Ларыса Геніюш - гэта вера ў Беларусь
4 кастрычніка 2012 года ў Лідскім бібліятэчным філіяле № 3 у мікрараёне Маладзёжны быў адкрыты памятны куток Ларысы Геніюш.
Тут устаноўлены знаёмы ўсім бюст паэткі работы скульптара М. Інькова, развешаны банэры з вершамі і адкрыта выстава твораў.
На пачатку імпрэзы памінальную малітву па Ларысе, Янку і Юрку Геніюшах па-беларуску прачытаў айцец Уладзімір Камінскі. Ён жа сказаў і слова пра жыццёвы і літаратурны вычын Ларысы Антонаўны.
Дапоўніў айца Ўладзіміра Міхась Скобла, асноўны даследчык жыцця і творчасці Л. Геніюш. З песнямі на словы Л. Геніюш выступіла Таццяна Матафонава з Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Верш, прысвечаны Ларысе Геніюш, а таксама пераклад верша паэткі на рускую мову прачытаў лідскі паэт Пятро Макарэвіч.
Вершы Ларысы Геніюш чыталі і вучні суседняй лідскай СШ № 13.
Песню лідскага кампазітара С. Бугасава на словы Ларысы Геніюш выканаў хор лідскай царквы Ўсіх Святых.
Завяршыў імпрэзу лідскі бард Сяржук Чарняк, які выканаў дзве песні на словы Л. Геніюш.
Як коратка, то і ўсё.
Трэба аднак удакладніць гісторыю самога бюста. Паводле легенды гэта той самы бюст, з якога была знята форма і адліты бюсты ў метале для Зэльвы і Старых Дарог. Бюст доўгі час захоўваўся на сядзібе БНФ у Менску, пакуль не быў перададзены Анатолем Белым, светлая памяць яму, у Лідскі гістарычна-мастацкі музей для ўстаноўкі ў літаратурным філіяле. Але для філіяла, які размяшчаецца ў доміку Таўлая, бюст аказаўся завялікі. Праз некаторы час вырашана было ўстанавіць бюст у 3-м філіяле бібліятэкі, а раптам калі і імя Л. Геніюш удасца яму надаць.
Пастамент зрабіў уласнымі рукамі старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка. Банэры былі зроблены на заводзе "Ліпласт".
Астатняе легла на супрацоўнікаў бібліятэкі.
Такім чынам, на Лідчыне з'явіўся яшчэ адзін літаратурны асяродак і памятная літаратурная мясціна.
Устаноўка бюста дадала веры ўсім лідзянам, што мы ўсе разам дойдзем да Беларусі, пра якую так марыла Ларыса Геніюш.
Станіслаў Суднік.
100-годдзе Валянціна Таўлая ў Лідзе
8 лютага 2014 года ў г. Лідзе адзначалі 100-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта Валянціна Таўлая. Лёс звязваў Валянціна Таўлая з многімі населенымі пунктамі Беларусі. Нарадзіўся ён 8 лютага 1914 г. у Баранавічах, пайшоў у школу ў Лідзе, жыў у Рудаўцы на Слонімшчыне і вучыўся ў Слонімскай гімназіі. Пасля польскіх турмаў і кароткага акрэсу жыцця ў БССР, зноў турмаў працаваў у 1939-41 гг. у лідскай газеце "Ўперад", быў у падполлі на Наваградчыне, сядзеў у лідскай турме пры немцах, пасля вайны да 1947 г. працаваў у Менску.
Усе гэтыя этапы жыцця Валянціна Таўлая прадстаўлены ў кнізе "Этапы жыццёвых дарог", з прэзентацыі якой у Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы і пачаліся ўрачыстасці. Аўтар кнігі супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасія Каладзяжная, аўтар прадмовы Станіслаў Суднік.
" Факт да факту, падзея да падзеі, і з кнігі паўстае вобраз паэта-змагара і вельмі неардынарнага чалавека. Пры гэтым у кнізе вельмі мала чыста аўтарскага тэксту, яшчэ менш аўтарскіх эпітэтаў. Усе эпітэты ўзяты з выказванняў тых людзей, якія ведалі Валянціна Таўлая, якія жылі побач, якія побач змагаліся", - гаворыцца ў прадмове.
На свята прыехалі сваякі Валянціна Таўлая, землякі з Рудаўкі, і ў першую чаргу з Пецярбурга прыехала дачка Галінка з мужам, акадэмікам Ігарам Маціеўскім і прарэктарам Расійскага інстытута культуры і мастацтваў Юрыем Бундзіным.
І вось вам пецярбургская інтэлігенцыя - што Галінка Таўлай выдатна валодае беларускай мовай, то не дзіва, але на выдатнай беларускай мове размаўляў і Ігар Маціеўскі, які нарадзіўся ў Харкаве і ні дня не хадзіў у беларускую школу. Адным словам - Пецярбург.
Пасля прэзентацыі кнігі ўдзельнікі свята накіраваліся па таўлаеўскіх мясцінах Ліды. Бязлітасная вайна пакінула мала што аўтэнтычнае: згарэла хата, дзе жылі бацькі В. Таўлая, але захавалася турма "На Сыракомлі". На верхніх паверхах сёння тут мэблевая фабрыка, склеп жа фактычна аўтэнтычны, а дзверы камеры № 13 цалкам аўтэнтычныя.
Пасля турмы накіраваліся да рэдакцыі "Лідскай газеты" - спадкаемцы газеты "Ўперад", якая была заснавана ў 1939 годзе, і дзе з першых нумароў працаваў Валянцін Таўлай. У памяць пра гэта на будынку рэдакцыі была адкрыта памятная шыльда. Выканаў шыльду Рычард Груша.
Наступным пунктам маршруту стала бібліятэка імя Валянціна Таўлая па вул. Фурманава. Бібліятэка носіць імя В. Таўлая ўжо 50 гадоў. Тут да 100-годдзя паэта падрыхтавана выстава твораў, а таксама быў зроблены прыгожы банэр з партрэтам паэта, радкамі верша, здымкам лідскай школы імя Людвіка Нарбута, у якой малы Валянцін пачаў свае "ўніверсітэты" і дзе напісаў свой першы верш на польскай мове. У ніжняй часцы банэра мосцік цераз Лідзейку недалёка ад вуліцы В. Таўлая ў Лідзе.
Кульмінацыяй святкаванняў стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доміку, дзе ў 1939-41 гадах жыў Валянцін Таўлай са сваёй першай жонкай Кірай. Домік ацалеў у вайну, але наўрад ці дастояў бы да нашага часу, каб падчас першага этапу рэстаўрацыі Лідскага замка ў 70-х гадах ХХ стагоддзя яго не абклалі цэглай. Тут размяшчаўся спорткамітэт, што зусім не адпавядала культурнай значнасці будынка, таму з 1994 года грамадскасць горада, і ў першую чаргу ТБМ імя Ф. Скарыны, пачала кампанію па высяленні спорткамітэта і перадачы будынка аддзелу культуры з тым, каб адкрыць тут Лідскі літаратурны музей. І нарэшце ў 2010 годзе падчас падрыхтоўкі да "Дажынак-2010" з'явілася магчымасць ажыццявіць задуманае. Раённыя ўлады выдзелілі сродкі, правялі рамонт, і ў доміку быў адкрыты Літаратурны філіял Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Домік зажыў новым літаратурным жыццём.
У савецкія часы на доміку вісела просценькая мемарыяльная дошка, якая нагадвала, што тут калісьці жыў паэт, але ў 90-я гады дошку знялі і згубілі.
Эпапея з устаноўкай новай дошкі пачалася ў 2008 г. Некалькі разоў праекты заварочваліся Гарадзенскай мастацкай радай, пакуль нарэшце перад 100-годдзем справа ўстаноўкі мемарыяльнай дошкі не стала справай гонару Лідскага райвыканкама. Праект дошкі нарэшце быў зацверджаны ў Гародні, былі знойдзены грошы, і вось намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Францавіч Пранюк, дачка Валянціна Таўлая - Галінка Таўлай, скульптар - Рычард Груша адкрылі дошку, завяршыўшы тым самым 20-гадовую гісторыю давядзення да годнага ўзроўню ўшанавання памяці слаўнага сына Беларусі, патрыёта і змагара, выдатнага паэта Валянціна Таўлая.
Непасрэдна пасля адкрыцця дошкі Галінка Таўлай сказала:
- Калі я сённа пабачыла колькасць людзей, якія прыйшлі на гэтае свята ў бібліятэку... Цяжка было стрымаць пачуцці. Гэта было настолькі ўражліва. Трэба сказаць, што памяць пра Таўлая сапраўды здзіўляе - гэта прайшло столькі гадоў, чалавек пражыў такое непрацяглае жыццё і пакінуў такую добрую памяць пра сябе, пра сябе, як чалавека, які заўсёды быў за Беларусь.
Наступным этапам святкавання стала тэатралізаваная пастаноўка з біяграфіі Валянціна Таўлая. Ролю Валянціна выконваў рэжысёр Лідскага народнага тэатра Алег Лазоўскі, а ролю Кіры іграла супрацоўніца Лідскага гістарычна-мастацкага музея Ілона Мерава. І Ліда не была б Лідай, каб не прагучаў той самы першы верш паэта на польскай мове пра верабейку, які В. Таўлай напісаў у Лідзе.
А ў літаратурна-музычнай гасцёўні, апошнім пункце маршруту, можна было нарэшце перадыхнуць, пазадаваць пытанні, выказацца, пачытаць вершы. Выступіла Ніна Пазняк, сенатар ад г. Ліды, намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела А. Самсонаў распавёў пра малавядомыя моманты стварэння музея. А нам застаецца сказаць, што на розных этапах сілы і талент для арганізацыі свята прыклалі самыя розныя людзі: Ірына Саўсян - дырэктар цэнтральнай бібліятэкі, Кацярына Серафіновіч - рэдактар "Лідскай газеты", Ганна Драб - дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея, супрацоўнікі музея Анастасія Каладзяжная і Алесь Хітрун, супрацоўнікі мэблевай фабрыкі і бібліятэкі імя В. Таўлая, і ні аднаго збою, усюды высокі ўзровень культуры. Прыемна, ганарова і амаль усё па-беларуску.
Ліда шануе роднае і ўмее гэта рабіць.
Яраслаў Грынкевіч.
Дарослыя пішуць для дзяцей, або Справа Веры Навіцкай жыве ў Лідзе і праз сто гадоў
На працягу амаль што ўсяго 2014-га года Лідскай цэнтральнай рааённай бібліятэкай імя Янкі Купалы праводзіўся літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям", які ставіў сваімі мэтамі прапаганду творчай спадчыны дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай сярод лідзян, заахвочванне лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей.
Спачатку некалькі слоў пра Веру Сяргееўну Навіцкую, чыё імя носіць конкурс. Дзіцячая пісьменніца жыла ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя, і горад Ліда можа лічыць яе сваёй, бо ў Лідзе Вера Навіцкая жыла шмат гадоў і нават з'яўлялася начальніцай мясцовай прыватнай жаночай гімназіі. Вера Навіцкая - аўтар некалькіх дзіцячых кніг прозы пра дзяўчынак-гімназістак. Ёсць падставы лічыць, што шэраг сваіх твораў яна напісала менавіта ў нашым горадзе. Дарэчы, некалькі гадоў таму назад творы лідскай дзіцячай пісьменніцы былі перавыдадзены ў Расіі.
На працягу конкурсу імя Веры Навіцкай у Цэнтральную раённую бібліятэку былі дасланыя дзіцячыя творы каля дзясятка мясцовых літаратараў, а таксама з Баранавіч і Наваградка, галоўным чынам - вершы (каля двухсот). Усе дасланыя творы пазней увайшлі ў выдадзены бібліятэкай зборнік "Дарослыя - дзецям" (60 ст.). У прадмове да зборніка старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік адзначыў, што рускамоўныя пісьменнікі Беларусі, такія як Кандраццеў, Навіцкая і інш. аказаліся найбольш забытымі, бо як рускамоўныя сталіся незапатрабаваныя беларусамі, а, як жыўшыя не ў Расіі, былі чужыя той жа літаратуры рускай. А творы, напісаныя рускамоўнымі пісьменнікамі Беларусі канца 19-га - пачатку 20-га стагоддзя, маюць свае гуманістычныя і мастацкія вартасці. Напісаныя ў Беларусі, яны ўтрымоўваюць часцінку Беларусі і не могуць сходу адкідвацца як не нашыя. А для Ліды Вера Навіцкая на сёння - найбуйнейшы лідскі дзіцячы пісьменнік усіх часоў, таму конкурс і носіць яе імя.
А 17 снежня ў канферэнц-зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу, для чаго было складзена журы, узначаліў якое намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Уладзімір Самсонаў. Цырымонія падвядзення вынікаў адбылася ў рамках чарговага пасяджэння членаў літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", што дало магчымасць лідскім літаратарам больш даведацца адзін пра другога ў плане дзіцячай творчасці, раскрыць калег па літаратурным "цэху" і як аўтараў добрых, цікавых і павучальных твораў для дзяцей.
Так, напрыклад, нямала дзіцячых твораў пакінуў у спадчыну маленькім лідзянам Смарагд Сліўко, многія з гэтых твораў, сярод якіх сустракаюцца не толькі вершы, але і казка, п'еса, загадкі, гумарынкі і г.д., даслала на конкурс яго ўдава Ірына Нікадзімаўна. Задумка напісаць дзіцячую кнігу вершаў з'явілася год назад у Ўладзіміра Васько, і на сённяшні дзень паэт мае ў сваім творчым багажы ўжо больш за трыццаць вершаў менавіта для дзяцей. Удзел у конкурсе дзіцячых твораў з нечаканага боку раскрыў лідзянам паэта і краязнаўца Станіслава Судніка - як празаіка (апавяданне "Мама, дай!", у якім расказваецца аб тым, як першабытныя людзі пачыналі гаварыць, як да іх прыйшла мова). Самы юны ўдзельнік конкурсу - навучэнец ліцэя № 1 Андрэй Шпілеўскі.
Вядоўца імпрэзы Галіна Курбыка дала магчымасць кожнаму з прысутных удзельнікаў конкурсу выказацца, нешта дадаць, нешта патлумачыць, проста прачытаць колькі вершаў.
Кампетэнтнае журы вырашыла, што ў конкурсе будуць вызначаны два пераможцы. Імі сталі згаданыя вышэй Уладзімір Васько (2-я прэмія) і Станіслаў Суднік (3-я прэмія). Акрамя дыпломаў, пераможцам былі ўручаны і сапраўдныя прэміі. Астатнія ўдзельнікі конкурсу былі заахвочаныя дыпломамі за ўдзел, а Ірына Сліўко атрымала спецыяльны дыплом за папулярызацыю творчасці Смарагда Сліўко. 1-я прэмія сёлета не ўручалася.
Мяркуецца, што літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай стане яшчэ адной лідскай культурнай традыцыяй. Наступны такі конкурс плануецца правесці праз два гады.
Такім чынам у Лідзе ўжо ёсць музычны конкурс імя Канстанціна Горскага, мастацкі пленэр імя Браніслава Яманта, літаратурны конкурс "Дарослыя дзецям" імя Веры Навіцкай. Чакае сваае чаргі фальклорны фестываль (конкурс) імя Земавіта Фядэцкага.
Алесь МАЦУЛЕВІЧ.
Створаны новы бюст Янкі Купалы
25 лютага 2015 года ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё бюста Янкі Купалы, які зрабіў бярозаўскі скульптар Яўген Лукашэвіч. Трэба адзначыць актыўную ролю ў гэтым бярозаўскай арганізацыі ТБМ, бо бюст выкананы на дабрачыннай аснове і падараваны Лідскай бібліятэцы.
На імпрэзе прысутнічалі вучні трох 8-х класаў СШ № 1 г. Ліды. Актыўны ўдзел у імпрэзе бралі сябры Лідскай гарадской арганізацыі. Пра повязь Купалы з Лідай распавядаў старшыня арганізацыі Станіслаў Суднік, песні на словы Я. Купалы спяваў намеснік старшыні Сяржук Чарняк.
Але асноўны цяжар мастацкай часткі імпрэзы лёг на плечы навучэнцаў Лідскага музычнага каледжа, якія дружна падтрымалі свята сваім мастацкім выкананнем твораў на словы Янкі Купалы.
Яраслаў Грынкевіч.
3-я Лідскія чытанні
Да 175-х угодкаў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча
15 красавіка 2015 года ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі ІІІ Лідскія чытанні, прысвечаныя 175-годдзю з дня нараджэння бацькі беларускай нацыі Францішка Багушэвіча.
У чытаннях прынялі ўдзел прадстаўнікі Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"; навуковыя супрацоўнікі ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей"; бібліятэкары ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы"; школьныя краязнаўцы Лідскага раёна; настаўнікі гісторыі школ г. Ліды.
Пасля прывітальнага слова загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Ненартовіч С.К. выступіў педагог дадатковага навучання А.У. Блахіна, які ў гонар першай кніжкі Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская" зайграў на трох тыпах беларускіх дудак.
Першай з дакладам "Айчына, праўда і свабода як мастацкі ідэал паэзіі Францішка Багушэвіча" выступіла кандыдат філалагічных навук, БДУ, г. Менск, Багдановіч І.Э. Затым з дакладам "Немец" і "жыд" як кантэкстуальныя сінонімы ў творчасці Францішка Багушэвіча" выступіў кандыдат філалагічных навук, БДУ, г. Менск, Запрудскі І.М. Наступнае паведамленне на тэму: "Багушэвіч у Доцішках" зрабіла Юрго В.М., метадыст ДУК "Воранаўская раённая бібліятэка". Спавешчанне на тэму: "Папулярнасць творчасці Францішка Багушэвіча ў Лідзе" зрабіў краязнавец з г. Ліды Леанід Лаўрэш. Наступны даклад "Вывучэнне творчасці Францішка Багушэвіча ў школьнай праграме" прачытала настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Ліда Велькашынская Г.А. Даклад "Францішак Багушэвіч у паўстанні 1863 года: легенды, здагадкі і факты" зачытаў рэдактар часопіса "Лідскі летапісец", г. Ліда, Суднік С.В. "Лідскія матывы ў творчасці Францішка Багушэвіча" раскрыў навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзела ДУ "Гістарычна-мастацкі музей"Алесь Хітрун. Напрыканцы з мультымедыйнай прэзентацыяй "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…" выступіла галоўны бібліёграф ДУК "Лідская раённая бібліятэкі імя Янкі Купалы Курбыка Г.Р. Завяршыў чытанні бард Сяржук Чарняк песнямі на словы Францішка Багушэвіча і іншых беларускіх паэтаў.
Падчас чытанняў на экране змянялі адзін другі кадры з відамі Кушлянаў і экспазіцыі тамашняга музея Францішка Багушэвіча. Дыск перадаў у Лідскую бібліятэку дырэктар Кушлянскага музея Алесь Жамойцін. Другі відэашэраг быў створаны ў Лідзе па выніках паездкі Станіслава Судніка і Алеся Хітруна па Багушэвічавых мясцінах у Кушлянах і Жупранах. Не карэктна было праводзіць чытанні і не пабыць у Кушлянах і Жупранах, не паглядзець, як ушаноўваецца памяць чалавека, які абвясціў усяму свету Беларусь.
Падчас чытанняў прагучала заўвага, што Багушэвіч у нас не даўшанаваны. Так, да 175 угодкаў па ўшанаванні Ф. Багушэвіча зроблена не шмат. Хаця "Белпошта" выдала мастацкую марку, а 21 сакавіка правяла спецгашэнне маркі і канверта першага дня. Было некалькі мерапрыемстваў па Беларусі (у тым ліку ў Гародні). "Беларускі кнігазбор" выпусціў грунтоўны том выбраных твораў. Падтрымліваюцца ў прыстойным стане помнікі ў Смаргоні і Жупранах.
Аднак трэба згадаць яшчэ адзін вельмі важны момант, а менавіта - у касцёле ў Жупранах на пачэсным месцы вісіць партрэт Ф. Багушэвіча. На тэрыторыі Беларусі ў касцёле вісіць яшчэ толькі адзін партрэт пісьменніка - партрэт Уладзіслава Сыракомлі ў Нясвіжы. Таму можна смела гаварыць, што як бы там ні было, а Францішак Багушэвіч у Беларусі не занядбаны, сведчаннем чаму і праведзеныя ў Лідзе на высокім узроўні чытанні.
Яраслаў Грынкевіч.