Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Ірэна Сліўко 


Аўтар: Сліўко Ірэна,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Ірэна Нікадзімаўна Сліўко нарадзілася ў 1941 годзе ў вёсцы Залейкі Іўеўскага раёна. Скончыла Морынскую сярэднюю школу, Менскі фінансавы тэхнікум па спецыяльнасці "фінансіст" і Беларускі інстытут народнай гаспадаркі імя В. В. Куйбышава па спецыяльнасці "эканаміст". Працавала 7 гадоў у Астравецкім райфінаддзеле, а затым у Лідскім гарфінаддзеле на пасадах эканаміста, старшага эканаміста і начальніка бюджэтнага аддзела. Друкавалася ў "Лідскай газеце", у газетах "Астравецкая праўда", "Іўеўскі край", "Прынёманскія весткі", у калектыўных зборніках "Мой горад - гонар мой", "Ад лідскіх муроў", "Дарослыя - дзецям", у кнігах А. Каладзяжнай "Этапы жыццёвых дарог" і "Памяць - галоўны сведка". Па выніках III літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай (снежань 2018 г.) узнагароджана дыпломам II ступені і літаратурнай прэміяй.

Запаслівы браток

Малодшы брацік Петручок

Быў заўзяты грыбнічок.

Ды меў адно на мэце:

Як настане час грыбны,

Шыбуе раненька туды.

Нават ноччу мала спаў,

З цемнатою ўставаў,

Не давалі спаць бары,

Лясныя смачныя дары.


Ішоў адзін, не баючыся

Вужакі, воўка ці лісіцы,

З такім натхненнем і імпэтам -

Не перадаць вам проста гэта.

Яшчэ трэба тут адмеціць:

Яму зайздросцілі ўсе дзеці.


"Не хадзі адзін у лес,

Бо сустрэнецца мядзведзь.

Лазяць там і вепрукі,

У іх вострыя клыкі.

Не паспееш драпануць -

Цябе ўшчэнт яны парвуць.


Там жа поўзаюць гадзюкі -

Такія шэранькія злюкі.

Не дай Бог яны ўкусяць

І ў бальніцу легчы змусяць".


Толькі мама разважала:

Яе Пятро - хлапец адважны.

Толькі трэба больш паспаць,

Навошта рана так уставаць?

Хопіць часу йсці пазней -

Пасля абеду і зручней.

Менш расы і павуціння,

Хай абходзяць тыя свінні,

Што палохаюць дзяцей.


А Пятрок у страпяненні

І падумаў у задуменні:

"У лесе рана трэба быць,

Пазней няма чаго рабіць".

Дзядуля сплёў пузаты кошык,

Узяў яго ўнук для ношы.


І вось казачныя гномы -

Вабяць вочы мухаморы.

Гэта знак: тут баравік,

Самы лепшы з лепшых грыб.

Расце пад дубам і пад ёлкай,

Пад лістамі, ля абочын,

Пад ядлоўцам і пад хвойкай.

Шукай, Пеця, будзь ахвочы!


Пад бярозай і асінай

Сядзяць волаты-асілкі.

Носяць назву гэтых дрэў,

Выразай, Пятрок, хутчэй.

І ўзніклі каля сцежкі

Казлякі, рашатнікі

І лісічкі, сыраежкі,

Рыжыкі, махавікі…


Сонца трохі паднялося -

Пятрок вяртаецца дамоў.

Такі шчаслівы і ўзнёслы,

З поўным кошыкам грыбоў.


Насіў грыбы ўлетку, увосень

Па кілаграмаў сем і восем.

Бывала, два, тры разы ў дзень.

Адпачываць сядаў на пень.


І варылі, і салілі,

Насушылі і хвалілі.

Вельмі ўдалы наш Пятрок:

Ідзе з лесу, як грыбок,

Мой запаслівы браток.

Бацькоўская хата

Стаіць каля рэчкі бацькоўская хата.

Вада і цяпер там малюе кругі.

Была яна дзецьмі і шчасцем багата,

Аб нечым шапталі кусты, берагі.


Раскідзісты клён, што стаяў каля ганка,

Служыў для гулянак усёй дзетвары,

А вечарам ціха спяваў калыханку,

Каб бачылі мы каляровыя сны.


Высока на дрэве гняздо са шпакамі,

Чародка гусей выплывае з вады.

Шыбуе ля рэчкі рыбак з шчупакамі,

Смакуючы зрання рачныя дары.


Але ў дзяцінства няма ўжо звароту,

І нават рака зарастае травой.

Балюча ў душы, што няма асяродку,

Дзе дружна сяляне жылі талакой.


На ўласнай зямлі збудаваны катэджы,

Сібірскі кругляк пасяліўся на ёй.

Растуць, як грыбы, і на ўсім узбярэжжы

Рака ж і далей зарастае травой.

Па зямельцы басанож

Вось сонца ўзыходзіць,

высоўвае блеклы праменьчык.

Хутчэй сагрэць хоча

карміліцу нашу - зямлю.

Я бягу басанож

па росным шляху, нібы млечным,

Па зямельцы, якую

так шчыра, бязмежна люблю.


Герань лугавая

санліва раскрыла пялёсткі,

Бліснуў сінім колерам

сябар вясны - васілёк.

Абуджаецца дзень -

гэты свет таемна дзівосны,

У дзіцячы наш час

звон касцельны быў чутны здалёк.


Тут рэчка заззяла,

быццам зоркі ўпалі з нябёсаў.

Цуркоча крынічка,

прабіўшы свой шлях да ракі,

Каб зліцца з матуляй,

як было ёй прадпісана лёсам,

Чароўнаю песняй

будзе звязана з ёй на вякі.


Ужо стомлены статак

прылёг адпачыць на прыволлі,

Дзе бацька - наш Нёман -

сустрэўся з сваёю дачкой,

Аблокі плывуць,

я ляжу сярод кветак на ўлонні,

Удыхаю іх водар -

на сэрцы пяшчота й спакой.

Прынёманскі край

(вёска Залейкі)

Мяне вабіць мой край -

край лугоў, сенажацяў, лясоў,

Дзе хадзіла я з пугай

за статкам сялянскіх кароў.

І па роснай траве,

па балотных кустах басанож,

Дзе халодныя ногі

калечыла з болем да слёз.

Я люблю гэты край,

край балот і палеткаў, бароў,

Дзе таптала сцяжынкі

за зборам асенніх дароў,

Дзе натхняў маё сэрца

заліхвасты напеў салаўіны

І кружыў нада мной

развітальны клінок жураўліны.

Я пад'еду пад хату,

можа, убачу матулю,

З дабрынёй і спагадаю,

хоць у мроях, жывую.

Але сцежка травой зарасла,

я вярнуся ў цёмны нябыт.

І не збудзецца мара мая -

я цалую жалобны граніт.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX