Валера Мацулевіч нарадзіўся 4 жніўня 1983 года ў Лідзе. Скончыў Наваградскі гандлёва-эканамічны тэхнікум па спецыяльнасці "Бухгалтарскі ўлік і аўдыт". Працаваў на прадпрыемствах ААТ "Лакафарба", ААТ "Лідскі завод электравырабаў". Пасля - у школе № 8. Вершы пачаў пісаць з 19 гадоў. Друкаваўся ў газетах "Лідская газета", "Прынёманскія весткі", "Гродзенская праўда", літаратурна-мастацкіх часопісах "Ад лідскіх муроў", "Нёман", "Маладосць", інтэрнэт-часопісе "Русская Балтика" Аўтар зборнікаў "Струны душы" (2011) і "Чалавек са свечкай" (2014). Песні на яго словы выконваюцца бардамі Міхаілам Карнілавым і Сержуком Чарняком. Жыве ў Лідзе. Піша вершы на беларускай і рускай мовах.
Пілігрым
Што збудзіла цябе у вандроўку ўначы?
Ці не Зорка, што радуе неба?
Будзе цёмны гушчар за табою сачыць,
Але ў Праўдзе мацнее патрэба.
Клічуць поўню ваўкі завываннем сваім,
Выпаўзаюць агідныя цені.
Ціха Зорка трымціць. І ідзе пілігрым.
Бачыць светлыя ён летуценні.
Вочы сплюшчвае сон. На нагах мазалі.
Толькі посах і Вера трымаюць.
Толькі крочыць далей. Толькі Бога маліць.
Ласку Божую мужныя маюць.
Але скончыцца шлях. І адчыніцца рай.
Знойдзеш Праўды спрадвечныя сховы.
Сапраўды будзе так! Бо я веру, мой край,
Што ты дойдзеш да ясляў Хрыстовых!
Струны душы
Днём ці дурманяць нябесныя чары,
Ці цёмнай ночкай не хочацца спаць,
Струны душы, быццам струны гітары,
Распачынаюць ціхутка гучаць.
То зазвіняць у хлапечым запале
І заліхвацкі акорд выдаюць,
То сэрца ў полымі роспачы спаляць,
Бы па-цыганску, тужліва пяюць.
То заструменяцца мудрасцю Ўсходу,
Шчыра нясуць яе ў кожны пакой,
То, атрымаць каб Святло і Свабоду,
Рвуцца палоннаю птушкай-страфой.
То завуркочуць пра сонейка захад,
Раптам расплачуцца разам з дажджом,
То, як набатам, патрапяць у нават
Самы аддалены "водшыбны" дом.
Смейся, душа, ты і ў шчасці, і ў скрусе.
Цяжка смяяцца - па-ўдоўю рыдай,
Вый, бы мяцеліца строямі круціць,
Ды зачахлёная не замаўкай.
Мне лётчык сказаў…
Мне лётчык сказаў: "Навучыся лятаць,
І ўжо не лятаць будзе цяжка".
Я ведаю: вершы пачаўшы пісаць -
Без вершаў жыцця ўжо нямашка.
Хай кажуць, што вершыкі толькі міраж,
Не варта імкнуцца высока.
Я рыфмай ўздымуся, наддаўшы фарсаж,
Туды, дзе блакіт між аблокаў.
Не важна: да неба хутчэй даляціць
Страфа ці страла самалёта -
Схавана навечна, душа там ляжыць -
Паэта душа і пілота.
Віншаванне Міхасю Мельніку
Хай сонца-шчасце днём Вам ззяе,
З нябёсаў шлюць хай прывітанне
Аблокаў-мар імклівых зграя,
Вясёлка светлая - каханне.
Хай не дадуць Вам з шляху збочыць,
Сканаць у барацьбе са злом
Надзеі месяц цёмнай ноччу
І зоркі беларускіх слоў.
Вайна
Ізноў вайна, ізноў дэсант
Сняжынак кружыць у час палёту.
Знікаюць птушкі-самалёты.
Стаіць сумёт - падбіты танк.
Здаецца, зараз затрашчаць
Салдат-марозаў аўтаматы,
Пачнуць вятры шпуляць гранаты,
Як міны, будзе лёд ляжаць.
Дарма, Зіма, вясновым днём
Франтам вы рушыць загадалі.
Параза хутка вас чакае,
А вашу армію - разгром!
Хада вайны
"Крочыў" танк жалезнаю хадою
Па зямлі прывабнай і чужой.
Застагнала дрэўца маладое,
Як святар, забіты прад імшой.
Больш не стане ўжо духмяным хлебам
Залаты, як злітак, каласок.
Больш у вочы не ўсміхнецца небам
Знішчаны пачварай васілёк.
Пройдуць тракі па ўсяму, што свята,
Перамелюць радасныя сны.
"Крочыў" танк паходкаю вар'ята,
"Крочыў" танк паходкаю Вайны.
Антыбагдановіч
Жудасны Марс узышоў над Зямлёю,
Жахі вайны за сабою прывёў.
Плямай крывавай праз бінт супакою
Жудасны Марс узышоў.
Пыльны пейзаж на Чырвонай Планеце
Ў госці, напэўна, сабраўся да нас.
Гінуць дарослыя, гінуць і дзеці -
Менш перамог, чым параз.
Жудасны Марс узышоў над Зямлёю,
Толькі Надзея б ізноў ажыла,
Сведкай Кахання калі б над журбою
Зорка Венера ўзышла.
* * *
Светлячкі набліжаюць ранак -
Гэта шчырасць у сэрцы сада,
Што патрапіў пад іх уладу,
Як пад дождж пачуцця каханак.
Светлячкі набліжаюць ранак -
Гэта зоркі ў люстэрку неба.
Людзям жыць паміж імі трэба,
Бо яны набліжаюць ранак.
* * *
Сляза застыне як бурштын,
Сляза за край, за боль Сусвету.
Ён частка сонечнага лета.
Сляза застыне як бурштын.
Не ганьбіць нават і мужчын
Сляза пякучая паэта,
Сляза за веру, лёс планеты.
Яна застыне як бурштын.
* * *
Каб кветку-папараць знайсці
Альбо шчаслівую падкову,
Якую прашаптаць замову
Альбо ў які мне бок пайсці?
Каб кветку-папараць знайсці,
Я сны ператвараю ў словы -
Вось бляск шчаслівае падковы
І сэнс адметнейшы ў жыцці.
* * *
Ад феерверкаў зорны дождж,
Што льецца ў небе навагоднім,
Хай шчасцем зробіцца
народным,
Яго наліўшы поўны коўш.
Ад феерверкаў зорны дождж,
Як мары, што апапалі з неба.
Хай шчыра прыме наша глеба
Ад феерверкаў зорны дождж.
* * *
Світанкаў царкоўны кагор,
Баладных туманаў кадзіла
І Дзевы Прачыстай убор
Мая ўвабрала Радзіма.
Світанкаў царкоўны кагор,
Баладных туманаў кадзіла
І пацеркі сініх азёр -
Усё тут і свята, і міла.
* * *
У нябёсах - белы галубок,
На зямлі іржою стала зброя.
- Адкажы,
ты праўда альбо мроя,
У нябёсах белы галубок?
- Дам, паэт, табе сваё пяро я,
Мрою з праўдай
зблізіць на радок,
Каб бялеў у небе галубок,
На зямлі іржою стала зброя.
* * *
Алтар з крывёй або з расой -
Які твайму патрэбен Богу?
Якую выбераш дарогу -
Алтар з крывёй або з расой?
Нажом - малога і старога,
Ці па траве збіраць касой?
Алтар з крывёй або з расой -
Які твайму патрэбен Богу?
* * *
Храм з бялюткіх,
як снег, аблокаў
У нябёсах будуе хтосьці,
Вежа там са слановай косці,
Дзе пачуццям і думкам лёгка.
Храм з бялюткіх,
як снег, аблокаў
Рэлігійных не мае межаў -
Добрым людзям усім належыць
Храм з бялюткіх,
як снег, аблокаў.