Алесь Мацулевіч. Нарадзіўся 19 студзеня 1981 года ў Лідзе. Скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча, Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна (філалагічны факультэт). Працуе ў рэдакцыі "Лідскай газеты". Вершы друкаваліся на старонках "Лідскай газеты", у літаратурна-мастацкім часопісе "Верасень", у калектыўных зборніках. У 2015 годзе выйшла яго першая кніга паэзіі "Леў і ключы", у 2019 годзе - другая кніга паэзіі "Горад-карабель". З чэрвеня 2019 года - кіраўнік літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".
Замак адраджаецца
У памяць аб першым суботніку па добраўпарадкаванні тэрыторыі Лідскага замка ў жніўні 2004 года.
Ціха (хіба што вятры
іншы раз свісталі)
замак зарастаў знутры
дрэвамі-кустамі.
Вецер, перастань свістаць -
паглядзі за "дзверы":
сёння - стукаюць-вішчаць
пілы ды сякеры!
Пагранічнікі, лясгас,
моладзь тут працуюць -
помнік даўніны для нас
ад кустоў ратуюць.
Разнясіце вы, вятры,
радасна навіны:
адраджаецца знутры
замак Гедыміна!
Фінальны бой
Напісана пад уражаннямі ад рыцарскага турніру "Меч Лідскага замка-2013"
Рыцары строй развіналі.
Біся на мячах! Пацей!
У камандным у фінале
б'юцца тыя, хто мацней.
"Белы тур" з мячоў рагамі -
гэта ваяры Літвы.
І рукамі, і нагамі,
і мячом б'яцеся вы!
"Нюрнбергцы" мячамі джаляць-
жоўта-чорныя "чмялі".
Адхіліўся ад мяча ледзь!
Ледзь мячамі не змялі!
Б'юцца пешыя "швейцарцы"
з клуба-"горада" "Люцэрн".
Хочаш з імі ты звязацца?
Атрымаеш па руцэ!
Бой - фінальны бой - між намі.
Біся на мячах! Пацей!
У камандным у фінале
пераможа, хто мацней!
Хатка дзеда Міхася
Памяці бешанкаўскага ўмельца Міхаіла Рышкевіча прысвячаецца
Быццам бы музей рамёстваў
хатка дзеда Міхася -
ёй любуемся ўсёй вёскай,
толькі вочы зіхацяць.
З столі да падлог дашчатых
майстра хатку аглядзім -
тут, ад лыжачкі да шафы,
рэчы, зробленыя ім.
Як ствараць шэдэўры - скеміць.
Створыць - вочы весяляць!
З дрэва змайстраваў Рышкевіч
рамы, мэблю і… сялян.
Жнец, ганчар, касец з касою,
паляўнічы ды рыбак…
І газетнай паласою
не пералічыць ніяк!
Ад паленца да вяскоўца
ўсе яны прайшлі працэс.
Можа гаварыць бясконца
дзед пра гэты люд пра ўвесь.
Будзе палкаю палена.
Шчэпка ж - будучы алень.
Дзед не аднаго аленя
з шчэпак зробіць ад пален!
І надыдзе дзень, гадзіна -
і, задраўшы носа сук,
бешанкаўскі Бураціна
з-пад ягоных выйдзе рук!
Купалле
Гэй! Гуляйце аж да ранніх
пеўняў, аж пакуль не ўпалі!
На народныя гулянні
запрашае ўсіх Купалле!
Горка - дзеткам, а дарослым -
сцэна сватання Алёнкі.
Музыка да цудаў розных -
льюць мелодыі калонкі.
Вадзянік, лясун, русалкі,
і пачвары, і Яга…
Та-а-ак, ступала на Купаллі
многіх тут істот нага!
Хто пад месячным
пад ззяннем?
На Купалінку хтось - зірк.
Назірай супрацьстаянне
цёмных сіл і светлых сіл.
Кветку-папараць шукаюць.
Карагод кругом кастра.
На ваду вянкі пускаюць…
Назірай, паэт, мастак!
Намалюй, мастак, Купалле.
Апішы яго, паэт.
Цёплы, як касцёр, што паляць,
атрымаецца партрэт.
Школа на каньках
Юным хакеістам і канькабежцам Першамайскай СШ прысвячаецца
У нашай школы моцныя
хакейныя традыцыі -
таму ў дзянькі марозныя
мы шайбы з клюшкай рыцары.
Гульні, катанню на каньках
нас трэнер навучае.
Урок на роўнядзі катка
нам не надакучае.
Спацелая, успененая
ад бегу ад такога,
тут на каньках упэўнена
трымаецца ўся школа.
Зімой спяшаемся на лёд,
як скончыцца вучоба.
(Зіму без снегу наш народ
страчае засмучона.)
Буфетам, музыкай, святлом
каток нас сустракае.
На лёдзе вечар правядзём
(традыцыя такая).
Для нас, каманды маладой
раённай лідскай "лігі",
удзел у "Шайбе залатой" -
крок у хакей вялікі.
Мы - смелая, адчайная
каманда хакеістаў,
дружына першамайская
раённай "лігі" лідскай.
Маржы
Любяць пакупацца ўзімку
члены "Белага мядзведзя" -
у палонцы (ванна ім тут!)
плюхаюцца, нібы дзеці.
Морж на возеры ў нядзелю,
ходзіць басанож па лёдзе.
Тут дае здароўе целу
"ванна" - плаванне ў палонцы.
Морж разагравае мышцы,
абцірае цела снегам -
прэч бягуць хваробы-мышы:
гоняць іх маржы са смехам.
У палонцы той не ёкаць
сэрцу: звыкла ўжо табе там.
Ва ўсім целе -
свежасць, лёгкасць
і ніякіх дыябетаў!
Любяць пакупацца ўзімку
члены "Белага мядзведзя".
У палонку - на хвілінку.
Свежасці - гадзін на 200!
Пчаляры
Напісана пад уражаннем ад раённага злёту пчаляроў Лідчыны.
Пчаляры закрываюць сезон:
п'юць шампанскае,
тушаць дымар -
і бакалаў разносіцца звон.
За пчалярства келіх падымай!
Пчаляры адкрываюць свой злёт
у пагодны кастрычніцкі дзень.
Тут - чарэшні, трускалкі і мёд.
Дэгустацыя мёду ідзе.
Пчаляры раскрываюць сябе,
як даведнікі для пчаляра.
Іхні ззаду сезон - і цяпер
яго вынік падводзіць пара.
Пчаляры накрываюць на стол,
размаўляюць, ядуць за сталом,
грамаў п'юць
за пчалярства па сто
і за мёд, што здабыты пчалой.
На беразе ракі
І плач, чытач, і смейся,
бо краявід такі:
адпачывае… смецце
на беразе ракі.
На лавачку прысела…
бляшанка ад кансерваў.
У марах лунае…
бутэлька шкляная.
Сонцу падстаўляе цельца…
пластыкавая бутэлька.
Загарэў, як турак,
на рацэ… акурак.
Ля рачулкі ў спёку…
тэтрапак ад соку.
Ад спякоты валачыцца…
упаковачка ад чыпсаў.
Апранулася па-летняму…
упакоўка цыгарэтная
У лёгенькіх сукенках…
абгорткі ад цукерак.
Выснова тут такая
з усёй карцінкі гэтай:
ля рэчкі не хапае…
вялі-і-ізнага пакета!
Сувальская
У 20-30-я гады XX стагоддзя па вуліцы Сувальскай (цяпер Савецкая) у Лідзе, па прыблізных падліках, размяшчалася больш за 150 прадпрыемстваў гандлю і паслуг.
Гасцініцы, кінатэатры
ды шчыльныя шэрагі крам…
Я горад, на крамы багаты,
у вершы паказваю вам.
***
Ад завода Шапіраў да замка
працягнуўся
адрэзак Сувальскай.
Гэта вуліца - нібы лідзянка
з торбай розных
пакупак грувасткай.
***
Пачастуй цукерачкай,
блізкая "Амерыка"!
Хоча піць спякотай Янка -
піва дасць яму "Лідзянка".
Сяду за свабодны столік,
павячэраю ў "Брыстолі".
Не прайсці ля магазіна,
дзе духмяная вяндліна.
Тут для вас, пакупнікі,
кілбаса ды кумпякі.
Лідскае высока вельмі
на выставах цэніцца -
золата прывезла з Вільні
каўбаса Радзевіча.
***
Завушніцы і падвескі
робіць ювелір Гавенскі.
Каб пахучым стаў ураз ты,
ёсць адэкалон у "Астры".
Пальчык ад марозу стыне?
Ёсць пальчатачкі ў "Галіне".
"Дзе ўзяць радыё, парайце". -
"Ёсць яно ў "Электрарадзе"".
Пакамечанае ўраз
выгладзіць электрапрас.
Ляжаць радамі шчыльнымі
ліхтарыкі, лічыльнікі.
Я ў Крыгеля з Жыжомскім
прыдбаў прыёмнік "Філіпс".
Прачнуўся ранкам дом з ім,
з-пад коўдры кожны вылез.
***
Каму зубоў здароўе дорага,
звяртаецца да стаматолага.
Чытаць - карысна і пачэсна.
Гандлюе кніжкай Пугачэўскі.
І дарослыя, і дзеці
тоўпяцца ў бібліятэцы.
Выдае Іосіф Альбірт
"Лідскія навіны".
Нас газета гэта вабіць.
Шмат у ёй знайшлі мы.
Уключайце раненька
радыё Шчапанека!
У кіно, нібыта ў сон,
пагружае "Эдысон".
***
Гасцініцы, кінатэатры
ды шчыльныя шэрагі крам…
На плёнцы Сувальскай,
як кадры,
будынкі паказваю вам.
Прыезд пана Дамбавецкага ў Бердаўку
У канцы XIX-пачатку XX стагоддзя маёнткам Бердаўка Лідскага павета валодаў Аляксандр Дамбавецкі, вядомая на той час асоба ў царскай Расіі, пэўны час быў магілёўскім губернатарам, членам Сената.
Зноў з мяшочкам, а не з мехам
ледзянцоў, салодкіх надта,
пан у Бердаўку прыехаў,
магілёўскі губернатар.
Выкраіў пан вольны час
у маёнтку пабываць.
Бердаўскія дзеткі танчаць,
каб ласункі атрымаць.
Дамбавецкі ім бадзёра
кажа: "Брава! Малайцы!"
Для маленькіх для танцораў
ёсць у пана ледзянцы.
Дзякуюць малыя пану,
смокчуць пеўнікаў цукровых.
Позіркам на дзетак глянуў
ён пяшчотным - не суровым.
Як апошнюю цукерку
сунула дзіцятка ў рот,
заглянуў пан у цагельню,
заглянуў на спіртзавод.
Бачыць ён, што працы вір тут
не спыняе віраваць -
цешаць пана рэчкі спірту,
што ў цагляных берагах.
Пражская друкарня
Да 500-годдзя з часу выдання Ф. Скарынам Бібліі ў Празе
Няпроста надта - выдаць кнігу:
патрэбны значныя выдаткі,
патрэбна, каб расла паціху
гара з манетак мецэнацкіх.
Станкі, папера - дарагія.
Шрыфты не танныя ды фарбы.
Хто грошы выдзеліць такія,
каб са станком
першадрукар быў?
Скарыну мецэнаты Онкаў,
Астрожскі, Бабіч падтрымалі -
і вось, старонку за старонкай,
ствараюць Біблію ў друкарні.
У Празе Біблію друкуюць,
ды не на канфесійнай мове,
не традыцыйную - другую
ствараюць тут для вас, панове.
На беларускай - той, якую
люд паспаліты разумее, -
у Празе Біблію друкуюць
для ўсіх вас, хто чытаць умее.
Пайшлі на пражскую друкарню
нядарма значныя выдаткі,
бо ў кніг гару ператвараюць
гару з манетак мецэнацкіх.
Шынель на піках
Памяці начальніка паўстання 1794 г. Тадэвуша Касцюшкі 10 кастрычніка 1794 г., пасля паражэння паўстанцаў у бітве пад Мацяёвіцамі, Касцюшка быў узяты ў палон.
Касцюшка церпіць паражэнне -
задралі ферзенцы насы.
Паўстанцы гінуць пад ружэйны -
для рускіх пераможны - зык…
Казак пытае: "Ты - Касцюшка?"
Касцюшка шэпча: "Так. Вады…" -
ды думае: "Вады б кадушку -
і смагу праганю тады…"
Кладуць Касцюшку на фурманку.
Фурманку трэсці пачало.
"Пад вухам дошка ў колер маку
афарбаваная - чаго?"
Бо галава аб дошку б'ецца.
Казак: "І вораг - чалавек.
На шынялі на мяккім месца
і тулаву, і галаве"…
На шынялі ляжыць палонны.
Шынель - на піках казакоў.
У небе, восеньскім, халодным,
крык жураўліных касякоў.
Крык жораваў - аб паражэнні -
нібыта душ палеглых крык,
што вылецелі пад ружэйны -
для рускіх пераможны - зык.