Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Станіслава Белагаловая 


Аўтар: Белагаловая Станіслава,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Станіслава Іванаўна Белагаловая (Круповіч) нарадзілася 25 жніўня 1959 года ў вёсцы Крамушаўка Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці. Скончыла Налібоцкую сярэднюю школу, вучылася ў Гродзенскім гандлёвым вучылішчы. Пасля заканчэння вучылішча засталася жыць і працаваць у Гародні. У 1977 годзе выйшла замуж. Разам з мужам у 1978 годзе пераехала жыць у Ліду. Мае дваіх дзяцей (сына Валерыя і дачку Наталлю), чатырох унукаў. Амаль уся працоўная дзейнасць прайшла ў Лідскім гархарчпрамгандлі (у цяперашні час - ААТ "ГПФ "Ліда"). З 2014 года на заслужаным адпачынку. Ветэран працы.

Пісаць вершы спрабавала ў юнацтве, але тады не прыдала гэтаму значэння. І толькі на пенсіі сур'ёзна занялася творчасцю. Напісала больш за 80 вершаў, некаторыя з іх пакладзены на музыку. Песні "Дочка-доченька" і "Мой сын" прысвяціла сваім дзецям, гэтыя песні гучаць на Лідскім радыё.

У канцы 2018 года выйшаў першы зборнік яе вершаў "Наедине с душой".

***

Стаіць бярозка і сумуе,

Нібы дзяўчына пры вакне,

Зусім бяздомная красуня,

Яна прывабіла мяне.


- Скажы, сяброўка, па сакрэту,

Чаму так смутна ты глядзіш?

Пра ўсё прызнаешся ты ветру,

А мне маўчыш усё, маўчыш…


І нездарма наша спатканне,

Сваю ты выкажы бяду.

Мы абмяркуем усе пытанні,

Хоць чымсьці я дапамагу.


- А ці патрэбнае прызнанне?

Ах, як жа цяжка гаварыць,

Усе сокі выбралі ўжо зрання,

Не ведаю, далей як жыць.


Я не трымаю на ўсіх злосці,

Уся крыўда пройдзе і мінуе,

І можа,знойдзецца хоць хтосьці,

Хто зразумее, пашкадуе.

31.09.2015 г.

Вёсачка…

Мая вёсачка! Ты захварэла?

Зараслі ўсе сцяжынкі, дарогі,

І наперад глядзіш так нясмела:

Трэба хуткай табе дапамогі.


Дзе калісьці квітнелі сады,

Яркім полымем ззялі палеткі,

Там цяпер вельмі цяжка знайсці -

Дзіўны сад і пахучыя кветкі.


Зарасла бур'яном сенажаць,

Тут даўно не ляжалі пакосы,

Толькі кволыя хаткі стаяць -

Патрабуюць хутчэйшага зносу.


Белы бусел цяпер гаспадар,

Так паважна сябе ён вядзе,

Быццам гэтай зямлі гаспадар

Абавязак свой пільна нясе.


Табе, вёсачка, гімн я злажу,

Ты - у сэрцы маім і ў крыві.

З цеплынёй і павагай скажу:

"Мая родная, толькі жыві!"

15.03.2018 г.

Лясная прыгажосць

Паднялі мяне з самага ранку

Песні птушак з высокіх нябес.

Лёгкі кошык бяру я на ганку,

Адпраўляюся пешшу ў лес.


Вось зрабіла я некалькі крокаў,

Прыглядзелася - нехта паўзе -

Сціплы вожык

на вострых іголках

Паціхеньку запасы вязе.


Збоку чуецца трэск ад галля,

Што палохае трошкі мяне,

Дык гэта ж красуня-казуля

Напіцца вадзіцы ідзе.


Раптам елачка стала хістацца,

Нібы вецер яе нізка гне -

Шэры заяц надумаў схавацца,

Бядалага, спужаўся мяне.


І вось падышла я нарэшце -

Грыбы, як паненкі сядзяць.

Адхіляючы мокрае лісце,

Завіхаюся іх я збіраць.

06.10.2016 г.

Восеньскі эцюд

Плаўна павуцінка

Плавае ў паветры:

Восень паціхеньку

Выцясняе лета.


Пажаўцеў лісточак,

Адарваўся ветрам,

Быццам матылёчак

Развітаўся з летам.


Сонейка-Свяціла

Прамяні хавае -

Мабыць, яму сілы

Болей не хапае.


Ластаўцы журботна,

Белы свет нямілы -

Так ёй неахвотна

Адлятаць у вырай.


Як гэта прыемна

За ўсім назіраць!

Колькі захаплення,

Усё не перадаць!

15.09.2015 г.

Я зямельцы сваёй пакланюся

Што за дзіва на свеце такое?

Усім нам роднае слова - "Зямля"

Камячок твой вазьму я ў далоні,

Прытулю да сябе, як дзіця.


Сваім сэрцам цябе адчуваю -

Клапатлівасць, святло і цяпло.

Без астатку ты нам давяраеш

Усё багацце сваё і дабро.


Пах гарачага жытняга хлеба,

Смак духмяных сваіх пірагоў.

І глядзім мы з удзячнасцю

ў неба,

І не трэба нам іншых краёў.


Нізка ў пояс табе пакланюся,

"Дзякуй лёсу", -

скажу ў цішыні.

Богу ўдзячна і шчыра малюся,

Што жыву я на гэтай зямлі.

14.01.2017 г.

Мая Беларусь

Беларусь, ты,

як вольная птушка,

Уздымаешся ўверх усё вышэй,

Распусціўшы квяцістыя стужкі,

З кожным годам

ты ззяеш ярчэй!


Як люблю я цябе, Беларусь!

Мне не сорамна

ў гэтым прызнацца,

З цябе іншыя прыклад бяруць,

Але цяжка з табой параўнацца.


Як матуля, мне моцы дала,

Я заўсёды табой ганаруся.

Мае крылы з надзеяй узняла,

Я не здраджу сваёй Беларусі.


Ты квітней, родны край

беларускі!

Няхай цёплае сонейка свеціць!

Я за мір на зямлі памалюся,

Каб спакойна жылі нашы дзеці!

25.09.2015 г.

Ты чаруеш мяне, Беларусь!

Няма той краіны на свеце

Прыгажэй, чым мая Беларусь,

Дзе ласкавае сонейка свеціць,

І дзе птушачкі песні пяюць!


Як толькі, прачнуўшыся зранку,

Світанак ты можаш сустрэць.

І вельмі прыемна пад вечар,

Як сонца заходзіць, глядзець.


Найлепшай няма прыгажосці,

Калі ў вырай ляцяць жураўлі,

Адлятаюць,

жадаюць нам штосьці

І крылом памахаюць з далі.


Як у полі красуецца жыта,

Пах рамонкаў і сінь васількоў.

Зачаруе цябе, усё забудзеш,

Не захочаш вяртацца дамоў.


Ты чаруеш сваёй прыгажосцю!

Няма слоў, каб усё перадаць,

Запрашаеш сяброў ты на госці

Усё пабачыць, другім паказаць.

20.04.2016 г.

***

Матуля, прысеўшы на ганку,

Не можа дайсці да сябе,

Бо яна атрымала даведку,

Што загінуў сынок на вайне.


І боль зашчыміў яе сэрца,

І ні слова не можа сказаць,

Нібы камень,

застыла на месцы…

Як жа цяжка!

Як рады тут даць?


Ён жа ў іх, у бацькоў, сын адзіны,

Вярнуцца дамоў абяцаў,

А жыццё сваё недзе пакінуў,

За шчасце народаў аддаў.


Вайну праклінаць вечна будзем!

Колькі горычы ўсім прынясла!

Мы герояў сваіх не забудзем,

Няхай пухам ім будзе зямля!


За іх будзем мы шчыра маліцца,

Ля помнікаў кветкі складаць,

Каб на нашай, на роднай зямліцы

Такой страшнай

бядзе не бываць!

23.02.2016 г.

***

Расчыню сваё насцеж акенца

І з натхненнем сустрэну вясну,

Асцярожна ўпушчу ў сваё сэрца

І глыбока, самотна ўздыхну.


Загляну ў яе светлыя вочы,

Паспрабую параду знайсці -

Дзе ж узяць мне цярпення і моцы,

Каб наперад упэўнена йсці.


Каб пазбегнуць усе перашкоды,

Што раптоўна ўзнікаюць у жыцці,

Няўзнак абмінуць усе нягоды,

Бачыць мэту і з марай ісці?

19.03.2018 г.

Мой родны куточак!

Сэрцу любы, мой родны куточак!

Мая сцежка дахаты вядзе,

Дзе знаёмы мне кожны кусточак,

Дзе матуля чакае мяне.


На пагорку, дзе ззяюць пралескі,

Гучна птушачкі песні пяюць.

Пах духмяных суніцаў на ўзлеску -

Ні за што не змагу абмінуць.


Рэчка быццам зусім анямела.

Сяду побач, змагу адпачыць.

Нагадае зязюля нясмела,

Колькі год засталося пражыць.


Калі хтосьці ў мяне запытае:

- Чым душа і чым сэрца багаты? -

Той адразу адказ атрымае:

- Мой куточак - бацькоўская хата!

06.11.2017 г.

Няхай спраўдзіцца ўсё наяве

У сузор'і надзей і здзяйсненняў

Сваю зорачку я адшукаю.

Загадаю з палёгкай жаданне,

У сваім сэрцы яго захаваю.


Каб не зналі хвароб нашы дзеці,

Для іх светлай дарога была,

Шчасця, радасці ім, даўгалецця,

А ў сэрцы - спакою, цяпла.

Каб не зналі хвароб нашы ўнукі,

Па жыцці ім упэўнена йсці,

Пакарыць усе тайны навукі

І сцяжынку да шчасця знайсці.


Каб не зналі няшчасця сябры,

Над зямлёй - толькі мірнага неба,

І ніколі не бачыць вайны.

Ну а больш… мне нічога не трэба.

У сэрцы вобраз я твой захаваю…

Мая вёсачка… Родныя хаткі…

Так жалобна, панура стаяць.

Напаткаў цябе лёс несалодкі,

Немагчыма без слёз перадаць.


На падворках стаіць цішыня,

Не пачуеш дзіцячага смеху.

Дзесьці мяўкне ў двары кацяня,

Певень сціпла спяе: "Ку-ка-рэ-ку!"


Рэчка спіць, у адзіноце сумуе.

Куды зніклі вясёлыя рыбкі?

Страказа над вадою чаруе -

Плаўна льецца мелодыя скрыпкі.


Лес змяніўся - зусім парадзеў,

Да зямлі верхавіны згінае.

Несціхаемы птушачак спеў

Яму моцы ва ўсім прыбаўляе.


Бэз, чаромха аблічча змянілі,

Усё ж з надзеяй сустрэчы чакаюць,

Гронкі, нібы галовы, схілілі,

Нас часцей прыязджаць запрашаюць.


Не, не сон… Гэта ўсё наяве…

Усёй душою табе спачуваю.

Што ж… Калісьці цябе не стане…

У сэрцы вобраз я твой захаваю.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX