'ЯНЦЫ І КАЗЛА НЯЧЫСЦІКАМ ПРЫЗНАЕШ
Апавяданне
Ах, якія некалі вечарыны былі! І насмяешся, бывала, і наскачашся, і наспяваешся. Дый ахвотнікаў на такое было: збіраліся цэлымі вёскамі. Ну і пачыналіся розныя гульні, прыгоды, забавы… І чым толькі ні цешыліся, што толькі ні прыдумлялі маладзёны-дзецюкі і мясцовыя дзяўчаты!.. Няма тут чаго таіць: і ў тыя часы гарэлкі і да гарэлкі хапала ўсім, а каму - дык і звыш меры. Вядома, сталейшыя маладзейшым залішне прыкладвацца да чаркі забаранялі, а сабе дык не шкадавалі. Што праўда, то праўда. Вось, напрыклад, Антось, які ўжо год як вярнуўся з войска і лічыўся мацаком. А тым разам давялося і яму абмежавацца ўсяго пяццю, ды і то не сказаць каб поўнымі, кілішкамі…
Па нейкай сваёй прычыне Антось мусіў бегчы дадому раней, чым скончылася вечарынка. Пры добрых прыцемках. А дарога не такая і блізкая. Гэта цяпер тут розныя таксоўкі ды маршруткі гойсаюць, а некалі за дзень і воз не праедзе. Але мацаку Антосю і не такія дарогі былі пад сілу. Што там нейкі дзесятак кіламетраў!..
І, пратэпаўшы ладны кавалак полем, ён вырашыў зрэзаць шлях і скіраваў да сваёй вёскі праз лес.
А ў лесе хавалася шмат дабра амаль з усёй вёскі. Не падумайце толькі, што там, як цяпер часта бывае, было звалена нейкае смецце. Не, тут выкопвалі ямы і хавалі ў іх бульбу. Ямы накрываліся зверху дошкамі ды розным галлём і ламаччам, каб не прыхапіў часам няпрошаны мароз.
Крок, яшчэ крок - і Антось ужо амаль на ўскрайку лесу. Крок, яшчэ крок - і раптам штось трэснула пад яго нагамі, і знік Антось пад зямлёю… Відаць, струхнелыя былі дошкі на адным з тых праклятых бульбасховішчаў… А яма, халера на яе, глыбокая! Не дацягнуцца да верху аніяк. Выкапаў нейкі гаспадар, дык выкапаў. І лямантаваць няёмка. Але хто ж бедалагу выратуе?
Раптам непадалёк нешта замэкала. Пачуўся брэх сабак, трэск сухога ламачча. І тут спалоханы Антось убачыў, што ляціць на яго нейкі рагаты звер.
…Прайшоў час, пакуль ачомаўся. А калі прыйшоў у сябе, дык убачыў, што сядзяць яны ў яме ўдвух з казлом. Антось нават усміхнуўся і абняў казла за шыю. Так і сядзелі моўчкі. Хто б там ні быў, хай нават і казёл, але ў пастцы ўдвух весялей.
Ужо зусім сцямнела, калі побач зноў пачуўся трэск ламачча. Нехта ішоў, штось сабе паціху насвістваючы.
"Напэўна, гэта Міхась, - падумаў наш ямасед. - Гэты выратуе".
Калі трэск пачуўся зусім блізка, Антось падаў голас:
- Міхаська, гэта ты?
Крокі прыціхлі, свіст - таксама.
- Х-х-то м-м-мяне п-п-пытае? - ад перапалоху пачаў заікацца Міхась.
- Гэта ж я, Антось. У яму во трапіў. Выратуй, дружа. З вечарыны ішоў і не дайшоў.
- Дый я іду адтуль. Трохі, праўда, перабраў. Дык як мне табе дапамагчы?
- Здымай сарочку, штаны і дзягу. Звязвай іх ды кідай сюды.
Пра казла Антось пабаяўся казаць. Але ратаваць спачатку вырашыў яго, рагатага.
- Ведаеш, Міхась, я тут не адзін. Са мною мой сябрук. Спачатку выцягнеш яго, а затым - мяне, - хітраваў Антось.
- Што за сябар? А чаму ён маўчыць? Няўжо Кастусь з табою? - занепакоіўся выратоўца.
- Ён самы. Таксама лішняе перахапіў і ўваліўся сюды. Спіць цяпер. Дастанем соннага.
- Во раззява. А я думаю, дзе гэта Кастусь? Чаму не пачакаў мяне, каб ісці разам? - мармытаў Міхась, звязваючы штаны з дзягаю.
А казёл стаў зусім рахманым і на дзіва ні разу не мэкнуў. Антось спакойна завязаў яму на рогі сваю дзягу, злучыўшы яе з дзягай Міхася. Захмялелы выратоўца, моцна ўпёршыся нагамі ў зямлю, пачаў цягнуць тую "хітрую" вяроўку, падымаць "Кастуся". Амаль выцягнуўшы яго з той цемры, Міхась застыў і пабялеў: з ямы сталі паказвацца рогі.
- Нячысцік! Ніякі гэта не Кастусь! - залямантаваў ён, выпусціўшы дзягу, і кінуўся ў вёску, як быў, у кашулі і сподніках.
Казёл зваліўся на Антося і гучна замэкаў.
Так і прасядзелі ўсю ноч Антось з казлом, прыціскаючыся адзін да аднаго. На золку іх выцягнулі пастухі.
А Міхась пусціў погаласку па вёсцы, што ўчора сам нячысцік паклікаў яго голасам Антося, каб той выцягнуў рагаціка з ямы, прымусіўшы да таго ж распрануцца ледзь не дагала. З таго часу Міхась у рот гарэлкі не браў, як казаў, "завязаў" назаўжды без ніякага кадзіравання. У лес жа ступіў толькі праз год, ды і то пад жончынай аховай.
КАРАЦЕЛЬКІ
За сваё жыццё тата Карла пасадзіў дрэва, выгадаваў з яго сына і збудаваў з яго дом.
Аліса з краіны Залюстэр'я не магла прыйсці да сябе.
Прыйшла смерць з сякерай і засекла Бураціну.
Пакахаў Бураціна Мальвіну. Ну і падхапіў ён смяртэльную хваробу. У яго ўзнік грыбок.
Фотакарэспандэнт здымаў дзяўчат на панэлі.
"Свіння" прыйшла загадчыку свінафермы.
Певень задзёўб слана, калі дазнаўся што той таптаў курэй.
Паднялі бабкі дзеда.
Долар трымаў курс.
У пачатку было з LOVE.
У Афрыцы скрыжавалі малпу і папугая… і атрымалася МАКАКАДУ.
ДЫЯЛОГІ ПА ТЭЛЕФОНЕ
- Гэта салон пракату?
- Так.
- Маглі бы вы пракаціць мяне?
- Гэта тэрапеўт?
- Так.
- Маглі бы вы паслухаць мяне?
- Слухаю.
- Мяне турбуе кашаль. Паслухайце.
Тэлефануе заіка.
- Алё.
- Слухаю.
- Алё…
- Ну дык слухаю вас.
- Алё…Алё.. Алёну можна?
КАРЭКТАРСКІЯ АГРЭХІ
НАЗДЗІРАЦЕЛЬ.
КВАЗІМОРДА.
ШЛАНГБАУМ.
ТАНКСІСТ.
СУКАФРУКТ.
МОРГФЛОТ.
ДЗІН-БОМЖ.
КУРГАН ЛАВЫ.
ГАД ПЕЧАНІ.
ЖАННА Д'АЯРК.
АНСАМБЛЬ ПЕНСІІ І СКОКАЎ.
РОБІН ГАД.
ЛІТРАТАР.
ХЛЕБАБУЛЕЧНЫЯ ВЫРАБЫ.
БІБЛІЯЗНАЎСТВА
"МУМУ" - кніжны даведнік даяркі.
"КАШТАНКА" - рэцэпты салдацкай кухні.
"НОЧ ПЕРАД РАЖСТВОМ" - парады пры правядзенні першай шлюбнай ночы.
"МЁРТВЫЯ ДУШЫ" - кніжны даведнік сантэхніка.
СТУДЭНЦКІЯ НЕДАЧУТКІ
"ВАЛАСЫ ПАД СЯРПОМ ТВАІМ" (У. Караткевіч).
"ВЯРТАННЕ БРУДНАГА СЫНА" (Рэмбрандт).
"ДАЖЫЦЬ ДА СВАТАННЯ" (В. Быкаў).
"Я МУЖЫК БЕЛАРУС,
ПАН СУХІ І КАСЫ…" (з верша Я. Купалы).
"МЯЦЕЛЬ NIVEA,
СЦІХНУЎ ВЕЦЕР…" (з верша М. Багдановіча).
ДУМКІ Ў ГОЛАС
Акуляры носяць, каб праўда ў вочы не калола.
Калі цяжка дагнаць словы ў цітрах, падумай, можа ты і наогул у іх "не даганяеш".
За словам у кішэнь лезе той, хто ведае што яна не дзіравая.
Каб узрушыць свет, трэба быць не толькі вядомай асобай, але і спраўным міліцыянерам.
З радыё слоў не выкінеш.
Пад нагамі звычайна круцяцца педалі ад ровара.
Папера патрэбна не толькі, каб пісаць па неабходнасці, але і чытаць… пры неабходнасці.
Смех працягвае жыццё. Смех бывае "заразлівы". З гэтага атрымліваецца, што людзі жывуць аднолькава, "заразіўшыся" адзін ад другога.
Смех - не грэх! А смяяцца над хворым чалавекам?
ЦЫДУЛКІ НА СЛУПАХ
Арганізую вячэру пры свечках (Вартаўнік могілак).
Вышываю крыжыкам (Святар - пенсіянер).
Прадам труны. Акцыя. Пад кожнай накрыўкай падарунак.
Заплаці падаткі і спі спакойна (Надпіс на могілках).
Чарвяк адкусанага яблыка шукае сваю другую палову.
Салдат злоўленага языка абмяняе на гавяджы.
ВЯСЁЛЫ СЛОЎНІК
АКУЛА - жонка акуліста.
АЛКАШ - жонка Ядвігіна Ш.
АЎТОРАК - членістаногае, здаўшае на правы кіроўцы.
АЎЧАРКА - шукальнік пахмяліцца.
АШАЛЕЦЬ - накінуць шаль.
БАДЗЯГА - бабуліна папруга.
БАНДЭРОЛЬ - крутыя на здымках.
БУЛЬВАР - кухар.
БУЛЬДОГ - Муму - ахвяра Герасіма.
БУШЛАТ - ранейшы прэзідэнт Амерыкі на візіце ў Латвіі.
ВЕНЕЦЫЯ - працэдура па збору крыві.
ВІТАМІН - сустрэча з Богам.
ВЫДРА - парашок для кухоннай чысткі.
ГАРБАТКА - бабулька.
ГАРЛАЧЫК - перарэзчык горла.
ГЕКТАР - Гек з пустым посудам.
ГЕРАІН - муж гераіні.
ГУМАРЫНКА - рыначная дубінка.
ДАДАТАК - расейска-беларуская згода.
ЖАБРАК - помесь жабы і рака.
КАМБРЫГ - атручаны камбікормам.
КАТУХ - адсякальшчык вушэй.
КАЧАНЯ -невялікі качан капусты.
КАШМАР - кашэчыя мары.
КУРКУМА - ліса.
ЛАСТ - муж ластаўкі.
МУРОГ - карова.
МУСЛІМ - Міністэрства ўнутраных спраў пры рэдакцыі тыднёвіка "Літаратура і мастацтва".
НАТАТНІК - бацькава папруга.
ПАКУТНІК - шкадлівы хлопец.
ПАЛЯШУК - трактарыст шукае поле.
ПАРАХОД - самагонны апарат.
ПІРОГ - карова на вадапоі.
ПЛАТФОРМА - платная форма.
РЫЧАГ - звер.
САВОК - муж савы.
САНІТАР - перавозчык тары ў зімовы час.
САНТЭХНІКА - зімовая тэхніка.
СВІНЕЦ - кныр.
СПАДЧЫНА - паніжэнне ў чыне.
СТАРШЫНА - "голая" шына.
СУПРАЦЬ - вайсковая страва.
СЫРМАК - здоба з сыру і маку.
ТВАРОГ - пісьменнік.
ТРУБАДУР - гора-сантэхнік.