Ірына Эрнстаўна Багдановіч (нар. 30 красавіка 1956, Ліда) - беларуская паэтэса і літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук. Скончыла гістарычна-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі (1983). З 1983 працуе ў Інстытуце літаратуры АН Беларусі.
Друкуецца з 1973. Аўтар кніг вершаў "Чаравікі маленства" (1983), "Фрэскі" (1989), "Вялікдзень" (1993), "Сармацкі альбом" (2004), "Прыватныя рымляне" (2006), "Душа лістападу" (2013), "Залатая горка" (2018), манаграфій "Янка Купала і рамантызм" (1989), "Авангард і традыцыя: беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння" (2001). Укладальнік зборнікаў "Казімір Сваяк. Выбраныя творы" (2010) і "Вінцук Адважны. Выбраныя творы" (2011). Перакладае з польскай мовы.
Да сябра
Прысвячэнне А.Б.
Такі цёплы кастрычнік сыходзіць у жоўтым экстазе
Лісцяпаду суцэльнага колераў мёду й бурштыну…
А ў бабруйскай калоніі сябра, пан-братка мой, вязень
Адбывае пакуту за Край наш - святую Айчыну.
Колькі ж лёсаў, Айчына, адважна табе паслужылі!
Два стагоддзі змагання за волю, за праўду… Бог бачыў:
І ў пятлі, і ў Сібіры галованькі шчодра злажылі…
Твой народ кунтушовы з Пагоняю ў сэрцы гарачым.
А народ твой сярмяжны…, ды што там… Дай, Божа, нам сілы!
Выйдзе вязень на волю, дух продкаў не знішчыць упарты,
Каб збылося, нарэшце, прароцтва: васкрос ён з магілы -
Гэты годны народ, Валадарства Нябёснага варты.
29 - 30 кастрычніка 2013 г.
ПАЗНАЕЦЕ ПРАЎДУ…
На 108 гадавіну асвячэння Чырвонага касцёла ў Менску*
Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас.
Ян 8, 32.
Ты, homo viator у штодні хлусні, пыхі, здрады,
Ў Чырвоным касцёле запаліш лямпаду й якраз
Пачуеш, што кажа Адзіны Трымальнік Улады:
Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас.
Нявольнікі цемры, ярма і сваволяў грахоўных,
Не чуем, не бачым, але, каб ліхтар не пагас,
Чырвоны касцёл нас вітае абдымкам ахоўным:
Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас.
Мая Беларусь, твой народ два стагоддзі няўмольна
З пустэльні егіпецкай крочыць і крочыць; штораз
Гнятуць перашкоды, ды ў мудрасці чуем касцёльнай:
Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас.
Так, праўда нас вызваліць толькі з граху і нядолі,
Зямлі абяцанай нам блісне акраса з акрас;
Любоў прамаўляе з Крыжа нам у кожным касцёле:
Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас.
Верш напісаны 25 лістапада 2018 г. у Нядзелю Хрыста, Валадара Сусвету.
*Чырвоны касцёл быў асвечаны 21 лістапада 1910 г.
Маладнякоўцам
Валерыю Маракову і ўсім пісьменнікам,
расстраляным у Курапатах
29 кастрычніка 1937 года.
Былі вы ўзнёсла-маладымі,
Спаткаўшы бурных дзён напор,
І летуценьмі залатымі
Свой высцілалі шлях да зор,
Пялёсткі сэрц купалі ў росах,
Вясне й каханню гралі гімн
І сны на залатых пакосах
Дарылі дзеўчынам сваім,
Жылі вяршынямі жаданняў*,
А прамяністасць ззяла звыш,
Была вам творчасць - сонцараннем,
І ценем - Курапацкі Крыж.
Была Айчына ў вольных марах
Краінай спраўджаных надзей,
Ды браў на ледзяных гітарах**
Акорды вецер-сцюдзявей.
І смутак сеяўся лістотай,
На летуценьні клаўся ён,
І ачапляў калючым дротам
Краіну новы гегемон.
Але ў начы і ў завірусе
Дух Божы веру памнажаў
Ва ўваскрашэнне Беларусі
З-пад Курапацкага Крыжа…
14 сакавіка - 29 кастрычніка 2019 г.
*"Пялёсткі" (1926), "На залатых пакосах" (1927), "Вяршыні жаданняў" (1930) - назвы зборнікаў вершаў Валерыя Маракова.
**"На ледзяных гітарах" - паэтычны вобраз у лірыцы Тодара Клашторнага 1920-х гадоў.
Пакліканне Францішка Скарыны
Праходзячы-ж недалёка мора Галілейскага,
Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром,
і Андрэя, брата яго, закідаючых сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы,
і кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў.
І яны зараз жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім.
Мц 4, 18 - 20.
Ён берагам няспешна крочыў
Над старадаўняю Дзвіной;
Праменнем ззялі Яго вочы
І клікалі: "Ідзі за Мной!"
Фартуна гэткая чакала
І юнака таго ў жыцці,
Але ж і ў ім праменне ззяла,
І ён шукаў: за кім ісці?
У бернардзінцаў гадаваны,
Любіў навуку й чуў душой,
Што ён абраннік Божых планаў,
Але якіх?!... - "Ідзі за Мной", -
Сказаў вачамі прамяніста
Той Незнаёмец над Дзвіной;
І разлівалі хвалі чыста
На ўсю прастору супакой.
Юнак прысеў, святлом абліты,
Спытаў:
"Пра што я мушу дбаць?" -
"Каб Бога мог люд паспаліты
На мове роднай выслаўляць,
Друкар ты будзеш, сейбіт літар,
Тлумач кніг Бібліі Святой;
І з Божым Словам самавіта
Народ абраным стане твой.
Для ўсіх свой дар
Айцец Нябесны
Прыгатаваў праз мовы гук,
Каб мелі вы пасад пачэсны,
А не чужы з ярмом ланцуг", -
Так мовіў Той,
хто дзіўным чынам
Над старадаўняю Дзвіной
Паклікаў юнака Скарыну,
Нібы Пятра: "Ідзі за Мной…"
І, адыходзячы ў прастору,
Дыхнуў, раскінуў зор кілім…
Зірнуў Францыск
на родны горад,
І ўстаў ён, і пайшоў за Ім…
6 ліпеня 2019 г., субота, пасля пілігрымкі ў Будслаў.
Візія святой Фаўстыны
"Не трэба перажываць, калі з часам справы акажуцца нядобрымі,-
Пан Бог глядзіць на намер, з якім мы іх распачынаем,
і паводле яго будзе ўзнагароджваць."
Св. сястра Фаўстына Кавальская ZMBM
"Дзённік: Божая Міласэрнасць у маёй душы"; 800 [199].
Калі ў хвіліну неспакою
Душу вярэдзіць боль, сумнеў,
Мой Езу, Ты заўжды са мною,
Прыцішыш боль, злагодзіш гнеў,
Дасі развагу ў дзён спарудзе,
Найблізкі з найдалёкіх сфер:
"Што б ні зрабіла, - добра будзе,
Бо мела добры ты намер…"
Хоць вынік выйдзе кепскі, можа,
Але йшчэ горай наракаць
І мець сумнеў у ласцы Божай,
Што Бог не зможа дараваць.
Ты ж не задумвала благога,
А вынік - што ж, бывае ўсяк…
Наш недавер больш раніць Бога
За ўсіх грахоў астатніх цяг.
"Сястра, пазнай той Цуд найпершы,
Што здзейсніць прагну над зямлёй:
Каб патанаў апошні грэшнік
У Міласэрнасці Маёй!
Цябе да душаў пасылаю -
Ім абвяшчаць Маю Любоў!
Нябесны Трон свой пакідаю,
Каб вырваць з пекла ланцугоў,
Каб даць Вяночак вам, змарнелым,
Што ў Міласэрнасць павядзе…"
І біў струмень - чырвоны й белы -
Вада і Кроў з Яго грудзей:
З грудзей прабітых - проста з Сэрца
Ліліся збаўча прамяні…
І не было нідзе больш месца
Для цемры й страху на зямлі.
О Езу! Дзеля душаў рада
Ісці з Табою да канца,
Зрабі мяне Тваёй прыладай,
Каб волю выканаць Айца!
І цішыня… На ўсю капліцу
Любоў і Ласка ткуць кілім…
Укленчыць, горача маліцца,
Прытомнасць страціць, знікнуць ў Ім…
3 чэрвеня 2019 г.
Візія святой Фаўстыны
"Не трэба перажываць, калі з часам справы акажуцца нядобрымі,-
Пан Бог глядзіць на намер, з якім мы іх распачынаем,
і паводле яго будзе ўзнагароджваць."
Св. сястра Фаўстына Кавальская ZMBM
"Дзённік: Божая Міласэрнасць у маёй душы"; 800 [199].
Калі ў хвіліну неспакою
Душу вярэдзіць боль, сумнеў,
Мой Езу, Ты заўжды са мною,
Прыцішыш боль, злагодзіш гнеў,
Дасі развагу ў дзён спарудзе,
Найблізкі з найдалёкіх сфер:
"Што б ні зрабіла, - добра будзе,
Бо мела добры ты намер…"
Хоць вынік выйдзе кепскі, можа,
Але йшчэ горай наракаць
І мець сумнеў у ласцы Божай,
Што Бог не зможа дараваць.
Ты ж не задумвала благога,
А вынік - што ж, бывае ўсяк…
Наш недавер больш раніць Бога
За ўсіх грахоў астатніх цяг.
"Сястра, пазнай той Цуд найпершы,
Што здзейсніць прагну над зямлёй:
Каб патанаў апошні грэшнік
У Міласэрнасці Маёй!
Цябе да душаў пасылаю -
Ім абвяшчаць Маю Любоў!
Нябесны Трон свой пакідаю,
Каб вырваць з пекла ланцугоў,
Каб даць Вяночак вам, змарнелым,
Што ў Міласэрнасць павядзе…"
І біў струмень - чырвоны й белы -
Вада і Кроў з Яго грудзей:
З грудзей прабітых - проста з Сэрца
Ліліся збаўча прамяні…
І не было нідзе больш месца
Для цемры й страху на зямлі.
О Езу! Дзеля душаў рада
Ісці з Табою да канца,
Зрабі мяне Тваёй прыладай,
Каб волю выканаць Айца!
І цішыня… На ўсю капліцу
Любоў і Ласка ткуць кілім…
Укленчыць, горача маліцца,
Прытомнасць страціць, знікнуць ў Ім…
3 чэрвеня 2019 г.
Ратунак-ранак
Мне сніўся сёння сон трывожны:
Цябе згубіла я ў дарозе,
Гукаючы бездапаможна,
Ды лёдам дыхала палоззе
Якіхсьці рэек у цямноце.
Куды яны вялі? Ў багноцце?
Распіхваю рукамі цемру,
К табе цягну слабыя рукі
Ў нябыт?.. І рагатала багна,
Цябе засмоктваючы прагна…
І раптам чую ранку гукі,
Ратунак Божы - ранак!
"Веру…"
1 верасня 2019 г.
Верш пра правілы дарожнага руху
Было найперш у Бога Слова,
Ён даў закон, што ні кажы!
Трымайся правілаў сурова -
Выконвай хуткасны рэжым!
Што тут каму не зразумела?
Гугал-транслэйт, дапамажы,
Каб добра ўсім тут заяснела:
Выконвай хуткасны рэжым!
У беларускім дзіўным краі
Ўзнік непрадбачаны зажым:
То Каліноўскі замінае,
То курапацкія крыжы,
То нафта брудная ліецца,
То ўпэцканы каровы ўсе,
І брацец, бач, нахабна прэцца -
Аслінай сківіцай трасе…
Але, але, магутны Божа,
Ты Беларусь асцеражы,
Каб цяміў прыхадзень
тут кожны:
Выконвай хуткасны рэжым!
Тут - Беларусь, тут - наша хата,
Дзе продак наш спрадвеку жыў,
Таму,
як хочаш быць нам братам, -
Выконвай хуткасны рэжым!
Напісаў Багдан Ірын
29-30 красавіка 2019 г.