Генаэфа Міхаловіч, Геня, дачка Яніны і Міхала.
Цяпер Геня пераехала з Дакудава, дзе была замужам за Мечыславам Ліхарадам, у родную вёску Біскупцы да малодшай сястры Яніны Карабан.
Геня доўга хварэла на сухоты. I цётка Марыя памерла з сухотаў маладой. I бацьку Міхала забіў вясковы бандыт. Геня і Яня выхоўваліся з мамай пры дзеду Юзуку. Аберагаў іх цудоўны абраз.
Калі спалілі Гавейскі касцёл Перамянення Пана, дзед Юзук пайшоў на папялішча і знайшоў абраз Маці Божай Вастрабрамскай з галоўнага алтара. Абраз на дошцы, у глыбокай рамцы, зашклёны, упрыгожаны кветкамі, пацёркамі, вотамі. У нашай Маці Божай прыпаднятыя вейкі, вочы расплюшчаныя. Абраз, які не згарэў разам з касцёлам, павесілі на покуці, і з Вастрабрамскай Маці Божай перажылі вайну, не адну страляніну, хваробы, няшчасці. Калі Геня выходзіла замуж за Мечыслава Ліхарада ў Дакудава, абраз забрала з сабой. Рамка струхлела. Прыйшлося зрабіць новую драўляную рамку. Залатыя зоркі паадклейваліся ад промняў, пагубляліся. Карона, анёлы на скронях, шата, месячык, пацёркі, крыжык на грудзях - захаваліся. Толькі перасталі быць залатымі, таму што ўвесь аклад, зоркі, промні, сонейка, анёлкі, карона і маладзічок былі вырабленыя з дыхты і пазалочаныя. Вынаходлівы мастак ствараў гэты цуд! Абраз тутэйшага наіву! Сёстры мае церпяць хваробы старасці, Геня слепне, а Маці Божая ўглядаецца на іх цярпенне, аберагае іх.
Нашы маці, родныя сёстры. Браніслава, Марыя і Яніна. Мы жылі Загасцінцам (так не па правілах мовы называліся нашыя выселкі).
Нас, стрыечных сёстраў, засталося чацвёра: Францішка Жыбер - дачка Браніславы і Вінцэнта Сымановічаў; Данута Бічэль-Загнетава - дачка Марыі і Яна Бічэль; Генаэфа Міхаловіч і Яніна Карабан - дочкі Яніны і Міхала Міхаловіча. Была яшчэ Рэгіна Супрэн - дачка Марыі і Яна, памерла 5 траўня 2014 года.
Нашы мамы працавалі на сваіх сціплых сялянскіх надзелах, у полі і на лузе, вялі хатнюю гаспадарку, выхоўвалі нас і святкавалі святыя дні. Адзінае, што маглі дазволіць сабе пасля паўдня схадзіць у лес ці на луг, нарваць снапок лекавых зёлак для ўцехі душы. Гэткая карціна стаіць перад вачамі, як цётка Яніна ясна выходзіць з нашага лесу са снапком сардэчніка ці купальніка. Яна ішла ад сваёй хаты да нашай не сцежкай, не гасцінцам, а праз Глінішча, краем лесу, думала пра сваё, малілася, збірала гэтыя лясныя зёлкі і слухала музыку птахаў.
Нашы продкі так уладкавалі свой сялянскі быт, што ўсё жыццё праходзіла ў Божай ласцы. Пачыналі сялянскую працу на полі, на лузе з малітвай і канчалі таксама з малітвай. У нашай вёсцы віталіся з тым, хто працуе, так : "Памагай вам Бог!", "Божа, памажы дажаць да мяжы!" Адказвалі жартам: "Казаў Бог, каб і ты памог!"
Геня Міхаловіч шмат хварэла, частку свайго жыцця правяла на бальнічных ложках. Але не страціла светлай веры ў Бога, у жыццё, у Беларусь, яна мае добры, лагодны характар. Малодшая сястра Яніна Карабан больш эмацыйная, рухавая. Муж Яніны перанёс інсульт і шмат гадоў жыў інвалідам. Цяпер, без мужчыны, Яня трымае ў парадку свой дом, двор, агарод, бегае, лётае. I даглядае старэйшую сястру Геню.
Лежачы ў бальніцах, Геня думала пра сваё жыццё і так укладала яго ў словы. Склала, як склалася. Я запісала яе вершаваны аповед пад дыктоўку, нічога не мяняючы. I прапаную чытачам, стрыечным сёстрам, дзецям і ўнукам, пляменнікам, сяброўкам, сваякам.
Мой сябра, беларускі пісьменнік Уладзімір Дамашэвіч, які выхоўваў маладых літаратараў, працуючы ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" або ў рэдакцыі часопіса "Маладосць", часта казаў так: "Усё, што напісана рукой чалавека, з'яўляецца літаратурай..."
Тут яшчэ важна тое, што ў воры Генаэфы Міхаловіч захаваная мова вёскі Біскупцы, вёскі, якая была ізалявана ад свету балотам і лесам, ракой Гаўяй, прытокам Нёмана, і Нёманам таксама.
Данута Бічэль-Загнетава, Гародня.
Святая праўда пра ўсё жыццё
на роднай мове, як размаўляем у вёсцы Біскупцы...
У Біскупцах, вёсцы за магілкамі,
у лесе на горцы дзве хаты стаялі.
У адной жылі мы, з намі дзед і баба.
У другой наша цётка Манька.
Мужа яе, дзедавага сына, на вайну забралі.
Яна адна пяць дзяцей гадавала.
Нялёгкая ёй была з імі мука.
Дзед хадзіў памагаць сваім родным унукам.
На горцы дзяцей было нас нямала.
Яшчэ з Загасцінца да нас прыбягалі.
На горцы гулялі, у класы скакалі...
З пясочку хаткі будавалі.
У лес пабяжым - у хаванкі гулялі.
А як зіма прыйдзе, санкі ў рукі бралі,
Весела смяяліся, у снезе качаліся,
снежкамі кідаліся...
столькі было радасці!
Шчаслівыя, з горкі на санках каталіся.
Унізу, у Масцішчах, возера стаяла -
там у ім мама бяльё паласкала.
З дзедам мы рыбу лавілі,
а ў лесс за грыбамі хадзілі.
Жылі мы тут дружна, хоць небагата,
ну, дзецкага смеху была поўна хата.
Ад нашых хатаў зусім недалёка
касцёл стаяў у садзе Ксяндзоўскім.
Вяскоўцы хадзілі,
маліліся Богу, здароўя прасілі.
Палатняную сукенку і тапкі
мне мама пашыла,
і я ў гэтым да касцёла хадзіла.
Малілася за ўсіх Богу,
да споведзі хадзіла.
Мяне мама, малую, так навучыла.
Дзед мне сплёў харошую карзінку,
я ў яе кветак набірала,
віла вяночак, на галаву клала.
Карзінку з кветкамі праз плячо чапляла.
Кругом касцёла з працэсіяй хадзілі,
Неслі крыж, на ім Распяцце Хрыстова,
за ім харугві з абразамі,
а ксёндз ішоў так хораша убраны, -
ён нёс у руках Гостыю святую,
у Ёй святы Сакрамэнт Цела Хрыстова.
Я яму дарожку кветкамі пасыпала,
кланялася і клянкала...
Усе людзі так хораша спявалі:
"Bondz ze pozdrоwiona, Hostyjo zywa!"
А тут вайна прыйшла неспадзявана.
Сталі паяўляцца "белыя" і парцізаны.
"Белыя" да нас забягалі,
страшна крычалі, нам пагражалі.
- Дзе парцізанаў хаваеце? - пыталі.
Не ўспелі выйсці яны за вароты,
а тут парцізаны стаяць на парозе.
- Дзе ўцяклі "белыя"?- у дзеда пыталі.
Яны на харошых конях сюды прыскакалі.
Недалёка ад касцёла
між рэчкай Гаўяй і лесам
у Перакопе сталі...
"Паліць нашу хату і вёску будуць!"- сказалі.
Бо мы парцізанаў хаваем...
Было нам страшна.
Цямнець ужо стала.
Не, мы спаць не лягалі...
Каля нашых хатаў пры лесе
ямы былі накапаны.
Там вяскоўцы на зіму ў іх бульбу хавалі.
У гэтыя ямы мы што лепшае пахавалі.
Самі трасліся, усю ноч не спалі.
А на світанні ў акно застучалі.
- Дзе стаяць немцы? -
парцізаны ў дзеда пыталі.
Тут сама страшна было начала:
парцізаны ўкінулі нас у бульбяную яму.
Самы кулямёт прымасцілі
і хвойкай яго накрылі.
Так доўга і страшна стралялі,
толькі кулі свісталі.
Мы ў гэтай яме са страху чуць не паўміралі.
Страляць перасталі, кругом ціха стала.
Нас з ямы дасталі.
Стомленыя былі парцізаны,
але віду не падавалі.
Мы ім дзякавалі, рукі цалавалі,
што жывыя засталіся,
а яны немцаў прагналі.
Прыйшлі на падворак, умывацца сталі.
Бляшачок з малаком са студні дасталі.
А дзеду каня запрагаць сказалі.
Кончылі мыцца, малака напіліся,
селі на воз, у вясёлым настроі падаліся.
А "белыя" нас не пакідалі,
што лепша - забіраць ужо сталі.
цякаў, за ім "белыя" гналіся,
ён чараз наш падворак
скокнуў праз плот і ў лесе схаваўся.
"Белыя" нас страшылі,
руж'ё на нас настаўлялі:
- Дзе парцізана схавалі? - пыталі.
Дзед кажа:
- Хлопцы, пабойцеся Бога,
дзяцей не чапайце!
Парцізана ў лесе шукайце.
Ад нашых хатаў зусім недалёка
жыў Бурнос Ігналь з жонкаю і сынамі,
ён быў парцізан, і ўсе гэта зналі.
Прыйшоў з лесу з сям'ёй павідацца...
Яго злавілі, страшна білі, угражалі.
- Дзе стаіць атрад парцізанаў? - у яго пыталі.
Ён маўчаў.
У вачах жонкі і дзяцей яго расстралялі.
Дзеці перапалоханыя былі да смерці,
хутка пахварэлі.
Лячыліся, но маладыя паўміралі.
За нашым гасцінцам недалёка лесу
жыла сям'я парцізана Фёдара Дукі.
Старшая дачка Ніна ўцякла ў парцізаны,
ён не ўспеў, яго расстралялі.
А як хаваць яго везлі,
за ім яго дзеці беглі,
моцна плакалі-галасілі,
да труны іх не дапусцілі.
Страшна папіхалі,
нават развітацца з бацькам не давалі.
Страшныя былі дні
і бяссонныя ночы.
I тут неспадзявана стукаюць у дзверы.
Дзед:
- Хто?
- Адчыняй, мы парцізаны,
вялікую свінню на возе прывезлі.
Дзеду прыказалі,
каб асмаліў і разабраў яе да світання.
Маме прыказалі -
наварыць ім мяса і напячы сала.
Самі нас, дзяцей, з ложка прагналі,
лезці на печ нам прыказалі.
А самі на ложку спаць паляглі.
Як усё было гатова, за стол яны селі -
нават гарэлку з сабою мелі.
Елі хлеб, мяса, сала, водкай запівалі,
а мы, дзеці, з печы на іх цікавалі,
але толькі слінкі глыкалі.
Так нам хацелася мяса і сала хоць трошкі,
но яны не далі ні кусочка.
Наеліся, усё з стала сабралі,
нават наш хлеб з сабою, апошні, забралі.
Усё ў воз палажылі,
сытна паеўшы, далей пакацілі.
А за гэты час касцёл наш спалілі.
Усё ў ім разабралі.
Каму ён мяшаў, я нічога не знаю.
Ад касцёла памяць асталася -
дзед прынёс дахаты
абраз Маткі Боскай Вастрабрамскай,
так ён у нас і астаўся.
Гляджу на абраз, Богу малюся.
Дзецтва ўспамінаю:
было нам на горцы весела.
Но гора і страху нямала.
Адзення не мелі, абутку таксама,
босыя хадзілі, многія галадалі.
Я гэта відзела сваімі вачамі.
У гэты час да нас бяда завітала.
Памёр наш тата неспадзявана.
Тату пахавалі - бяда асталася.
За ім хутка памерла наша баба.
Бабу пахавалі.
Па іх мы плакалі, шкадавалі.
Маліліся Богу. На магілкі хадзілі,
кветкі насілі і свечкі палілі.
Я падрасла і пайшла ў школу.
Маме памагала, пасвіла каровы,
на хлеб зарабляла.
Сяброўкі далей у школу хадзілі.
Я так хацела, мяне не пусцілі.
У сямнаццаць гадоў я захварэла,
палажылі ў бальніцу, я чуць не памерла.
У бальніцы добра мяне даглядалі -
дзевяць разоў з лёгкіх ваду адкачалі.
Уколы калолі, таблеткі давалі.
А як падлячылі, паддуваць сталі.
У бальніцы я доўга ляжала.
Як дахаты мяне адпраўлялі,
лячыцца яшчэ мне доўга сказалі.
Я гэта ўсё выпаўняла,
ну, да сябровак гуляць уцякала.
Сяброўкі гулялі, хораша спявалі.
Я не магла, бо мяне паддувалі.
Выйду ісці дахаты, зайду за вёску -
голасам плачу, Богу малюся.
Божанька даў так, што я акрэпла -
пайшла на работу, сказалі: на ферму.
На ферме кароў я карміла, паіла.
Я іх любіла, добра даглядала.
А малако з усёй фермы ў млячарню адпраўляла.
Патом з-пад каровы гной выкідала.
Была маладая, любіла работу,
думала - больш не будзе ніякіх клапотаў.
А тут дзядзька з млячарні прыехаў з бядою...
Кажа:
- Малако ў нас папалам з вадою.
Я брыгадзіру сказала, ён сказаў:
- Ціха, хай будзе між намі...
Назаўтра сябровак падпільнавалі,
як яны ваду ў малако далівалі.
Тут пачалася страшна завіруха.
- Гэта ты сказала - сука!
На мяне крычалі, усяляк абзывалі,
умывальнік адарвалі,
крокі адлічылі,
умывальнік у другое месца прыбілі.
Сказалі: мне - да іх не падходзіць,
бо я страшна хвора - набяруцца хваробы.
Ад гэтых плётак я чуць не памерла.
I тут дакторка прыйшла на ферму.
Я ёй расказала...
- Пабойцеся Бога, дзяўчаты! - яна ім сказала.
- Яна ўжо не хвора, і мы гэта знаем,
кароў даіць мы ёй дазваляем.
Сюды хлопец на ферму прыходзіў,
ён мяне ўвечары дахаты падводзіў.
Яны яго запынілі,
ўсяго на мяне нагаварылі.
Ён ішоў у армію, я яго праважала.
Ён быў добры, я яго шкадавала.
Пісаў пісьмы - я іх не палучала,
аб гэтым пазней я узнала.
А тут бяда напаткала -
памёр наш дзед. Ён нас гадаваў,
мы яго, старога, даглядалі.
Мы яго, як бацьку, шкадавалі.
Маліліся за яго Богу.
На яго магілку кветкі палажылі.
I свечкі запалілі.
Асталася сям'я ўжо зусім малая:
я, мама і сястра, яшчэ маладая.
Кінула я ферму і гэтыя плёткі.
I пайшла ў Дакудава
за краўчыху вучыцца да цёткі.
Яе папрасіла, яна не адказала,
так вучыцца я ў яе стала.
Сюды хлопца мы запрашалі,
Бо машынку часта ламалі.
Ён правіў машынку,
да мяне прыглядаўся,
я яго не знала, но ён усё ўсміхаўся.
I тут у сваты прыйшоў неспадзявана.
Пагаварылі -
ён стаў прасіць, каб жонкаю стала.
Ён папрасіў - я не адказала,
но мне дрэнна стала...
На сэрцы стала велька трывога:
Люблю аднога - іду за другога.
Назаўтра нас распісалі,
ён павёў мяне дахаты,
мы жыць з ім сталі.
У гэтай хаце я не панавала,
бо муж піў водку, я слёзы глыкала.
Свякруха бурчала:
- Дзе вашы дзеці?- у мужа пытала.
З-за цяжкай хваробы дзяцей я не мела,
і ад гэтых плётак ізноў захварэла.
Лягла ў бальніцу - жывот разразалі,
а з жывата ваду выбіралі.
У бальніцы я доўга ляжала.
Як вярнулася дахаты, мужа не пазнала.
Ён быў злы, страшна ругаўся,
водкі прасіўся, да мяне кідаўся.
Я да суседзяў ад яго ўцякала.
Вярнуся - ён спіць, я яго не чапала.
А тут бяда да нас завітала.
Захварэла моцна наша мама.
Мы яе шэсць нядзель даглядалі,
яна памерла, мы гэтага не чакалі.
Па маме мы плакалі,
многа слёз пралівалі:
мы яе любілі, моцна шкадавалі.
Маліліся па ёй Богу, на яе магілку
вянкоў многа палажылі
і свечкі запалілі.
Вярнулася дахаты, села ў куточку,
па маме плачу, Бога пытаю:
- Божачка, Божа, за што я заграшыла?
Нікому нічога дрэннага не зрабіла!
I Божанька даў так, што мой мужык
ад водкі прачнуўся,
нібы на другі свет нарадзіўся.
Сталі мы жыць добра, хоць і не багата.
На працу хадзілі, і пражылі
яшчэ дваццаць гадоў у яго хаце.
Ну, бяда нас не пакідала.
Захварэў мой муж...
Я яго шэсць гадоў даглядала.
Стала яму дрэнна, хуткаю забралі.
Ён памёр у бальніцы, мы яго пахавалі.
А бяда мяне не пакідала:
захварэлі мае ногі,
я з палкай хадзіць стала.
Ногі я доўга лячыла.
Ну, неспадзявана
мяне "скорая" забрала.
Палажылі ў бальніцу, усю прасвяцілі,
знайшлі камень, но не ўдалілі.
Вярнулася дахаты.
Прайшло часу мала -
зноў бяда напаткала.
Я захварэла - адкрылася кравацячэнне.
Тры разы на "скорай" у бальніцу мяне клалі,
тры разы пад наркозам мяне ачышчалі.
Вярнулася дахаты - зусім адзінока
і рабіць не магу ўжо нічога.
Тут сястрыца мяне забрала,
і ў яе я доўга не панавала.
Схапіў мяне прыступ, "скора" забрала...
У бальніцу палажылі, месяц пралячылі,
а пасля камяні з жоўцевым пухіром удалілі.
Думала: больш ужо не будзе нічога.
Ну, пасля наркозу аслеплі мае вочы.
Ізноў бальніца.
Сорак дзён пратрымалі,
яшчэ і ў хаце лячыцца сказалі.
Лячуся, капаю вочы, ціха Богу малюся,
бо ўжо кажуць, што я прыдаюся.
- Божанька, Божа! - у Цябе шчыра прашуся,
дай мне смерць шчасліву, на Цябе спадзяюся.