Папярэдняя старонка: ДРАМАТУРГІЯ

Святлана Цішук 


Аўтар: Цішук Святлана,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Святлана Цішук нарадзілася ў 1938 годзе ў Гомелі. Скончыла Гарадзенскі фізкультурны тэхнікум і Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Друкуецца з 1979 года. Аўтарка кнігі паэзіі "На крылах белай вароны" (1999 г). Жыве і працуе ў Лідзе. Лаўрэат міжнароднага конкурсу.


ЧЫРВОНАЯ ПЛЯМА

П'еса

Сучасная лірыка-драматычная гісторыя


ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

МАКС , 26 гадоў,

ЛІНА , яго жонка, 23 гады,

ПАВЕЛ, 30 гадоў,

ВОЛЬГА , жонка Паўла, 26 гадоў,

ТАЦЦЯНА , сяброўка Ліны, 23 гады,

НАСТА , маці Ліны, сярэдняга ўзросту,

ЗОЯ , маці Макса, сярэдняга ўзросту,

БАЦЬКА Ліны , сярэдняга ўзросту,

БАЦЬКА Макса , сярэдняга ўзросту,

ДРУЖЫНА і ГОСЦІ на вяселлі Макса і Ліны,

СВЯТЛО ,

ФАНАГРАМЫ з галасамі, музыкай.


Падзеі адбываюцца ў наш час.

На сцэне:

Вясельная брама.

На браме палатніна з надпісам: "Хай маладых вядзе дарога аж да вяселля залатога!"

Пад брамай стаяць Бацькі і Маці Макса і Ліны.


МАЦІ ЛІНЫ трымае дзве чаркі на падносіку.

МАЦІ МАКСА т рымае хлеб-соль на ручніку.

БАЦЬКА ЛІНЫ трымае бутэльку з напоем (ці з шампанскім).

БАЦЬКА МАКСА стаіць побач з сваёй жонкай.


За Бацькамі тоўпяцца ГОСЦІ .

Гучыць музыка Вясельнага марша.

Уваходзяць поплеч Макс і Ліна , апранутыя ў вясельнае ўбран-не і з імі вясельная ДРУЖЫНА . Усе спыняюцца насупраць бацькоў.


БАЦЬКА МАКСА: Ліна і Максім! Дарагія нашыя дзеці! Мы, вашыя бацькі, сардэчна віншуем вас з узяццем вамі законнага шлюбу!

УСЕ БАЦЬКІ I МАЦІ: Віншууеем!!!

БАЦЬКА МАКСА: Ступаючы на першую прыступку вашага сямейнага жыцця, вы, дарагія нашыя Ліна і Максім, прыміце ад вашых бацькоў хлеб-соль!

МАКС, ЛІНА (адломваюць па кавалачку хлеба, мачаюць хлеб у соль, ядуць) : Дзяякууй!!! (Схіляюць галовы і ўздымаюць іх.)

БАЦЬКА МАКСА: Мы, вашыя бацькі, нарадзілі вас, узга-давалі вас, не шкадуючы для вас ні хлеба надзённага, ні штодзённых нялёгкіх клопатаў...

МАЦІ МАКСА і ЛІНЫ: Не шкадавааліі!!!

БАЦЬКА ЛІНЫ: Без двух слоў, у самую кропку трапіў, сваток! Не дрэнна было б ім толькі не кінуць у забыццё нас з вамі, шаноўны!

МАКС, ЛІНА: Будзем памятаць!

БАЦЬКА МАКСА: Не крыўдуйце ўжо на вашых бацькоў, калі яны, любячы вас, часам навучалі вас, уздзейнічаючы не толькі пера-канаўчым бацькоўскім словам, але і...

ЛІНА: Уздзейнічалі і прымітыўнай апякальнай дзягай!

БАЦЬКА ЛІНЫ: Узіраюся на цябе, дачушка, я бачу, што ты...

МАЦІ ЛІНЫ: Бацька! Не сёння!

МАЦІ МАКСА : Хапала ім і бацькоўскай увагі, і бацькоўскай любові...

ЛІНА: А гэта - каму колькі перапала з бацькоўскае ласкі!

НАСТА: Ліначка, не магу паверыць!

ЛІНА: Мама, а ты...

БАЦЬКА МАКСА: Максім, Ліна! З сённяшняга дня вы самі ўзялі ўжо на сябе велізарнейшую адказнасць за сваю сям'ю! За сваіх будучых дзяцей.

БАЦЬКА ЛІНЫ: Без двух слоў, у самую кропку трапіў, сваток!

МАЦІ МАКСА і ЛІНЫ: Згоды вам і кахання!

УСЕ: Згоды вам і кахання, Макс і Ліна!!!

МАЦІ МАКСА: Кожная з'ява рэчаіснасці заўсёды знаходзіцца ў руху, у развіцці!

МАЦІ ЛІНЫ: Каб між вамі не бракавала цярплівасці!

ЛІНА: Няхай хто іншы церпіць!

БАЦЬКА ЛІНЫ: Без двух слоў, ты вывядзеш мяне з сябе!

МАЦІ ЛІНЫ: Бацька, не гарачыся!

МАЦІ МАКСА: Давайце ўсе трохі прытрымліваць свае эмоцыі!

БАЦЬКА МАКСА: Дарагія маладыя, дзеля пабудовы вашага шчаслівага сямейнага гмаху вам трэба будзе кожны дзень класці на падмурак вашага кахання ўсё новыя і новыя цагліны, якія маюць назву "Узаемапаразуменне"!

МАЦІ МАКСА: Немагчыма якасна пабудаваць ні адзін устойлівы гмах, нават і сямейны, калі ў двух каханняў не стае аднолькавых параметраў!

МАЦІ ЛІНЫ: Вы, Зоя Андрэеўна, маеце сумніў наконт сямейнага шчасця нашых дзяцей?

МАЦІ МАКСА: Прашу прабачэння. Прыйшлося да слова...

ЛІНА (выслабаняе сваю руку з-пад рукі Макса, робіць крок убок): Зоя Андрэеўна, калі я па вашых параметрах не падыходжу вашаму Максімку, то я вяртаю яго вам!

МАКС ( хапае Ліну за руку) : Ліінаачкаа!!! Я ж кахаю цябе!

ЛІНА (рэзка выслабаняе сваю руку) : Але твая любая мамачка не хоча мяне!!!

МАКС: Мама, што ты нарабіла?! (Спрабуе ўзяць Ліну за руку.)

ЛIНА (супраціўлнецца Максу, робіць крок да сваіх бацькоў) : Адчапіся ад мяне! Ідзі да сваёй мамкі! Яна для цябе...


Гул галасоў Дружыны і Гасцей.


МАЦІ ЛІНЫ : Бацька, то можа нам тутака няма чаго рабіць?

БАЦЬКА ЛІНЫ: Без двух слоў, здурнелі бабы!

МАЦІ МАКСА: Мы ўсе зараз празмерна ўзрушаныя...

МАКС (падышоў да Ліны, узяў яе за руку): Ліначка! Калі ласка, даруй маёй маці! Мама?!

МАЦІ МАКСА: Ды ўжо ж! Я вельмі прашу ў цябе прабачэння, Ліначка! Вы абое...

МАКС (бярэ Ліну пад руку) : Вось бачыш? Усё добра! Я кахаю цябе...

ЛІНА (сцішана) : Май на ўвазе, ты апошні раз убачыў маю пакорлівасць!


Макс і Ліна становяцца перад Бацькамі .


БАЦЬКА ЛІНЫ: Без двух слоў, поўны парадак!

БАЦЬКА МАКСА: У такім разе, я прадоўжу! Максім, Ліна, памятайце, што вы заўсёды можаце разлічваць на якую-ніякую дапамогу з нашага бацькоўскага боку!

МАКС, ЛІНА: Будзем памятаць! Дзякуй вам!

БАЦЬКА ЛІНЫ (з бутэлькі налівае напой у чаркі) : А цяпер, Макс, Ліна, без двух слоў, выпіце чарку бацькоўскага салодкага напою на вашыя шчаслівыя сямейныя пуцявіны!

МАКС, ЛІНА (бяруць чаркі, выпіваюць напой, кроплі віна выліваюць сабе пад ногі, ставяць чаркі на падносік): Дзякуй! Соладка!

УСЕ: Салодкага жыцця маладыым!!! Шчасця маладым!!! Гуураа!!!


На сцэну са столі апускаецца экран ці робіцца зацямненне сцэны.


ГАЛАСЫ БАЦЬКОЎ: Праходзьце, госцейкі дарагія! Час-туйцеся! Піце за шчасце маладых!


Чуваць гоман галасоў, звон чарак.


ГАЛАСЫ ГАСЦЕЙ: Горкаа маалаадыым!!! Саладзіце! Саладзіце!!! Гооркаа!!! Адзіін!!! Дваа!!!


Запальваецца святло , ці да столі падымаецца экран , калі быў экран.

На сцэне: канапа ці тахта, на якой думкі-падушкі, за якімі схаваная белая прасціна, часопісны столік.


ЛІНА (апранутая па-хатняму, ходзіць і сурвэткай змахвае пыл з прадметаў) : Не! Не, не! Гэтага не будзе! Я не... (Гучна смяецца.)

Уваходзіць Макс, апрануты па-хатняму.


МАКС (падыходзіць да Ліны,цмокае яе) : А я чакаў! Чакаў цябе на кухні... Калі мая даўгачаканка парвалася, то я памкнуўся да маёй любай жоначкі, каб павясяліць яе і запытаць... А ты сама сябе весяліла?! З чаго?

ЛІНА (адхіляецца ад Макса) : З таго! А табе ўсё трэба ведаць?!

МАКС: А як жа? Ты мая...

ЛІНА: Я твая?! Пры мне ты спрабуеш выконваць ролю рабаўладальніка-мужа! Патрабуеш, каб я да цябе на цырлачках... А вось пры сваёй мамачцы-каралеўне ты спраўна выконваў ролю падспаднічнага сынка! Памятаеш?

МАКС: Мая мама...

ЛІНА: Твая мама?! Ды толькі, дзякуючы нашаму шлюбу, ты выслізнуў з-пад цьмянай матчынай спадніцы! І тое...

МАКС: Аліна! Я штосьці нічога не разумею! Я! Ты!

ЛІНА: А дзеля чаго мне муж, які мяне не разумее? Га?

МАКС: Аліна, ты неаб'ектыўная!

ЛІНА: Я неаб'ектыўная? Успомні! Памяць - найгалоўнейшая прыкмета чалавечай асобіны. А ў маёй памяці...

МАКС: Даруй, калі з майго боку штось было! Даруй! Я ж кахаю цяябее...

ЛІНА: Кахаеш мяне? Ты кахаў, калі вірлівым палётам чмяля трапятаў вакол мяне прыгожай, духмянай, поўнай салодкага нектару...

МАКС (абдымае, цалуе Ліну) : Я і зараз кажу табе, спяваю сваім сэрцам, што кахаю во гэтую, адзіную для мяне ва ўсім свеце духмяную лілею!

ЛІНА: Калі кахаеш, то павінен...

МАКС: Павінен! Мне здаецца, што я сваімі лагоднымі адносінамі да цябе падцвярджаю сваё прозвішча Лаагоодныы.....

ЛІНА: Ты называеш лагоднасцю свае пажадлівыя інстынкты?

МАКС (цалуе Ліну) : Мая да цябе падатлівая, мяккая, як твае салодкія вусны-чарэшні, лагоднасць пацвярджае, што я кахаю цябе, як няшчасны Шэкспіраўскі Рамэа кахаў Джульету!

ЛІНА: Сэрца здольнае кахаць, калі ўмее шкадаваць! А ты? А тваё сэрца мкнецца бачыць мяне не вольналюбівай, а...

МАКС (спрабуе пацалаваць Ліну) : Ліначка, ты бачыш чамусь у перавёрнутым з ног на галаву выглядзе мае неабыякавыя адносіны да цябе! Жоонаачкаа мая!

ЛІНА (супраціўляецца Максу, сцёбае яго сурвэткай) : А ты забыўся, што патрабуеш, каб я па першай тваёй прыхамасці бегла да цябе на цырлачках? Ты загнаў у маё сэрца стрэмку, якую...

МАКС (прыцягвае Ліну да сябе) : Ты кажаш, што я ўвагнаў у тваё сэрцайка доўгую стрэмку, то я яе сваімі зубамі і выцягну! (Цалуе Ліну ў грудзі і імітуе выцягненне стрэмкі.)

ЛІНА (кладзе сурвэтку ў кішэню халаціка) : Хопіць! Хопіць ужо!

МАКС (трымае Ліну) : Стрэмкі ўжо няма - значыцца ёсць лагодная пяшчота паміж намі?!

ЛІНА: Твой татка не дазволіў бы сабе заганяць крыўдную, балючую стрэмку ў сэрца Зоі Андрэеўны! А ты...

МАКС: Мой тата - лепшае ўвасабленне мужчынскае павагі да сваёй жонкі!

ЛІНА (выслізвае ад Макса) : Можна і пазайздросціць Зоі Андрэеўне... А ты, Максік, толькі малы гузік ад бацькавага пінжака!

МАКС: Ліна?! Ты драматызуеш...

ЛІНА: Засячы сабе засечку ў тваіх мазгах, што твая жоначка, як і твая любая матуля, жанчына! З вялікай літары жанчына, якая...

МАКС: Я ведаю! І дзеля прыемнага жыццявання ў супольнасці з табой ды і ў адносінах з іншымі людзьмі я мкнуся з усіх сілаў выконваць чатырнаццаць пункцікаў - парадаў знакамітага псіхолага Антоні Піетрапінта!

ЛІНА: Карыстаешся псіхолагам? А дзе ў цябе твой розум? Ну...

МАКС: Ты толькі паслухай і прызнай, што я нездарма ўзяў на ўзбраенне гэтыя маральна-этычныя пункцікі! Я пералічу табе іх! Вось яны! Гэта ніколі нікому не маніць! Трэба прызнаваць слабыя бакі людзей! Навучыцца ставіцца да ўсіх людзей як да сябе!

ЛІНА: Не смяшы! Гэтыя твае пункцікі...

МАКС: Не збівай мяне! А наступнае - гэта ніколі нельга тыраніць іншых людзей, асобаў... Лепш за ўсё раскідваць улева і ўправа цукеркамі кампліменты!

ЛІНА: Я ведаю толькі аднаго майстра салодкіх кампліментаў! Гэта...

МАКС: Я кажу не аб тваім любым Паўлюку, а ўвогуле! I найгалоўнейшы з пункцікаў - гэта трэба не стамляцца кожны дзень казаць сваёй жоначцы ці мужу аб сваім бязмерным каханні...

ЛІНА: Стой! Стой! Апошні пункцік мне даспадобы!

МАКС (прыцягвае Ліну да сябе,цалуе, расхінае халацік на ёй) : Пасля гэткай пераканаўчай аргументацыі, у нас з табой, мая...


Чуваць звон дзвярнога званка.


МАКС: I які гэта рагаты, барадаты нячысцік сапсаваў наш законна-шлюбны інтым?

МАКС, ЛІНА: А нас няма ў хаце!!!


Працягваецца звон дзвярнога званка.


ЛІНА: I хто гэта нахабна лезе ў наш асабісты шалаш?

МАКС (цмокае Ліну і выпускае яе з абдымкаў) : Не! Гэты нездагадлівец не скончыць трызвоніць! Трэба ісці адчыняць! (Выходзіць.)

ЛІНА (папраўляе халацік, валасы) : I хто там з'явіўся? Няўжо цяжка было папярэдне патэлефанаваць? Сёння ў мяне зусім не гасцінны настрой! Трэба бегчы пераапрануцца... (Выходзіць.)


Уваходзяць Макс, Вольга, якая нясе торт, і Павел, у якога бутэлька з віном.


МАКС: Вось і Жартуны, суседзі... Ліна, сустракай гасцей! Чуеш?

ГОЛАС ЛІНЫ: Пачакайце! Хто там?

ПАВЕЛ: А-ууу!!!

ВОЛЬГА (ставіць торт на столік) : Гэта мыы!!! З тоортаам...

ПАВЕЛ (ставіць бутэльку ля торта) : I з віном! Саалоодкіім...


Уваходзіць Ліна , прыгожа апранутая і пры макіяжы.


ЛІНА: Ааа, воо?! І як гэта вы без папярэдняй дамоўленасці...

ПАВЕЛ (падыходзіць да Ліны) : А мы, ведаючы вашую лагодную гасціннасць, рашылі сюрпрызам.

ВОЛЬГА: Я адгаворвала яго! Але ён...

ПАВЕЛ (бярэ руку Ліны і цалуе яе) : У вольны дзень я не мог не наведацца да дарагіх суседзяў! Мо не выпхнеце?

ЛІНА: Ды ўжо ж не, калі вы, Жартуны, завіталі з салодкім віном ды з карамельным торцікам!

ВОЛЬГА: Мы па-суседску... Мо не ў час? Можа вы кудысь ідзеце?

ЛІНА (выслабаняе сваю руку ад Паўла) : Не, не! У самы раз! Мы нікуды не ідзём і нікога не чакалі! А вы...

МАКС: Гэтак!

ПАВЕЛ: У такім разе прашу кахаць і шанаваць Богам дадзеных вам, нам суседзяў!

МАКС: Мы да суседзяў таксама без камянёў за пазухай!

ПАВЕЛ: Ах, якая ж прыгожая і ладная мая сусеедаачкаа...

ВОЛЬГА: Павел, не пужай Ліну сваім заляцаннем!

ПАВЕЛ: Ужо і пажартаваць нельга?! Жоонаачкаа мааяя...

ЛІНА: О! А я ў захапленні ад галантнасці...

ПАВЕЛ: Рэпэтэ, сільвупле! Будзьце ласкавы, сеньёра, паў-тарыце...

МАКС: Добрыя адносіны між суседзямі маюць перадумовай у-за-е-мнасць!

ЛІНА: Толькі каханне павінна быць узаемным!

ПАВЕЛ: З вашых малінавых вуснаў, Ліначка, выпырхнула самае жаданае для мяне слова...

ВОЛЬГА: Паўлюк! Я бачу, што ў цябе скокнула тэмпература! Хадзем-ка мы дахаты!

МАКС: А віно? Торт?

ПАВЕЛ: Ты, мая дарагая сямейная доктарка, ставіш памыл-ковы дыягназ!

ВОЛЬГА: Каб вынесці майму мужу непамылковы дыягназ, мне не патрэбныя аніякія суперсучасныя дыягнастычныя апараты!

МАКС, ЛІНА: Мы не супраць сямейнага Айбаліта!

ПАВЕЛ : Ваш сямейны доктар перад вамі, спадары! Узаема-дапамога паміж суседзямі - святы абавязак!

ЛІНА (бярэ віно і торт, віно перадае Максу) : За гэткія добрыя адносіны можна і пакайфаваць! Хадземце ў сталоўку!

МАКС (трымае бутэльку) : Хадземце...

ПАВЕЛ (паціскае руку Максу) : Я абедзьвюма рукамі за касмічныя адносіны між Лагоднымі і Жартунамі! Ідземце кайфаваць! Саладзііць...

ВОЛЬГА, ЛІНА : Мы любім салодкае!!!

ПАВЕЛ: А як жа кожны з мужыкоў лююбііць аасаалоодуу...

ВОЛЬГА: Нястрыманасць эмоцый не ўпрыгожвае мужчын-скую сутнасць! І не дадае сібірскага здароўя...

ПАВЕЛ: Хто аб чым, а мая любая доктарка - аб здароўі!

ВОЛЬГА: Даруйце нам за нашыя сямейныя перакіды перад вамі! Мы...

ПАВЕЛ: Не хвалюйся мая, любка! Какафонія ў сямейных адносінах не з намі нарадзілася і не ў нашай сям'і скончыць свой злыядавы гуд!

ЛІНА: Слоўка за слоўка - боль жонцы альбо мужу ў галоўку!

ВОЛЬГА: Каб не атрымаць боль у сваю галоўку, трэба дзеля прафілактыкі самому паклапаціцца і знішчыць вірус зласлівасці ў сваім сэрцы, а потым...

ПАВЕЛ: А потым з лёгкім сэрцам можна займацца салодкім каахааннеем з...

МАКС : Можна...

ПАВЕЛ: Аднак жончынага жорсткага, хаця і разумненькага прымусу над сабой, я не пацярплю!

ЛІНА: Ля, ля, ля! Вы не пацерпіце? Ды, калі хлопец смалеў за мною, каб атрымаць мяне за жонку, то ён, ён павінен заўжды, як рымскі раб, паслугаваць сваёй выбранніцы!

МАКС, ПАВЕЛ: Паслугуем!!!

ЛІНА: Гуураа!!! Вольга?

ВОЛЬГА: Адны пустазвонныя словы! Павел!?

МАКС: У мяне ў руцэ вашае віно хутка закіпіць!

ЛІНА: А ў мяне ваш торцік паплыве крэмавым ручаём!

МАКС, ЛІНА: Хадземце ўжо!

ПАВЕЛ: Перасохла ў горле і яшчэ...


Усе выходзяць.

Гучыць лірычная музыка.

Уваходзяць Макс і Ліна.


ЛІНА (апранутая па-іншаму, відаць павялічаны жывот) : Вольга - ідэальная жанчына! Ты згодны? А Павел... Гэты дураслівы Жартун страляе па кожнай неўпільнаванай качцы!

МАКС (апрануты па-іншаму, абдымае, цалуе Ліну) : Табе падабаецца? А мяне ён не цікавіць! Галоўнае, каб мы з табой, мая каханенькая, у нашым сямейным, зачыненым ад усяго свету, шалашы...

ЛІНА: Ты, Максік, дзікун! Ты цураешся людзей! Дзе твае сябры? Аауу!!!

МАКС: Мне ніхто, ніхто не патрэбны акрамя цябе, мая... Найлепшым сябрам для мяне будзе мой сынок, якога ты мне народзіш! (Апускаецца на калені, цалуе Ліну ў жывот.)


Чуваць звон дзвярнога званка.


МАКС (на каленях перад Лінай) : Мы нікому не адчынім! Нас няма ў хаце!

ЛІНА: Няямаа... наас!


На сцэну са столі апускаецца экран, альбо робіцца зацямненне. Нейкі час гучыць лірычная музыка.

Да столі падымаецца экран, ці запальваецца святло, калі было зацямненне.


На сцэне:

Папярэднія прадметы мэблі.

На століку ляжаць цацкі для немаўляці, на падлозе стаіць пыласос.

Уваходзяць Макс з аголеным торсам і Вольга ў дэкальтаванай лёгкай сукенцы з медыцынскім фанендаскопам на шыі.


ВОЛЬГА: А я зайшла агледзець вашага Міколку...

МАКС: Ліна пацягнула малога да сваіх бацькоў, каб самой пашвэндаць па крамах! А мяне пакінула ў хаце і во - загадала...

ВОЛЬГА: А я дык люблю хадзіць па крамах з маім знаўцам жаноцкай моды...

МАКС: Ты, Вольга, іншая справа! Ты...

ВОЛЬГА: Не злуйся! Маладзіцы калі-нікалі трэба парадаваць сябе абновай...

МАКС: Каб жа, калі-нікалі! А мне кажа, што я не павінен блытацца ў яе пад нагамі, калі яна яруе ў пакупніцкім экстазе! Бачыш?

ВОЛЬГА: А я нават сярдую на Паўлюка, што ён па нейкіх надуманых прычынах адмаўляецца ісці са мною па пакупкі!

МАКС: Наперад, калі ён адмовіцца, то смела бяры мяне за твайго моцнага тавараносца! (Дэманструе біцэпсы.)

ВОЛЬГА: Я не адмоўлюся! Май на ўвазе! Гляджу, у цябе пыласос напагатове?!

МАКС: Я ўжо прапыласосіў... Хатняя праца асабліва не абцяжарвае мужчынскія сілы!

ВОЛЬГА: Папярэджваю, што фізічныя перагрузкі наносяць шкоду здароўю!

МАКС: Шаноўная доктарка, для мужчыны, які паважае любую жоначку, прыкласці свае сілы ў працы па хаце - гэта лёгкія трэніроўкі!

ВОЛЬГА: Зайздрошчу тваёй Ліне! Шчаслівая яна з табой, Макс!

МАКС: Ды ўжо ж намагаюся дагадзіць!

ВОЛЬГА: Сапраўды, мужу нельга дапускаць, каб у яго жоначкі ад празмернай хатняй працы счарсцвелі і рукі, і сэрца...

МАКС: Я не дапушчу! Я ласы на Алініну цеплыню і пяшчоту! Я...

ВОЛЬГА: Ты, сапраўды, ідэал мужа і працавітага гаспадара! Я кожны дзень стаўлю цябе ў прыклад свайму лайдаку Паўлу! Ды дзе тут! Толькі трымціць языком замест дзейнай дапамогі мне! Не тое ты, Макс! Я...

МАКС: Суседачка, не перахвалі малайца!

ВОЛЬГА: Словы ўхвалення не сапсуюць разумнага, добрага чалавека.

МАКС: Ды ўсё ж...

ВОЛЬГА: Пакінь ты сваю сціпласць! Ты не ўмееш сябе цаніць!

МАКС: Я не нарадзіўся пыхлівым індыком, каб зашмат уяўляць аб сабе. Даруй!

ВОЛЬГА: А мой Жартун, хаця і не паралель табе, але як ён умее падаваць сябе, як...

МАКС: Усе мы ідывідыумы роо-зныы-яя!

ВОЛЬГА: А, калі я дапякаю яго тваімі, вартымі пераймання найлепшымі мужчынскімі якасцямі, то ён без аніякага шкадавання раіць мне змяніць яго на цябе! Чуеш?

МАКС: Непераўзыдзены ён у цябе жартаўнік! Адным словам-Жартун!

ВОЛЬГА: Ён кажа, што ты мне падабаешся больш, чым ён! А я не пярэчу ...

МАКС: Твой Павел заўсёды ў лёгкім, незласлівым гуморы.

ВОЛЬГА: Аднак ён...

МАКС: А я шалёна кахаю сваю Лііну! І мяне ўлева ніякія вядзьмяркіны сілы не зацягнуць!

ВОЛЬГА: На жаль, ты кахаеш насуперак сілаў прыроды!

МАКС: Не разумею! Удакладні!

ВОЛЬГА: Вашыя з Алінай стыхіі Зямлі і Агню ніколі не дасягаюць гармоніі ў шлюбе! І ў нас з Паўлам...

МАКС: Глупства! Забабоны! Гледзячы на вашыя адносіны з Паўлам не надумаеш, што вы несумяшчальныя!

ВОЛЬГА: Муж і жонка,маючы нейкі ўзровень інтэлекту, павінны знаходзіць між сабой нейкія кропкі даткнення незалежна ад таго, якая прыродная стыхія кіруе імі!

МАКС: Можа і гэтак! Вось у вас з Паўлюком...

ВОЛЬГА: Індыйскі пісьменнік-гуманіст Рабіндранат Тагор казаў, што шлюб - гэта мастацтва, якое трэба кожны дзень правіць, рэстаўраваць...

МАКС: Відавочна... Я з усіх сілаў прагну... Але ў нас з Лінай чамусь бывае... Хаця... Я не жалюся!

ВОЛЬГА: Працуй, працуй!

МАКС: Дзякуй табе! Ты для нас з Лінай больш чым суседка! Ты і доктарка, і...

ВОЛЬГА: Дзякуй Богу, сёння ваш Міколка і здаровенькі і вясёленькі!

МАКС: Дзякуючы табе...

ВОЛЬГА: Усё добра, што добра скончылася!

МАКС: За выратаванне сына сям'я Лагодных кожны дзень павінна цалаваць табе твае чароўныя рукі!

ВОЛЬГА (смяецца) : I станавіцца на калені...

МАКС: Гэта за намі не заржавее! (Становіцца на калені і бярэ руку Вольгі, якую цалуе. )


Уваходзіць Таццяна і са здзіўленнем спыняецца.


ТАЦЦЯНА: Што гэта? Што... вы...

ВОЛЬГА, МАКС: Таццяна?!

МАКС (устае, адпускае руку Вольгі) : Як ты ўвайшла?

ТАЦЦЯНА: Ножкамі! Дзверы не замкнёныя... І ўбачыла ваш бессаромны нацюрморцік! Вы...

МАКС: У нас з Вольгай нічога...

ТАЦЦЯНА: Ага! Ваша шматзначная поза пра ўсё, пра ўсё пераканаўча распавяла...

МАКС: Ды я проста горача дзякаваў Вользе за Міколку!

ВОЛЬГА: Максім, не апраўдвайся!

ТАЦЦЯНА: Чаму ж яму не апраўдацца? Я, сяброўка яго любай жоначкі, бачыла тое, чаго не трэба было бачыць?!

МАКС: У такім разе, не марудзячы, можаш данесці Ліне!

ВОЛЬГА: Таццянка, сапраўды, жэст Макса толькі ўдзячнасць доктару...

ТАЦЦЯНА: Было ці не было ваша грэхападзенне, аднак вам павінна быць соораамнаа!

ВОЛЬГА, МАКС: Мы ж кажам табе...

ТАЦЦЯНА: Неверагодна! Муж маёй сяброўкі і яе лепшая суседка...

ВОЛЬГА: У цябе разгулялася фантазія!

ТАЦЦЯНА: Вы з Максам нафантазіравалі, а я знянацку апынулася непажаданым сведкам! Малайцы!

МАКС: Таццяна, ты моцна памыляешся...

ТАЦЦЯНА: А яшчэ клянешся Ліне, што кахаеш яе да страты пульсу! Не! Ніводнаму, нават самаму лепшаму мужу нельга давяраць! Здраднік! Не чакала...

МАКС: Я кахаю Ліну і не маю патрэбы ні ў кім іншым!

ТАЦЦЯНА: А суседка-ліпучка?

МАКС: Прасі прабачэння ў Вольгі!

ТАЦЦЯНА: I не падумаю! Мне балюча за цябе...

ВОЛЬГА: Табе балюча? Ці ты жонка Максіма?

ТАЦЦЯНА: Я сяброўка яго жоначкі з самага дзяцінства! Мы з ёй, бы сёстры! У дадатак я - хрышчоная мамка іхняга Міколкі! Я маю права...

ВОЛЬГА: Аднак не на мужа сяброўкі... Твая безсямейнасць...

ТАЦЦЯНА: Макс, ты чуеш? Твая... абняславіла мяне! Я ёй...

(Робіць крокі да Вольгі.)

МАКС (хапае Таццяну за плечы) : Не дурэй!

ТАЦЦЯНА (вырываецца) : Ты, Макс, гануча пад нагамі і Ліны, і тваёй...

ВОЛЬГА: Нізавошта дасталося нам! Даруйце, аднак мне надакучыла слухаць Таццяніну ахінею! Разбірайся, Макс, сам! Да пабачэння! (Ідзе да выхаду.)


Уваходзіць Ліна.


ЛІНА: Суседачка, не ўцякай, забачыўшы мяне! Я ж не застукала цябе на пару з маім прыватным мужам!

ТАЦЦЯНА: А яны... Яна...

ЛІНА: Бачу, жоначка - з хаты, а мужанёк збірае гарэмчык у хаце?!

ВОЛЬГА: Я зайшла паслухаць вашага Міколку!

ТАЦЦЯНА: Яна... Яны...

ЛІНА: Я пакінула свайго байструка з Гануляй! Дзякуй, суседачка! Зараз у нас няма праблемаў з яго здароўем!

ТАЦЦЯНА: Ведаеш, Макс і...

ЛІНА: Памаўчы, сяброўка! Я ведаю, што ты смалееш за Максам!

ТАЦЦЯНА: Ты што?

ЛІНА: А хочаш, я падарую яго табе сувенірам на твой дзень нараджэння?

МАКС: Не смешна!

ЛІНА: Максік, пойдзеш да Таццяны каштоўным сувенірам?

ВОЛЬГА: Божа мой, прыйдзе ж гэткае ліхадзейства ў галоўку маладзіцы...

ТАЦЦЯНА: Ты здурнела?

ЛІНА: Бачу-адмаўляешся? Ну, Максік, у такім разе я пакідаю цябе за сабой!

МАКС: Не смешна!

ЛІНА: З вамі ўжо нельга і пажартаваць?!

ВОЛЬГА: Ад недарэчных жартаў бывае...

ЛІНА: А ну вас! Макс, я пакінула ў пярэдняй пакеты. Занясі іх на кухню!

МАКС: Слухаюся, шэф! Будзе зроблена!

ЛІНА: Ды надзень кашулю! Бо мае дзеўкі шалеюць ад голага мужчынскага торсу! Забяры пыласос з-пад ног!

МАКС: Ёсць! (Бярэ пыласос і выходзіць.)

ВОЛЬГА: Ліна, я таксама пайду! Пэўна, мая Юлюшка ўжо прачнулася...

ЛІНА: Праз гадзіны дзве Міколку даставяць.То прынось тады сваю прынцэсу пагуляць з ім!

ВОЛЬГА: Ці ты - да нас Міколку...

ЛІНА: Мы з нашым байструком яшчэ не надакучылі табе?

ВОЛЬГА: Адно, альбо два дзіцяці ў хаце - клопат адзін!

ТАЦЦЯНА: Я пагуляю з Міколкам...

ВОЛЬГА: Таццяна,ты любіш забаўляцца з сынам сяброўкі, а сама не спяшаешся ўзяць шлюб ды нарадзіць дзіця...

ТАЦЦЯНА: Турбуешся за мяне?

ЛІНА: Каб завесці дзіця, не абавязкова ўступаць у непрад-казальны шлюб, во як... Я казала ёй!

ВОЛЬГА: Даруйце! Я турбуюся толькі з прафесійнай кропкі гледжання! Жыць у шлюбе з адным мужчынам - здаравей, чым...

ЛІНА: Сябровачка, на палавой глебе перасцерагайся веня-рычных ды снідаўскіх ...

ТАЦЦЯНА: Вы пра што?

ЛІНА: Пра тое, што ты яшчэ ў пошуку! Прагнеш займець сабе лепшага з мужоў... Дурная ідэалістка!

ТАЦЦЯНА: Вы абедзве шчаслівыя! Вам дасталіся Максім і Павел...

ЛІНА. Я ж кажу! Якраз і атрымаеш на сваю галаву ведзьмака ў абліччы цнатлівага, чыстаплюйнага прынца!

ТАЦЦЯНА: Адчапіцеся ад мяне! Што б вы не мармыталі, я ведаю: вы шчаслівыя!

ВОЛЬГА, ЛІНА: Шчаслівыя...

ТАЦЦЯНА: Але вам бракуе вашага шчасця, і вы...

ЛІНА: Сяброўка, мусі быць ты кідаеш каменчык у мой гарод? Я не ўтойваю, што не люблю прыпыняцца на адным... дасягнутым...

ВОЛЬГА: У некаторых самалюбак крэда: каб іх кахалі, але не яны, каб для іх усё добрае рабілі, але не яны, каб пра іх клапаціліся, але не яны!

ЛІНА: У самую кропку трапіла, суседачка! Я... Кавачкі б зараз...

ТАЦЦЯНА: Пэўна ж, твой некаханы Максік ужо зрабіў..

ЛІНА: Ты дурная! Ты не разумееш патаемных адносінаў у кожнай асобнай сям'і!

ТАЦЦЯНА: Ага! Я дурніца, а ты... вы...

ВОЛЬГА: Дзяўчаты, супакойцеся! Пайду я ўжо...

ЛІНА: А - каву?

ВОЛЬГА: Даруйце, але ў мяне ўжо няма часу, каб...

ЛІНА: Час жанчыну падганяе, бы каня дубцом сцябае!

ВОЛЬГА: Таленавітае выслоўе! Віншую!

ТАЦЦЯНА: Талентаў на Зямлі мільёны, а геніяў - адзінкі!

ЛІНА: Я ж у геніі не мкнуся - проста Лінаю завуся!

ВОЛЬГА: Не прыніжайце сябе, дзяўчаты! Кожны чалавек-асоба, якая ніколі не паўтараецца ў прыродзе!

ТАЦЦЯНА: А кланіраванне?

ВОЛЬГА: Я лічу штучнае кланіраванне людзей злачынствам! Хаця я не адмаўляю навуковых адкрыццяў на карысць жыцця ча-ла-ве-ка...

ЛІНА: Нават і блізняткі не бываюць абсалютна аднолькавымі...

ТАЦЦЯНА: А на твар аднолькавыя...

ВОЛЬГА: Чалавечае вока здольнае бачыць толькі паверхню прадмета, але не яго глыбока схаваную сутнасць!

ТАЦЦЯНА: Быццам я не ведаю...

ВОЛЬГА: У такім разе падумай пра надоечы бачанае табой! Ну ўсё, дзяўчаткі! Да пабачэння! (Выходзіць.)

ЛІНА: I што сакрэтнае твае зоркія вочы надоечы ўгледзелі?

ТАЦЦЯНА: Ты прызнаеш Вольгу сваім сямейным доктарам і амаль добразычлівай сяброўкай, але лепей было б, каб ты радзей...


Уваходзіць Наста.


ЛІНА: Мамка?!

НАСТА: Дабрыдзень, дзяўчаткі!

ТАЦЦЯНА: Прывітанне, цётачка, Наста!

ЛІНА: Мамка, ты бачыла Ганулю з Міколкам?

НАСТА: Твой Міколка сапе ў калясцы, а Гануля вачэй не адрывае ад якогась непатрэбнага рамана!

ТАЦЦЯНА: Трэба спытаць аб тым рамане! Цікава...

ЛІНА: Раманы трэба не чытаць, а... Хадземце лепш каву піць!

НАСТА: Я аднесла торбу з прадуктамі на кухню. Максімка пачаў разбіраць яе. Па ўсёй кухні з'едлівы пах ад вашай кавы...

ЛІНА: Ма-маа!!!

НАСТА : Ды ўжо ідзіце цешцеся сваім любімым напоем! А мае пачастункі...

ТАЦЦЯНА : Патураеце вы сваёй Ліне, цётачка Наста!

НАСТА: Яна ж мая дачушка!

Л ІНА: Зайздросціш, Таццянка?

ТАЦЦЯНА: Я шкадую тваю мамку, а ты дарослая...

ЛІНА: На тое ў нас матулі, каб дапамагаць нам!

НАСТА: I дарослым дзецям не бывае лішняй мамкіна дапа-мога! Ідзіце ўжо! Я пабуду тут. Адпачну трохі...

ЛІНА (цмокае Насту ): Не сумуй, мамка! Хутка твой унучок з'явіцца...


Ліна, Таццяна выходзяць.

Наста адшуквае сурвэтку і выцірае ёй пыл з мэблі. Уваходзіць Павел.


ПАВЕЛ: Маё сардэчнае прывітанне спадарыні Насцёне! Вы, як заўсёды наводзіце марафет у шалашы любай дачушкі?!

НАСТА (прыпыняе працу) : Дзень добры і табе, Паўлючок! (Кладзе сурвэтку на месца.) Дык вось, хоць забі, не магу стрымацца...

ПАВЕЛ: Праўду кажаце, што індывідыуму не па сілах пера-йначыць ягонае ЭГА, закладзенае ў яго прашчурамі! Вось і я...

НАСТА: Сапраўды! Чалавек - дзіця прыроды. Ветру, сонцу брат ён родны!

ПАВЕЛ: Ну, Настасся Рыгораўна, народны фальклор ваш так і ззяе! І ваша Ліна...

НАСТА : А твая, Паўлючок, мова...

ПАВЕЛ: Даражэнькая, не ганьце нашу сучасную, неабця-жараную сціпласцю, мову! Бо ў ёй цяпер буяюць, шалеюць сакавітыя фарбы прыйшоўшых вольнасцяў!

НАСТА: Во, во! Цяпер занадта залішне ў вас вольнасцяў!

ПАВЕЛ: Шаноўная, радавацца трэба, што вашы нашчадкі... Няўжо вам не да спадобы мы, маладыя? Няўжо я і Макс не...

НАСТА: Мінуў мой час углядацца ў... Маладое-маладым! Аднак вы, галубочкі мае...

ПАВЕЛ: Дарэмна вы пагарджаеце сваёй жаноцкасцю! Пазіраючы на вас, я бачу Марыю Антуанету ў самым росквіце...

НАСТА: Вох і Паўлючок! Умееш ты салодкім словам затлуміць галаву слабой жанчыне!

ПАВЕЛ: Я не Арфей, які сваім чароўным, салодкім спевам заварожваў, падпарадкоўваў сваёй волі ўсё навокал і асабліва даверлівых...

НАСТА: У цябе, хлопец, і так хапае лёгкага нахабства дзеля заварожвання...

ПАВЕЛ: Няўжо вы гэтак дрэнна думаеце пра мяне? Я пакрыўдзіўся...

НАСТА: Крыўда, бы вецер, закране, патузае, пагайдае душу, як тонкую гнуткую галінку, а праз нейкі час і пакіне яе ў спакоі. Не хвалюйся!

ПАВЕЛ: Не бачу Ліны! Яе няма ў хаце?

НАСТА: З чаго гэта ты пра Ліну пытаешся?

ПАВЕЛ: Даўно не бачыў маю любую суседачку...

НАСТА: I жоначку маеш прыветную і разумную, і дачушку-кветачку...

ПАВЕЛ: Маю!!!

НАСТА: А сам усё да суседак...

ПАВЕЛ: Вох, і пільнае вока ў вас, спадарынька! А наведваю я часцяком сваіх любых суседзяў, каб...

НАСТА: Вабіў бы ты свой вольны час з сваёй сям'ёй! Ёй, ліслівы каток, як цёплае паветра, кожнадзённа патрэбна твая ласка! А ты ўсё зіркаеш па баках...

ПАВЕЛ: За каго вы мяне прымаеце? Я самы ўзорны сем'янін -кот, які...

НАСТА: Самы ўзорны сем'янін, каго я ведаю, дык гэта мой любы зяцёк Максімка!

ПАВЕЛ: Мусі быць... Цешчына вока бачыць глыбока! Гэтак жа?

НАСТА: I не спрачайся!

ПАВЕЛ: Як можна? З вашага дазволу я паўзіраюся на свежую прэсу! (Бярэ з часопіснага століка газету.)

НАСТА: Бяры! Ды не забудзься потым вярнуць гаспадарам! Ідзі ўжо! Ідзі, заўзяты чытач!

ПАВЕЛ: Хоць вы і гоніце мяне, але я вас горача, горача... А гэтую свяжуткую перыёдыку, будзьце ўпэўнены, праз хвіліны вярну! Мая сцежка ў гэтую суседскую хату пратаптаная мной, і ўжо ніколі не зарасце... (Выходзіць.)


Зацямненне сцэны ці апускаецца экран. Нядоўга гучыць сцішаная музыка.


Запальваецца святло ці ўздымаецца экран.


На сцэне:

Часопісны столік, які сервіраваны на дзве персоны сталовымі прыборамі, посудам з закускамі і напоямі. Крэсла ці банкетка, на якім кінута мужчынскае і жаночае верхняе адзенне.

Ложак ці тахта, на якім пад белай прасціной бачна капашэнне двух целаў.

Чуваць гукі пацалункаў і гулкае мужчынскае і жаночае дыханне.


ГОЛАС ЛIНЫ: Усёё... Я... усё... усё...

ГОЛАС ПАЎЛА: Яшчээ... троошкіі... Даапаамаажыы... Дзякуй! Фуу!!!

Пад прасціной скончылася капашэнне.


ГОЛАС ЛIНЫ: Ну, наталіўся асалодай з маёй гарачай кры-нічкі? Прызнавайся, што я ў сэксе маю бясспрэчную перавагу перад тваёй Вольгай?! Прызнавайся зараз жа!

ГОЛАС ПАЎЛА: Салодкая цукерка!

ГОЛАС ЛIНЫ: I гэта ўсё тваё азначэнне?А дзе тваё пяшчотнае слова любасці? Ты яшчэ не казаў мне, што шалёна кахаеш тваю салодкую цукерку! Можа дрэйфіш, мой любы асілак з суседняй кватэры?


Капашэнне пад прасціной.


ГОЛАС ПАЎЛА: Не каазыычыы! Хопііць! Хоопііць! Я здааюсяя!

ГОЛАС ЛIНЫ: Буду казытаць, пакуль не вымавіш запаветнае прызнанне!

ГОЛАС ПАЎЛА: Ліінуусяя! Прашу цябе... Няўжо табе прыспешыла пачуць слова, якое даўнютка заляпана брудам хлуслівых прызнанняў?

ГОЛАС ЛIНЫ: Хачу! Хачу! І не хлуслівае, а чыстае, шчырае! Калі табе цяжка вымавіць яго, то я дапамагу табе маімі моцнымі, доўгімі пацалуункааміі!


Чуваць цмоканне.


ГОЛАС ПАЎЛА: Хопіць! Прашу цябе! Няўжо не ўцяміш, што спеўна-эратычныя словы мужчын - гэта ярка расквечаны дысплэй падману?

ГОЛАС ЛIНЫ: А што тут разумець? Калі кахаеш, не трымай у сабе! Гавары! Я прагну пачуць! Вунь мой Макс нават без маіх напамінаў штохвілінна кажа мне пра сваё найвялікшае каханне да мяне!

ГОЛАС ПАЎЛА: У нас з табой іншыя адносіны...

ГОЛАС ЛIНЫ: Нахабнік! Прыстасаванец! У нас з табой якія іншыя адносіны? Ці мы з табой... Карыстаешся мною сабе ў ахвотку! А для мяне шкадуеш вымавіць доўгачаканага мной аднаго слова! Ты...

ГОЛАС ПАЎЛА: Не пачынай нанова! Прашу цябе, Ліінаачкаа! (Выторквае галаву з-пад прасціны, пазірае на наручны гадзіннік.) Дарэчы, якая зараз гадзіна? Ну і ну!

ГОЛАС ЛIНЫ: У нас з табой яшчэ вагон часу, каб паўта-рыыць...

ПАВЕЛ: Няўжо табе было недастаткова? (Адкідвае з сябе прасціну, на ім толькі плаўкі, і апускае босыя ногі на падлогу.)

ЛІНА (адкідвае прасціню з плячэй, на ёй апрануты ліфік ці голыя грудзі, і яна абхоплівае Паўла за шыю) : Паўлючок, я гатовая пааўтаарыыць! Дааваай! Макс яшчэ няхутка прыдзе з працы!

ПАВЕЛ: Гвалтуеш беднага безабароннага мужыка?! Можа, які з мужыкоў і стоік і можа ўстрымацца ад салодкага віна...

ЛІНА: А ніякі! А ніхто!

ПАВЕЛ ( цмокае Ліну, здымае яе рукі з плячэй) : Даруй, Ліначка! Я мушу...


Уваходзіць Макс.


ЛІНА, ПАВЕЛ: Маакс?!


Ліна, седзячы ў ложку, хутка цягне прасціну да шыі. Павел хутка ўстае, бярэ свае штаны і нацягвае іх.


МАКС (аслупянеў) : Выы?! Ліна?! Павел?! Выы...

ПАВЕЛ: Макс, даруй... Нам трэба пагаварыыць...

МАКС (ідзе да Паўла) : Пагаварыць?! Мы пагавоорыым... Поотыым... А зараз згінь! Пайшоў воон. Воон!!!

ПАВЕЛ: Ты павінен... Маакс...

МАКС (ідзе да століка) : Я кажу: ідзі воон!

ПАВЕЛ: Ліна, мне застацца?

ЛІНА: Не трэба! Мы разбярэмся самі!


Павел выходзіць.


МАКС (са століка бярэ сталовы нож ): Мая рука... не здры-ганецца! Не! Я...

ЛІНА: Маакс! Не шалей! Паачаакаай! Даарууй... Не трээбаа... Ааа!!


Макс б'е Ліну нажом.

На белай прасціне расцякаецца чырвоная пляма.


3 А С Л О Н А.


Сумна гучаць саборныя званы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX