ЗНОЎКУ Я СПАЦЬ НЕ ЛЯГУ…
(Радкі з аўтабіяграфіі)
Ізноўку я спаць не лягу,
Пакуль не ўтаймую смагу.
А смага мая такая:
Прагну ўвесь радка я,
Прагну, нібы жанчыны, -
Дык, можа, не без прычыны?..
Гэты невялічкі вершык нарадзіўся ў мяне яшчэ ў далёкім юнацтве, а пытанне: "Дык, можа, не без прычыны?.." - хвалюе па сённяшні дзень. Па сутнасці, ужо тады - у гэтым шасцірадкоўі - я пачаў шукаць сваё месца ў паэзіі, засумняваўшыся ў сваіх паэтычных здольнасцях. І шукаю і сумняваюся аж да гэтага часу.
Я ніколі не пісаў вершаў, седзячы за сталом, не вымучваў з сябе радок за радком. Лірычная ўзнёсласць і натхненне суправаджалі і суправаджаюць мяне заўсёды і ўсюды: дома, у дарозе, у час працы ў агародзе, на бацькоўскім падворку, калі кашу траву ці сяку дровы… І хаця заўсёды, як той крот, глыбока імкнуўся ўзорваць паэтычную глебу, засейваць яе толькі ўласным насеннем, усведамляю, што я не стаў класікам беларускай літаратуры і наўрад ці стану ім калі-небудзь. Але ўпэўнены, што і графаманам не быў ніколі. Зрэшты, аб гэтым меркаваць ужо не мне, а маім дарагім чытачам. На вялікі жаль, іх вельмі мала, бо паэзія да гэтага часу так і не стала масавай з'явай, як, скажам, эстрада ці шоу-бізнэс. Як мала і тых (што вельмі прыкра), хто выкарыстоўвае матчыну мову ў паўсядзённым жыцці. Гэтая аказія, як той чарвяк, даўно свідруе маё сэрца наскрозь і будзе свідраваць, напэўна, да самай смерці.
Калі больш падрабязна, то нарадзіўся я ў 1954 годзе на Лідчыне - у вёсцы Рылаўцы. Бацькоўскі лясны хутарок туліцца між дзвюх рэчак - Крупкі і яе матулькі Дзітвы. Апошняя, што вельмі важна, працякае амаль ля самага падворка, і менавіта яе срэбра-водныя хвалі заўсёды спрыялі майму паэтычнаму натхненню. І спрыяюць па сённяшні дзень, хаця меліяратары ў свой час бязбожна зруйнавалі маю родную Дзітвульку, якая ўжо даўно ператварылася ў старое і зарастаючае русла.
Навучаўся я ў Яўсеевіцкай васьмігадовай школцы, скончыў таксама Лідскі індустрыяльны тэхнікум, падчас службы ў арміі - завочную школу ваенных карэспандэнтаў. Завяршыў адукацыю на факультэце журналістыкі БДУ імя Леніна. Працоўны творчы шлях пачынаў у навагрудскай раённай газеце "Новае жыццё", але найбольш - амаль тры дзесяцігоддзі - шчыраваў у роднай мне назаўсёды "Лідскай газеце".
Журналістыка ніколі не была для мяне мачахай, але і з паэзіяй не развітваўся ніколі. Мо таму яны і перапляліся ў маёй творчасці, нібы родныя сёстры, а многія вершаваныя творы набылі рэпартажны характар. Добра гэта ці не надта, не ведаю, але як сталася, так сталася. Назад ужо, як кажуць, "ніц" не вернеш.
На жаль, асобнага свайго зборніка пакуль што не маю, але мару і часта ўяўляю, што трымаю яго ў руках. Праўда, гэта адбываецца пакуль хіба што ў сне. Але калі Бог паспрыяе, то абавязкова выдам яго пад назвай, як і ў гэтай нізкі вершаў: "Каб любіць Беларусь нашу мілую…". Тэма Радзімы, не толькі малой, але і ўсёй бясконца дарагой мне сінявокай, васільковай, ільняной Беларусі, заўсёды жыла і будзе жыць у маім сэрцы да скону дзён.
Зрэшты, грэх скардзіцца, што мой паэтычны шлях да чытача быў абмежаваны. Мае вершаваныя творы гучалі па рэспубліканскім радыё, друкаваліся ў газеце "Літаратура і Мастацтва", іншых рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі ды літаратурных часопісах. Але калі яны захаваліся хіба толькі ў архівах саміх рэдакцый, то агульныя паэтычныя зборнікі, у якіх я са сваімі вершамі разам з іншымі паэтамі стукаўся да чытацкіх сэрцаў, можна і сёння знайсці ў бібліятэках. А іх шэсць: "Вёсны" (1976 г.) і "Квадра" (1982 г.) - выдавецтва Белдзяржуніверсітэта, "Краю, мой Нёман" (1986 г., прадмова Васіля Быкава, укладальнік - Данута Бічэль-Загнетава, рэдактар - Юрка Голуб, дзяржаўнае выдавецтва "Мастацкая літаратура"), "Шануйце роднае слова" (2008 г.), "Мой любы горад Ліда" (таксама 2008 г.), "Мой горад - гонар мой" (2013 г.). Апошнія тры надрукаваны ў Лідскай друкарні.
Каб любіць Беларусь нашу мілую
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Разумееш тады, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць…
Словы вядомай песні на вершы Алеся Ставера, якая калісьці так прыгожа гучала ў выкананні вядомага беларускага спевака Віктара Вуячыча. Але, правёўшы некалькі гадоў за межамі Бацькаўшчыны, я перайначыў другі радок з гэтага куплета і напісаў свой верш. Тым самым я хацеў выказаць погляд на любоў да Радзімы з пункту гледжання сённяшняга дня. Асабліва пасля таго, як з сусветнай карты знік Савецкі Саюз і ўсе краіны СНД аказаліся на раздарожжы, а наша родная Беларусь нарэшце набыла самастойнасць.
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Можна ў розных краях не бываць,
Пра яе, як матулю чуллівую,
Можна песні і дома складаць.
Пра палеткі яе вераснёвыя,
Ля дарог дзе цвітуць васількі,
Дзе рамонкі - дзяўчаты вясковыя,
Што вядуць карагод ля ракі.
Дзе бярозы - красуні зайздросныя, -
Так і хочацца ў прымы пайсці,
Дзе пахучыя ранкі і росныя,
Хоць зімою атаву касі.
Дзе клякочуць натхнёна, бы моляцца,
Сімвал нашай Айчыны - буслы,
Дзе ў Белае Вежы ваколіцах
Здабылі сваё месца зубры.
Не ў сытай Еўропе, Амерыцы,
Дзе мераюць шчасце грашмі,
А ў нас - Беларусі - бо вераць нам,
Бо заўсёды былі мы людзьмі.
Выйду ў поле ляноў сінявокае,
Акрыяю душой на ляту,
З фарбаў родных, як неба шырокае,
Я вяночак каханай спляту.
Птушкай лёгкай ўзлячу ў паднябессе я,
Агляджу і прасторы, і край,
І ніякім вятрыскам-кудзеснікам
Не зманіць мяне ў казачны рай.
А як зб'юся з дарогі няроўнае,
З туманамі ў вырай зляту,
Я дарогу дадому нялёгкую,
Як і птушкі, па зорках знайду.
Наталюся я роднаю моваю -
Беларускай, якую люблю,
І, заместа гарэлкі вясковае,
Я з крынічкі гаючай пап'ю.
Ты даруй мне, матуля шаноўная,
За мае і чужыя грахі,
Што збіваўся з дарогі няроўнае
І рабіў мо не тыя кругі.
…Долар сёння ў вялікай пашане,
Толькі роднага ў ім не знайду,
А за Белую Русь - буду ў храме я -
Беларускі рубель пакладу!
Дарога ў Рылаўцы
Маім шаноўным суседзям па хутары Юрыю Уладзіміравічу і Веры Вікенцьеўне Буракам, якія любяць сваю малую радзіму не менш, чым я, прысвячаю з вялікай павагай.
Нарэшце першы курс адолеў,
Бывай, журфак, - і ўсе канцы,
Імчу я сёння на прыволле.
Куды? У вёску Рылаўцы,
Што ёсць на Лідчыне такая,
Дзе мне адрэзалі пупок,
Там мае прашчуры вякамі
Абаранялі свой куток!
І толькі там мая калыска,
Там сонца зіхаціць ярчэй,
Там алюміневая лыжка
За залатую даражэй.
Імчыць аўтобус
"Мінск-Гародня",
За вокнамі буяе даль, -
Усё мне дорага і родна,
Асфальт блішчыць,
нібы крышталь.
Дарога нейкіх тры гадзіны,
А я й не думаў, каб заснуць,
Нібы не ехаў і хвіліны, -
Як мой райцэнтр -
жаночым іменем завуць.
Здарова, Ліда! - горад стольны,
Што Гедымін калісь заклаў,
Касцёлы, цэрквы,
замак годны…
Дальбог гісторыя сама!
Як ёсць, нырцую
ў старажытнасць,
Не выплыву - такой бяды.
О! Колькі продкаў самабытных,
Знайшоў Міцкевіча сляды.
Без дапамог экскурсавода
Блукаю я па ВКЛ,
Вунь йдзе Альгерд,
вунь Вітаўт, - Божа! -
Кейстут, Ягайла - хоць не вер.
На стрэчы мала і гадзіны,
Размовы на наступны раз,
Князі, героі і княгіні -
Сустрэнемся не напаказ.
А зараз зноўку на аўтобус.
Маршрутам "Ліда - Рылаўцы".
Зямля вялікая, як глобус,
А родны кут - не пры канцы.
Іду з прыпынка хутка, звонка,
Ступаюць ногі ўсё шпарчэй,
Лічы, амаль што ля падворка
Дзітва павольненька цячэ.
Бярозы, сосны, дуб-асілак
Мяне вітаюць, як свайго,
Лугі, палеткі, узлескі, нівы…
Нарэшце дома я ўжо!
Сакочуць куры яшчэ зранку,
Лагодна сонейка пячэ,
Стаіць матуля каля ганка
З даёнкай поўнай у руцэ.
О, сырадою-сырадою,
Як я даўно цябе не піў!
Мінск мінеральнаю вадою
Амаль штодзень мяне паіў.
Выходзіць бацька з агароду,
Трымае кошык у руцэ.
- Нясу, сынок, паліць уродаў,
Тут каларадскае "цэцэ". -
Абдымкі, поціск, пацалункі,
Мех цэлы згадак і размоў,
Служыў мой бацька
ў Войску Польскім,
Усю Германію прайшоў.
А зрок акна фарбуе астра,
Павейкі - бэзавы дубцы…
Ах, штосьці часта,
штосьці часта
Я трызню вамі, Рылаўцы.
Вы ў паўсядзённыя хвіліны,
Пакуль жыцця пульсуе ток,
Нібы ў прастудзе - мёд пчаліны,
Нібы байцу - вады глыток!..
Тваё жыццё - падручнік па гісторыі…
Шаноўнай матулі да дня 92-годдзя прысвячаю.
"Сто лят!" табе, самы дарагі
для мяне чалавек на зямлі.
Равесніца вайны першасусветнай,
Вялікіх рэвалюцый і нягод,
Варшава да сваёй цягнула веры,
Масква маніла ў свой кругазварот.
О, Беларусь! Любімая старонка,
Між дзвюх імперый ты тады жыла,
Нібы ў бары гаротная сасонка,
І вольнаю, на жаль, ты не была.
Мяняліся міністры і прэм'еры,
Дзялілі беларускую зямлю
Цары Русі, Пілсудскі, разам Ленін,
А пры СССР, дальбог, і не злічу.
"Вялікі" Сталін - бацька ўсіх народаў -
Тваю сястру саслаў у Казахстан,
Што муж яе быў з блізкай Польшчы родам
І за яе ішоў, як на таран.
Хіба Хрушчоў сагрэў цябе адлігай,
Паабяцаў, што камунізм не за гарой,
У будучыню светлую паклікаў,
Хоць не працуй - ляжы ды загарай.
Ды ты без працы лёс свой не ўяўляла,
Раней за гімн любіла ўставаць,
Сярпом зубчатым жыта спорна жала,
Рукамі лён спяшала ў полі рваць.
Пры Брэжневе ты ўзбілася на грошы,
Ашчадны лік у банку завяла,
Ды грымнуў Гарбачоў з перабудовай,
Раздзеў ізноў, як кажуць, дагала.
Амаль усе яны ляжаць ужо ў пасцелі,
Хто на Вавелі, а хтосьці ля Крамля,
А ты і сёння тупаеш, хоць веле,
І бульбу на вячэру зварыш йшчэ сама.
Удзень у працы, вечарам з ружанцам -
Ты Богу давярала найлацвей -
Была мудрэй за іх, бо ты сялянка,
І з хутара табе было відней.
Ты розныя культуры спавядала,
Па вечарах кудзелю прадучы,
Мне песні беларускія і рускія спявала,
І польскіх знала - не пералічыць.
Ты баяла мне казкі трох народаў,
Што заснавалі Кіеўскі пасад,
Вучоныя шукаюць цэнтр Еўропы,
А я ўпэўнены: ён - тут, у Рылаўцах!
Еўрасаюз сягоння зубы шчэрыць,
Маўляў, дыктатар там кіруе ў вас.
Ты ж - свята Лукашэнку верыш
І нам заўжды даеш такі наказ:
- Я шмат перажыла пры ўладах розных,
Вальней і лепш, чым сёння, не было.
На выбарах свой выбар робіць кожны,
Вы ж галасуйце толькі за яго! -
… Адпачываюць кросенцы ў каморы,
Смуткуе калаўротак на гары.
Матуля!
Тваё жыццё - падручнік па гісторыі,
Хоць праўнукам на ўрок яго бяры.
Ноч у Лідскім замку
(Урывак з паэмы)
Прысвячаецца таленавітаму фотамайстру сучаснасці Ігару Пешахонаву, нястомнаму шукальніку гістарычных прыгод Міколу Шаўчэнку, а таксама ўсім лідзянам, неабыякавым да нашага слаўнага мінулага.
І
Над Лідскім замкам ноч канае,
Плыве туман, як знак надзеі,
І вось ён - светлы цень Лідзеі! -
Ля сцен яго, як здань, блукае.
У белым вэлюме да пят,
Яна то плача, то смяецца,
І срэбра месяца ліецца,
І я сустрэчы гэтай рад.
Сюды прыйшоў я да зары,
Сустрэцца каб з табой, княгіня.
Чаго шукаеш ты, багіня,
Ў сівых стагоддзях, як муры?
Князёўна госця прывячае
І песню сумную спявае:
- Ды ўсе хмарачкі, ды па парачцы,
Адна хмарачка розна,
Ды не сварыся ты, мой татачка,
Што я гуляю позна.
А хоць сварыся ці не сварыся,
Ты мяне не навучыш,
Бо каго люблю - за таго пайду,
Ты мяне не разлучыш…
ІІ
Усходзіць сонца. Гедымін -
Вялікі князь - мужоў склікае,
На іх задачы ўскладае,
Наказ яго гучыць, як гімн:
- Дазорца ў мыле прыскакаў
З трывожнай вельмі навіною:
У колькіх кроках за Дзітвою
На замак крочаць крыжакі.
Сатром тэўтонскае ярмо,
Сустрэнем дружна барбажынцаў,
Дамо адпор любым чужынцам!.. -
Ў адказ гучыць: "Дамо! Дамо!..."
Стаю, баюся зварушыцца,
І недзе з глыбіні вякоў
Мне чуцен тупат капытоў,
Зямля пад імі аж іскрыцца.
ІІІ
…Ужо і досвітак. Зара,
Як свечка, ціха дагарае,
Мне замак тайны давярае,
І мо - убачу ваяра?
Вунь! З дзідай ён імчыцца з вежы,
Чутно, як меч яго звініць,
Ён кожну хвілю бараніць
Гатоў свой замак, горад, межы!
Як мне, яму даўно не спіцца
(Сама гісторыя не спіць!) -
Па трубах Каменка бруіцца,
Ірвецца замак бараніць.
Прабіцца ёй бы з-пад зямлі
І зліцца ў рэчышча з Лідзеяй
З адною важнаю надзеяй -
Вадою замак акайміць.
Яе даўно ўзялі ў палон,
Ўзялі свае, а не чужыя,
Яна сягоння як рабыня,
Была ж - ахоўніцай муроў.
IV
Вось-вось працоўны дзень настане,
Ужо прачнуліся лідзяне.
Выходжу з замка. Міма-міма
Плыве натоўп на лідскі рынак.
А замак велічна і горда
Глядзіць, як мітусіцца горад.
О, люд шаноўны! Мой народзе,
Спыніся, каб адчуць стагоддзі!
О, колькі тут жыве паданняў,
Блукае паўзабытых зданяў!
Тут Гедыміна дух вітае,
Даносіць рэха славу края,
Зямлі славянскай - беларускай! -
Не заваёванай, не прускай.
Кейстут, Альгерд, Ягайла, Вітаўт
Вялі тут з крыжакамі бітвы.
Аб тых праслаўленых падзеях
Шчэ помняць Каменка й Лідзея -
Рачулкі-сёстры баявыя,
Непакароныя, жывыя.
Яны сягоння абмялелі,
Ды даняслі да нас падзеі…
А замак горды, непрыступны,
Як сімвал славы продкаў рупных,
Глядзіць у будучыню горда
І бачыць НАТАўскія орды.
Там, дзе яны цяпер, - ў Шаўляі -
Калісьці крыжакі стаялі.
Іржанне іх крылатых коней
Даносіцца да нас праз гоні.
Ды нас, славянаў племя гордых,
Не пакарыць ніякім ордам.
…З глыбінь стагоддзяў з новай сілай
Гучыць прамова Гедыміна:
- Сатром тэўтонскае ярмо,
Сустрэнем дружна барбажынцаў,
Дамо адпор любым чужынцам!.. -
Ў адказ гучыць:
"Дамо! Дамо!.."
Русалачка
Сабіне К.
Голенькая купалася
Ў чыстай ракі вадзе,
Адзенне яе памчалася
З ветрам. Не знаю дзе.
Як гэта ў нас бывае,
Мо наляцеў віхор
І лёгенькую сукеначку
Ўзняў аж да самых зор.
Раніца ў сілу бралася,
Рака плыла ў тумане,
Голенькая русалачка
Выйшла насустрач мне.
Заплакала, закрычала,
Каб я адвярнуўся ўбок,
Дзе сонца спякотна ззяла…
Усхліпнула, каб дапамог:
- Нарві мне лазы галінак,
Каб, сорам прыкрыўшы свой,
Змагла схаваць на хвіліну
І даімчаць дамоў.
Няўжо хараство такое
Я мог аддаць нейкай лазе?
Я ў рэчцы нарваў лілеяў,
Спаднічку сплёў для яе.
Яна спаднічку надзела,
Позіркам павяла,
Ўсміхнулася і нясмела
Мяне за руку ўзяла.
А побач цвіла каліна,
Біўся рачны прыбой,
Салодкім, нібы маліна,
Быў пацалунак той.
Мы, бы галінкі, спляліся,
А потым - яна і я -
Ў адну рачулку зліліся.
О, Божа! - пад намі
Загойдалася зямля!
…Шмат год прайшло
з часу тога,
І хоць волас штораз сівей,
Прыходжу на рэчку,
просячы ў Бога
Вецярка памацней.
Вецярка па-мац-ней!..