Людміла Шот нарадзілася 1 ліпеня 1951 г. у вёсцы Копанькі Гарадзенскага раёна і вобласці. У Лідзе з 1988 года. Закончыла Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працавала загадчыцай дзіцячага сада № 25 ст. Ліда.
Зіма
Хто паслаў завею,
Добра разумею.
Снегам сыпле ў вочы,
На мяне, як хоча.
З ветрыкам сябруе,
Днюе і начуе.
Ёй мароз спрыяе,
Бо душы не чае.
Шкло, як ліст паперы,
Малюе і ў цемры,
Як бярэ натхненне,
Усім на здзіўленне.
Белым-бела ўсюды,
З снегу растуць гурбы.
Просяць дапамогі
Людзі і дарогі.
У замеці лес, поле,
І рэчка ў няволі.
Скрозь зіма пануе,
Цешыць і лютуе.
У зімовым лесе
Так у зімовым лесе ўрачыста.
Хвоі стаяць задуменна, важна.
Навокал ціха, прыгожа, чыста.
Не настолькі і ветру дасяжна.
Сонейка шле праменьчыкі скупа
Праз навіслыя шэрыя хмары.
Блакітна-серабрыстая смуга
Ахутала дрэвы, людзей твары.
Нібыта зіхотныя зорачкі,
Узорныя сняжынкі падаюць.
Пастаю з ялінкамі трошачкі,
Няхай сэрца яшчэ парадуюць.
Хатка Таўлая
Хатка Таўлая шчыра вітае,
Усіх запрашае ў сцены свае,
Сціплай любоўю нас аб'яднае.
Былое з сучаснасцю злучна жыве.
Спрыяе ў думках і напраўляе,
Адносін цяпло як сваё беражэ.
Новыя творы кожны чытае
І родную мову, як стрыжань, нясе.
Матуля
Яна для мяне святая,
Матуля мая дарагая.
Ёй за жыццё сваё ўдзячна,
Як карміла сытна, смачна.
У думках сваіх мілую,
За тое, што бачу, чую,
Дзякуй табе, мая мама.
Матуляй сама ўжо стала.
І душой адчула, сэрцам
Водар бэзу пад акенцам.
Стаць на ногі дала сілы.
Страты, боль не падкасілі.
Прабач за ўсе мае ўчынкі,
На твары што былі слязінкі.
Са злосці я не рабіла -
Ведай, што толькі любіла.
Ведаю, вярнуся на Зямлю
Ведаю, вярнуся зноў сюды,
На зямлю, што мяне гадавала,
Праз стагоддзі, а мо і гады,
Па якой я хадзіла, кахала.
З белым снегам, праліўным дажджом,
Рамонкам у полі жытнёвым,
Буду ранкам стаяць за акном
З цёплым сонцам, яскравым, вясновым.
Вярнуся, толькі буду другой,
Той пры дарозе сціплай ялінкай,
Ветрыкам, што лятае кругом,
І ад шчасця на твары слязінкай.
Птушачкай, на траве расою,
Свяціць у небе зорачкай срэбнай.
Невядома, якой парою.
Відаць, як Богу стане патрэбна.
Ведаю, вярнуся на зямлю,
Бо тут сэрца маё застанецца.
Цалкам любоў сваю раздзялю,
З кім, сустрэўшыся, жыць давядзецца.