Сяргей Чыгрын нарадзіўся 24 верасня 1958 года ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна. Скончыў тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча і філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Жыве ў Слоніме, працуе загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра.
Выдаў зборнікі паэзіі "Шчырая Шчара" (1993), "Горад без цябе" (1999), "Лірыка" (2007), "Камень Міндоўга" (2009), кнігі гісторыка-краязнаўчых і літаратурных артыкулаў "Янка Купала і Слонімшчына" (1993), "Родам са Слонімшчыны" (2003), "Пакліканыя на родны парог" (2005), "Чамяры і чамяроўцы" (2006), "У пошуках слонімскіх скарбаў" (2007), "Беларуская Беласточчына" (2008), "З беластоцкай зямлі" (2008), "Тэатр у Слоніме" (2008), "Мастак Антон Карніцкі" (2009), "Жыў роднай песняй" (2010), "Альбярцін" (2011), "Такі іх лёс" (2012), "Па слядах Купалы і Коласа" (2012), "Слонімскія падмуркі" (2012), "Сярод сваіх людзей" (2012), "Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны" (2013), "Слонімскі буквар" (2013), "Легенды і паданні Слонімшчыны" (2013) "Іншых шляхоў не было" (2013), "Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках" (2014), "Хочацца дахаты" (2014), "Слонім і ваколіца" (2014) "Шляхамі Беласточчыны" (2015), "Мора Віктара Шведа" (2015), "На радзіме Ігната Дварчаніна" (2016), "Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны" (разам з Сяргеем Яршом, 2016), "Гістарычная мазаіка Слонімшчыны" (2019) і іншыя.
Уклаў і выдаў у Беластоку літаратурную спадчыну С. Грынкевіча, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўшчыка ("Вяртанне да сваіх", 1999), а таксама гістарычныя нарысы Міколы Шкялёнка ("Беларусь і суседзі", 2003). Сабраў і выдаў літаратурную спадчыну Сяргея Хмары "Рабінавы хмель" (2009), Леаніда Трубача "Паміж песняй і болем" (2010), Юрыя Весялкоўскага "Я веру" (2009), кнігу артыкулаў "Музей у Гудзевічах" Алеся Белакоза (2012) і інш .
Літаратурныя пародыі на паэтаў Лідчыны
Ровар і бровар
Ад карчмы да бровара
Еду я на ровары…
Станіслаў Суднік.
Вунь на польскім ровары -
Пазнаю здаля:
Едзе Стась да бровара -
Аж плыве зямля.
Травы разбягаюцца
У бакі ад ровара,
Мухі разлятаюцца -
Едзе Стась да бровара.
Слоік на багажніку
Скача і трасецца.
Хочацца так бражкі -
Аж шчыміць ля сэрца…
Вып'е ён са слоіка
Смакаты ля бровара…
І засне пад столікам,
І… забудзе ровара.
Ганарар за верш
Я ноч не спаў,
Вам верш складаў,
І галава цяпер баліць:
З ганарарам што рабіць?
Уладзімір Бурак.
Я ўсю ночку верш складаў,
Пасля ў раёнку твор даслаў,
Рэдактар глянуў, прачытаў
І мне нічога не сказаў.
Раёнку я ўвесь год купляў,
Ды верша там не сустракаў,
У сяброў пытаўся,
як мне быць -
Без вершаў
мне няпроста жыць.
Сябры казалі: брат, пішы,
Пра ўсё, што маеш на душы,
І дасылай іх у раёнку,
Бо там без вершаў мала толку…
І я пісаў і дасылаў,
Ды іх ніхто не друкаваў…
Вы прад паэтам не грашыце,
Хоць ганарар мне заплаціце.
Пунктуацыя эгацэнтрычнасці
Шматкроп'е не стаўце Вы,
клічнікі,
Хай Ваша разважлівасць гэтая
Спрыяе эгацэнтрычнасці.
Алена Сіманчык.
Ты зайшоў да мяне
з пытальнікам,
Не пастукаўся нават у дзверы.
І застаў мяне
ў новым купальніку
Над аркушам чыстай паперы.
На мяне паглядзеў ты
клічнікам,
Я ад позірку кропкаю стала,
Бо цябе да сябе я не клікала,
Бо цябе да сябе не чакала я.
Ты хадзіў па пакоі працяжнікам,
Часам коскаю супыняўся.
Як успомню -
становіцца цяжка,
Як успомню - прыемна кахаўся:
То ў купальнік рукою залазіў,
То пяшчоціў мае калені…
Ты шматкроп'ем мяне абразіў
І двукроп'ем забраў натхненне.
Аграном
Сядзіць варона на суку, кажа:
"Кар-р-р…
Ці даўно на гэтым полі быў
гаспадар?
Зарасла ўжо пожня лесам,
бур'яном,
А калі ж сюды загляне
аграном?.."
Ірына Маркевіч.
Варона каркае над полем:
Калі ж прыедзе аграном?
І я прыехала сягоння,
Дзе зарасло ўсё бур'яном.
Чакала суткі агранома,
Каб паказаць яму палі.
Мяне ўзяла пад вечар стома,
І я заснула на зямлі.
Варона каркала у небе,
А агранома не было.
І сніўся мне кавалак хлеба,
Вароны чорнае крыло.
Я так да раніцы праспала -
Ляжала цяжка на баку.
І агранома я чакала
З варонай чорнай на суку.
Ды аграном усё не ехаў,
Што стала сумна мне самой…
А вецер пах з хлявоў даносіў,
Скуль аграном выкідваў гной.
Вершы для дрэў
Гэты дуб можа нас перажыць:
Мае вершы і вашыя мары…
Алесь Стадуб.
Я для дрэў у вёсцы першы
Напісаў вязанку вершаў.
Глог паслухаў шматгадовы
Ў рыфму складзеныя словы.
З ранку выпіў трохі хершы -
Я чытаў бярозам вершы.
Ясень слухаў, і асіна,
І каліна, і рабіна,
Ціха доўгая сасна
Вершы слухала адна.
Граб паклікаў нават клёна -
Вершы слухалі натхнёна.
Толькі сумная вярба
Мне сказала: ўсё - журба.
Ды прачнуўся стары дуб,
Пахваліў: пішы, Стадуб!
Ты і я
Ты - мая сцяжынка…
Ты - агню іскрынка…
Я - Алесь, я - Хітрун…
Алесь Хітрун.
Ты - Алесь, а я - Хітрун,
Ты - спіна, а я - бізун,
Ты - паветра, я - дзівак,
Ты - маркота, я - вахлак,
Ты - пакута, я - сцяна,
Ты - маланка, я - вайна,
Ты - бязмежжа, я - града,
Ты - пілюля, я - вада,
Ты - калодзеж, я - шкілет,
Ты - настрой, а я - партрэт,
Ты - хвароба, я - нуда,
Ты - імгненне, я - бяда…
І куды цяпер мне дзецца,
Як табою б'ецца сэрца?