Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Вольга Ашмяна-Бічэль 


Аўтар: Ашмяна-Бічэль Вольга,
Дадана: 23-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Вольга Ашмяна-Бічэль нарадзілася ў 1973 годзе ў горадзе Лідзе. Скончыла Лідскае педвучылішча ў 1992 годзе, пасля вучылася ў ГрГУ імя Я. Купалы. Працавала ў Дакудаўскай сярэдняй школе настаўніцай пачатковых класаў. У Дакудаве знайшла свае каханне (мужа Бічэля Андрэя) і паэтычнае натхненне. Мама траіх дзяцей і паэтэса ў душы.

Аб бацьках

Да халоднай шыбы прытулюся,

Аканіцы абдыму рукамі,

Раптам у дзяцінстве апынуся,

Там, дзе маладыя тата з мамай.

Патрывожыць успамін баюся,

Каб не зварушыць яго слязамі.

З імі аб усіх нагаваруся,

Пра жывых і тых,

хто ўжо не з намі.

Да зямлі вам нізка пакланюся,

Лепшымі вы былі мне бацькамі.

Вамі я заўсёды ганаруся

І за вас маліцца буду ў Храме.

Ручай

Такі няўрымслівы і звонкі,

Бяжыць сцяжынкаю лясной

Паміж бяроз і лозаў тонкіх

Сустрэцца з матухнай-ракой.

Блішчыць на сонцы, срэбравокі,

Віншуе радасна з вясной:

"Уставайце, хопіць, абібокі,

Драмаць такою цеплынёй!"

І на праталінцы шырокай,

Любуючыся чысцінёй,

У ручай заглядваюцца звонкі

Пралескі купкай трапяткой.

Лёс

Чорнай хмарай аксамітнай

Нада мной крумкач лятае,

Хоча выдзяўбаць мне вочы,

Пер'ем сонца засланяе.

Каб не бачыла святла я,

Ноччу - зорак зіхацення,

Ён сваёй жалезнай дзюбай

Рве душу ў захапленні.

О, мой жорсткі лёс жыццёвы,

Богам мне наканаваны.

Не душы пятлёй шаўковай,

Не закуй мяне у кайданы.

Цяжка жыць мне ў нядолі,

І ніхто не дапаможа…

Чорным крумкачом лятае

Лёс бязлітасны, астрожны.

Па матывах легенды…

Нізкі вершаў, гукі песень,

Нібы пацеркі караляў,

Аб загубленай нявесце

Запар год сямсот луналі.

Неабвенчанай дзяўчынкай

З непакрытай галавою,

У сціплай, беленькай сукенцы

Ты зышла ў нябыт, з ракою.

-Ліда, Ліда, - клікаў бацька

У дачушчыным пакоі.

- Як цябе ўвекаваці

Ў маім скрушным неспакоі?

І даведаліся людзі,

Толькі сонейка заззяла,

Што іх горад Лідай будзе,

А Лідзейкай рэчка стала.

Праз гады змялела рэчка,

Войны замак зруйнавалі,

Толькі людзі імя Ліды

На вякі ўшанавалі.

Восень

Самотна, ціха ў вышыні,

Ні гука, ні вясёлых спеваў…

У вырай птушкі паляцелі,

Свой край пакінулі яны.


Вароны ходзяць па раллі,

Трывожаць на зіму пасевы…

На дрэвах жоўтыя лісты

Не ўсе яшчэ на дол зляцелі.


Мароз шчыруе на зямлі -

Трава бялюткая на ранні…

І хоць няма яшчэ зімы,

Чуваць сцюдзёнае дыханне.


У садзе яблычак вісіць,

Сабой напамінае лета…

І, яркай чырванню адзета,

Каліна горкая стаіць

.

Цямнее рана, дождж пайшоў,

Асенняй непагадзі скруха…

Хутчэй бы ўжо прыйшла зіма

І закруціла завіруха.

Вера

У маёй бессмяротнай душы ,

Што калісьці падорана Богам,

Вера полымем свечкі гарыць,

Ззяннем зоркі над родным парогам.


Мне ў спадчыну дзеды далі

Праваслаўя святло ў дапамогу.

І за дзень, што жыву на зямлі,

Я павінна падзякаваць Богу!


Дзякуй, Божа, табе за бацькоў

І з бабуліных вуснаў малітву,

Што ў сабе захавала любоў

Да людзей, шчыра, сэрцам адкрытым!


Я ўдзячна, што вера мая

Навучыла цярпець і скарацца,

Не зайздросціць, не кпіць, не ілгаць,

І хоць цяжка - заўсёды ўсміхацца.


А пакуль я жыву на зямлі

І кручуся ў жыцця карагодзе,

Мне анёл дорыць крылы свае,

Каб лягчэй мне было ў дарозе.

Натхненне

Натхненне ... Што гэта за птушка?

Адкуль прыходзіць да мяне?

І думка шаўкавістай стужкай

Падыдзе, за душу кране…


І затрымціць трывожна ў сэрцы:

"Каб не забыць хаця б радок",

І верш нагрэмзаць на паперцы,

Дзе там шукаць які лісток?


А, як бывае, да паўночы

Лятуць, лятуць тыя радкі,

Ажно заплюшчыш моцна вочы,

І бачыш цэлыя слупкі.


Натхненне… Ці ляцець за птушкай?

Ці вершы новыя складаць?

Няхай яно ільецца стужкай,

А мне - пісаць, пісаць, пісаць!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX