Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Уладзімір Васько 


Аўтар: Васько Уладзімір,
Дадана: 22-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Ідзі, мой міленькі!

Апавяданне

Трэці тыдзень дзьме паўночна-ўсходні калючы вецер. Людзі ўціскаюць шыі ў каўняры, апускаюць вушы ў зімовых шапках, труць пальцамі шчокі, бараду, каб не прымарозіць. Не лёгка лебедзям на лідскіх азёрах. Яны то хаваюць пад крылы ногі, то галаву, то лятаюць каб сагрэцца.

Самае вялікае штучнае возера, насупраць дома паляўнічага, зімою замярзае цалкам і водаплаўныя птушкі ў гэтую пару сюды не залятаюць. Тут толькі сядзяць на сваіх куфэрках, над лункамі рыба-ловы і цікуюць за паклёўкай. А вось тры астатнія вадаёмы суцэльным лёдам нават і ў самыя вялікія маразы не пакрываюцца. На іх вялізнымі плямамі застаецца чыстая блакітная гладзь.

Лебедзі і дзікія качкі найбольш тут і атабарваюцца, па-рознаму тусуюцца, між сабой, часам пералятаюць з аднаго месца на другое. Найбольш спяшаюцца туды, дзе іх людзі падкормліваюць хлебам ці булачкамі. А падкормліваюць іх амаль паўсюдна, толькі ў розны час і рознымі порцыямі. Адзін чалавек прынясе цэлы батон і ўвесь пакрышыць птушкам, другі кіне на ваду зачарсцвелы, сухі кавалак хлеба, які пакуль не размокне, ні лебедзям, ні качкам не па зубах.

Ніна Лагун прыходзіць да птушак два разы ў дзень - раніцай і падвечар. Перад гэтым яна заглядвае ў магазін, купляе свежы батон і накіроўваецца да перадапошняга вадаёма па цячэнні Лідзейкі, на яго левы бераг, які парос чаротам і альшыной. Сюды менш за ўсё дабіраюцца лідзяне, бо мясціна тут не ажыўленая, глухаватая. Але чатыры лебедзі - два белыя і два шэрыя, бацькі і дзеці, аблюбавалі гэты вадаём і на іншыя адсюль не пералятаюць. А не так даўно да іх прыбіўся пяты лебедзь, таксама белы, аднак напалавіну меншы за іх і, мабыць, хваравіты, бо нейкі вялы і маларухомы.

Чатыры веліканы не прымаюць яго да сваёй кампаніі, адганяюць прэч, як толькі той наблізіцца. Найбольш ненавідзіць яго самы грозны і магутны лебедзь, з доўгай, тоўстай шыяй і вялізнай галавой. Ён здалёк пазнае намер малога прыбіцца да іх чародкі і, размахваючы крыламі, настырна бяжыць па вадзе, каб з разгону ўзняць у паветра сваё грузнае цела і зверху напасці на няўклюду. Аднак той знайшоў для сябе добры паратунак: ён, хоць і не вельмі жвава, узкарабкваецца на прыбярэжны лёд і спяшаецца схавацца ў чароце. А велікан баіцца лёду, бо аднойчы ён, прызямляючыся ў гэтым месцы, паслізнуўся, упаў і моцна пабіўся. Малы разгадаў ягоную слабасць і карыстаецца ёю.

Ніна Лагун прыкмеціла варожыя адносіны велікана да безабароннай птушкі і ўсю сваю ласку перанясла на пакрыўджанага лёсам лебедзя. Яна пераходзіць цераз мост, з насыпу апускаецца ўніз і між алешын і пасохлых чароцін па снезе крочыць берагам туды, дзе плавае адшчапенец. Наблізіўшыся, яна ціха кліча:

- Ідзі, мой добранькі, ідзі, мой міленькі, ідзі, ідзі, ідзі …

І той вылазіць з вады і, не спяшаючыся, асцярожна кіруе па лёдзі, да свае карміцелькі. Спярша ён баяўся падыходзіць блізка і Ніна Лагун кідала яму невялічкія кавалкі батона здалёк. Ён ахвотна падбіраў іх адзін за другім, імгненна праглынаў і спакваля ўсё набліжаўся да жанчыны. А неўзабаве і зусім пасмялеў і пачаў нават браць спажыву з яе рук. Ніна ласкава ўсміхаецца, падбадзёрвае:

- Добранькі мой, маленькі, частуйся, падрастай, каб дагнаў вунь тых вялікіх птушак, што крыўдзяць цябе.

Ён нібы разумеў сэнс слоў карміцелькі, па-птушынаму даверліва заглядваў ёй у вочы, ківаў галавой. Чалавек і птушка шчыра пасябравалі. Але вось аднойчы з раніцы ўсчалася моцная магнітная бура - і жанчыну ўраз апанавала слабасць, пацяжэла тулава, млявымі сталі рукі, ногі. Яна пайшла ў паліклініку, і ўрач паставіў дыягназ - арытмія сэрца. Накіравалі ў бальніцу. Хвалюючыся, збіраючыся з дому дарогу, Ніна сказала мужу:

- Не пакідай малога лебедзя ў бядзе. Падкормлівай яго. Ён плавае вунь там, на перадапошнім возеры, за павароткай.

- Толькі гэтага мне яшчэ не хапала! - агрызнуўся муж. - Даглядаць нейкага дохлага лебедзя?.. Выжыве! Чорт яго не возьме!

- Чэрствая ў цябе душа, Валера, - прамовіла Ніна. - Не толькі пра мяне, нават пра нявінную птушку не паклапоцішся.

- Не засмечвай мазгі!

Неўзабаве муж адчыніў дзверы і выйшаў з кватэры. Жонка абрадавалася яго адсутнасці, дастала з шафы сто тысяч рублёў і пакіравала да суседкі па пляцоўцы. Не было часу доўга размаўляць, і яна адразу пачала:

- Валя, я даглядаю кволага лебедзя на возеры, але зараз кладуся ў бальніцу і баюся, каб з ім чаго дрэннага не сталася. Ці не магла б ты за гэты час падкормліваць? Вось табе і грошы для пакупкі батонаў.

Ніна расказала, дзе плавае малы лебедзь, як туды дабрацца.

- Ну, добра. Для мяне гэта не цяжка, - адказала Валя. - Толькі ж ты, глядзі, папраўляйся там.

Хвароба не вельмі паддавалася лячэнню, марудна адступала. Жанчыны ў палаце, звяртаючыся да Ніны, казалі:

- Чаго гэта ў цябе пастаянная заклапочанасць на твары, нейкае перажыванне? Здарылася што-небудзь?

- Вы таксама не вельмі часта смеяцеся, - пажартавала яна.

Выпісалі Ніну толькі праз месяц. Па дарозе дадому яна заглянула ў прадуктовы магазін, купіла два батоны - адзін для сябе, другі для птушкі. На лесвічнай пляцоўцы сустрэла суседку.

- Ну што, Валя, як там мой лебедзь?

- Падрос, акрыяў. Усе птушкі пераляцелі ўжо на вялікае возера. Ён - таксама. Прыйшла ж вясна!

Ніна паставіла дома сумку ў спальні, не дастаючы з яе адзення, паклала на кухонным століку батон, другі з пакетам захапіла з сабой. Яна спяшалася на сустрэчу з малым лебедзем.

Здалёк убачыла, як птушкі тусуюцца на сярэдзіне возера. Пахілілася на гарадскі пляж, дзе на сонцы грэецца жоўценькі пясочак і стаяць разнакаляровыя грыбкі. На беразе напружыла зрок, каб распазнаць у чародцы свайго гадаванца, ды дарэмна: ён стаў аднолькавым з усімі птушкамі. І лебедзь не пазнаў сваю былую карміцельку.

Тады Ніна, не гледзячы на тое, што побач праходжваліся жанчыны і мужчыны з малымі дзяцьмі, пачала клікаць:

- Ідзі, мой міленькі, ідзі, мой добранькі, ідзі, ідзі, ідзі!..

І адзін з лебядзяў нібы ўздрыгануўся, вышэй прыўзняў галаву, тут жа адлучыўся ад чародкі і, рамантычна пагойдваючыся на бліскучых хвалях, адліваючы белым апярэннем на сонцы, настырна плыў да берага, на якім стаяла Ніна Лагун …

… Ён пазнаў яе па голасе.

Балэбка

Апавяданне

Балэбка са сваёй жонкай Тафіляй жывуць у дзевяціпавярховым доме, на восьмым паверсе, у аднапакаёвай кватэры і ўтрымліваюць двух сабак. Кожны дзень ранкам і падвечар па чарзе яны выводзяць сваіх гадаванцаў на выгул.

З восьмага паверха ўніз Балэбка звычайна едзе з сабакамі ў ліфце, а Тафіля зводзіць іх па лесвіцы. Усім абрыдлі яны ў пад'ездзе.

Аднойчы ў ліфт ўвайшоў мясцовы трэнер па боксе з малым дзіцем на руках. Сабакі, якія знаходзіліся тут, паднялі брэх, а меншы, Бэдзя, увогуле дамагаўся ўкусіць трэнера за лытку. Як не прыціскаў яго Балэбка нагою ў куток, нічога не атрымлівалася: малы шчэрыў зубы, свірапеў, палохаў дзіця, якое расплакалася і тулілася да бацькі.

- Яшчэ раз будзеш ехаць з сабакамі ў ліфце - размажу па сцяне, - прыгразіў трэнер.

- Ліфт агульны для ўсіх, - запярэчыў Балэбка.

- Адпраўлю ў агульную магілу.

- Падбіраў бы хоць лепшыя словы. Пасаромеўся б пажылога чалавека.

- Заткні пашчу!

Большы, аблавухі Нэгус, спакойна сядзеў у кутку, дапытліва пазіраючы то на Балэбку, то на трэнера. Ён адчуваў, што паміж імі дзеецца штосьці нядобрае і гатовы быў у любую хвіліну кінуцца на дапамогу свайму гаспадару.

Неўзабаве дзверы ліфта адчыніліся - і ўсе выйшлі ў калідор, пасля - на вуліцу. Сабакі, удыхнуўшы свежае паветра, у парыве нацягнулі павадкі. Бэдзя паводзіў сябе неспакойна, брахаў на мінакоў, кідаўся з боку ў бок, нерваваўся, а Нэгус раўнамерна бег побач.

У Балэбкі і Тафілі розныя методыкі выгулу сваіх гадаванцаў. Балэбка звычайна трымае два павадкі ў адной, правай руцэ, а сабакі бягуць збоч; ён спяшаецца за імі, пабліскваючы на сонцы двума меднымі дроцікамі, якімі счапіў падэшву з наском туфля на правай назе. Тафіля ж, наадварот, у адной руцэ трымае павадок ад Бэдзі, у другой - ад Нэгуса, сама, перавальваючыся з нагі на нагу, як адкормленая хатняя качка, ідзе пасярэдзіне.

Як толькі гаспадары прамінаюць інтэрнат тэхнічнага каледжа, адразу адвязваюць павадкі ад нашыйнікаў і адпускаюць чацвераногіх сяброў на волю. Тут для іх адмысловая раскоша - шырокая лугавіна, парослая дзе-нідзе старою альхою, побач цячэ рачулка Віхлянка. Бегай, гуляй, падскоквай, шукай у траве якую-небудзь спажыву - ніхто не перашкаджае. Балэбка і Тафіля не ведалі б ніякіх турбот і трывог, калі б не адна акалічнасць: уздоўж Віхлянкі пралягае ўсыпаная дробным шлакам і добра ўтрамбаваная дарожка, па якой людзі з паўночна-усходняга мікрараёна, каб спрасціць шлях і не ісці праз горад, шыбуюць на рынак. Па гэтай дарожцы, адпачываючы, таксама часта прагульваюцца пенсіянеры, маці з малымі дзяцьмі ў калясках - і для іх балэбкавыя сабакі, як костка ў горле. Вечна яны нападаюць, брэшуць, кідаюцца да ног, псуюць настрой. Аблавухі, непаваротлівы, лянівы Нэгус асаблівага энтузіязму не праяўляе: пару разоў гаўкне, ашчэрыцца, пасля прысядзе паблізу ў траве і маўчыць. А вось Бэдзя суправаджае брэхам пешахода аж да інтэрната, пакуль чалавек не схаваецца за будынкам.

Мужчыны абурана, часам са злосцю у такіх выпадках крычаць:

- Убяры сабак, падонак!

- Убяры сабак, шлюха!

Гаспадары ж усё роўна не шукаюць іншага месца выгулу хатніх жывёл, пастаянна імкнуцца сюды і заўсёды адшчапляюць павадкі ад нашыйнікаў. Умоўны рэфлекс выпрацаваўся ці што?..

Праўда, на гэты раз нарваліся на сур'ёзны супраціў. Малады хлопец, з выгляду сціплы, прыгожы, спакойна крочыў уздоўж Віхлянкі - і тут яго апанавалі сабакі. Флегматычны Нэгус адвязаўся хутка, а звяглівы Бэдзя суправаджаў доўга і ўсё наравіў цапнуць маладзёна за калошыну. Той пачаў шукаць выйсце і ўбачыў пры скрыні для смецця бліз інтэрната палавіну чырвонай цагліны, падняў яе і з усяго размаху грукнуў у лоб нападальніку. Сабака адразу ўпаў на бок, задрыгаў нагамі, заплюшчыў вочы. Здалёк убачыў жахлівую сцэну Балэбка і подбегам паспяшаўся туды паглядзець, што там здарылася, чаму не варушыцца Бэдзя.

Хлопец таксама паскорыў крок і неўзабаве ўліўся ў вулічны людскі натоўп. Балэбка ўвішна корпаўся каля сабакі, спадзеючыся яго ажывіць, паставіць на ногі, але Бэдзя і не варухнуўся - цагліна, мусіць, праламала яму чэрап, і малы зласлівец заснуў вечным сном.

- Усё, - выдыхнуў Балэбка, - няма Бэдзі. Ой, якое мне гора!

Ён прыйшоў дадому і пра ўсё распавёў Тафілі.

- Дурны Пракоп носам у г… гоп! - вылаялася тая. - Чаму ты не абараніў Бэдзю?

- Дурная Вушатка! - агрызнуўся Пракоп. - З цябе і чалавека няма і добрай гаспадыні: то бліны недапечаныя, паўсырыя падаеш на стол, то спаліш іх на чорнае. Як я мог абараніць, калі гэта адбывалася далёка ад мяне. Трахнуў цаглінаў у галаву, а сам уцёк. Паспрабуй дагані.

Пры выкрыку мужам зняважлівых слоў жонка, дзявочае прозвішча якой было Вушатка, звычайна абсядала і моўчкі праглынала знявагу.

Ачомаўшыся, Тафіля параіла:

- Напішы ў міліцыю. І цяпер. Не адкладвай.

- Канешне, напішу. Такога сабаку забіў…

Пракоп вырваў з вучнёўскага сшытка ліст паперы, узяў аўтаручку і пачаў пісаць: "Спадар начальнік міліцыі, нейкі злачынец забіў майго сабаку Бэдзю. Яго і Нэгуса я вывеў на выгул на бераг Віхлянкі. Гэты хлопец праходзіў збоч, падняў цэглу і трахнуў ёю Бэдзю прама ў галаву. Сабака тут жа сканаў. Нэгус застаўся жыць. Прашу знайсці забойцу і сурова яго пакараць. Сабакі - сэнс майго жыцця".

Пракоп рашыў параіцца наконт тэксту з жонкай і зачытаў ліст Тафілі. Яна ўхваліла допіс і дабавіла:

- Напішы адрас і чысло.

- Я напішу на канверце.

- Канверт згубяць і не будуць ведаць, дзе цябе шукаць.

Пракоп вялікімі літарамі вывеў адрас, чысло, месяц і год, сваё прозвішча, запакаваў пісьмо ў канверт, аднёс на пошту. "Ну, цяпер яны не выкруцяцца, - думаў Балэбка, ідучы дадому, - вымушаны будуць шукаць забойцу, даць мне адказ, што з ім зрабілі, як пакаралі".

… Праз тыдзень у кватэру завітаў капітан міліцыі. Спачатку ён гаварыў па-добраму, з цікавасцю распытваў пра здарэнне, пра Бэдзю, пасля міліцыянер зрабіў строгі выгляд і зычным голасам прамовіў:

- Вы вінаватыя ва ўсім! Навошта адчапілі ад нашыйнікаў павадкі? Хто вам дазволіў выгульваць сабак у зоне адпачынку?

Балэбка абмяк.

- Хлопец не вінаваты, - працягваў міліцыянер, - ён абараняўся. Сабака першым распачаў канфлікт і амаль не разарваў маладзёну порткі. Дзвесце метраў суправаджаў яго брэхам, наравіў укусіць, а вы нават не памкнуліся адклікаць назад гэтага самага, як вы кажаце, Бэдзю.

- Я адклікаў…

- Няпраўда, абманваеце. За тое, што выгульвалі сабак без павадкоў, дзве базавыя велічыні штрафу і дзве базавыя за тое, што водзіце іх у зону адпачынку. Мы апытвалі мінакоў на дарожцы і знайшлі таго хлопца. Усе ў адзін голас заяўлялі, што вашы сабакі ўсім нервы псуюць. І, увогуле, вы распаўсюджваеце сабакаманію ў горадзе.

Пракоп адчуў, што ўлез не ў сваё.

- Я табе казала не пішы, - аклікнулася з канапы Тафіля. - Знайшоў з кім звязвацца.

Міліцыянер строга глянуў на яе і працягваў:

- Панашывалі чырвоных, зялёных камізэлек на сабак. Зараз ватоўкі будзеце адзяваць, ежу будзеце ім класці ў кішэні. Я прайшоў адзін раз ад цэнтральнага ўніверсама да аўтавакзала і не сустрэў ні адной маці з каляскай. Затое ўбачыў процьму сабак. Дык, што выходзіць сабакі выцясняюць у горадзе дзяцей? Сабакаманія набірае абароты? Запаскудзілі ўсе газоны каля тратуараў. Дворнікі не паспяваюць адмываць граблі, мяняць венікі.

Пракоп з Тафіляй сцішыліся, не пярэчылі, чакалі, пакуль службовец не выплюсне на іх усю злосць.

- На гэтым тыдні каб заплацілі штраф, - закругліўся міліцыянер, паклаў на стол нейкую паперыну і пакіраваўся да выхаду, плаўна зачыніў за сабою дзверы.

- Дастукаліся, - з жалем прамовіла Тафіля.

- Дык ты ж мяне падбіла на пісаніну, - папракнуў жонку Пракоп. - Цяпер давай дзве базавыя велічыні са свае пенсіі і дзве адшчаплю я. Трэба ж разлічвацца, а інакш забяруць грошы ў прымусовым парадку.

… Застаўшыся без Бэдзі, Нэгус па начах сумаваў, тужліва скуголіў, скавытаў, не даваў спаць жыльцам пад'езда. Абураныя, яны настырна грукалі кулакамі ў дзверы, моцна выкрыквалі:

- Закрый сабаку пашчу!!!

Знерваваны Балэбка не ведаў, як быць, што рабіць, пасля пайшоў на крайнасць: раніцай удосталь накарміў Нэгуса мясам, ласкава пагладзіў яго па галаве, выпусціў без павадка і нашыйніка на двор, а сам вярнуўся ў сваю кватэру.

Нэгус, уволю нагуляўшыся ў мікрараёне, прагаладаўшыся, падбягаў да пад'езда, заядла драпаў лапамі дзверы, скуголіў, але ніхто яму не адчыняў, а калі хто і выходзіў з калідора, адганяў бедалагу прэч.

Балэбка з Тафіляю ад перажывання замкнуліся ў кватэры, з тыдзень не паказваліся на людзі, не з'яўляліся на вуліцы - і на аднаго бадзячага сабаку ў горадзе стала больш.

2017 г.

Знявераны

Апавяданне

Галіна Бібіч раней гандлявала ў прадуктовым магазіне, які размешчаны непадалёку ад аўтавакзала. Тут заўсёды кішэлі пакупнікі. Адны ехалі ў вёску да старых бацькоў і стараліся набыць для іх хлеба, каўбасы, сыру ці яшчэ чаго з прадуктаў. Іншыя імкнуліся прыхапіць што-небудзь з прысмакаў, каб перакусіць у дарозе. Людзі звычайна спяшаліся, баяліся спазніцца на рэйсавы аўтобус, і ніколі не лічылі рэшту, не бралі адрыўных чэкаў. А Галіна на гэтым спекулявала - і за месяц для яе, акрамя зарплаты, набягаў неблагі навар.

Аднак, такая прыхамаць цягнулася не доўга. Аднойчы яна аблічыла старога пенсіянера: на чэку, які ўкінула ў яго карзінку, кошт прадуктаў выбіла правільна, а плаціць за іх сказала на тры рублі больш. "От, стары, сляпы, глухі, - падумала яна, - што ён там убачыць на тым чэку. А мажліва і зусім не будзе браць яго, пакіне ў карзіне, як гэта робяць многія пакупнікі". Але нарвалася не на таго. Ветэран дастаў з кішэні акуляры і зверыў узятую з яго суму з тою, якая была выбіта на чэку, - яна рознілася. Стары падняў шум і пайшоў да дырэктара магазіна, пра ўсё расказаў і рэзка заявіў:

- Калі вы не звольніце яе з работы, я пайду да раённай улады.

Той расхваляваўся, пабаяўся за сваю скуру: паабяцаў, што разбярэцца, а праз некаторы час звольніў Бібіч з працы.

На першых парах Галіна расстроілася, упала ў роспач, аднак неўзабаве ўзяла сябе ў рукі. Дастала з шафы пук грошай, палічыла і прыкінула, што іх дастаткова для таго, каб устанавіць гандлёвы ларок на шматлюдным аўтобусным прыпынку, дзе заробак будзе не горшы. Яна крута ўзялася за справу і хацела падключыць да прадпрымальніцтва свайго мужа Віталя Цыбульку. Але той наадрэз адмовіўся:

- Круціся ў гэтым смецці адна. У мяне не ляжыць душа да гандлю. Ён нават праціўны мне.

Галіна са спрытам кошкі накінулася на Цыбульку і вострымі кіпцюрамі пракалола на яго твары чатыры чырвоныя каснікі ад вачэй да барады. Кроў, як бярозавы сок вясною, шпарка пацякла ўніз, закапала на падлогу. Другі б мужчына на яго месцы даў бы ёй кулаком у сківіцу, а Віталь спакойна пайшоў у ванную, змыў кроў з твару і прыпёк раны адэкалонам.

Галіна і раней пры канфліктных сітуацыях не раз баразніла шчокі Цыбульку, а ён яе ніколі не чапаў. Мужчыны з пад'езда на двары кпілі над ім: - От адлупіў бы ты калі яе, як жывёліну, кінула б свае звычкі.

А ён адказваў:

- Нельга. Гэта супрацьпаказана, Богам забаронена біць жанчыну.

Ну, а яна і карысталася яго безабароннасцю. Праўда іншы раз ён папракаў яе:

- Не дарэмна ў цябе такое прозвішча - Бібіч. Раздзялі па складах і атрымаецца: бі, біч. А яна з гэтага толькі смяялася.

Галіна і Віталь былі зусім розныя людзі. Яна ўсё жыццё клапацілася аб матэрыяльным нажытку, аб грашах, а ён найбольш дбаў аб сваім духоўным куфэрку. З-за гэтага найчасцей паміж імі і ўзнікалі сваркі.

У апошні час, калі Галіна паставіла ларок на аўтобусным прыпынку, супярэчнасці паміж жонкай і мужам набылі больш крутыя абароты. Віталю нічога не заставалася, як уцякаць ад яе чым далей. Ён на ровары пачаў ездзіць па вёсках з намерам купіць дзе-небудзь хоць якую занядбаную хаціну, абы не жыць пад адным дахам з Бібічыхаю.

У Гарнях, каля крамы, мужчыны не абрадавалі Цыбульку:

- У нас, калі хто і будзе прадаваць свой дом, то мала не запросіць. Сам ведаеш, блізка ад горада. А гледзячы па тваёй вопратцы і старым ровары, у цябе вялікіх грошай няма.

- Мне, каб за якую тысячу долараў…

- Жартуеш, брат. А за дваццаць не хочаш?

- Ды вы што?!

- Во табе і што. А ты думаў…

Цыбулька апусціў галаву і задумаўся.

- Ну, а ў Даліне? Там, можа, танней прададуць?

- Тое самае, калі яшчэ не даражэй. Даліна ж амаль злучаецца з Лідай. Шукай дзе-небудзь далей ад горада.

І Цыбулька на сваім драндулеце паехаў аж у Цецяракі - за дзесяць кіламетраў ад Ліды. Як толькі ён уехаў у вёску, у пачатку вуліцы сустрэў толькі аднаго маленькага дохлага сабачку, які з-за густой поўсці вакол вачэй мала што бачыў перад сабою і не брахаў на праезджага. Пуставалі і двары.

Цыбулька злез з ровара і, не спяшаючыся, прыглядваючыся да хатаў, крочыў далей. На сярэдзіне вёскі ён убачыў дзвюх жанчын, якія стаялі бліз веснічкаў і аб нечым гаманілі. Цыбулька наблізіўся да іх, прывітаўся і запытаў:

- Можа хто ў вас, прынамсі, прадае хату?

Жанчыны пераглянуліся, нібы што ўспамінаючы, прыгледзеліся да незнаёмца.

- Табе дарагую ці танную?

- Мне каб чым найтанней, на аднаго чалавека.

- Навошта табе ўвогуле купляць? - загаварыла старэйшая. - Вунь за крамай, цераз адзін дом, стаіць нічыйная хатка. У ёй жыў стары бабыль, але ён ужо даўно памёр, а нашчадкаў і сваякоў у яго ніякіх няма. Хатка пустуе, ідзі і жыві.

- Клаўдзя, а давай мы яго падвядзём туды і пакажам гэтую хатку, - прапанавала маладзейшая.

Траіх, па-вясковаму гучна размаўляючы, яны пакрочылі ў згаданым кірунку. Як толькі наблізіліся да бабылёвай хаткі, Цыбулька адразу прыкмеціў, што яна занадта занядбаная: падгнілі аканіцы, шашаль нарабіў дзюрак у сценах, якія пасівелі ад часу, на дзвярах не вісеў замок.

У сярэдзіне таксама было не лепш: па кутках шарэла павуцінне, пажаўцела столь, аблезлі ад пабелкі сцены, на падлозе віднеліся брудныя адбіткі ад слядоў мужчынскіх ботаў. Не рай, канешне, аднак Цыбулька гатовы быў жыць хоць у сабачай будзе, абы не разам з Галінай.

З размовы Віталь даведаўся, што маладзейшую зваць Каця.

- Сюды вясковыя п'яніцы, - прамовіла яна, - прыходзяць выпіваць. Для іх тут забягалаўка. Добра, што і крама блізка. Зручна і ніхто іх не праганяе адсюль.

- А жонкі?

- Не чапаюць. Махнулі рукамі.

- Але мужыкі і да мяне будуць чапіцца, каб выпіваў разам з імі. А я не люблю піць і не ўмею.

- Навучаць …

- Дымам смярдзіць надта, - прамовіў Цыбулька.

- Бо ўчора былі і накурылі.

Клаўдзя пацікавілася:

- Вы, мусіць, бацюшкам працавалі? Барада такая, як ў бацюшкі і прычоска.

- Не, я толькі спяваю ў царкоўным хоры. А раней кіраваў народным ансамблем песні і танцу на абутковай фабрыцы.

- Ой, як добра! - усхвалявана прамовіла Каця. - Каб вы нас навучылі спяваць святыя песні.

- З вялікай ахвотай, - адказаў Цыбулька, - абы ў вас на гэта было жаданне.

- Жаданне ёсць.

- Тады ўсё наладзім.

Падвечар Цыбулька паехаў у Ліду. Новых клопатаў у яго назбіралася шмат. Галіне ж пра знаходку жытла нічога не сказаў: баяўся, што падніме вэрхал. Пакуль заснуў, усё думаў пра Цецярукі, пра тых дзвюх жанчын, якія нарадзілі яму пасяліцца ў бабылёвай хатцы.

А раніцою, як толькі жонка пайшла ў свой ларок, Цыбулька ўзяўся за справу: купіў навясны замок, новыя пасцельныя прыналежнасці, сёе-тое з прадуктаў. Усё ўпакаваў у шырокія цалафанавыя мяшкі, узгрувасціў на ровар і паехаў у Цецярукі.

Ехаць было не вельмі зручна, і Цыбулька злез з ровара і павёў яго ў руках. У дарозе ён акідваў позіркам прыгожыя сельскія пейзажы, недалёкі лес, хутары пры ім. Надвор'е стаяла ціхае, яснае, на небе толькі дзе-нідзе трымаліся белыя, пёрыстыя аблачынкі. Прыпякала. Хацелася як мага хутчэй дабрацца да Цецярукоў, але з грузам не паспяшыш.

… Як здзівіўся Цыбулька, калі ўбачыў на сваім падворку ажыўленую мітусню жанчын. Яны мылі, адшароўвалі лавы, стол, слончык, ложка, абразы. Ад радасці ён хацеў заплакаць: якую прыхільнасць да яго лёсу праявілі вяскоўцы!

- Наводзім парадак, - прамовіла Каця.

- Я сёння і сам хацеў гэтым заняцца.

- Мы зробім не горш за цябе. Патрэбна, каб да ўсяго прыклалася жаночая рука.

Цыбулька, задаволены, прытуліў да сцяны ровар і сам ўключыўся ў работу: цягаў з суседняга калодзежа ваду, апалоскваў стол, лавы. Пасля ўсе разам пабялілі ў хатцы столь, сцены. Падлогу вымылі ў апошнюю чаргу.

Пад цёплым ветрыкам і ласкаючым сонцам на падворку бабылёвае багацце хутка высахла - і ўсё пазаносілі ў сярэдзіну. На абразы навесілі прыгожы, з вышыўкамі саматканы ручнік, на вокны цюль, на ложка паклалі новы цюфяк, які навасёл прывёз з горада. Падушку адзелі ў белую, свежую навалачку. Агледзеліся жанчыны з Цыбулькам вакол сябе і здзівіліся: хатка засвяцілася, як святліца. І твары ў людзей пахарашэлі, сталі ўсцешанымі. Здатна лілася размова і нікому не хацелася разыходзіцца.

- Калі будзем рэпеціравацца? - запытала Каця.

- Прыходзьце хоць заўтра, падвечар.

- Ой, як добра!

А вечарам таго ж дня пад свежы пах пабелкі ў хатку ўварваліся тры мужчыны. Яны ўжо ад некага даведаліся, што тут пасяліўся новы чалавек і захацелі з ім пазнаёміцца, уцягнуць у сваю кампанію.

- Прыйшлі павіншаваць цябе з наваселлем, - прамовіў самы малы з іх Вінцуська.

- Ды я не ведаю ці доўга тут затрымаюся. Як падкажа жыццё.

- У нас людзі добрыя, не пакрыўдзяць. Пабудзеш - нікуды не захочацца ад'язджаць.

- Пабачым…

Мужчыны паставілі на стол тры бутэлькі "чарніла", паклалі некалькі кавалачкаў хлеба, булачку. Разлілі па шклянках віно і звярнуліся да Цыбулькі:

- За тваё наваселле.

- Я не п'ю, - адказаў ён.

- Ну за знаёмства. Нельга ж у такім выпадку адмаўляцца.

- Мне ўрачы забаранілі.

- Прыгубі хоць кроплю за кампанію. Не слухай ты гэтых урачоў. Яны ўсім забараняюць. А самі п'юць.

Цыбулька, крывячыся, з напарстак выпіў. Неўзабаве мужчыны захмялелі і распачалі гарачыя спрэчкі, але не пра палітыку і пра рост цэн, а пра вясковых сабак і коней. Вінцуська даказваў, што самы злосны сабака ў Цыпрука. Той, калі не навязаны, дык аж вароты грызе, каб вырвацца з падворка і пакусаць каго-небудзь. Шурка запярэчыў:

- Зласнейшага сабакі, чым у Кабачкі, ні ў кога няма. Яму цераз заднія ногі пераехала машына, дык ён зараз ашчэрыўшыся, паўзе толькі на пярэдніх і імкнецца ўгрысці прахожага за лытку.

- А вазьмі коней, - уставіў слова Паўлюта. - Я лічу, што кожны конь падобны на свайго гаспадара.

- І не скажы, - не пагадзіўся Шурка. - Вунь Цівунчык які спакойны чалавек, а конь у яго, як звер, нярвовы, палахлівы. Колькі ён ужо аглобляў паламаў, парваў хамутоў. А Катрач злосны, крыклівы, бандыцкага складу, а конь у яго лагодны, пакладзісты. Так што не твая праўда.

… У суботу, а сёмай гадзіне прыйшлі на першую рэпетыцыю жанчыны. Паселі на лавы за сталом, накрытым белым абрусам. Цыбулька стаяў перад імі, запяваў і дырыжыраваў рукамі. Спачатку спявалі тыя святочныя песні, якія ўсе добра ведалі, пасля развучвалі новыя. І так усё хораша ў іх атрымлівалася, так лёгка, зладжана, нібы яны рэпетыруюцца ўжо даўно. На развітанне Клаўдзя сказала:

- Нарэшце прыйшла радасць і ў нашу вёску. Добра нам тут, утульна, сум сплыў.

Паступова кола жанчын шырылася, заглядвалі ў хатку і мужчыны. Хто меў добры голас, спяваў, іншыя проста сядзелі і слухалі.

Неяк Цыбулька сустрэў на вуліцы Паўлюту і спытаў:

- Чаму не заглядваеш да нас, спадар Паўлюта?

- Сорамна неяк, ведаеш. У вас святое месца, а мы…

- Ды не выпіваць жа, а песні спяваць.

- Пагавару з Вінцуськам і Шуркам. Можа калі і прыйдзем. У іх то добрыя галасы, а ў мяне слабы.

- Нічога, будзеш падцягваць.

… Пакуль Цыбулька ў Цецяруках весяліў людзей і сам весяліўся, па пад'ездзе яго дома ў Лідзе папаўзлі плёткі: быццам бы ад Бібічыхі ўцёк муж. Ужо нават і ў яе самой пыталіся:

- А дзе ж гэта твой Віталь? Нешта не бачна яго…

- Паехаў у Маскву на заробкі, - казала яна. - Можа хутка вернецца.

Але ніхто гэтаму не верыў, а найбольш ядавітыя пляткаркі ўкрадкай за яе спіною пасміхваліся. Гэта злавала Галіну - і яна падала заяву ў аддзел унутраных спраў на пошукі мужа. Адтуль каманда паступіла ва ўсе міліцэйскія пункты, і неўзабаве ў Цецярукі прыехаў на матацыкле малады фанабэрысты ўпаўнаважаны. Ён сустрэў на вуліцы пажылога, сівога дзядзьку, які вёў на валаводзе карову на пашу, і спытаў:

- Ці пражывае ў вашай вёсцы які-небудзь новы чалавек?

- Вось тут адзін жыве, - адказаў стары і паказаў рукою на бабылёву хату. - Але ён ніякай шкоды не робіць. Святыя песні спявае з бабамі.

- Гэта мы яшчэ паглядзім, як ён спявае.

Упаўнаважаны падруліў матацыкл да плоту, заглушыў і сам пайшоў на падворак. Убачыў на дзвярах замок і асёкся: "Уцёк. Не, я ўсё роўна буду пільнаваць, пакуль не вернецца. Трэба ж выконваць загад начальства".

Міліцыянт пачаў праходжвацца сюды-туды па падворку, заглядваючы ва ўсе куткі прыбудовак.

Праз паўгадзіны з'явіўся і сам Цыбулька, насцярожыўся: "Што яго прынясло сюды? У чым я правініўся?"

- Вашы дакументы? - адразу патрабаваў упаўнаважаны.

Цыбулька спакойна пасунуў руку ва ўнутраны кішэнь пінжака, дастаў пашпарт і падаў міліцыянту.

- Ага!.. Цыбулька Віталь Сяргеевіч. Той самы, каго я шукаю.

- А ў чым справа?

- Паедзем у Ліду і там будзем разбірацца.

Абодва поруч пайшлі да матацыкла, адзелі шлемы, паселі і па палявой дарозе, пакідаючы за плячыма шэрыя пасмы пылу, паехалі ў горад. У аддзеле ўнутраных спраў дзяжурны міліцыянт найперш пазваніў па мабільніку Галіне і сказаў:

- Прыходзьце і забірайце сваю прапажу.

Пасля звярнуўся да Цыбулькі:

- А вас, паважаны Віталь Сяргеевіч, прыйдзецца аштрафаваць.

- За што?

- Вы больш як два месяцы жывяце ў Цецяруках без прапіскі.

- Страх невялікі.

- Што?!

- Я кажу, што штраф заплачу. Грошы ў мяне ёсць.

- Не спрабуй з намі жартаваць.

- Я не жартую, сур'ёзна кажу: грошы маю.

- Ты вось што, - працягваў міліцыянт, - разбірайся са сваёй жонкай, як хочаш, але, дзе ні будзеш жыць, абавязкова павінен прыпісацца. Бо на выпадак вайны, дзе мы цябе будзем шукаць?

- Я ўжо стары ваяваць.

- Нічога, аўтамат Калашнікава ўтрымаеш. Вунь дзед Талаш які быў стары, а колькі немцаў упаляваў.

- Слабы з мяне паляўнічы…

- Выпішы яму штраф на тры базавыя велічыні, - звярнуўся дзяжурны міліцыянт да напарніка, які сядзеў побач.

- На такую суму?! - устрывожыўся Цыбулька. - Пашкадавалі б хоць мяне як пенсіянера.

- Будзеш выступаць, яшчэ прыбавім столькі.

- Цяпер плаціць ці пасля?

- Аплаціце цераз банк. Там наш рахунак указаны.

Ледзь паспеў Цыбулька пакласці паперку ў кішэнь, як у вітальню перад дзяжуркай увайшла Галіна. Яна наблізілася да акенца, павіталася з міліцыянтамі, падзякавала за знаходку і спытала:

- Можна забіраць?

- Забірайце.

Галіна злёгку тузанула Цыбульку за рукаво, і яны выйшлі з будынка на вуліцу. Ідучы дадому, жонка моцна дакарала Віталя за самавольную адлучку:

- Не патрэбна было так рабіць. Увесь пад'езд з мяне смяецца: ўсё, дзе твой муж, ды дзе твой муж. Я сказала, што ты паехаў у Маскву на заробкі. І ты падцвердзі гэта, калі спытаюць. Можа заткнуцца. Я больш не буду цябе абдзіраць. Жыві ў Лідзе.

- Ты ўжо многа разоў абяцала не пускаць кіпцюры ў ход, - загарачыўся Цыбулька, - а свае звярынай звычкі ўсё роўна не кідаеш. Гэта ў цябе хранічная хвароба. Я ўжо не веру ні аднаму твайму слову. Зняверыўся ў табе. Разумееш? От дзень-два пажыву тут, а пасля зноў паеду ў Цецярукі. Прыпішуся і буду там жыць, пакуль не памру.

Праз тры дні ён ўцёк і дзякаваў Богу, што зноў прыдбаў душэўны спакой і раўнавагу. Аднак, рай трываў не доўга: у Цецярукі на легкавушцы прыехалі Галіна з двума сваімі братамі. Яны вывалаклі Цыбульку з хаткі, упакавалі ў машыну, прывезлі дамоў і прыгразілі:

- Яшчэ раз уцячэш у вёску - мала табе не падасца.

Такая пагроза яго не вельмі напалохала. Супакойвала толькі тое, што Галіна пакуль трымала свае кіпцюры пры сабе. Але пад восень яна зноў дала ім волю, і твар Цыбулькі "упрыгожылі" новыя, яшчэ больш глыбокія пісакі. Цыбулька першы раз у жыцці мацюкнуўся, асядлаў ровар і па знаёмай дарозе зноў пакіраваў у Цецярукі.

Параўняўшыся з дваром, дзе стаяла бабылёва хатка, ён толькі войкнуў: ад яе застаўся толькі адзін падмурак. Спытаць не было ў каго, што здарылася. І ён заглянуў у краму. Прадаўшчыца сказала:

- Старшыня СВК Шула загадаў знясці бабылёву хатку, парэзаць на дровы і спаліць, каб у ёй не збіраліся п'яніцы…

Абураны нагрувашчаннем такіх дрэнных падзей, Цыбулька зноў пакруціў педалі свайго старэнькага драндулета ў бок Ліды.

2017 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX