Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Уладзімір Васько 


Аўтар: Васько Уладзімір,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Уладзімір Васько нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Працаваў у рэдакцыях шчучынскай (1959-1960), дзятлаўскай (1967-1972) і лідскай (1972-2000) раённых газет. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2007 года. Жыве ў Лідзе. Друкуецца ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку. Выдаў кнігі "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругаварот жыцця" (2011), "Лясная рапсодыя" (2013), "Зігзагі лёсу" (2017), "Энергія душы" (2018).

Гняздо паэтаў

З нагоды адкрыцця знакакаменя

траім паэтам ў вёсцы Зачэпічы,

што на Дзятлаўшчыне

Зачэпічы - гняздо паэтаў.

І на мяне, нібы камета, мэта

звалілася пра гэта напісаць,

набеглыя радкі зарыфмаваць.

Тры постаці - тры мужныя паэты

Прамень, Граніт, Струмень.

Я ўбачыў іх на вулцы сілуэты

ў гэты дзень.

Стаяла восень. Ветру не было.

А наваколле золатам цвіло.

На камені тры надпісы звінелі:

Прамень, Граніт, Струмень.

Пяткевіч з Дубатоўкам прыляцелі

ад гродзенскіх мясцін,

са Слоніма наведаўся Чыгрын.

Я, Суднік і Чарняк прысунуліся з Ліды,

а з Дзятлава прадстаўнікі эліты -

Валера Петрыкевіч, Юргілевіч.

Прамоўцы слоў гарачых безліч

шпурлялі ў натоўп і ў восень.

І мне невыпадкова падалося,

што тут прысутнічаюць з намі разам

Прамень, Граніт, Струмень.

Я ўбачыў іх выразна,

хоць хмаркі па зямлі і слалі цень.

Прафесар з Гродна Аляксей Пяткевіч

казаў, што Івашэвіч і брукар,

і ў школе дзецям выкладаў буквар,

і ведаў прозвішчы ўсіх паэтаў,

і ў Беліцы быў старшынём Савета.

Зачэпічы прыкметна апусцелі,

ды ўсе, хто ёсць, да каменя прыйшлі

і кветачкі жывыя прыняслі.

Стаялі ціха, моўчкі, не шумелі,

і толькі восень гукі-трэлі

лістоты выдавала ўгары,

ды мак таўклі бліз хатаў камары.

Пятрусь Граніт - Іван ён, Івашэвіч.

Бываў я ў яго дома шмат разоў.

Грыбы збіралі з ім каля Зачэпіч

і ў Нёмане лавілі мянтузоў.

І на кватэры ў Максіма Танка

прайшлі да класіка ў працоўны кабінет.

А на вакзале смуглая цыганка

сказала: "Пойдуць вашы кнігі ў свет".

Зачэпічы - гняздо паэтаў:

Прамень, Граніт, Струмень.

Яны любоўю нашаю сагрэты,

іх прозвішчы не затушуе цень.

2016 г.

Творчасць

Калі не спіцца, падступаюць думкі

і лезуць саматужна ў галаву.

Прымаю, як ад Бога падарункі,

радкі, што з неба хораша плывуць

у белым і чырвоным апярэнні.

Я іх лаўлю антэнай валасоў,

адкідваю ўбок усе сумненні,

сябе не зачыняю на засоў.

Узлятаю з ложка, чысты ліст хапаю

і аўтаручкай верш вяжу, вяжу.

У гэты час пра ўсё я забываю

і толькі чуйна слухаю душу.

2017 г.

Супярэчлівасць

Як улагодзіць звера ў чалавеку?

Як улагодзіць навальнічны гром?

Хто возьме сёння над Зямлёй апеку?

Яна ж для нас пакуль адзіны дом.

Ці нельга абысціся без забойстваў?

Ці так ужо заведзена здаўна?

І хвалямі спяшаюцца наўпроста

ў чужыя землі варвар і вандал.

Ці рады мы за дабрабыт суседа?

Альбо няхай згарыць яго дабро?

Ці аддамо сабаку паўабеда?

Альбо ад аб'ядання лепш памром?

Бываем мы - хоць да душы прыкладвай.

І злосць па гарцу можам раздаваць.

Умеем стукнуць хораша прыкладам,

пасля сумеем лоб забінтаваць.

Ты супярэчлівы, і ён, і я - таксама.

У кім знайсці ўзор ці ідэал?

Калі хто і ўзвядзе духоўны замак,

яго разбураць бомба ці напалм.

Не пудрай засыпаем свет, а сажай.

Каго за гэта трэба дакараць?

Не вер, хто шчыра і з ўсмешкай скажа,

што заўтра ўжо не будзем ваяваць.

2016 г.

За борам, за гаем

Наіўныя хлопцы, Нёман наіўны.

Наіўна цвітуць маладыя маліны.

Наіўная сцежка, наіўныя чайкі.

Наіўныя лозы, наіўныя чаплі.

Наіўнае сонца, наіўныя хмаркі.

Наіўная вёска, наіўныя брамкі.

Наіўная цётка наіўна пытае:

- А што вам, сыночкі, ў грудзях далягае?

- Мы чулі, што дзесьці за борам, за гаем

жыве наша мова, святая, жывая.

Туды вось і крочым ад самага ранку,

ўчынілі сабе марш-кідок, пагулянку.

- А хіба ў горадзе з мовай няўвязка?

Няўжо ваяваць за яе гэтак цяжка?

- Не проста, бабуля, часы не такія,

сказаць вам па-шчыраму, нават ліхія.

- А што там за борам, за лугам, за гаем,

дзе родная мова такая жывая?

- Там хутар пры лесе стаіць адзінокі,

стракочуць зімою і летам сарокі.

Там хатка старая, мохам накрыта,

і студня са зруба, пры студні карыта.

Жывуць там дзядуля з бабуляй удовай,

яны карыстаюцца роднаю мовай.

- Чаму ж вы такія наіўныя, хлопцы,

у белых кашулях зухі-малойцы?

Адважнымі будзьце, як бусел на клёне,

адчуйце сябе змагарамі хоць сёння.

Пастаўце пры хаце з кіямі ахову,

каб там хоць не ўкралі родную мову.

2017 г.

Рыбакі

Яны прыйшлі на возера ўранку,

паставілі на лёдзе сундучкі,

падаставалі з баначкаў прыманку,

нажыўку начапілі на кручкі.

Сагнутыя, нібы крукі са сталі,

сядзелі моўчкі каля трох гадзін,

ды неўзабаве ногі мёрзнуць сталі -

паслалі Панцялея ў магазін.

І той, як малады, не замарудзіў.

Прынёс, паставіў каля ног без слоў.

Яшчэ ніхто й калючак не навудзіў,

дык выпілі за будучы ўлоў.

Спрачаліся, заўзята гаманілі

пра кошт на аргенціну, селядца,

увішна цыгарэтамі дымілі,

раз-пораз паглядалі на хлапца.

Усе былі грувасткія, у сіле,

а гэты хударлявы, бы Кашчэй.

Яны ў яго лагодна папрасілі:

- Схадзі ты ў краму, Панцялей, яшчэ.

І ён пайшоў, ані не замарудзіў.

Прынёс, паставіў каля ног без слоў.

Ніхто з іх і калючак не навудзіў,

дык выпілі за будучы ўлоў.

І зноў паселі каля вузкіх лунак,

чакаючы, мо клюне што ў каго,

ды пах гарэлкай на кручках ласунак -

і рыба ўцякала ад яго.

Пад вечар завіруха ўсчалася …

- Ідзем дамоў, - прамовіў Карп. - Браткі,

рыбалка сёння нам не ўдалася …

Ды што ты зробіш, выпаў дзень такі …

2017 г.

Вайдыла

Разумным і адважным быў Вайдыла,

як сокал, рыхтаваў сябе на ўзлёт.

Яго Альгерда слава прыманіла

і князя моцны старажытны род.

Славянамі былі Вайдылы продкі.

Дух праваслаўны нёс ён ў жыццё.

Прыгожы, стройны, малады і вёрткі,

ішоў на подзвіг, як на адкрыццё.

Як сябру і найлепшаму дарадцу

Альгерд Вайдыле Ліду падарыў.

Ён змог з сястрой Ягайлы павянчацца,

і ажаніўся, і шчаслівы быў.

Узвёў палац раскошны ў Дуброўні

і кіраваў, і ворагаў крушыў.

Сярод баяраў і вяльмож быў роўны

і справы адмысловыя вяршыў.

Яго дыпламатычнае прызванне

цаніў Альгерд і іншыя князі.

Баярына далі Вайдыле званне,

але Кейстут рашыў яго казніць.

Ды слава аб вялікім нашым продку

гучыць і сёння, як спакон вякоў,

не толькі ў мясцовым асяродку -

ляціць яна з усіх зямных куткоў.

2017 г.

Паэзія-гарэза

Я сорак год кую жалеза

гарачых рытмаў на стале.

Мая паэзія - гарэза,

і сам гарэзны я, бы леў.

А што ж вы думалі, у святы

здаю Усявышняму залік.

Духоўна стаў упаўне багатым,

у космас думкамі пранік.

2017 г.

Жыві свабодна

Тапчу зямлю, бы слон ці мамант.

Ды што стварыў на ёй, святой?

Сказаць па праўдзе, вельмі мала,

каб атрымаўся тоўсты том.


Сябе на дробязі разменьваў,

а пра галоўнае не дбаў.

Не сеяў словы поўнай жменяй,

а пакрысе, як жартаваў.

Геніі

Іх з Неба Зямля да сябе запрасіла.

Іх чыстая сіла па свеце насіла.

Ну, а нячыстая - знішчыць хацела,

ёй геніям пакасць падкінуць карцела:

бы груганнё, навісалі жандармы,

у асабістым жыцці іх распальвалі драмы.

Ды крылы звязаць ім было немагчыма,

бо за плячыма стаяла Айчына.

Пакутуюць геніі: душаць іх каты.

А-у-у! Дзе вы сёння, духу атланты?!

2018 г.

Пабудзь, пажыві!

Здурнела пагода: то дождж, то туман.

Ды і ў грамадстве парадку няма:

тэракт за тэрактам, глабальны падман.

Мы марым аб лепшым, ды, пэўна, дарма.

Даносяцца хвалі пакутаў людскіх

з далёкіх куточкаў планеты Зямля.

Мы сёння ў адказе суровым за іх,

а пазіраем маўкліва здаля.

Чакаем, пакуль і да нас дапаўзуць

гадзюкі, што прагнуць нявіннай крыві.

У свеце паўсюль усплыла каламуць,

хоць душы, як рыбу, таптухай лаві.

А-у, чалавецтва, ты чуеш мяне?!

Хутчэй пра свае хіракіры забудзь!

Не знішчы сябе ў апошняй вайне!

Пабудзь, пажыві, пажыві і пабудзь!

2018 г.

Аптымізм

Аптымізм крыніцай б'е ўнутры.

Пішацца, працуецца выдатна.

Песімізм скуліўся дагары.

На душы памаладзелай здатна.

Хочацца тварыць,

здзяйсняць, спяваць,

Камар

Як параўнаць нам камара

з бязмежным, велічным

сусветам?

У лесе раніца і лета -

і ўжо кусаць людзей пара.

Во, зноў ля вуха празвінеў

і хоча рэзка ў шыю ўпіцца,

ды я магу і разазліцца

і паказаць яму свой гнеў.

Хоць ад укусу не памру,

рука, як прэс, яго расцісне.

Удар - і амба камару,

і толькі кроў пад неба пырсне.

А я таксама, бы камар,

і мне сусвет не патакае,

пашле аднекуль свой удар -

і лёс не лепшы напаткае.

2018 г.

Крот, краты

Во дзе знайшоў сабе жытло!..

І як ён там не задыхнецца?

Я стаўлю кожны дзень сіло -

злавіць крата не ўдаецца.

Падрыў капусту, вінаград

і ўжо падлез пад памідоры.

Ну ты, падземны супастат,

я разбуру твае ўсе норы!

А тут яшчэ стары сусед

сваіх нагнаў (завёўся з намі) -

і натварылі столькі бед -

больш, чым японскае цунамі.

Ужо ідуць амаль на ты.

І хутка сядуць мне на шыю.

Ах вы, паршывыя краты,

я заўтра шапку з вас пашыю!

2018 г.

Суцяшэнне

Убок так позірк не касі,

што ў іх катэджы, ты без хаты.

У казнакрадаў і багатых

і прыкурыць не папрасі.

І не зайздросць, як я, крутым:

жывуць жа неяк небаракі,

бамжы, бадзячыя сабакі,

ды і бяздомныя каты.

І ты як-небудзь пражывеш.

Не затуманьвай смуткам вочы:

мо зайцам лёс уверх

падскочыць -

і стане параўнаўча лепш.

2018 г.

Пад напеў салавейкі

Завялі пралескі ў вачах,

усмешка пакутлівай стала.

Я часта не спаў па начах:

ой, як ты мяне хвалявала!

Нявопытным сэрцам сваім

цябе пакахаў я бязмерна.

Калі ты стаяла з другім,

мне так станавілася дрэнна.

Мы лёсы звязаць не змаглі

пад лёгкі напеў салавейкі.

Дарогі і нас развялі,

як многіх такіх маладзенькіх.

Паўвеку мінула з тых дзён -

і зноўку звяла нас дарога,

ды я ўжо не той маладзён,

і ты пастарэла намнога.

Завялі пралескі ў вачах,

усмешка пакутлівай стала.

Я часта не спаў па начах:

ой, як ты мяне хвалявала.

2018 г.

Прыгоды бравага пакупніка

Згубіў капшук з грашыма - ну і што?

Не стану ж плакаць я на тратуары …

Калі не вып'ю два разы па сто -

дык я пра гэта і ў сне не марыў.

Па магазінах пахаджу і так -

хоць кволы смутак кропельку рассею.

На жоўтай будцы прачытаў: "Табак" -

і падалося: трапіў у Расею.

У краме позірк каўбасу прыдбаў,

не "дарагую" - дваццаць два за кілю.

Каб тыя грошы, хто знайшоў, аддаў,

то трыццаць грамаў, можа, і купіў бы.

Пасля пакіраваў у новы парк

насустрач дню і ветру-забіяку -

а там сабакаводаў і сабак

больш, чым насення ў галоўцы маку.

2018 г.

Настаўленне

Ёсць прапанова грошы не грабсці,

не звязвацца з карупцыяй ніколі,

не красць, не аб'ядацца, а пасціць,

каб не пабыць ад прагнасці ў няволі.

Калі ж і я што-небудзь украду,

прашу вас, не бярыце на парукі,

мякіны падсыпайце ў яду

альбо накіньце кайданы на рукі.

Капейку трэба чэсна зарабляць

і траціць на пакупкі эканомна,

не прапіваць без толку, не губляць, -

увогуле не жыць … крамольна.

2018 г.

Боль

Мой родны кут - уся Зямля,

А кут былы стаў апусцелым:

Мятла нябачная змяла

І дух людскі, і нашы целы.

Адных занесла ў гарады,

А хто аджыў - пайшлі ў магілы.

Забыць, не прыязджаць сюды

У шмат каго стае ўжо сілы.

Ды і ў рачулак спрыт патух:

Пара для іх зусім не тая…

Тут шчупакі не рвуць таптух:

Вада ў равах наскрозь пустая.

Хоць стань над Нёмнам, закрычы:

- Пашлі, браток, ў канавы рыбу,

Вярні ім дрэвы і карчы -

І я душой ў прасцяг не рыпну!

2018 г.

Маржы

Сябры марозу, завірух і лёду,

для іх стыхія - холад і вада.

Іх не кармі ні хлебам і ні мёдам -

адно зімою пакупацца дай.

Не вялыя ў іх мускулы і скура,

а па сасудах бегае агонь.

Яны глядзяць уніз як бы панура:

на шкло баяцца наступіць нагой.

Маржам ніколі не жадаў я ліха,

але не іх ў душы сваёй купаў:

на юную прыгожую маржыху

мой позірк зачарована ўпаў.

Яна ішла пружыніста і лёгка,

сабою аздабляючы сусвет.

Я плыў бы з ёю многа вёрст - далёка

і не спазнаў бы ні прастуд, ні бед.

2018 г.

Мой сябар

Уганяю ў вершы энергію,

Няхай там вякамі жыве.

Паеду да сябра ў Венгрыю,

Паходзім па мяккай траве.

І ён да паэзіі здатны.

Так любіць над словам пацець!

Выдатны паэт, ой, выдатны!

І піша, бы кошык пляце.

Ён сам беларус. На заробкі

Паехаў вясною туды.

Не ставіць у вершах ні кропкі,

Ні коскі, ні іншай брыды.

А шчыры, бы майская квецень.

Усмешку відаць за вярсту.

Заўсёды так цёпла прывеціць,

Хоць з ім на Венеру стартуй.

Ніводнай адмоўнае рыскі.

І трэба ж ўрадзіцца такім.

А прозвішча простае - Пырскі.

А вёска яго? - Ды Ваўчкі.

2018 г.

Не здатны

Не, я не змог бы кіраваць дзяржавай,

бо ўпраўляць сабою не магу.

Во, каб палохаць на балоце жабаў

ці на каленях дрот згінаць у дугу.

То тут я майстар, майстар адмысловы.

Яшчэ пляту прыгожыя кашы,

лаўлю ў паветры новенькія словы,

якія мне бываюць па душы.

Люблю вазіцца з пілкаю, сякерай,

касіць траву ля маладых кустоў,

круціць раман з пакладзістай Вікерай

і больш амаль не здатны ні на што.

2018 г.

На Парнас, альбо Дыялог з часам

Па сцежцы няроўнай угору бягу.

Парнас беларускі і вабіць, і кліча,

і мне падаецца, што ўсё я змагу,

а час параўняўся і слых мой казыча:

- І так ты спазніўся на многа гадоў.

Чаму не спяшаўся, як быў маладзейшы?

Ці шмат хоць пакінеш адметных слядоў?

Увогуле мне па душы твае вершы.

А ў плечы не трэба цябе падпіхаць?

Ты быццам задыхаўся, бедны паэце.

Мо допінг які хоць украдкай падаць,

бо мноства такіх апынулася ў Леце?

- Ды выкінь свой допінг! Я чыстым хачу

туды, на вяршыню Парнаса ўзабрацца.

Ці чуеш, што новы ўжо верш бармачу,

і абганяю настырнага зайца.

І час супакоіўся, і ні гу-гу,

і заяц спыніўся ў страсе, і ў скрусе,

а я ўсё бягу, бягу і бягу,

і хутка ўжо там, на гары апынуся.

2018 г.

Зэку

За цёмнымі кратамі нельга піць,

а голад спатоліць можна.

Жыў ты здатна ці жыў бязбожна?

Але ж прыйшлося цябе пасадзіць.

Усё пераблытана ў гэтым жыцці,

гадзюкамі сцежкі перапляліся,

няпроста сваю, як рубель, знайсці,

а ўдасца знайсці - Хрысту пакланіся.

І бацька, і маці хацелі, каб ты

быў чэсным, разумным і добрым,

не біў слабаку кулаком пад дых,

не пакідаў састарэлых у горы.

Чакай, можа прыйдзе жаданы дзянёк,

сустрэне цябе незабыўная Ася.

Як выйдзеш на волю, прысядзь на пянёк

і перад сусветам пакайся.

2018 г.

****

Я на сваіх плячах трымаю свет.

Не з лёгкіх ноша. Ну, а што рабіць?

Не кінуць жа яго у прорву бед,

Дзе, як смала, метал вайны кіпіць.

Я толькі сілы ў космаса прашу -

І ён мяне не крыўдзіць, як-ніяк.

Я сонца ў душы сваёй нашу,

Яно надзейны ўнутраны маяк.

2018 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX