Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Ірэна Сліўко 


Аўтар: Сліўко Ірэна,
Дадана: 28-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Настаўнік і Чалавек

На левабярэжжы ракі Гаўі, якая з'яўляецца мяжой паміж Іўеў-скім і Лідскім раёнамі, раскінулася вёска Залейкі. Гэта - 22-гі кіламетр па аўтамабільнай дарозе Гродна-Мінск. Мая гісторыя - пра настаўніка і яго лёс.

Школу, якую пабудавалі пры польскай уладзе паміж Біскупцамі і Залейкамі, у час вайны спалілі партызаны. Пасля вайны ў 1944 годзе школу адкрылі ў прыватным доме, дзе раней жылі габрэі.

У 1950 годзе я пайшла ў 3-ці клас Залейкаўскай пачатковай школы. На працу ў школу прыехаў новы настаўнік Леанід Іосіфавіч Славута, нежанаты, 42-х гадоў. У школе былі толькі два пакоі і кухня, дзе ў адным жыў настаўнік, а ў сумежным знаходзіўся клас. Лаўкі, на якіх даводзілася сядзець за партай, былі самаробныя, няўстойлівыя, і вучні часам падалі на падлогу разам з імі. У вёсцы ні ў адной хаце не было гадзінніка, і бацькі адпраўлялі нас у школу тады, як выганялі кароў на пашу па гуку трубы галоўнага пастуха.

Настаўнік, каб устанавіць пэўны распарадак работы школы, змайстраваў сваю трубу, па гуку якой мы беглі на заняткі. Бацькі, пакуль прывыклі, бывала блыталіся. Але праз год у нашай хаце на сцяне красаваўся гадзіннік - "зязюля" з цяжкімі гірамі на ланцугу, і я ішла ў школу не прыслухоўваючыся да гуку настаўніцкай трубы.

Хоць заняткі ў школе праводзіліся ў адну змену, але мы былі там поўны дзень, дзе пасля абеду ў прысутнасці настаўніка выконвалі дамашнія заданні з перапынкамі на адпачынак і гульні. Гэта была група падоўжанага дня, але, мабыць, на грамадскіх пачатках.

Пазнаёміўшыся з дзецьмі і іх ведамі, Леанід Іосіфавіч быў уражаны не толькі адсутнасцю апошніх у большасці вучняў, асабліва па рускай, беларускай мовах, арыфметыцы, а і неахвотай атрымліваць гэтыя веды. Усе сшыткі чырванелі ад памылак, у класным журнале большасць двоек, за выключэннем лепшых адзнак у 4-5 вучняў.

Адкуль маглі быць гэтыя веды, калі на ўвесь клас было некалькі падручнікаў, зусім не было мастацкай літаратуры?

Леанід Іосіфавіч быў незвычайным настаўнікам. Яго асноўная мэта - чым зацікавіць вучняў, каб вывесці іх з цемры. Паколькі ўсе сем'і былі вельмі бедныя, ён стаў нас матэрыяльна заахвочваць - частаваць вельмі смачнымі стравамі.

У першы раз ён прынёс у клас два пірагі, высока падняўшы іх на руках, і прамовіў:

- Як станеце добра вучыцца, то ў далейшым такія пірагі будзеце есці кожны дзень.

Прыемны пах падзейнічаў на нашы слінныя залозы. Але павярнуўшыся, настаўнік грацыёзна аднёс пірагі ў свой пакой. Мы са здзіўленнем паглядзелі яму ўслед, праглынулі сліну.

На другі дзень настаўнік прыйшоў у клас, на гэты раз з вялікім падносам, на якім жаўцелі нарэзаныя пірагі. Усім дасталося па вялікаму кавалку.

Сырую моркву цёр на тарку, пасыпаў цукрам (мы рэдка адчувалі яго смак), і кожны вучань, падышоўшы да стала, атрымліваў сталовую лыжку гэтага вітаміннага прадукту.

Частаваў і настоем чайнага грыба, а мы не ведалі, з чаго гэты напой прыгатаваны. Усё было салодкае і вельмі смачнае. Калі выконвалі кантрольныя заданні, то першы выканавец, калі адказ быў правільны, атрымліваў цукерку.

Вельмі запомніліся святочныя вечары, якія наш выхавальнік арганізоўваў нам на 1 мая, 7 лістапада і Новы год. З бацькоў збіралася сімвалічная сума - 50 капеек, астатнія затраты былі з кішэні настаўніка. Ён выпякаў булкі, пірагі, варыў смачныя напоі, купляў цукеркі. Сталы і лаўкі расстаўляліся вакол сцен і пачыналася свята, на якім заўсёды прысутнічалі бацькі. Леанід Іосіфавіч спачатку расказваў пра сутнасць гэтых свят, віншаваў усіх прысутных. Мы елі, з настаўнікам спявалі песні, а бацькі, змахваючы слязу, з радасцю глядзелі на нас, напэўна, з надзеяй, што наша жыццё будзе лепшым, чым тое, што выпала на іх долю. Затым Леанід Іосіфавіч частаваў бацькоў, бо ўсім разам сесці за стол не хапала месца.

Над усімі адстаючымі вучнямі малодшых класаў былі прызначаны шэфы са старшых класаў, якія павінны дапамагаць па ўсіх прадметах. Я была прызначана шэфам над адным вучнем І класа і адначасова над адстаючымі вучнямі ІІІ класа па рускай мове і літаратуры. Мой аднакласнік Валянцін Данэйка - па арыфметыцы. У нашы абавязкі ўваходзіла праверка сшыткаў. Памылкі мы падкрэслівалі чырвоным чарнілам, затым школьны выхавальнік правяраў сам і ставіў адзнаку. Маю малодшую сястру Ядзю таксама вучыў Леанід Іосіфавіч. Яна вучылася добра і правярала сшыткі па рускай мове. Ён частаваў яе белым хлебам.

Наш настаўнік навучаў усіх хутка і правільна рашаць задачы па арыфметыцы, розным прыёмам выканання арыфметычных заданняў. На перапынках на свежым паветры ён нас збіраў у круг, даваў вуснае заданне, тут жа аднаму з вучняў кідаў у рукі мяч. Вучань павінен быў адразу даць адказ. За правільны адказ - цукерка.

Пры выкананні кантрольных работ не дазваляў ніякіх падказак і спісванняў. Удзяляў вялікую ўвагу чыстапісанню.

Які ж быў вынік гэтых штодзённых намаганняў нашага настаўніка? У вучняў з'явілася цікавасць да вучобы ўжо не толькі з-за матэрыяльнага заахвочвання, а з-за добра ацэненых настаўнікам атрыманых ведаў. За добры адказ на ўроку ці за кантрольную работу ён мог прытуліць да сябе вучня, нават пацалаваць, пахваліць, пагладзіць.

Экзамены за 4-ы клас мы здавалі ў навасёлкаўскай сямігодцы разам з вучнямі гэтай школы. Усе паспяхова здалі іспыты і перайшлі ў 5-ы клас.

Леанід Іосіфавіч быў сапраўдным народным асветнікам. У цёплыя выхадныя дні ён збіраў ля школы ўсіх жыхароў, чытаў лекцыі пра выхаванне дзяцей, пра міжнародныя падзеі. Ён валодаў пытаннямі медыцыны. Бліжэйшы ФАП знаходзіўся за 8 кіламетраў. Жыхары звярталіся да настаўніка і ён аказваў першую дапамогу парадамі і медыкаментамі.

Сваёй інтэлігентнасцю, сваім акцёрскім талентам ён прыцягваў да сябе моладзь з усіх навакольных вёсак. Быў рэжысёрам многіх пастановак. Рэпетыцыі праводзіліся пасля заканчэння заняткаў. У класе майстравалася сцэна, і нават нам, вучням, вечарамі дазвалялася глядзець гэтыя спектаклі.

Наш настаўнік меў вельмі прыгожы, добра пастаўлены голас. Спяваў песні і на сцэне, і на ўроках спеваў, і на вясковых хрысцінах, вяселлях. Песні ў яго выкананні краналі душу і сэрца. Урокі спеваў мы пачыналі з беларускага гімна. Часта спявалі "Люблю я край, старонку гэту…" і іншыя.

Далейшы шлях Леаніда Іосіфавіча склаўся наступным чынам: ён ажаніўся з настаўніцай Крывіцкай сямігодкі Кацярынай Васільеўнай Мірончык. Пасля закрыцця Залейкаўскай школы яны працавалі ў Навасёлкаўскай сямігодцы. У Залейках купілі хату, нарадзілі 2-х дзяцей. Сваіх унукаў Кацярына Васільеўна не ўбачыла, бо ў 1973 годзе памерла ад невылечнай хваробы. Сын Жора пасля заканчэння Каўнаскага політэхнічнага інстытута працаваў у Вільні на радыёзаводзе. Дачцэ Зоі Леанід Іосіфавіч у Бярозаўцы пабудаваў кааператыўную кватэру. Сам з двума ўнукамі (дзецьмі Зоі) жыў у вёсцы. У 1983 годзе здарылася трагедыя: у адну з начэй загарэлася хата, і наш настаўнік са сваімі ўнукамі згарэлі ў агні. Пахаваны каля жонкі на цэнтральнай алеі. Леаніду Іосіфавічу было 75 гадоў, унуку - 5 гадоў, унучцы - толькі 2 гадкі.

Жора некалькі разоў прыязджаў да бацькоў і пляменнікаў на могілкі. Расказваў, што з развалам СССР "іншаземцаў" з працы пачалі звальняць. Працаваў рыэлтарам па нерухомасці і на іншых пасадах. Працы няма, моладзь выехала за мяжу, жыццё нялёгкае. У Залейках сустракаўся са сваім аднакласнікам Аляксандрам Ціхонам. Саша дапамагаў яму з набыццём дакументаў у сельскім савеце для прыезду на могілкі. Саша, прыязджаючы з Ліды ў вёску да маці, сочыць за парадкам на могілках настаўніка. Наводзяць парадак Ала Камарова і іншыя былыя вучні.

Я, бываючы на вясковых могілках, дзе пахаваны мае бацькі, бабуля і шматлікія сваякі і знаёмыя, заўсёды заходжу да свайго Настаўніка і Чалавека з вялікай літары. Балюча глядзець: помнік пахіснуўся, усё патрабуе рамонту. Пастаю, памалюся, прыбяру, калі трэба, пастаўлю кветкі. А ў галаве адразу гучаць песні ў выкананні Леаніда Іосіфавіча, як тады, у 50-я гады гучалі над рэчкай Гаўяй.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX