Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Віктар Праўдзін 


Аўтар: Праўдзін Віктар,
Дадана: 28-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




Віктар Праўдзін (Праўдзін Віктар Аляксандравіч) нарадзіўся 11 траўня 1955 года ў г. Ліда Гродзенскай вобласці.

Працаваў у праваахоўных органах, быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Нёман", першым намеснікам старшыні ГА "СБП", намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Полымя", галоўным рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура", першым сакратаром ГА "СПБ".

Друкуецца з 1986 года.

Аўтар кніг прозы "Візіцёр з Поўначы", "Боль" (Споведзь міліцыянера), "Эксгумацыя", "Шлях да Галгофы", "Нелюбімыя гінуць", "Вяртанне з апраметнай", "Танцавальны марафон", "Іду насустрач" і іншых.

ВОБЫСК

"Толькі на ісціне і праўдзе

аснаваць можна спакой сабе і іншым" (Ава Пімен)

Фары яркім святлом разанулі па вокнах, на паваротцы на вуліцу Касманаўтаў машына незадаволена чхнула, і праз некалькі хвілін гул растварыўся ў ранішняй імглістай вераснёўскай цішы.

" Чатыры... Дзімка на рыбалку сарваўся...", - падумаў Кузьма Самсонавіч і ўсё ж пераправерыў: запаліў начнік, зірнуў на гадзіннік.

"Так і ёсць, чатыры... А вось Верка з Федзькам засядзеліся ў сваіх начных клубах... Гулякі... Па іхняй завядзёнцы ў тры гадзіны павінны былі скрыгатаць жалезныя вароты... Хоць бы завесы змазалі... Мерцвяка падымуць... Палюбоўнічкі..." Толькі падумаў - і адразу пачуў, як праехала машына, віскнулі тармазы, зайграла музыка і, быццам сілячыся прыглушыць да піску звінючую спявачку, на свой лад зарыпелі, заскуголілі металічныя вароты.

- Нагі маёй больш не будзе ў гэтым рэстаране!.. На хаду падноскі адарвуць... Хапугі!.. Блазнюкі!.. Падонкі!.. - на ўсё горла некага мацюкаў Фёдар. - І ты, Верка, пі меней!.. Лапае хто папала...

- А я, мілы, толькі твая... Няхай зайздросцяць..., - пявучым, лісліва-салодкім голасам гукнула жанчына і засмяялася сутаргава, дурасліва, залівіста...

У другім канцы вёскі глухім басам азваўся ўстрывожаны сабака. Праўда, даволі хутка і нечакана аціхлі і музыка, і смех, і абразлівая лаянка, а следам і сабачы брэх.

- Каханкі мілуюцца..., - незадаволена буркнуў Кузьма Самсонавіч. - А я чым правініўся, што кожную ноч вымушаны слухаць брыдоту?... Старэйшых і ў пекле шануюць, а гэтыя дзе жывуць там і псуюць... Э-эх, - цяжка ўздыхнуў дзед Кузьма. - Ва ўсім вінавата мая бяссонніца і, як аказалася, не на ўсе хваробы ёсць спосабы, горш за нуду гэтая зараза...

Ён устаў, басанож прашлёпаў на кухню, выпіў шклянку вады і зноў вярнуўся ў ложак, укрыўся цёплым пледам, яшчэ раз зірнуў на акно, за якім жоўтым святлом цьмяна мільгацеў адзінюткі ліхтар, з палёгкай уздыхнуў. Кузьма Самсонавіч добра ведаў, што палюбоўнікі ўціхамірыліся, значыцца, да васьмі гадзін раніцы ніхто не парушыць спакой Малінаўкі. У вёсцы ўжо і карова не мыкне, і певень не кукарэкне... Хіба падасць голас адзіная на дзве вуліцы каза, якая нейкім цудам прыжылася ў суседкі Веркі. Дый няма каму бударажыць, парушаць спакой старажылаў. У вёсцы дачнікі атабарыліся, а яны, па большасці, летам гаспадараць... От, тады і наслухаешся ўсялякага, і наглядзішся...

Але сягоння, сямідзесяціпяцігадовы Кузьма Самсонавіч, па вясковаму - дзед Кузьма, памыліўся. Старога ўжо прыгалубіла чуйная дрымота, як нечаканае прарэзлівае завыванне міліцэйскай сірэны падхапіла на ногі, пагнала да вакна. Ён адхінуў фіранку, прыпаў да шыбіны і ў падсвечаным туманным змроку ўбачыў, што суседскую хату, тулячыся да плоту, акружаюць людзі ў чорным. Нечакана чалавек трапіў у святло ліхтара, і дзед Кузьма ўбачыў у ягоных руках аўтамат...

- Вось дык так!.. - Міжвольна прашаптаў дзед Кузьма. - Што магло здарыцца ў хаце маладзіцы з дзвюма малымі дзеткамі на руках?..

Каб лепш бачыць, шчыльней прыціснуўся ілбом да халоднай шыбіны, і шкло тут жа запацела. Доўга праціраў яго фіранкай і раптам пачуў, як бразнула клямка на брамцы. Зірнуў у другое, куткавое акно і ўбачыў у сваім панадворку сутулага чалавека з ліхтарыкам у руцэ. Чалавек, разумеючы, што за ім могуць назіраць, асвяціў свой твар, але і без гэтага папярэджання дзед Кузьма пазнаў участковага міліцыянера Сярдзюка, пазнаў па магутнай сутулай постаці, акрамя ўсяго ён трошкі накульгваў на правую нагу - вынік даўнішняй, яшчэ з Афганістана, раны.

Дзед Кузьма хуценька нацягнуў спартыўныя шаравары, на хаду накінуў на плечы футравую безрукаўку. Участковы толькі ступіў на ганак, а гаспадар ужо стаяў у дзвярным праёме. Сярдзюк ціха павітаўся, кіўнуў галавой на суседскую хату:

- Выбачай, Самсонавіч, за начны візіт... Тут гэткая справа... Мінскія прыехалі... апера... следчыя... група захопу... Шукаюць Івана Карася, былога мужа Наталлі Пятровай... Толькі, адкуль ён тут?.. Вецер зацугляеш хутчэй, чым прахвоста зловіш... Будуць вобыск праводзіць, паняты патрэбны...

- Дык ноч... І што знойдзеш у маці-адзіночкі з двума хлопцамі на руках?.. - незадаволена выпаліў дзед Кузьма першае, што прыйшло ў галаву.

- Мне не дакладвалі прычыну вобыску... Сказалі, паняты патрэбен, я і прыйшоў... Закон ёсць закон...

- Не, капітан... Я задужа стары дзеля гэткай адказнай спра...

- Самсонавіч, толькі не адмаўляйся, па-чалавечы прашу, -- паспешліва перапыніў дзеда Кузьму ўчастковы. - Не клікаць жа Верку шалапутную з хахалем... Дый, пэўна, нападпітку яны... Каб чаго лішняга не ляпнулі... Дзяцей шкада...

* * *

Людзі ў цывільным, здавалася, запаланілі вялікі дом Пятровай, хата стала цеснай і душнай. Служкі, з віду важныя і маўклівыя, моўчкі торкаліся ва ўсё пакоі, зыркалі ў цёмныя закуткі, зрэдку перашэптваліся, але рукамі нічога не чапалі, чакалі загаду...

Дзед Кузьма пераступіў невялікі парожак у залу і закашляўся. Зусім не пах цыгарэт і розных даўкіх адэкалонаў перахапіў дых, а трапяткая, шчымлівая трывога, што лунала ў паветры... Яна спазмай сціснула грудзі. Нябачнае напружанне ціхім халадком падкаціла пад сэрца, нервова затузалася, затрымцела левае вейка, што здаралася, калі пачынаў хвалявацца. Сярдзюк наляцеў на аслупянелага старога, каб не паваліцца, абхапіў дзеда аберуч і, здалося, вынес на сярэдзіну пакоя. Участковы ўскінуў вочы на шыракаплечага, амаль квадратнага хлопца гадоў трыццаці, з тоўстым носам і чырвонымі шчокамі, узяў пад казырок:

- Таварыш маёр, паняты дастаўлены... З другім нявыкрутка, у вёсцы не знойдзем...

- Твая праблема... - рэзка перапыніў участковага шыракаплечы. - У цябе, капітан, на ўсё пра ўсё дзесяць мінут...

Шыракаплечы зірнуў на дзеда Кузьму, торкнуў у твар паперу і гучным голасам абвясціў:

- Гэта ордэр на вобыск... Як відавочнік, будзеце панятым... Вам давядзецца пісьмова засведчыць правільнасць і сапраўднасць вобыску... Пакуль участковы шукае другога панятога, вы пачакайце... Вось тут... - Ён падвёў Кузьму Самсонавіча да круглай трошкі цёплай печы, нагой падсунуў табурэт, строга загадаў: - Сядайце... Спатрэбіцеся -- паклічам...

- Не глухі, можна і цішэй,.. - незадаволены напорыстасцю служкі, абурыўся Кузьма Самсонавіч, але таўстаносы так зыркнуў з-пад ілба, што дзед плюхнуўся на табурэт, здалося, маёр прыкаваў да месца.

Насупраць у шыкоўным скураным крэсле сядзела гаспадыня. Перапалоханыя хлопчыкі пяці і шасці гадоў туліліся да маці. Заплаканая жанчына ласкава гладзіла меншага сына па ўскудлачанай, яшчэ соннай галоўцы і бесперапынна шаптала:

- Дзеткі, не бойцеся... дзядзі харошыя... у іх работа такая... яны хутка пойдуць...

Дзед Кузьма ўбачыў дзяцей, і нешта здрыганулася ў грудзях, зноў удушлівы камяк падкаціў да горла. Дзесь у падсвядомасці, у яе самых дальніх куточках, як бы нейкі голас прашаптаў, што ён памятае, павінен успомніць нешта важнае... Выява мільганула і знікла, толькі халодныя мурашы прабеглі па спіне... Імгненна нагадала аб сабе і хворае сэрца.

"Не!.. Гэтакі адрэналін не для мяне... Зрэшты, закону няма каб паняты прысутнічаў пад прымусам... Пайду, няхай шукаюць маладзейшага..." - прыняў рашэнне Кузьма Самсонавіч і пацягнуўся да кішэні па таблетку валідолу.

- Вам кепска, можа вады? - Ціхім, прыязным голасам запыталася Наталля.

- Трошкі неспакойна... Сітуацыя незвычайная, - цяжка ўздыхнуў дзед Кузьма. Ён зірнуў на гаспадыню, убачыў шырока расплюшчаныя спакутаваныя васільковыя вочы і чамусьці пачаў апраўдвацца. - Прабач, дзетка... Сярдзюк угаварыў... Сказаў, што калі не я, то Верку прывядзе з хахе... - ён на паўслове спатыкнуўся і, гледзячы на дзяцей, паспрабаваў усміхнуцца: - з сябрам прывядзе...

- Дзякую вам, Кузьма Самсонавіч... Вы харошы чалавек...

Гэтае "дзякую" як ацверазіла дзеда Кузьму, з вачэй, быццам, заслона ўпала.

"Ёй падтрымка патрэбна, а я, пень стары, уцякаць сабраўся." - Падумаў ён, а ў слых паспрабаваў пажартаваць:

- Ты, дачушка, у галаву не бяры... Пра дзетак думай... А кепскае - у мех ды за плечы...

- Як жа не браць, калі тут гэткае!?.

- Мама... спаць хачу, - закруціўся на каленях меншы сын.

- Я таксама, - цяжка ўздыхнуў старэйшы і, ссунуўшы бровы, па даросламу, сурова, паглядзеў на плячыстага маёра.

* * *

Нарэшце аб'віўся ўчастковы. Ён прывёў маладога хлопца, нетутэйшага, і адразу служкі замітусіліся, зашчоўкалі фотаапараты, бліскавіцамі ўспыхвалі фотаўспышкі.

Службоўцы доўга абшуквалі пакоі, ператрасалі шафы і камоды, перагледзелі кніжныя паліцы, прастукалі сцены і падлогу. Хударлявы капітан, падобны на нейкую дзюбастую птушку, і, відавочна, не з апошняга дзесятка службоўцаў, торкнуў свой доўгі нос у печ, каля якой сядзеў дзед Кузьма і ператрос попел...

І печ, здалося, гэткай бесцырымоннасці не вытрымала, узбунтавалася... Раптам загуло ў дымаходах, незадаволена скавытнулі засаўкі, здрыганулася хата, і адразу па вокнах шумна сыпанула дажджом. На нейкі момант запанавала напятая, ломкая цішыня. Хтосьці з міліцыянераў незадаволена прабурчаў:

- Тры гадзіны хату ператрасаем і пуста... Відаць, памылачка выйшла...

- А вось сіноптыкі не памыліліся... Прадказалі аранжавы ўзровень бяспекі, і наце вам, атрымайце непагадзь... - даляцеў з другога паверху сярдзіты голас.

- Хто там гэткі разумны? - Ажно ўзвіўся насаты капітан. - Каму пагоны ціснуць?..

Жанчына мацней прытуліла дзяцей да сябе і, сілячыся супакоіць хлопчыкаў, шаптала сваё:

- Не бойцеся... дзядзі харошыя... хутка пойдуць...

У хату шумна ўваліўся міліцыянер у чорнай накідцы да самых пят з мінашукальнікам у руках і цэлафанавым пакетам. Ён асцярожна, бліжэй да сцяны, на падлогу паклаў мінашукальнік, у кут кінуў цэлафанавы пакет і безуважна прашлёпаў міма начальства да цёплай печы, прыпаў да яе ссінелымі мокрымі далонямі, сцішыўся. Плячысты маёр падышоў і нейкі час цярпліва чакаў дакладу. З-за ягоных плячэй, стоячы на дыбачках, выглядваў капітан. Чалавек у плашчы знерухомеў, здавалася, застыў каля цяпла. Ён стомлена зірнуў на начальнікаў і заплюшчыў нелагодныя вочы.

- Ну?!. - Скрозь зубы запытальна прабасіў маёр.

- Дакладвай!.. - сілячыся надаць голасу начальніцкія ноткі, пісклява прагугнявіў капітан. - Знайшлі?..

- Ага, знайшлі... - зябка паціраючы далоні абыякава адказаў міліцыянер. - Вунь, у мяшку... І падковы... і гузікі... і капейкі сэсэраўскія...

- Што за падковы?.. Якія гузікі?.. - ускрыкнуў капітан і шустра крутнуўся ў калідор, падхапіў пакет.

- Асцярожна... дзіравы, - крыкнуў міліцыянер, але было позна, змесціва пакета звонка бразнулася аб падлогу.

- Скажыце, што шукаеце!? -- Не вытрымала, умольна ўскрыкнула гаспадыня. - Калі грошы?.. Яны ў кашальку... Калі золата?.. Яно на мне... Вось і завушніцы, і крыжык на шыі залаты... Яшчэ пярсцёнак ёсць...

- Што за пярсцёнак? - капітан, насоўкай выціраючы рукі (усё ж перагледзеў тое, што выкулілася з дзіравага пакету), усутыч наблізіўся да жанчыны і адным духам выпаліў: - Ён каштоўны?.. Брыльянт колькі каратаў?.. Дзе сейф Карася?.. Ведаем, ён схаваў валюту, золата і бухгалтарскія дакументы... Аддай іх!..

Гаспадыня ўзняла на капітана заплаканыя вочы, аблізнула сасмяглыя губы, зноў пагладзіла сваіх хлопчыкаў.

- Пярсцёнак сярэбраны, ад бабулі застаўся... Брыльянтаў няма... Пра сейф з дакументамі першы раз чую... Ад Івана атрымоўвала толькі аліменты на дзяцей, - блытанай скорагаворкай паспяшалася адказаць Наталля.

- Во, чэша!? Як па пісанаму... - выскаліў вялікія жоўтыя зубы капітан. - Нас за дурняў трымае... Гэта за аліменты ў хаце прыбіральня ў пазалоце і лазня з джакузі... А яшчэ хамам турэцкі і еўрарамонт, на які мне дваццаць гадоў рабіць не зарабіць...

- Мы ж дом гэткі купілі, - горка прамовіла жанчына, -- не бурыць жа...

- Пацвярджаю, - сілячыся хоць трошкі змякчыць сітуацыю і напады на суседку, загарачыўся дзед Кузьма. - Чалавек, які жыў раней, усё па гарадскому ладзіў... Звонку хата вясковая, а ў сярэдзіне - музей...

- І дзе ж цяпер той музеязнавец? - фальшыва, з яхіднасцю запытаўся маёр.

- Спярша хадзілі чуткі, што за мяжой, дзесьці у Канадзе, а потым праляцела пагалоска, што ў турме... - сказаў дзед Кузьма тое, што ведалі ўсе суседзі і трошкі падумаўшы, ціха дадаў: - А бізнесмен быў, як сёння кажуць, "круты"... І пра нас, вяскоўцаў, клапаціўся... За свой кошт дарогу заасфальтаваў, ваду, газ да кожнага дома падвёў... І раптам хату прадаў і знік... Што, не жылося?..

- Выбраў дзе лепей, - задаволена ўсміхнуўся шыракаплечы і хітравата, па-змоўніцку падміргнуў старому.

Дзеда Кузьму ад гэтага блазенскага падміргвання аж у пот кінула... Ён зразумеў, што міліцэйскі начальнік добра ведае, дзе былы сусед, і не толькі ведае, па ўсім, спрыяў у выбары "лепшага" месца...

"Гэты маўчун і цяпер мудруе, - гледзячы на маёра шырока раскрытымі вачамі думаў стары. - Нічога не знайшлі, а ён "адбой" не дае, нешта выштукоўвае... І во, падміргвае... Мо ў свой хаўрус запісаў?.. А я, стары дурань, важна сяджу і нечага чакаю... А раптам здарыцца, як у тых кіношных серыялах... З першага разу нічога не знайшлі, а за другім разам, а то і трэцім - бац, і наце вам, пакецік з якім-небудзь наркатычным парашочкам..."

З другога паверху, гучна грукаючы абцасамі, спусціўся міліцыянер, падышоў да капітана і нешта зашаптаў на вуха. Капітан слухаў, пахмурнеў і раптам рэзка перапыніў падначаленага:

- Запомні, мы ніколі не памыляемся... У маёй практыцы яшчэ не было, каб у хаце нечага супрацьзаконнага не накапалі... Лепш працаваць трэба... Ідзі ў панадворак... У зямлі не знайшлі, на градах шукай... Знойдзем некалькі макавых галовак - цудоўна, але і адной дастаткова, каб наш выезд быў апраўданы...

- Дык восень... Які цяпер мак?.. - перасмыкнуў плячамі міліцыянер і здзіўлена паглядзеў на маёра, чакаючы, што скажа вышэйшы начальнік.

У гэтую самую хвіліну адзін з вышукальнікаў паклаў Кузьму Самсонавічу руку на плячо і нясмела папрасіў:

- Дзядуля, адсунься, хачу печ агледзець...

- Глядзелі ўжо! -- узарваўся стары і, гнеўна гледзячы на маёра, адным духам выпаліў: - Калі памыліліся - прасіце прабачэння і едзьце... Людзей не мучце... Зрэшты, з мяне хопіць, дадому пайду... Мне па патрэбе...

- Мы ўсе стаміліся... Падпішыце пратакол і, калі ласка, ідзіце... - спакойна сказаў міліцэйскі начальнік і няспешна перагарнуў спісаныя дробным почыркам старонкі. - А калі патрэба ўзнікла, што натуральна, гаспадыню папросім, каб дазволіла тут схадзіць...

- Не-не! -- замахаў рукамі дзед Кузьма. Ён інтуітыўна адчуў, што можа настояць на сваім і, зрэшты, пазбавіцца ад прымусу падпісваць паперы, няпэўныя на ягоны пагляд. - Усё што трэба я раблю толькі ў сваёй хаце.

- Ха-ха-ха, -- зарагатаў насаты капітан. - Ты, дзед, унікум... Адмаўляешся пасядзець на пазалоце... А я схаджу... Па той самай прычыне... Грамадзянка Пятрова, ці дазволіш?..

- Рабіце, што хочаце... - Гаспадыня пагардліва зірнула на міліцыянера і трошкі цішэй дадала: - Я вам не начальніца...

* * *

Дзед Кузьма, начапіўшы акуляры, чытаў пратакол вобыску. Чытаў уважліва, з асцярогай, баяўся прапусціць нешта важнае. Працэдура зацягвалася, але яго не прыспешвалі, маўляў, няхай старэча, пагуляе ў закон. Другому сведку торкнулі паперы ў рукі і зняважліва загадалі: "Падпісвай, дзе птушачкі"... Хлопец паставіў на кожнай старонцы неразборлівыя размашыстыя загагуліны і знік, гэтак жа няўлоўна як і з'явіўся.

У нейкі момант насаты капітан і яго шыракаплечы начальнік пакінулі ў баку тое, што робіць дзед Кузьма, засяродзіліся на сваім. Рэй вялі ціха і не бачылі, што дзед ужо не вычытвае, а навастрыў вушы, іх слухае. Капітан узбуджана, узахлёб расказваў пра тое, як наведаў лазню і прыбіральню:

- І сапраўды, лазня што трэба!.. Уклаўся чалавек... Убачыш - пазайздросціш... Шкада, што нічога не знайшлі... Канфіскат пралятае... А ўзяць ёсць што!..

- У другім месцы знойдзем... - незадаволена, скрозь зубы, працадзіў маёр.

Насаты азірнуўся на дзеда Кузьму, які старанна выводзіў подпіс на прачытанай старонцы і радасна зашаптаў:

- І ўсё ж метку пакінуў!..

Кузьма Самсонавіч слухаў пра тую "метку" і не верыў сваім вушам, што гэткае можа быць... У жыцці ціхі, не канфліктны, ён раптам узбунтаваўся і нечакана для самога сябе вырашыў: мірыцца з беззаконнем не будзе!.. Ён хутка запісаў пачутую размову міліцыянераў у пратакол, балазе, на яго доўга не звярталі ўвагі і не прыспешвалі. Калі справа была зроблена, акуратна склаў паперы і аддаў маёру.

Цяпер маёр спяшаўся і не звярнуў аніякай увагі на дзедаву пісаніну. Ён бегла зверыў подпісы панятых на першай і апошняй старонках, паклаў пратакол у папку, напружана выдыхнуў:

- Прабачце, Кузьма Самсонавіч, за нязручны момант... Служба гэткая... І вы, грамадзянка Пятрова, выбачайце...

* * *

Надвячоркам таго ж дня да хаты Кузьмы Самсонавіча пад'ехала міліцэйская машына. Сярдзюк таропка прашмыгнуў у расчыненую брамку і подбежкам кінуўся да веранды. Калі ўчастковы ўбачыў замок на дзвярах, дастаў мабільны тэлефон, але патэлефанаваць не паспеў.

- Капітан, ты зусім не кульгавы, калі подбегам! - з альтанкі весела гукнуў дзед Кузьма.

Кузьма Самсонавіч разумеў, што па яго прыедуць... Як толькі прачытаюць напісанае ў пратаколе вобыску, так і заявяцца... Праўда, чакаў "гасцей" у першай палове дня. Не дачакаўся... А пасля семнаццаці гадзін сабраўся, замкнуў хату і ў поўнай гатоўнасці атабарыўся на вуліцы.

- Цьфу ты, чорт стары!.. Заварыў кашу і ў цяньку сядзіш, гультайнічаеш... - ускрыкнуў міліцыянер і схаваў тэлефон у кішэню. - Ужо не спадзяваўся цябе заспець... Думаў у Расію да сына шуснуў... А Махляр круціцца, як вуж на патэльні... Па цябе паслаў...

- Ты хуткі, як чарапаха, - падыходзячы да міліцыянера сказаў дзед Кузьма і ссунуўшы бровы перапытаў: - А махляр, ён хто?.. Здаецца, некалі чуў гэтае прозвішча...

- Ага! Значыцца, ведаеш у чым справа, - напружана сказаў Сярдзюк і паспешліва патлумачыў: - Махляр - мянушка капітана Малярэўскага. Толькі, Кузьма Самсонавіч, вельмі прашу - забудзь... Капітан злуецца, калі чуе пра Махляра... І помслівы... Даведаецца, ад каго пачуў, не спусціць... Злосць на мне спагоніць...

- Махляр... - Сілячыся ўспомніць дзе чуў гэтую мянушку, а можа і прозвішча, некалькі разоў уголас паўтарыў дзед Кузьма. - Не, не прыгадаю... - Ён абыякава махнуў рукой, быццам адмахнуўся ад назойлівай мухі, і з напускной бравадай падбадзёрыў Сярдзюка:

- За доўгі язык, канешне, не пахваляць, але ж і людзям губа не замкнёна... А што тычыцца капітана, дык сам ведаеш: якая птушка, такі і галасок... - А я цябе чакаў... Хацеў, каб свой чалавек прыехаў...

Калі падышлі да машыны, Сярдзюк не вытрымаў, запытаўся:

- Самсонавіч, калі за свайго прызнаеш, можа раскажаш, што ў пратаколе напісаў? Чуткі ў аддзеле розныя, а Малярэўскі зрабіўся злы, мітусіцца, быццам нячысцік падсмалены?

Дзед Кузьма як і не чуў участковага. Ён азірнуўся, убачыў расчыненую брамку і вярнуўся, накінуў клямку.

Ужо ў машыне, калі выехалі з вёскі, Кузьма Самсонавіч цяжка ўздыхнуў:

- Ліхі сабака спадцішка кусае, а твой "махляр" не кусае, ён чалавеку прама ў сэрца паскудзіць...

- Ён гэткі мой, як і твой, - абурана ўскрыкнуў Сярдзюк. - Скрозь людзі, і кожнаму ў душу не залезеш...

- Калі хочаш пачуць праўду, не перапыняй..., -- загарачыўся дзед Кузьма. - Капітан форму носіць і не ад мяне мянушку атрымаў!.. Ведаеце пра гнілое нутро і маўчыце... Значыцца, некаму патрэбныя "махляры" ў пагонах?.. А цяпер слухай, што ваш "махляр" вытварыў падчас вобыску ў Пятровай...

* * *

У невялікім кабінеце, куды Кузьма Самсонавіч зайшоў разам з участковым, за сталом сядзеў насаты капітан. Ён быў у форме, выглядаў важна, нават фанабэрыста, але ўзбуджанасць і хваляванне выдавалі ружовыя плямы на шчоках і рукі, з якіх Малярэўскі не выпускаў тоўсты чырвоны аловак і раз-пораз стукаў ім па стале, быццам адбіваў азбуку Морзе. Прыжмурыўшы вочы, ён няласкава зыркнуў на дзеда, бяскроўныя моцна сцятыя губы кранула нядобрая ўсмешка.

- Сярдзюк, пачакай у калідоры, - напружана, быццам, перасільваючы нейкі ўнутраны боль, прастагнаў Малярэўскі і, калі ўчастковы выходзіў, надрыўна наўздагон крыкнуў. - І дзверы шчыльней зачыні...

Застаўшыся сам-насам з нядаўнім панятым, капітан наўмысна цягнуў час. Ён бесцырымонна свідраваў старога калючым уладным позіркам, намагаўся начальніцкай строгасцю, як кажуць, нагнаць страху. Але, як ні сіліўся, заўважыць у паводзінах, ці ўбачыць у вачах старога хоць кропельку хвалявання, панікі, страху так і не ўдалося. Дзед Кузьма абыякава зірнуў на расчырванелага міліцыянера, скептычна ўсміхнуўся, нядобра падумаў: "Сысунок ты яшчэ, каб на людзей гэтак зыркаць... Пажывеш болей, зведаеш, што злых на прывязі трымаюць..." і, не дачакаўшыся запрашэння, уладкаваўся на адзінае крэсла са спінкай, што адзінока тулілася каля самага вакна.

- Далекавата селі, - нудна выціскаючы з сябе кожнае слова, набычыўся Малярэўскі. - Падыходзьце бліжэй... З пратаколам вобыску нявыкрутка атрымалася, не даглядзеў... Адзін ліст парваўся... Выпадкова... Сапсаваную старонку аднавілі, яе падпісаць трэба... Наноў... Потым Сярдзюк дадому адвязе... Спадзяюся, акуляры не забыліся?

- Канешне падпішу, - імгненна пагадзіўся Кузьма Самсонавіч і, трошкі пачакаўшы, рашуча дадаў. - Толькі пакажыце сапсаваны ліст... Хачу ўпэўніцца, што тое самае падпісваю...

Капітан не чакаў ад старога гэткай прынцыповай катэгарычнасці і нейкі час, мітусліва, з месца на месца, перакладваў паперы на стале. Ён думаў, як падступіцца да суразмоўцы і вырашыць сітуацыю на сваю карысць. Інакш, як сказаў начальнік аддзела, "... Малярэўскага чакаюць вялікія непрыемнасці..."

Паўза зацягвалася. Рашуча настроены Дзед Кузьма, наадварот, хацеў давесці пачатае да канца і, расцаніўшы маўчанне капітана па-свойму, вырашыў ісці ў наступленне.

- У хаце Пятровай маёр правяраў напісанае і быў згодзен...

- Дзед, ты хоць ведаеш, каго і ў чым вінаваціш? - Малярэўскі рэзка перапыніў суразмоўцу, падхапіўся, зашпацыраваў па кабінеце. - У маё апраўданне падпішуцца ўсе, хто праводзіў вобыск... А ты адзін... Разумееш, а-а-адзін...

Кузьма Самсонавіч рыхтаваўся да размовы, ведаў з кім мае справу, разумеў, што без падтрымкі нічога не дакажа і справядлівасці не даб'ецца. Стары няспешна выцягнуў з кішэні акуляры і, праціраючы насоўкай шкельцы, ціха зазначыў:

- Не зусім так... Ёсць яшчэ Наталля Пятрова... І не перажывайце, што заўвагі зніклі... Я іх добра памятаю... А вось "тыкаць" не трэба, калі не мяне, старога, дык пасаду сваю пашкадуйце...

- Выходзіць, не дагаварыліся? - унурыў галаву ў плечы Малярэўскі.

- Выходзіць, што так, - цяжка ўздыхнуў дзед Кузьма і хітравата паверх акуляраў пераможна паглядзеў на капітана.

Цішыню, што нейкі час панавала ў кабінеце, парушыў рэзкі тэлефонны пераліў. Капітан увішна падхапіў трубку, прыклаў слухаўку да вуха і, насцярожана зірнуўшы на дзеда, адвярнуўся. Ён слухаў, раз-пораз падтакваў, і раптам яго спіна пачала выпрамляцца, плечы шырэць, губы скрывіла нахабная ўсмешка, ды так і застыла на бяздушным твары. Калі размова скончылася, Малярэўскі задаволена крактануў, павесялела зірнуў на дзеда Кузьму і няспешна дастаў з ніжняй шуфляды стала вялікі чырвоны яблык.

- Ваша настойлівасць і бяздоказныя абвінавачванні, шаноўны Кузьма Самсонавіч, шкодзяць не мне...

Капітан прымоўк, выцягнуў з кішэні кіцеля звязку ключоў, знайшоў патрэбны, адамкнуў сейф і дастаў некалі канфіскаваны фінскі нож. Ён не спяшаўся агучваць толькі што пачутую "казырную карту", яму хацелася атрымаць поўную асалоду ад перамогі. Штучнай, высмактанай з пальца, і ўсё ж перамогі... Немігаючымі ўчэпістымі вачамі Малярэўскі нейкі час уладна ўзіраўся ў твар старога, ён хацеў бачыць, як гэты ганарлівец і праўдалюбец у адну секунду ператворыцца ў хілага жабрака і, як многія да яго, будзе прасіць прабачэння і літасці.

- Зрэшты, упартасць заўсёды стратная, - з прытоеным сарказмам, пагрозліва прасіпеў Малярэўскі і фінкай праткнуў яблык. - У нашым выпадку яна нанесла ўрон Аляксею Кузьмічу... Вашаму, Кузьма Самсонавіч, сыну... Ухіленне ад падаткаў - злачынства... І, заўважу, злачынства сур'ёзнае...

Капітан прымоўк і з непрыхаванай асалодай назіраў за тым, як задрыжэлі губы старога, як ненатуральна збялеў маршчыністы знямелы твар, як у нервовым ціку тузаецца шчака і хутка-хутка плюскаюць, трымцяць павекі.

Сябелюб і ганарлівец Малярэўскі нават падумаць не мог, што ў той момант, калі ён бліскучым лязом праткнуў яблык і цешыўся паражэннем суразмоўцы, Кузьма Самсонавіч яго не чуў...

* * *

Чырвоны яблык і фінка... Яны ўварваліся ў свядомасць і быццам разарвалі, разблакіравалі памяць... Даўняе, некалі перажытае ўсплыло і праз бялёсую завесу туману Кузьма Самсонавіч убачыў сябе маленькага на каленях у маці. Ён адчуў на сваёй даўно не стрыжанай галаве цёплую далонь, пачуў гарачы шэпт: "... Сынок, не бойся... дзядзі харошыя... яны хутка пойдуць..."

А "дзядзі" у хаце нешта шукалі, ператрасалі адзенне, з абабітай жалезам скрыні выкінулі матчын дзявоцкі пасаг. Лепшае кідалі у мяхі, непатрэбнае ў кучу сярод хаты... Перакулілі шафу, пабілі посуд, цюфякі, набітыя леташняй саломай, чамусьці парэзалі нажамі...

Напалоханы крыкам і шумам, на сярэдзіну хаты, з-пад печы, выбег малады пеўнік, якога маці берагла на Вялікдзень, і насаты дзядзька тут жа скруціў яму галаву і таксама кінуў у мех. Са столі сыпаўся пыл, хтосьці тупаў на гарышчы...

Насаты сеў на лаву, падсунуў бліжэй да сябе стол, упёрся ў яго локцямі і ўпіўся мутнымі вачамі ў Кузьму. Разглядваў доўга, раз-пораз чмокаў прыліплую да ніжняй губы патухлую папяросу. Раптам убачыў на стале гліняную глыбокую місу, у якой ляжаў клубок чырвоных нітак з вязальнымі спіцамі. Спіцы кінуў пад ногі, клубок паціскаў у руках і выцягнуў з похваў вялікі кінжал. Чыркнуў газніцай, зробленай з гільзы, прыпаліў папяросу. Некалькі разоў запар пыхнуў дымам і скрозь зубы працадзіў:

- Ты, Нінка, павінна сказаць дзе твой Самсон.

- Ужо гаварыла... Яшчэ на пачатку вайны забралі...

- Хто, хто забраў? - ажно ўзвіўся насаты - Аж вушы баляць цябе слухаючы...

- Дакумент не паказалі, -- паспяшалася адказаць маці. - Замест яго - торкнулі аўтамат у плечы і павялі...

- І што, за тры гады весткі не перадаў? А людзі кажуць, што па начах да цябе нейкі мужык ходзіць...

- Ты таксама не ўдзень прывалокся... А на брахні свет не стаіць...

- Добра, паверу, - блазнавата рагатнуў насаты. - Паверу, калі мяне прымеш...

- І прыму, - загарачылася маці. - Толькі дазволу ў тваёй жонкі спытаю... Заўтра ж прыйду... І ты дома будзь...

- Ну ты і сцерва!.. - падхапіўся на ногі насаты і з усёй сілы ўдарыў кінжалам па клубку. - Я табе прыйду!.. Ды я цябе ў камендатуру... А мальца ў лагер... На вопыты... Кроў здаваць...

Насаты нешта крычаў, тупаў нагамі, але маленькі Кузьма яго не чуў, ён не мог адвесці вачэй ад вялікага бліскучага кінжала, якім крыўдзіцель рэзаў на часткі чырвоныя ніткі. Маці напярэдадні распусціла старую кофту і абяцала звязаць яму цёплыя шкарпэткі, рукавіцы і шапку. І тады... Тады ён зможа выходзіць на вуліцу...

- Зрэшты, даўно хацеў запытацца: Самсон хто?.. - крычаў насаты, - юда?..

Пачуўшы пра "юду", да іх падышоў малады хлопец ў фуфайцы з белай павязкай на рукаве і, насмешліва аглядаючы малога, прапанаваў:

- Махляр, давай праверым... Мальцу штаны знімем і ўбачым хто бацька... Тут "аўсвайс" не трэба...

- Я табе не "махляр", -- зароў насаты. -- Папрашу звяртацца, як паложана... Па званні ці пасадзе...

- Мужчынкі, дарагія, не пужайце сына! - узмалілася маці. - Коля, мы ж не чужыя, раслі разам... З Самсонам некалі сябраваў... І ніткі парэзаў... Нашто?!.

- А-а, табе нітак шкада?.. А мне галавы не знасіць, калі Самсона не знайду!.. Муж твой бандыт... І ты партызанка... Хлеб у лес пячэш... А ў клубок магла гранату ці лімонку ўматаць, каб камендатуру ўзарваць!.. Як табе гэткі паварот?..

- Коля, што ты гаворыш, адумайся?!. - глытаючы даўкія слёзы, надрыўна плакала маці. - Партызаны... Хлеб... Ды ў мяне дзве бульбіны засталося... Не ведаю, чым сына карміць?.. Вясна позняя... Крапіва, шнітка не нараслі...

Той, каго маці назвала Колем, рэзка змахнуў са стала шмаццё нітак, следам паляцела і гліняная міса. Міса падкацілася да лавы, дзе яны сядзелі, жанчына апусціла сына на падлогу і пацягнулася за цудам уцалелай пасудзінай. Гэтага толькі і чакаў другі, маладзейшы, паліцай. Ён рэзка вырваў з рук жанчыны маленькага Кузьму, паставіў на стол і фінкай скалупнуў з пляча шпагаціну, што трымала лапленыя на каленках штаны, пашытыя са старой бацькавай гімнасцёркі.

Тое, што адбылося далей, хлопчык памятаў дрэнна. Паволі, як спадцішка, вочы заліло шэрым калючым туманам, у якім расплыліся гідлівыя ашклянелыя варожыя твары. Яны грымаснічалі, скалілі зубы, пыхкалі атрутным тытунём, рагаталі, а пасля таго, як гэты самы Коля дакрануўся фінкай да цела трохі ніжэй жывата, маленькі Кузьма самлеў...

Ён ачуняў, як казала маці, толькі на трэці дзень. Сына ўбачыла і расплакалася... Спуд быў настолькі моцны, што хлопчык ні хадзіць, ні гаварыць не мог... І, што найгорш за ўсё, здарыўся нервовы цік, які раз-пораз перасмыкаў твар...

Кузьма прахварэў цэлы год, і толькі наступнай вясной, калі гуллівае сонейка майскімі ранкамі пачало загадкава зазіраць у вочы і быццам клікаць на вуліцу, на волю, ён пайшоў на папраўку. Давялося вучыцца наноў і гаварыць, і хадзіць, а вось нервовы цік доўга не паддаваўся лячэнню. Дый лячэнне тое было без усялякіх лекаў і дактароў...

"Дзе доктара знайсці?.. Хіба ў немцаў?.. - пасля вайны часта ўспамінала маці. Гаварыла так, быццам апраўдвалася. - Пайсці можна было... Людзі ж, вядома, хварэлі... Толькі лячылі немцы сваіх і, канешне, прыхвасняў... А з намі што хочаш маглі зрабіць... Хоць у Нямеччыну адправіць, хоць расстраляць па даносу якога паскудніка... Бацька ж партызаніў... А паліцай, як ты самлеў - адчапіўся... Не-е, у яго жалю да нас не было... Ягоная жонка настояла... Прыйшла, цябе ўбачыла і перажагналася, гэткі ты, сынок, быў лядашчы... Што казаць пра некага... Я сама рыхтавалася да горшага... А потым бабкі пачалі прыходзіць... Вышуквала іх па ўсёй акрузе... Здаралася, людзі самі настоі розныя прыносілі... Хто шаптаў, хто малітвы чытаў ды святой вадой пырскаў... Было, і траўку палілі, дымам абкурвалі, як пчаляр пчол... А калі па праўдзе, то нас твая хвароба і ўратавала... Паліцаі засады ладзілі, чакалі, што татка прыйдзе хворага сына праведаць. Ты за прынаду быў... А Самсон доўга не аб'яўляўся, як аказалася, паранены ляжаў... А летам і нашы прыйшлі..."

Калі фашыстаў прагналі, маці на спадарожнай ваеннай машыне Кузьму завезла ў Мінск, у шпіталь. Ён доўга памятаў немаладога вусатага доктара з залатымі пагонамі на плячах, які пасля агляду нечакана прытуліў хлопчыка да сябе і прашаптаў: "Даўно не лячыў простыя чалавечыя хваробы... Чатыры гады ў руках толькі скальпель... А ў цябе, малец, перспектыва выдатная, хвароба адступіцца... перарасцеш яе..." Кузьма Самсонавіч праз некалькі год і сапраўды пазбавіўся ад нервовага ціку, як сказаў ваенны доктар, "перарос" хваробу. Праўда, цік калі-нікалі ўсё ж нагадваў аб сабе.

* * *

Малярэўскі і падумаць не мог, што яблык, праткнуты фінкай, прымусіць дзеда Кузьму ўспомніць самыя жудасныя хвіліны жыцця. Капітан, уладна пазіраючы на старога, доўга маўчаў, чакаў калі праўдалюбец ачуняе і ўсвядоміць пачутае.

Нарэшце Кузьма Самсонавіч расплюшчыў вочы, пагардліва зірнуў на свайго крыўдзіцеля, пацягнуўся да пузатага графіна з вадой, і ў гэты момант зноў токам ударыла. Рэзкі боль працяў скроні, у грудзях гучна затахкала сэрца.

Нахлынуўшыя ці то мроі, ці то ўспаміны прымусілі заплюшчыць вочы і зноў убачыць і адчуць сябе пяцігадовым хлопчыкам. Да яго зноў вяртаўся той страшны дзень, калі фашысцкія прыслужнікі рабілі вобыск... Вось ён сядзіць на руках у маці, а насупраць за сталом гарой высіцца паліцай. У руках паліцая клубок чырвоных нітак і ён, скалячы зубы, падсоўвае малому хлопчыку фінку, прымушае рэзаць клубок... Маленькі Кузьма супраціўляецца, ён памятае, што гэтак не было, але гідлівы паліцай настаўляе вінтоўку на маці, і дрыжачая рука хлопчыка пачынае шморгаць фінкай па злашчаснаму клубку. Нечакана лязо скрыгатнула па металу, і ніткі адразу быццам хто здуў з далоняў, і ў руках ужо не клубок, а цяжкая рабрыстая лімонка... Кузьма спрабуе ўратаваць маці і хавае чамусьці гарачую жалязяку, падобную на гусінае яйка, за пазуху, і тут жа агністая бліскавіца коратка і балюча секанула па вачах, сотні, тысячы званоў грымнулі ў скронях, нясцерпны, люты боль апёк грудзі. Адразу наляцеў смерч і закруціў столь, сцены, людзей у адным шалёным танцы... Закруціў і кінуў у чорную непраглядную пустэчу...

Кузьма Самсонавіч з апошніх сіл супраціўляўся разбойнаму тарнада і раптам адчуў прыемную лёгкасць... Боль знік, наўкол шчабяталі птушкі, высока ў паднябессі гучала ціхая ласкавая музыка... Ён хацеў убачыць, гукнуць маці і не змог расплюшчыць вочы, павекі зрабіліся невыносна цяжкімі, свінцовымі і голас прапаў.

"Дзіва нейкае... Міраж... Цела лёгкае... Мне хораша... Нічога не баліць, а павекі цяжкія і гаварыць не магу... Вось толькі гэты едкі фальшывы голас... Ён скрабецца ў самым вуху і нудліва гудзе, быццам муха ў павуцінні... Хоць бы які павук стрыножыў гэтую заразу..." - думаў стары.

Малярэўскі бачыў, што чалавек пакутуе, яму кепска, але не ў правілах капітана спыняцца на сярэдзіне дарогі. Ён прывык дабівацца поўнага падпарадкавання. Малярэўскі наліў у шклянку вады, але вады дзеду не даў, сціснуў шклянку ў далонях, важна зашпацыраваў па кабінеце:

- Эх, Кузьма Самсонавіч, Кузьма Самсонавіч!.. - павучальна гугнявіў капітан. - Жыццё пражылі і не зразумелі, што з намі сябраваць трэба, а не ў рожкі хадзіць... І што цяпер?.. Будзеце сімуляваць якую-небудзь хваробу і нямогласць?.. За сэрца схапіліся... Скажаце, старасць шкадаваць трэба?.. Ведаю... Думкі наперад ведаю... Вы ж не першы і не апошні ў гэтым крэсле... А хто мяне пашкадуе? Начальства стружку зняло за тое, што Кузьма Самсонавіч вырашыў пагуляць у шляхетнасць, пачаў бараніць хапуг і злодзеяў... Цяжка верыцца, што працоўны чалавек, рабацяга, жывучы на мізэрную пенсію, шкадуе прайдзісветаў... Ну, хай бы яны елі і пілі з залатой пасуды, а то ж блюзнерам трэба і ўнітаз з высакароднага металу... Эх!.. Да пары жуллё жыруе!.. А мой пратэст са сцен змыецца... Золата блішчэла і блішчэць будзе, а вось людзі, спадзяюся, задумаюцца: хто і чаму іх за лохаў трымае!.. Мы ж пакуль пасмяёмся... Да часу, канешне...

Узбуджаны капітан нечакана прыпыніў узвышаную тыраду, крутнуўся да дзеда Кузьмы, вада выплюхнулася са шклянкі. Па ўсім, гэта была адзіная перашкода, якая замінала "трыбуну" гаварыць. Малярэўскі паставіў шклянку на стол і, гледзячы вышэй галавы паддопытнага, паблажліва выдыхнуў:

- Бачу, вы згодны... Выпіце вады, супакойцеся і падпішыце пратакол вобыску...

Збялелы Кузьма Самсонавіч дрыжачай рукой ухапіў шклянку, але ўтрымаць не змог. Шклянка выслізнула і разбілася, шкло бісерам рассыпала па падлозе, даўно не мытай, да жоўтага вышмарганай абцасамі. Кузьма Самсонавіч захістаўся, застагнаў і пачаў валіцца на мокрую падлогу, на бітае шкло, і ўсё ж, у апошні момант, Малярэўскі паспеў падхапіць старога.

На глухі стогн і падазроны шум у кабінет зазірнуў Сярдзюк.

- Сярдзюк, дапамажы... старому кепска... Не біў... гаварыў культурна... а ён раз... і споўз... прытомнасць страціў... - укладваючы Кузьму Самсонавіча на падлогу і лупячы яго па шчоках, спалохана бубніў капітан.

- Я чуў тваю "культурную" апрацоўку, - груба адштурхнуўшы капітана ад старога, рыкнуў Сярдзюк, -- штучнае дыханне рабіць трэба, а не ляпаць па пашчэнках... Выклікай хуткую дапамогу...

* * *

Па факту здарэння была прызначана службовая праверка. Даволі хутка з'явілася і заключэнне, дзе гаварылася, што ў паводзінах капітана Малярэўскага адсутнічаюць наўмысныя дзеянні ў адносінах немаладога чалавека, з якім здарыўся інфаркт.

Дактары пацвердзілі наяўнасць даўняй хваробы сэрца ў Кузьмы Самсонавіча. Галоўную ролю сыграла даведка з паліклінікі, дзе Кузьма Самсонавіч апошніх дзесяць гадоў быў на ўліку ў кардыёлага.

Пра ўсё гэта дзед Кузьма даведаўся ад Сярдзюка толькі праз тыдзень, калі дактары перавялі хворага з рэанімацыі ў агульную палату. Кузьма Самсонавіч ці то ад шматлікіх лекаў, ці то ад усведамлення той мяжы, з-за якой вырваўся, успрыняў сказанае ўчастковым спакойна, нават абыякава. Яму хацелася хутчэй аказацца дома, у сваёй хаце, пасядзець у зробленай сынам альтанцы, прайсціся па садзе і на поўныя грудзі ўдыхнуць пах прэлага лісця, змешанага з ападам антонавак, выпіць кубачак ліпавага чаю. Ён не жадаў варушыць старое, даўно перажытае і амаль забытае... У здарэнні нікога не вініў...

Але як толькі Сярдзюк сказаў, што Кузьма Самсонавіч у бяспамяцтве мроіў, крычаў, баронячы маці ад паліцая Махляра, быццам заслона з вачэй упала, прыйшло азарэнне, а з ім і разуменне таго, што павінен рабіць. Ён радасным ўзрушаным позіркам паглядзеў на капітана і папрасіў прынесці ручку і некалькі аркушаў паперы.

Нечаканая просьба ўстрывожыла капітана, ён доўгім спалоханым позіркам утаропіўся ў хворага. Кузьма Самсонавіч імгненна зразумеў трывогу ўчастковага. Ён няспешна ўзяў шклянку з вадой, што стаяла на тумбачцы, зрабіў некалькі глыткоў, дабрадушна ўсміхнуўся:

- Ты падумаў, што я розумам крануўся?.. Калі так, значыцца, хтосьці таксама можа ўсумніцца ў маёй нармальнасці?

Капітан хацеў запярэчыць, але Кузьма Самсонавіч замахаў рукамі, маўляў, маўчы, і строга дадаў:

- Чалавек непрытомны ўсялякага нагаворыць... Каб не сумняваліся ў маёй дзеяздольнасці, успаміны напішу... пра вайну... пра паліцая... Гэтым разам адтуль, з вайны вынырнуў мой інфаркт... А то прыйдзе ў галаву якому разумніку экспертызу прызначыць і ў "дурку" старога прыстроіць.

Кузьма Самсонавіч сказаў і адразу адчуў, як лёгка стала на душы, яго, насамрэч, перапаўняла жаданне хутчэй сесці за стол і пісаць пра паліцэйскі вобыск, пра жудаснага Махляра і асабліва пра гранату, якая, па версіі фашысцкага прыхвасня, была схаваная ў клубок нітак.

- Гэта ж зусім іншая справа, - павесялеў участковы. - Прабач, Кузьма Самсонавіч, я, грэшнай справай, і сапраўды трошкі ўсумніўся...

На другі дзень Кузьма Самсонавіч прыступіў да справы. Раней, калі жылі без мабільных тэлефонаў, дый просты тэлефонны апарат стаяў не ў кожнай хаце, ён часта пісаў пісьмы. Але ж пісьмы, віншавальныя паштоўкі - зусім не тое, што напісаць успаміны. Успаміны, лічыў Кузьма Самсонавіч, працэс творчы, і ад гэтага разумення ён неяк разгубіўся, нават засумняваўся ў тым, што здолее здзейсніць задуманае, усё ж семдзесят гадоў мінула. Але адступаць было позна. Уладкаваўшыся на табурэце каля тумбачкі, што стаяла каля ложка, ён начапіў акуляры, перахрысціўся і ўзяўся за справу.

Дзед Кузьма, нечакана для самога сябе, на дзіва лёгка спраўляўся з задуманым. Пісаў і адчуваў на сваёй галаве ласкавую далонь маці, адчуваў яе цяпло і ні з чым не параўнальны запах дабрыні, вернасці, любові. Словы клаліся на паперу лёгка, без натугі, як завучаны тэкст, і, калі выпадак з паліцэйскім вобыскам быў распісаны да дробязей, Кузьма Самсонавіч зрабіў рашучую і канчатковую выснову, што не вобыск у хаце Пятровай, не сапсаваны пратакол і не капітан Малярэўскі сталі прычынай інфаркту. Вінаваты ва ўсім - яблык... Той самы яблык, які следчы праткнуў фінкай і рэзаў так, як калісьці фашысцкі хаўруснік Махляр распраўляўся з матком чырвоных нітак. Што менавіта "ягомасць выпадак" узбудзіў і вярнуў памяць, прымусіў ізноў перажыць жудасны паліцэйскі вобыск той даўнішняй пакутнай ночы.

Калі ў чарговы раз у палату завітаў Сярдзюк, Кузьма Самсонавіч аддаў участковаму спісаныя лісткі і, цяжка ўздыхнуўшы, сказаў:

- Памятаю, напрыканцы вайны фронт набліжаўся, кананада ва ўсю грымела... Неяк надвячоркам праз вёску партызаны ішлі... Малады хлопец у панадворак забег, вады папрасіў... Папіў, мне падміргнуў, чуб раскудлаціў, весела рассмяяўся і, закідваючы на плячо вінтоўку, узбуджана ўскрыкнуў: "Наша ўзяла!.." Партызан песню зацягнуў і подбегам кінуўся сваіх даганяць. З песні толькі радок і запомніў: "... фашысты, паліцаі-бобікі, рабіце сабе гробікі..." Бач, успомніў!.. Усё ўспомніў... Ты, капітан, паперы каму трэба перадай, а следчаму Малярэўскаму, ад мяне дзякуй скажы...

- За што дзякуй?.. За інфаркт?.. - ажно ўзвіўся Сярдзюк.

- За інфаркт, можа, і не, а вось за тое, што памяць вярнулася - яму дзякуй... А яшчэ перадай: ад сваіх слоў, запісаных у пратаколе вобыску, не адмаўляюся... Не хачу грэх на душу браць... Дый і яму добра было б павініцца перад жанчынай... Ад праўды нікуды не дзенешся...

- Малярэўскі і з мяшка вылузнецца, - хаваючы лісткі ў папку буркнуў Сярдзюк. - Ліхога на ліхое вучыць не трэба...

* * *

Некалькі дзён Кузьма Самсонавіч чакаў навін ад Сярдзюка, варушыў у памяці напісанае, але яго не трывожылі, і ён супакоіўся, рашыў наведацца ў міліцыю пасля лячэння. Дый сын прыехаў, і думкі неяк пераключыліся на сямейныя пытанні. А думаць было пра што. Аляксей у каторы раз зваў бацьку да сябе. Але ж як кінуць сваю хату, адмовіцца ад саду, дзе кожны куст, кожная травінка табе ўсміхаецца?.. Паабяцаў сыну падумаць, а сам наперад ведаў, чым скончацца гэтыя думы, а больш, з яго боку, прыдумкі. Ён ніколі не кіне тое да чаго прыкіпеў...

І тут зноў з'явіўся Сярдзюк, і не адзін, а з нейкім непрыкметным лысаватым чалавекам у шэрым гарнітуры і прыцемненых акулярах, за якімі, Кузьма Самсонавіч, як ні сіліўся, вочы незнаёмца разглядзець не змог. Участковы кінуўся да дзеда Кузьмы, як да роднага, абняў, шапнуў у вуха: "Лысы з камітэта дзяржбяспекі... палкоўнік... думай што гаворыш...". Сказаў і замітусіўся, вылажыў з цэлафанавага пакета на тумбачку ўсялякіх прысмакаў і ўсё гаварыў, гаварыў...

Чалавек у акулярах працягнуў хвораму жылістую руку, ціха сказаў:

- Будзем знаёмы, Іван Іванавіч... Адкуль я і хто - ведаеце, капітан нашаптаў... Наконт "лысага" не згодзен... Залысіны - яшчэ не лысы... А вось парада Сярдзюка слушная, думаць трэба, і заўважу - заўсёды... На тое чалавеку і галава дадзена.

- Бойся Усявышняга і не гавары лішняга, - пакрыўджана буркнуў участковы, падышоў да вакна, адхінуў занавеску і пачаў нешта разглядваць на вуліцы, быццам у палаце яго больш нічога не цікавіла.

- А вы, Кузьма Самсонавіч, што думаеце? - усміхнуўся лысаваты і сеў на край ложка.

- Наконт чаго? - асцярожна перапытаў дзед Кузьма. - Нешта я вас не разумею...

- Я пра вашага сына, Аляксея Кузьміча, - аглядваючы палату трошкі насмешліва прамовіў палкоўнік. - Прымаеце яго прапанову ці...

- Вы і пра гэта ведаеце? - перапыніў палкоўніка дзед Кузьма. -- Выходзіць і ў бальніцы сцены вушы маюць?..

- Ну, гэта занадта, - весела рассмяяўся лысаваты. - Нашто "вушы", калі радня ёсць... Сярдзюк і расказаў...

- Ага, радня, -- непрыязна зірнуўшы на ўчастковага, зморшчыўся Кузьма Самсонавіч, - на адным сонцы анучы сушылі...

- А мне здалося... Гэтак абдымаў...

Кузьма Самсонавіч раптам усвядоміў, што прывяло ў палату гэтага Івана Іванавіча, калі ён насамрэч "Іванавіч". Ён зразумеў, што ніхто не паверыў аповеду пра паліцэйскі вобыск, і цяпер палкоўнік глядзіць яму ў вочы, ухмыляецца, плявузгае нейкую бязглуздзіцу.

- Будзеце насміхацца ці пытанні задаваць? - адчуўшы нядобрае запытаўся дзед Кузьма і, трошкі памаўчаўшы, напаўголаса дадаў. - Не маглі з такой важнай арганізацыі прыслаць чалавека толькі зубы паскаліць...

- Што праўда, то праўда, - з дабрадушнай мінай на твары ўздыхнуў палкоўнік. Ён зняў акуляры, уважліва паглядзеў хвораму ў вочы і абнадзейлівым голасам дадаў. - Я веру таму, што з вамі адбылося падчас фашысцкай акупацыі, перакананы ў тым, што амнезія, як іржу, сцерла з памяці паліцэйскі здзек... Але цяпер, калі гэтая "іржа" вярнулася, магчыма, вы ўспомніце хаўруснікаў Махляра?.. Прыгадаеце імёны, прозвішчы, мянушкі...

- Падзеі той ночы, і сапраўды, быццам хто сцёр з памяці, - заклапочана ўздыхнуў Кузьма Самсонавіч. - Памятаю, што доўга хварэў... Добра памятаю, як пасля вайны маці вазіла мяне ў Мінск і паказвала ваеннаму доктару...

- А што маці?.. - напружана спытаў палкоўнік. - Няўжо пасля, як паправіліся, не расказала праўды?

- Маці, пакуль жывая была, казала адно: у вайну паліцаі напужалі, са спуду хвароба... Падрабязнасцей пазбягала, цяпер разумею, берагла мяне... А ў кабінеце следчага, як заслона з вачэй упала, усё ўспомніў... Пра ўсё і напісаў.

- Што ж, - палкоўнік устаў, працягнуў руку Кузьме Самсонавічу, - рады знаёмству і хачу падзякаваць за ваш успамін. Мы яшчэ сустрэнемся, але трошкі пазней... Папраўляйцеся... І яшчэ, за сына не хвалюйцеся, парушэнняў закону ў яго няма... Малярэўскі перастараўся... Падазрэнні яшчэ не факты...

- І вам добрага здароўя, а за сына вялікі дзякуй, - засмучана ўсміхнуўся дзед Кузьма і, не выпускаючы руку палкоўніка, хітравата запытаўся: - Будзеце шукаць Махляра?.. Не пазнавата?.. Цяпер паліцаю далёка за сто гадоў... Думаю, вы кнігу пішаце... І раней прыходзілі карэспандэнты, толькі я пра вайну амаль нічога не памятаў...

-- Пра тое, што з вамі адбылося, не толькі кнігу пісаць, кіно здымаць трэба!.. Каб людзі ведалі і памяталі... А мы з вашымі ўспамінамі яшчэ папрацуем...

* * *

Пасля бальніцы Кузьму Самсонавіча накіравалі ў санаторый на рэабілітацыю. Ён і думаць перастаў пра палкоўніка Івана Іванавіча, як той сам, неяк пасля абеду ў "ціхі час" зайшоў у палату. У адной руцэ жоўты цэлафанавы пакет, у другой - чорны дыпламат. Нязваны госць шэптам павітаўся, угледзеў крэсла каля стала, паднёс яго да ложка дзеда Кузьмы, сеў, здарожана ўздыхнуў:

- Строга ў вас, інкогніта не праслізнуў... Ахоўніку дакумент паказаў, а ён не паверыў, заявіў, што "ксіву" на любым кірмашы купіць можна... Давялося начальства выклікаць... Цяпер чакайце пытанняў, чаму вамі цікавіцца камітэт дзяржбяспекі?

- А сапраўды, чаму? - кпліва падтакнуў Кузьма Самсонавіч.

- Па-першае, рады вас бачыць у добрым настроі, - палкоўнік шумна выцягнуў з цэлафанавага пакета вялікі пузаты ананас і паклаў яго на тумбачку, - другое...

- Можа, другое, трэцяе, чацвёртае прапусцім, і скажаце галоўнае, - нецярпліва, з трывогай у голасе перапыніў суразмоўцу дзед Кузьма.

- Дайце хоць перадыхнуць з дарогі, - з напускной бравадай заўсміхаўся палкоўнік. - Зрэшты, калі настойваеце, пачну з галоўнага...

Ён пакруціў колка шыфру ў замочку, ключыкам адамкнуў дыпламат, пакорпаўся ўсярэдзіне і асцярожна выцягнуў вялікі канверт, дастаў з яго некалькі фотаздымкаў.

- Гэта перазнятыя і павялічаныя тагачасныя здымкі з мінскіх фашысцкіх газет, у якіх успамінаецца ваша вёска падчас правядзення карнай аперацыі... Ёсць групавыя фота паліцаяў... Паглядзіце, раптам каго пазнаеце?

Кузьма Самсонавіч няспешна начапіў акуляры і асцярожна паднёс да вачэй прапанаваны здымак... Потым другі... трэці... Але як ні сіліўся, у зжаўцелых ад часу здымках, нікога пазнаць не мог.

- А гэтак? - палкоўнік працягнуў старому павелічальнае шкло.

Дзед Кузьма хацеў запярэчыць, але палкоўнік перапыніў:

- Не пазнаеце ў агульных здымках, зробім партрэт кожнага... Мы ведаем усіх фашысцкіх прыслужнікаў, але ёсць і тыя, каму ўдалося пазбегнуць пакарання. Сярод іх і паліцай па мянушцы Махляр...

- Нашто шукаць мерцвяка?.. - не разумеючы настойлівасці палкоўніка, прамармытаў Кузьма Самсонавіч, але павелічальнае шкло ўзяў, паклаў на адзін са здымкаў і, трошкі прыпадымаючы, дабіваючыся рэзкасці, раптам утаропіўся ў здымак. Са старога пажаўцелага фота мутнымі вачамі на яго глядзеў насаты паліцай... Тая ж зняважлівая ўсмешка і... папяроса ў зубах.

- Ён!.. - захліпаючыся ад пакутнай дыхавіцы, прахрыпеў дзед Кузьма і адчуў, як паўзучы востры боль свердзеламі ўпіваецца ў патыліцу...

Палкоўнік быў чалавек спрактыкаваны і ведаў, чым можа скончыцца апазнанне паліцая, таму ў калідоры чакалі доктар і медсястра з уколамі і кропельніцай...

* * *

Кузьма Самсонавіч ужо тры дні, як вярнуўся з санаторыя. Раніцай прыбегла Наталля, прынесла гарачых блінцоў з тваражком і зноў дзякавала за падтрымку падчас вобыску. Ён бачыў, як павесялела суседка, цяпер з яе твару не сыходзіла лагодная ўсмешка, выразныя васільковыя вочы свяціліся дабрынёй. Дзед Кузьма ад перабольшанай увагі маладзіцы адчуваў сябе, як не ў сваёй талерцы. Ад пачастункаў аднекваўся, мармытаў, што яшчэ сам здольны паклапаціцца аб сабе, але ўстаяць перад напорам шчырай дабрыні не мог.

- Кузьма Самсонавіч, можна мне з вамі гарбаткі з варэннем папіць? - спыталася Пятрова і, не чакаючы згоды, паставіла на стол літровы слоік. - Вось, яшчэ ў ліпені зварыла. Маліна ў гэтым годзе ўрадзіла, як ніколі.

- Дзе ж маліне пладзіцца, як не ў Малінаўцы? - Усміхнуўся дзед Кузьма. - Толькі лішняе гэта... У цябе клопату вышэй галавы. Вось і цяпер: ты тут, а дзеткі?.. Адны?..

- Што вы, - рассмяялася суседка, - ужо месяц як хлопчыкі ў бацькоў. Прыйшла параіцца, мо дадому пара іх прывезці?

- А я тут якім бокам? - здзівіўся дзед Кузьма. - У мяне ні машыны, ні правоў... Да суседкі, да Веркі, па дапамогу трэба...

- Справа не ў машыне... - цяжка ўздыхнула Наталля і, трошкі памаўчаўшы, адным дыхам выпаліла. - Да мяне прыходзілі з пракуратуры, выпытвалі пра нейкую "метку" ў прыбіральні... Доўга не магла зразумець, што за "метка"?.. А потым дапетрыла... Было, кажу... Пасля вобыску ў прыбіральню сунулася, а там сцены, люстэрка, нават адзежа дзіцячая дзярмом выпацканы... Хто зрабіў, не ведаю, толькі цэлы дзень змывала тую гадасць. Потым міліцыянер прыходзіў, з тых начальнікаў што кіравалі вобыскам, худы, насаты, вочы нерухомыя, сцюдзёныя... Прасіў не пацвярджаць таго, што было ў прыбіральні... Калі адмовілася - стаў пагражаць дзяцей адабраць, а мяне, як мужаву хаўрусніцу, у следчы ізалятар. Вось і адправіла дзетак да бацькоў, на Віцебшчыну. Сама не паехала, забаранілі месца жыхарства пакідаць, а чаму, і сёння не разумею...

- Да нашага ўчастковага звярнуцца трэба, - няпэўна прапанаваў Кузьма Самсонавіч.

- Хацела, -- адчайна махнула рукой Наталля, - але як даведалася, што вас з міліцыі хуткая дапамога забрала - не адважылася. Як успомню насатага міліцыянера - страшна робіцца... Не за сябе, за дзетак...

У гэты момант у сенцах бадзёра дзынкнуў званочак, і амаль адразу дзверы на кухню расчыніліся, у пакой уваліўся Сярдзюк.

- Во, лёгкі на ўспамін, - спрабуючы ўстаць з крэсла незадаволена буркнуў дзед Кузьма.

- Служба гэткая, быць там, дзе патрэбен, - весела падміргнуў Пятровай Сярдзюк і, паклаўшы гаспадару руку на плячо, узвышана дадаў. - Сядзі, Кузьма Самсонавіч, і больш ні перад кім не ўставай. - Участковы азірнуўся і гучна запытаўся. - Таварыш палкоўнік, правільна я кажу?..

- Правільна, правільна! - паблажліва адгукнуўся сцішаны голас з-за шырокай спіны Сярдзюка.

- Іван Іванавіч, а што вы ў мяне забыліся? - пазнаў палкоўніка Кузьма Самсонавіч. - Ці мне ў сваёй хаце ўжо не вольна?..

- Ой, зусім забылася, - падхапілася Наталля, - у мяне ж пральная машына адпрацавала...

- Застанься, - строга сказаў дзед Кузьма, - ты ў мяне званы госць...

- І нязваныя па кубачку гарбаткі выпілі б, калі прыгатуеце, - узяўшы за руку Пятрову папрасіў участковы.

На нейкі момант у пакоі запанавала гнуткая напятая цішыня, якую нечакана парушылі гулкія ўдары і рыпучае скавытанне ў сенцах. Кузьма Самсонавіч строга зірнуў на ўчастковага, незадаволена буркнуў:

- Званыя дзверы за сабой зачыняюць.

Капітан кінуўся ў сенцы наводзіць парадак, а гаспадар, гледзячы палкоўніку ў вочы, падабрэлым голасам сказаў:

- Госці лавы не пераседзяць! Наталля, стаў кубачкі, сталічнае начальства малінавым варэннем частаваць будзем. Здаецца мне, Іван Іванавіч у нас афіцыйна... Бачыш, гарнітурчык на ім новенькі, кашуля, гальштук, чаравікі лакірованыя... І дыпламат пры ім... Няважна, што чамаданчык старэнькі, галоўнае, каб у ім ляжалі паперы з добрымі навінамі.

Палкоўнік падсунуў крэсла бліжэй да гаспадара, сеў, паклаў на калені ўжо знаёмы дзеду дыпламат.

- Першае, добрага вам, Кузьма Самсонавіч, здароўя, - урачыста прамовіў Іван Іванавіч, насцярожана зірнуў на гаспадара і зразумеў, што той, як заўсёды, гатовы яго перапыніць. Палкоўнік вырашыў, што няхай стары адразу выкажацца, і няспешна шчоўкнуў замочкамі, дастаў з дыпламата чырвоную папку з белымі матузкамі.

- Зноў першае... другое... трэцяе... Не люблю, калі ўсё раскладваюць па ранжыру..., - непрыязна буркнуў дзед Кузьма. - За вашымі хітрыкамі і важнае прапусціш...

- Я сапраўды з добрымі навінамі, - развязваючы матузкі задаволена ўсміхнуўся палкоўнік. - І калі гаспадар настойвае - агучу галоўнае? - А важнае тое, што паліцая, які здзекаваўся з вашай, Кузьма Самсонавіч, сям'і, падчас Вялікай Айчыннай вайны, мы знайшлі!.. Паліцай перахітрыў усіх... Ён памяняў у дакументах адну літару ў прозвішчы і стаў іншым чалавекам. Калі прайдзісвет адчуў, што фашыстам капец, ад немцаў уцёк і зашыўся ў глухой вёсцы на Магілёўшчыне, а потым, - палкоўнік прымоўк, зрабіў невялікі глыток гарбаты, удзячна кіўнуў Наталлі і, зняўшы гальштук, працягваў: - А потым было, як з усімі, хто жыў у акупацыі... Пасля вызвалення Беларусі яго мабілізавалі, павучылі на паскораных курсах сапёраў - і на фронт, на перадавую. Яму пашэнціла, застаўся жывы... Быў паранены, меў баявыя ўзнагароды... Вярнуўся і да смерці ў адна тысяча васьмідзесятым годзе жыў ціха, непрыкметна. Цяпер, што тычыцца капітана, таго, што праводзіў вобыск у Пятровай, - палкоўнік зірнуў на Наталлю. - Супроць яго ўзбуджана крымінальная справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Ён будзе адказваць і за нанясенне сям'і Пятровай матэрыяльнай і маральнай шкоды. Цяпер самае нечаканае... Капітан Малярэўскі аказаўся ўнукам паліцая Махляра... Прозвішча фашысцкага хаўрусніка было Махлярэўскі, і, хаваючыся ад пакарання, ён выкінуў з прозвішча літару "х"... Тут прамашка нашай службы, маіх папярэднікаў... Ніхто і падумаць не мог, што паліцай схаваецца за адной літарай... А ўнуку ў спадчыну дзед паліцай перадаў не толькі прозвішча, помслівую злосць, але і мянушку... Праз яе, мянушку, і раскрылася праўда. Вось такая насмешка лёсу...

У пакоі надоўга запанавала нацятая, гнятлівая цішыня. Раптам у адчыненую фортку ўварваўся вецер, неспакойны, па восеньскі слотны, сцюдзёны, а разам з ім далёкі і ледзь чутны прызыўны перазвон. Неспакойна калыхнуліся фіранкі, надзьмуліся ветразямі, але і гэта не змагло парушыць пругкай цішыні. Кожны думаў аб сваім і ў той жа час пра адно і тое...

2018 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX