Папярэдняя старонка: Ад Лідскіх муроў 8

МЕМУАРЫ 


Аўтар: Раствароўскі Андрэй,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Андрэй Раствароўскі

ЗЯМЛЯ, ЯКОЙ УЖО НЕ ЎБАЧЫШ [1]

Фрагменты ўспамінаў

C. 7

Я нарадзіўся ў Вільні ў гатэлі Георг 30 траўня 1899 г. Гэты гатэль у той час быў уласнасцю майго таты, і ў ім, на другім паверсе, жылі мае бацькі. Мой тата Тадэвуш [2], сын Рамана [3] і Марыі з Глогераў [4] нарадзіўся ў 1860 г. у Кавалёўшчыне на Падлессі, быў архітэктарам і разам з тэхнікам-будаўніком Казімірам Зімерманам меў у Вільні будаўнічае бюро [5]. Мая маці Зоф'я з Аскеркаў [6], нарадзілася ў 1873 г. у Вялікім Мажэйкаве Лідскага павета, была дачкой Аляксандра Аскеркі [7], сябра паўстанцкага ўраду 1863 г. і Тэадозіі з Грабоўскіх [8]. […]

С. 76

Вакацыі 1914 г. праходзілі нармалёва. Купаўся ў рэчцы, лавіў рыбу, рабіў выправы пад парусам. ... У тое лета я першы раз у жыцці назіраў зацменне Сонца, якое зрабіла на мяне вялікае ўражанне. Гэта было поўнае зацменне. Птушкі хваляваліся, святло зрабілася бурага колеру, і калі праз нейкі час дзень пачаў святлець, у прыродзе запанавала шчасце. […]

С. 452-464

У 1917 г. у Парыжы памёр брат бабулі Аскеркі Станіслаў Грабоўскі [9]. Пакінуў спадкі: маёнтак Вялікі Мажэйкаў у Лідскім павеце, дамы і пляц у Вільні, нейкія дэпазіты і тастаманты. Таксама засталіся нейкія спадкі і пасля цётак Важынскіх, маці якіх таксама была з Грабоўскіх - другая сястра дзядзькі Станіслава. Цёткі Важынскія памерлі, і апошняя з іх Марыя адпісала сваю маёмасць - маёнтак Ішчална, які знаходзіўся каля Вялікага Мажэйкава, дзецям сваіх кузінаў - Аскеркам і Верашчакам. Справа ўскладнілася, калі сярод прэтэндэнтаў на Ішчалну з'явіліся Лясковічы [10], бо маці Важынскага была з Лясковічаў. З іншага боку ўлады імкнуліся забраць зямлю, якая належала Мажэйкаву для вайсковых асаднікаў.

У апошнім падзеле прынялі ўдзел і Верашчакі [11] (бо сястра Грабоўскага Францішка выйшла замуж за Стэфана Верашчаку) і Аскеркі (па бабулі Тэадозіі з Грабоўскіх, якая была замужам за Аляксандрам Аскеркам). Вырашылі падзяліць маёнтак на 36 частак. 15/36 перайшло да Верашчакаў, 21/36 да нашчадкаў Тэадозіі Аскеркі. Гэта частка адышла да яе трох замужніх дачок, якія атрымалі свае часткі ў залежнасці ад колькасці дзяцей. Найбольшай частка, 9/36, дасталася Марыі Мінейка з Аскеркаў, якая мела чацвёра дзяцей. Мая маці, якая мела двух дзяцей атрымала 7/36, а Оля Ваньковіч, як адзіная дачка цёці Гусі Горват з Аскеркаў, успадкавала 5/36 маёмасці. Гэтыя прапорцыі падзелу адносіліся як да нерухомасці, так і да рухомасці, якой дарэчы, было няшмат.

Дзядзька Грабоўскі быў нежанаты і доўгія гады гаспадарыў у Вялікім Мажэйкаве. Маёнтак меў каля 10 000 гектараў і цягнуўся бесперапынным пасам шырынёй ад паловы да двух кіламетраў і даўжынёй каля трыццаці кіламетраў ад лесу і фальварка Жукі пад Васілішкамі, праз Вялікае Мажэйкава, Марцінішкі, Гай, Раманаўцы, Скабейкі, Мікушкі, Лябёдку, Станіславова да Шаўдзюноў на беразе Нёмана. Далей гэты пас перакрочваў праз Нёман і за ракой маёнтак меў яшчэ 200 га лесу, сярод лясоў так званай Яворскай Руды, якія належалі да Жалудка Лідскага павета. Фальваркі мелі добрыя гаспадарчыя будынкі (некаторыя, як Лябёдка і Станіславова былі спалены пад час вайны) і добры інвентар, бо немцы яго не нішчылі. У Вялікім Мажэйкаве меўся вінакурны завод, два млыны і выдатны лес, які не ведаў сякеры. Зямлі былі добрыя, а аграрная культура на вышыні, як пра яе сказаў прафесар Ластоўскі [12]: "гетманская". Калісьці Вялікае Мажэйкава належала гетману Хадкевічу [13]. Да Першай сусветнай вайны гаспадарка грунтавалася на вырошчванні збожжа, якое па меры абмалоту з аднаго фальварку перавозілася ў наступны, ажно покуль усё збожжа не збіралася ў вялікім збожжавым амбары ў Шаўдзюнах над Нёманам. Праз зіму, у залежнасці ад ураджаю цесляры будавалі адну, дзве ці тры барківіціны і ўвесну, па Нёману, шматвяковым шляхам, збожжа везлі ажно да Караляўца (Кенігсберга), дзе яго заўжды прадаваў адзін і той жа гандлёвы агент. Пачынаўся абмен тэлеграмамі, агент штодзённа перадаваў кошты і нарэшце з Мажэйкава прыходзіла каманда: прадаць! І тады збожжа прадавалася разам з баркамі. Потым пачыналіся разлікі. Я яшчэ паспеў пазнаёміцца з некаторымі сялянамі ў Шаўдзюнах, якія некалькі разоў вадзілі тыя баркі са збожжам.

Наогул, дзядзьку Грабоўскага сяляне ўзгадвалі як добрага пана, але казалі, што ён часцяком упадаў у злосць. Адміністрацыя, эканомы, лясная варта памяталі яго строгім але справядлівым. У дачыненні да непрыстойных ці непаслухмяных - часам нават жорсткім. Паважаў добрых гаспадароў. Меў два замілаванні: паляванне і лес. Некалькі разоў бывала такое, што маючы 5 000 га лесу купляў у суседзяў лес на дровы, бо шкадаваў свае дрэвы. У выніку мы ўсе атрымалі нецярэблены лес, шмат было дрэваў з дупламі ці нават зусім спарахнелых. Шмат было соснаў у 5-6 кубаметраў драўніны з вышынёй ствала ў 30 метраў. Мокрыя нізіны параслі ёлкай, бярозай, алешынай.

Быў вялікім паляўнічым і таму да вайны ўтрымліваў выдатную сабакарню [14]. Меўся адмысловы мураваны будынак, які потым быў перароблены на сушню насення. Стала гаспадарыў тут сорак гадоў і толькі ў 1900 годзе выправіўся ў Парыж, дзе яму так спадабалася, што пражыў там ажно да 1905 г. Чым там займаўся - не вядома, аднак шмат грошай не выдаткаваў, вось толькі да яго замілаванняў дадалося яшчэ адно - фатаграфія. Вялікая колькасць ягоных фотаздымкаў была зроблена з сапраўдным артыстызмам. Вярнуўся ў 1905 г. і патрапіў у рэвалюцыю - як толькі вылез з брычкі за трыццаць кіламетраў ад Ліды (чыгункі Ліда - Ваўкавыск яшчэ не было) дык у першы ж дзень натоўпы сялян патрабавалі ад яго дрэва, зямлі і "свабоды". Таму загадаў замяніць коней і адразу ж выехаў у Ліду і далей у Парыж. Больш ніколі ў Мажэйкава не вяртаўся. У Парыжы ён і дачакаўся Першай сусветнай вайны, і там, у далечыні ад сваёй маёмасці, якую занялі немцы, жыў вельмі сціпла, з ласкі сваёй былой дамы сэрца, памёр у 1917 г. Мадам Валес атрымала запіс на 300 000 франкаў, бо дзядзька як педант і аматар парадку ва ўсім, выправіў у Парыжы тастамант. Сярод ягоных папер у Вільні засталося шмат фотаздымкаў, разглядаючы іх можна было здагадацца, што ў свой час ён вельмі цікавіўся зоркай польскай сцэны Мечыславай Цвіклінскай [15]. Адзінай навіной паўторнага побыту ў Парыжы было тое, што кожны год на Вялікдзень ці на Вялікі пост (як апавядала нам жонка аптэкара Зыбяртовіча з Шмігераў) у Мажэйкаве забівалі дванаццаць свіней. З іх рабілі "літоўскія вяндліны", шынкі, сухія каўбасы і некалькі вялікіх кавалкаў найлепшага сала. Усё гэта клалася ў прыгожа зробленыя скрынкі з альховага дрэва і экспрэс-поштай дасылалася да дзядзькі ў Парыж. З кім усё гэта спажывалася было невядома, але відавочна, што па-за мадам Валес ён больш нікога не ведаў, бо ніхто і ў ніякіх успамінах яго не ўзгадвае. Меў ён у жыцці два засмучэнні: першы раз калі праз ягоныя лясы будавалася шаша Гародня - Ліда і на працягу трох кіламетраў выцерабілі дваццацімятровую прасеку. А другі раз, калі праводзілі чыгунку Ліда - Ваўкавыск і таксама выцялі кавалак лесу. У другі раз эканом маёнтка атрымаў загад ужыць любыя высілкі, каб чыгуначная станцыя, якая потым атрымала назву Скрыбаўцы, не будавалася на землях маёнтка Вялікі Мажэйкаў. І таму станцыя была пабудавана больш далёка ад маёнтка, чым першапачаткова планавалася. Сам маёнтак быў вельмі стары, бо нават шырокі, высаджаны двума радамі бяроз тракт Баторыя абмінаў яго вакол, каб потым вярнуцца да першапачатковага кірунку. Згадаю мімаходзь, што слынныя літоўскія тракты, абсаджаныя па абодвух баках двума радамі дрэў, якія называліся па рознаму: Кацярынскія, Напалеонаўскія, былі вельмі старымі, што добра вызначалася ўзростам бяроз, якія штогод ламаліся ветрам ці бурай. І новых дрэў ніхто ніколі не падсаджваў. Шматразова я вызначаў узрост паваленых бяроз і заўжды яны былі часоў Баторыя. Пра гэта ж кажуць старыя хронікі і ўспаміны - Баторы рыхтуючыся да вайны з Масквой загадаў будаваць дарогі.

Мая маці нарадзілася ў 1873 г. у Вялікім Мажэйкаве пасля вяртання яе бацькоў з Сібіры. З даўняй службы, якая памятала яшчэ дзядзьку Грабоўскага, заставалі: кладаўшчык ... Якубоўскі, эканомы: Лейка, Зыбяртовіч, Аўгустоўскі, Русецкі, ляснічы Чапля, лакей Палуян, некалькі леснікоў і людзі з фальварковай службы. Маёнтак у часе вайны (Першай сусветная - заўвага перакладчыка ) пацярпеў адносна мала. Згарэлі два дальнія фальваркі: Станіславова і Лябёдка. У самым Вялікім Мажэйкаве не знайшлося 100 рублёў, якія патрабавалі казакі за тое, каб яны не спалілі двор. Ніхто з прыслугі не меў ці не пажадаў адкупіцца, і стары, пабудаваны з лістоўніцы дом, які памятаў яшчэ Хадкевіча, згарэў. А разам з ім згарэла шмат каштоўных абразоў, скульптур, бібліятэка і што самае дрэннае - большасць так званага архіва Празароўскага, які датычыў паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі. Узгадваў гэты архіў гісторык Дубецкі [16]. Нейкая частка архіва знаходзілася ў Вільні дзе была знішчана Другой сусветнай вайной. Пасля таго як сюды ў 1915 г. прыйшлі немцы, гаспадарка пачала развівацца і, пэўна, згарэлыя фальваркі адбудаваліся б, бо прускі маёр, які гаспадарыў у Мажэйкаве ад імя акупацыйнай улады, быў перакананы, што маёнтак стане ягонай уласнасцю і таму рабіў усё, што мог, каб аднавіць гаспадарку. Прыгатаваў матэрыял для адбудовы дома і для гэтага нават аднекуль знайшоў фотаздымкі згарэлага, запусціў вінакурню, прыдбаў сельскагаспадарчыя машыны.

І вось гаспадарка стала супольнай. Кіраўніцтва ў свае рукі ўзялі цётка Верашчака і дзядзька Уладзіслаў Мінейка. Трэба было выселіць адсюль вайскоўцаў, аплаціць не малы падатак за спадкі, каб паменшыць агульную плошчу і ўнікнуць забірання часткі зямлі для вайсковых асаднікаў, трэба было аддаць частку зямлі на парцэляцыю. Прадалі частку лесу ў Шаўдзюнах. І тут старыя першы раз памыліліся. З-за нестабільнасці валюты, яшчэ да ўвядзення злотага, самі пакупнікі прапанавалі заплаціць доларамі, але мае сваякі адмовіліся! Палічылі: калі яны прапануюць нам долары, дык маюць нейкі інтарэс і згадзіліся толькі на польскія маркі. І хоць узялі вялікі задатак, якім адразу заплацілі за падатак на спадкі, праз год на астатнія грошы ў марках, узятыя за прыгожыя шматкубовыя сосны, якія былі ўжо падрыхтаваныя да сплаву, можна было купіць пачак запалак.

Праз вайну і першыя пасляваенныя гады шмат што навокал змянілася. Бацька ўжо не адкрыў уласнае будаўнічае бюро, але паступіў на службу ў Акруговую дырэкцыю дзяржаўнай чыгункі і быў заняты адбудовай чыгуначных вакзалаў. Таксама працаваў у Таварыстве архітэктараў і інжынераў, дзе на змену з інжынерам Няводнічанскім старшынстваваў. У Дырэкцыі працаваў разам з інжынерам-архітэктарам Грынцэвічам [17]. Пра праекту майго бацькі была пабудавана большасць вакзалаў на тэрыторыі Дырэкцыі. Найбольш вядомыя вакзалы ў: Белай Падлясцы, Пінску, Лідзе, Ваўкавыску. Таксама ён спраектаваў шэраг меншых вакзалаў на лініях Вільня - Ваўкавыск - Сядлец, Вільня - Маладзечна, Ліда - Баранавічы - Лунінец. Найбольш манументальны і толькі часткова рэалізаваны ягоны вакзал у Берасці. Бачыў праект, гэта павінен быў быць замак ці кастэль, нешта накшталт Пясчанай скалы ці замка ў Недзіцы з чатырма бастыёнамі па вуглах. Яле як справа дайшла да рэалізацыі, дык была выканана толькі палова, і на шчасце, праектант застаўся невядомым.

Былы калега бацькі Цымерман меў бюро разам з інжынерам Шопам, а пасля ягонай смерці - аднаасобна. Праз час ён адкрыў філіял у Варшаве і на гандлях атрымаў заказ на праектаванне раёна Варшавы Бернярова. Маці жыла ў Вільні, часта выязджала ў Варшаву. Як жонка "чыгуначніка" мела ільготны білет, што значна аблягчала вандроўкі па краі. Зрэшты, штораз часцей трэба было заглядваць у Вялікі Мажэйкаў. ... З'явіліся новыя сваякі Верашчакі, якіх я не ведаў раней. ... Верашчакі хоць і атрымалі палову Мажэйкава, мелі яшчэ добрыя маёнткі пад Наваградкам: Ясянец, Гутаўшчына і Котлаў з прыгожымі лясамі. Гэта былі ваколіцы Свяцязі і Сапліцова (Чомбраў Карповічаў) і літоўскіх пушчаў з "Пана Тадэвуша". […]

Улетку выехаў у Вялікае Мажэйкава. Высадзіўся на станцыі Скрыбаўцы, станцыя мне была знаёмая, бо ў 1919 г. тут выгружаўся мой 1-шы батальён сапёраў. З станцыі ехаў па рэйках па-нямецкай коннай вузкакалейцы Скрыбаўцы - Васілішкі на ўласнай ваганетцы, якую цягнуў адзін конь. Дарога не была далёкай, каля трох кіламетраў. Калі пераедзеш чыгунку і выедзеш з лесу, ужо бачна вялікая і моцна засаджаная дрэвамі тэрыторыя маёнтка. Прыгожа пабудаваныя будынкі атачалі падворак, трохі збоку стаялі вінакурня і ферма. З боку падворка мелася характэрная для гэтых ваколіц "сушылка сыроў". І, нарэшце, атачоная уласным мурам з брамай сядзіба [18]. Адразу за брамай, на невялікім, пэўна штучна насыпаным гетманам узвышшу стаяў калісьці дом - зараз руіны і ўваход у лёхі [19]. З двух бакоў дома стаялі дзве афіцыны з лістоўніцы стаметровай даўжыні крытыя ламаным гонтавым дахам. Пасярэдзіне абодвух былі стайні, а па чатырох кутах - жылыя пакоі. Згодна з мясцовай традыцыяй у афіцынах стаяла "падручная харугва" гетмана. Ад брамы да двара вяла алея чатырохсотгадовых елак, уздоўж афіцын таксама раслі елкі [20]. За домам пачынаўся сад. Былі там шэрагі грабаў трохметровай вышыні, якія змыкаліся ўверсе, лабірынты, альтанкі, а на пустых месцах раслі пладовыя дрэвы. У канцы, каля мура была капліца. Яе рысунак у свой час выканаў мой бацька [21]. Да 1905 г. забаранялася будаваць капліцы і касцёлы. Таму спачатку "будаваліся" руіны, а потым пісалася паданне аб дазволе адбудаваць "руіны". Пры адпаведных стараннях і праз хабар можна было такі дазвол атрымаць.

Ніколі не бачыў столькі камення як тут. Улічваючы, што ўсе муры агароджы былі пабудаваны з палявога каменю, сцены ўсіх будынкаў і апорныя слупы ў аборах і стадолах таксама былі з таго каменю і на палях, нібы пры копцы бульбы, заставаліся крушні дробнага палявога каменю. Што колькі год, калі выпадала сеяць тут канюшыну, вясковыя дзеці збіралі на палях камяні на так званы "адробак". Мясцовыя людзі верылі, што ў гэтых крушнях зімавалі жаўрукі.

Збоку, каля муроў стаяў дом адміністратара, там ужо быў тэлефон. Зараз дом займае пастарунак паліцыі. Адну з афіцын займалі "арыстакраты" дваровай службы: пан Якубоўскі, механік, стальмах, садавод. У другой афіцыне на адным канцы - тры пакоі з кухняй - займалі Верашчакі, другі - чатыры пакоі з кухняй былі зарэзерваваны для нас, г.з. для Мінейкаў, Ваньковічаў, Раствароўскіх. Трэбы было аб'ехаць вёскі, разабрацца ў сітуацыі і выбраць аб'ект, які б нам найбольш адпавядаў. Іншыя дзедзічы не мелі такіх праблем, бо два вялікія аб'екты: Вялікае Мажэйкава і Дзікушкі з прыгожымі мураванымі будынкамі адразу перадаваліся Мінейкам і Верашчакам. Астатнія аб'екты не мелі такой каштоўнасці, бо пераважна не мелі будынкаў. Ездзілі брычкамі "ў адзін конь" ... Найбольш нам адпавядаў фальварак Лябёдка, але ў ім не было ніводнага будынка, ані ніводнага дрэва, і публічная дарога бегла праз сярэдзіну падворка, а ў дадатак пад бокам знаходзіліся старыя могілкі. Мы выбралі Скабейкі, невялікі фальварак, які ляжаў каля лесу і меў такія-сякія будынкі, а таксама некалькі дзясяткаў стогадовых ліп і ясеняў. Нашыя хітрацы адразу высунулі тэорыю, што будынкі - гэта цяжар для маёнтка, і трэба іх ацаніць як мага танней. Кошт маёнтка, лясоў і г.д. падлічваўся асобна. Бацька быў у сваім бюро, маці не надта разумела гэтыя рэчы і таму не ўмешвалася. Я таксама нічога ў гэтым не разумеў і да таго ж заканчваў адукацыю (у Варшаўскай Вышэйшай школе палітычных навук - заўвага перакладчыка. ) і таму мы аддаліся на волю лёсу. ...

Пасля доўгіх карагодаў і "прымерак", бо ніхто не меў гатоўкі для выплаты, а верагодны атрымальнік грошай не жадаў чакаць, падзел быў прыняты і зафіксаваны. Фальваркі Жукі, Лябёдка, Станіславова пайшлі на парцэляцыю, таксама як і ўрочышча Чай, пасля высечкі лесу, і вялікія лугі над Лябёдкай. Верашчакі, маючы 15/36 ад спадкаў атрымалі Вялікае Мажэйкава, Марніцішкі і вялікую плошчу лясоў. Мінейкі за свае 5/36 узялі Раманаўцы і частку Баярскага бора. Раствароўскія з 7/36 атрымалі Скабейкі [22], большую частку Баярскага бору і частку Вялікага бору - Жукі, Тамашоўцы і Валоку ІІ. У суме было 950 га прыгожага лесу і 200 га раллі і лугоў. Лес меўся пяццю кавалкамі. Таму трэба было трымаць чатырох леснікоў, што зніжала яго каштоўнасць. Баярскі бор меў 350 га, прылягаў да Скабеек і ўпрыгожваў фальварак. Вялікі бор меў 180 га, знаходзіўся за 15 км ад Скабеек а далей за ім, праз 3 км ляжалі Жукі - 300 га і Валока ІІ на 20 га. Тамашоўцы плошчай у 100 га ляжалі на краі за 6 км ад Скабеек. Адзін з млыноў застаўся пры Вялікім Мажэйкаве, другі, у Тамашоўцах, быў прададзены на агульны рахунак. Скабейкам дасталіся ў карыстанне два возеры за Нёманам, якія праз нейкі дзіўны стары звычай адзін год належалі да Мажэйкава, а другі да Жалудка. Зрэшты, не былі яны паўнаводнымі, здаваліся ў арэнду і прыносілі нам 6 пудоў рыбы (ці каля 100 кг) у год у якасці арэнднай платы, найбольш на Божае Нараджэнне. Шматгадовы арандатар рыбак Заяц калісьці мне тлумачыў, што яму патрэбны тыя азёры не столькі дзеля рыбы (кожны год падчас разліву іх заліваў Нёман і атрымлівалася натуральнае зарыбенне), але ён у тых азёрах хаваў сеткі, якімі таемна, па начах лавіў рыбу ў Нёмане, і гэта давала яму большыя заробкі, чым рыба з азёраў. […]

З-за неабходнасці працаваць на сваёй маёмасці: пабудова дома, аднаўленне гаспадаркі ... на вучобу ў Школу палітычных навук не вярнуўся, хоць мне і засталося зрабіць толькі магістарскую працу. Асеў на сваёй зямлі, і тут чакалі мяне пятнаццаць гадоў інтэнсіўнага і багатага на падзеі жыцця на вёсцы. Трэці раз мае зацікаўленасці памянялі кірунак, на першы план высунуліся практычныя клопаты ...

Мае жыццё на Наваградчыне, 1924-28 гг.

Частка 1 [23]
Лёсы і людзі

Хаця падзел маёнтка тэарэтычна наступіў, але на разе ўсё засталося ў агульным уладанні і кіраванні. Палямі і сельскай гаспадаркай апекаваўся дзядзька Стэфан "Сік" Верашчака, парцэляцыю [24] праводзіў Стаць Ваньковіч, я апекаваўся лясамі. У дапамогу меў "Зялёнага пана". Гэты быў калега Леха і Тома Мінейкаў па гімназіі ў Харкаве - родам з Камянца Падольскага - Тадэвуш Шыманскі. Лех спаткаў яго пасля дэмабілізацыі і ўгаварыў прыехаць у Мажэйкава. Так "Шумця" стаў адным з незаменных супрацоўнікаў у Вялікім Мажэйкаве.

Але эксплуатацыя лясоў вялася толькі ў Шаўдзюнах - на грунце так званай выбарачнай высечкі, гэта азначае, што купцы куплялі з дадзенага абшару 1000 штук соснаў і высякалі па-чарзе, згодна з сваімі патрэбамі адпаведную колькасць, разложаную ў адносінах да ўсяго абшару. Памятаю, што толькі некалькі першых высечак мелі нейкую вартасць, потым выплаты станавіліся фармальнымі. На іншых абшарах толькі наводзіўся парадак, і меліся нейкія дробныя продажы, прыбіраўся сухастой на апал двара, фальваркаў і вінакурні. Вугаль быў рэччу цалкам невядомай і некалькі гадоў па вайне не выкарыстоўваўся, нават лакаматывы на негалоўных лініях у якасці паліва ўжывалі дровы.

Леснікі былі старога ўзросту і ранейшай вывучкі таксама, як і іхні шэф ляснічы Чапля, які меў каля 70 гадоў, з якіх 50 гадоў служыў у Вялікім Мажэйкаве. Гэты добра закансерваваны на жыватворным паветры стары быў крыніцай інфармацыі - з аднаго боку пра эксплуатацыю лясоў і экспарт, пра махінацыі выбракоўшчыкаў і купцоў, а з другога боку пра форталі і змовы сялян, якія прызвычаіліся да "спартыўнага" крадзяжу "на-дурку". Сцвярджаў, што большасць лясных крадзяжоў мела месца менавіта дзеля "спорту" - каб абхітрыць лесніка.

Большасць леснічовак знаходзілася на пачатку вёскі з боку лесу. Была гарантыя, што пакрыўджаны селянін не спаліць яе з помсты, бо гэта б пагражала пажарам усёй вёсцы. І наадварот - спаленне самотнай леснічоўкі было лёгкай справай. За 15 гадоў жыцця на землях Мажэйкава, дзе было больш за дзясятак леснічовак, згарэла толькі адна. Яна самотна стаяла сярод лесу, аднак згарэла з-за дрэннага і старога коміна.

Дарэчы, паліва хапала, былі гады, калі нават трэба было даплачваць, каб нехта вывез галіны дрэў з высечаных дзялянак. Крадзёж сасны быў спартова-валатоўскай вышынёй сялян.

Найважнейшым лясным інструментам ... было кляймо. Кляймо нельга было пакінуць у лесе без нагляду. Кляймо - такі тапорык, на тупым канцы якога была выгравіравана цяжкая для падробкі манаграма, якой пазначаўся кожны сцяты пень у лесе, а таксама ніз сцятага ствала. Знаходка ў лесе некляймёнага пня сведчыла пра крадзёж і брак нагляду. Спатканне на дарозе некляймёнай калоды на фурманцы сведчыла пра яе незаконнае паходжанне - таксама як і падчас рэвізіі на сялянскім двары. Дасведчанае вока лесніка па зрэзу дрэва адразу бачыла, з якой дзялянкі паходзіць дрэва і магло хутка знайсці прыкрыты імхом пень.

За выняткам ваеннага часу ў маёнтку панаваў узорны парадак. Кожны фальварак, кожны лясны аб'ект меў зробленыя мернікам як мінімум у трох экзэмплярах планы - падфарбаваныя акварэллю, падклееныя на палатне з падзелам на палі, а лес - на кварталы. Планы і дакументы, якія засталіся пасля пажару, былі сістэматычна пакладзены ў тэчкі з вопісамі іх зместу на версе тэчкі. У некалькіх куфрах у Вільні ляжалі тэчкі з былымі судовымі і межавымі справамі, справамі сервітутаў, спрэчкамі аб зямлі - дзе і колькі раз сяляне ўзбуджалі справы і знаходзілі сведкаў, што калісьці карысталіся спрэчнымі землямі - у куфрах былі судовыя доказы для ўсіх выпадкаў. І калі справы даходзілі да суду, то пасля пройгрышу справы сяляне казалі: "А мы думалі, што ў часы вайны дакументы прапалі!". Гэта былі спробы спартова-амбіцыйныя - а раптам атрымаецца!

Дваровая служба ўся без вынятку - католікі, якія лічыць сябе палякамі. Затое фальварковая служба рэкрутавана з навакольных вёсак і не менш, чым на палову была праваслаўнай - так, як і навакольныя вёскі. Цяжка было зразумець чаму адна вёска хадзіла да касцёла а іншаая да царквы. Прылеглыя з аднаго бока да Скабеек Вырванцы і Тамашэвічы былі на 100% каталіцкія, а вёскі, якія ляжалі з другога бока: Заброеўцы і Бурцічы былі праваслаўнымі, але вёска Агароднікі, якая знаходзілася тут жа, была каталіцкая [25]. Пры кожным маёнтку мелася вёска з назвай Агароднікі, а назва вёскі Баяры сведчыла што тут раней жылі баяры, напрыклад, "баяры путныя". ...

Толькі разбураныя шляхецкія засценкі, якія знешне нічым не адрозніваліся ад іншых вёсак, былі асобнымі этнічнымі асяродкамі. У Станкевічах, Раўбах, Шамятоўшчыне жылі цэлыя фалангі Станкевічаў, Раўбоў, Шадураў, Шамётаў, якія ўсе былі католікамі і ў хаце размаўлялі па-польску. А ў каталіцкіх вёсках заўжды ўжывалася беларуская мова. Летувіскую наогул у гэтай старане ніхто не чуў, каб пачуць гэтую мову, трэба было ехаць на левы бераг Нёмана і з Гародні рухацца ўніз па рацэ да ваколіц Дукштаў ці Свянцянаў. ...

Цікавым выпадкам была гісторыя з царквой ў Дзікушках. Гэта царква пабудавана ў раманскім стылі без аніякіх цыбулінаў і купалоў у 1835-1840 гг. і была з уніі пераведзена ў праваслаўе. Пры царкве мелася добрая плябанія і ладны кавалак поля, а таксама фруктовы сад. Праваслаўным пробашчам быў тут вельмі цікавы тып - аматар гарэлкі. Не ведаю па чыёй ініцыятыве, падазраю ў гэтым лідскае староства, раптам у нейкі дзень пробашч і ўся парафія перайшлі ў "уніяты". Былі нейкія святы і набажэнства, ніхто не пратэставаў. Адначасова, старая абарончага тыпу царква ў Скрыбаўцах, была пераведзена ў каталіцкі касцёл, утворана новая парафія і паселены каталіцкі пробашч [26]. Змены ў Дзікушках нават людзям падабаліся, яны казалі, што зараз разам будзем святкаваць святы - праваслаўныя святы спазняліся на 13 дзён. Але гульня ва "ўніятаў" цягнулася не болей 6 тыдняў. У пэўны дзень з'явіліся 4 ці 5 папоў і выгналі нефартуннага "апастату", а на яго месца пасадзілі новага папа - Жаброўскага, і парафія зноў стала праваслаўнай. Тым не менш, у выніку гэтых падзей больш дзесяці сямействаў перайшло ў каталіцтва, а наведванне царквы, якое і раней было мінімальным, зараз упала амаль што да нуля. Толькі некалькі гадоў сталай працы Жаброўскага, які быў салідным, маральным і прыстойным чалавекам, паправіла хісткую раўнавагу [27].

Затое касцёл у Скрыбаўцах ад пачатку цешыўся добрым наведваннем як католікаў, так і праваслаўных, а праз год праз шлюбы, шмат асоб перайшло ў каталіцтва. Нажаль, першы пробашч, кс. Вагнер не быў падобны на Жаброўскага. Быў ярым эндэкам [28] і на сваім месцы пачаў змагацца з ветракамі, без сэнсу падаючы ўсе ўрадавыя ініцыятывы як ініцыятывы Маршала Пілсудскага. У ваколіцы ўсеянай ....камі , з досыць моцна развітай камуністычнай прапагандай - гэта не мела рацыі. З'яўленне ...каў [29] было выклікана няправільным кірункам урадавай палітыкі, але пра гэта потым.

Суседства ў ваколіцах Скрыбаўцаў было досыць шматлікім і добра прымала ў свае шэрагі прыбышоў. Дзіўным чынам, большасць маёнткаў у Лідскім павеце спадкаваліся па-кудзелі [30] і можа таму наогул вялі рэй пані - яны адсунулі мужчын у цень. У найбліжэйшым суседстве быў маёнтак Малое Мажэйкава Брахоцкіх. Як выключэнне, галоўнай постаццю тут быў старэйшы землеўладальнік Уладзіслаў Брахоцкі. Ён жыў з жонкай і трыма дочкамі [31]. Два старэшыя сыны, былыя афіцэры 13 палка ўланаў былі жанатыя, жылі і гаспадарылі асобна. Аляксандр быў жанаты з паннай О'Рурк з Маргоня а Станіслаў з паннай Кончанка з Вераскава. У Мажэйкаве жыла яшчэ сястра Брахоцкага - пані Эмілія, а ўлетку дом запаўняўся сваякамі, якія з'язджаліся сюды на лета: Мах, Балінскія, Шэмёты, Вейткі, Вільскія.

Другім суседнім маёнткам былі Воўчышкі - пані Яніны Меер з Паплаўскіх - вельмі сучаснай, арыгінальнай і больш радыкальнай за моладзь асобы. Яна раздала частку сваёй спадчынай маёмасці суседскім сялянам, што ў выніку прынесла ёй мянушку "сумашедшая" (вар'ятка) [32]. Яе муж інжынер Аляксандр Меер шмат гадоў быў дарожным інжынерам ў Лідкім старостве, ён меў мянушку Звольна.

Далей, у бок Васілішак быў Гурнофель Фрэда Бразоўскага, які меў ужо нямала гадоў, але ажаніўся з маладой паннай Ю. Праз два гады пасля жаніцьбы памёр, а яна хутка зноў выйшла замуж за кіраўніка млячарні Тумялевіча. Яшчэ бліжэй да Васілішак была Лябёдка пані Скіндар з Іваноўскіх - вялікай спартсменкі, якая гадавала прыгожых коней чыстай крыві. Яе муж, так званы "Казюньця" дапамагаў ёй у гадоўлі коней і сабак-хартоў, а таксама ўгаворваў яе супакоіць запал наезніцы, бо яна шмат разоў падала з каня.

Усе ваколіцы Шчучына княгіні Друцкай-Любецкай (жонка забітага пад Тарэсінам князя), якая жыла ў малым, прыгожым палацы, былі ўсеяны большымі ці меншымі маёнткамі паноў Марачэўскіх, Роўцкаў, Шчукаў, Палонскіх, Скавінскіх, Казлінскіх, Лісоўскіх, Галенбеўскіх, Валіцкіх. ... Далёка, ужо на мяжы суседскіх стасункаў ляжалі Спуша, якая пасля Зарускіх перайшла да князя Яўстаха Сапегі [33] і Скідаль князя Канстантына Чацвярцінскага.

Бліжэй на Нёмана знаходзіліся Ольшавічы, дзе жыла пані Незабытоўская з дзвюмя дочкамі - трэцяя дачка ўступіла ў закон (пайшла ў манашкі). Потым ... слынны тызенгаўзаўскі Жалудок князя Людвіка Чацвярцінскага, жанатага з княжной Ружай з нясвіжскіх Радзівілаў. ...

Замыкаючы кола, узгадаем яшчэ пра Стрэліцу паноў Сяклюцкіх, Хацяновічы паноў Шалевічаў і Красулі пані Яноўскай. За Нёманам вялікі, незаселены комплекс лясоў, і таму толькі каля Беліцы ці Дзятлава былі далёкія суседзі, так жа як і раскіданыя вакол і на ўсход ад Ліды двары. Нашы найбліжэйшыя суседзі былі злучаны тэлефонамі, праз нейкі час ва ўсіх з'явіліся аўтамабілі. Дарогі меліся і настолькі дасканалыя, што аўтамабілямі ездзілі круглы год. Таму ў нашым жыцці былі супольныя выезды, раўты, паляванні, тэніс, купанні. Для цэласнасці вобразу нашых адносін трэба дадаць, што ваяводскі цэнтр знаходзіўся ў гістарычным Наваградку, але апрача гісторыі ў горадзе было толькі некалькі дзясяткаў дамкоў - цалкам падобных адзін на аднаго - і, калі ваяводства заняло па-кляштарныя муры, ужо ніводная ўстанова апрача староства тут не магла размясціцца. Акруговы суд, іпатэка, школьнае куратарства, сельскагаспадарчая ўправа, управа малочнага кааператыва былі ў Вільні, земская управа ў Гародні, казначэйства ў Бярэсці, Земляробчае таварыства ў Баранавічах, Дырэкцыя дзяржаўных лясоў у Белавежы. Калі пачціваму грамадзяніну трэбы было залатвіць, напрыклад справы парцэляцыі лесу, для чаго трэбы было выправіць палову пуда папер і, выехаўшы ў панядзелак, добра было, калі вернешся ў суботу - часта прахопліваўся і наступны тыдзень. Трэба сказаць, што з гадамі, а менавіта да Другой сусветнай вайны, частка ваяводскіх уладаў усё ж перайшла ў Наваградак, але не ўсе. А калі яшчэ дадаць, што Наваградак ляжаў за 24 км ад чыгункі, і ў гэты горад толькі два разы штодзень можна было даехаць вузкакалейкай, ці аўтобусам ад станцыі Наваельня, дык становіцца зразумелым, чаму ва ўсіх нас з'явіліся прыватныя аўтамабілі [34].

Грамадскія стасункі і мая барацьба з дзяржаўным скарбам

Неяк хутка я быў уцягнуты ў грамадскія справы. Стаў членам Лідскага сойміка [35] ад Лябёдскай гміны, а ў сойміку ўзначаліў рэвізійную камісію. Стаў членам управы Сельскагаспадарчага таварыства ў Лідзе, старшынём быў суддзя Прыбытка [36]. Стаў членам падатковай камісіі ваяводскага Сельскагаспадарчага Таварыства ў Баранавічах, старшынём якога быў Канстанты Рдултоўскі. Яшчэ, быў у наглядальнай радзе Сельскагаспадарчага сіндыката, гмінным радным у Лебядзе, ва ўправе лідскага Таварыства паляўнічых і ўправе Звязу землеўладальнікаў. Пасады прыбывалі амаль што з кожным выездам. Гэтых выездаў было шмат, таму князь Людвік Чацвярцінскі, старшыня Звязу землеўладальнікаў і праз нейкі час Сельскагаспадарчага Таварыства, Стась Ваньковіч і я былі змушаны часта начаваць у Лідзе, супольна нанялі пакой на чатыры ложкі ў Альгерда Зана. Нашым чацвёртым таварышам быў Юзаф Славінскі, адміністратар з Жалудка. Найчасцей князю ў яго выездах таварышаваў дырэктар сіндыката Альгерд Зан, унук слаўнага Зана, жанаты на Ядвізе з Марачэўскіх (пасля вайны дырэктарка жаночага ліцэя ў Саскай Кенпе). Зан належаў да самых вясёлых і дасціпных людзей таго часу. Пані Ядвіга была чароўная гаспадыня і з'яўлялася членам управы Сельскагаспадарчага Таварыства, а таксама кімсьці яшчэ ў Коле вясковых гаспадынь, дзе старшынствавала княгіня Ружа Чацвярцінская. Да абавязковых атрыбутаў начлегу належала вячэрняя партыя ў брыдж і неяк хутка аказалася, што я не самы дрэнны гулец. Гуляў заўсёды весела і смела, не звяртаў ўвагі на выйгрышы, якія, тым не менш самі прыходзілі і таму на доўгія гады забяспечылі мне славу майстра картачнай гульні. Пасля брыджу часта наступала партыя чагосьці хуткага, звычайна покеру, які спадабаўся князю. Але князь ніколі не граў настойліва і з высокімі стаўкамі.

Для дапаўнення вобразу, трэба яшчэ дадаць краму далікатэсаў і рэстаран братоў Вінаградавых [37], дзе выдатна кармілі, а крама мела ўсё, што патрэбна ў найлепшым гатунку, віны прывозіліся бочкамі, а закускі і каланіяльныя тавары маглі смела спаборнічаць з аналагічнымі таварамі братоў Пакульскіх ці Гіршфельда ў Варшаве. У выпадку неспадзяванага візіту дастаткова было тэлефанаваць да Вінаградава і пакунак, даручаны кандуктару цягніка, праз дзве гадзіны чакаў на станцыі Скрыбаўцы [38].

І яшчэ, для камплекту, пра Пецярбургскі гатэль ці "Пецярбургскую цёцю" [39]. Вельмі чысты гатэлік, дзе volens nolens [40] прыходзілася пад час з'ездаў, баляў ці іншых аказій рэзерваваць сябе пакой. Уладарка, пані Глаўберман - дзедзічка гатэля, паходзіла са старой лідскай сям'і Цыдзяровіч, выйшла замуж за добра малодшага за сябе яўрэя з Пінска Глаўбермана. Ён выконваў абавязкі пакаёвага, парцье, пасыльнага і выкідалы. Неяк, пані Глаўберман устанавіла новы клазет са спускам вады, і таму заахвочвала ўсіх пастаяльцаў карыстацца ім, каб ацаніць выгоды. Казала: "Што значыць не патрэбна? Пану Ваньковічу таксама было не патрэбна, але як сеў, дык гадзіну сядзеў!". Наступным разам вітала мяне словамі: "Уй, каб пан ведаў, якую я мела непрыемнасць! Учора ўвечары прыехаў з Вільні цягніком пан адвакат Ю. Вы яго ведаеце. А за ім ідзе такая вымаляваная, такая стройная, такая ўся ў парфуме. І я кажу: "Пан адвакат, я вас вельмі шаную і паважаю, але гэта ў мяне нельга" - "Што нельга?" - "Гэта", і я пальцам паказваю на яе. І што вы думаеце, гэта была ягоная жонка! Дык я мела такую непрыемнасць. Я яшчэ і сёння з-за гэтага хворая".

Калі ж лідскі лётны полк даваў баль, дык я вярнуўся з яго толькі на другі дзень каля поўдня. "Што я мела, што я мела гэтай ноччу", - кажа пані Глаўберман. "Пан, ведае, у мяне самыя самавітыя людзі начуюць. Тут спіць княгіня з Жалудка, тут княгіня са Спушы, а тут графіня Пуслоўская. У трэцюю, можа, гадзіну раніцы варочаецца пан Мінейка. Такі п'яны, такі п'яны. Ён, вы ведаеце, такі спакойны, а тут такі п'яны. Я ўжо да раніцы не спала і чакала, што будзе, як вернецца гэты Струміла. Вы ведаеце, ён любіць крычаць, ён любіць спяваць. Ну і што? Ён наогул не прыехаў, а я палову ночы не спала". А праз некалькі дзён: "Вы ведаеце, гэты Струміла не прыстойны чалавек, я яму гэта сказала, дык ён прынёс такую бутэльку адэкалону. Вы павінны яе ўбачыць!".


Як я ужо пісаў, дзяржаўная палітыка і адносіны на нацыянальных меншасцяў і аўтахонаў пакідала жадаць лепшага. Можа не было такіх яскравых памылак, як на Валыні ці Усходняй Галіцыі, тым не менш памылкі былі і давалі адмоўныя вынікі.

Па-першае, адносіны да праваслаўных. Для нікога не было таямніцай, што ў войску праваслаўны не мог узняцца вышэй за ўзровень звязавага. У дзяржаўных органах праваслаўных абыходзілі і спіхвалі на другарадныя пасады. А тым часам польскае праваслаўе парвала з Расіяй і мела свайго мітрапаліта ў Варшаве, у семінарыі вучылі польскую мову і казанні па-польску. Новае духавенства, выхаванае ў Польшчы, было патрыятычным і прадзяржаўным.

Другой балячкай было асадніцтва. Не гледзячы на іншыя адмоўныя бакі, яно выклікала крыўду мясцовых у людзей, бо зямля, якая павінна была стаць іхняй, раздавалася чужым "прыхадням" і вельмі часта малавартасным людзям. А калі адбываліся выбары ў гмінную раду, у соймікі, на войта - дык усе месцы былі толькі асаднікаў. Адхіленне ад удзелу ў самакіраванні мясцовых людзей, якія толькі пачынала гарнуцца і прывязвацца да польскай дзяржаўнасці, было памылкай і пхала тых самых людзей прама да ... урткоў [41]. А гэтыя людзі мелі добрыя якасці і здольнасці. Па-першае гэта былі пачцівыя людзі і ў той жа час знаходлівыя, мелі крытычнае мысленне і пачуцце гумару. З якім гонарам насілі яны першыя бронзавыя Крыжы Заслугі і медалі 3-га Мая! Памятаю, адказ войта гміны Лебяда Сымона Коўчыка, калі нейкі "галічанін"-інспектар лаяў яго за дробны недахоп у гміне: "Я з вас гэты Крыж здыму! - Не вы мне яго далі, не вам яго і здымаць!".

Пра пачуццё гумару сведчыць сцэна, якой быў сведкам. Доўга раіліся радныя на пункце парадку дня - "заробак войта". Няма згоды - прапанова, зрабіць як у іншых гмінах - 200 ці 300 злотых, здаецца астранамічнай сумай, асабліва ў перакліку на кошт збожжа, яек, малака і масла. Прыхільнікі войта стараюцца абараніць прапанаваную суму, і высоўваюць шэраг аргументаў. Бясплодная дыскусія доўжыцца некалькі гадзін. Пры канцы ўстае стары гаспадар і кажа: "Панове, ужо позна, а да хаты далёка. Я лічу, ці яму дамо 100 злотых, ці дамо 300 злотых, ён як краў, так і будзе красці - аб чым тут спрачацца!" - і ўсе згадзіліся на прапанаванай суме.

Праблема асаднікаў мела і іншы аспект [42]. Калісьці перад паседжаннем сойміка стараста Здановіч [43] абышоў частку дэлегатаў, просячы каб яны згадзіліся з воляй ваяводы і выбралі ў Павятовы аддзел [44] нейкага Мальскага. Уладзіслаў Мальскі атрымаў асаду пад Беняконямі, на зямлі выкраенай з маёнтка Больценікі Путкамераў. Легіянер, добры прамоўца, ён быў ужо старшынём Звязу Асаднікаў. Дэлегаты, якія прыхільна ставіліся да старасты, стараліся растлумачыць яму, што не трэба рабіць гэты крок - прыйдзецца яшчэ шкадаваць. Аднак стараста мусіў выканаць жаданне ваяводы. Мальскі быў абраны, і не прайшло і два гады, як ён "з'еў" Здановіча, паставіўшы яму ў віну, што жонка старасты - уладальніца фальварка Макушын, які потым арандаваў сенатар Сіцінскі. Згодна з польскім законам, стараста не мог мець нерухомасць у сваім павеце. Па-іншаму было ў немцаў, "ландрат" наадварот мусіў мець у сваім павеце нерухомасць.

Я быў непасрэдна замешаны ў тыя бойкі вакол старасты. Як старшыня рэвізійнай камісіі атрымаў загад ваяводскага аддзелу правесці рэвізію гаспадарак павета. Праз тыдзень праверкі ўсіх гаспадарак, адзін з членаў камісіі, асаднік, будучы бургамістр і вельмі прыстойным чалавек [45], сказаў мне, што гэта робіцца, каб зняць старасту. Усе было зроблена не прыгожа, але па-закону, аднак некалькі дробных памылак не дыскрэдытавалі старасту. На бліжэйшых выбарах, якія праводзіў ужо новы стараста Багаткоўскі [46], я страціў пасаду старшыні камісіі.

Стараста Здановіч, які вывучаў юрыспрудэнцыю ў Пецярбургу, меў свае амбітныя планы. Лідскі павет і так ужо меў 20 вялікіх гмінаў, але стараста штораз адрываў гміны з суседскіх паветаў. Меў надзею, што калі колькасць гмінаў дойдзе да 30, дык яны будуць падзелены на 3 паветы і створыцца Лідскае ваяводства, якое ўзначаліць, зразумела, Здановіч. Аднак калі павет атрымаў 27 гмінаў, быў створаны Шчучынскі павет, у які патрапілі ўсе гміны на захад ад ракі Дзітва. Старастам новага павету стаў Юзаф Сялява, і мая ваколіца перайшла ў гэты новы павет. Але было гэта пазней.

Ваяводамі ў Наваградку ў той час былі Уладзіслаў Рачкевіч, генерал Янушайціс і Зыгмунт Бачковіч, які атрымаў папулярную мянушку "Кадушкін". Ваявода Бачковіч не выносіў піцця гарэлкі, таму нават на банкетах дазваляў толькі мінеральную ваду. Ведаючы гэта, на такога кшталту мерапрыемствах наш дальні канец стала заўсёды рыхтаваў адмысловыя бутэлькі ад мінеральнай вады ці ліманаду ў які налівалі гарэлку. Неяк, падчас банкету, ужо не памятаю з якой нагоды, можа з-за Сельскагаспадарчай выставы, калі мы добра "запраўляліся" з нашых пляшак (стаяла добрая гарачыня), ваявода, які сядзеў пасярэдзіне стала, устаў і пайшоў на наш канец стала, дзе забраў "падрыхтаваную" бутэльку. Сакратар ваяводы, які сядзеў на нашым краі стала не разгубіўся і выхапіў у ваяводы з рук бутэльку са словамі: "Пан Ваявода, дазволіць?", потым зграбна схаваў нашу і адкаркаваў сапраўдную бутэльку з мінеральнай вадой.

Падатковая камісія сачыла за абаротамі і даходамі ўсіх грамадзян. Прынцыпам дзяржаўнага скарбу было - усё тлумачыць супраць грамадзян. Выглядала гэта напрыклад так - млын - пры падліку абароту вядома: валец мае такую шырыню (тэхнічныя параметры з дакументаў) можа малоць столькі тон штодзень. Але, каб столькі змалоць, трэба купляць дадатковае збожжа, бо свайго не хапае. Даходнасць ад свайго збожжа - 15%, а пакупнога 5%, але падатак налічваецца па-максімуму. Такая практыка даводзіла да роспачы ўладальнікаў. ... Большасць членаў камісіі, самі ўладальнікі ўсялякіх прадпрыемстваў, сядзелі ціха і не пратэставалі. Я не цярпеў такога кшталту рэчы з часоў, калі слухаў лекцыі майго прафесара Балунскага і пачаў ваяваць і бараніць нявінных падаткаплацельшчыкаў. Пасля таго, як я сумеў абараніць некалькіх гаспадароў, знайшоў сабе саюзніка ў асобе старшыні Звязу яўрэйскіх купцоў Гдалі, ён пачаў мяне падтрымліваць і дадаваць контраргументы, бо шмат у якіх галінах эканомікі я не арыентаваўся. Аднак няма прарока ў сваёй Бацькаўшчыне, праз год намаганняў, да задавальнення начальніка Скарбовай управы Бушмэна, ... мне давялі, што членам амісіі можа быць асоба, якая мае ў павеце маёнтак, прадпрыемства ці нейкі варштат. А паколькі Скабейкі належаць маёй маці, дык я быў толькі яе даверанай асобай, і таму мяне адхілілі ад пасады. Пасля чаго да мяне прыйшлі паны Гдалі, Вінаградаў з Цыдзяровічам і прапанавалі мне балатавацца ў бурмістры горада. Падзякаваў за прапанову, выпілі мы некалькі бутэлек віна (справа адбывалася ў кабінеце рэстарана Вінаградава), і я адмовіўся, бо меў іншыя клопаты.

З панам Бушмэнам, хоць не беспасрэдна, меў сутычку з іншай нагоды. Часта ездзіў у Ліду і заўжды вырашаў шэраг спраў нашай суполкі. Акрамя іншага, заўжды аплачваў у касе Скарбовай управы ўсе падаткі, і не толькі свае, але і Мажэйкава, Дзікушак, Раманаўцаў. Раптам у верасні выходзіць пастанова, па якой таму, хто не заплаціў падаткі да 1 красавіка, падатак павялічваецца ў 50 разоў. Мы заплацілі ў тэрмін і былі спакойныя да таго моманту, пакуль не атрымалі плацёжныя паведамленні з 50-ці кратнымі сумамі. Рэч ішла пра вялікія грошы, і я з дзядзькам Верашчакай паехаў у Ліду. У начальніка паказалі плацёжныя квіткі і новыя плацёжныя паведамленні і запыталіся, што гэта значыць? Начальнік прапанаваў напісаць заявы і дадаць да іх квіткі. Мы - так, а потым квіткі патрацяцца і вы нас возьмеце "за фрак"! Анулюйце зараз жа! Начальнік не жадае. Не, дык не. Ідзём прама да судовага следчага. Суддзя Чайкоўскі напісаў пратакол, заверыў доказы, даў нам выпіскі і абяцаў заняцца справай. Быў яшчэ два разы выкліканы да судовага следчага, справа стала досыць сур'ёзнай. Касіра арыштавалі, бо такіх выпадкаў аказалася шмат. Камбінацыя была простая. Гэта быў час, калі марка ляцела "з печы ў лоб". Касір прымаў грошы, даваў квіток, але грошы не апрыходаваў, а на нейкі час пускаў у абарот, купляў долары і старыя залатыя рублі, а калі курс чарговы раз падаў, прадаваў частку валюты і прыходаваў грошы. А тут нечаканая пастанова. Справа касіра цягнулася тры гады. Я некалькі раз як сведка атрымоўваў позвы ў суд, а справа ўсё вывучалася. Калі аднаго разу не прыехаў, заплаціў 50 злотых за непавагу да суду. ... У выніку ўсё ж касір атрымаў 3 гады турмы, з іх 2,5 адсядзеў ужо пад следствам.

Ведаючы заядласць супрацоўнікаў Скарбовай управы мусіў вельмі ўважліва сачыць за выплатай падаткаў і акуратна весці бухгалтэрыю. Для большай бяспекі наняў Вайтушкевіча - бухгалтара сіндыката, які з добрым вынікам вёў бухгалтэрыю ў шэрагу маёнткаў.


У павеце працавала Сельскагаспадарчае таварыства і тэарэтычна вельмі паспяховы Звяз сельскагаспадарчых гурткоў. Абедзве інстытуцыі рэалізоўвалі сябе ў паляпшэнні сартоў збожжа, закладалі новыя суполкі, пункты збору і перапрацоўкі малака, касы Штэфчыка [47]. Іх праца мела карысць у значнай ступені з-за канкурэнцыі паміж сабой. Звяз гурткоў хутка быў апанаваны асаднікамі, з-за чаго моцна страціў у папулярнасці, улады стараліся гэта кампенсаваць і надавалі яму вялікія фундушы. Гэта прыводзіла да штучнага росту членаў Звязу, бо дзяржаўныя грошы, прызначаныя для падтрымкі земляробаў як крэдыты на будоўлю, насенне, штучныя ўгнаенні выдаваліся толькі праз касу Штэфчыка. Хочаш крэдыт - запісваўся ў члены. Але гэта мела таксам і вялікае выхаваўчае значэнне, бо касы Штэфчыка, акрамя дзяржаўных грошай, працавалі таксама і з прыватнымі ўкладамі і вучылі людзей лічыць грошы, вызвалялі людзей з абцугоў яўрэйскага гандлю і крэдыту. У той жа Лідзе, акрамя сіндыката, больш не было ніводнай неяўрэйскай крамы. Абедзве аптэкі былі яўрэйскія, а калі павятовы соймік адчыніў уласную аптэку, аказалася што былі парушаны законы, бо для адкрыцця трэцяй аптэкі, дзве першыя павінны былі даць згоду. Зразумела, што аптэкі якія ўжо існавалі з-за сквапнасці пажаліліся на парушэнне законаў. Справа дайшла да суду, і толькі майстэрства адвакатаў і прыхільнае стаўленне грамадства ператварыла справу ў бясконцую.

Частка 2 [48]

Будую дом у Скабейках. Зямля была добрая, і праца прафесійных земляробчых інструктараў давала станоўчыя вынікі. Развівалася вытворчасць малака, дзякуючы дзейнасці Сельскагаспадарчага таварыства закладваліся ўзорныя гароды. Прапагандавалася спажыванне гародніны, памідораў. Паляпшалася пагалоўе быдла, свіней і птушак. Рацыянальна размешчаныя станцыі каняводства паляпшалі пагалоўе коней. ... Каля 1930 г. абедзве інстытуцыі - Сельскагаспадарчае таварыства і Звяз сельскагаспадарчых гурткоў аб'ядналіся, каб разам працаваць над паляпшэннем сельскай гаспадаркі. Хоць і знік чыннік канкурэнцыі, але яго замяніла разуменне неабходнасці аб'яднання і ўдасканальвання земляробства [49].

Нажаль, у мяне загінуў напісаны калісьці верш, у якім апісваліся перыпетыі з Сельскагаспадарчай выставай у Лідзе. Верш пачынаўся са слоў:

Калісьці старшыня Прыбытка, наведаў Варшаву,
І яго спытаў міністр: "Што там робіце?"
Пальнуў: "Выставу".
Слова сказана - кабылка каля плоту,
Гэта быў пачатак нашага клопату.

Міністрам сельскай гаспадаркі тады быў Яніцкі, сябар нашага старшыні, і пачатак верша падобны на праўду. Шмат было клопатаў і працы, але вырашылі ўсе праблемы і ў зграбна спраектаваных павільёнах у Лідскім замку былі выстаўлены адпаведныя экспанаты, а міністр сельскай гаспадаркі адкрыў выставу. Выстава мела вялікі поспех, яе наведалі натоўпы людзей і земляробчых арганізацый. Былі аборы з добра паказаўшымі сябе чырвона-польскімі бугаямі, каровамі, цялятамі. Было шмат першакласных свіней англійскай пароды, былі і пулаўскія свінні. Шмат хатняй птушкі. Сыры і масла, цэлыя гароды, узорна разбітыя на тэрыторыі выставы. Тут трэба ўспомніць нашых інструктараў па земляробству Пісарка, Васілеўскага і агранома Кліковіча, якія зрабілі найбольшы кавалак працы, як па падборы экспанатаў, так і ў суправаджэнні экскурсій. Выстава трывала тры дні, было раздадзена шмат узнагарод, у тым ліку некалькі дзесяткаў медалёў 3-га Мая, які хоць і мелі толькі сімвалічную вартасць, але вельмі цаніліся. Потым віселі на ганаровым месцы ў хатцы, а ў нядзелю адзяваліся на святочную вопратку. Кола гаспадынь праводзіла курсы шыцця, гатавання, кансервацыі гародніны, а таксама конкурсы прыгожага чытання, якія былі вельмі папулярныя [50].

Адначасова нешта рабілася на сваім падворку. Мы яшчэ жылі ўсе разам у Вялікім Мажэйкаве, але кожны клапаціўся, і як мог, будаваў сваю сядзібу. Верашчакі казалі, што ўсё добра і гэтак, і калі рэшта сваякоў пакіне афіцыну, дык будзе ажно зашмат пустога месца. Цёця Мінейка лічыла, што часы яшчэ няпэўныя, можа яшчэ адбыцца зямельная рэформа і не варта выдаваць грошы на новыя апартаменты, таму свае грошы патраціла, купіўшы супольна дом у Варшаве на Рынку Старога горада №23. Такія ж думкі мелі і Ваньковічы, яны для пачатку пабудавалі малы домік як для эканома і толькі праз нейкі час пабудавалі нармальны жылы дом. Мы думалі інакш і жадалі як найхутчэй пабудаваць дом, каб жыць з камфортам.

Мама і сястра Ружа загадзя разбілі два сады (Ружа для гэтага нават зкончыла курсы ў Варшаве і Кракаве) і пачалі высаджваць дрэвы і кусты, высадзілі фруктовы сад і ружарыюм. Залажылі цяпліцы. Адначасова, з бацькам заняліся пабудовай дома. Тата зрабіў праект і выдатна дапамог у будоўлі. Ён успомніў, што падобны дом спраектаваў і пачаў будаваць у Паўлаве [51] для Вітольда Вагнера. Гэта павінен быў быць дом для паляўнічых, у якім з камфортам размясціліся б 12 - 15 чалавек. Перад самай Першай сусветнай вайной дом быў ужо пад дахам, але не закончаны. Для яго будоўлі ўжываліся найлепшыя матэрыялы - якасныя сосны з лясоў Вагнера. Адным стрэлам забілі двух зайцаў - Вагнер быў рады выручыць грошы, а мы атрымалі сухое і якаснае дрэва за палову цаны, нават з улікам перавозкі. Наняты праз Зімермана найлепшы майстар-цясляр разбіраў дом у Паўлаве і грузіў яго ў вагоны на станцыі ў Яшунах. Усе выгружалася ў Скрыбаўцах і перавозілася ў Скабейкі. Усё працавала, як гадзіннік, і раптам - катастрофа. Калі было перавезена ўсё, да апошняй цэглы і дахоўкі, памёр майстар і панёс з сабой сакрэт чарговасці разборкі дома і разметкі элементаў. Было нават невядома з якога кута пачынаў. Наняты праз Зімермана новы майстар доўга думаў, але загадкі не разгадаў. Таму прыйшлося з старога матэрыялу будаваць новы дом, дапасоўваючы ўсе элементы ... .

Будоўля доўжылася адзін год. Але і праз год маглі жыць толькі ў адным мансардным пакоі, бо дом яшчэ не быў закончаны. Таму ўвесь вольны час я прысвячаў будаўніцтву і хутка разабраўся ва ўсіх таямніцах гэтага рамяства.

Ад публічнай дарогі вяла свежапасаджаная ліпавая алея. Гэтыя дрэвы я асабіста прывёз з лясніцтва ў Лідзе, дзе іх знайшоў добра падрошчанымі. Паміж уязной брамай і домам меўся кругавы газон, а дарога была высыпана прасеяным жвірам, які прыемна шапацеў пад коламі. Другая знешняя алея вяла ад дома на захад у ружарыюм з бетонным басейнам унутры, вада падагравалася і падпампоўвалася адмысловай помпай. Печы ў доме ставіў слынны "Нёмка" ці Беньямін з Жалудка - цэлая сям'я печнікоў - бацька і тры сыны. Адзін з сыноў быў сапраўдным нямым, ён акрамя печаў, рабіў усе мулярскія працы і, між іншым, будаваў падвалы. Грунтовыя воды стаялі высока, і таму нельга было рабіць глыбокіх падвалаў, а трэба было ставіць іх амаль што наверсе і абсыпаць зямлёй - на паўтараметровай сцяне скляпенне поўнага профілю ў паўкола. Я тлумачыў "немку", што тое, што ён робіць не будзе трымацца - трэба зрабіць скляпенне больш адкрытым. Не, ён не згаджаўся і будаваў "пад сваю адказнасць". Неяк, на закончанае скляпенне ноччу паліўся лівень, і на ранку тырчалі толькі часовыя драўляныя рамы. "Немка" за пару дзён адбудаваў яшчэ раз. Скляпенне высахла, узялося - пачалі вымаць раму, і зноў усё пасыпалася. Толькі тады "немка" пакаяўся. Паднялі сцены на 20 см і зрабілі больш адкрытае скляпенне, прычым частку цэглы зрабілі "на клін". Тады скляпенне вытрывала не толькі зняцце рамы, але і метровы насып зямлі зверху. "Немка" таксама клаў дахоўку на даху, што, з-за ламанага даху, мансардных вокнаў і высунутых ганкаў, было складанай працай. Аднак дах не зацякаў і трымаўся добра. Горш было з падваламі пад домам, дзе паказалася вада, і што бы мы не рабілі, не думала сыходзіць. Пасля нарады са спецыялістамі, вырашылі абкапаць дом ровам, зрабіць дрэнаж з фашынаў, а ваду з рова спускаць на луг. Першыя 6 гадоў гэты дрэнаж працаваў добра, падвалы былі сухія, але потым ці дрэва заплыло, ці заваліла стокі, але ў падвалах зноў паказалася вада. Тады, пры дапамозе Андрэя Брахоцкага [52], які скончыў Варшаўскую палітэхніку па меліярацыі, мы залажылі надзейны дрэнаж з трубаў, і ён надзейна працаваў да самага канца.

У адмысловы спосаб былі зроблены ў падвалах зборнікі ... з імі не было праблем, і таму клазеты, зліў з кухні і ваннай працаваў добра. Падлічыў расход вады і вырашыў, што бак у 2 м3 будзе дастатковым. Бак зрабілі з ацынкаванай бляхі і павесілі пад столь ваннай. У кухні, каля дзвярэй мелася ручная помпа, і кожны дзень з раніцы вартаўнік на працягу паловы гадзіны напаўняў бак з студні, якая з'яўлялася першай пабудовай.

Майстэрствам "немкі" была пабудавана адмысловая сцяна паміж кухняй і ваннай. У сцяне мелася сістэма каналаў, па якіх ішло гарачае паветра разам з дымам ад кухоннай пліты і грэла гэтую сцяну. Такім чынам ванная цудоўна абагравалася. Падагрэў сцяны на лета замыкаўся цэлай сістэмай засавак, і тады дым з кухоннай пліты ішоў адразу ў комін.

Пакоі ў доме былі вялікія і высокія, па старой традыцыі - 3,1 м. Вокны таксама вялікія. Толькі самыя вялікія пакоі мелі асобныя печы, меншыя мелі адну печ на два пакоі. У доме заўсёды было цёпла, і нават у самыя моцныя маразы печы паліліся "на змену", праз дзень. Палілі, зразумела, дрывамі. Пераважна гэта былі вярхі дрэў ці апалыя галіны з эксплуатаваных лясоў. Для гэта дрэва завозілася пад канец зімы, ставілася двое работнікаў, якія пілавалі, секлі і ставілі адну ці дзве горкі дроў - як стагі сена. Дровы сохлі ўсё лета і ўзімку гарэлі, як салома.

Каля 1926 г. тата купіў Ружы дом на вуліцы Мантвілаўскай у Вільні. На Мантвілаўскай знаходзілася так званая банкаўская калонія, бо ў свой час Віленскі земскі банк даваў сваім супрацоўнікам доўгатэрміновыя крэдыты для набыцця пляца і будаўніцтва жылых дамоў. Калонія нагадвала Стары горад у Варшаве, бо кожны з дамоў з фронту меў 3 - 4 акны, і ўсе дамы былі трохпавярховыя. Гэты дом у свой час праектаваўся і будаваўся бацькавым бюро для Коньчаў, і тут падчас пакупкі жыла пані Яленская з Коньчаў.

Гэты дом быў ідэальным для шматлікай сям'і. Важным было знайсці спакойнага і стабільнага здымшчыка, які б заняў трэці паверх. Ім стаў Юзя Тышкевіч, сужэнства якога з Альдонай было бяздзетным. Камяніца мела адзін уваход, бо будавалася для адной сям'і, і таму паверхі былі не ізаляваныя. Меліся вялікія сутарэнні, мелася адна вялікая і адна малая кухня, тры службовыя пакоі і два падвалы. У вялікай кухні стаяў кацёл цэнтральнага ацяплення, які праз трыццаць гадоў без усялякіх праблем дасканала абаграваў усю камяніцу і даваў гарачую ваду ў дзве ванныя, пры гэтым палілася не болей за два вядры вугалю. Сутарэнні былі заглыблены толькі на палову, на іх стаяў высокі першы паверх. З вуліцы праз восем прыступак і ўваходныя дзверы трапляеш у вялікі прадпакой. Адтуль адны дзверы вялі ў дужы салон, недзе 5х8 метраў, з якога меліся дзверы ў сталовую. Сталовая была крыху меншай, пэўна 4х7 метраў. Са сталовай меўся праход у пакой-крэдэнс, дзе апрача стала, шафы і ракавіны была шафка-ліфт, праз якую стравы падаваліся ўверх з кухні. Вокны салона выходзілі на вуліцу, а дакладней на Лукішскую плошчу і касцёл Св. Якуба. Са сталовай меліся дзверы на вялікую веранду над гаражом на падворку. Шырокія дубовыя сходы вялі на другі паверх.

Другі паверх пачынаўся з малога перадпакоя. Адтуль направа і прама дзверы вялі ў два жылыя пакоі. Улева - ванны пакой, які раздзяляў два жылыя. ... Так сама было і на трэцім паверсе, які здымалі Тышкевічы ... .

Тата ... абыходзіў антыквараў і ўвесь час знаходзіў нейкае цуда, абнаўляў яго ў майстроў і абстаўлёўваў дом на Мантвілаўскай. Салон атрымаў два камплекты салоннай мэблі, цудоўныя столікі, англійскі гадзіннік які граў пяць мелодый. На ганаровым месцы вісеў партрэт мамы, намаляваны Людамірам Яноўскім. Сталовая атрымала прыгожы авальны палісандравы стол, такі шырокі, што да яго сярэдзіны немагчыма было дастаць. Пад сталом была ўманціравана ручка. Калі яе пачаць круціць - стол рассоўваўся, запасныя дошкі самі ўскоквалі на свае месцы і за сталом магло сядзець 48 асобаў. Разам са сталом стаялі 16 дубовых крэслаў з высокімі спінкамі.

Дзве дзяўчыны, Стэфця і Зоф'я дбалі пра парадак і паленне печы. Усё блішчэла і ззяла чысцінёй. З падворку запасны ўваход вёў на кухню - на падворку ўзровень грунту быў такі, што кухня аказвалася на першым паверсе. Паміж вуліцай і домам меўся трохметровы пас зелені. Мама пасадзіла два грабы і клумбы кветак. З падворка пад вокнамі сталовай расла высокая вішня, яе крона была на ўзроўні веранды.

Пасля пакупкі дома, мы мелі магчымасць жыць на вёсцы і ў горадзе. Мама з Ружай ахвотна праводзілі зіму ў Вільні, дзе было шматлюдна, шумна і весела. Я прыязджаў сюды час ад часу. Шмат сямействаў землеўладальнікаў праводзіла зіму ў Вільні. Былі балі, тэатральныя прадстаўленні - так званыя "Ахі", раўты, забавы, катанне на санках. Было шмат паненак, вочы ірвала прыгажосць паннаў Шемэт, Еленскіх, Беніслаўскіх, Нітаслаўскіх, Чаховіч, Магдановіч, Мінейкі, Незабытоўскай, Платэр. Да групы старэйшай, але вясёлай моладзі належалі Юзя Тышкевіч, Ясь і Міхал Тышкеічы, Яначак Цывінскі, Стэфан Кагноўскі, Сухоцкі, Друцкі-Любецкі, Геня Ваньковіч, Юстак Струміла, Мах, Багдановічы, Камісы, Лапацінскія, Буйко. Таксама было шмат маладых сужэнстваў, якія таксама бавілі жыццё весела.

Да гэтага трэба дадаць, што Вільня з'яўлалася самым танным горадам у Польшчы. Трэба было моцна паднапяцца, каб за вечар патраціць 100 злотых. Якраз з'явіліся першыя таксі, але яны не мелі каго вазіць. Большасць людзей жыло недалёка, і іх не трэба было вазіць. У горшым выпадку бралі дрожкі, якія каштавала 50 грошаў ці меней. ... Сядаючы на дрожкі можна было сказаць: "Да пана Ваньковіча". Недалёка ад дома была стаянка дрожкаў. На ранку за 20 грошаў можна было даехаць куды хочаш, бо было важна, каб першы кліент быў мужчынам - тады дзень будзе добры. З канца вайны дрожкі былі на "балонах", і таму было прыемна ехаць па бруку. Першы асфальт з'явіўся за пару гадоў перад Другой сусветнай вайной. А як умела рамізнік укладваў на мікраскапічныя козлы шмат валізак і іншы багаж, і пасля гэтага, добра апрануты, па-беларуску панукаў тоўстага, як мяч коніка.

За вокнамі салона мы назіралі іншыя з'явы. Два разы на тыдзень на Лукішскай плошчы адбываўся кірмаш. Дужы наплыў фурманак, гандаль сенам, гароднінай, вырабамі з дрэва і палівам. Прыязджала фурманка (зімой - сані) з высока ўзнятымі аглоблямі. Гаспадар раскладаў торбу з кормам для каня, а сам браўся за справу. Па-першае складваў тавар на продаж на зямлі ... і праз нейкі час дадаваў новы тавар, каб месца не было пустым.

Гаспадарка ў Скабейках ішла сваёй каляёй. Памёр стары эканом Зубуртовіч, ягоная ўдава перасялілася ва ўласны дом у Лідзе. Ад маёнтка атрымала пенсію. Новым эканомам стаў Гайдановіч, таксама добры гаспадар, але трохі хворы чалавек. Потым у яго выявілі рак горла. Акрамя яго ў маёнтку працавалі: вартаўнік, фурман, які з часам стаў і шафёрам, пастух з памагатым, дзяўчына, якая завіхалася з свінямі і птушкай. Жонка эканома займалася малочнымі вырабамі. Рэштай прыслугі былі тры хлопцы, чатыры леснікі і агароднік. Мелася сем рабочых коней. Чатыры кані на выезд, адзін верхавы, 6 - 12 жарабцоў. Бугай, 24 каровы, 10-18 цёлак, чатыры свінаматкі, кнораз і 10-12 свіней. Коні былі напоўпародзістыя, бо мясцовыя кабылы пакрываліся пародзістымі жарабцамі "шведамі". Каровы былі галандскай пароды ..., у такіх кароў тлустаць малака дасягала 4 %, і такая карова давала да 5 000 л малака ў год, што ў мясцовых умовах было вельмі добра. У Скабейках у 1938 г. сярэдні надой за год склаў 3 200 л пры 4,2 % тлустасці.

На пачатку гаспадарання атрымаў ад дзядзькі Антонія з Кенбла "Ноеў каўчэг" - вагон, у якім прыехалі: адзін бычок галандскай пароды, дзе такія ж каровы, пара свінак англійскай пароды, пародзістая кабыла Грэта, якая аказалася сапраўдным траянскім канём. З папераў вынікала, што яна паходзіла з Германіі. Спярша патрапіла да Паўла Сулоўскага, які прадаў яе майму дзядзьку. Выглядала добра. Гнядая, тры белыя плямы, грозна рыскала вокам у белым абадку. Калі кабыла некалькі дзён адпачыла, я загадаў яе асядлаць. Доўга чакаў. Нарэшце падвялі кабылу, заношу нагу, каб сесці і праз хвілю ўжо ляжу з другога боку. Сеў з крэсла. Калі ўжо быў у сядле, кабыла везла, як быццам мела найлепшую выездку. Цяжкасці ўзнікалі пры пасадцы. З часам зразумеў, што яна была пякельна далікатнай. Чысціць даводзілася прыціснуўшы бэлькай да сцяны, але і тады крычала і рыдала ўвесь час пакуль яе чысцілі. Запрагаць яе было немагчыма. Як толькі пасы вупражы краналіся гэтай кабылы, яна адразу пачынала ламаць дышаль і добра, калі другі конь пры гэтым не быў паранены. Быў, аднак, час, калі яна была лагоднай, як ягня, можна было да яе дакранацца, падлазіць пад жыватом. Гэты быў час калі яна насіла жарабя. Але так было толькі два разы, а потым стала бясплодная. Мусіў яе прадаць. Купілі яе купцы па конях, мае прыяцелі яўрэі. Папярэдзіў іх, каб былі асцярожнымі. "Каму пан кажа, у нас яна будзе, як авечка". І "авечка" ў той жа дзень зламала руку аднаму з іх. Кабыла вандравала ад гаспадара да гаспадара, сеючы перапалох і знішчэнне. Праз тры ці чатыры гады бачыў, як тагачасны ўладальнік, селянін з-пад Гародні, спрабаваў прадаць яе афіцэру падчас манеўраў. Выглядала добра і грозна глядзела сваім вокам у белым абадку. Яе сын Густ доўгія гады быў маім верхавым канём. ...

У доме жыла кухарка, спярша Франуся, потым Барбара і іншыя служкі. Яны часта змяняліся, бо выходзілі замуж. Нейкі час, па-рэкамендацыі Леана, даўняга кухара з Нароўлі, а ў той час кухмістра і суўладальніка рэстарацыі "Брыстоль" у Вільні, меў кухара і яго памочніка ў адной асобе. Гатаваў нядрэнна, дасканала рабіў закускі, але быў лянівы і замала меў работы, бо ўсё рабіў досыць хутка і потым нудзіўся. Мусілі расстацца. Ён хутка стаў шэфам кухні ў Наваградскім клубе чыноўнікаў.

Дом у Скабейках меў восем пакояў і кухню на першым паверсе, тры пакоі і вялікі хол на другім. Верхнія пакоі былі для гасцей, а на першым паверсе меўся перадпакой, салон, пакой мамы, пакой Ружы, канцылярыя, мой пакой, сталовая, пакой кухаркі, кухня. Акрамя таго: камора, ванная, два клазеты і ўваход у падвал.

У першае лета разам з двума фоксамі жыў пад страхой стадолы. Каб не фоксы, дык мяне напэўна б з'елі шчуры, іх тут было шмат. Страляў па іх са штуцара, іншых адганялі сабакі. Меў там стол, палявы ложак і машынку да кавы, з якой частаваў гасцей. Ежу мне гатавала пані Зубуртовіч. Потым перасяліўся ў адзін з пакояў другога паверха, які закончылі першым, калі ў іншых яшчэ ішла праца. ... Тут у мяне гасцявала шмат асоб, а хлопцы Чацвярцінскія неяк запыталіся ў маёй маці: "Чаму ў пана Раствароўскага на сняданак ёсць такая смачная кава, а мы п'ем такую дрэнную?". У княжацкім жалудоцкім доме панавала прастата, і штодзень ужывалася кава са збожжа.

Частка 3 [53]
Пахаванне майго бацькі, віленскага архітэктара і мастака

На трэці дзень пасля манеўраў, прыйшла тэлеграма з паведамленнем пра смерць майго бацькі. Паспеў яшчэ на хуткі цягнік да Варшавы, а ў Варшаве на хуткі цягнік да Вільні. Разам са мной з Пулаваў выехалі цёця Зоф'я Весь, Цёця Лявонція ВерушКавальская і Дуда Раствароўская.

Słowo №196(1807) 28 sierpnia 1928 .

У Вільні ў салоне на катафалку ўжо стаяла засыпаная кветкамі труна. Бацька памёр раптоўна, пад час абеду ў рэстарацыі гатэля Георга. Тут жа, у любімым доме, які сам і пабудаваў і дзе працаваў, ён зараз і ляжаў. Пасля паўдня труну перамясцілі ў касцёл Св. Якуба. Прыехаў Стах Раствароўскі, палкоўнік, камандзір 27 палка ўланаў з Нясвіжа, Стэфан Раствароўскі, сын Караля. З кватэры труну перанеслі ў касцёл а пасах, бо блізютка. Было мноства людзей. Яшчэ болей прыйшло назаўтра, на ранішняе набажэнства. Святую імшу адслужыў вялікі сябар бацькі, ксёндз-прэлат Караль Любянец, на хорах граў слынны квартэт ... . Безліч вянкоў і кветак. Пакуль што труну апусцілі ў падзямелле капліцы могілак на Росах. Пахавальніцу, якая была каля праектаванай бацькам пахавальніцы дзеда Аляксандра Аскеркі, спраектаваў калега бацькі архітэктар Гіпаліт Грыневіч. Перанос труны з падзямелля капліцы ў гэтую пахавальніцу адбыўся толькі ўвосень. Таму былі выраблены дзве труны - драўляная і металічная ў сярэдзіне.

У пахаванні прыняла ўдзел дэлегацыя ад Віленскай дырэкцыі чыгункі, дзе бацька працаваў апошнія гады перад пенсіяй. Скончылася жыццё чалавека ціхага, працавітага, які горача любіў Вільню і яе прыгажосць, які любіў мастацтва, быў замілаваны ў гісторыю, на памяць ведаў усе роды і гербы. Памяць дазваляла яму цытаваць цэлага "Пана Тадэвуша", усяго Славацкага, Красінскага, Тэтмайра ... паэтаў італьянскіх і французскіх. Незалежна ад гэтага меў у памяці велізарны запас анекдотаў, гісторый і баек і час ад часу, сыпаў іх феерверкамі. Шмат якія з яго баек потым жылі ў Вільні як бяссмертныя гісторыі, якія голасна цытаваў Салмановіч у віленскай "Чырвонай страле": "Як жывеш, пане Растваровіч" - бацька адразу адказаў: "Самавітых прозвішч не перакручваюць, пане Салманскі".

Ніхто ніколі не прыводзіў дакладнага спісу работ і будынкаў, зробленых бацькам. Нават мама шматразова казала яму зрабіць такі спіс, але ён заўжды лічыў, што яшчэ рана. Са слоў бацькі памятаю, што будаваў, перабудоўваў, праектаваў ці супрацоўнічаў з 1905 г., калі былі зняты абмежаванні на будаўніцтва, 28 касцёлаў. Лепшыя мастацкія працы, раскіданыя па маёнтках (акварэльны партрэты прыгожых жанчын, у віленскай кватэры была калекцыя з 40 дублікатаў, намаляваных цудоўнай тэхнікай), загінулі ў часе Першай сусветнай вайны, а тое што засталося, загінула падчас Другой сусветнай вайны. Нешта ўцалела ў Кракаве. У 1947-48 гг. мама і Ружа разам з Зімерманам, зрабілі наступны, далёка няпоўны, спіс некаторых прац бацькі:

Касцёлы: Рудка, Парафіянаў, Лынтупы, Крэва, Белая Вака, Маляты, Беняконі, Ваверка, Іўе, Суботнікі, Сабакінцы (зараз Першамайск Шчучынскага р-на - заўвага перакладчыка. ) і некалькі іншых [54].

Двары і палацы: Дабачня - Булгакаў, Даніловічы - Тышкевічаў, Гельваны - Плятэраў, Залаты Паток, Жалудок - Чацвярцінскіх, потым па жаданні гаспадароў Марконі няўдала перарабіў яго, Рудакоў - Ваньковічаў, Ландвараў - Тышкеічаў, Скабейкі - двор для сваёй сям'і. (Яшчэ: Больценікі - Путкамераў, Лынтупы і Раклішкі - заўвага перакладчыка. ).

Шэраг архітэктурна-мастацкіх прац: У Нароўлі - Хорватаў, афіцына ў Жыржыне, Вяслоў, Віжуны, Боньча.

Пераробкі і перабудова шэрагу двароў на Літве, Жмудзі, Русі.

Вакзалы і чыгуначныя будынкі: Чэрамша, Масты, Ражанка, Скрыбаўцы, Ліда, Бастуны, Беняконі, Брэст-Літоўскі - разам з архітэктарам Гіпалітам Грынцэвічам, незакончаны. Паравознае дэпо, перароблена ў жылы дом у Мастах, калонія дамоў чыноўнікаў у Лапах, схематычныя праекты вакзалаў: вялікага, сярэдняга і малога - якія потым серыйна будаваліся ў Віленскай дырэкцыі чыгунак.

Гмахі і дамы ў Вільні: дом гатэля Георга, дом гатэля Брыстоль, дом Слізня па вуліцы Гданьскай, даходны ўласны, прададзены Свентажэцкай дом па вуліцы Завальнай, даходны дом па вуліцы Шапэна, дом Коньчаў, праз час уласны дом па вуліцы Мантвілаўскай, фасад гмаху Віленскай дырэкцыі чыгунак па вуліцы Славацкага, 2, палац Тышкевічаў на Набярэжнай (Інстытут усходні), гмах Катроля па вуліцы Вялікая Пагулянка, гмах сучаснай Гарадской станцыі, ранейшая ўправа Коннага завода.

Некалькі дзясяткаў карцін рэлігійнага зместу для касцёлаў, некалькі дзясяткаў вялікіх палотнаў міфалагічнага зместу для Нароўлі і Дабачні, некалькі дзясяткаў алейных партрэтаў, некалькі сотняў акварэльных партрэтаў, сотні праектаў алтароў, канфесіяналаў, брам, званіц, капліц, надмагілляў, дамоў чыноўнікаў, ад сціплых да люксовых. Некалькі дзясяткаў плафонаў і фрэсак. Некалькі прафесійных артыкулаў у архітэктурных часопісах, і тое, пра што мала хто ведаў - шмат вершаў.

Увосень адбылося перанясенне парэшткаў у пахавальніцу. Прысутнічалі найбліжэйшыя сваякі і сябры. Жаданне мамы, быць пахаванай каля мужа і бацькі не было выканана, яе пахавалі на варшаўскіх Павонзках.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Фрагменты з кнігі: Rostworowski Andrzej. Ziemia, ktorej juz nie zobaczysz. Warszawa, 2001.

[2] Тадэвуш Раствароўскі (1860-1828) - архітэктар, мастак, землеўладальнік. У 1885 г. атрымаў ступень архітэктара 2 класа ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтва, пасля дадатковай вучобы за мяжой пасяліўся ў Вільні, будаваў дамы, палацы, касцёлы, а пасля 1921 г. чыгуначныя станцыі. Пабудаваў палац Путкамераў у Больценіках, Ваньковічаў у Рудакове, прымаў удзел у праектаванні палаца ў Белавежы, пабудаваў гатэль Св. Георга ў Вільні (зараз "Вільнюс"), касцёлы ў Ландвараве і Салечніках, праектаваў будынак чыгуначнага вакзала ў Белай Падлясцы, міфалагічнымі сцэнамі аздобіў плафоны палацавых залаў у Нароўлі і Дабасні, маляваў партрэты і акварэлі, праектаваў эмблемы Літоўска-Беларускіх дывізій Сярэдняй Літвы. Быў уладальнікам маёнтка Лесня ў гміне Лейпуны (зараз - Lejpalingis) парафіі Лішкаў (зараз - Liskiava) з прыгожым падамініканскім касцёлам. Пасля 1-й Сусветнай вайны жыў у Вільні ў сваёй віле па Мантвілаўскім завулку. Памёр у Вільні, пахаваны на могілках Росы.

[3] Раман Раствароўскі (1826-1906) - землеўладальнік, уладальнік маёнтка Кавалёўшчына з фальваркамі Барыска, Енкі, вёскі Ванева і жончынага спадкавага маёнтка Дабрахі, калятар касцёла ў Ваневе. З 1858 г. міравы суддзя Тыкоцінскай акругі, у 1877 г. прадаў маёнтак, у 1877-80 гг. быў эканомам маёнтка Рахманава пад Шумскам, потым 6 гадоў працаваў у бухгалтэрыі Надвіслянскай чыгункі з Варшаве. Памёр у Кракаве.

[4] Марыя з Глогераў Раствароўская (1834-1911) - стрыечная сястра этнографа Зыгмунта Глогера, паходзіла з Добраў што пад Тыкоцінам. 2.02.1854 г. пашлюбавалася з Раманам Раствароўскім і мела з ім 9 дзяцей, да таго ж выхавала яшчэ 5 дзяцей свайго швагра Адама. У 1871-73 гг. кіравала маёнткам Кавалёўшчына, а пасля ягонага продажу жыла ў Варшаве, зарабляла тым, што трымала кравецкую майстэрню і рэпетытарствавала.

[5] Будаўнічае бюро Тадэвуша Раствароўскага і Казіміра Зімермана (ці Цымермана - так яго прозвішча пісалася ў міжваенныя гады) распрацоўвала праекты і каштарысы прыбытковых дамоў, касцёлаў, віл, палацаў і займалася тэхнічным наглядам.

[6] Зоф'я Раствароўская з Аскеркаў (1873-1853) - землеўладальніца, у 1898 г. выйшла замуж за Тадэвуша Раствароўскага. Памерла ў Кракаве.

[7] Аляксандр Аскерка (1830-1911) - землеўладальнік, грамадскі дзеяч, уладальнік маёнтка Раёўшчына каля Маладзечна, канфіскаванага расійскімі ўладамі. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, у Вільні займаўся грамадскай дзейнасцю, друкаваўся ў "Кур'еры Віленскім". Пасля выбуху паўстання ў 1863 г. быў сябрам, а потым старшынём паўстанцкага ўраду Літвы. Пасля арышту прыгавораны да смяротнага пакарання, але памілаваны і сасланы на пажыццёвую катаргу ў Нерчынск, потым ва Усол за Іркуцкам. Праз 12 год вярнуўся па амністыі, жыў у Наленчаве і Варшаве. Быў першым рэдактарам варшаўскага "Ateneum". Памёр у Вільні.

[8] Тэадозія Аскерка з Грабоўскіх паходзіла з Вялікага Мажэйкава, як нарачоная паехала з Аляксандрам у ссылку і праз нейкі час у Сібіры ўзяла з ім шлюб. Памерла каля 1900 г. у Наленчаве.

[9] Станіслаў Грабоўскі герба Тапор быў сынам Караля Рафала Грабоўскага і Касыльды з Цяльшэўскіх. Уладальнік маёнтка Плянты і Мажэйкаў. Меў сёстраў Тэадозію Аскерку, Касыльду Скірмунт (была замужам за Шымонам Скірмунтам), Францішку Верашчаку (была замужам за Стэфанам Верашчакам) і Марыю Скарбак-Важынскую (была замужам за Баляславам Скарбак-Важынскім). Пры падзеле яго маёнтка, які быў выкананы ў 1923 г. спадкаемцы Тэадозіі Аскеркі атрымалі каля 6000 га зямлі ў розных фальварках а спадкаемцы Францішкі Верашчакі атрымалі Вялікі Мажэйкаў. Аднак двор у Вялікім Мажэйкаве, пабудаваны Хадкевічам, быў спалены ў 1915 г. падчас адступлення рускіх войскаў. Засталася дваровая капліца XVIII ст. адрэстаўраваная па праекту Тадэвуша Раствароўскага і афіцына часоў Хадкевіча, у якой і пасяліліся новыя ўладальнікі. Спадкаемцы Касыльды Скірмунт і Марыі Скарбак-Важынскай у падзеле мажэйкаўскай маёмасці не ўдзельнічалі.

[10] Караль Лясковіч да 1820 г. быў уладальнікам маёнткаў Ішчална і Голдава. У Ішчалне пабудаваў палац. Пры канцы XIX ст. у гэтым маёнтку гаспадарыў Станіслаў Грабоўскі, але маёнтак не быў ягонай уласнасцю. З 1923 г. Ішчалну артымаў стрыечны нашчадак Караля - Юзаф Лясковіч (1858 - 1937). Голдава засталося ў руках сям'і Скарбак-Важынскіх.

[11] Верашчакі - нашчадкі Францішкі з Грабоўскіх і Стэфана Верашчакі, які памёр у лютым 1918 г.: старэйшы сын Стэфан, жанаты на Марыі-Анелі з Патоцкіх (1891-1924), яго сястра Яніна (Нінка) - панна з-за зрыву заручын з Юзафам Патоцкім і брат Міхал (Мік). Міхал нарадзіўся ў 1876 г., выпускнік Рыжскай палітэхнікі і сябар Арконіі ў 1895-1902 гг. У 1904 г. ажаніўся з Янінай (Жанцяй) з Ельскіх і ўспадкаваў яе маёнткі Ясянец і Гутаўшчыну каля Шчучына. У 1923 г. атрымаў Вялікі Мажэйкаў. Не меў дзяцей, і пасля ягонай смерці гэтую маёмасць атрымаў сын Стэфана і Марыі-Анелі Тамаш Верашчака (1914-1940), які меў старэйшую сястру Людвіку (Лілю) - жонку Здзіслава Баржэўскага. Аўтар далей памылкова падаў, што Міхал Верашчака быў жанаты з Грабоўскай.

[12] Раствароўскі пракаментаваў: "Вацлаў Ластоўскі паходзіў з Менска, дзе з 1917-18 гг. лічыў сябе беларусам. Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі асеў на Віленшчыне. Прафесар, спецыяліст па ўгнаеннях і вырошчванні збожжа і бульбы, публікаваў працы аб феналагічным аспекце пры назіранні за ростам раслін. Ад 1921 г. меў дачыненне да Віленскай станцыі ў Беняконях, потым, да часоў ІІ Сусветнай вайны быў дырэктарам станцыі. Таксама займаўся даследаваннямі ў Сельскагаспадарчай даследчай станцыі ў Ганусаўшчыне (пад Нясвіжам) У 1945-1951 гг. працаваў на кафедры агульнай біялогіі раслін універсітэта ў Познані. Сябар Познанскага таварыства аматараў навук. Перад ІІ Сусветнай вайной друкаваўся ў "Сельскагаспадарчым тыгодніку", пасля вайны - у "Сельскагаспадарчым аглядзе". Апошняя публікацыя - у 1951 г. Верагодна памёр у 1950-х гадах".

Самае галоўнае тут: " ... з Менска, дзе з 1917-18 гг. лічыў сябе беларусам" . Гэта выклікае павагу, дазваляе лічыць яго беларусам і патрабуе распрацоўваць яго біяграфію - людзей такога маштабу мы маем не шмат. Таму, мая кароткая, першасная біяграфія паважанага прафесара: Вацлаў Ластоўскі (1880, у Lelekancach - у 1954 годзе ў Познані) - батанік, фенолаг і спецыяліст ў галіне сельскагаспадарчых навук. Нарадзіўся ў Леляканцах Віленскага павета. Ягоны бацька працаваў лекарам у ваколіцах Вільні. Вацлаў Ластоўскі скончыў Віленскую гімназію і ўжо з гадоў навучання ў ёй цікавіўся флорай і фаўнай Віленшчыны. У шостым класе гімназіі стаў феналагічным карэспандэнтам прафесара Кайгародава з Санкт-Пецярбурга. Гімназію скончыў у 1901 г., у 1905 г. скончыў сельскагаспадарчы факультэт Пулаўскага інстытута і атрымаў званне агранома 1-й ступені. Пасля гэтага працаваў у старэйшага брата ў сяле Казакоўшчына, паглыбляў веды пра сельскую гаспадарку і селекцыю раслін. Займаўся даследаваннямі ў галіне феналогіі і экалогіі, паглыбляў свае веды з аграметэаралогіі. Уступіў у Віленскае сельскагаспадарчае таварыства, дзе плённа працаваў - у 1906-1909 гг. арганізаваў метэастанцыю, праводзіў палявыя эксперыменты, займаўся селекцыяй. У 1910 г. па яго ініцыятыве было створана Віленскае таварыства сельскагаспадарчых даследаванняў, якое адкрыла эксперыментальную станцыю ў Беняконях. Ластоўскі кіраваў станцыяй на працягу 35 гадоў. Сярод іншых прац, вывеў адаптаванае да прыродных умоў Віленшчыны беняконскае жыта, тыбецкі авёс, авёс Лонгінус, бульбу Альмарыя і раннія гатункі лубіну. У 1924 г. ён быў абраны членам Фізіяграфічнай камісіі Польскай акадэміі навук. У 1929 г. ён быў прызначаны на кафедру глебы і раслін універсітэта Стэфана Баторыя. Ён быў першым дэканам факультэта сельскай гаспадаркі ўніверсітэта (1939 г.). Падчас другой нямецкай акупацыі, арганізаваў падпольныя курсы па аграноміі. У 1945 г. ён пакінуў Беняконі і пераехаў у Познань, працаваў на кафедры глебазнаўства факультэта сельскай і лясной гаспадаркі ўніверсітэта горада Познань. Напісаў каля 60 навуковых прац і некалькі сотняў артыкулаў у прафесійных часопісах - Гл: Witold Staniewicz, Waclaw Lastowski, w: Sprawozdania Poznanskiego Towarzystwa Przyjaciol Nauk, nr 44/45/1955, s.135-137. - заўвага перакладчыка.

[13] На пачатку XVI ст. сядзіба, якая аб'ядноўвала Вялікае і Малое Мажэйкава належала Міхалу Гагіну, намесніку Мазырскаму, які прыняў удзел у здрадзе М. Глінскага. Таму кароль Жыгімонт Стары перадаў маёнтак Івану Тышкевічу. Унучка І. Тышкевіча - Аляксандра (памерла ў 1593 г.) выйшла замуж за Аляксандра Хадкевіча (памёр у 1578 г.) - старасту Гарадзенскага, i такім чынам сядзіба перайшла да Хадкевічаў. Але ўжо ў XVII ст. маёнтак належаў Нарушэвічам. Каля 1666 г. Аляксандр Нарушэвіч (памёр у 1668 г.) - падканцлер Вялікага Княства Літоўскага перапісаў В.Мажэйкава разам з Дзікушкамі і Лябёдкай сваёй жонцы Аляксандры з Сапегаў. Цэцылія Соф'я Сапежанка (1688-1762) у 1710 г. выйшла замуж за Яна Караля Хадкевічам (1686-1712), i В.Мажэйкава на доўгі час становіцца дзядзінцам Хадкевічаў. У маёнтку доўгі час жыў Адам Тадэвуш Хадкевіч (1711-1745), ваявода Берасцейскі, пашлюбаваны з Евай Чарскай (памерла ў 1769 гг.). Ці доўга маёнтак належаў ix нашчадкам, не вядома, але ўжо іхні сын Ян Мікалай Хадкевіч (1738-1781) жыў у в.Турэц на Наваградчыне. Не вядома, у каго ў 1862 г. В. Мажэйкава купіў Кароль Рафаіл Грабоўскі гербу Окша (памёр у 1857 г., пахаваны ля касцёла ў в. Ішчална), падкаморы Пружанскі, сын Феліцыяна Грабоўскага, маршалка Пружанскага, суддзі апеляцыйнага суду Пружанскага, а потым Лідскага. Ад Караля Рафаіла Грабоўскага маёнтак перайшоў да ягонага сына Станіслава, які, не маючы сваіх дзяцей, перадаў маёнтак сваякам. Вялікае Мажэйкава заступілі Верашчакі. Апошнім гаспадаром маёнтка быў Міхал Верашчака (жанаты з Янінай Ельскай). Міхал Верашчака нашчадкаў не меў, i на ім згас род Верашчакаў, да якога належала Міцкевічава Марыля Верашчака - заўвага перакладчыка.

[14] Сабакарня і сядзібная лядоўня знаходзяцца з паўночнага боку саду, што мяжуе з сучаснай вуліцаю Леніна. Над дзвярамі лядоўні захавалася дата, маляваная фарбаю "1790" - заўвага перакладчыка.

[15] Мечыслава Цвіклінская (1879-1972) - польская артыстка тэатра і кіно, спявачка. Нарадзілася ў тэатральнай сям'і. Дэбютавала на сцэне варшаўскага "Тэатра людовага" ў 1900 г. Выступала ў аперэтачных і оперных ролях у тэатрах Варшавы, Лодзі, Кіева, Менска, Вільні, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Берліна і Дрэздэна. Прымадонна польскай аперэты. Здымацца ў кіно пачала ва ўзросце 54 гады. Сапраўднае імя і прозвішча Мечыслава Трапшо - заўвага перакладчыка .

[16] Мар'ян Дубецкі (1838-1926) - гісторык, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Кіеве, працаваў настаўнікам у Роўна, быў сасланы ў Вятку. Пасля вяртання, прыехаў у Варшаву і ўвайшоў у паўстанцкі ўрад. 10.04.1864 г. быў арыштаваны, да 1883 г. знаходзіўся ў ссылцы. Аўтар працы "Рамуальд Траўгут" і некалькіх іншых, адна з прац прысвечана Каралю Прозару. Пры канцы жыцця жыў у Кракаве, збіраў грошы на будаўніцтва гімназіі ў Цешыне.

[17] Гіпаліт Грынцэвіч (1876-1933) - інжынер-архітэктар, вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтва. Працаваў у Пецярбургу і Маскве. Удзельнічаў у пабудове сабора Аляксандра Неўскага ў Маскве. З 1919 г. жыў у Вільні і працаваў у Акруговай дырэкцыі дзяржаўнай чыгункі, пабудаваў вакзал у Стоўбцах, выкладаў архітэктуру на факультэце прыгожых мастацтваў ва ўніверсітэце імя Баторыя ў Вільні.

[18] Цікава, што ў польскім тэксце прысутнічае менавіта гэтае слова - "сядзіба". І польскім тэксце рэдактар тлумачачы сэнс слова "сядзіба" напісаў, што яно ўкраінскае - заўвага перакладчыка.

[19] Сядзібны дом - быў будынкам прастакутнай формы на высокім падмурку з высокім ламаным гонтавым дахам. Злева і направа ад сядзібы сіметрычна стаялі два будынкі прыслугі (афіцыны), знешне падобныя на сядзібны дом. Згодна з мясцовымі расказамі у ix месцілася харугва Хадкевічаў. У абодвух будынках былі стайні для 20 коней i памяшканні для вершнікаў. У XIX ст. абодва дамы перапланавалі пад жытло для прыслугі. Зруйнаваны сядзібны дом згарэў у 1915 г. У Першую сусветную вайну захаваліся толькі калоны агароджы.У 1920 г. згарэў левы дом для прыслугі. Апошні гаспадар Мажэйкава - Міхал Верашчака, збольшага перабудаваў ацалелы правы дом пад жытло для сябе. Пакоі адрамантавалі, але ўжо не было ні каштоўнай мэблі, ні каштоўных твораў мастацтва - заўвага перакладчыка.

[20] Адбудова сядзібы пачалася на пачатку XVIII ст. пры Адаме Тадэвушы Хадкевічы. Комплекс з'ядноўваў сядзібны дом, вялікі парк (10 га), спачатку з трох бакоў акружаны пладовым садам, мураваную агароджу, флігель, гаспадарчыя пабудовы: сабакарня, лядоўня, два дамы прыслугі - левы і правы, лямус, вялікі склад, альтанка, капліца (пабудаваная ў другой палове XVIII ст., на пачатку XX ст. рэстаўраваная паводле плану архітэктара Тадэвуша Раствароўскага), фантан, млын, дзве сажалкі, побач з сядзібай вінакурня 1890 г. - заўвага перакладчыка.

[21] Парк раней меў сіметрычную рэгулярную планіроўку. Складаўся з параднага партэру і сістэмы баскетаў, падзеленых сеткай грабавых, ліпавых i кляновых алеяў. Кампазіцыйная вось парку пачыналася брамай i завяршалася капліцаю. У паўднёва-ўсходняй частцы парку была альтанка. Ад альтанкі захаваліся прыступкі i падмурак. У заходняй частцы знаходзіўся флігель. Ён прастакутны, мураваны, атынкаваны. Вырашаны ў класічным стылі. Захаваўся адносна добра, месцамі абсыпалася атынкоўка, зараз выкарыстоўваецца як жылы дом - заўвага перакладчыка.

[22] Пасля адбудовы сядзібы, акрамя палаца і гаспадарчых пабудоў у Скабейках меліся шэсць невялікіх драўляных хатак, у якіх жыла служба. Аднапавярховы палац Раствароўскага быў не вельмі вялікі, але вельмі прыгожы, ён быў пабудаваны з дрэва і атынкаваны. Палац меў падоўжаную форму і два ўвахода па тарцах. Галоўны, парадны, выходзіў на цэнтральную алею, другі ў бок гаспадарчых пабудоў. Палац стаяў на ўзгорку і быў бачны здалёку, быў прыгожа аздоблены і пафарбаваны, што ў асяроддзі кветак і дрэў глядзеўся, як казачны, але ўнутры выглядаў сціпла. Палац у 1942 годзе спалілі партызаны. Сёння ад палаца застаўся толькі паўразбураны падмурак і фрагменты каменных прыступак, якія зараслі хмызняком. Інфармацыя Святланы Талмачовай з "Лідскай газеты" - заўвага перакладчыка.

[23] Rostworowski Andrzej. Moje zycie na Nowogrodczyznie lata 1924-1928 // Goniec Kresowy Nr 41. Rok 2003. S.12-16.

[24] Сойм прыняў законы пра аграрную рэформу 28 снежня 1925 г. Прынятая пастанова, паводле якога парцэляцыі, гэта значыць падзелу, падлягала зямельная ўласнасць, якая перавышала 180 га, а на ўсходзе краіны, дзе велізарныя пляцы былі заняты збожжавымі культурамі ці ляснымі ўгоддзямі - звыш 300 га. Для землеўладанняў, якія мелі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, усталёўваўся ліміт, роўны 700 га. Уладальнік маёнтка асабіста ці праз адпаведныя ўстановы павінен быў на працягу двух гадоў правесці падзел сваёй зямельнай уласнасці. Толькі пры выкананні гэтага тэрміну ён мог атрымаць поўнае пакрыццё ад дзяржавы за згубленую ўласнасць. Пастановай Рады Міністраў на Лідчыне ў 1926 г. прымусова былі прадзеныя наступныя кавалкі зямлі: 100 га з маёнтка Шчучын (фальварак Даўлюдаўшчына) княгіні Мырыі Яны Друцкай-Любецкай, 460 га з маёнтка Спуша (фальваркі Дэмбраў і Лясішча) князя Яўстаха Сапегі, 300 га з маёнтка Жалудок (фальваркі Хацееўшчына і Варацішча) у князя Л. Чацвярцінскага (Гл: Slowo №7(1017) 10 stycznia 1926.). У 1927 г.: 100 га каля мястэчка Жалудок у княгіні Марыі Чацвярцінскай, 200 га каля мястэчка Іўе ў Тамаша Замойскага, 350 га каля мястэчка Шчучын ў Марыі Друцкай-Любецкай, 225 га якія належалі Нясвіжскай ардынацыі Альбрэхта Радзівіла і знаходзіліся ў Лідскім павеце (Гл: Наша Справа №5(14), 15 студзеня 1927.) Дзяржава за бюджэтныя сродкі выкупіла надзелы зямлі, і частка іх была перададзена ў гмінны фонд, адкуль зямля дзялілася на невялікія роўныя надзелы (каля 0,24 га) і за 200 злотых перадавалася ў карыстанне сялянам, грошы за гэтыя надзелы сяляне плацілі па частках шмат гадоў. Але зямлі не хапала, і таму праз "камацыю" ўсе, хто меў патрэбу, купіць зямлю не маглі. Малазямелле было галоўнай хваробай сялян Заходняй Беларусі, большасць сялянскіх сем'яў, цяжка працуючы, дзесяцігоддзямі складалі злот да злота каб дакупіць кавалак зямлі - заўвага перакладчыка.

[25] Рыма-каталікі - былыя борці, перасяленцы з Прусіі. Праваслаўныя - былыя ўніяты, беларусы-славяне. Пры канцы XIII ст. землі борцяў канчаткова захапіў Тэўтонскі ордэн. Частка насельніцтва мігрыравала на тэрыторыі Летувы і Беларусі. У Лідскім павеце борці жылі ў двух цэнтрах: у ваколіцах мястэчка Жалудок і ў ваколіцах мястэчка Радунь, да канца XVIII ст. гэтыя два цэнтры складалі адну воласць Борці ці Борцкі павет - заўвага перакладчыка.

[26] Часопіс "Праваслаўны беларус" пісаў, што Маламажэйкаўская царква вельмі спадабалася чыгуначным службоўцам: католікам з суседняй станцыі Скрыбаўцы, якія і падалі хадайніцтва каталіцкаму біскупу пра перадачу ім царквы (Гл: Горны Аляксандр. Страсці вакол Мураванкі // Поколение. № 2-2013. С. 46.). Верагодна, гэта і прадвырашыла далейшы лёс царквы: у 1924-м была адабрана і аддадзена ў арэнду царкоўная зямля, а 10 кастрычніка таго ж года па распараджэнні Міністэрства асветы і рэлігійных вызнанняў і пры паразуменні з вышэйшымі ўладамі Польскай праваслаўнай царквы, праваслаўны прыход у Малым Мажэйкаве быў скасаваны. Пісаліся розныя заявы ў адміністрацыйныя інстанцыі, вернікі звярталіся да варшаўскага мітрапаліта, ураду і дэпутатаў польскага сойму з просьбай пра абарону, але павятовы стараста загадаў царкву зачыніць і ключы ад яе перадаць мясцоваму дабрачыннаму. 25 лютага 1926 года ў Малое Мажэйкава да псаломшчыка прыехаў камендант паліцыі і адабраў ключы ад царквы. Хутка царкву аддалі рыма-каталіцкай парафіі. Знакамітая Маламажэйкаўская царква-цвердзь ніколі да гэтага не была рыма-каталіцкай - заўвага перакладчыка.

[27] 1921 г. газета "Беларускі звон" пісала пра папа з Дзікушак: "Цікавае зьявішча, арыгінальнае! Бацюшка ў сваім уласным будынку адчыніў проці волі насялення польскую школу. Дачка скончыла беларускія вучыцельскія курсы ў Вільні ў 1921 г., цяпер яна здраджвае беларускіх дзетак, калечыць памаленьку іх. А бацюшка стараецца не адставаць ад дачкі. Ён лае грамадзян за тое, што яны ня хочуць слаць дзетак да школы. Будзем цешыць сябе думкай, што гэта зьявішча рэдкае" (Гл: Беларускі звон №24-1921.). Незадавальненне святаром-паланафілам, вылілася ў незвычайны бок. Па адной з версій, восенню 1924 г. на пасаду псаломшчыка ў прыход Дзікушкі быў прысланы забаронены за нейкія правіны протаіерэй Марк Ячыноўскі (Гл: Николаев К.Н. Восточный обряд. Дорога Рима в Россию (Рим - Польша - Россия). Париж: YMCA-PRESS, 1950. С. 138.). Па другой версіі Ячыноўскі і быў у той час законным настаяцелям храма (Гл: Katolik №47-1925.), верагодна ён замяніў святара-паланафіла, пасля чаго пачаў збіраць подпісы вернікаў за пераход у унію.

Пра гэтыя падзеі дастаткова шмат пісала прэса таго часу. Напрыклад газета "Беларуская доля" паведаміла: "Уніяты ў Заходняй Беларусі. У сувязі з развалам праваслаўнае царквы і палянізацыі каталіцтва, у заходняй Беларусі з'яўляюцца новыя рэлігійныя кірункі. З аднаго боку тут пачалі сваю працу амерыканскія метадысты, з другога - уніяты. ... колькі дзён назад у Вільню прыехаў з Лідзскага павету сьвяшч. Лаўров, які зрабіў вышэйшай духоўнай уладзе даклад аб пераходзе на унію цэлага прыходу Дзікушкі з пратаіерэем Ячыноўскім. Каб вярнуць на ложа праваславія адпаўшую парафію, архіяпіскап Хвядос паслаў туды сьвяшч. Дзічкоўскага" (Гл: Беларуская доля №23-1925.). Польскія газеты паведамлялі: "Праваслаўны прыход на чале з сваім настаяцелям Ячыноўскім перайшоў з праваслаўя ва унію" (Katolik №47-1925.). Ці "З Вільні даносяць, што цэлы Дзікушскі прыход разам з сваім настаяцелем Ячыноўскім, перайшоў з праваслаўя ва унію" (Oredownik Wrzesinski №43-1925.). Віленская газета "Слова" пісала: "Унія. Віленская праваслаўная кансісторыя атрымала паведамленне, што ў вёскі Дзікушкі лідскага павета, цэлая парафія на чале з святаром ... Ячыноўскім перайшла з праваслаўя ва унію" (Slowo №72(786) 29 marca 1925.). Верагодна, пераход у унію быў ініцыятывай мясцовых улад, а ўніяцкае святарства не мела дачынення да авантурыста Ячыноўскага.

Як бы там не было, але ўжо праваслаўны настаяцель гэтай царквы Барыс Жаброўскі, за сакавік і красавік 1926 г., атрымаў ад польскага ураду матэрыяльную дапамогу ў памеры 65 злотых (Гл: Загідулін А. М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2010. С. 162. ) і такая грашовая падтрымка яму і ўсім іншым праваслаўным святарам мела пастаянны характар - заўвага перакладчыка.

[28] Нацыянальны дэмакрат, маецца на ўвазе, член ці прыхільнік гэтай партыі - заўвага перакладчыка.

[29] Аўтар мае на ўвазе "асаднікаў" - заўвага перакладчыка.

[30] Атрымліваліся ў спадчыну па лініі маці - заўвага перакладчыка.

[31] Уладзіслаў Брахоцкі (1857-1932), закончыў гімназію ў Рызе, вышэйшую адукацыю атрымаў у Пулавах - вывучаў аграномію. Акрамя дзедзічнага маёнтка Малое Мажэйкава валодаў яшчэ маёнткамі Вераскаў і Морына ў Наваградскім павеце. З першай жонкай Зоф'яй (з графаў Махаў) меў шасцёра дзяцей. С другой жонкай Катажынай з Бабінскіх (памерла ў 1929 г.) дзяцей не было. Усе яго тры сыны атрымалі вышэйшую адукацыю. Пахаваны ў Ішчалне - Гл: Slowo №51(2858) 3 marca 1932. - заўвага перакладчыка.

[32] Менавіта так напісана лацінскімі літарамі - заўвага перакладчыка.

[33] Верагодна, першай пабудовай у закапанскім стылі на гістарычнай Лідчыне быў сядзібны дом Сапегаў у Спушы (сучасны Шчучынскі р-н). Дом пачаў будаваць у канцы XIX ст. Ян Павел Аляксандр Сапега, будаўніцтва закончыў яго сын Яўстафі Каятан Сапега. Сядзіба складалася з пяці жылых пабудоў, аранжарэі, стайняў, цяпліц, галоўны дом неаднаразова дабудоўваўся і паляпшаўся. Сядзібны дом Сапегаў у Спушы быў найбольш цікавым будынкам у закапанскім стылі на Лідчыне - заўвага перакладчыка.

[34] У верасні 1925 г. газета "Слова" пісала пра адсутнасць больш-менш прыстойных памяшканняў для лідскай гарадской і павятовай улады. Але галоўная праблема была ў дзіўнай структуры падначаленасці лідскіх уладаў: "Адміністрацыя (ваяводства) - Наваградак, скарб (казначэйства) - Берасце, структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі - Гародня, суды і лясніцтвы - Вільня, адукацыя - Беласток. ... А як добра размешчана Ліда - да Вільні менш за 100 км ... і горад ад спрадвечных часоў цягнецца да Вільні" . Гл: Slowo № 216 (930) 23 wrzesnia 1925. - заўвага перакладчыка.

[35] Павятовы соймік складаўся з паслоў ад горада і гмін. У сельскіх гмінах дэлегатаў выбірала Гмінная рада, у гарадскіх - Гарадская рада на агульным паседжанні з Магістратам пад кіраўніцтвам бургамістра - заўвага перакладчыка.

[36] Юльян Грымайла-Прыбытка (1883-1939) на пачатку XX ст. закончыў Рыжскую палітэхніку, да 1914 г. працаваў на пасадах чыноўніка рознага ўзроўню ў Лідскім павеце. У 1920-30 гг. - суддзя. Быў арыштаваны ў 1939 г. і хутка памёр у турме. Ягоны брат - Антон Грымайла-Прыбытка, неаднаразова выбіраўся ў Гарадскую раду, быў лаўнікам Магістрата і выдатным лідскім краязнаўцам. - заўвага перакладчыка .

[37] Браты Вінаградавы С. і М., Сувальская, 21., Тэлефон - 92. - заўвага перакладчыка.

[38] У сярэдзіне лістапада 1931 г. газета "Слова" пісала: "Антысеміцкія эксцэсы, якія мелі месца ва ўніверсітэцкіх гарадах, прыйшлі і ў правінцыю. Пра гэта кажа ўчарашні дзень у Лідзе, дзе былі выбіты дзве шыбы ў яўрэйскіх крамах: на складзе тавараў для пісьма па вуліцы 3-га Мая Дварэцкага і ў самай вялікай і якаснай краме спажывецкіх тавараў Вінаградава па вуліцы Сувальскай. Гэта адбылося ў 18-45, за некалькі хвілінаў да закрыцця, калі на вуліцах панаваў моцны рух людзей і транспарту. Як і ў першым, так і другім выпадку шыбы былі выбіты каменем, кінутым з вялікай адлегласці. Пасля гэтага ў горадзе пануе напружаная атмасфера, зачынена шмат крамаў. Усю ноч па горадзе хадзілі ўзмоцненыя патрулі паліцыі. Як падазроны, быў затрыманы 18-ці гадовы вучань 5-га класа Гарадской гімназіі Усевалад Малеўскі. На наступны дзень яго адлічылі з гімназіі. Ягоным паплечнікам у гэтай справе быў 15-ці гадовы Ежы Ромер. Зараз у горадзе спакойна. Горад патрулюе паліцыі разам з грамадзянамі-сябрамі "Звязу Стральцоў". Гл: Slowo №266(2774) 18 listopada 1931. - заўвага перакладчыка.

[39] У 1929 г. гатэль "Пецярбурскi" Ісака Глаўбермана, вуліца Каменская, 6, з другой паловы 1930-х гг. - гатэль "Еўрапейскі" - заўвага перакладчыка.

[40] Volens nolens (лац.) - вольна-нявольна, ці хочаш-няхочаш - заўвага перакладчыка.

[41] Пэўна маюцца на ўвазе гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) - масавай легальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай і нацыянальна-вызвольнай арганізацыя Заходняй Беларусі ў 1925-1927 гг. - заўвага перакладчыка .

[42] У ліпені 1934 г. "Кур'ер Віленскі" надрукаваў цікавую інфармацыю аб асадніцтве на Лідчыне. У той час у Лідскім павеце былі 44 гаспадаркі асаднікаў: у Беліцы - 1 гаспадарка, у Няцечы - 20, у Бабрах - 5, у Андрушках - 6, у Караліне - 11 і ў Жуках - 8. 7 надзелаў мелі афіцэры і толькі 2 з іх самастойна працавалі на раллі. Адзін афіцэр меў гаспадарку ў Няцечы і лічыўся вельмі энергічным і эфектыўным гаспадаром, быў актыўным грамадскім дзеячам. Другі ж афіцэр жыў у Бабрах, не вылучаўся сярод беларускага сялянства моцнай гаспадаркай і грамадскім жыццём не цікавіўся. Астатнія афіцэры на зямлі не працавалі і, верагодна, зямлю здавалі ў арэнду. Наогул, з 44 гаспадарак асаднікаў, у вельмі добрым стане знаходзіліся 11 асад, у здавальняльным стане - 24 асады, у дрэнным стане - 9 асад. - Гл: Kurjer Wilenski №195(3085) 20 lipca 1934 - заўвага перакладчыка .

[43] Станіслаў Здановіч, сын Юзафа і Апалоніі з Мікульскіх, нарадзіўся ў 1886 г. Скончыў гімназію ў Пецярбургу. Вучыўся на факультэце права Пецярбургскага ўніверсітэта і прымаў актыўны ўдзел у жыцці польскіх студэнцкіх гурткоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта, працаваў прысяжным павераным у Полацку, і тут шмат гадоў быў сакратаром праўлення польскага Таварыства дабрачыннасці, падтрымліваў сувязі з аналагічнымі арганізацыямі на Лідчыне. Пасля бальшавіцкага перавароту і акупацыі Полацка немцамі вярнуўся ў Лідскі павет, дзе пачаў працаваць спачатку ў якасці члена праўлення Польскай Народнай Рады Лідскай зямлі, а пасля стаў старшынём. Калі ў 1919 г. польскае войска заняло Ліду, быў прызначаны камісарам (старастам) Лідскага павета і выконваў функцыі старасты Лідскага павета на працягу 10 гадоў. Узнагароджаны крыжам ордэна "Polonia Restituta"- заўвага перакладчыка.

[44] Павятовы аддзел складаўся з 6 членаў - жыхароў павета, якія выбіраліся Павятовым соймікам. У кампетэнцыю павятовага аддзела ўваходзіла: падрыхтоўка спраў на пасяджэнні сойміка, рашэнне спраў, якія не патрабавалі зацвярджэння сойміка, вызначэнне спосабу выканання пастаноў сойміка; выкананне абавязкаў, вызначаных дзяржаўнай уладай і законамі і інш - заўвага перакладчыка.

[45] Маецца на ўвазе Юзаф Задурскі - будучы бургамістр Ліды - заўвага перакладчыка.

[46] Генрык Багаткоўскi (1893-1967), лідскі стараста ў 1927-1933 гг. У 1928 г. у Лідзе жанiўся з сярэдняй дачкой гісторыка Міхала Шымялевіча - Зоф'яй (1907-1996). Генрык Багаткоўскi нарадзiўся ў горадзе Ловiч (каля Лодзi) i зрабiў хуткую кар'еру чыноўнiка: у 1926 г. ён абiраецца ў павятовую раду касы хворых Ловiча, ужо ў 1927 г. працуе iнспектарам па самакiраванні Наваградскай ваяводскай управы, з траўня 1928 г. - лiдскiм старастам. Пры канцы 1930-х гг. працуе ў Варшаве на пасадзе iнспектара Мiнiстэрства ўнутраных спраў - заўвага перакладчыка.

[47] Францішак Штэфчык (1861-1924) - настаўнік, грамадскі дзеяч, эканаміст. Ініцыятар закладання кааператыўных ашчадна-пазыковых касаў, якія атрымалі назву "касы Штэфчыка" - заўвага перакладчыка.

[48] Rostworowski Andrzej. Moje zycie na Nowogrodczyznie lata 1924-1928 // Goniec Kresowy Nr 42. 2004 S. 18-21.

[49] Улады падтрымлівалі развіццё кааперацыі на вёсцы і ў горадзе. У тыя гады ў Лідскім павеце працавала 12 сельскагаспадарчых таварыстваў, іх дзейнасць была скіравана на дапамогу людзям, якія працавалі на зямлі. Важнай формай вясковай кааперацыі была супольная перапрацоўка і збыт малака і малочных прадуктаў. Першая такая суполка на Лідчыне паўстала ў 1925 г. у Ракавічах, у 1926 г. кааператывы па перапрацоўцы малака ўзніклі ў Тракелях і Дворышчы, у 1927 г. - у Гурнофелі, Бердаўцы, Крупаве. Гл: Slowo № 289 (1002) 18 grudnia 1925.; Kurjer Wilenski №152(901) 8 lipca 1927. - заўвага перакладчыка.

[50] 30 жніўня 1924 г. у Лідзе адкрылася сельскагаспадарчая выстава. Выдаткі на выставу склалі 6 000 злотых. Урад даў субсідыю ў 500 зл., такую ж суму ўнеслі лідскія ўлады. Астатнія грошы паміж сабой сабралі абшарнікі Лідчыны. У першы дзень працы выставы, з раніцы, на паседжанні ў зале Народнага банка, прафесар Пазнанскага ўніверсітэта, уладальнік маёнтка Больценікі Адам Жаўтоўскі (жанаты з праўнучкай Марылі Верашчакі) прачытаў даклад аб сельскай гаспадарцы. Каля 13-00 ў замку Гедзіміна адчынілася выстава. Дзеля яе адкрыцця з Наваградка прыехаў ваявода Уладыслаў Рачкевіч. Ваявода ганарова распачаў працу выставы і потым сам агледзеў экспанаты і размаўляў з старшынёй аргкамітэту выставы Юльянам Прыбыткам і сябрамі аргкамітэту. На выставе экспанавалася насенне, розныя пароды быдла, сельскагаспадарчыя машыны лідскай вытворчасці. У павільёне, які арганізавалі княжна Марыя Чацвярцінская, Уладзіслава Лясковіч, Гелена Брахоцкая, выстаўляліся розныя вырабы народнай творчасці. Гл: Slowo №199 (616) 2 wrzesnia 1924. - заўвага перакладчыка.

[51] Каля вёскі Мерач у сучасным Салечніцкім раёне Летувы - заўвага перакладчыка.

[52] Андрэй Брахоцкі - апошнім гаспадар Малога Мажэйкава. Нарадзіўся ў 1895 г. у маёнтку Малое Мажэйкава. Класічную гімназію скончыў у Вільні, ў 1914 г. быў залічаны на аграрны факультэт Рыжскай політэхнікі. У 1916 г. мабілізаваны ў войска, дзе атрымаў першы афіцэрскі чын прапаршчыка. У 1918 г. уступіў у Афіцэрскі легіён 1-га корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага i ў ліпені 1918 г. вярнуўся ў Малое Мажэйкава, каб фармаваць аддзелы польскага войска ў акрузе. Разам з 13-м палком уланаў у аддзелах генерала Л. Жалігоўскага браў удзел у баях за Вільню. Узнагароджаны найвышэйшым польскім ордэнам "Virtuti Militari" i крыжам заслугі "Litvy srodkowej". У 1921 г. выйшаў у рэзерв i прадоўжыў адукацыю ў Варшаўскай політэхніцы, якую скончыў у 1927 г. з дыпломам інжынера-гідратэхніка. У 1931 г. стаў гаспадаром Малога Мажэйкава. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Лідчыны i ў працы Віленскага таварыства сяброў навукі, якому дапамагаў матэрыяльна. З верасня 1939 г. звестак пра Андрэя Брахоцкага няма - заўвага перакладчыка .

[53] Rostworowski Andrzej. Pogrzeb mojego ojca Tadeusza, wilenskiego architekta i artysty malarza. // Goniec Kresowy . Nr 43. Rok 2004. S. 15-16.

[54] Яшчэ капліца ў Вялікім Мажэйкаве - заўвага перакладчыка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX