Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Кацярына Янчэўская 


Аўтар: Янчэўская Кацярына,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Янчэўская Кацярына Валянцінаўна, мастацтвазнаўца і філосаф. Нарадзілася ў 1981 годзе ў Лідзе. Скончыла магістратуру і дактарантуру Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (г. Вільня). Навуковыя і творчыя захапленні: філасофская антрапалогія і фенаменалогія, выяўленчае мастацтва Францыі і Беларусі. Вершы друкаваліся ў газеце "Літаратура і мастацтва", часопісах "Маладосць" і "Дзеяслоў".

Лаўрэат конкурсу 2019 г. "Бацькаўшчына светлая мая...", прысвечанага Году малой радзімы (другое месца ў намінацыі "Паэзія"), арганізаванага Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё, літаратурна-мастацкім часопісам "Маладосць".

Дождж

Кацярына Янчэўская.

Дазволіць

Жыццю сваволіць

Восенню дождж

Папросіць.

Вядома: вада

Нават і камень точыць.

Самота здзівіць адценнямі -

Эклектыкай супярэчнасцей.

Фарбы прамовяць шчыра:

"Не асудзі!"

Засведчыць туман

Загадкавасць

Прасторы самасвядомасці.

Восень імкнецца

Да сутнасці...

Дождж - немаўклівы творца -

Нязведанай глыбіні.

Грыбныя світанні

Сонечныя праменьчыкі,

Памножаныя на чаканне

Узнёслых вітанняў,

Грыбныя пасланні -

У канвертах лясных сустрэч,

Навука развагі -

Ва ўсмешках світанняў,

Літаграфія літасці,

Памножаная на верш...

* * *

Цікаўныя вочкі дзівасілу

Уважліва сочаць,

Ці дастаткова сонца -

У краіне гаспадара з гаспадыняй?


У карэньчыках дзіўнай расліны -

Гаркота штодзённасці,

Што - час ад часу -

Пазбаўляе ад мноства хвароб.


Не таямніца:

Жыццяпіс святла

Пачынаецца з глебы

І болю.


Цікаўныя жоўтыя кветкі

Адкрыта на сонца глядзяць...

Літары

Зніклі кнігі з бібліятэкі

Храптовічаў у Шчорсах:

Замкнёныя дзверы,

сумныя вокны.

Можа, адляцелі ў вырай - кнігі?

Калі вернуцца - невядома.

Кнігі - не птушкі?

Страчанае - у спевах птушыных

Па ўсёй Беларусі.

Ёсць крылы ў мудрых літар.

На жаль, чалавек не можа стаць

Чыстай паперай,

На якой уцялеснены

Евангелля словы.

У горыч адсутнасці пераўтвараем

мы набыткі свае.

Але...

Сапраўднае - застаецца...

* * *

Дзень за днём

ствараецца Свет <…>

Адбіваецца рэхам

у санатах сонца і мора...

Алесь Чобат.


Прымаю ў абдымкі

Вецер з Балтыйскага мора.

Шчырасць салёная

На вуснах

Санатай гучыць.

Навокал-

Прастора пранізлівых мрояў,

Творы Чурлёніса-

Вопратка для душы.

Узбярэжжа зямное

Маршчынкамі дзень апранае,

Вецер - маршчынкі як скарб -

Сабе забірае.

Пясчынкі тлумачаць

Імгненні,

Што ў празрыстасць знікаюць,

Салёным зярняткам

Неба

У Свет прарастае.

Ведаю: недарэмна

Вусны чакаюць

Слова

І мовай бурштыну

Гаворыць

Дзівоснае мора.

Колер

Метафара - рух скрозь колер Паўднёвай Францыі

і карціны Пінхуса Крэменя

ў мястэчка колішняга Лідскага павета - Жалудок,

да прасторы, дзе нарадзіўся мастак.

Гасціннасць дня і свабода птушкі.

Скрыпка, здаецца, гучыць у палацы Святаполк-Чацвярцінскіх.

Касцёл і крыпта зберагае ўспамін пра род Тызенгаўзаў.


Метафара - рух да сябе нават калі кідаюць камяні ў сэрца,

бо цешыць надзея, што ў траўні зацвіце шыпшына

і колер натхнення спыніць разбурэнне...

* * *

"Для беларускай мастачкі Вольгі Сазыкінай Кляйн стаў адным з натхняльнікаў вельмі цікавага праекта: на ярка-сіняй самаробнай паперы мастачка прарошчвала зёлкі, якія вырасталі чамусьці блакітныя".

Ларыса Міхневіч, газета "Культура", № 6 (315), 2009.

Вынайшаў свой сіні колер

І ў Кляйн.

І спявае на карцінах

Неба.

Ці мастацтва гэта ці падман -

Вынайдзена неба

Чалавекам?

У рэальнасці

Абстрактнага спасціжэння

Новае вымярэнне -

Неба...

І плывуць касмічныя рыбіны

Язэпа Драздовіча

У міжнароднай сістэме каардынат.

Ярка-сіняе палатно

Перагукваецца з беларускімі валошкамі,

Праз касмічную паперу

Прарастае Бацькаўшчына.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX