Папярэдняя старонка: Ад Лідскіх муроў 8

МЕМАРЫЯЛ 


Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Ірэна Стасевіч-Ясюкова

21 сакавіка 2011 года памерла доктар габілітаваны, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, кіраўнік Камітэта гісторыі навукі і тэхнікі Польскай акадэміі навук, аўтарка шматлікіх публікацый Ірэна Стасевіч-Ясюкова.

Нарадзілася ў Лідзе (1929?), адукацыю пачала ў Лідзе, даатрымала ў Беластоку. Як прафесар Польскай акадэміі навук і Варшаўскага ўніверсітэта ўсё навуковае і даследчае жыццё звязала з Варшавай. Была ганаровым амбасадарам Падлесся ў Польшчы і за мяжой.

Як гісторык навукі займалася пераважна 18-м стагоддзем. Пад яе рэдакцыяй выйшла манументальная праца "Уклад піяраў у навуку і культуру ў Польшчы XVII-ХІХ ст."

Прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова з мужам Ежы Ясюком (Ежы Ясюк працаваў дырэктарам Музея тэхнікі ў Варшаве) сабрала найвялікшую ў Польшчы праз многія гады калекцыю пісанак (каля 2000 штук). Пра пісанкі, фарбаванкі, крашанкі, накляянкі, авяянкі, накрапянкі ведала, здаецца, усё. Калекцыя пачалася ад пісанкі, якую падарыў будучы муж, а зараз 1200 штук экспанатаў калекцыі выстаўлены ў асобным будынку ў Цеханаўцы. Выдала шэсць томікаў кніжак пра пісанкі, падрыхтавала сёмы, прысвечаны найрадчэйшым экзэмплярам. Заразіла ахвотай да збірання пісанак многіх сваіх дактарантаў.

Ірэна Стасевіч-Ясюкова была шчырым сябрам Беларусі, пачынаючы з 1992 года пастаянна наведвала Ліду і Беларусь. Супрацоўнічала з мясцовымі грамадскімі арганізацыямі, у першую чаргу з Таварыствам польскай культуры на Лідчыне, а таксама з Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Заснавала гістарычна-біяграфічную серыю "Знакамітыя палякі Лідчыны", але кнігі, якія выходзілі ў гэтай серыі былі пра ўраджэнцаў Лідчыны і Беларусі. Пачынаючы з 2-й кнігі пані Ірэна пастанавіла, каб кніжкі выходзілі на польскай і беларускай мовах, дзякуючы чаму шырокаму беларускаму чытачу сталі даступныя біяграфіі многіх выбітных лідзян. Выйшлі кнігі Паўла Камароўскага і Аляксандра Колышкі "Людвік Нарбут. З гісторыі гістарычнай свядомасці палякаў на Лідскай зямлі" (1999), Ядвігі Гарбоўскай і Кшыштафа Якубоўскага "Ігнацій Дамейка (1802-1889)" (2000), Ванды Грамбецкай "Станіслаў Баніфацы Юндзіл (1761-1847)" (2003), самой Ірэны Стасевіч-Ясюковай "Казімір Нарбут (1738-1807)" (2004), Ганны Мар'і Келяк "Пра крэсавы гербарый Элізы Ажэшкі" (2005), Яраслава Куркоўскага "Мацей Догель (1715-1760)" (2006), Ірэны Стасевіч-Ясюковай "Ксёндз Станіслаў Роек (1908-1996). Незвычайная біяграфія нязломнага крэсавага каплана" (2007), Яраслава Куркоўскага "Бернард Сыруць (1731-1784)" (2009), Мар'яны (Марыі) Магдалены Бломберг "Вандалін Шукевіч. Сын Лідскай зямлі, даследчык і грамадскі дзеяч (1852-1919)" (2010). Акрамя таго Ірэна Стасевіч-Ясюкова напісала і выдала кнігу "Лідзянка. Пра Марыю Стасевіч - маю маму - успаміны" (2008). Гэтыя кніжкі стварылі выдатную галерэю партрэтаў выбітных лідзян, а многія, падрыхтаваныя ўжо, чакаюць выхаду.

Пахавалі Ірэну Стасевіч-Ясюкову 30 сакавіка ў Варшаве. Вечная памяць слаўнай лідзянцы.

Станіслаў Суднік.

Уладзімір Хрышчановіч

15 верасня 2011 года ў Лідзе на 67-м годзе жыцця пайшоў у іншы свет беларускі нацыянальны дзеяч Уладзімір Канстанцінавіч Хрышчановіч.

Уладзімір Хрышчановіч прыйшоў у беларускі нацыянальны рух у пачатку 90-х гадоў. У 1994 годзе быў абраны намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі БНФ "Адраджэньне", а пасля заснавання Партыі БНФ - намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ. Адначасова быў кіраўніком Лідскай Слабадской суполкі ТБМ. Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Лідскага гарсавету ад БНФ "Адраджэньне".

У 1999 годзе падчас сумнавядомага расколу БНФ Уладзімір Хрышчановіч застаўся на пазіцыях Зянона Пазьняка і быў абраны старшынём Лідскай гарадской арганізацыі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ (з 2004 года Лідскай раённай арганізацыі), а таксама сябрам Сойму КХП БНФ.

Уладзімір Хрышчановіч быў ініцыятарам і рухальнай сілай многіх адраджэнцкіх праектаў на тэрыторыі г. Ліды і Лідскага р-на.

У. Хрышчановіч прымаў непасрэдны ўдзел ва ўстаноўцы крыжоў на магілах паўстанцаў 1863 года паміж вёскамі М. Ольжава і Мохавічы, крыжоў на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідзе і на месцы бітвы лідскай шляхты з войскамі ваяводы Хаванскага ў Беліцы.

За адраджэнцкую дзейнасць неаднаразова прыцягваўся да адказнасці. За ўдзел ва ўстаноўцы крыжа на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў 1997 годзе У. Хрышчановіч (праваслаўны) быў прысуджаны да штрафу.

Займаўся краязнаўствам, збіраў краязнаўчыя матэрыялы, удзельнічаў у краязнаўчых мерапрыемствах, выступаў з артыкуламі ў друку. Пасля смерці ў "Лідскім летапісцы" быў надрукаваны яго матэрыял пра дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Саковіча, Маракова, Ваўчка. Апекаваўся магіламі беларускіх патрыётаў.

Працуючы на Лідскай дыстанцыі шляхоў зносін вёў пастаянную асветніцкую і прапагандысцкую дзейнасць сярод лідскіх чыгуначнікаў, распаўсюджваючы вялікі аб'ём адраджэнцкай літаратуры. Апошнія шэсць гадоў, пасля выхаду на пенсію, штотыднёва распаўсюджваў 35 нумароў газеты "Наша слова" і некалькі нумароў "Лідскага летапісца" (часопіс купляў за свой кошт).

Трымаўся на нагах да апошняга. Памёр, але з шыхту не выйшаў. Хай будзе суцяшэннем яму і нам, што памёр у незалежнай Беларусі, якую так моцна любіў.

Пахаваны ў Лідзе на могілках па Гарадзенскай дарозе.

Станіслаў Суднік.

Анатоль Кулеш

21 сакавіка 2014 г. на 87-м годзе жыцця не стала лідскага краязнаўца, настаўніка, грамадскага дзеяча і журналіста Анатоля Куляша. Анатоль Фёдаравіч быў адным з пачынальнікаў сучаснага лідскага краязнаўства. Асабліва шмат у гэтым кірунку ён працаваў апошнія гады, нават у сакавіку апублікаваў некалькі артыкулаў у "Лідскай газеце".

Нарадзіўся Анатоль Фёдаравіч Кулеш у позні майскі вечар, 5 траўня 1927 года пад самае свята Юр'ева дня. Вёска Збляны Лідскага раёна, дзе яму пашчасціла прыйсці на свет, раскінулася ўздоўж правага берага Нёмана ў самым цудоўным на свеце прыродным кутку. Тут Анатоль спазнаў першыя словы, першыя літары, тут прыйшло першае каханне. Тут усё было першым. Але ў І7-гадовым узросце жыццё прымусіла пакінуць гэты багаты, цудоўны, жыватворны край.

Анатолю Куляшу прыйшлося пачаць вучобу ў польскай школе першай ступені з адным настаўнікам. Выкладанне прадметаў вялося толькі на польскай мове.

У шосты клас Анатоль пайшоў ужо пасля вайны - 1 кастрычніка 1944 года - у Лідскую СШ №1. Праляцелі 4 гады. Паўстала пытанне: як быць далей пасля заканчэння сярэдняй школы? У гэты час з-за недахопу настаўнікаў сельскіх школ, у Лідскай педнавучальні была адкрыта "спецгрупа" па падрыхтоўцы настаўнікаў пачатковых класаў з гадзічным тэрмінам навучання. Туды прымалі слухачоў, якія мелі сярэднюю і дзевяцікласную адукацыю. Шмат што вабіла туды вясковага хлопца: стыпендыя, інтэрнат, а галоўнае - праз год ты становішся самастойным чалавекам. Канчалася нястача, беднасць, галеча. Вучоба ішла лёгка, без напругі. Скончыўся год, мелі быць выпускныя дзяржаўныя экзамены. Перад тым адбылося "размеркаванне". Размеркавалі на працу ў Лідскую працоўную дзіцячую калонію МУС.

Праз год вылузаўся з калоніі і стаў настаўнікам матэматыкі Споркаўскай сямігодкі за 5-6 кіламетраў ад Ліды.

Летам 1951 года А.Ф. Куляшу прапанавалі пасаду другога сакратара райкама камсамолу і адначасова ўзначаліць аддзел прапаганды. А ў раёне поўным ходам ішла калектывізацыя аднаасобных гаспадарак у гаспадаркі калектыўныя - калгасы. Але гэта быў ужо не 1939 год. Што ўяўляюць сабой калгасы, сяляне добра ведалі. Таму, як маглі, супраціўляліся.

У гэты час (1951 г.) былі арыштаваны сябры і аднавяскоўцы А. Куляша за ўдзел у моладзевай патрыятычнай антысавецкай арганізацыі, але на яго ніхто не паказаў.

Праца ў камсамоле не задавальняла, а пайсці па асабістым жаданні з выбарнай пасады - партыйнай ці камсамольскай, савецкай - можна было двума шляхамі: здзейсніць злачынства, ці калі цябе не выбяруць на наступны тэрмін. Але А. Куляшу ўдалося з малымі стратамі зноў стаць настаўнікам, ужо ў Шайбакоўскай школе.

Шмат гадоў А. Кулеш прысвяціў краязнаўству. Яго ўдзел у краязнаўчай рабоце можна падзяліць на тры перыяды: знаёмства з родным краем у дзіцячыя і школьныя гады, у час збору матэрыялаў для напісання дыпломнай работы пры заканчэнні геаграфічнага аддзялення фізіка-геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на тэму "Фізіка-геаграфічная характарыстыка Лідскага раёна" і ў час работы пазаштатным экскурсаводам Лідскага бюро падарожжаў і экскурсій.

У выніку шмат матэрыялаў апублікаваў у рэспубліканскіх, абласных і мясцовых перыядычных выданнях.

Працуючы настаўнікам геаграфіі ў школах горада, склаў фізіка-геаграфічны атлас раёна. У яго ўвайшлі фізіка-геаграфічная, геолага-геамарфалагічная карты, геалагічны разрэз і комплексны геамарфалагічны і раслінны профіль тэрыторыі раёна. Склаў гіпсаметрычную крывую рэльефу Лідскага раёна ахарактарызаваў рэжым рэк: Нёмана, Дзітвы, Лідзейкі.

Нарэшце была выдадзена кніжка А. Куляша пад назвай "Горад Ліда: гісторыя, легенда, факты" - папулярны гістарычна-геаграфічны нарыс.

Працаваў у складзе рабочай групы па напісанні кнігі "Памяць. Ліда і Лідскі раён". А яшчэ ў шуфлядзе А. Куляша засталіся тры нявыдадзеныя кнігі.

Станіслаў Суднік.

Пятро Макарэвіч

Жыў па-людску і рабіў нямала,

Разліваў, як сонца, весялосць...

А мая персона выклікала

Найчасцей -

няўдзячнасць або злосць.

12 снежня 2014 года пайшоў з жыцця сябар Лідскай рады ТБМ імя Ф. Скарыны, паэт Пятро Макарэвіч. Памёр а 18-й гадзіне за шахматнай дошкай у шахматным клубе.

Нарадзіўся Пётр Макарэвіч 15 красавіка 1938 года, у вёсцы Шынкі Крупскага раёна, што на Меншчыне, на беразе рэчкі Можа. Яму ішоў чацвёрты гадок, як пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацьку і дзвюх старэйшых сясцёр вывезлі у Германію. На долю адной маці выпаў клопат пра астатніх пецярых дзяцей: двух хлапчукоў і траіх дзяўчынак. У сям'і ж ўсяго было сем чалавек.

Далей у Макарэвіча ўсё ішло так, як ў большасці беларускіх хлопцаў: вучоба ў школе, служба ў арміі, вучоба ў педагагічным інстытуце імя Горкага (бібліятэчны факультэт). Будучы студэнтам трэцяга курса ён звязаў сваё жыццё з прыгожай маладой дзяўчынай Янінай, ураджэнкай в. Дубчаны, што на Лідчыне. Праз два гады нарадзілася дачушка Юля, а яшчэ праз два, у 1966 г. - Дзіна.

У 1964 г. пасля заканчэння вучобы быў накіраваны на пасаду загадчыка Лідскай раённай бібліятэкі, дзе працаваў каля года.

Затым пасада інструктара райкама КПБ, потым перайшоў на працу ў органы дзяржаўнай бяспекі. Праз пяць гадоў звальняецца, папярэдне адсядзеўшы ў каталажцы. Пасля ўсяго гэтага вельмі цяжка было знайсці працу.

У 1971 годзе каля года адпрацаваў на Лакафарбе грузчыкам, а затым каля трыццаці гадоў аддаў працы карэспандэнта на Лідскім радыё і ў рэдакцыі мясцовай газеты "Ўперад" (зараз "Лідская газета"). Працаваў на міжраённай выратавальный станцыі, быў "маржом" і заядлым шахматыстам. На працягу многіх гадоў быў сябрам Лідскай рады ТБМ.

Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар кніг паэзіі: "Злітак", "Расінкі беларускіх слоў", "Птица свободы", шматлікіх публікацый у розных выданнях.

Правесці Пятра Макарэвіча ў апошні шлях прыйшлі сябры ТБМ і ўся літаратурная грамада Ліды.

Пахавалі паэта 14 снежня на старых лідскіх могілках па Гарадзенскай дарозе.

Станіслаў Суднік.

ПАЖЫЦЦЁВЫ КОДЭКС

Не нашу ў кішэні дулю

З дзён зялёных да сівых:

Выпускаю слова куляй,

Нават горкае, услых.

Ставяць пасткі браканьеры

Мне, дзяўбуць у пух і прах.

Ды пляваў я на кар'еру!

Вабіць толькі волі пах.

Рабалепнаму хай свеціць

Бляск уладны медаля.

Даражэй за ўсё на свеце -

Годнасць людская мая.

Для людзей маёй пароды

Пернік горшы за бізун.

І за лёс свой непагодны

Не пускаю я слязу.

Прад начальствам я ніколі

У жыцці не шапкаваў.

Раб касы, сякеры, поля -

Па-кавальску верш каваў.

МОЙ ЗАПАВЕТ

Несупынна, - бачу я і чую -

З апантанай прагай маньяка

Слова беларускае карчуюць

Рычагом двухмоўным знатака.

Божа мой! Куды і дзе ні ткніся -

На завод, у чын, тэлеэкран -

Гутаркі па-роднаму звяліся,

Прэцца адусюль трасянкі здань.


Ну чаго нам лезці на хадулі?

Дзе прыстойнасць,

годнасць, гонар наш?

Дзесяцімільённы люд абулі

У расейскамоўны камуфляж.


Сам сябе зжывае край са свету.

Вось ужо тутэйшыя сычы

Абрусілі й "Лідскую газету":

Толькі назвай нашаю гучыць...


З мовай маці ў сэрцы -

роднай, боскай -

Жыў, жыву і буду дажываць.

Ля сцяны бацькоўскай -

не Крамлёўскай -

З продкамі жадаю спачываць.


СУК БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Расейска-ангельскі лінгвіст

Сячэ сук уласнай цытатай.

За што гэтак спецыяліст

Ганьбуе дар продкаў багаты?

Хаўруснікам даў тапары.

Схапілі яны й бензапілы,

Каб пнямі лыселі бары,

Каб ляснула мова ў магіле.


Як здані ў іржы небыцця

Сякеры з-пад Эльбы і Віслы.

Сягоння над дрэвам жыцця

Навала ад Волгі навісла.


Ужо сук наш ледзьве ліпіць

Пад рэхам тапорным кароны...

Ды скіне хам'ё й будзе жыць

Вякі беларуская крона!

РАСІНКІ БЕЛАРУСКІХ СЛОЎ

Сную рытмічныя каралі

З радкоў былога, явы, сноў,

Каб смагу вуснаў наталялі

Расінкі беларускіх слоў.


Расінка да расінкі - чаркі

Налью паўнютка ад душы.

І на напой крыштальна яркі

Аматар вершаў набяжыць.


Не кожны - дэгустатар тонкі:

Ў людзей няроўны густ і смак.

Усклікне першы: "Самагонка!"

Другі - "Бальзам",

а трэці - "Шлак".


Вось майстра здзекаў і пародый

З наскоку пляжыць: "Сукін сын!

Такога свет не знаў смуроду;

Зарыфмаваны лье палын!"


А іншы выбухне: "Памыі

На чынавецтва і на лад!".

І з тэлевізараў такія

Б'юць слова роднае з гармат.


І пракурорскім тонам хвацка

Агучыць цэнзар вырак-гром:

"Настой атрутны прэ на бацьку!

Трэ скуру драць з яго жыўцом!"


Ды як ні будзе, як ні стане

Кляйміць гайня паслугачоў -

Пад куляй не папоўню стайню

Магільшчыкаў ярчэйшай з моў...


Я ткаў і буду ткаць каралі

З радкоў вар'яцкай явы й сноў,

Каб толькі з праўдай рыфмавалі

Расінкі беларускіх слоў;


Каб мой унук і ўнук унука

На ўтульных даланях вякоў

Жыў - крочыў вольна,

шчыра, пругка

У водары гаючых слоў!

І СЛОВА - СЛАВА БЕЛАРУСА

Зямляку-касманаўту

Уладзіміру Кавалёнку


Ў закутак самы дарагі -

У край глыбінны вёскі Белай

Вязу я водпуск на лугі,

Маленства дзе як птушка пела.


"Дальбог такі, як быў, сынок,

І ўсё па-нашаму гаворыш...

А мой не едзе Васілёк", -

Мне скардзіцца суседка ўголас.


Я суцяшаю як магу -

Усмешкай, жартам, успамінам,

Як мы дурэлі ў мурагу,

Як, падшыванцы, рвалі міны.


Дзяцінства сына нагадаў,

Бы пасадзіў ёй на прыполік.

"Мне ж да бацькоў рукой падаць,

А Васілёк ваш - у Анголе..."


"Ды што пісьмо? Паперкі шмат!

Самога ўлашчыць бы вачыма.

Нібы работы тут няма,

Ля дому, ў бацькавай хаціне".


І, нахіліўшыся на кій,

Лагодна кажа знізу ўгору:

"Пятрок, сто год ты гарадскі,

А проста, як і мы, гаворыш..."


І сапраўды (ад пахвальбы

Аж сэрца ёкнула балюча):

Не родным словам свае лбы

Мы без патрэбы часта мучым.


Ці з яблыкам, ці з агурком

Дзень прагандлюем на базары,

А вернемся ў вясковы дом -

"Вучона", "рускай"

мовай жарым.


Акцэнт - карова на ільду -

Слых рэжа ў Гродні і за Глускам.

І гэту коўзкую хаду

Сур'ёзна лічым мовай... рускай?!


Ды сам вялікі Леў Талстой

Да смерці ёй не авалодаў!

А мы у прастаце сваёй

Валодаем... тыдзень без году...


Па-роднаму скажы, спытай -

Казеляць вочы, як на турка

Ці скаляць зубы ўсе, бадай,

Адукаваныя прыдуркі.


Лячу, акрылены, ў прасцяг:

Мне слова маці свеціць зоркай!

І ажывае Млечны Шлях

Зноў словам роднае гаворкі!

БЕЛАРУСУ

Няўжо табе ява не згоркла?

З-за ласкі няпрошанай шэльмы

Над роднай спрадвеку старонкай

Хамее чужая гаворка,

Душу васільковую шчэміць.


Нашчадак Скарынаў, Гусоўскіх,

А лёс твой амаль што жабрацкі.

Дык выплюнь ураз тэлесоскі

Службістаў - нягоднікаў хвацкіх,

У карак гані падгалоскаў!


Нас лічаць яны за балванаў,

Як быдлу, ткуць шоры і путы.

Твой тузін гадоў змарнаваны,

Твой тузін гадоў змардаваны,

На "пяць" выдае хеўра чмутаў...


Змахні павуцінне піяру,

І знікне, і згіне брыда.

Даволі ўжо бзікаў пачвары.

Хай жывіць народныя мары

І слова, і справы ўладар!

ПАРА ЗАВЕСЦІ ДРОТ У ЛЫЧ

Развесіў хвацкія вусы

На хутары ячменны колас.

У дакалгасныя часы

Тут гаспадарыў бацькаў голас.

Калі з "казой" не раз у год

Каля кутоў каморнік шастаў,

Казаў: "Пара завесці дрот

У лыч тарноўскаму начальству!"


Замоўк тых дзён

гвалтоўны зброд.

Зямлі і ў бацькі - два аршыны.

А ў дзесяць сотак агарод

Цяперака - абуза сыну.


Каб пустазеллем не здзічэў,

Увесь засейвае ячменем.

І не касой яго ссячэ -

Камбайн уміг адорыць зернем.


Чаму ж шчыміць паўсотні год

І забывацца не жадае

Душы сялянскай крык пра дрот?

Свінчо й сучаснае капае...


УСТАВАЙ, СУАЙЧЫННІК, З КАЛЕНЯЎ

Я на зломе вякоў і на зломе эпох

Бачу: ідалы ўміг рассыпаюцца прахам,

А рэжымам закляты бы чартапалох

П'едэстал пасмяротна бярэ адным махам.


Ды пілуе найлепшых дзяржаўны тартак.

У фаворы Дзям'ян, у выгнанні - Шаляпін.

Колькі ж слаўных сыноў і дачок нашых так

Па-вар'яцку загубім, загадзім, прашляпім?!


Як да ганьбы такой дакаціўся народ?!

Славу нацыі, імя сусветнае - БЫКАЎ -

Слініць, топча паклёпамі скошаны рот

На кісельным экране са свістам і гікам?!


Уставай, суайчыннік, зкаленяў! Не трусь!

Годзе нам свет смяшыць і гібець як папала.

Беларускае слова - жыве! І - жыве Беларусь!

Ёсць Скарына у нас, Багдановіч, Купала.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX