ЛІДЗЕЙКА І ЛІДКА
ці паданні ліцвінскіх лясоў
П'еса ў дзвюх дзеях з танцамі ды песнямі
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
ЛІДКА - хударлявая маленькая дзяўчына з вялікімі вачыма, вайдэлотка, траўніца.
ЛІДЗЕЙКА - крывекрывейтэ, волхв, адзін з трох Сведкаў; пераверацень, ваўкалака.
ПАНІ ВАНДАЛІНА - асоба няпэўнага ўзросту, ведзьма, палюе на Лідзейку, каб скарыстацца яго моцаю.
ЯЗЭП - брамнік пані Вандаліны, пераапрануты Лідзейка.
ПАНАС - сведка дзеяў, кум сваёй кумы.
КУМА ЛЯКСАНДРА - недзе існуе, прывячае Панаса.
МУЗЫКІ, МОЛАДЗЬ з навакольных вёсак.
Як яны граюць, як яны пяюць, а танчаць !!!
Дзея I
Пані Вандаліна пяе "За туманам", у руцэ кубак.
Уваходзіць Лідка.
ЛІДКА: Пані Вандаліна, я ад Яся Крывога. У яго, памятаеце, карова хварэла, то я ўзвар зрабіла, як маці вучыла, словы, як вы наказалі, прашаптала… То карова, як цёлка гуляцца пачала, і кроў з малака знікла. А Ясь Крывы грошы мне даў і каўбасы тры, то… я адну паспрабавала, а дзве вам прынесла. Яны не такія смачныя, як вашы, але … такія прыемныя.
Цётачка, а ці будзе заўтра вечарына ў вас, як заўсёды. А тут і свята на дварэ, Усе Святыя, а мароз ільдом ужо з берагоў прыхапіў, холадна.
ПАНІ ВАНДАЛІНА: То супакойся… Будзе і вечарына, і пачастунак, кашы наварым, ды з каўбасамі. То бяжы, мая ты любая, дахаты, адпачні,
Лідка сыходзіць.
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Язэп! (Уваходзіць Язэп.) Пакліч на вечарыну людзей, а бабам, як прыйдуць, дай кудзелю прасці, за працу чвэрць гроша абяцай. Хопіць. Ім і вечарыны досыць. Але ж, я ведаю - праца ўзнагародзіцца павінна. Ты зразумеў?
ЯЗЭП: Ужо, ужо, ужо… (сыходзіць).
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Мой шэранькі, ты ж не можаш без людзей, без жонкі ты не можаш, запавет-звычай выконваеш… Мой шэры, мой шэры. Я цябе на кроў дзявочую лапаць буду. Як шчупака (усміхаецца) на ўклейку.
Лідка вяртаецца.
ЛІДКА: Пані Вандаліна! Цётачка, а я ўчора перад сном пашаптала па вашай навуцы:
Месяц, месяц малады,
У цябе рог залаты.
Ты ўвесь сусвет абыдзі,
А мне пару знайдзі.
З кім мне век векаваць,
Каб у сне павідаць.
Але ж я не бачыла нічога…
Як я стамілася адна, паўсюль адна. Хлопцы ў мой бок нават глянуць не смеляць. (Жартуе.) Хоць бы адзін сабака, хоць бы адзін воўк, ці мядзведзь у мой бок глянуў, прыйшоў ды пра каханне да мяне сказаў, а мне ў грудзях так горача стане… Можа той сабака да мяне на вашай вечарыне падыдзе… Ці шэры які (усміхаецца).
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Ой, дзеўка, знайшла час, калі прасіць, дый у голас! Ты ж ведаеш, сёння ўсе чаруюць… Вох, пачуты могуць быць твае словы… Паглядзім… Як рака пад ільдом схаваецца, бачу, прыйдзе твой лёс да цябе. Твой лёс…
ЛІДКА: Спраўдзіца? Цётачка Вандаліна, калі ўсё будзе, як вы кажыце, я, я для вас усё зраблю.
Пані Вандаліна пяе песню "Вол бушуе".
ЛІДКА: Вы жартуеце (выбягае).
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Твой лёс…. Язэп, ты дзе, ці пайшоў людзей запрашаць?
* * *
Тая ж хата, у хаце госці. Музыкі граюць ледзь чутна, моладзь нешта чакае, перамаўляючыся паміж сабою. З'яўляецца Язэп.
ЯЗЭП: Ой, вечарына. (Пяе.)
Сягодня ў нашай хаце будуць танцы,
Віно, піва і патрасуха.
Усе апрануты як іншаземцы…
Сягодня да спадобы ты такая, як ёсць.
Сягодня да спадобы ты такая, як ёсць,
А заўтра можаш брыдкай быць.
Танцуе рок-н-рол.
ПАНІ ВАНДАЛІНА (уваходзячы): Язэп! Гэта песні іншых часоў!!! (Сядае ў крэсла. Лідка з ёю.)
ЯЗЭП: То я перапрашаю! (Пяе песню "Пайду я ў новую канюшню", спрабуе пець з гледачамі). А зараз полька! (Моладзь танцуе). Ойра-ойра (Запрашае паню Вандаліну танчыць, да танцу запрашаюцца гледачы). Ды і кракавяк!!!
ПАНІ ВАНДАЛІНА (пасля танцу): Язэп! Ідзі, там нехта ў браму грукае, то запытай, чаго!
Язэп выходзіць. Моладзь танчыць. Уваходзіць Лідзейка.
ЛІДЗЕЙКА: Вечар добры ў хату! Ці не дазволіце зайсці да вас?
МОЛАДЗЬ (з цікавасцю, перш, чым пані Вандаліна, адказвае): Просім.
ЛІДЗЕЙКА: І ў горадзе пра вашую вечарыну пагалоска ідзе, і ў мястэчках, вось я і завітаў. Цалую руку пані (цалуе), цалую руку панначцы (цалуе, Лідка засаромеўшыся вырывае руку). А ці дазволіце, пані?
ПАНІ ВАНДАЛІНА (называецца): Пані Вандаліна.
ЛІДЗЕЙКА: Ці дазволіць, пані Вандаліна, запрасіць да танцу панначку?
ЛІДКА: Лідка… Лідка мяне клічуць…
Танчаць разам польку і "Ойра-ойра". Пані Вандаліна назірае за танцорамі, на вуснах драпежная ўсмешка.
ЛІДЗЕЙКА (пасля танцу садзіць Лідку на крэсла): А дазвольце пачаставаць гаспадароў гэтай хаты і ўсю грамаду. (Прыносіць мех з прысмакамі: мёд у сотах, шынкі мядзведжыя. Пані Вандаліне даруе пацеркі з бурштыну, як і Лідцы. А ёй яшчэ і бранзалет (пярсцёнак) срэбны на хустцы падае).
ЛІДКА: А, давайце, паспяваем.
ЛІДЗЕЙКА: А, дазвольце, пацешыць вас. (Спявае "Ой сівы конь стаіць". Пад час слоў "А як бы я жыла…" да спеву далучаецца Лідка).
ЛІДКА: Сумна вы спяваеце…
ЛІДЗЕЙКА: Сумна? Сум застаўся ў мінулым, чаго сумаваць: вечарына - добрая, дзяўчынка (панначка) - прыгожая, музыкі граюць, дзеўкі спяваюць.
Дзеўкі запяваюць, але да Лідзейкі падыходзяць мясцовыя хлопцы. Спрабуюць Лідзейку "пад мікіткі" ўзяць. Пачынаецца бойка, Лідзейка спрытна раскідвае хлопцаў. Тыя ўцякаць, Лідзейка за імі. Лідка кідаецца за Лідзейкам. Пані Вандаліна спыняе яе.
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Стой Лідка, куда ты імкнешся. Самі вызначаць паміж сабою, хто і навошта. Ты вось падумай, адкуль такі паніч у нашай вёсцы. Мы ж усіх ведаем у наваколлі. І ў горадзе такі паночак на вочы бы патрапіў…
ЛІДКА: Ой, цётачка, вы і скажаце. У мяне- аж дрыжыкі па скуры ад думкі пабеглі… Сапраўды, хто ён? Адкуль? І я… А чаму ён ўвесь час ў кажуху? Спякотна ў хаце… Што рабіць, цётка Вандаліна?...
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Ведаю я. Можна вось што зрабіць. Як ён запросіць да танцу, ці размаўляць будзе з табою, ты з яго кажуха нітку выцягні, ды, можа, волас яго ўбачыш на адзенні. Усё да мяне прынясі, і я дапамагу табе, як ён сыйдзе, даведацца - адкуль ён.
Грукаюць дзверы, на руках (на плячах) задаволеныя хлопцы ўно-сяць Лідзейку, які саскочыў і падыходзіць да пані Вандаліны і Лідкі.
ЛІДЗЕЙКА: Перапрашаю, бо без слоў развітання адыходзіў. Але ж самі ўсё бачылі. Звычай: хлопцы "паважылі" мяне, і я "выказаў ім павагу"… Таксама па звычаю… Але, калі праз гэта быў да вас, яснавяльможная пані Вандаліна, і да вас, ясная панначка Лідка, не ветлівым, то я перапрашаю.
ПАНІ ВАНДАЛІНА: То, як не дараваць такому пану моцнаму, ды і шляхетнаму. Вось і Лідка вам даруе.
ЛІДКА: Так. Так. Пану моцнаму і шляхетнаму.
ЛІДЗЕЙКА : Ці дазволіце, пані Вандаліна, некалькі слоў найяснейшай панне Лідцы сказаць.
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Так. Так. А я як раз некалькі словаў жанчынам скажу. (Адыходзіць.)
ЛІДЗЕЙКА: Панначка, панначка. Не судзіце мяне за словы мае, за словы шчырыя, словы ад усяго майго сэрца.
ЛІДКА: Вы палохаеце мяне.
ЛІДЗЕЙКА: Не, як можна. Панначка такая вытанчаная, такая добрая да людзей. Да мяне. Я ведаў - існуе ў Сусвеце такая прыгажосць і такое светлае сэрца. Але, як убачыў панначку, сэрца маё ўскрыкнула: "Яна!" І жыць без яе надалей немагчыма. Можна хадзіць, есці, спаць, працаваць… Але, гэта не будзе жыццё, калі не бачыць: як блытае свой свет месяц у валасах наймілейшай, не бачыць шчаслівыя вочы адзінай…
ЛІДКА: Пан! Паночак! Якія словы вы кажаце! І ажно праз дзве гадзіны знаёмства! Мабыць, пану хлопцы ў галаву пацэлілі. Пану дрэнна?
ЛІДЗЕЙКА: Хлопцы? Пацэлілі? Панначка жартуе. А я - не! Я сказаў словы свае да вас, мая найкаханнейшая панначка Лідка. Я - сказаў, а вы, спадзяюся, пачулі іх. Але, дам я вам час зразумець мае словы… Я пакуль сыйду, але ж абавязкова вярнуся. І панначка скажа, ці кранулі мае словы яе сэрца, ці згодна яна адказаць на словы мае. Ці пойдзе панначка, пані мая, са мною, на ўсё жыццё, аж да скону. Удваіх… Разам, аж да скону… аднаго з нас…
ЛІДКА: То сыходзьце!!! Не катуйце мяне. Сыходзьце! Я адкажу вам, як будзе ізноў сустрэча.
Лідзейка сыходзіць, развітваецца з пані Вандалінай, з людзьмі.
Лідка падбягае да пані Вандаліны.
ЛІДКА: Ой, пані Вандаліна! Пані Вандаліна! Ён... ён казаў аб каханні… Клікаў за сабою. Але ж куды?! Цётачка, дапамажыце… Крануў ён сэрца маё, дапамажыце, цётачка мая Вандаліна.
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Добра! Добра! Дапамагу. Людцы, досыць баляваць, час ужо дахаты ісці. (Народ сыходзіць.) А мы ўжо да справы. Возьмем нітку і волас ад цябе. Возьмем нітку і волас яго. Ты ўзяла іх ад яго?
ЛІДКА: Так. Вось яны.
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Добра, амаль палова справы зроблена. Возьмем дзевяцісіл, івана-ды-мар'ю, воўчую ягаду … (ціха мармыча, кладучы ў чыгун зёлкі).
(Уголас.)
Ваду праз абух праліваю,
Ваўкалаку, злога духа,
Як абухом адбіваю.
Ад бела ліца, ад (колер) валаса.
Як мы калу не ўжываем,
Так Лідка ніякага гора няхай не знае.
Отча наш…
Як Хрыстос нарадзіўся,
На Ярдане рацэ хрысціўся.
Хрысціў неба і зямлю, і сеяў ваду.
На ўвесь свет перыкі ляцелі.
Як гэтых пырскаў нікому не сабраць,
І карэнне ўсяго ў зямлі не парваць,
І зорак з неба не паздымаць,
Як тапару ў печы не ляжаць,
Так шэраму зверу дзеўкі не відаць:
Здайся пнём і агнём…
Пані Вандаліна бярэ клубок (скрутак) нітак, палівае зёлкамі, перад гэтым у клубок (скрутак), уцісквае ніткі і валасы Лідкі, ды госця. Лідка выціскае з пальца кроплю крыві на клубок (скрутак).
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Ці ёсць у цябе хустка з крыжамі, якую ты, па маіх словах вышыла ад ранку да вечара, малітвы кажучы, слёзы ад успамінаў па бацьках льючы?
ПАНІ ВАНДАЛІНА (пырскае чароўным узварам на гледачоў, кажучы): Паспрабуем, мо, ёсць пераваратні тут, вось я іх…!
Лідка бярэ клубок (скрутак) нітак і кідае ў бок, куды пайшоў Лідзейка і ідзе за ім.
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Ідзі, ідзі і прынясі мне (негалосна), дай мне, дай мне… І ён-будзе мой!!! (Пані Вандаліна запрашае гладачоў пайсці за Лідзейкам і Лідкай. Народ бярэ лямпы і ўдзе за Паняй Вандалінай. Апавядае яна аб ваўкалаках, жах які!!!).
Дзея II
На краі поля, ці на краі могілак, зламанае дрэва (ці ў замку корч), у ім тырчаць два нажы. Лідзейка параапранае кажух на левы бок і пераскоквае цераз два нажы. Яго пачынае біць ліхаманка, ён вые ад болю, перакідваецца напалову ў ваўка.
З'яўляецца Лідка, аблівае са збана Лідзейку, хустачкай хапае нажы і спрабуе ўцячы. Лідзейка даганяе яе і заступае шлях, але не датыкаецца да Лідкі. З цяжкасцю пачынае з ёй размаўляць.
ЛІДЗЕЙКА: Воў, Лідка, душа мая, спыніся. Куды ты бяжыш, навошта забрала тое што належыць мне, чамууу балюча робіш мяне? Я не чакаў ад цябе такога болю… Навошта? Чаму?
ЛІДКА: Ты злы! Ты пераварацень! Ты ваўкалак! Ты мяне хацеў з'есці і душу маю загубіць! А я … я… я так спадзявалася, думала - ты…тыы…. Я … Я пачала кахаць цябе! Я… разам, спадзявалася… (плача).
ЛІДЗЕЙКА: Не плач, не ірві мне нутро, вантробы мае, сваімі слязамі… Каб я прагнуў забіць цябе, ці ж не мог я дачакацца цябе ў лесе, калі ты па вёсках бегала, людзям і худобам дапамагаючы? Перастрэў бы дзе - і шукай вецер твае косткі, калі б я быў людажэрам.
ЛІДКА: Ты - воўк!
ЛІДЗЕЙКА: Воўк! І воўк - таксама! Я шмат кім быў за сваё жыццё. І буду. Я прыходзіў да цябе…, ратаванне маёй душы, любоў мая, аж да скону, наканавана ты была мне. Краем, Лёсам, Звычаем, Тым, чыё Імя не вымаўляецца. Моц вялікая дадзена мне. Сведка я, Сведка прыходу Збаўцы. Сведка яго перамогі над смерцю. Сведка яго вяртання на нашу Зямлю. І таму не паміраю. І таму я захоўваю Звычай Краю і выконваю яго Волю. А адзін з яго запаветаў: злучыцца чалавек з жонкаю сваёю, і будуць яны адно… Хто я такі, каб не выкон-ваць Загады Яго. Я ж бачыў Веліч Яго, чуў словы Яго…
Твой род ведаў Звычай Краю нашага, ён захоўваў яго. Ты, ад народзінаў, была наканавана мне… Я прыйшоў па сваё, па звычаю. Але ж, калі я ўбачыў цябе, я…, я… адчуў, як затрапятала сэрца маё, я зразумеў - ты адзіная! Аж да скону! Ты - і толькі ты! Я кахаю цябе, Лідка…
ЛІДКА: Ты …мяне… (здзіўлена) кахаеш… Не маніш? А як мне пайсці за табаю, за табою - ваўком?! А як, як, мне пакахаць ваўка?
ЛІДЗЕЙКА: Любая, … воўк - гэта не галоўнае. Ваўком лягчэй у лесе жыць, толькі з прыроджанымі ваўкамі лепш не сустракацца. Шэрыя браты чуюць дух чалавечы ў мяне. І злуюцца… Біцца спра-буюць… А навошта іх забіваць? Таму я ад іх заўсёды сыходжу. Я-чалавек. Але ж гэты чалавек мае патрэбу, каб ты аддала мне мае нажы, бо я, па звычаі, не здольны забраць іх у цябе сілаю і зноў перакінуцца ў чалавека. Назаўсёды, пакуль ты са мною. А каб ты больш даверу мела да мяне - я табе іх аддам.
Вырашай любая, бо сёння ноч, калі Ён прыйшоў на гэты свет, каб спраўдзіліся словы яго, якія ў Кнізе кнігаў. Я павінен, разам з двума Сведкамі ізноў пайсці, прывітаць Яго, падарункі ўскласці да ног Яго… Вырашай, любая, каханне маё, ці пойдзем разам, шлях доўгі, а часу, калі не ў воўчай скуры бегчы, не шмат.
Словы ты мае чула. Словы мае непарушныя. І гэтыя словы: "Я кахаю цябе!" І гэтыя словы: "Вер мне!"
Знянацку з'яўляецца пані Вандаліна з удзельнікамі вечарыны, у руках у іх вілы, цапы, сярпы, вяроўкі…
ПАНІ ВАНДАЛІНА (крычыць): Вось пераварацень!! Людцы!! Біце яго, хапайце яго!!!! Дзесяць залатых за яго!!!!"
Народ рушыць з крыкамі на Лідзейку, наперадзе мужыкі, але Лідзейка ведае старажытную ліцвінскую бойку, і ён на мужыках паказвае яе адмысловыя рэчы… спрытнымі рухамі мужыкі павалены на землю, абяззброены, маўчаць у шапку.. шлях на волю замінаюць жанчыны.. адзін крок да іх - і воля!!!! Але... Лідзейка спыняецца, бо біць жанчын - крыўдзіць зямлю…
Лідзейка схоплены, яго вяроўкамі вяжуць да слупа.
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Вось ён і мой, давай мне ўжо … Ён да цябе ўжо ніколі не падыдзе, вольнай будзеш ад яго (ўсміхаецца) Адмовілася ты ад свайго ваўка…
ЛІДКА: Нешта, цётачка, вы кіраваць мною пачалі, загадваеце мне .. ні "калі ласка", ні "дзякуй". І ад яго я не адмаўлялася…. Дзіва, крыважэр, а ніводнага нават не падрапаў, толькі адбіваўся, на волю ідучы… Чаму????!! І чаму вы, цётачка, сюды прыйшлі і людзей за сабою прывялі???!! Самі казалі, каб ніводная душа не ведала!
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Лідка, дурная…
ЛІДКА: Я не дурная. Я, як і вы - шляхцянка!! Годнасць і гонар маю!! І розум!!
ЛІДКА (звяртаецца да людзей): Людзі, вы ўсе ведаеце мяне??!!"
ЛЮДЗІ: Так!
ЛІДКА: То пакіньце мяне з гэтым пераваратнем, словы маю да яго…За мяне не хвалюйцеся, вы яго дообра да слупа прывязалі. Дый у мяне ёсць (паказвае нажы ў хустцы) … (Падыходзіць да Лідзейкі.) Навошта табе я? І хто ты, насамарэч?
ЛІДЗЕЙКА: Я - Лідзейка, слуга Роду, Крыве-Крывейта Літвы, ужо не адно стагоддзе.. не адзін тузін стагоддзяў… Абраны я быць сведкам. Таму і не ведаю смерці….
ЛІДКА: Стагоддзі??? А… кажуць - ты памёр колькі часу назад…?
ЛІДЗЕЙКА: Не памёр і не памру. А людцы бачылі, як сыходзіў у лясы стары Крыве-Крывейта, як вучні яго шукалі дзіцянятка, падоб-нага на яго. Як бралі ў навуку ў Радуньскую пушчу, і праз колькі год з яе выходзіў новы Крыве-Крывейта. І ніводны не бачыў - гэта ізноў быў я...
ЛІДКА: Сэрца маё кажа - ты не падманваеш… Вось твае!! (аддае нажы).
Лідзейка, крэмсціць вяроўкі, б'е нажамі ў камень, і скача спіной наперад, цераз нажы. Выцягвае з каменя нажы, аддае іх Лідцы. Яна пакідае іх у руцэ яго. І яны, узяўшыся за рукі, разам ідуць прэч.
Пані Вандаліна пад час размовы нярвуецца, цягне рукі да Лідкі з нажамі, але не рызыкуе замінаць. Калі Лідка і Лідзейка сыходзяць, аднекуль з'яўляецца Панас.
ПАНАС: Што было далей, людзі рознае кажуць. Адны, што, забраўшы нажы, Лідка пайшла ў манастыр, каб замаліць сувязь з ваўкалакам, а Лідзейка на яе чары наклаў, каб яна не памерла. А моц у Лідзейкі ад Краю, моц бязмежная, бо Край наш Божы, і моц Лідзейкі ад Бога. Іншыя - дурныя - кажуць, не вытрымала Лідка, выхапіла нажы, пабегла, у палонку патрапіла і ўтапілася, а праз гэта горад наш, які не адно стагодзе існаваў і існуе, пачаў звацца Лідай. Брэшуць!!!! А я вам кажу: бачыў я каханне, каханне ўзнікла ў іх, разам яны ідуць па зямлі закаханыя аж да скону. Як я бачыў, пытаецеся? То я на сасне сядзеў, бачыў усё. А чаму на сасне сядзеў? Спужаўся, як Лідзейка пачаў перакідвацца ў воўка! А што я ў лесе рабіў? То ж са свята ад кумы ішоў, Каляды ж, ці Усе Святыя, не памятаю…! Ну, я і засядзеўся ў кумы, у Ляксандры, добрая кума і гарэлка ў яе!! Потым мяне з яе суседзі драбінамі здымалі! З кумы? З якой кумы, ёлупы!!! Не-е - з сасны! Чаго рагочаце, зубы прадаеце, злыя вы. То я змоўкну! Прэч пайду! Сыходжу я ад вас. (Сыходзіць.)
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Нічога, нічога, не сёння, шкада… Колькі год… Ён будзе мой! Будзе! (Звяртаецца да гледачоў.) Вы тут нічога не бачылі. Вы нікому, ніколі не скажаце аб тым, што бачылі тут. Альбо вам прыйдзецца вяртацца да мяне, і тых, каму скажаце, за сабой цягнуць. І прасіць мяне, каб зняла чары… Але ж, каб шлях ваш быў лёгкі - вось мае словы: "Госпаду Богу памалюся, Маці Прачыстай пакланюся. Не сам сабою, Гасподзь са мною, Гасподзь з вамі. Прачыста мамачка, стань ім на помач".
Побач, пляскаючы мячамі, шчапіўшыся, прабягаюць латнікі.
ПАНІ ВАНДАЛІНА: Ой, трэба ісці, супакоіць пакінутых латнікаў. Нешта ж яны раз'юшыліся, нешта ж яны свавольнічаюць. Мабыць… але ж не… не, гэта зусім іншая гісторыя… Аб ёй маўчаць муры. (Сыходзіць.)
Пад час дзей гучыць недзе смех дзіцяці, чутны крокі людзей, льецца ў збаны і кубкі нешта, бразгаюць дзверы, чутны пагалосныя песні.