Нарадзіўся 29 сакавіка 1975 г. Карэнны лідзянін.
У 2004 г. скончыў Гарадзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў - спецыяльнасць "Народная творчасць" (народныя абрады і святы).
У 2017 г. скончыў БДУКМ - Факультэт традыцыйнай беларускай культуры і мастацтва, спецыяльнасць "Рэжысура святаў".
З 2012 г. працуе ў ДУ "Палац культуры горада Ліды" мастаком-пастаноўшчыкам народнага тэатра "Ракурс", а таксама пастаянны актор амаль ва ўсіх марапрыемствах Палаца кльтуры горада Ліды і за межамі яго.
БЕЛАРУСЬ ЖЫВЕ ВЕЧНА!
Сцэнар урачыстага святкавання ў школе 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (100 гадоў БНР)
Месца ўрачыстага мерапрыемства: школа, актавая зала, 10:00.
Працягласць урачыстага мерапрыемства: 45-50 хв.
Мэта:
- акцэнтаваць увагу школьнікаў на важнасці падзеі вялікага гістарычнага дня 25-га сакавіка 1918 г., калі высока быў падняты бел-чырвона-белы сцяг Беларускай дзяржаўнасці і голасна на ўвесь свет прамоўлена пра дзяржаўную незалежнасць новай Беларускай нацыі, якая ўтварылася і вырасла з Вялікага Княства Літоўскага;
- выхаваць патрыятычныя пачуцці - гонар і любоў да сваёй краіны Беларусі, у якой нарадзіліся і жывуць;
- абудзіць цікавасць да гісторыі нашай краіны, памятаць і шанаваць гістарычныя даты і дні нашай незалежнасці;
- стварыць і падтрымліваць станоўчы эмацыйны настрой - святочнае пачуццё Вялікай Перамогі.
Гукаўзмацняльнае абсталяванне:
- гукавое афармленне (радыёгазета) на ганку і ў фае школы;
- у актавай зале неабходнае гукаўзмацняльнае абсталяванне для вакальных спеваў пад фанаграму-мінус, неабходная колькасць мікрафонаў (магчымасць агучыць 2 вядоўцаў (радыё мік.), квартэт салістаў (4-ы мікрафоны на стойках)).
Экспазіцыя.
Уваход у школу аформлены вітальнымі словамі чырвонымі літарамі на белай расцяжцы "НЯХАЙ ЖЫВЕ ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ!", з бакоў лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Фае школы ўпрыгожана белымі і чырвонымі балонікамі. Плакат з вітальнымі словамі "Вітаем Святочную Беларусь!". Гучыць радыёгазета на ганку школы, у фае і калідорах школы (беларускія папулярныя песні вядомых выканаўцаў У. Мулявіна, Данчыка, гурт "Стары Ольса", песні на словы вядомых беларускіх аўтараў. Песні чаргуюцца з вершамі вядомых паэтаў Беларусі. Кожныя 5 хв. гучаць вітальныя і віншавальныя словы ад дырэктара школы, яго намесніка па выхаваўчай працы, прадстаўніка аддзела адукацыі, настаўнікаў і школьнікаў (асабістыя і калектыўныя віншаванні, проза, вершы - на ўласны выбар)). Радыёгазета гучыць на пачатку і да канца дня ў перапынках паміж урокаў.
Фае альбо калідор, каля актавай залы. Сцены ўпрыгожаны фотапартрэтамі ўсіх радных БНР (уключаючы сённяшні дзень) і вядомых беларускіх дзеячоў навукі, адукацыі, культуры і мастацтва ХІХ - ХХ стст. Выстава дзіцячых малюнкаў і вырабаў на тэму "100 гадоў БНР". Каля ўваходу ў залу стаіць на флагштоку вялікі бел-чырвона-белы сцяг, які вартуюць латныя рыцары, тарчы якіх упрыгожаны гербам Вялікага Княства Літоўскага - "Пагоня". Усім наведвальнікам урачыстага мерапрыемства, святочна апранутым у стылі эпохі пачатку ХХ ст., дзеці раздаюць бел-чырвона-белыя стужкі і святочныя "паштоўкі". Паштоўкі аформлены: з вонкавага боку выява бел-чырвона-белага сцяга над словамі: "Няхай жыве вольная Беларусь!", а на другім баку "паштоўкі" - на белым фоне чырвонымі літарамі "Вітаем святочную Беларусь!". Віншуюць усіх са святам.
Актавая зала ўпрыгожана бел-чырвона-белымі балонікамі. На задніку сцэны ў сярэдзіне герб "Пагоня", з бакоў бел-чырвона-белыя сцягі.
Гучаць фанфары.
Тэатралізаваная пастаноўка "Шлях Незалежнасці"
Гучыць эмацыйная, поўная рашучасці музыка, якая настройвае на прагляд адпаведных падзей. На яе фоне адбываецца танец з палотнамі белага і чырвонага колеру.
На сцэне з'яўляецца дзяўчынка ў нацыянальным строі, натхнёная духам свабоды і перамогі, трымае ў руках белую шыльдачку з чырвонымі лічбамі "1794". Спыняецца ў цэнтры, яе паглынаюць палотны, у якіх знікае. Палотны застаюцца і лунаюць хвалямі, уздымаюцца, ствараючы арку. Праз яе на сцэне з'яўляюцца ўзброеная шляхта з касінерамі і спяваюць урывак песні беларускіх жаўнераў:
Шляхта і касінеры
(песня):
Возьмем косы ды янчаркі,
Пойдзем гордыя гнуць каркі.
Няхай маскаль уступае,
Няхай беларусаў знае.
Ўжо мазуры іх пабілі,
З сваёй зямлі выганілі.
Пойдзем з імі і злучымся,
Маскве, немцам не дадзімся...
Т. Касцюшка: У сапраўдных патрыётаў не можа быць іншай радзімы, апроч той, дзе яны прыйшлі ў гэты свет. На штурм, Літва, мая Айчына, за Незалежнасць!
Шляхта і касінеры: У Пагоню!
Пад эмацыйны фон музыкі палотны ўздымаюцца ўверх, робячы арку.
Т. Касцюшка знікае са сцэны разам са шляхтай і сялянамі пад ёй.
Гучыць музыка, танец з палотнамі, зноў на сцэне з'яўляецца дзяўчынка ў нацыянальным строі, натхнёная духам свабоды і перамогі, трымае ў руках белую шыльдачку з чырвонымі лічбамі "1863". Спыняецца ў цэнтры, яе паглынаюць палотны, у якіх знікае. Палотны застаюцца і лунаюць хвалямі, уздымаюцца, ствараючы арку. Праз яе на сцэне з'яўляюцца касінеры разам з Кастусём Каліноўскім. Кастусь стаіць у цэнтры, касінеры паўколам за ім.
К. Каліноўскі: Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Але як дзень з ноччу разам не ходзяць, дык не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй маскоўскаю. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацця і ніякай навукі... На штурм, за Незалежнасць!
Касінеры: У Пагоню!
Эмацыйны фон музыкі, палотны ўздымаюцца ўверх, робячы арку.
Кастусь з касінерамі знікаюць са сцэны пад ёй.
Гучыць музыка, танец з палотнамі, на сцэне з'яўляецца дзяўчынка ў нацыянальным беларускім строі, натхнёная духам свабоды і перамогі, у руках трымае белую шыльдачку з чырвонымі лічбамі "1918". Спыняецца ў цэнтры, яе паглынаюць палотны, у якіх знікае. Палотны застаюцца і лунаюць хвалямі, уздымаюцца, ствараючы арку. Гучыць "Ваярскі марш" . На сцэну выходзяць прадстаўнікі Рады з бел-чырвона-белымі сцягамі. На фоне марша абвяшчаецца Беларуская Народная Рэспубліка - БНР.)
Першы радны Рады БНР: Сёння 25-га сакавіка 1918 года большасцю галасоў Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, абвяшчаем Незалежнасць Беларусі!
Другі радны Рады БНР: Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край.
Трэці радны Рады БНР: Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай!
Першы радны БНР: Няхай жыве вольная Беларусь!
Другі і трэці радныя БНР: Жыве!
На словах "Жыве" выходзяць усе ўдзельнікі тэатралізацыі. Гучыць святочны музычны фон, выходзяць вядоўцы.
Вядовец: Вітаем святочную Беларусь!
Вядоўца: Са святам!
Усе застаюцца на сцэне. Гучыць гімн Беларусі на словы Н. Арсенневай, муз. М. Равенскага "Магутны Божа". Пасля гімну на сцэне застаюцца вядоўцы.
Гучыць умераны, лёгкі і светлы музычны фон. Вядоўцы чытаюць верш Н. Арсенневай "25-ты Сакавік":
Вядовец:
Ён прыйдзе, гэты дзень!!
Ён не прыйсці не можа!
Ён прыйдзе -
й загудзе вясновы буралом,
пакрышыць, размяце,
раскідае, зніштожыць
усё, што нам шляхі да хаты замяло!
Ці чуеце?
Аб ім
шасціць быльнёг аселіц,
пяюць вятры ў лазе,
і звоніць крыгаў лёд.
Ахвяраю крыві,
а Слова стане Целам,
і ўжо ніколі больш не ўстане Чорны Год.
Вядоўца:
Няхай бярэмя він
прыгнула нас, і крылы
апалі,
й хлеб чужы нясмачны і важкі,
няхай нас апавіў
тугой агорклы вырай, -
трывайма!
Ён ідзе -
Вялікі Сакавік!
Ідзе…
й пад ногі рунь
яму кладзецца,
таюць снягі,
на паплавох зяленіцца трава…
Радзіма!
Беларусь!
Каханая, святая!
Багаславі нас жыць
і веру захаваць!
Вядовец: З віншаваннямі і словамі падзякі да мікрафона запрашаецца (прадстаўнік ад аддзела адукацыі або сам старшыня райвыканкама (Імя)).
Гучаць віншавальныя словы. Узнагароджанне Ганаровымі граматамі ад аддзела адукацыі райвыканкама.
Вядоўца: Калі ласка, вітайце, для вас гучыць песня на словы У. Някляева, муз. З. Вайцюшкевіча "Жыве Беларусь", выконвае (Імя).
Гучыць песня "Жыве Беларусь".
Вядовец: З віншавальнымі словамі падзякі запрашаецца дырэктар школы (Імя).
Гучаць віншавальныя словы дырэктара. Узнагароджанне дыпломамі і ганаровымі граматамі ад аддзела адукацыі райвыканкама.
Вядоўца: Харэграфічная замалёўка "Беларусь мая мілая", выконвае (Назва хар. калектыву).
Харэаграфічная замалёўка.
Вядовец: Запрашаем падняцца на сцэну ветэрана нацыянальнага руху канца 20-га стагоддзя (Імя).
Выступ.
Вядоўца: А зараз вашай увазе прапануем праглядзець відэафільм "Дзень волі", калі ласка, увага на экран [https://youtu.be/l3HY6Qst28g ]
Вядовец: З музычным падарункам сустракайце вядомага барда (Імя).
Выступае бард.
Вядовец: На святочную сцэну запрашаюцца спаборнікі Аб'яднання беларускіх скаўтаў з вершам Я. Купалы "А хто там ідзе?" у гонар свята 100-годдзя абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.
Першы спаборнік:
- А хто там iдзе, а хто там iдзе
У агромнiстай такой грамадзе?
Усе:
- Беларусы.
Друхі спаборнік:
- А што яны нясуць на худых плячах,
На руках у крывi, на нагах у лапцях?
Усе:
- Сваю крыўду.
Трэці спаборнік:
- А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць напаказ сваю?
Усе:
- На свет цэлы.
Чацвёрты спаборнік:
А хто гэта iх, не адзiн мiльён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзiў iх сон?
Усе:
- Бяда, гора.
Пяты спаборнік:
- А чаго ж, чаго захацелась iм,
Пагарджаным век, iм, сляпым, глухiм?
Усе:
- Людзьмi звацца.
Вядоўца: Для ўрачыстага прыняцця ў шэрагі Аб'яднання Беларускіх Скаўтаў запрашаецца скаўт-канцлер (Імя).
Адбываецца ўрачыстасць прыняцця ў сябры АБС, урачыстае прачытанне прысягі.
Прысяга скаўтаў:
"На мой гонар прыракаю, што паводле маёй найлепшай волі і старанняў буду верны Богу і Бацькаўшчыне, пільнавацца правоў скаўта, дапамагаць кожнаму чалавеку ва ўсякім часе і штодзённа рабіць добры ўчынак".
Скаўт-канцлер: Жыве Беларусь!
Усе скаўты: Заўсёды!
Гучыць песня "Авэ Марыя" на словы З. Пазьняка, муз. І. Лучанка.
Вядоўца: Для вас гучала песня ў выкананні (Імя) і (Імя) на словы З. Пазьняка, муз. І. Лучанка "Авэ Марыя".
Вядовец: Роўна 100 гадоў таму быў зроблены важны гістарычны крок нашага народа на шляху да стварэння незалежнай Беларускай дзяржавы. Акт 25-га Сакавіка 1918 года вызначыў далейшы палітычны лёс і перспектыву змагання беларускага народа.
Яна завяршылася перамогай Беларускай нацыянальнай ідэі 25 жніўня 1991 года, калі была здабыта дзяржаўная незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Памятайма і шануйма гістарычныя даты і дні нашай Незалежнасці! Жыве Беларусь! Слава Айчыне!
Гучыць гімн "Пагоня" на словы М. Багдановіча.
Адразу пасля песні выходзіць чытач і чытае тэкт гімна БНР "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".
Чытач:
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Няхай жыве магутны, смелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух!
На бой! За шчасце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой - усе да аднаго!
Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й убачыць той,
Хто смее нам нясці прымусы
І першы выкліча на бой.
Браты, да шчасця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыццё Рэспублікі сваей!
Вядоўца: Прагучалі гімны - "Пагоня" на словы М. Багдановіча ў выкананні хора (назва хора) і гімн Беларускай Народнай Рэспублікі "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" М. Краўцова, для вас чытаў (Імя).
Вядовец: Дзякуючы адвазе і вытрываласці нашых продкаў, незалежнасць Беларусі была абвешчаная, прызнаная суседзямі, і нават бальшавікі не здолелі зноў зрабіць з нас расейскую губерню. Усе мы ведаем, што без БНР не было б БССР і сёння не існавала б незалежная дзяржава - Рэспубліка Беларусь.
Вядоўца: Віншуем святочную Беларусь з Найвялікшым святам для ўсіх беларусаў і жадаем, каб гэты вялікі наш юбілей - 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі - быў для ўсіх нас паспяховым і шчаслівым.
Вядовец: Вялікая Беларуская Ідэя, запаленая 25-га сакавіка 1918 года, хай асвятляе нам шлях! Слава Айчыне! Жыве Беларусь!
КАНЕЦ.
Прыкладны хранаметраж эпізодаў (нумароў):
1. Тэатралізацыя "Шлях да Незалежнасці" - 5 хв.
2. Гімн Н. Арсенневай "Магутны Божа" - 2:15 хв.
3. Верш Наталлі Арсенневай "25-ты Сакавік" - 1:30 хв.
4. Віншавальныя словы ад прадстаўніка - 3 хв.
5. Песня на словы У. Някляева, муз. З. Вайцюшкевіча "Жыве Беларусь" - 2:27 хв.
6. Віншавальныя словы дырэктара - 4 хв.
7. Харэаграфічная замалёўка "Беларусь мая мілая" - 2,5 хв.
8. Выступ ветэрана - 4 хв.
9. Відэафільм "Дзень Волі" - 1:20 хв.
10. Выступ барда - 5 хв.
11. Верш Я. Купалы "А хто там ідзе?" - 1:50 хв.
12. Урачыстае прачытанне прысягі і прыняцце ў АБС - 7 хв.
13. Песня "Авэ Марыя" на словы З. Пазьняка, муз. І. Лучанка - 3:46 хв.
14. Гімн "Пагоня" на словы М. Багдановіча - 5:47 хв.
15. Прачытанне гімна БНР "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" - 2 хв.
16. Вядоўцы - 7 хв.