Папярэдняя старонка: ПЕРАКЛАДЫ

Даніэль Камінскі 


Аўтар: Камінскі Даніэль,
Дадана: 28-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




На смерць Нарбута, камандзіра аддзела ў Лідскім павеце

Быў той дзень страшны на Юр'я святога,

Набегла масквы, як сабак, гэтак многа.

Дзень быў дажджлівы, душа ў неспакоі,

На сэрцы прадчуцце нядолі ліхое.


- Нам, брацці, - Нарбут сказаў, -

даюць вестку з Ліды,

Што зноўку ідуць самаеды-агіды.

І хоць сцеражэ кожнай рэчкі нас бераг,

Котры з Дзітвой і стральцоў нашых шэраг.


І хоць Базылевіча клятва, з Дубіч селяніна,

Нам як быццам бы прыкрывае спіну,

Аднак мне на сэрцы так нудна, так важка,

Што хвілю мне тую разважыць за цяжка.


Як бы прадчуваю кепскую прыгоду,

Бо вораг тысячу дае на ўзнагароду,

Хто б мяне даставіў ці мёртвым, ці жывым,

І не так мне страшна ўжо дастацца ім,


Каб жа лёс Айчыны мяне больш не трывожыў,

Каб страх мне за брацці трывог тых не множыў,

Бо над смерцю даўно я з пацехай смяюся

І толькі подлае здрады пакуль што баюся.


Таварышам сэрцы ён так саграваў,

А вораг-блюзнерца ўжо здраду снаваў,

Бо Базылевіч не вытрымаў біцця,

За жыцце сваё аддаў Нарбута жыцце.

Балотам паўзе Цімафеева рота

Следам за Юдам Іскарыётам.

Ідуць па таемных, няведамых гацях,

Каб знянацку заспеці Нарбута з браццяй.


Базылевіч адзін ведаў там тыя ходы,

Ды дух слабаваты меў ад прыроды.

Як бліснуў царскі рубель яму прад вачыма,

І ўжо няважнаю стала Айчына.


За тысячу царскіх рублёў

Ён праз балоты правёў маскалёў.

Тут Нарбут гаворыць: "Ну, досыць казання,

Нас вораг вышукваць не перастане.


І недзе ж, напэўна, ён ужо блізка,

Крадзецца вужакам сцяжынкаю слізкай".

Падняўся ён мужна з браццяю многай,

А куля як свісне і трапіла ў ногу.


Кідаюцца хлопцы яго ратаваць,

А кулі ляцяць і іх даставаць.

Хто камандзіра накрыў сваім целам,

Тога самога душа адляцела.


Марна загадваў, яго каб пакінуць,

Чым здрадзіць, то лепш ім пагінуць.

- Мне ўжо нічога не дапаможа,

Дзеля Айчыны баронь жа вас Божа.


Да слоў тых глухія, хоць самі тут гінуць,

Ды камандзіра не хочуць пакінуць.

Тут звер дзікі і той праявіў бы жаль.

Звер праявіў бы, але ж не маскаль.


З халоднай крывёй па той кучцы стралялі

І Нарбута з хлопцамі там дабівалі.

І покуль да рэчкі данеслі, навекі

Нарбут самкнуў свае ўжо павекі.


Роспач і лютасць спавіла тут брацці,

Кожны з іх помстай за Нарбута плаціць.

Як хацелі набрацца багатых вы лупаў,

Так стосам ля Дубіч наклалі вы трупаў.


Ды сёння за здраду, няроўныя сілы -

Дванаццаць паўстанцаў жыццём заплацілі.

У Дубічы целы праз багну цягалі,

Дзе на падворку пяць дзён праляжалі.


А потым тры дні шчэ ляжалі ў стадоле,

І кожны з анёльскай усмешкай на чоле.


Шчэ па той смерці ў народу гушчы,

З галоваў влоссе ад гора ірвалі,

А недзе ў блізюткай, у Дубіцкай пушчы

Дрэвы панура вяршыні схілялі.


Так лёг з Нарбутам Ёдка тут баявіты,

Пакемпіновіч, Краінскі, славай пакрыты,

Губарэвіч Стэфан і Бразоўскія браты,

Жукоўскі, што ў мужнасці быў, як святы.


Браты два ягоныя ў раньшых бітвах ляглі,

А сёння над ім мы схілілі сцягі.

Лёг Клімантовіч, Тарашкевіч з Ліды,

Спраўны Янкоўскі, як рыцар з Энеіды...


Напісана ў маёнтку Сапунцы

Радуньскай парафіі Лідскага павета. 1863 г.

Пераклаў Станіслаў Суднік у Лідзе ў 2018 г.

З Уладзіслава Сыракомлі

* * *

Там Нёман, як вуж мудры, уецца без слоў

Зялёнай смугою палёў і лугоў,

Там рэзка ўразаецца ён у пануры бор

Або ў нетры гор.

Там, атачоны алешнікам ці вярбой,

Шлях старасвецкі працягвае свой.

Там гвалтоўна новай дарогі шукае,

Ложа сваё разрывае.

Або, спаткаўшы камень на сваёй дарозе,

Б'ецца грудзямі і пеніць з пагрозай,

Або на пяску, як злосць праміне,

Мякка прысне.

На берагах яго - то крыж з вечнай тугой,

То маленькай каплічкі спакой.

Ці ціхая вёска, дварок ледзь вядомы

З дахам з саломы.

А на гары з назваю дзіўнай

Замка ўспамін у руіне старыннай,

Дзе ў вечным кургане спяць пасля бою

Рыцары, нашых паданняў героі.

Пераклад Станіслава Судніка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX