Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Ганна Рэлікоўская 


Аўтар: Рэлікоўская Ганна,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Рэлікоўская Ганна Леанардаўна нарадзілася 8 ліпеня 1964 года ў в. Кянці Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці. Пасля заканчэння Кенцеўскай васьмігодкі паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча. У 1983 годзе стала настаўніцай пачатковых класаў у СШ № 8 г. Ліды. Дыплом гістарычнага факультэта БДУ, атрыманы ў 1991 годзе, дазволіў ёй перайсці на выкладанне гісторыі ў старэйшых класах спачатку ў той жа СШ № 8, затым, з 1995 да 2005 года, у СШ № 17. На працягу года (1999-2000 навучальны год) з'яўлялася культарганізатарам і старшынёй прафкама навучэнцаў Лідскага індустрыяльнага тэхнікума. З 2005 па 2017 год працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 г. Ліды. На сённяшні дзень - настаўнік гісторыі і грамадазнаўства СШ № 17 г. Ліды.

Друкавалася са студэнцкіх гадоў у мясцовых раённых газетах Ваўкавыска і Ліды, некалькі вершаў у 2009 годзе трапілі на старонкі "Настаўніцкай газеты", выбраныя творы ўвайшлі ў зборнікі паэзіі, выдадзеныя ў Лідскім раёне ("Ад лідскіх муроў", "Шануйце роднае слова", "Мая маленькая радзіма", "Мой любы горад Ліда").

Пераможца конкурсу "Дарослыя - дзецям" імя Веры Навіцкай 2018 года.

Як без цябе?

Як без цябе?

Ніяк ужо не магу

Ні жыць,

ні піць,

ні есці,

ні нават дыхаць.

Пяю

і слаўлю,

гавару,

пішу

То на ўсю моц,

то вельмі-вельмі ціха,

Амаль што шэпатам.

Чаго дарма штурхаці,

Чаго трывожыць

у паўсядзённай смуце

Анёла - мову -

родную,

як маці,

З якой жыву я

ў шчасці

і ў пакуце?

Як без цябе?

Ні смеху і ні плачу.

І дзень пахмурны,

і няцёмна ноч.

Я без цябе не чую

і не бачу.

Матуля-мова!

Ты са мною кроч,

Каб я са шляху

ўбок не скіравала,

Каб я з сумленнем

годным пражыла,

Каб слоў хапала,

сілы мне хапала

Данесць другім той скарб,

што ты дала.

Роднай мове

Я словы знайшла, і я зноўку гатова

Свой верш прысвяціць табе, родная мова!

Як нізку бурштына, як зерне ў жменьку,

Збірала я словы ў душы памаленьку.

Як жэмчуг, вырошчвала ў сховішчах водаў,

Каб мова заззяла мая між народаў.

Да кожнага слова - пашана, павага,

Заход асаблівы. Нялёгкая справа.

Сапраўдны баец куль не траціць дарэмна,

Так словы кладуцца ў радок патаемна

Адно ля другога. Ні меней, ні болей.

І кожнае - з радасцю, кожнае - з болем.

Як быццам узор на крыштальнай пасудзе,

Так верш нараджаецца: цуда на цудзе.

І словы тут нельга адняць ці дабавіць,

Бо зменіцца сэнс, бо забудзецца памяць.

Нясу табе, мова, свой верш на абрусе

І нізенька-нізка ў дол пакланюся

За моц і пяшчоту, за мужнасць і ласку,

За вершы і песні, за мудрую казку,

За веру, што сэрцамі шчыра прывечана,

За Беларусь, што табою асвечана!

Мова беларуская

Я не лічу, што мова ў апале.

Яна гучыць у лепшых сярод нас.

Удзячны мы і Коласу, й Купалу

За мудры іх, прадбачлівы наказ:

Каб мову беларускую мы ўзнеслі

У Беларусі мілай да нябёс,

Складалі вершы, прозу, казкі, песні,

Бо з роднай мовай звязаны наш лёс.

Няма для мовы ніякіх загонаў.

Яна адолее ўсе стромкія парогі

Ад Брэсцкай крэпасці, хатынскіх перазвонаў

Да Курапат і плошчы Перамогі.

Красуйся, мова, на прасторах жніва,

На хвалях Нёмана плыві да берагоў.

Цябе штодзень вітаю, быццам дзіва,

І адчуваю слодыч тваіх слоў.

А хто яе забыў ці мо зарокся,

Прад іншай мовай галаву схіліў,

Той не пачуе ніякіх папрокаў:

Ён сам сябе навекі абдзяліў.

Сучаснасць

Наракаюць:

сучасныя дзеці -

бандыты,

А сучасны святар

толькі грошы збірае.

Усе традыцыі продкаў

распяты,

забыты,

І калі-небудзь Бог

іх усіх пакарае.

Стогнуць,

плачуць,

што дрэнна так жыць,

Замаленькі катэдж,

састарэлы айфон.

І "Мустанг" па шашы

не так хутка бяжыць,

І інфляцыя мчыцца

шалёна ўздагон.

Абураюцца:

хабар нясі ўрачу,

І настаўнікі ў школе

зусім ашалелі.

Бач, ім кветкі давай.

Што ж: хачу не хачу,

Але буду спрачацца

са сваім пакаленнем.

Нашы дзеці

ў сто раз, мабыць,

лепей за нас:

Спевакі і спартсмены,

пераможцы, прызёры.

Святары -

яны розныя.

Так было ў кожны час,

Ды заўжды дапамогуць,

у шчасці

і ў горы.

Урачам -

самы шчыры

і нізкі паклон

За іх працу,

за клопат,

за жыццё і здароўе.

Ну а той,

хто настаўнікам шле

свой праклён,

Быў абдзелен калісьці

цяплом

і любоўю.

Век сучасны

насустрач

расхінуў свае дзверы,

Але продкаў сваіх

мы зусім не забылі.

Ветэранаў вітаюць

ізноў піянеры,

І танцуюць падлеткі

кракавяк

і кадрылі.

Наракайце,

стагніце,

абурайцеся млосна.

Вы - няшчасныя людзі,

слугі блату

і грошай.

А я буду сцвярджаць

на ўвесь свет

так галосна,

Што сучасны наш век

не благі.

Ён - харошы!

Вяртаюся дадому з-за мяжы…

Маршрутка то да долу,

то на ўзгорку.

Вяртаюся дадому з-за мяжы.

Мяркуюць людзі,

як жывуць у Нью-Ёрку,

І скардзяцца,

як цяжка ў нас жыць.

Хаця б да Польшчы быў дазвол паехаць

Без візы,

каб на пана працаваць,

Бо грошы ў кішэнях,

як арэхі,

Там запраста і ўмомант зазвіняць:

Златуўкі,

еўра,

ведама ж, даляры.

Там лепей кормяць,

лепей пояць усіх,

І вельмі танныя на рынках там тавары…

А мне як быццам хтосьці даў пад дых.

Была ў суседзяў я з нядзелі па нядзелю.

Сем дзён гасціла я ў сваёй радні.

Паілі?

Так.

Кармілі?

Не худзела.

Але не бачыла там райскае зямлі.

Свае праблемы.

І нястача грошай

На новы гарнітур

ці завушніцы.

І, марачы аб долі той харошай,

Палякі мараць

ужо да Англіі прабіцца…

* * *

Здаецца мне,

хто дбае аб душы,

Таму не трэба аніякай "замяжы".

Калі ласка

Калі ласка, да нас заязджайце

Чым паболей.

Вас сустрэнем лепш,

чым на Мальце,

Хлебам-соллю.

Сонца цёплае, ясны месяц

Будзе ўлетку.

Адшукаць дапаможам у лесе

Папараць-кветку.

Пачастуем яблыкам познім,

Бульбай увосень.

Заязджайце зімой марознай

Да нас, госці!

Пакатаем у Раўбічах смелых,

У палацах лядовых.

Сыпанём вам арэхаў спелых,

Залацістых, мядовых.

І вясной вас шчыра чакаем

У Беларусі.

Сімвал нашай зямлі прывітае -

Белы бусел.

Завярніце, не абмінеце,

Калі ласка!

Дзе яшчэ вы знойдзеце ў свеце

Гэткую казку?!

Мы - беларусы!

Гісторыя лёсы вяршыла:

То катаў прышле, то сяброў.

І сёння па нашых па жылах

Цячэ намяшаная кроў.

Палячкай жыву год ад году,

Але ж памяркоўная я,

І мудрасць яўрэйскай пароды

Знаходжу ў сабе спакваля.

Ад рускіх -

гасціннасць і шчырасць,

Шырокі душэўны размах,

Татарскую бачу магчымасць

На рызыку, смеласць у вачах.

Па кроплі крывінкі злівалі

З Усходу і Захаду ў нас.

Вякамі мы іх шліфавалі

І выдалі годны адказ.

Расінкай, пясчынкай пакрысе

Ў характар дабавілі сталасць.

Мы выбралі лепшыя рысы:

Да працы любоў і трываласць.

Ёсць чым ганарыцца народу,

Ёсць талент,

ёсць мужнасць,

ёсць сіла.

Мы - беларусы ад роду!

Усіх нас

Беларусь нарадзіла!

Падзяліце ўсмешку

Бывае, дні паўзуць, як чарапахі.

Здаецца, ну калі ж надыдзе ноч?

І ў галаву зноў запаўзаюць жахі,

Не ўцячы ад іх, куды ні кроч.

Але, нібыта сонейка скрозь хмары,

Прыходзіць дзень, напоўнены святлом.

Мільгаюць тыдні. Ты, як на пажары,

Спяшыш, ляціш, каб справіцца з агнём.

І адчуваеш - сіл на ўсё хапае:

Абняць, прывеціць, абагрэць цяплом.

І жах ніводзін больш не зазірае,

І людзі плацяць за дабро дабром.

Жывіце, людзі, радасцю! Жывіце

І для другіх, не толькі для сябе.

З чужым і з родным усмешку падзяліце -

Больш стане шчасця на зямлі ўдвайне.

Вершы для дзяцей

Сачыненне

Клас заняты важнай справай,

Разважаюць, кім хто стане.

Піша Міша, Вера справа,

Злева піша Вася, Таня.

Толькі Вова ў задуменні,

Ручку ў рукі не бярэ.

То пагладзіць ён калені,

То на парце штось сатрэ.

І пытаецца настаўнік:

- Кім ты будзеш? Кажы шпарка!

Вова кажа:

- Я?

Начальнік!

Мне патрэбна сакратарка.

А ў школе цішыня

Нарэшце ў школе цішыня,

Ні шэпатаў,

ні гвалтаў.

Карціна гэткая штодня,

Сядзяць усе за партай.

На перапынак быў званок,

Але ніхто ні з месца,

І хоць закончыўся ўрок,

Усё роўна ў класах цесна.

Які прайшоўся джын ці маг?

Змяніў дзяцей начыста.

Трохпавярховы школьны гмах

Спакойны і ўрачысты.

Няма дзяцей на турніках,

Пусцютка ля акон.

Прыйшоў да іх найлепшы сябар

І чараўнік -

смартфон.

Вішанькі

Калі вясна пачынаецца,

Калі цёплы ветрык павее,

Мяняецца,

усё мяняецца,

Лагоднее,

ружавее.

У шкарпэтках бялюткіх

вішанькі,

Хусцінкі ў іх накрахмалены,

Узорамі дзіўнымі вышыты,

Пялёсткамі кветак завалены.

Водар да самай да звіліны

Дастане,

у самыя скроні.

Паветра

за хвосцік схапілі мы,

А сонечны зайчык -

у далоні.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX