Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Святлана Курловіч 


Аўтар: Курловіч Святлана,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Святлана Курловіч нарадзілася ў лютым 1986 года ў Лідзе. Да 1996 года жыла з бацькамі ў Пінску, дзе яны працавалі пасля вучобы ў Беларускай сельгасакадэміі. У Лідзе Святлана скончыла сярэднюю школу № 15, а затым Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут (факультэт "Міжнародныя адносіны"). Атрымала спецыяльнасць "рэферэнт-перакладчык англійскай і французскай моў".

Замужам, жыве ў Маскве, працуе ў Цэнтральным апараце фонду сацыяльнага страхавання па сацыяльна-курортным лячэнні на пасадзе галоўнага спецыяліста. Вершы пачала пісаць у школе. Сумесна са Смарагдам Сліўко друкавалася ў зборніку "От сердца к сердцу", у калектыўным зборніку "Ад лідскіх муроў", у газетах "Лідская газета" і "Принеманские вести".

Цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, гадуе сына.

* * *

Дзяўчынка з парасонам

Па вуліцы ідзе.

Дожджык барабаніць,

Дзяўчынка ўсё пяе.


"Тата - мой,

Мама - мая.

Дожджык - мой

І ўся мая зямля".


Маленькая дзяўчынка

Па вуліцы ідзе.

Сонейка бліскае

І ласкава пяе.


Хмаркі серабрыстыя

Стаіліся ў барах.

А іскры прамяністыя

На тваіх губах.

"Тата - твой.

Мама - твая.

Дожджык - твой,

А іскарка - мая".


Маленькая дзяўчынка

Спяшаецца дамоў.

Думае і думае:

"А хто ўсё ж такі мой?


Дожджык з парасонам,

Хмарка ў барах,

Сонейка ці іскарка

На маіх губах?


Тата - мой,

Мама - мая.

Дожджык - мой

І ўся мая зямля".


А дзядуля і бабуся

Кажуць ёй на вушка:

- Супакойся ты, ладуся,

І запомні, унучка:


Тата - твой,

Мама - твая.

Дожджык - наш

І ўся наша зямля.

* * *

Усё тужлівей неяк стала,

У шэрасць пахілілася.

Можа, гэта толькі стома

Ці я з дарогі збілася?


Мяне ахоплівае стынь,

А можа, я даўно другая.

Не разумею жыцця плынь,

Ці думак ніць маіх тугая?

Здаецца мне, я выжываю.

Што мне наступны дзень нясе?

Я сэрцам блізка ўсё ўспрымаю.

Што так узрушыла мяне?


Чаму павінна адрачыся

Ад тых, хто так патрэбен мне?

Нашто хаваць свае пачуцці

І жыць у бескаляровым сне?

* * *

Ты адчуй горкі смак маіх слёз -

Тваё сэрца адразу адтане.

Ты ўяві: хачу выткаць свой лёс,

А маўчанне тваё мяне раніць.


Ты адчуй горкі смак маіх губ,

І твае затрасуцца павекі.

Разламі гэты выкляты зруб -

Той сцяны,

што паўстала навекі.


Ты адчуй усю горыч тугі.

Што пілуе мяне, як пілою.

І няхай табе сэрца баліць,

Што ты чуць

не расстаўся са мною.

* * *

Прабач… За што?

Няма патрэбы.

Бо праўда сказана ўсур'ёз.

Я не з табой, а там, дзе трэба,

Пайшла без страху і без слёз.


Дарогі ўжо назад не будзе.

Вада знясе апошні след.

Давай не будзем

больш марудзіць

І затуманьваць Божы свет.

Сон

Мне сніўся сон… Ішла адна,

Па цёмных закавулках страху.

Там ні дзвярэй, ніводнага акна,

А толькі стогны, крыкі, ахі.


Крычаць і бегчы не змагла.

Усюды цені, шэпты, рокат.

Паўсюдна чорная імгла -

Штораз ірваўся дзікі рогат.


Я ўся здранцвела напавал,

І з крыкам я адкрыла вочы.

А гэта навальніцы шквал.

Кажу сабе: "Спакойнай ночы".

Дабро

Слёзы ад шчасця - вядома, цудоўна.

Уявіць, што патрэбны таму, каго ты жадаў.

Жыццё перастане больш быць бессэнсоўным,

І хочацца бачыць, хто гэта прыдбаў.


Паплакаць ад шчасця - несарамліва,

І пад сонцам у хмурныя дні паляжаць.

Каб нават зайздроснікам сталася крыва,

Што горыч нуды не змагла нас зламаць.


І трэба пастукаць у дзверы, дзе крыўда,

І толькі цяпла ад душы пажадаць.

Хоць у тым жа Нью-Ёрку ці ў горадзе Лідзе

Па-новаму жыць і з дабра пачынаць.

Я мацней

Усё больш звужаюцца белыя сцены.

Трывожна трапечацца свет уначы,

У моры даўно не вада - толькі пена,

Ля шчасця дарогі сядзяць крумкачы.

І думкі дурныя палошчуць мой розум.

Зрываецца ў бездань мой роспачны крык.

Сцяжынкі ад слёзаў ніяк не прасохнуць,

І дожджык сціхае, ды толькі на міг.


А вецер на даху смяецца над лёсам,

Кідае, шпурляе, і бавіцца з ім.

І стрэлы маланак ляцяць аж з нябёсаў.

Ён вельмі давольны падступствам сваім.


Ну не! Я мацней за багоў і багіняў.

У мне, як у фокусе, зоркавы дождж.

І розум, і сэрца маё не астынуць,

Пакуль не змахну я ад радасці слёз.

Рэальнасць

Мігценне зор, адкрыты космас,

Няма там праўды і ілжы…

Там дабрыня, знайсці бы компас,

Каб даляцець да той мяжы.


Няма законаў прыцяжэння,

Няма адказаў для мяне.

Так і жыву без спасціжэння,

Што недзе ісціна мільгне.


І ўсё ж лячу ў той свет-загадку,

Пабыць бы там хоць пяць мінут.

І не магу знайсці адгадку,

Вядома ж, што рэальнасць - тут.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX