Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Ірына Маркевіч 


Аўтар: Маркевіч Ірына,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Маркевіч Ірына Уладзіміраўна нарадзілася ў 1954 г. Вырасла ў вёсцы Ельня Дакудаўскага сельсавета Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і. Вучылася ў Біскупскай васьмігадовай школе (1961-1969), Дакудаўскай сярэдняй школе (1969-1971), Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце па спецыяльнасці "агранамія" (1972-1977), Беларускім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці "выкладчык біялогіі і хіміі" (1992-1996). Працавала ў калгасах Лідскага раёна спачатку паляводам, а пасля заканчэння ГСГІ - аграномам, загадчыкам участка, галоўным аграномам, сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса "Іскра", старшынёй Дакудаўскага сельскага Савета і настаўніцай біялогіі і хімііі Дакудаўскай сярэдняй школы. Зараз на заслужаным адпачынку, пенсіянерка.

Вершы пачала пісаць у 1999 годзе. Друкавалася ў "Лідскай газеце", літаратурным электронным інтэрнэт-часопісе "Русская Балтика" ў Літве, часопісе "Ад лідскіх муроў" № 8, выступала з вершамі на Лідскім радыё, на розных мерапрыемствах у Палацы культуры г. Ліды.

Беларускай мове

Па-беларуску пісаць буду.

Мовы роднай не забуду,

Бо яна мая, мая.

Песні ёй спяваю я.


Мілагучна гучаць словы:

Журавіны, лес яловы,

Хмызняк, студня ці адрынка,

Татка, цацка ці ялінка...


Я на ровары паеду

Шпарчэй у краму, на бяседу -

Усюды буду размаўляць.

Без турбот словы гучаць.


Няхай кажуць, што не модна

Па-беларуску гаварыць...

Ды ж гучыць яна лагодна -

У вяках ёй доўга жыць.


Крытыкуйце мяне, госці,

Усе заўвагі я прымаю,

А на роднай мове песні

Я даўненька ўжо спяваю.


Хай жыве мова вякамі,

З-пад нябёсаў звонам льецца,

Між жанкамі, мужыкамі,

Дзецьмі лашчыцца, смяецца.

Найлепшы спосаб пахудзець

Найлепшы спосаб пахудзець

Называецца "Менш есці".

Перадачу йдзеш глядзець -

Не трэба тазік ежы несці.


Над сабою працаваць

Часам вельмі цяжка:

Апетыт утаймаваць,

Прадумаць добра, важка.


Галоўнае - не пераядаць

Ды з-за стала падняцца,

Больш фізічна працаваць,

Ад страваў аддаляцца.


Актыўнасць, фітнэс, агарод...

Што хочаш выбірай, народ,

Абы далей ад смачных страў.

Вось бы нячысцік іх забраў.


Пра пахудзенне праз таблеткі

Даўно я чула ад суседкі,

Кітайскі "Гербалайф" купіла,

А кілаграмы не згубіла.


Набрала іх, наадварот,

Хоць зашывай ты дратвай рот,

Раз'ехалася ў бакі...

Эфект лячэння быў такі.


Рэклама прапануе шмат,

Як лечыць новы прэпарат,

Рэчываў абмен змяняе -

Не нам здароўе выпраўляе,

Сабе кішэні набівае.


Чаму ад гэткага лячэння

Мне зноўку хочацца пячэння?

Ну як тут кілаграмы скінуць,

Нянавісць да сябе адкінуць?


Вагі зашмат - гіпертэнзія,

Артроз, падагра, анемія...

Хваробаў не пералічыць.

Як бы цыроз не зарабіць.


Вы думайце, сябры мае,

Як пахудзець, паесці дзе,

Рухавасцю хваробы гнаць,

Якіх найлепей і не знаць.

Каханне

Каханне. Каханне? Каханне!

Цяжкое яго прызнанне.

У сабе яго доўга нашу,

Цярпення ў Бога прашу.


Мне вербы шэпчуць: "Кахаю",

Рамонкі варожаць: "Кахаю",

Лілеі ківаюць галоўкай,

А сказаць пра гэта няёмка.


Ты мне адзіны ў свеце,

І толькі цябе я шукаю

На нашай вялікай планеце...

Кахаю. Кахаю. Кахаю.

Зямля мая, неба, глядзіце!

Сцяжынкаю роснай у жыце

Бягу да цябе і гукаю:

"Кахаю, кахаю, кахаю".


Дзе ты? Хутчэй адгукніся,

На сцежцы маёй пакажыся -

Гэтак я доўга чакаю...

Кахаю! Кахаю! Кахаю!

Паэт і Муза

Ты сядзіш ды пішаш вершы,

І далёка ён не першы.

Волю думкам ты даеш...

Вось выходзіць вершам верш.


Муза прыйдзе ды гасцюе,

Цябе рыфмамі частуе.

Ты ёй чаю налівай,

Булку ў рукі падавай.

Покуль Муза чай пап'е,

Рыфмы, рытмы пры табе.

Іх у сшытак занатуй -

Новы твор у душы гадуй.


Хай і неба дапаможа,

Зоркі міргаюць прыгожа,

Дожджык, ветрык прылятуць -

Думкі з рыфмамі нясуць.


Успамінай быліны, казкі,

Усё запісвай без падказкі

Для дарослых і дзяцей,

Добрых, нават злых людзей.


Хай жа верш твой песняй стане,

Кліча моладзь на спатканне,

Думкі, сэрца заспакоіць

І пачуцці непакоіць.


Будзіць верш няхай каханне,

Шле камусьці прывітанне,

Заспакоіць мне душу...

Муза тут. Сяджу. Пішу.

Коцік і гарэза

Пра дзяўчынак, хлапчукоў,

Добрых, ветлівых сяброў

Можна доўга гаварыць,

Песні, казкі ім дарыць.

. . .

Коцік ціха з печы злезе,

Трэцца бокам ды хвастом,

Дзіўнай дзеўчынцы-гарэзе

Па нагах шмаруе лбом.


Просіць коцік есці, ласкі.

Ты пагладзь яго рукою,

Пакладзі крышку каўбаскі,

Рыбкі дробнай з галавою.


На талерачку малую

Лінь грамульку малака.

Ды на мордачку такую

Трапіць хай твая рука.


Рыбку з'есць каток, каўбаску,

Зліжа малако са сподка

І дзяўчынцы, нібы казку,

Замуркоча так салодка...


У гэтай песні гучыць вецер,

Мышкі ціхенька пішчаць...

Слухай. Кот пра ўсё на свеце

Хоча вам распавядаць.

Торт

Торт высокі, як падушка,

Мы з табой спяклі, дачушка.

Ён прыгожы, мяккі, свежы...

Кожны дзень такой бы ежы.


Смачна тата любіць есці.

Не паспее за стол сесці -

Дык адразу падавай

Хлеб, пірог ці каравай.


А як торт - у хаце свята.

Будзе рад не толькі тата -

Дзеці сядуць да стала,

Торт з'ядуць... і ўся хвала.

Настаўнік за ўсё ў адказе

Беларускія настаўнікі,

Ніколі не былі вы здраднікі

Ні дзецям, ні сабе і ні прадмету,

Тым больш, калі маеце мэту.


Парадак усюды наводзіце,

Думкі вучняў у лад прыводзіце,

Аб прыродзе ўсё ім раскажаце

І ведаць сябе абавяжаце.


Можаце параду даць,

Як здароўе захаваць,

Што як сеяць ды садзіць,

Ад хвароб абараніць.


Усё настаўнікі пакажуць,

Дапамогуць і раскажуць,

Дзе і як сябе паводзіць -

Гэта ж вучням не нашкодзіць.


Дзяцей вучыце даўно,

З імі ходзіце ў кіно,

На экскурсію вязеце

Ды гарбату разам п'еце.


Як салодкі стол у класе -

Зноў настаўнік у адказе.

Весяляцца дружна дзеці...

На настаўніцкай планеце

Многа шчасця, хараства -

Радуецца хай дзятва.


Калі ў класе лабатрас -

Ён бунтуе ўвесь клас

Ды нічога знаць не хоча,

А сядзіць і ўсё рагоча.


"Перасунуць" яго ў школе:

"Ну й тупіца. І даволі

Ўсім здароўе ён псуе,

Часта курыць, часам п'е".


Так і пойдзе вучань той

Па дарозе з слізгатой,

Школу скончыўшы, ад нас...

Ды ўсё ж настане час -

І ён настаўніка ўспомніць

Добрым словам (іх жа помніць).

Скажа: "Ну і дурань быў!

Я ж жыццё амаль згубіў!

Што ж не слухаў я цябе

І не думаў пра сябе?!


Я ж вучыцца добра мог бы,

І настаўнік дапамог бы

Мне ўсе думкі

ў строй паставіць.

Ведаць болей мог направіць

Я сябе... Але прайшла

Школьная даўно пара".


Пройдзе час, а з тых дзяцей

Хутка бачым мы людзей.

Учынкі зробяць яны як,

Калі вучыліся так-сяк?

"Зайчыкавы" праблемы

Казка-драма

-1-

Экалогія - навука.

Экалогія - праблема.

Гэта наша з вамі мука,

Каб жылося ўсім нядрэнна.


Хай паветра будзе чыстым,

Неба - сінім ды празрыстым,

Рэчка - з чыстаю вадою,

Лес - з грыбамі ды травою.


З кветкамі хай будзе луг,

У чыстым полі арэ плуг,

Звяры і птушкі - не турбуюцца,

У нашым лесе кватаруюцца.


Каб гулялі нашы дзеці

На чысцюткай усёй планеце...

А каб лепей было жыць,

З парадкам трэба нам дружыць.


Малавата яго ўсюды:

Выліваюць многа бруду,


Ёсць праблемы ўздоўж дарогі...

Дык не раз просяць падмогі

Людзі, птушкі і звяры

Круглы год на ўсім двары.


Вось шырокая дарога

Між палеткаў пралягла,

А машын імчыць тут многа

З гарадоў ці да сяла.


Рухавік працуе спраўна.

У ім бензін, дызель гарыць.

З выкідной трубы так слаўна

Чорны дым слупом курыць.

-2-

Зайчык, сеўшы пад кусточкам,

Задыхаўся ля дарогі.

Як жа выжыць яго дочкам?

Не ўратуюць, мусіць, ногі.


Думаў: "Траўкі пашчыпаю,

Вады з лужыны пап'ю,

Уздоўж дарогі пагайсаю -

Дзетак усіх я накармлю".


Ды не ведаў зайчык бедны,

Што ў траве той будуць яды.

Ад прысмакаў тых стаў бледны

І жыццю свайму не рады.


Плачуць дзеткі ля дарогі:

"Дзе ж наш татка? Дзе ж яда?"

Не трымаюць зайца ногі:

"Тут труцізна, не вада".


Захістаўся зайчык-тата:

"Дзеткі! Уцякайце ў лес!

Ад дарогі далей. Хату

Закапціў куродым увесь.


На траве ляжыць асадак.

У ядзе - метал, свінец.

Ну які ж гэта парадак?

Хутка будзе мне капец.


Я атруціўся навекі.

Не падняцца болей мне.

Вы скажыце чалавеку:

Хай ён помніць пра мяне".

-3-

Падаліся зайца дзеткі

Ад дарогі ў лес далей.

Толькі ж сталі яны сведкай,

Што і там ім не святлей.


Кучы смецця леглі ўсюды

Ад будоўлі ці з завода.

Нарабілі людзі бруду -

Няма зайцу ў лесе ходу.


Грузавік зноў заязджае,

І вязе ён смецця груз.

Тут не звалка! Шафёр знае,

Што Зямлі наб'е ён гуз.


Лесу стане зноў балюча.

Зайцам як ля смецця жыць?

Чалавек ніяк не хоча

З чысцінёю падружыць.


Пасядзелі зайчаняткі

Ды заплакалі так дружна:

"Няма мамкі! Няма таткі!

Нам і ў лесе жыць не можна.

Пойдзем з лесу. Там на полі

Расце шыкоўна ярына.

Мо шчаслівай будзе доля?

Вунь яда здалёк відна".

-4-

Вось і поле з ярыною,

Сакавітай лебядою.


Смачна елі зайчаняткі,

Хоць без мамкі, хоць без таткі,

А наеліся ўволю -

Спаць ляглі на ўскрайку поля.


Так сказалі: "Адаспімся.

У чысціні тут наляжымся.

Яды хапае. Падрасцём.

Вось тады на луг пяройдзем".


Але што гэта? Праз суткі

Шчасця скончаны хвілінкі:

Бачаць нашы зайчаняткі -

Едзе трактар да іх хаткі

І машына пад'язджае,

Бочку нейкую скідае.


Засмярдзелася чамусьці -

Трактар вадкасць каламуціць,

Распускае бочка "крылы"...

"Божа! Свет і тут не мілы!


Што ляціць на нас, браточкі?

Няма ж тут сястры-лісічкі,

А ўцякаць ізноў нам трэба -

Тут не з'есці больш нам хлеба".


Але... позна. Зайчаняткі

Не паспелі выйсці з хаткі,

Як іх бедныя галовы

Запаскудзіў "конь сталёвы" -

Вадкасцю запырскаў бруднай...

Стала зайчаняткам нудна,

Іх галоўкі забалелі,

Ножкі іх тут жа самлелі...

. . .

Вось так гінуць зайчаняткі,

Іхні мамкі, іхні таткі -

Няма сілы ў іх змагацца.

У чалавека ж ёсць багацце,

А прырода часта гіне

Ды пустыню нам пакіне.

Мышка

Села мышка,

З'ела кніжку

І абгрызла ўсю газету.

Што ж ты, мышка,

Мучыш кішкі,

Не вытрымваеш дыету?


Ела б бульбу, памідоры,

Сала, мяса, каўбасу...

Хлеба трошкі ў калідоры

Я табе зноў прынясу.

Не грызі ты мае рэчы,

А паеўшы - спі на печы.


Кошка Мэрсі прыйдзе ў хату,

Ціха ступіць на парог,

На печ скочыць... і багаты

З цябе будзе ёй пірог.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX