Сямёнава Таццяна Іванаўна нарадзілася 17 сакавіка 1935 года ў сяле Грачоўка Арэнбургскай вобласці. З 1952 па 1955 год вучылася ў дашкольным педагагічным вучылішчы ў горадзе Бузулук Арэнбургскай вобласці. Восенню 1955 года прыехала ў беларускі горад Ліду, па месцы жыхарства мужа. Працавала ў дзіцячых дашкольных установах выхавальніцай, затым загадчыцай. З 1992 года знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Вершы пачала пісаць з 5 класа, але сур'ёзна да гэтага занятку не ставілася. На працы калі-нікалі пісала сцэнарыі для дзіцячых ранішнікаў. Усур'ёз узялася за складанне вершаў, знаходзячыся на пенсіі.
З'яўляецца аўтарам двух паэтычных зборнікаў "Осенний вальс" (2012 г.) і "Позвала судьба в дорогу" (2016 г.). Прымае ўдзел у літаратурным аб'яднанні "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", з'яўляецца ўдзельніцай клуба "Актыўнае даўгалецце" пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання (валанцёр, кіраўнік літаратурнай гасцёўні "Ліра").
Наведвае грамадскае аб'яднанне "Вера. Надзея. Любоў" і аматарскае аб'яднанне "МузАльянс" Палаца культуры горада Ліды, а таксама клуб "Кветкавод", "Добрыя сустрэчы" пры раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. У вольны час увіхаецца на дачы, займаецца вязаннем, маляваннем.
Піша творы на рускай мове. Друкуецца ў "Лідскай газеце". У літаратурна-мастацкім зборніку "Ад лідскіх муроў" (№ 8 за 2012-2015 гады) вершы былі змешчаны ў перакладзе на беларускую мову Алесі Бурак.
Паядынак
Апавяданне-быль
Марознай сакавіцкай раніцай (гэта быў другі пасляваенны год), уцякаючы ад голаду з Украіны, дзе не было яды з-за моцнага неўраджаю, Шурка з маці, братам і сястрой прыехаў у гэты невялікі разбураны вайной, горад Ліду. Спыніліся ў сваякоў. Упершыню за некалькі апошніх дзён яны дасыта паелі бульбы.
Патрэбна было працягваць вучобу. Ва Ўкраіне Шурка займаўся ў чыгуначнадарожным вучылішчы. У Лідзе таксама знаходзілася такая навучальная ўстанова, у якую яго прынялі на навучанне па спецыяльнасці слесар-інструментальшчык. Для сям'і гэта было вельмі добра: навучэнцаў адзявалі, абувалі і кармілі.
Новенькага прынялі не вельмі дружалюбна. Група была рознаўзроставай, многія здаліся яму дарослымі дзядзькамі. Яны наладжвалі новенькаму розныя гадасці. Часцей за ўсё забіралі ў яго абед у сталовай, і Шурка заставаўся галодным. Так было і ў гэты дзень. Толькі ўсе паселі за сталы, як нехта аклікнуў яго. Ён, натуральна, павярнуўся на вокліч, а калі пахіліўся да яды, бамбіза, які сядзеў побач і які запіхнуў яго пайку хлеба сабе ў рот, нахабна пасмейваўся, давячыся здабычай. Для Шуркі наступіла мяжа трывання, і ён, не памятаючы сябе ад злосці і, не аддаючы сабе справаздачы, схапіў міску з гарачым супам і з крыкам - на еш! - вывярнуў страву на галаву нахабніку…
І на гэты раз Шурка застаўся без абеда.
Вечарам усе навучэнцы вучылішча сабраліся ў калідоры інтэрната. Пачаўся паядынак паміж Шуркам і яго крыўдзіцелем. Папярэдне ў абодвух забралі ўсе калюча-рэжучыя прадметы. Усе расступіліся па баках, пакінуўшы сярэдзіну для бою. Пачалася схватка. Шурка быў у два разы меншым ростам за свайго праціўніка і худзейшым. Адным словам, вагавыя катэгорыі былі не роўнымі, і ніхто амаль не сумняваўся на чыім баку будзе перамога. Бой быў няроўным і доўгім. На абодвух парванае адзенне, паразбіваныя насы, твары ў крыві. Шурка біўся з апошніх сіл.
Раптам удар. І ён адляцеў у бок, да сцяны, страціў прытомнасць, марудна спаўзаў па сцяне ўніз. Над ім пачалі лічыць, як у накаўце: восем, дзевяць - даняслося да яго свядомасці. Шурка імгненна зразумеў, што адбываецца. Ён не ведаў, адкуль у яго знайшліся сілы, але добра памятаў, што бязвыхаднасць і злосць успыхнулі ў ім, калі ён убачыў, што праціўніка віншуюць з перамогай. У адно імгненне ён ускочыў на ногі, схапіў за грудзі нянавіснага праціўніка і моцным ударам галавы ў падбародак збіў з ног пераможцу. На лік "дзевяць" той не змог падняцца.
Шурку з перамогай ніхто не павіншаваў. Ён моўчкі пайшоў дамоў. Але гэта было маўклівае прызнанне яго перамогі. Пасля гэтага ніхто і ніколі не адважваўся зачапіць яго пайку, нават калі ён адыходзіўся, пакінуўшы яе на стале. Так Шурка адваяваў сваё законнае месца пад сонцам.
Пераклад Уладзіміра Васько.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
