Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Жанна Сянкевіч 


Аўтар: Сянкевіч Жанна,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Жанна Сянкевіч нарадзілася 12 сакавіка 1972 года. Скончыла сярэднюю школу № 4 з музычным ухілам. Пазней атрымала спецыяльнасць лабаранта хіміка-бактэрыялагічнага аналізу. 26 гадоў адпрацавала на Лідскім малочна-кансервавым камбінаце. На працягу 15 год з'яўлялася салісткай народнага ансамбля польскай песні "Крэсавяцы". Замужам, мае дзвюх дачок.

Вершы піша вельмі даўно. Гэта і любоўная лірыка, і вершы пра прыроду, і філасофскія разважанні.

Бацькоўскі куток

Іду дарогай камяністай.

Старых дубоў рукой крануся.

І ў сэрцы нешта адгукнецца,

Нібыта ў казцы апынуся.


Бацькоўская старая хата.

На дрэве бусел дом вартуе.

Гады зязюля варажбуе.

І пахне мятаю багата.


А з шчылін усіх,

як дзед старэнькі,

Глядзіць з прыжмурачкаю мох.

Той вобраз, любы майму сэрцу,

Агонь гадоў спаліць не змог.


Пах хлеба, што пякла матуля.

Дзяцінства смак і шчасця пах.

І бацькі сціплая ўсмешка,

Пяшчота ў стомленых руках.


Назад дарогай камяністай

Іду і раптам азірнуся.

Куток, так любы майму сэрцу,

Душой я да цябе імкнуся.

* * *

Каля доміка Таўлая

Стаю ў задуменні,

І душу маю кранае

Кожнае імгненне.


Тут каменні векавыя

Водар дзіўны маюць,

Нібы духі незямныя,

Мне душу кранаюць.


Тут жыве Таўлая слова,

Нібы птах крылаты,

І крынічкай льецца мова

З паэтычнай хаты.


Слова простае, жывое,

Што ад сэрца льецца.

Яно роднае, святое -

Матчыным завецца.


Хвалі возера - як мары,

Да мяне імкнуцца,

Нават у дзень самотны, шэры

У душы смяюцца.


Каля доміка Таўлая

Стаю ў задуменні.

Замак, як асілак мужны,

Шле свае праменні.


Я паэт з душою тонкай.

Яна ніццю ўецца.

Каля доміка Таўлая

Салаўём пяецца.

Ранішняе

Задуменна гляджу ў люстэрка.

Паліто і з усмешкаю твар.

Бачу вобраз свой нібы з паверха.

Колер вуснаў як вогненны шар.


Ты, аблічча маё, азірніся,

Скінь з плячэй злых прадажнікаў пыл,

Упрыгожваць і ўражваць імкніся

І прымі шыр распраўленых крыл.


Плёны лёсу свайго рассмакую,

Распачну жыццё спевам пяюхі,

Ранкам лёгка, як птушка, узляту я.

Удалечу адыдуць усе скрухі.

* * *

Мой любы горад, ты мой чараўнік,

А я вандроўнік па жыцці зацяты.

Іду, як знахар, паміж цёмных крыг.

Мой крок, мой шлях як сцяг у душы ўзняты.


Ліхтарык шчасця на далоні льсніць

І ўсіх навокал любасцю кранае.

Здзіўляе замка веліч, прыгажосць,

А вежы воблакі крыллём чапляюць.


Мой горад старажытны, ты мой скарб,

Ты ветразь, што душу маю хінае.

Кахаю я цябе, бо ты натхняльнік мой.

Твой вобраз я ў сэрцы захаваю.

* * *

Вітае ў цемры водгалас кахання.

Намаляваў яго захоплены мастак.

Я адчуваю пах твайго дыхання

І казачнасць усмешкі, шчасця знак.


Прыгожы, зорны вобраз мне твой сніцца.

Пералічу пацёркі светлых дзён.

На ўсё жыццё баюся я спазніцца.

Ты маё шчасце або мой праклён.

* * *

Хачу быць чыстым шклом - шклом, праз якое Бог

Падорыць свет зямлі і людзям.

Няхай на ім не будзе брудных плям

І болю, і крыві на ім не будзе.


Няхай яго абмые летні дождж,

А зранку промень сонца пацалуе,

А ўзімку белай фарбаю мароз

Свае ўзоры шчодра намалюе.


Няхай пры ім прытуліць галаву

Матуля, што стамілася з дарогі,

Забудзецца ўся яе туга,

Адыдуць прэч усе яе трывогі.


І ты, каханы, мілы, любы мой,

Убачыш у ім сваё адлюстраванне,

І сэрца так заб'ецца ў цябе,

Калі пачуеш ты маё прызнанне.


А малае дзіця ўбачыць у ім

Усмешку любае матулі,

Якая яму песню праспяе:

"Спі, любы мой, ужо зорачкі паснулі…"


Хачу быць чыстым шклом, каб праз мяне

Свет лепшы стаў на дробную грачынку,

Каб хтосьці ўсміхнуўся хоць у сне

І не спаліў дарма жыцця свайго лучынку

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX