Папярэдняя старонка: ЭПАС

Пілецкі Вітольд. Сукурчы 


Аўтар: Пілецкі Вітольд,
Дадана: 16-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Вітольд Пілецкі (польск. Witold Pilecki, псеўданімы: Witold, Druh, Roman Jezierski, Tomasz Serafinski; 13 траўня 1901 - 25 траўня 1948) - ротмістр Войска Польскага, дзеяч польскага падполля, падпарадкаванага польскаму ўраду ў выгнанні, арганізатар руху супраціву ў канцэнтрацыйным лагеры Асвенцым. У Польскай Народнай Рэспубліцы быў прысуджаны да смяротнага пакарання па абвінавачванні ў шпіянажы; прысуд прыведзены ў выкананне.

Нарадзіўся ў горадзе Аланец, Аланецкая губерня, куды яго сям'я была саслана за ўдзел у паўстанні 1863 года. Паходзіў з шляхты ВКЛ гербу Ляліва.

З 1910 года пражываў у Вільні, дзе вучыўся ў камерцыйнай школе. З 1914 года быў чальцом забароненага царскімі ўладамі харцэрскага руху (у 1916 заснаваў сваю групу). У 1921 годзе здаў іспыт на атэстат сталасці.

На працягу 1918-1921 служыў у Войску Польскім, ваяваў падчас савецка-польскай вайны. Як кавалерыст удзельнічаў у абароне Гародні. 5 жніўня 1920 паступіў у 211 полк уланаў і ў яго шэрагах удзельнічаў у Варшаўскай бітве 1920 года, у баі ў Рудніцкай пушчы і ва ўзяцці Вільні. Двойчы ўзнагароджаны Крыжам за доблесць.

У міжваенныя гады сям'і Пілецкага ўдалося вярнуць свой маёнтак Сукурчы каля Крупава пад Лідай. Маёнтак, які стаў сведкам дзвюх войн, знаходзіўся ў жаласным стане, таму Пілецкі выйшаў у адстаўку і заняўся аднаўленнем і мадэрнізацыяй маёнтка, а таксама асветай мясцовага насельніцтва. Ён у 1929 годзе ажаніўся з маладой настаўніцай Марыяй Астроўскай і стварыў сям'ю. У Пілецкіх нарадзіліся сын і дачка. Вітольд Пілецкі быў адным з арганізатараў лідскага харцэрства, пажарнай аховы, кавалерыйскага эскадрона ў Лідскім павеце.

У 1934 меў званне падпаручніка запасу са старшынствам з 1 ліпеня 1925 і 300 месцам. Ён заставаўся ў спісе ваеннаабавязаных у павятовым ваенным камісарыяце ў горадзе Лідзе з прызначэннем у 26 полк вялікапольскіх уланаў у горадзе Баранавічы.

Нажаль, сямейная ідылія прадаўжалася нядоўга. 1 верасня 1939 года на Польшчу напала нацысцкая Германія, а 17 верасня ў Польшчу з усходу ўвайшла Чырвоная Армія. Айчына зноў апынулася ў небяспецы, і Пілецкі быў ізноў прызваны на вайсковую службу. У трэці раз за сваё жыццё ён адпраўляўся абараняць радзіму.

Ваяваў супраць немцаў у Польскай кампаніі 1939 года ў якасці камандзіра звяза ў эскадроне дывізіённай кавалерыі 19 пяхотнай дывізіі арміі "Прусы". Апошнія баі яго атрад правёў як партызанскае падраздзяленне. Пілецкі распусціў свой звяз 17 кастрычніка 1939 года і перайшоў на нелегальнае становішча.

Ён пранік ў Варшаву і стаў адным са стваральнікаў падпольнай арганізацыі "Таемнае армія польская" , створанай 9 лістапада 1939 гады пад камандаваннем Яна Уладаркевіча (польск. Jan Wlodarkiewicz), пазней падпарадкаванай Звязу Узброенай Барацьбы.

У 1940 годзе Пілецкі прадставіў камандаванню план пранікнення ў канцэнтрацыйны лагер "Асвенцым". Да гэтага часу было мала звестак пра тое, што адбывалы там, і пра тое, што ў Асвенцыме створаны лагер смерці, "Асвенцым" лічыўся хутчэй велізарнай турмой новай канструкцыі. Патрабавалася вывучыць сітуацыю ў лагеры. Камандаванне ўхваліла план Пілецкага, ён быў забяспечаны падробленымі дакументамі. 19 верасня 1940 года падчас праведзенай немцамі вулічнай аблавы ён добраахвотна здаўся немцам з мэтай патрапіць у якасці вязня для атрымання інфармацыі і правядзення падпольнай працы. Пасля двухдзённага зняволення ў Варшаве ён быў дастаўлены ў гэты канцлагер у ноч з 21 на 22 верасня 1940 года ў складзе так званага другога варшаўскага транспарта, які складаўся з палякаў, арыштаваных немцамі.

Пад прозвішчам Томаш Серафіньскі (польск. Tomasz Serafinski), вязень № 4859 Вітольд Пілецкі быў галоўным арганізатарам польскага падполля ў лагеры (існавалі таксама групы іншых нацый, у тым ліку савецкая). У арганізаваную ім сетку, названаю Пілецкім "Звяз ваеннай арганізацыі" (польск. Zwiаzek Organizacji Wojskowej) уваходзілі ў прыватнасці: скульптар Ксаверы Дунікоўскі і лыжнік Браніслаў Чэх. Пілецкі складаў даклады і пасылаў іх камандаванню Звяза ўзброенай барацьбы ў Варшаву і далей на Захад. З сакавіка 1941 года яго паведамленні атрымліваў польскі ўрад у Лондане. Паведамленні Пілецкага былі асноўнай крыніцай інфармацыі пра Асвенцым, у тым ліку пра знішчэнне зняволеных-габрэяў, для польскага супраціву і для сіл саюзнікаў. Аднак, хоць Пілецкі планаваў узброенае вызваленне лагера, гэты план быў прызнаны невыканальным.

У лістападзе 1941 года ён атрымаў званне паручніка загадам генерала Стэфана Равецкага. Перанёс у лагеры пнеўманію. У ноч на 27 красавіка 1943 года Пілецкі з двума таварышамі выйшаў на змену ў пякарні за межамі лагера. Яны раззброілі ахову, забралі дакументы ахоўнікаў, перарвалі тэлефонную сувязь і ўцяклі. Пасля ўцёкаў ён падрыхтаваў вялікую справаздачу пра становішча ў Асвенцыме - так званая "Справаздача Пілецкага". Пашыраная версія гэтай справаздачы была напісана ім у 1945 годзе, але апублікавана толькі ў 2000 годзе.

У перыяд 1943-1944 Пілецкі служыў у III аддзеле падраздзялення Кедыў Галоўнага камандавання Арміі Краёвай (у тым ліку на пасадзе намесніка камандзіра выведкава-інфармацыйнай брыгады "Камелеон"-"Вожык"), удзельнічаў у Варшаўскім паўстанні 1944 года. Спачатку ён ваяваў шараговым стралком у аддзеле "Варшавянка", потым камандаваў адным з аддзелаў групы "Харобры II" у т.зв. "Вітольдавым рэдуце" (польск.: Reduta Witolda) у былым памяшканні рэдакцыі газеты "Рэчпаспаліта". У перыяд 1944-1945 гадоў знаходзіўся ў нямецкім палоне ў Офлагу VII A Мурнаў, потым - у 2-м польскім корпусе ў Італіі. У кастрычніку 1945 года па асабістым загадзе генерала Уладзіслава Андэрса вярнуўся ў Польшчу з мэтай весці там выведвальную дзейнасць на карысць 2-га карпуса.

Увосень 1945 года арганізаваў выведвальную сетку і пачаў збіраць інфармацыю пра становішча ў Польшчы, у тым ліку пра жаўнераў Арміі Краёвай, зняволеных у лагерах НКУС на тэрыторыі Польшчы і сасланых у Савецкі Саюз. Ён атрымліваў выведдадзеныя з Міністэрства грамадскай бяспекі, Міністэрства нацыянальнай абароны і Міністэрства замежных спраў.

Пілецкі ігнараваў загад генерала Уладзіслава Андэрса пакінуць Польшчу ў сувязі з пагрозай арышту. Ён абдумваў магчымасць скарыстацца амністыяй 1947 года, але ўрэшце вырашыў не выходзіць з падполля.

8 траўня 1947 года ён быў арыштаваны, падвергнуты катаванням у следчым дэпартаменце Міністэрства грамадскай бяспекі.

3 сакавіка 1948 года пачаўся працэс так званай "Групы Витольда". Пілецкі быў абвінавачаны ў:

- нелегальным пераходзе дзяржаўнай мяжы,

- выкарыстанні падробленых дакументаў,

- адсутнасці рэгістрацыі ў райваенкамаце,

- нелегальным валоданні зброяй,

- вядзенні шпіёнскай дзейнасці ў карысць У. Андэрса,

- падрыхтоўцы замаху на групу службоўцаў Міністэрства грамадскай бяспекі.

15 траўня 1948 года ротмістр быў прысуджаны да смяротнага пакарання. Прысуд быў прыведзены ў выкананне 25 траўня ў Макатоўскай турме на Ракавецкай вуліцы ў Варшаве, стрэлам у патыліцу.

Вітольд Пілецкі пакінуў жонку, дачку і сына. Месца пахавання невядома, верагодна, парэшткі былі закапаны на звалцы смецця каля вайсковых могілак Павонзкі ў Варшаве (т. зв. "участак на лужку").

У Польскай Народнай Рэспубліцы ўсякая інфармацыя пра дзейнасць і лёс Пілецкага забаранялася цэнзурай.

Галоўная ваенная пракуратура ў 1990 годзе ініцыявала перагляд працэсу групы Вітольда Пілецкага. Першапачаткова заява прадугледжвала рэабілітацыю, аднак Тадэвуш Плужаньскі (польск. Tadeusz Pluzanski) дамогся анулявання прысуду. Абвяшчэнне прысуду несапраўдным адбылося 1 кастрычніка 1990 года.

Пасмяротна Вітольд Пілецкі быў узнагароджаны Камандорскім крыжом ордэна Адраджэння Польшчы (1995).

30 ліпеня 2006 года прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі ганараваў пасмяротна Вітольда Пілецкага ордэнам Белага арла.

7 траўня 2008 года Сенат Польшчы прыняў пастанову пра аднаўленне ў калектыўнай памяці палякаў гераічнай асобы ротмістра Вітольда Пілецкага. Гэтай пастановай сенатары ўшанавалі 60-я ўгодкі смерці героя Другой сусветнай вайны.

Пасля 1990 мноства людзей і ўстаноў прыняло ўдзел ва ўшанаванні яго памяці.

У сваёй кнізе "Six Faces of Courage" брытанскі гісторык прафесар Майкл Фут (ангел. Michael Foot) аднёс Вітольда Пілецкага да ліку шасці самых адважных герояў Другой сусветнай вайны.

Пілецкаму прысвечана песня "Inmate 4859" у альбоме "Heroes" групы "Sabaton".

19 верасня 2019 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю "Пра важнасць захавання гістарычнай памяці для будучыні Еўропы", у якой заклікае абвясціць 25 траўня, дзень пакарання смерцю Пілецкага, Міжнародным днём герояў барацьбы супраць таталітарызму.

Акрамя бязмернай адвагі Вітольд Пілецкі меў мастацкія таленты, і не адзін. У 1919 годзе ён паступіў на факультэт прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, але правучыўся там нядоўга, пайшоў ваяваць. Разам з тым памяць пра талент мастака Вітольда Пілецкага засталася ў выглядзе абраза, які вісіць у Крупаўскім касцёле.

А ў памяць пра Пілецкага - паэта засталася паэма "Сукурчы". "Сукурчы" - яшчэ адзін узор тутэйшага эпасу. Напісаная без асаблівай увагі да рыфмаў і рытму, гэта, безумоўна, паэма, магутная ў сваёй скрупулёзнасці і падрабязнасці апісання дэталяў. "Сукурчы" - энцыклапедыя аднаго саду і аднаго дома на лапіку беларускай зямлі.

Трэба сказаць, што сад апісаны больш грунтоўна, бо Пілецкі бачыў яго сам і доўгі час. Паэма пісалася ў міжваеннае дваццацігоддзе, і ўсе дваццаць гадоў сад быў на месцы. Што тычыцца дома, то ад былой старасвецкасці і вялікасці пасля войнаў і чужога гаспадарання засталося не так шмат, таму шмат што тут пераказана з аповедаў цётак, чаляднікаў...

У перакладзе паэма падзелена на дзве часткі: "Сад" і "Дом", хаця ў польскіх публікацыях такога падзелу няма.

Паэма напісана амаль выключна белым вершам. Пераклад зроблены з прымяненнем стылю выпадковых рыфмаў, але з мажлівым захаваннем рытмікі.

Станіслаў Суднік.

СУКУРЧЫ

Частка І. Сад

У Наваградскай зямлі над рэчкай Лідзейкай,

Што плыве ля замка Гедыміна,

Раскінуўся дамоў вясёлаю сямейкай

Ліда - горад з цёплым іменем жанчыны.


Ад Ліды на захад кіруючы стала,

Покуль Дзітвы не дасягнеш плыні,

Перад Крупкаю - рэчкай, што плыне памалу,

З цяжкасцю згледзець двор можна стары,

Што тоіцца ў зараслях з даўняй пары.

Тут Сукурчы ляжаць з іхнім светлым мінулым,

У памяці люду даўно патанулым.

Сукурчы з-за земляў, так шчодрых пшаніцай,

Яблыкам тут залатым называлі,

І соснамі бору маглі пахваліцца,

Што ад двара аж да Ліды стаялі.


З-за "мяцежнасці" ў часе былога паўстання

Ў Сукурчаў маскоўцы частку лесу забралі

І ў дзяржаўнае іх уладанне

На вечныя поры ўсё перадалі.


Раней, як уладанняў было болей вельмі,

Паміж сям'ёю падзялілі землі,

Сукурчы брату аднаму аддалі,

Другому двор за полем збудавалі

І таму Заполлем без выдумкі назвалі.


Шчэ колісь вёска пры саміх Сукурчах ліпела,

Што назву Дамейкі па дзедзічах мела.

А потым, каб лепш гаспадарку весці,

Рашылі за лес недалёкі яе перанесці.

Сядзіба Сукурчы з вёскай Дамейкі,

Як і Заполле з вёскай Рупейкі,

З рыштункам і рабочаю сілай

Жылі ў гармоніі і згодзе мілай.

Давалі прыклад ладу і павагі,

Як рабочай сілай, гэтак і развагай,

Заўсёды па-суседску памагалі

І людзям добра ў сэрцы западалі

Ды доўга ў памяці людской трывалі.


На поўнач ад Сукурчаў Крупа ляжала,

Тую адлегласць ад двара да вёскі,

Як конна, то за пацеры адны мінаў.

Пры вёсцы, на ўзгорку, пасярод магіл

Стары, малы косцел з дрэва стаяў,

Дах гонтай на ім крыты быў.

(Парафію зліквідавалі маскалі.)

Тут рэчкі Крупкі хвалі ціхія плылі

І ў бегу сваім тварылі два ставы.


З іх большы быў пры маёнтку Крупа,

Што на ўзгорку стаяў пры плыні ласкавай.

Другі стаў і меншы люд "Старым ставам" зваў,

На нізкіх сукурчскіх лугах ён ляжаў.


Плыўшы далей, Крупка ў Дзітву ўпадала,

На ставе Старым млын адвеку трымалі,

Што вольна кола круціў сваё спраўна

Пад сілай вады зліванай упраўна.

У новы час засталося тут ад яго

Няшмат знакаў, насыпаны вал усяго,

Што быў некалі грэбляй над ставам.

Млын цяпер новы круціць больш жвава

Кола ўжо вышай, пры большай заставе,

У Крупе-маёнтку, на новым ставе.


Ці не ў самім асяродку сукурчскай зямлі

Размешчана сэрца было тых Сукурч,

Сам двор - стары разлеглы, парк вялікі,

Мая любоў і міласць мо таму былі

Так моцныя да іх, што нават не шматлікі

Ў тым куточку падарожны ці бадзяга

І то той прыгажосці аддаваў павагу.


Парк называлі мы па-просту садам,

А сад той так даўно калісь саджалі,

Алеі ліп яго з трох бокаў асланялі,

Вялізных, што аж мхом паабрасталі.

Я ледзь вяршынь іх даставаў паглядам.

Пчол поўна, птушак, пах мядовы,

Што ў чэрвені малым кружыў галовы.


Так цесна ліпы тут пасаджаны былі,

Што часта бы з аднога пня ішлі

І ўзносілі над вежамі сваіх ствалоў

Па сотняў некалькі гадоў.

Галіны сплецены ва ўзоры

Стваралі цёмныя пячоры.

І нават як сонца з зеніту пякло,

Быў тут паўзмрок, прахалодна было.


Ледзь толькі тут і там палосамі святло

Накоса кідала залацістыя промні,

Па сцежках, па пнях і галінах паўзло

Снапамі праменяў поўных.

Мігатліва і хутка - ад дрэў і сукоў,

Пад ветрыкам промні з розных бакоў

Са змроку вымалі імкліва, нярвозна

Рух і жыццё дробных мушак, цьмы розных

Відаў, гатункаў слімакоў неасцярожных.


У алеях - у тым прытулку для птахаў усіх

Ад рання да позна рух на хвілю не ціх,

І гоман крыклівых, пярэстых грамад

Узносіў уверх наборам рулад

І шчэбет, і спевы на розны лад.


Тут, ясным днём, між змроку ліп шацця,

Пугач і сава нібы ноччу сачылі

Малую, крылатую дзённую браццю,

Якія да дуплаў з кормам спяшылі.


У годы дзіцячыя сад той навылет

Любіў прабягаць я ў розных кірунках,

То збегаць па яблык, то скочыць па сліўку,

То найсмачнейшага грушы гатунку,

Што "сапяжанкаю" тут называлі,

А зараз дашчэнту пазабывалі.


Па "першай" алеі, бегшы ўглыб саду,

Быў справа пень велізарных памераў,

Шмат год назад далі тут ледзь рады

Ссохламу дрэву, што дай толькі веры.

Як часам забавы малечу тут нашу збіралі,

Каб намі ж адзначыць яго тут памеры,

Васьмёра на пень той мы лёгка ставалі.


Тут збоку валун быў разлёгся адвеку

І рос, як казалі, ад свету пачатку,

Быў мохам зарослы ён знізу даверху,

Легенды ж схавалі яго без астатку.


Бо даўнія сказы пра каменя лёсы

Сыходзяць з часамі ў краіну ўспамінаў,

Ад новых паданняў таўсценных наносаў

Найноўшы аповед слядоў не пакінуў.


Звычайны гаршчок невялікіх памераў,

Чыгунны, які саганом называўся,

А поўны залацістых дукатаў, талераў,

Пад каменем тым доўгім часам хаваўся.


Цяпер засталіся - усімі тут знаныя -

Ашчэпкі таго сагана, вакол раскіданыя,

Рыдлёўкай двух работнікаў паразбіваныя,

А самі работнікі, таксама ўсе зналі,

Дзесь нібыта пад зямлёю зніклі і прапалі.


Зніклі з ваколіц, і след па іх згінуў,

А той скарб знайсці быў іншы павінны.

Я сніў золата тое і ў сне меў падказкі,

Дзе саган той пад каменем быў закапаны,

Я сказаў там капаць, не сказаўшы ні разу,

Што пад каменем мною шукана.

Ды што ж, як "ураднік" - каналля прыехаў,

Акурат у той час двух работнікаў там я пакінуў,

І яны без ніякай відочнай памехі

Збеглі з саду, а скарб, як у казцы,

Здаўся ў рукі чужынцам і згінуў.


Засталася адна залатая манета,

Што з хвіліннай гарачкі, ведамай свету,

І з асляплення багаццем шанц скарыстала,

Слізнула з рук і пад камень упала

І там зноўку надзейна прапала.


У тым месцы, дзе наша "першая" алея

Зварочвала ўлева пад простым вуглом

І ў пачатак наступнай алеі ўвальецца,

Там невялічкі пагорак віднее,

Насыпаны з двух равоў набраным пяском,

І з даўніх пораў "горкай" завецца.


Зараслі горку з трох бакоў закрывалі:

Спірэю, бэзу, кустоў у ягадах дзіўных,

Што многія годы тут вольна буялі,

Рабілі тут выгляд альтанкі старыннай,

Створанай толькі прыроды капрызам,

І з боку Крупы быў відок тут адзіны

На поле і вольных абшараў абрысы.


Пад дашкам з галінаў, якія чароўна спляліся

Ў містычны парасон, што хаваў сярод лета

Ад дожджыку, лаўка невялічкая стаілася

Для тых, хто хацеў тут схавацца ад свету.


Тут маладыя пра шчасце марыць маглі на пару,

Ахінутыя пахучымі гронкамі бэзу,

Зрок падымаючы ў неба, дзе зоркі з абшару

Нябёсаў мігалі ў ноч лета, а месяц прарэзваў

Цень лісцяў таемным і срэбным паўззяннем.

Паўцені стваралі чароўны свет казкі,

Аздоблены сімфоніяй канцэртаў салаўіных,

Складзены з песняў старых і паданняў,

Дух што займаюць і шэпт у чаканні развязкі,

Каб не спужаць нам ні чараў, ні мараў наіўных

І шчасця зрабіцца чароўным прыстаннем.


Тут прабабкі мае на жыцця свайго схіле

Ў зацішным куточку шапталі малітвы,

Зрок свой праз поле кідалі на вежы касцёла,

Скуль ляцелі над лугам званоў пералівы,

І думкай вярталі сябе ў час такі мілы,

У час маладосці шчаслівай, вясёлай.


З падгоркі пры збегу дзвюх "першых" алеяў,

Каб глянуў углыб той "другой" на прастрэл,

То ўбачыў б штось кшталту даўгога тунеля,

Поўнага ценяў і блікаў зялёных ад дрэў,

Што зверху сцякалі ляніва між лісцвеннай масы,

Якая стварала ў вяршынях скляпенні,

А ў алеі канцы змрок канчаўся адразу

Ўразлівым, яркім, праменным зіхценнем.

На лугі ў светлых барвах між тысяч траў

Лятуць матылі, каб без стомы кружыць,


Тут зноўку валун, але плоскі ляжаў,

Каб лаўкай ахвотна каму паслужыць.


Наўкола быў сад, апаясаны валам і рвом,

На вале быў плот з дошак сасновых і дыль.

Ад месца вылёту алеі на луг

Роў і вал з плотам пад простым вуглом

Налева дакладна павернуты быў,

А з імі і дрэваў ахоўны ланцуг.


Калі тут першая алея была з усходу аховай,

А другая - ад лютых завеяў з паўночы хавала,

З захаду трэцяя частка ціш адмыслова

Стварала, хоць алеі сабою ўжо і не ўяўляла.

Падзелена ровам на ўсю даўжыню немалую,

Характар алеі з гадамі згубіла паволі,

Направа за ровам у эру не вельмі старую

Сад быў закладзены нашым дзядулем на полі.

Алеі бярозак і ліп маладых насаджалі,

Яны бераглі ад марозу з паўночы і ўсходу

Той сад, што здаўна "маладым" называлі.


У двух садах два будынкі стаялі

Сярод ліп, пасаджаных там адмыслова,

У старым садзе лядоўню ледзь заўважалі,

А ў маладым на сонца смела выступалі

Сцены пуні, дзе ўсякіх кармоў была схова.


Ад поўдня сад далей падоўжаны быў

Зноў дрэваў радамі, што дзед пасадзіў

За валам і ровам, даўно ўжо капаным

І ўжо дзе зарослым, а дзе пазасыпаным,

Імхом мяккім парослы і буйнай травою,

А роў з валам і дрэваў шчоткаю кронаў

На поўдзень аднеслі, каб іхняй сцяною

Стварыць з таго боку часткова заслону.


Сад з чацвёртага боку замкнуты быў доўгім

Шпалерам з дрэў, і кустоў, і язміну, і глогу,

Між імі раптоўнаю плямай без слоў

Сцены дома ўзнікалі белым разлогам

Даўняй, спрадвечнай сядзібы дзядоў.

Дом доўгай сцяной быў павернуты к саду,

А бокам праціўным глядзеў на дзядзінец,

Што ў форме падковы грунтоўна і з ладам

Пляц цэлы займаў перад ганкам адзіным.

Дзядзінец выдатны сваёй прастатою,

Вялізны, пакрыты травой муравою.

Тры разы што год у час летні касілі,

А клумбаў, тут лішніх, адвек не рабілі.

Усё акаляў плот з вязаў, чаромхі квяцістай,

Прарэджаны язвінам рад доўгі кустоў,

Луг вялікі абняўшы падковай вялізнай

Ахоўваў той двор ад вачэй мінакоў.

У двух месцах той плот разрывалі дзве брамы

Ўязныя, закрытыя на завалы,

Адна з іх вяла на вазоўню і стайню,

Другую два вязы мажных атачалі.

З лісцем шурпатым два цвёрдыя дрэвы

Ўгору стралялі вынёсла і горда,

Рад маладых дрэў, што ўправа і ўлева

Раслі, чым далей, тым меншыя ўзростам,

Павольна вяршыні зніжаліся ростам

(Відочна, што ўжо насяваліся самі),

І сёння на тле неба ясным

Цёмным контурам крэслілі выразна

Піраміду плоскую з роўнымі бакамі,

Вяршыняй якой былі дрэвы пры браме.


Праз браму трапіш у цяністую алею

З ліпаў старых, ды пэўна стрыжаных калісьці,

Бо знізу да верху ў іх роўныя кроны,

І глядзіш як бы не на дрэвы і лісце,

А глядзіш нібы на стройныя калоны.


Алея неўзабаве дзялілася на дзве,

Направа да ставаў асаджана вярбой ішла,

Налева бегла ў таполяў і ясеняў сені,

Да тракту старога - Мытлянскага - вяла

Дарога, уязная між двух радоў бяроз старых,

Сярод іх і плакучыя ніклі ў задуменні.


Бачная здалёку - алея з бяроз тых

Гасцінна ў двор здарожных запрашала,

І кожная бярозка іначай нейк жадала

Здзейсніць чын, бо свой характар мела,

Адна паклоны нізка біць умела,

Другая, як рукамі, веццем ім махала.


І з валакністаю шатай "плакучая"

Стаяла ўся ў косах распушчаных,

Шаптала здаецца: "Заедзь жа, мой браце!" -

І плакала над тымі, хто ў хаце,

Бо людзі, што розныя лёсы маюць,

Пра рэчы аднакія па-рознаму дбаюць.


Яшчэ адна, што выцяў пярун грознай парою,

Расшчэплена ўздоўж, адною рукою

Паказвала ў двор (бо адну яе мела),

На трагізм не зважала ў паставе

І на гасцей забываць не хацела,

І рухам, на які была яшчэ ў стане,

Кірунак падарожным паказвала мігай,

Не браць пад сумнеў гаварыла гасціннасць.

Як госці, паслушныя немым загадам,

З-пад дрэў выязджалі пад дом на дзядзінец,

Іх вочы ўпіраліся ў шэраг прыгожых закуткаў,

Што разам складалі адзінства карціну.


Сапраўднай аздобай дзядзінца ўсяго

Быў каштан векавы, што па цэнтры стаяў,

Вялізны і з правільнай формай яго,

Сілай сваёй і самотай здзіўляў.

На тоўстым ствале шапка дзіўнай лістоты,

Мабыць, стрыжанай некалі вельмі даўно,

Збірала гукі і галіны асілка

Ў купал вялізны, як шар,

З гарызантальнаю кронай унізе,

Звешанай нізка, тры локці ад долу,

Узносіла шату ў нябёсаў абшар,

Так высока, што з верхніх галінаў

Сядзібы былі бачныя аж за Дзітвою.

Лаўка пярсцёнкам той ствол атачала,

Падумаць было слаўна вольнай хвілінай,

Ліповага мёду выпіць даўняй парою,

Які ўжо гарбата ў наш час замяняла.

А маёвая ноч, а канцэрт салаўіны,

Дзе змаганне ішло за першынства ў спевах,

Налітая пахам бяроз і ў цвеце кустоў,

Пад месяца дзіўным святлом дыямантным.

Чароўна ільсніліся ў сені лістоў

Тысячы свеч белых кветак гіганта.


Ад галоўнага ганка сядзібы прыгожы

Від разлягаўся ўскос, управа і пасярод

Тых зарасляў, што ў раму дзядзінец узялі,

Расла сабе стройная елка, "ялінай" яе называлі,

Выдатная сілай сваёю і ўзростам,

З каштанам усё прымяралася ростам,

Дзве некалі мела вяршыні-блізняты,

Ды адна з іх была сцята,

Высока туды барану ўзвалаклі,

Буслы там адвеку вяльможна жылі,

Што ўвесну прыляталі на Звеставанне

Колькі пар велькіх, прыгожых тых птахаў

І пачыналася бітва-змаганне

На той баране за гняздом уладанне.

Як пастаянна ў час летні вяршыню вянчаў

Шум вялізных і белых іх крылаў стамлёных,

Так аздобай дзядзінца нязменнаю стаў

Сык і клёкат дзвюх дзюбаў чырвоных.


Пару раз, яшчэ будучы хлопцам малым,

Падчас адсутнасці гаспадароў яліны

Я ўзлазіў на дрэва і, лёгшы ў гняздзе тым бусліным,

Калыханы вятрыскам, у мары ўдаваўся

Пра дыван-самалёт, што з казак з'яўляўся.


Было ўсё адтуль значна меншым,

Нават дом наш вялікі з гнязда вышыні

Бачыўся так, бы паменшаў удвое,

А з домам каштан і бярозы, кустоўе густое -

Усё раптам стала драбнейшым,

У адзін позірк вока трапляла гурбою.


Было б няслушным абмінуць маўчаннем

Яшчэ адно дрэва, што стаяла збоку

І сціпла глядзела на стройных суседзяў,

Бо само ні прыгожым было і ні зграбным,

Адносна іншых папялушкай чулася ледзьве.


Той памыліўся б аднак, хто б падумаў,

Што было малым, бедным і занядбаным,

Рысай яго была сціпласць, а ў суме -

Ва ўзросце і сіле - было веліканам.


Стаяла на ўзбоччы, локцямі не таўклося

З іншымі не з-за выгляду, сказаць мушу,

Было вельмі цяжкім, голлем разраслося

І магло мець прыгожую душу.


Вяз той, карэньмі ўрослы глыбока,

Сокі той жа зямлі цягнуў у жылы свае.

Таму без сумневу мог размясціцца шырока

Сярод драўлянай грамады тае.


Разрослы быў моцна, бо сам адзін, пэўна,

Рос без ценю ад іншых суседзяў, бяспечна,

У адрозненне ад тых, хто ў прысадах

Цягнуўся ўверх з цеснаты векавечнай.


Можа, належала трохі сказаць

Пра вялікі каштан, што рос каля вяза

І масай сваёй вязу мог адказаць,

Але ён за дзядзінец прабраўся да саду,

А ўсе дрэвы ў садзе не апісаць.

Частка ІІ. Дом

Дом, стары, разлеглы, меў свой уласны пах,

Набыты ім праз даўгія чатыры стагоддзі,

У адзін паверх, а добры меў размах,

Пакояў дваццаць мы ў ім знаходзім.

А колькі сенцаў, складзікаў і розных закаморкаў

Пад вялізным, цяжкім і ламаным дахам.

Меў магутныя скляпеністыя коміны,

Пяць іх выступала высока над харомінай,

А адзін унізе муроўку пашыраў з размахам,

Уяўляў сабой унутраную, хатнюю вяндлярню.


Сцены са старадрэва, набела тынкаваныя,

Дзесь спарахнелі, ды такіх месц мала,

Пераважна жывіцай праз вякі сцякалі

І без вялікай шкоды стагоддзям супрацьстаялі.

У некаторых месцах нібы каменныя сталі,

Марна спрабаваць было ў іх цвік убіць,

Новыя завадскія цвікі гнуліся пад малатком,

Як бы былі звычайным дротам,

У галаву ўбівалі думку з іроніі шматком,

Што некалі дрэвы мацнейшымі бывалі,

Чым жалеза, што цяпер выраблялі.


У той час як знадворку сцены з падмуркам

Трохі ў землю ўвайшлі, унутры абапёртыя

На моцныя скляпенні, зусім не падаліся,

Таму столі ўсе ад цэнтра будынка

Да знешніх сценаў трохі нахіліліся.

Увесь цяжар, аднак, так вялікага гмаха,

Суфітаў, столяў, вялізнага даха

З даверам вялікім, набытым у цемры вякоў,

Апіраўся на моц унутраных сценаў муроў,

Складзеных з цяжкіх, вялікіх цаглін,

З якіх кожная важыць не меней паўпуда,

Стаялі нязрушна, ды Бог знае адзін,

Колькі трываць ім яшчэ тут гадоў і якім цудам.


Як заўсёды, што ў хатцы, што ў велькім гмаху,

Залежыць усё ад стану і цэласці даху.

А тут якраз з дахам ... "быў клопат няслабы"...

Стан той ацэньваў, па словах Юзэфы,

Кожны наведнік, што тут паяўляўся,

Калі незнарок на страху заглядаўся,

Круціў галавой і ківаў тут з уцехай.

Нагодай здзіўлення былі не бляшанкі,

Уцятыя бутэлькі, пастаўленыя шклянкі,

У якія з дзірак даху кожнай непагодай

Цякла вада з дзівоснай мелодыяй.

Іншы від гледача непамерна займаў,


Лез на ўсю страху, наперад выступаў,

І як бы краўся і падходзіў блізка,

Да самага даху - тут кланяўся нізка.

(Што ж ён мусіў бачыць тут пры самым доле.)

То зноў зрок уверх кіраваў. На чоле

Меў думку, на твары выразнае здзіўленне,

Нарэшце выкрыкваў: "Пане цэлы маёнтак

Можна тут сабраць, пускаць за аплату,

Што за камбінацыя замка, з крокваў і латаў,

З ключоў і бэлек? Стаяць у анфіладзе

Касыя падпоркі... а тыя лёгкія лагі...

Як гэта дзіўна, незвычайна звязана,

Так гэта цікава, мой шаноўны пане?!"

Клопат быў не ў тым, каб зрабіць дах незвычайным,

А ў тым, што папросту працякаў адчайна,

Асабліва хранічна цякло ў заламаннях.


Дзіўна - дом, што так даўно меў будавацца,

Зусім не падобны на равеснікаў быў,

Меў вялікія вокны, высокія столі,

У вокнах шыбаў па восем, а дзе і па дваццаць,

Шкло з розных фабрык і розных стагоддзяў,

Ледзь дзе новае, устаўлена пры нагодзе,

Ужо матавае, бо таксама старое,

Вясёлкай зіхацела ці, як апал блішчала,

Там зялёнай, тут залатою барвай адлівала,

Бы хто фарбай нязмыўнай пакрыў як на тое.

Чым даўжэй дождж яго абмываў,

Тым лепей кожны колерчык ззяў.


Бэлькаваная столь у пакоях і зале...

Запэўніць хацела ўсіх у моцы будынка.

Сабрала цэлую масу скрыжаваных бэлек,

Стварыўшы з бэлек і дыляў быццам бы скрынку.

У некаторых пакоях столі на гладка падбілі

І сціплыя сніцярскія аздобы парабілі.

Паркеты месцамі з дубовых паклалі

Трохкутнікаў, палос і квадратаў,

А ў іншых пакоях - з шырокіх сасновых

Доўгіх дошак, і шчыльна падагналі,

Што звычайную роўную падлогу ўтваралі.

У сценах - велькія люстры, абразы над дзвярамі,

Усё ўзята ў прыгожыя разныя рамы.

У трох пакоях абіўка з узорных палотнаў,

Месцамі з дыскрэтнаю пазалотай,

У салоне ад нізу да самых вокнаў

Сцены як панцырам рыцарскім пакрыты,

Што мусіў быць даўно, за стагоддзі

Сніцарамі рэзаны на дрэве старанна,

Час ацаніць майстэрства іхняе прыходзіць,

Наперад ад прац іншых належыць высунуць такое,

З густам рэзаны ўсе дзверы ў пакоях,

А колькі ж іх па ўсім было доме.

Першынства трымалі вуглы, рэзаныя ў дрэве,

Франтоны з пад'езду і ганка, вядома.

На ўсіх дзвярах клямкі, прабоі, завесы,

Як і акуцце рамаў аконных, былі

Кавальскай мастацкай работы праявай.


Камінаў колькі, раскіданых па доме,

Пазірала з кутоў і чакала,

Заглядвала ў вочы людзям незнаёмым

З нямым запытаннем: калі іх запаляць...?


У квяцістым царстве печаў з каляровай кафлі

Першынство трымала печ вялікая ў зале.

"Вялікапеч" па чатырох яе рагах стаялі

На чорна выпаленыя, кручаныя філяры

З набітымі латуннымі гузамі.

Дрэва воз адным глытком зараз праглынала.


У доме поўна было мэблі размаітай,

Старой, з розных вякоў тут забытай,

Месцамі групы фантастычныя стваралі,

Гледачы на дзіўнае суседства наракалі,

Сведчылі пра крычаўшую з розных куткоў дома

Адну ўсюды фразу "Няма тут дзедзіча, вядома".

Дзедзіча і праўда даўно не было.

Зямля ў чужых руках ужо дзясяткі гадоў.

Хоць дом арандатара і ўсе будынкі

Ад старой сядзібы адсунуты былі,

І да яе галасы не ішлі

З жыцця гаспадаркі сялянскай - падворка,

Не адзін голас не муціў тут цішы знадворку.

Тое тут доўгія годы фактам было,

Што бракла таго, каму б за цэласць двара тут ішло,

Хто б з'яднаў у сваім сэрцы, увагай атачыў

Не толькі сядзібу, а і ворнае поле з ёю злучыў,

Здольны быў палюбіць разлеглае балота

І ўсе тыя лугі, і тамтыя, што ніжай былі.

Коратка кажучы - гаспадара бракавала,

Хто б з сэрцам падышоў да гэтай зямлі,

Чыя б рука край з занядбання падняла.


У адным з пакояў - "Пакоі старшай пані"

(Маці майго дзеда), якая ўжо даўно

Перабралася ў іншы - падобна, свет лепшы,

А тут для дыспазіцыі мела ўсё ж пакой,

Дзе ўсё стаяла, як у час даўнейшы

Для ўлатвення душы ў вандроўцы з-за свету,

У хвілю, калі павяртала ў край гэты,

Да шафы, камода і памятак іншых.

Было месца малое (ў тым уласна пакоі),

Адгароджана тонкай перапонкаю з дошак -

Звалася ад даўна па-просту "загародка".

У "загародцы" пакаленняў ужо колькі

Ключніцы спалі, двара ахмістрыні.

І тады, у часы мае дзяціныя,

Старая ключніца Юзэфа там жыла,

Якую па зласлівасці са старшых нехта называў

"Энцыклапедыяй здарэнняў усяго павета".

У доме непадзельна кіравала, і пра гэта

Жартавалі ўсе, што сотню гадоў мае,

Напэўна, мела меней, хто ж там знае.

Мяркую, што мыляліся ў тых жартах ненамнога,

Была заўжды адна - мы не пыталіся аб тым нічога.


Дзіўны твар сатыра з арліным носам,

Здольны да грымасаў, мімікі ўсякай,

У пастаяннай журбе іранічнай,

У губах тырчала папяроса

Часта з газеты самакрутка,

На галаве прыкрывала каўтун неадменная хустка.

Быў абвязаны лоб ад мігрэні хранічнай.

Старамоднай спадніцаю землю мяла,

Шабуршала ў нядзелю і свята,

У адной руцэ ключы, у другой нейкая шмата,

Хадзіла ўсюды проста, пра ўвесь дом дбала,

Кветкі ў нязмерным ліку гадавала,

Пераносіла за сонцам алеандры, флёксы,

У зале палівала вазонаў сотні,

Размнажала флянцы ўпрост на клавікордзе,

Увечар правярала, ці дзверы ўсе замкнёны.

Адна ў доме, як здань, хадзіла,

Усю радасць мела ў тытуні з гарбатай.

Нам, калі летам прыязджалі дахаты,

З сэрцам найчульшым казала: "Пярлінкі",

Усцяж суправаджала, боль вылівала,

Што ў лесе ўкралі, што дах зацякае,

Сотні гісторый з рукава высыпала,

Дзе хто нарадзіўся, як "Стары" кіраваў,

Патрапляла смяяцца, як бы была маладою,

Часам плакала, рукі ламала,

З любімых словаў усё пачынала,

"Бог ведае толькі, як даўно было тое...

Флаўка, Эварыстка, Маня - тая, што з Фаняй..

Ерма, Стась, Франуська!.. Салюня" і далей -

Як Ерма забаўна "ўніжаўся" перад Старым

Або як на сваю жонку "ды і крычыць Шпрынце.."

"А камедыя!" Пані - ха! ха! ха! "Крэмзы,

Сам тоўсты, як бочка, - кожнаму кажа -

Найгрубейшым голасам: "Уваж, паночку, уваж жа,

З'явіўся ў пятніцу і то заспаны,

Заміж каб Ерму злаяць - піў з ім піва...

Ага! Што тут казаць! Не тое, што за старым панам".


У загародцы сваёй мела збор маленькіх збаночкаў,

Любіла шкляначкі і сподачкі малыя,

Умела раўнютка бутэлькі абразаць,

Рабіла гэта шнурком ад нас у таямніцы,

Паказвала потым з гонарам "шклянкі" тыя

Розных колераў, з бутэлек што мелі нарадзіцца.


Гуляла часам з намі ў жмуркі

Крычала не менш за дзяцей,

Падскоквала дзіўна, бухкала смехам,

Забаўна спявала: "Ліндэрлін - дэр - лін - дэр",

Ці, удаючы рукой ігру на скрыпцы,

Камічна пішчала: "Цімці - дрымці - цімці..."

Намаўляла часам нас да скокаў

І падпавяла ў такт танцу кітайцаў-

Пра тое, як "Ірша ды з Мойшам добра жылі",

А мы ўсё гучным смехам вяршылі.


Гадавала кошак, але кошка Юзэфы

Мусіла крайне "быць толькі рыскай" -

Гэта значыць, мець тры калёры на футры -

Чорна-белая з крапінкай жоўтай,

Здабывала поўнае прызнанне Юзэфы:

"Якая прыгожая! А якая лавушчая!"

Казала з любасцю на выхаванку,

Часамі на стол ставіла мілаванку

На дзве заднія лапкі, пярэднія ўгору падняўшы,

Танец каціны так удавала.

"Ах, гляньце, як міла", - казала.

Для танцу мела рэпертуар сталы:

"Ліндэрлінд.. га! га! га!...

А бадай цябе д'яблы!", - казаўшы.

Як векам змучаная, кошка тая старэла,

Юзэфа наступную кошачку ўжо мела

І зноў з дзяцінства кошку гадавала,

Толькі заўсёды, каб тры колеры, зважала.


Прозвішча яе - Мінская, паходжанне - мутнае,

Дзіўна, што за пакаленне, на тым жа месцы,

Будучы ключніцай, жыла яе цётка,

Па імені Юзэфа і па прозвішчы Мінская,

Хаця ў гэтым доме дзівіцца даўно перасталі -

Дзіўна, так сама, як Юзэфа малодшая,

У піўніцу ўпала і ногу зламала

За многа гадоў да таго Юзэфа старэйшая,

Ногі потым лечачы, абедзве зажыўлялі -

Векам аддзеленыя - меддзю, парашок прымянялі.


Была ж піўніца разлеглая пад домам.

За рамантызм размешчання між салаўіных гушчаў,

За добрыя ўмовы для росту дрэваў і кустоў

У той катлавіне, што ў сонечных промнях парыла,

Для ўтрымання здароўя ў раўнавазе

Пры будоўлі большай працай заплацілі.

Студня тут жа пры доме з зямлі вільгаць піла,

Ваду пампавалі, у сад плынь цякла,

Дом ад лішняй вільгаці берагла.

Студня тая не адна з гэтым спраўлялася,

На глыбіні паловы са студняй другой злучалася,

Размешчанай ніжай і недалёка,

Капанай пад піўніцай яшчэ больш глыбока,

У пласты больш вільготнай зямлі сягала,

І з іх вады шчэ больш смактала.

І ёй дзялілася з вялікай студняй на паверхні.

Разлеглая піўніца цалкам сухая была,

Пясочкам пасыпана, апеку нясла

Над бутлямі мёду і віна старога,

Над варэннем і садавіной, што на паліцах ляжала,

Але колісь і іншыя, лепшыя часы знала.

Ту дзедаў мяды ў глыб стагоддзяў сягалі,

Бочкі вінаў даўнейшых калісьці стаялі.

Казалі таксама, што "Бог знае калі"

Тут са скарбам шкатулкі прыстанак знайшлі.


Як адметнасць таго краю людзі зналі

Тут крыніцу, што так і называлі.

У ёй вада была такой смачнай і празрыстай,

Бадзёрай, што больш - так здорава выглядала,

Што ўсе, хто яе п'е, доўгія гады пражывалі.

Так гаварылі і, як на прыклад жывы,

На старую Юзэфу пальцам паказвалі.

Таму і самавары, якія былі,

Ніколі іншай вады не зналі.

Меркаванне пра смакоцце гатовай гарбаты

Таксама належала здаўна панне Юзэфе:

"Вось, яна мне пахне", - казала з усмехам.


Вада ў Старым ставе таксама лячэбнай была.

Адзін знаёмы, будучы ў сталым веку,

Праз усё жыццё меў нейкі скурны лішай.

Па парадзе Юзэфы ў тым ставе скупнуўся,

Лішай знік праз тыдзень і больш не вярнуўся.


Гэй, даўно шмат гадоў назад... "Бог ведае колькі"...

Тут пры самым доме стаяла каплічка.

Быў алтар невялічкі,

Ксёндз тут імшу адпраўляў, ды час яе знішчыў.

"Ды і па паўстанні дрань ураднік

Казаў цалкам яе скасаваць"...

У малой прасторы між капліцай і домам

Прасторны пакой тады ўбудавалі

І ўсё пад супольны дах з домам забралі.

Адзін з пакойчыкаў, малы і таемны,

Паказвала часам старая Юзэфа

Як "асаблівасць тутэйшага дома".

На працягу двух тыдняў жылі ў ім паўстанцы,

Калі ў рэшце пакояў расейскі генерал вядомы

У той жа час са сворай жандармаў жыў.

Уваход да таго пакоя абіўкай быў

Так замаскаваны, што ніхто пра яго не знаў,

Ніхто існаванне схованкі не дапускаў.


Двор, са слоў Юзэфы, гадоў сотні назад

Быў месцам з'ездаў, соймікаў павета,

Былі тут перамовы і гучныя забавы -

Сведчыць пра гэта мог архіва пакой.

Калі Ягайла ў поўнач сустрэўся з Ядвігай -

"Дзесяць выстралаў з лука" ў Востраве над Дзітвой.

Было там зацесна ў двары і стайнях,

Сцягнуліся ў Сукурчы на гучнае гулянне.


Што да мяне - ведаю толькі,

Што пазней шмат гадоў,

Будучы ў адведзінах у адной з маіх цётак

У Вільні, сярод збору яе кніжак знайшоў

Том Гансяроўскага "Запісак" старых,

Дзе апісанне ў Сукурчах дома, з'езду, балю

Зрабіла на мяне мілае ўражанне ў запісках тых

Нечага светлага, хоць тыя самыя сцены стаялі,

І тыя самыя вуглы, і тыя ж транты ляжалі.


Тады, аднак, маючы вёсен за дзесяць,

Заслуханы ў старых цётак аповесці,

Марыў аб шаблі, аб шэрагах польскіх,

Пра каня ў галопе, у маршы начным, у славе.

Будаваў замкі на дрэваў гуках,

Схованкі меў у алеях саду,

Кветкам пасады ў войску надаваў,

Гэтыя - уланы, а тыя - драгуны,

Гусары, казакі, пяхота.

Жоўтыя кветкі - татары, а немцы - крапіва.

Шабляй з дрэва варожыя шэрагі выцінаў,

Бярог ад пагібелі ўласнае войска ў траве.


Апроч Старога става былі яшчэ тут

Чатыры рыбныя ставы, капаныя,

У якіх раслі ліні, як цеста на дражджах,

Вагой з парася ў месяц ад роду.


Са старой Юзэфай яшчэ тры чалавекі

Складалі колка сыгранае дасканала:

Найшаноўны Адам Кавальчук - хоць і кравец,

Але меў рукі праз артрыт крывыя,

Кіраваў садам, цану нам вызначаў,

Такую, як гаварыў: "Пане, грахі адпусці,

Каб нічога на сумленні не мець у хвілю смерці".

Чалавек той шаноўны скрозь для іншых жыў,

Пра сябе не дбаў,

Трылогію чытаў.

Меў таксама той звычай, што любіў рыфмаваць,

Што з вялікай латвасцю і прастатой рабіў.


Я любіў быць сведкам, як старая Юзэфа,

Пыхкаўшы з доўгай самакруткі,

Рукамі ў жывых мігах памагаючы словам,

Гавэндзіла, седзячы над кубкам гарбаты,

Перад якім на стале ляжаў кавалачак цукру,

Бо звычана піла "ўпрыкуску".

А перад ёй Кавальчук, заклаўшы нагу,

На той час кравецкую работу адкладаў,

Дымячы самакруткай з махоркі, "бакунам" названай,

У такт і нагой, і галавою ківаў,

Штохвілю дзівіўся: "А-а-а..." Юзэфіным словам,

Галавою на бокі без спыну хістаў,

Выдаваў сык дзіўны, вужа ўдаваў:

"Сссс...", - і костачкамі гучна ў суставах трашчаў.

А Юзэфа ўзорыста тэму развівала,

Хутка цераз роды і князёў скакала,

Нарэшце, як звычайна, пры канцы гавэнды

Пераходзіла да таго, што ў той дзень для Сукурч

Клопат найактуальнейшы складала.

"Ах, ці ведаеш, Адаме, што мне Малаўскія тыя

Так надакучылі, што чуць у галаве ўжо іх стала,

Аж вылазяць праз патыліцу злыдні ліхія".


Быў Лукуць Станіслаў, ляснік, што разам

З жонкай Уршуляй тут жылі,

Ходзячы ў лес раннім часам.

Старыя абое, з сабою ў згодзе былі.

Сардэчныя, лагодныя, да ўсіх зычлівыя.

Ён з усмешкай добрай стала з яе жартаваў,

А яна, за ім дрыпаючы, дбала, каб ён не сумаваў.


Калі я часам сярод той чацвёркі трапляўся,

Успаміны аднаго з іх цягнулі потым

Несканчоны ланцуг аповесцяў іншых,

Які не канчаўся.

Узорная мінуўшчына Сукурч, як і цяжкія часы,

Жыццё продкаў маіх, ці іх нейкія чыны,

Вычарованыя са змроку мінуўшчыны

Ў паўзучым святле доўгай лучыны,

Уваткнутай у паз адной са сцен хаты

(Старога лесніка) - усцяж выступалі,

Як жывыя, вобразы, у якіх постаці паўставалі,

Так снаваліся, змяняліся, як дым расплываліся

Ў Лукуцевай хаце з яго люлькі велькай,

Смугою з лучыны над галавой клубіліся

Як Адама, так і мудрай Юзэфы, і пад самыя бэлькі...

Пераклаў з польскай

Станіслаў Суднік.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX