Папярэдняя старонка: УСПАМІНЫ

Андрэй Брахоцкі 


Аўтар: Брахоцкі Андрэй,
Дадана: 28-03-2020,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 9; Ліда, 2020.

Спампаваць




На пераломе дзвюх эпох

Запіскі абшарніка [1]

Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша

Ад перакладчыка.

Сканы, надрукаваных на друкарскай машынцы 390-старонкавых успамінаў, дэпанаваных у Фондзе Асалінскіх, аплаціў для мяне мой сын Вадзім Лаўрэш, за што яму вялікае дзякуй ад усіх аматараў гісторыі, замілаваных у мінулае Лідчыны.

Успаміны Брахоцкага ўтрымліваюць шмат цікавай інфармацыі пра маёнткі Вераскава і Морына, пра Віленскую гімназію, у якой вучыўся мемуарыст, вучобу ў Рызе і Варшаве, дзе ён атрымліваў вышэйшую адукацыю, удзел у польска-бальшавіцкай вайне, працу аўтара ў Афрыцы ў 1920-я гг. і шмат іншага. Але я пераклаў і пракаментаваў толькі старонкі, якія датычаць Лідчыны (каля 20% машынапіснага тэксту). Прапаную асобам, якія цікавяцца гісторыяй Вераскава і Морына, звяртацца да мяне.


Літва, мая айчына,

Ты як здароўе тое,

Не цэніш маючы,

А страціш - дарагое.

Гэтыя радкі Міцкевіча застаюцца актуальнымі. Належу я да таго пакалення, якое мусіла перажыць тое самае і якому засталося толькі аналізаваць і ўспамінаць былое, без надзеі на вяртанне ў родную старонку. З розных варыянтаў эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны, якіх было шмат, я патрапіў у віленска-наваградскую эміграцыю ў Варшаве. Зараз, на варшаўскім бруку паўстаюць перад вачамі прыгожыя часы маладосці, пражытай у Вільні, на Віленшчыне, ці ў знаных мясцінах Міцкевіча каля Наваградка.

Пасля ўпадку Барскай канфедэрацыі лёс закінуў маю сям'ю ў Літву, а вынікам удзелу продкаў у той канфедэрацыі была канфіскацыя таго, што яны мелі ў Сахачэўскім і Плоцкім (паветах) і перасяленне на ўсход, дзе праз куплю і жаніцьбу дайшлі зноў да possidentes [2]. Я належу да пятага пакалення Брахоцкіх, эміграваўшых з Мазовіі ў Літву.

У цэнтральнай Польшчы род Брахоцкіх быў вядомы з даўніх часоў і выводзіўся з роду Шчавінскіх з Плоцкай і Дабрынскай зямлі. Самыя старыя запісы сведчаць пра шлюб Шчавінскай са Шчавін з рыцарам Дэнхэймам з Рэйна. Гэты рыцар асеў у Шчавіне і атрымаў прозвішча Дэнхэйма Шчавінскага. Гэта былі часы Баляслава Крывавустага, 1123 год. Потым у запісах згадваецца каралеўскае зацвярджэнне маёмаснага стану, і таму Няцецкі [3] пачынае род з 1370 г. У гэтым годзе, пасля смерці Шчавінскага наступіў раздзел паміж сынамі: Енджэй ці Андрэй атрымаў маёмасць Брохаў і Брахіцін і пачаў падпісвацца як Брахоцкі гербу Праўдзіц (у хроніках Длугаша фігуруе як Енджэй з Браховіц). Андрэй Дэнхейм Шчавінскі-Брахоцкі зараз лічыцца заснавальнікам роду. Быў асобай выбітнай, сапраўдным рыцарам, значную частку свайго жыцця правёў у Венгрыі ў барацьбе з туркамі.

[...]

У Літве Брахоцкія за тую гатоўку, якую вывезлі з сабой, купілі некалькі маёнткаў і, дзякуючы карысным жаніцьбам. зноў дайшлі да багатага стану.

Самым выбітным быў палкоўнік Валенты, у маладым ўзросце ён збег у легіёны Дамброўскага, яго ўзгадвае Міцкевіч у «Пане Тадэвушы". У складзе польскага войска браў удзел ва ўсіх кампаніях Напалеона, у тым ліку і ў вайне з Расіяй у 1812 г. Узнагароджаны залатым крыжам Vittuti Militari, пасля войнаў асеў у Дзісненскім павеце. Паўстанне 1831 г. зрабіла яго вайсковым начальнікам гэтага павета. Нарэшце з корпусам Гелгуда перайшоў Прускую мяжу і жыў у эміграцыі, памёр у Каралеўцы ў 1856 г.

Яго брат Рох меў трох сыноў: Уладзіслава, Антона і Аляксандра і быў уладальнікам маёнтка Гаўя з фальваркам Морына. Гаўя дасталася старэйшаму сыну Уладзіславу, а Морына - Антону. Уладзіслаў браў чынны ўдзел у паўстанні 1831 г. - у бітве пад Грохаўскай Альшынкай пад ім забіла каня. Пасля паўстання атрымаў вырак аб канфіскацыі Гаўі, але яго ўратаваў узрост. Меў тады 19 гадоў, а законы для непаўнагадовых былі значна больш памяркоўнымі. Гаўя тады была вялікай рэзідэнцыяй, на рацэ з гэтай жа назвай, мела млын, вялікі жылы дом у парку, у доме была аранжарэя з слаўнай у ваколіцах вінаграрняй. Аднак удзел у паўстанні 1863 г. справакаваў прымусовы продаж маёнтка. Набыў яго генерал Сахараў, ён выцяў лясы, знішчыў парк і гаспадарку, а зямлю часткова прадаў.

У часы паміж паўстаннямі дзед Уладзіслаў жыў у Гаўі, быў чынным сябрам Археалагічнай камісіі ў Вільні, з 1858 г. быў апошнім абраным маршалкам шляхты ў Наваградскім павеце [4] і скасаваў усе шынкі на тэрыторыі маёнтка, з'яўляўся прыкладным грамадска-патрыятычным працаўніком. Ён перавёў з віленскага шпіталя ў Наваградак медсёстраў, падтрымліваў грамадзянскую бібліятэку ў Наваградку і да моманту яе закрыцця Мураўёвым з'яўляўся яе ганаровым куратарам і дабрачынцам. За ўдзел у паўстанні 1863 г. быў адміністрацыйна сасланы ў Пермь. Праз час дамогся дазволу жыць у Ніжнім Ноўгарадзе, потым - у Рызе і пры канцы, у 1874 г. - у Вераскаве Наваградскага павета - маёмасці яго жонкі Гелены з Дубоўскіх. Яна добраахвотна паехала з ім у выгнанне і перапісала на яго Вераскава з фальваркам. Гэта маёмасць не была канфіскавана, бо гіпатэтычна з'яўлялася маёмасцю жонкі.

Родны брат Уладзіслава - Антон, уладальнік Морына, таксама з'яўляўся апошнім выбраным маршалкам шляхты Ашмянскага павета. Таксама быў дэпартаваны пасля паўстання 1863 г. ва Уфімскую губерню, але Морына не было канфіскавана. Невядома, чаму так адбылося, бо была гэта вялікая гаспадарка, якая перад выбухам Другой сусветнай вайны мела каля 3 000 гектараў.

Нарэшце трэці брат Аляксандр Канстанты, мой дзед, у паўстанні ўдзелу не браў бо быў моцна хворы і памёр праз некалькі гадоў пасля яго. Адзіным спадчыннікам усіх гэтых трох маёнткаў быў мой бацька.

[...]

У адрозненні ад Вераскава і Морына, Малое Мажэйкава мела добрае суседства. Межавала з маёнткам Жалудок князя Людвіга Святапалок-Чацвярцінскага, Вялікім Мажэйкавым - даўняй маёмасцю Грабоўскіх, якая пасля Першай сусветнай вайны перайшла да Верашчакаў, Ванковічаў, Мінейкаў і Раствароўскіх, маёнткам Ішчалнай, ранейшай маёмасцю Скарбак-Важынскіх, а потым моцна разгалінаванай сям'і Лясковічаў. У заходнім накірунку былі меншыя маёнткі пані Мейер, Скіндараў, Іваноўскіх, Кастравіцкіх, Мікульскіх і г.д. Насельніцтва тут, асабліва ў ваколіцах Васілішак, збольшага было польскім з вялікай колькасцю засценкаў і шляхецкіх ваколіц. У часы Самаабароны ці іншых канспірацый гэтыя ваколіцы далі вялікую колькасць добраахвотнікаў у польскую армію, а потым у АК, ліквідаваную падчас расійска-бальшавіцкай акупацыі НКУС-ам Сталіна.

За тры кіламетры ад Малога Мажэйкава, у Мураванцы ці Скрыбаўцах знаходзілася гатыцкая царква ... на лацінскіх табліцах, умураваных у сцены царквы, яна названа Маламажэйкаўскай. ... . У міжваенныя часы лідскі стараста п. Здановіч перадаў храм касцельным каталіцкім уладам. Пасля Другой сусветнай вайны храм быў зачынены, а потым прыстасаваны пад нейкі склад.

Другім значаным гістарычным помнікам быў тракт, які на мове тутэйшых людзей зваўся "гасцінец". Гэты гасцінец праходзіў праз зямлю Малога Мажэйкава, і сам маёнтак знаходзіўся каля тракта. У часы, калі не было чыгункі, гэта дарога мела міждзяржаўнае значэнне - з Гародні ў Пецярбург можна было ехаць альбо праз Вільню, альбо гасцінцам праз Ліду, Маладзечна, Полацк і Пскоў. На тэрыторыі Малога Мажэйкава, а таксама Вялікага Мажэйкава, Ішчалны і Шчучына, гэты тракт добра захаваўся. Тракт быў пабудаваны яшчэ да падзелаў Рэчы Паспалітай і з'яўляўся помнікам дарожнай гаспадаркі. Пра яго старажытнасць сведчылі бярозы, якімі тракт быў абсаджаны - дыяметр пня ў іх быў большым за метр. Тракт меў шырыню каля ста метраў і з абодвух бакоў быў акапаны равамі, сляды гэтых равоў можна было бачыць яшчэ нядаўна. На гэтых бакавых "прысадах" (на мясцовай мове) [5] раслі два рады старых бярозаў у перамешку з іншымі дрэвамі, якія, верагодна, тут самі засеяліся. Паміж дрэў рос ядлавец, рабіна і асіна. Усе яны па восені перафарбоўваліся ў розныя колеры, і тады гасцінец станавіўся, верагодна, самай прыгожай дарогай у Літве. На адлегласці каля дзесяці кіламетраў былі пабудаваны вялікія заезныя корчмы са станцыямі коннай пошты. Адна з гэтых корчмаў, за палову кіламетра ад дарогі, была ўласнасцю маёнтка Малое Мажэйкава. Яна спалена казакамі ў часы адступлення рускіх войскаў у 1915 г. Наступная карчма з поштай была ў Ішчалне. Ужо на маёй памяці тут месцілася жаночая школа, якой ажно да часу прыходу бальшавікоў у 1939 г. кіравала п. Марыя Лясковіч.

Калі я быў малады, старыя апавядалі, што на гасцінцы раней быў вялікі рух - у абодвух накірунках ехалі конныя пары, чацвёркі, шасцёркі. Тракт страціў значэнне толькі, калі была пабудавана чыгунка праз Гародню і Вільню. А пабудова чыгункі Сядлец - Полацк і далей на Балагое і шашы Ліда - Гародня канчаткова перавяла гасцінец у шэраг "гмінных дарог" з лакальным значэннем. Рух скараціўся і ездня зарасла травой, толькі старыя бярозы паказвалі, дзе праходзіў гістарычны гасцінец, які стаў алеяй для шпацыраў.

Падчас наведвання нашага краю прэзідэнтам Масціцкім, яго аўтамабіль скіраваўся на гасцінец. Прэзідэнт быў зачараваны гэтай дарогай і казаў, што гэта самая прыгожая дарога, якую ён калі-небудзь бачыў у сваім жыцці. Потым, калі бываў недалёка, прасіў пракладваць трасу праезду, каб яшчэ раз праехаць гэтай алеяй.

Быў час калі гасцінцу пагражала небяспека. Перад Першай сусветнай вайной, генеральны штаб французскай арміі звярнуў увагу расійскага кіраўніцтва на тое, што Расія мае мала дарог у заходнім кірунку. Было вырашана пабудаваць чыгунку Балагое - Сядлец і шашу Ліда - Гародня. Па першым праекце пабудовы шашы, планавалася рэканструкцыя старога гасцінца. Гэта было бы танней і хутчэй, бо не вымагала купляць зямлю, насыпаць грэблі і г. д. Але запратэставаў расійскі генеральны штаб, бо па яго плане гасцінец адводзіўся для руху кавалерыі, а шаша павінна была ўзяць рух пяхоты, артылерыі і абозы. Таму шашу пабудавалі на роўнай адлегласці за некалькі кіламетраў ад гасцінца. Гэта і ўратавала прыгожы стары тракт.

Падчас Другой сусветнай вайны небяспеку гасцінцу стварыў вялікі аддзел калмыкаў і іншых азіятаў, якімі кіравалі нямецкія афіцэры. Аддзел гэты стаяў у Вялікім Мажэйкаве і высякаў на дровы бярозы ўздоўж старажытнага тракту.

За шэсць кіламетраў ад Малога Мажэйкава, таксама на гасцінцы, знаходзіўся самы бліжэйшы маёнтак Вялікае Мажэйкава, былая рэзідэнцыя Караля Хадкевіча, у якой, падобна, гетман часта жыў. Мясцовае паданне цвердзіла, што ў маёнтку былі выкапаны дзвюмя тысячамі палонных туркаў ці татараў два вялікія ставы з выспай пасярэдзіне. Як памяць пра пераможныя войны да высокіх мураваных слупоў агароджы былі прымацаваны каменныя ядры ад гарматаў. Насупраць галоўнай брамы стаяў мураваны палац з калонамі, а з двух бакоў вялікай плошчы стаялі дзве доўгія афіцыны з лістоўніцы, якія мелі падвойны дах, у афіцынах меліся стайні на дваццаць коней кожная. Абодва канца гэтых афіцын былі прыстасаваны для жаўнераў прыбочнай харугвы гетмана. У 1915 г. казакі спалілі палац і афіцыну. Засталася толькі адна афіцына, у якой пасля Першай сусветнай вайны жылі новыя гаспадары - Верашчакі з Наваградчыны.

За палацам меўся вялікі парк з кіламетрамі алей, пасаджаных такім чынам, што іх верхнія галіны сыходзіліся і рабілі над алеяй скляпенне. Быў гэта малы Шэрбур, але мажэйкаўскія алеі былі нават прыгажэйшымі за Шэрбурскія. Ці ўшанавалі саветы гэтыя здабыткі - не магу спраўдзіць, край перайшоў да камуністычнай улады, якая робіць усё магчымае каб знішчыць сляды даўняй ... культуры.

Гістарычным дваром была таксама Ішчална - былая маёмасць Давойнаў, Валяў, князёў Саламарэцкіх, Скарабак-Важынскіх і нарэшце Лясковічаў, якая мела ўсе прыкметы вялікапанскай рэзідэнцыі. Тут начаваў Аляксандр І і дараваў гаспадарам каштоўныя падарункі за іх музычныя канцэрты. Тут ацалелі каштоўныя архівы маёнтка, яны перажылі Першую сусветную вайну, бо скарбец з дакументамі быў па-майстэрскі схаваны, скарбец замуравалі ў суседнім будынку. На жаль, гэты не перажыў архіў Другой сусветнай вайны падзяліўшы лёс кніг "буржуазнай літаратуры". Ацалела толькі каштоўная карабеля [6], якую згодна з тастаментам апошняй уладальніцы маёнтка Марыі Скарбак-Важынскай, атрымаў маршал Пілсудскі і якая зараз знаходзіцца ў польскім музеі ў Амерыцы.

Малое Мажэйкава мела шмат польскіх суседзяў, такога не было ў ваколіцах Вераскава і Морына.

[...]

Перад Першай сусветнай вайной права ўласнасці адчувалася святыняй, якую ўсталявалі на вякі, і падданы люд шанаваў уладальніка, бо не дапускаў нават думкі, што можа быць інакш. Мы ў сваёй маладосці нават не чулі пра мажлівасць якіх-небудзь змен у гэтым парадку. Нас звалі панічамі, але мы бавілі час з дзецьмі работнікаў, на святы арганізоўвалі супольную хваінку і г. д. Ніхто з нас не чуў слова "абшарнік", мы лічылі, што зямлі, якую меў бацька, было не шмат і трэба мець больш - гэта дало б нам большыя магчымасці і новыя паляўнічыя эмоцыі.

[...]

Пасля 1905 г. у кожным маёнтку мой бацька меў настаўніка, які выкладаў у тайнай польскай школе. Ніхто тых школ не выкрываў, і ўсё было добра. Мой бацька ўдзельнічаў у розных справах, як напрыклад, у пабудове польскага тэатра ў Вільні як "акцыянер". Толькі post factum мы даведваліся, што мой бацька браў удзел у дэлегацыі "дваран", якія на станцыі Ліда віталі цара Мікалая II, калі той праязджаў чыгункай. Тады мы не ведалі, што маршалак шляхты Грабоўскі адмыслова мабілізаваў ваколічную заможную шляхту, байкот гэтага "вернападданіцкага чыну" мог прывесці да рэпрэсій, уключаючы канфіскацыю маёнтка.

Пра назву "абшарнік" даведаўся я значна пазней, калі патрыятычны вокліч "Гайда на Сапліцаў" (Hajże na Sopliców) быў зменены на "Гайда на абшарнікаў".

[...]

У Мажэйкава мой бацька пераехаў (з Вераскава - Л. Л.) за некалькі гадоў да выбуху Першай сусветнай вайны.

[...]

Калі я вярнуўся ў Малое Мажэйкава (у канцы 1920-х гг. - Л. Л.), мой бацька жыў тут цалкам адзінока, гэта тычылася восені, зімы і вясны. На лета да яго прыязджалі мае сёстры, бо зімой яны звычайна жылі ў Варшаве. Таксама і я перад заканчэннем політэхнікі прыязджаў звычайна на святы і летам, дастаткова часта адведваў братоў у Морыне і Вераскаве. Пасля атрымання дыплома і ўладкавання на працу ў Краёвым меліярацыйным таварыстве і Дзяржаўным сельскагаспадарчым банку, я стаў рэдкім госцем у Мажэйкаве.

Мой бацька пасля заключэння Рыжскай дамовы заняўся Малым Мажэйкавым, а Морына і Вераскаў пакінуў маім братам. Найбольш цяжкі аб'ект для гаспадарання і адміністравання быў Вераскаў, расцягнуты на 20 кіламетраў, з вінакурняй, млынам і тартаком. Да нармальнай чыгункі было 40 км, а да пошты ў Любчы - 10 км. Усе дарогі там былі дрэнныя, а вясной па дарогах наогул немагчыма было праехаць.

У Наваградку атабарылася ваяводства і іншыя галоўныя ваяводскія ўправы. Горад Наваградак, які меў некалькі тысяч жыхароў, пачаў расці, але меў злучэнне з чыгункай у Наваельні толькі праз вузкакалейку, пабудаваную перад Першай сусветнай вайной. Цягнік па ёй хадзіў досыць рэдка, дарога гэтая ішла праз прыгожыя лясы, якія ранней не бачылі сякеры, у лясах расло шмат бяроз, дубоў, елак і соснаў ... . Вузкакалейка мела свае звычаі, норавы і жарцікі, цягнік часта злятаў з рэек і не вытрымліваў раскладу руху - адпраўляўся ці са значным спазненнем ці раней, чым трэба. Праз нейкі час ваяводскія ўлады гэта ўнармавалі. Але ва ўяўленні працаўнікоў, іхняя вузкакалейка заўсёды мела адмысловыя правы і засталася незалежнай ад уладаў.

Калі я неяк ехаў з Наваельні да Наваградка, машыніст заўважыў падраненую лісу, якая бегла з аднаго пералеску ў другі. Ён імгненна спыніў цягнік, і машыніст з кандуктарам пабеглі ў поле лавіць лісу. Ліса яшчэ мела трошкі сілаў і ўцякла, але гэтая пагоня заняла цэлую гадзіну. Потым брыгада цягніка працяглы час яшчэ абмяркоўвала свае памылкі, з-за якіх ліса ўцякла, і толькі пасля сваркі са знерваванымі пасажырамі, вырашыла ехаць далей. Калі я вярнуўся ў 1931 г. у Малое Мажэйкава, камунікацыя Наваельня - Наваградак упарадкавалася да такой ступені, што можна было мець надзею, выехаўшы з Наваградка, не спазніцца на цягнік у Наваельні. Наогул знайшлася і замена вузкакалейцы. Дарафейчык, шафёр па спецыяльнасці, купіў аўтобус і рэгулярна, хутка і выгадна пачаў вазіць пасажыраў. Бізнес хутка развіваўся, і праз нейкі час Дарафейчык ужо меў некалькі рэгулярна курсуючых аўтобусаў. На вузкакалейцы застаўся толькі грузавы рух, але яна заўсёды не давала забыць пра сябе гудкамі, якія наводзілі на думку, што чым меншы лакаматыў, тым гучнейшы гудок.

У Наваградскім ваяводстве камунікацыі паступова палепшыліся. Дарогу ад Наваградка да Уселюба выбрукавалі, а з Наваградка да Ліды наогул пабудавалі шашу. Я часта карыстаўся гэтымі дарогамі, бо меў уласнага "фарда", які значна палегчыў шлях да Вераскава. Але не зімой, бо тады гэтыя дарогі заўсёды былі занесеныя снегам і цалкам заблакаваны для аўтамабіляў. А вясной і восенню камунікацыя з Вераскавым абцяжарвалася тым, што Наваградак знаходзіўся на вышыні 160 м над узроўнем мора і вясна з восенню працягваліся там даўжэй, чым у іншых мясцінах. У дадатак, узгоркі пад Навагрудкам былі гліністыя, таму восенню і вясной бакавыя дарогі хутка размакалі і аўтамабіль мог ехаць толькі па шашы. Шмат што ўказвала на неўдалы выбар Наваградка ў якасці сядзібы ваяводскіх уладаў, але рамантычныя ўплывы Міцкевіча былі мацнейшымі, і цэнтр ваяводства заставаўся тут да 1939 г. [...]


З Вераскава да Наваградка ехалі праз Уселюб, дзе меўся касцёл і парафія, а потым з'явілася пошта. Ад Уселюба дарога ішла праз прыгожыя дубовыя і сасновыя лясы з дамешкам лісцяных дрэў ... . За пяць кіламетраў ад Наваградка, у даліне, дзе цякла малая рэчка, стаяў малы водны млын, які часцей не працаваў з-за недахопу вады ў ставе. Некралог па Аляксандру Брахоцкаму. Slowo. 1934. № 97. Убаку стаяла маленькая цэркаўка, пра якую легенда казала, што ў ёй пахавана Гражына Міцкевіча. Мясціны называліся "Літоўка" і, падобна тут, адбылася бітва, апісаная ў паэме "Гражына". Водгукі старадаўніх паданняў яшчэ жылі ў гэтых мясцінах. Пасля Першай сусветнай вайны цэркаўкі ўжо не было, млын сапсаваўся, а стаў спусцілі. Потым пабудавалі шашу, гару зраўнялі - гэтак вайна і культура знішчылі даўняе аблічча мясцовасці, аблічча, якое, пэўна, часта бачыў Міцкевіч.

Мой старэйшы брат Аляксандр закончыў юрыспрудэнцыю і пасля вайны працаваў суддзём, на пачатку ва Уселюбе, а потым перасяліўся ў Морына і працаваў у Іўі. Бацька вырашыў, што за Вераскава будзе адказваць малодшы на тры гады брат Станіслаў, выпускнік сельскагаспадарчых студый у Кракаве. ...

Пасля заканчэння вайны браты былі ўжо жанатыя - старэйшы Аляксандр з паннай Геленай О'Рурк, а малодшы Станіслаў з паннай Зоф'яй Коньчы. ...

Вырашыўшы з Вераскавым і Морынам, мой бацька пакінуў сабе Малое Мажэйкава, якое заўсёды любіў больш, бо тут нарадзіўся, вырас і жыў падчас Першай сусветнай вайны. Жыў ён з маёй мачахай Кацярынай з Балінскіх, з якой ажаніўся калі мне было 7 ці 8 гадоў. Падчас вайны і пасля яе мае сёстры жылі ў Варшаве, дзе працавалі ў амерыканскім Чырвоным крыжы і прыязджалі толькі на лета.

Першыя гады пасля Першай сусветнай вайны былі вельмі цяжкімі, бо ўсе будынкі немцы перарабілі на стайні і трэба было іх зноў перарабляць пад патрэбы гаспадаркі. Ворная зямля была запушчана і зарасла, бо стала пашай. Зямлю цяжка было ўзняць, бо не было нават добрых коней і не хапала абаротных грошай на развіццё гаспадаркі. Бацька падзяліў раллю, купіў трактар фірмы "Фардзон" і з цяжкасцю пачаў араць. За некалькі гадоў падняў усю ворную зямлю. Тады бацька меў ужо больш за 60 гадоў і не мог прызвычаіцца да пасляваенных умоваў жыцця. А жыццё падкідвала штораз новыя цяжкасці і неспадзеўкі. Вялікай праблемай была зямельная рэформа, прынятая Сеймам і паступова выкананая. З-за рэформы, немагчыма было добраахвотна дзяліць зямлю, калі было гэта неабходна. Мой бацька падлічыў, што каб выхаваць траіх дзяцей і даць ім вышэйшую адукацыю, неабходна мець мінімальна 300 га добрай зямлі пры ўмове, што гэта зямля будзе рацыянальна выкарыстоўвацца. Даход з зямлі заўсёды быў невялікі, а інвестыцыі ў гаспадарку немагчымыя з-за агульнага недахопу капіталу. Шэсць гадоў вайны цалкам спустошылі ўсе запасы гатоўкі, адбудова дзяржавы вымагала падвышэння падаткаў, і таму будучыня сельскай гаспадаркі была няпэўнай, тым больш, што за першай аграрнай рэформай магла прыйсці другая, а потым і трэцяя - у залежнасці ад таго, хто меў большасць у Сейме. Прыватнага крэдыту цалкам не было, а маладая дзяржава толькі абяцала дапамагчы сельскай гаспадарцы. Невялікія дзяржаўныя пазыкі, прызначаныя сельскай гаспадарцы, былі даступныя толькі для дробных уласнікаў. Таму мы мелі вельмі малыя фінансавыя магчымасці, а дэмагогія ўраўнілаўкі ў прэсе і Сейме выключала асігнаванне большых сум для заможных гаспадароў.

Мой бацька неяк адужаў першыя цяжкасці - заараў зямлю і засеяў яе, вёў гаспадарку вельмі экстэнсіўна, пазбягаў выдаткаў, выкарыстоўваў магчымасць адпрацовак і іншых дробных паслуг з боку сялян. Не меў ніякіх даўгоў, упарта не жадаў падпісваць вэксалі, плаціў падаткі ва ўстаноўленыя тэрміны, надаючы ім перавагу перад іншымі выдаткамі. Але тут спаткала яго неспадзяванка якую не чакалі. Падатак з прыбытку, які тэарэтычна плаціўся з рэальнага даходу, вымагаў здаваць рахункі, якія кантралявалі бухгалтары скарбовых упраў. Мой бацька лічыў, што ўсё робіць дакладна, бо патрабаваў дакладных рахункаў ад усіх, з кім меў справу. Пасля вайны таксама ўсё запісваў у розныя сшыткі і нататнікі. А бухгалтары патрабавалі вядзення бухгалтэрыі згодна з законам, які меў пэўныя патрабаванні да гэтай справы ў маёнтках і наогул у сельскай гаспадарцы. Закон быў заблытаны і яго мэтай з'яўлялася павелічэнне даходаў дзяржавы праз забарону спрошчанай бухгалтэрыі і вызначэнне падатку ад плошчы маёнтка. Бухгалтар скарбовай управы рахункі майго бацькі не прыняў, бо яны не адпавядалі закону. Гэта моцна пакрыўдзіла бацьку - ён быў перакананы, што ўсё робіць правільна. Моцна перажываў, мелася небяспека, што захварэе, у скарбовую ўправу больш не ездзіў, а калі гэта было патрэбна, пасылаў кагосьці з нас. Аднак, падаткі і далей плаціў у тэрмін. Калі я прыехаў у Мажэйкава, ніякай запазычанасці ў падатках не мелася - усё было ў парадку.

Мой бацька не мог прызвычаіцца да новых стасункаў. Новая польская адміністрацыя здзіўляла яго сваёй непрадказальнасцю. Вышэйшыя чыноўнікі жадалі ўсё адразу пабудаваць і не надта разумелі, што іх пасляваенныя магчымасці вельмі абмежаваныя. Прыкладам гэтага можа быць ініцыятыва чыноўнікаў ваяводства ў Наваградку, дзе "радасная творчасць" чыноўнікаў пастанавіла пабудаваць супраць-сухотны санаторый для працаўнікоў ваяводства. Выбралі для гэтага сасновы лес на палове шашы паміж Наваельняй і Дзятлавам, лес рос на пяску з нізкім узроўнем грунтавых водаў. Знайшлі нейкія грошы, назапашаныя ў іншых галінах ваяводскай гаспадаркі, зрабілі адпаведны праект і пачалі будоўлю. Аднак грошай хапіла толькі на тое, каб мураваныя будынкі накрыць дахам, пасля гэтага грошы скончыліся. Усялякія намаганні знайсці грошы, каб скончыць будоўлю закончыліся крахам - дзяржаўная гаспадарка знаходзілася ў жаласным стане, падаткі выплачваліся нерэгулярна, і пры гэтым трэба было будаваць самае неабходнае. Паўсюдна бракавала грошай, стабілізацыя злотага патрабавала дадатковых ахвяр, і закончыць санаторый не было ніякай магчымасці. У ваяводскай управе з'явілася думка здабыць гатоўку праз добраахвотныя складкі самых заможных жыхароў ваяводства. Аднак ідэя не карысталася папулярнасцю ў грамадстве. Ніхто не меў гатоўкі, бо нават дзіцячыя дамы часта фінансаваліся праз ахвяраванне ці збор складак на вуліцах гарадоў. ...

І ў Наваградскім ваяводстве пастанавілі сабраць складкі. Тэарэтычна, інвестарам санаторыя было ваяводства, і чыноўнікі вырашылі, што вышэйшыя з іх будуць ездзіць да заможных грамадзян і прасіць зрабіць неабходныя ўзносы. На лідскі павет быў дэлегаваны віца-ваявода Параф'яновіч, які папярэдзіў старасту Сяляву ў Шчучыне пра дні свайго прыезду. Стараста выбраў некалькі больш заможных землеўладальнікаў, сярод якіх быў і мой бацька. Стараста папярэдзіў усіх пра дзень і гадзіну прыбыцця віца-ваяводы, паведаміў і пра мэты прыезду. Мяне ў Мажэйкаве не было, і таму падаю падзеі з расказу старасты Сялявы.

У прызначаны дзень у Мажэйкава прыехаў віца-ваявода Параф'яновіч разам з старастам Сялявай і яшчэ некалькімі чыноўнікамі. Гасцей у салоне чакаў мой бацька, апрануты ў чорны сурдут да калень, які ён захоўваў з даваенных часоў, бо зараз такіх ужо не насілі і візітным строем стаў фрак. Стараста Сялява потым распавядаў, што як убачыў майго бацьку ў гэтым сурдуце, дык адразу зразумеў, што будзе нешта нядобрае. Пасля прывітання і некалькіх гжэчных фраз усе селі, і віца-ваявода ў кароткай прамове растлумачыў мэту свайго візіту. Выслухаўшы, мой бацька ўстаў, абапёрся рукамі аб стол і сказаў: "Для ўсіх нас - вялікі гонар прыняць свайго віца-ваяводу, бо мы лічым, што неабходна паважаць польскія ўлады. І таму мы лічым, што найвышэйшыя чыноўнікі ў ваяводстве не павінны ствараць сабе сітуацыі, у якіх яны могуць спаткаць адмову. На што нехта з чыноўнікаў адказаў: "Таму мы едзем толькі туды, дзе не чакаем адмовы". Мой бацька мусіў адказаць: "Каб адмовы не было, дык ахвярую на гэту мэту сто злотых". Відавочна, госці спадзяваліся на значна большыя грошы, усе разгублена замаўчалі і потым да гэтай тэмы больш не вярталіся. Пасля халоднага развітання віца-ваявода хутка з'ехаў. Праехаўшы на сваім аўтамабілі каля дзесяці кіламетраў, загадаў спыніцца і спытаў старасту, які ехаў з ім: "Куды мяне пан прывёз?"

Не ведаю як ішоў збор грошай у іншых паветах. Верагодна, з гэтага была адна карысць - улады даведаліся, што людзей, якія маюць гатоўку, ва ўсім павеце можна падлічыць на пальцах, і грамадзяне - гэта не тая крыніца, з якой можна чэрпаць поўнымі жменямі. Маю інфармацыю, што ў Лідскім павеце віца-ваявода больш нікуды не ездзіў. Суседзі-землеўладальнікі яшчэ больш сталі паважаць майго бацьку.

Некалькі гадоў пасля вайны былі вельмі неўраджайнымі, нават бульбы накопвалі мала. У год майго прыезду ў Малое Мажэйкава, ураджай бульбы таксама быў не самы лепшы, але пры ашчадным карыстанні, пасля зімы застаўся запас, які можна было прадаць у горадзе, дзе адчуваўся недахоп бульбы. Калі ўвесну прыйшоў час садзіць бульбу, дык аказалася, што ў вёсках навокал сяляне за зіму ўсё з'елі і не маюць, што садзіць. Замест таго каб прадаць, мой бацька вырашыў размеркаваць сваю бульбу сярод сялян па асенняму кошту ці за адпрацоўкі. Першымі бульбу атрымалі тыя сем'і, якія хадзілі на працу ў маёнтак як падзёншчыкі. Астатняя бульба была прададзена толькі тым вёскам, якія ў часы прыгону належалі Малому Мажэйкаву. Запас бульбы хутка разышоўся, а сяляне з дальніх вёсак спрабавалі даказаць, што раней былі мажэйкаўскімі падданымі. Малому Мажэйкаву ў часы паншчыны належала пяць вялікіх вёсак, сяляне якіх адмаўлялі ў гэтым гонары іншым сялянам. Па ваколіцах хутка разышлася вестка, што "пан Брахоцкі прадае бульбу толькі сваім падданым". Гэта нават дайшло да лідскага старасты, які зацікавіўся што за паншчына адрадзілася ў Малым Мажэйкаве.

Старыя звычаі перажылі вякі, і мой бацька пасля вайны стараўся іх прытрымлівацца. Самыя бедныя сяляне былых мажэйкаўскіх вёсак на Вялікдзень атрымлівалі на булкі па некалькі кілаграмаў пшанічнай мукі. Пасля вайны пшаніцы не было наогул, але бацька падтрымліваў звычай і раздаваў муку з сваіх невялікіх запасаў. Бацька меў добрую памяць, людзей з ваколіц добра ведаў і неяк падчас раздачы мукі, заўважыў, што ў чарзе стаіць уладальніца найвялікшай у акрузе гаспадаркі. Звярнуўся да яе, запытаў чаму яна стаіць у чарзе, бо калі ўсім даваць, дык трэба мець вагон мукі, на што атрымаў адказ: "Дурны дае, а разумны бярэ". Павярнулася і пайшла. Пасля гэтага, на наступны год бацька муку ўжо не раздаваў.

Пасля Афрыкі ў Мажэйкава я прыехаў на "фардзе", які раней купіў па аказіі. Мой аўтамабіль, як і большасць людзей яго пакалення, бацька не любіў. Мой старшы брат таксама ў Морына меў "фарда", які яму таксама добра скарачаў адлегласці. Але пакупку мой бацька не ўхваліў, бо конь для яго быў усім, ён меў брычку і параконную "лінейку", такую, якую ўжывалі ў Інфлянтах, і гэтага яму цалкам хапала. Брычку купіў сабе пасля вайны і нейкі час быў адзіным уладальнікам брычкі ў павеце. Тады нават большыя абшарнікі, як напрыклад, кн. Чацвярцінскі з Жалудка, ці таксама кн. Друцкі-Любэцкі са Шчучына брычак яшчэ не мелі, і пакупка брычкі для Малога Мажэйкава была вялікім выдаткам, пра які шмат гаварылі. Дарэчы, вытворчасць брычак і вазоў пасля вайны ці яшчэ не аднавілася ці былі страчаны навыкі іх вырабляць. На майго "фарда" бацька паглядзеў "крывым вокам", але, паколькі я ўжо яго купіў, быў прымушаны пагадзіцца. Але ў нейкі дзень не вытрымаў і сказаў: "Але пабудаваць гараж не дазволю, бо гэта сапсуе архітэктуру маёнтка". Адказ, што гараж не патрэбны, бо даўняя вазоўня, у якой да вайны стаяла некалькі карэт на колах і на санках, некалькі параконных брычак, санак і некалькі аднаконных вазоў, цалкам мяне задаволіць. Пасля вайны вазоўня была цалкам спустошана, усё з яе недзе згінула, тут месціўся склад дошак, і хапала месца на некалькі аўтамабіляў. Гэта здзівіла бацьку, і ён у нечым пачаў паважаць "форд", які можна захоўваць у тым жа месцы, дзе і брычку. Але бацька не ставіўся цалкам дрэнна да ўсіх машын. Бо пасля вайны коней не хапала, а ралля зарасла пустазеллем да такой ступені, што поле зноўку можна было разараць толькі вельмі моцнымі коньмі. Тады ён купіў трактар "фардзон". Трактар выконваў гэтую працу вельмі добра, а часам і лепей за каня. З таго часу "форд" і "фардзон" стаялі разам у вазоўні, і мой "форд" атрымаў права грамадзянства да такой ступені, што на вялікія адлегласці - у Ліду ці Шчучын бацька нават выязджаў разам са мной у якасці шафёра.

[...]

Калі ў траўні 1931 г. я прыехаў у Мажэйкава, мой бацька быў цалкам самотным. Сёстры яшчэ не прыехалі на лета, гаспадаркай кіраваў эканом Бернатовіч, які не меў агранамічнай адукацыі, але меў вялікую практыку. Удзел бацькі ў справах быў больш тэарэтычны, бо гаспадарка вымагала моцнай рукі, а ён ужо не меў здароўя. Я не надта добра ведаў сельскую справу, але бацька ўсю гаспадарку аддаў мне і на мае пытанні заўжды казаў адно і тое - рабі як жадаеш. Я ведаў, што калі я пачну рабіць глупства, дык ён не змаўчыць. Таму не ўводзіў нічога новага, трымаўся практыкі папярэдніх гадоў, не займаўся інтэнсіфікацыяй гаспадаркі. Гэта быў травень, вясеннія працы заканчваліся, і трэба было рыхтавацца да ўборкі, але не хапала прыладаў і работнікаў. Гаспадарка ішла наперад, пханая сілай бязладдзя.

Над усімі віраваў сусветны эканамічны крызіс [7]. Мой бацька ўтрымліваў кошт рабочага дня, і рабочыя былі задаволены - за свой заробак яны маглі купіць значна больш, чым да крызісу [8]. Суседзі цвердзілі, што згодна з кан'юнктурай трэба паменшаць заробак работнікам, але бацька адказваў, што яны і так не шмат зарабляюць, і ён не будзе паніжаць заробкі. Да восені гэта спрэчка трохі сціхла, але ўвосень зноў упалі кошты сельскай прадукцыі. За жыта немагчыма было ўзяць болей за 12-13 злотых за 100 кілаграмаў, астатняе таксама патаннела ці наогул не знаходзіла пакупніка. Лета неяк працягнулі, а ўвосень мы не змаглі разлічыцца з работнікамі. У касе было пуста. Работнікі ўзгадвалі тыя шчаслівыя дні, калі кожны першы дзень месяца можна было атрымаць заробак, грошы ніколі не затрымліваліся і заўсёды меліся ў кішэні. Я тады не меў клопату - адпрацаваўшы ў бюро меў вольны час для сябе. Даведаўся я, што быць абшарнікам вельмі цяжка і клапатліва, цяжэй, чым інжынерам, якім я працаваў раней.

На мае праблемы з належнай аплатай работнікаў мой бацька не звяртаў увагі, а магчыма і не ведаў пра гэта. Продаж лесу бацька пакінуў за сабой, і праз нейкі час я паведаміў яму, што без пэўнай субсідыі прыйдзецца прадаваць збожжа падчас самых нізкіх, восеньскіх, коштаў на яго. Перамовы з бацькам прайшлі добра, і праца работнікаў была аплачана, я мог жыць спакойна, але ў кішэні ў мяне была вялікая пустка. Падаткі таксама былі заплачаны, і ўсё ішло па-старому. Мой бацька заняўся хатняй драбязой, кшталту ўкладання дзённых меню для кухні. На пачатку гэта яго забаўляла, але хутка знудзіла, і ад гэтай справы потым застаўся толькі нататнік у каторым ён для кухаркі запісваў стравы - усё было запісана акуратна і з вызначэннем коштаў. У нататніку было сем меню абедаў і што-небудзь змяніць кухарка магла толькі пад асабістую адказнасць. Таксама ён ўрэгуляваў справы жабракоў, якія час ад часу заходзілі да нас - кожны жабрак атрымліваў абед і пяцьдзясят грошаў, але для гэтага павінен быў паказаць свае дакументы ці хоць нейкую паперу, і яго прозвішча запісвалася ў адмысловы сшытак. Пасля выканання гэтай фармальнасці жабрак мог ісці далей. Калі камендант павятовай паліцыі даведаўся пра гэта, дык вельмі пахваліў майго бацьку "за дакладную рэгістрацыю жабракоў, якія прыходзяць".

У Малым Мажэйкаве тры дні на год бывалі тлумнымі і люднымі. Гэта свята Божага нараджэння, Вялікдзень і імяніны майго бацькі 27 чэрвеня. Тады збіралася ўся сям'я, і прыязджалі шматлікія госці. У канцы чэрвеня звычайна стаяла добрае надвор'е, пасля абеду ў нас звыкла квітнеў брыдж, а з раніцы - тэніс. І брыдж, і тэніс былі папулярнымі гульнямі ў ваколіцах, і таму партнёраў не бракавала.

Адразу пасля імянін наступала жніво - час для аграрніка вельмі важны, і кожны стараўся сабраць збожжа без неспадзяванак. Дажджы маглі папсаваць усе надзеі на хуткае жніво і забраць час для падрыхтоўкі раллі пад азімыя. Дзівам аднаго лета ў маёй памяці застаўся не занатаваны ў мясцовых хроніках моцны снегапад. Раніцай 2 чэрвеня надышла цемра, гарызонт закрыла цёмная хмара, і пачаў падаць мокры снег, які накрыў зямлю слоем у 10 см. Пад цяжкасцю снегу палягло ўсё збожжа. Калі хмара прайшла, сонца асвяціла белы пейзаж, але дрэвы хутка ачысціліся ад снегу і дзіўна зелянелі над белымі палямі. Сяляне страшна перапужаліся і пачалі абтрасаць і паднімаць жыта. Але праз некалькі гадзін сонца растапіла снег, і збожжа ўзнялося. Колас быў яшчэ лёгкім, бо жыта толькі пачало налівацца. Таму катастрафічная падзея не нарабіла шкоды.

Пасля асенніх работ у полі я пачаў вывучаць магчымасці зімовага палявання. Мой бацька не меў жылкі паляўнічага і арганізоўваў паляванні толькі для гасцей. Палявалі часцей за ўсё на зайцоў, а пра вялікага звера чулі толькі ад іншых ці бачылі яго сляды. А магчымасці былі вялікія, асабліва ў Морыне ці Вераскаве. Мажэйкава мела менш лесу, але і тут можна было паляваць на дзікоў і ваўкоў, якія не часта, але заходзілі ў наш лес. Маламажэйкаўскі лес быў ціхі і спакойны, дробныя звяры не адчувалі тут небяспекі. У некаторых частках лесу раслі старыя дубы і сюды па жалуды прыходзілі дзікі, яны ж на сялянскім полі каля лесу шукалі бульбу. З думкай пра ваўкоў я падрыхтаваў шнуры з каляровымі шматкамі і чакаў снегу. Акурат падчас Божага нараджэння выпаў снег, і ляснік даў знаць, што чатыры ваўкі з'явіліся ў нашым лесе. Шнуры не дазволілі ўцячы ваўкам у непажаданым кірунку, і мы ўпалявалі двух ваўкоў. Потым палявалі на зайцоў. Мелі добрыя вынікі, і паляванне прызналі паспяховым, мае акцыі ў вачах бацькі пайшлі ўверх.

Маім наступным паляўнічым вычынам было здабыццё дзікага вепрука, якога знайшлі ў маладым сасняку. Ён ляжаў блізка каля дарогі, але не быў бачны з фурманак, якія праязджалі па ёй. Запрасіўшы суседзяў - Міхала Верашчаку і Тадэвуша Шыманскага з Вялікага Мажэйкава, я арганізаваў паляванне ў некалькі стрэльбаў. Разам з леснікамі мы аблажылі малады лес. Па слядах была зразумела, што гэта вялікі дзік. Суседзяў паставіў з боку старога і густога лесу, куды вяла сцежка, а сам стаў у маладым лесе, які межаваў з сялянскімі палямі. Дапускаў, што дзік пойдзе ў лес, а не ў голае поле. Аднак ледзь загоншчыкі з малым сабакам рушылі, як праз хмызняк яны ўбачылі агромністага дзіка, які пабег прама на мяне. Калі быў за некалькі дзясяткаў крокаў, я, каб змусіць дзіка змяніць кірунак, таксама пачаў рухацца. Хацеў пацэліць яму ў бок. Стрэліў і заўважыў, што патрапіў яму ў нагу. Тады я пабег за ім і хутка заўважыў на снезе плямы крыві. Дзік накіраваўся ў стары сасновы лес з густым падлескам. Стралкі і загоншчыкі прыбеглі з ўсіх бакоў і пасля кароткай нарады, захоўваючы неабходную асцярожнасць, рушылі ў стары лес. Праз сто крокаў мы знайшлі вялікага дзіка, які яшчэ трохі мог рухацца, але ўжо быў амаль што цалкам бездапаможны. Выстрал быў дакладным - пасля яго дзік доўга бегчы ўжо не мог. Потым даведаліся што звер важыў 174 кг, меў вялікія клыкі, з якіх адзін быў раней паламаны. Бацька ніколі такога дзіка раней не ўпалёўваў і пачаў паважаць мяне яшчэ больш.

З прыездам у Малое Мажэйкава пачаўся новы этап майго жыцця. Восем гадоў у мяне заняла гімназія, праз некалькі месяцаў пасля атрымання матуры (сярэдняй адукацыі - Л. Л.) пачалася вайна. Час, страчаны для навукі і вайсковай службы, заняў таксама роўна восем гадоў жыцця. Пасля вайны я быў ужо кадравым афіцэрам, знаёмыя раілі і далей ісці афіцэрскім шляхам, бо традыцыйна, адзін з трох сыноў павінен быць афіцэрам, а потым і генералам. Але, запісаўшыся ў політэхніку, я тым самым перакрэсліў вайсковую кар'еру, і вучоба ў ёй разам з чатырма гадамі працы ў меліярацыі пасля заканчэння, таксама занялі восем гадоў. Выканаўшы жаданне бацькі і прыехаўшы ў Малое Мажэйкава, я зноў змяніў прафесію на зусім іншую - сельскага гаспадара. Цяжка было не падпарадкавацца бацьку, але ніхто б мяне не зразумеў, як можна, маючы такі ладны маёнтак у добрым стане без даўгоў, не прыняць на сябе гаспадарку і не стаць землеўласнікам. Маёнтак быў не малы, не меў закінутых зямель і даўгоў і таму каштаваў больш за іншыя суседнія маёнткі, якія былі нават большымі за наш. Некаторыя, наогул, лічылі заганным тое, што я працаваў у іншай сферы, яны казалі: "Займаў не сваё месца і адбіраў працу ў тых, хто ў ёй мае патрэбу", - на што адказваў, што, нават падчас крызісу, у сферы меліярацыі існаваў недахоп кадраў, і таму кожны прафесіянал у гэтай справе без праблем знаходзіў працу.

Мае першыя крокі ў сельскай гаспадарцы былі шчаслівыя. Меў дзе жыць, меў утрыманне, свабоду дзейнасці, але брак гатоўкі ў кішэні даваўся ў знакі. Зрэшты ўсе землеўладальнікі тады сядзелі без гатоўкі. Я хутка пераканаўся, што не надта добра ведаю сельскагаспадарчую справу. Таму звярнуў увагу на будынкі і дахі, якія бацька падчас і пасля вайны трохі занядбаў. Стадола была пабудавана толькі напалову, і якраз у гэты час арандатар фальварка Дубінкі з'ехаў, і трэба было шукаць новага. Некалькі маладых суседзяў-землеўладальнікаў з вышэйшай адукацыяй жартавалі пра маё гаспадаранне, але бацька сказаў: "Рабі як хочаш". Наш эканом маёнтка таксама не вельмі добра ведаў аграрную навуку і больш чакаў загадаў, чым сам нешта рабіў. Але я памятаў словы бацькі, што не той мудры, хто робіць мудрыя справы, а той, хто не робіць глупства. Таму імкнуўся не рабіць глупстваў. Калісьці бацька ў размове пра адукацыю і кваліфікацыю эканомаў расказаў: "У нас на крэсах эканомы не ведаюць, як працаваць на зямлі. Калі хочаш адмыслоўца ў гэтай галіне, дык мусіш узяць кагосьці з каралеўства. Але там добрага чалавека не знойдзеш". І я пачаў чытаць кніжкі па сельскай гаспадарцы, але ўжыванне на практыцы тэарэтычных падказак не заўжды давала станоўчы эфект.

Самае галоўнае - трэба было займацца інтэнсіфікацыяй гаспадаркі, але гэта вымагала шмат грошай пры тым, што кошт збожжа ў той час апусціўся да некалькіх дзясяткаў злотых за сто кілаграм жыта. Таксама не выгадна стала прадаваць малако і мяса. Экспарт за мяжу не быў унармаваны, і іншыя дзяржавы мелі лепшыя ўмовы збыту, таму канкурыраваць з імі было немагчыма. Багаты захад жадаў толькі пшаніцу і не купляў жыта, а Польшча пшаніцы вырошчвала мала. На ўсходзе (маецца на ўвазе СССР - Л. Л.) людзі паміралі з голаду, але не мелі чым плаціць, ды з усходам гандляваць было цяжка. Мой бацька быў праціўнікам інтэнсіфікацыі, бо спробы, якія ён рабіў, не давалі вынікаў. Нашы каровы былі трохі лепшых парод праз гадоўлю быкоў галандскай пароды. Свінні таксама мелі трохі англійскай крыві вялікай белай пароды, але да добрых парод было далёка. Усе коні купляліся на ваколічных кірмашах і былі мясцовых парод. Мой бацька перад вайной гадаваў коней, коней любіў і ведаў пра іх усё. Ён падлічыў, што гадоўля коней не была ў нас выгаднай. [...]


Мой бацька меў ужо 75 гадоў і доўга думаў, як падзяліць паміж трох сыноў і трох дачок сваю маёмасць. Па традыцыі сыны мелі прывілеі, калісьці яго цёткі з боку бацькі, абмінуўшы яго пяць сёстраў, запісалі свае маёнткі толькі яму. Зімнімі доўгімі вечарамі ён часта пра гэта расказваў і заўсёды прыходзіў да высновы, што па-роўнаму не можа падзяліць, бо гэта прывяло бы да ліквідацыі маёнткаў. Яго цёткі, пэўна, думалі гэтак жа і таму зрабілі адзіным спадчыннікам майго бацьку. З пяці сясцёр бацькі тры былі замужам і жадалі свае часткі адразу забраць і перадаць сваім дзецям. Дзве другія сястры - старыя набожныя панны адразу перадалі б свае часткі на дабрачынныя мэты дзеля будучых нябесных ласкаў у замагільным жыцці. Таму мой бацька атрымаў бы толькі адну шостую і апекаваўся бы шасцю сёстрамі, нічога за гэта не маючы. Гэты прывяло б да ліквідацыі нашага роду землеўладальнікаў.

Прадаць маёнтак перад 1914 г. можна было толькі ў рускія рукі, бо католікі не мелі права купляць маёнткаў. Царская палітыка была накіравана на адбіранне зямлі ў католікаў і русіфікацыю краю. Для гэтага зямля канфіскоўвалася ці прымусова прадавалася, што было той жа канфіскацыяй, бо зямлю можна было прадаваць толькі праваслаўным ці пратэстантам - практычна заўсёды заслужаным рускім генералам за малыя грошы, далёкія ад сапраўдных коштаў маёнткаў. Нашым натуральным супрацівам было трыманне зямлі не толькі на карысць уладальніка, але і для агульнай карысці. Пасля паўстання такія паводзіны ўвайшлі ў кроў мясцовых землеўладальнікаў.

Пасля вайны сітуацыя цалкам змянілася. Зямельная рэформа, ухваленая Сеймам у Варшаве грунтоўна аслабіла права ўласнасці на зямлю. Новая падобная рэформа магла ісці яшчэ далей, ажно да канфіскацыі зямлі і лясоў пры тым, што прадаць маёнтак было немагчыма з-за адсутнасці пакупнікоў. Парцэляцыя гвалтоўна падтрымлівалася польскім урадам не толькі ў межах аграрнай рэформы, пры гэтым было няважна хто купляў зямлю - паляк ці беларус. Адначасова моцная левая прапаганда пазбавіла так званых "абшарнікаў" павагі і веры і зрабіла перажыткам былых часоў. Уратаванне Польшчы бачылася ў скасаванні вялікай маёмасці і пераход да сялянскай гаспадаркі на невялікіх надзелах. Гэтыя лозунгі былі шырока распрапагандаваныя не гледзячы на статыстыку, якая казала што аматараў задарма атрымаць зямлю шмат і што, калі кожнаму даць зямлю, дык трэба было б скасаваць усе гаспадаркі, але тады зямельныя надзелы сталі бы такімі малымі, што земляробства ў Польшчы сталася б агародніцтвам. На тым жа грунтавалася і камуністычная прапаганда. Што не пашкодзіла камуністам, трохі потым, атрымаўшы ўладу, забраць зямлю ва ўсіх землеўладальнікаў у калгас. ...

Таксама і ў справе эксплуатацыі лясоў былі абмежаванні, якія ўскладнялі продаж зямлі з лесам. Экспарт лесу прыносіў грошы і станоўча ўплываў на знешнегандлёвы баланс. Аднак лясное заканадаўства было разлічана на эксплуатацыю вялікіх лясных абшараў, дзе прасцей гаспадарыць рацыянальна і пазбягаць рабункавай эксплуатацыі лясоў. [...]

Аналізуючы стан сваіх гаспадарак з юрыдычнага і эканамічнага бакаў, мой бацька зразумеў, што падзяліць усё на некалькі частак магчыма толькі праз продаж усей маёмасці, што было немагчыма, бо прадаць можна толькі за бясцэнак. ...

Пра дачок бацька думаў, што калі яны выйдуць замуж, дык паспрабуюць атрымаць як хутчэй максімальную карысць з пасагу. Гэта прывядзе да сямейных спрэчак і ліквідацыі маёмасці. У выніку вырашыў праз тастамант пакінуць маёнткі за сынамі, а не дзяліць іх роўна паміж сынамі і дочкамі, прычым дочкі павінны былі быць гэтак выдадзены замуж, каб сыны потым не былі абцяжараны выплатамі. Таму прызначыў фальваркі Калітычы і Скрыбаўцы для сясцёр і купіў для іх камяніцу ў Варшаве. ... Лічыў што гарадская нерухомасць збольшага належыць габрэям, яны ж кіруюць левым рухам і таму не будуць рабіць захадаў супраць права ўласнасці на гарадскую нерухомасць.

[...]

Першыя крокі на Мажэйкаўскай зямлі не былі для мяне простымі. Настаўнікі мясцовых школ выразна цураліся мяне. Гэта былі людзі, якія паходзілі ў асноўным з каралеўства альбо Малапольшчы і мелі настрой супраць землеўладальнікаў. Усе яны лічылі, што гэты клас трэба ліквідаваць і стала выказваліся на гэту тэму. Дзівіцца гэтаму не трэба, бо ў тыя часы маладому інтэлігенту было цяжка ўладкавацца на вёсцы. Трохі пазней, калі я пабудаваў школу з трохпакаёвай кватэрай для настаўніка, да мяне прыехаў з візітам павятовы школьны інспектар, але на гэтым усё і скончылася. Першым настаўнікам у гэтай школе быў пан Пякарак. Паходзіў з Малапольшчы, вучыўся ў Вільні. Мясцовых звычаяў не ведаў, жаліўся на малы заробак і меў сацыялістычныя перакананні. Да мяне ставіўся карэктна. Але я адчуваў у ім насцярожанасць і варожаць. Было гэта не толькі з-за класавай варожасці, але і з-за адчуванне ім сябе чужым у краі. Але ён быў больш інтэлігентны за тых, хто працаваў пасля яго. Потым ён сапсаваў сабе кар'еру выступам супраць "Мацеры школьнай" у Шчучыне. На тым сходзе я не быў і даведаўся пра выступ пана Пякарка, чытаючы пратакол. Яго крыўдзіла што "Маці школьная" дасылае настаўніц і выхавальніц з адукацыяй у тры разы горшай, чым гэта робіць міністэрства асветы. Кандыдаткі "Мацеры школьнай" звычайна аплачваліся мясцовымі землеўладальнікамі: арганізоўвалі тут дзіцячыя садкі, займаліся малымі дзецьмі, калі маці працавалі ў полі, абслугоўвалі рухомыя бібліятэкі. Маёнткі давалі ім кватэры і пэўныя аклады. Пан Пякарак лічыў, што гэтак ствараецца штучная канкурэнцыя прафесійным настаўнікам і таму непрафесійныя не могуць патрабаваць сабе большых заробкаў.

Пасля пабудовы школы стасункі з настаўнікамі як быццам трохі палепшыліся. Але заўсёды было чутна, што яны лічаць землеўладальніка за шкадлівы элемент, які лепей было б ліквідаваць. Вайна змяніла адносіны. СССР пачаў вывозіць на ўсход усіх інтэлігентаў, у тым ліку і настаўнікаў. ... Нямецкая акупацыя справу не паправіла. ...


З суседзяў, трэба ўспомніць дробных землеўладальнікаў. Яны дзяліліся на дзве групы - праваслаўныя і католікі. Праваслаўныя пераважна былі беларусамі, былымі падданымі маёнтка Малое Мажэйкава. Яны звыкліся з тым, што двор належаў маёй сям'і, і мая асоба іх не моцна цікавіла. Былі хітрыя, але, наогул, добрыя людзі, хоць камуністычная прапаганда настройвала іх супраць Польшчы [9]. Але першыя саветы, якія гналі іх у калгасы, настроілі іх варожа супраць камуністычнага ладу. Да другой групы належала дробная шляхта з ваколіц Раўбы і Станкевічы. Яны былі католікамі і польскімі патрыётамі. Непасрэдна з нашай зямлёй не межавалі, і таму двор ніколі з імі не меў спрэчак. Яны да ўсяго рускага - ці да царскага, ці да бальшавіцкага, ставіліся адмоўна. Мой бацька ахвотна браў іх на працу, лічыў іх людзьмі пачцівымі і саліднымі, але пра іх інтэлігентнасць часам расказваў байкі. Больш бедныя сем'і з Раўбоў ахвотна ішлі да нас працаваць. Служба ў двары лічылася дастаткова ганаровай, і таму ўся дамавая служба ў нас была з Раўбоўскай шляхты. Гэта быў прыязны да маёнтка элемент, і яны былі першымі пры ўсіх грамадскіх працах, а потым і ў АК. Пасля Другой сусветнай вайны Савецкі Саюз страшэнна прарэдзіў іх шэрагі, вывез заможных у азіяцкія стэпы, знішчыў у лагерах як ворагаў камуністычнага ладу.

У Мажэйкава я прыехаў сваім "фордам", які ў мяне працаваў як гадзіннік. Аўтамабіль вырашаў цяжкія праблемы з выездам, бо бацька з дома амаль што не выязджаў, коней у цуг амаль што не меў, у поле ці касцёл ездзіў параконнай брычкай, у якую маглі зацугляць і аднаго коніка. Сутыкнуўшыся з гаспадарскімі клопатам і цяжкасцямі, з сёстрамі, якія прыехалі на лета, я яшчэ лепей пачаў ставіцца да свайго аўтамабіля.


Бліжэйшым маёнткам быў маёнтак Вялікая Лебяда. Перад Першай сусветнай вайной ён належаў адной са спадкаеміц расійскага генерала Маўраса - пані Скосыравай. З-за марнага гаспадарання, пасля высечкі ўсяго лесу ўладальніца збанкрутавала і мусіла прадаць маёнтак. Гэта было незадоўга да выбуху Першай сусветнай вайны. Набываць зямлю ў той час маглі толькі праваслаўныя, і таму пакупніком стаў аднарукі пан Юзаф Міхневіч, былы мельнік з ваколіц Слоніма, праваслаўны [10]. Ён ажаніўся з удавой, якая мела аднаго сына Станіслава [11] Фядэцкага. Гэты апошні са сваёй жонкай вызнаваў левыя тэорыі. Пан Фядэцкі працаваў у Міністэрстве працы ў Варшаве.

Міхневіч быў чалавекам вёрткім і гаспадарлівым. Разам з маім бацькам і панам Бразоўскім з Гурнофеля супольна пабудаваў на зямлі майго бацькі тартак у Скрыбаўцах. У гэтай справе ніхто з суполкі не быў прафесіяналам, адпаведнага чалавека, каб кіраваць тартаком не было - усе сябры суполкі былі ўжо старымі, і таму тартак не даваў прыбытку, але прыносіў шмат клопатаў. Пан Бразоўскі хутка памёр, а яго жонка нічога не разумела ў справе, мой бацька меў ужо 75 гадоў, пану Міхневічу таксама было больш за 60. Тартак замест даходу, пачаў нас разараць. Мой прыезд трохі ажывіў супольнікаў - яны думалі, што я займуся тартакам. Моцна памыліліся, бо я таксама не знаў гэтай справы, але прыгледзеўшыся да яе, зразумеў, што акрамя тэхнічнага боку, трэба яшчэ арганізаваць гандаль дрэвам, арыентавацца ў кан'юнктурных патрабаваннях, коштах і г. д. Выйсцем магла быць пакупка частак двух іншых супольнікаў і аднаўленне абаротнага капіталу, але гэта вымагала шмат грошай, якіх не было. Я разумеў, што мне бракуе аграрнага досведу, але пасля армейскай справы і меліярацыі, гэта была бы ўжо мая чацвёртая спецыяльнасць. Таму я вырашыў, што на тартак не трэба траціць час і грошы. Але немагчыма было дапусціць каб тартак быў ліквідаваны, бо магчымасць распілаваць драўніну павышала вартасць лесу, якім мы валодалі. Уся гэта справы была канчаткова вырашана пасля смерці бацькі, калі я прадаў сваю частку. Пакупнікамі аказаліся два яўрэі з Ліды - Халперн і Элкінд, якім я прадаў сваю долю і вытаргаваў умовы распілу майго дрэва і памолу мукі на іх млыне. З-за антыгабрэйскай прапаганды мясцовая думка надта крыва прыняла маю трансакцыю. Але каб не гэты продаж, тартак і млын трэба было зачыняць, што павялічыла б беспрацоўе ў акрузе.

З уладальнікамі Лебяды мы не маглі быць сябрамі. Яны мелі прарасійскія погляды і пасля Другой сусветнай вайны арыентаваліся на Расію, адмаўляючы Польшчы ў правах на Беларусь. З-за гэтага ўладальнікі Лебяды не карысталіся павагай не толькі буйных землеўладальнікаў, якія ўсе паходзілі з польскай шляхты, але і мясцовай засцянковай шляхты і нават беларусаў, акрамя камуністаў [12]. Пасля Другой сусветнай вайны кіраўніцтву АК часта даносілі на ўладальнікаў Лябёдкі як ворагаў польскасці. Падпольная польская партызанка ліквідавала ворагаў у залежнасці ад той шкоды, якую яны прыносілі польскім інтарэсам і польскай партызанцы. Камандзір АК "Барсук" звярнуўся да мяне з пытаннем пра Фядэцкіх. Я адразу адказаў, што яны без сумневу прыхільны да ўсіх прарасійскіх і пракамуністычных пачынанняў, але шкодзіць палякам не будуць. Можа гэта паўплывала на тое, што іх пакінулі ў спакоі. Пры падтрымцы Расіі яны ўзняліся да "дыгнітарыяў" Народнай Польшчы, тым больш, што іх былы эканом і сябар, пан Друта, вядомы нам у часы гітлераўскай акупацыі пад псеўданімам Дубоўскі, пасля вайны быў шматгадовым паслом Народнай Польшчы ў Анкары, Рыме і Парыжы.


Па тракце ў кірунку Гародні бліжэйшым быў маёнтак Вялікае Мажэйкава. Калісьці маёмасць Гагінаў, потым Тышкевічаў і Хадкевічаў. У 1826 г. маёнтак купілі Грабоўскія. Апошні з Грабоўскіх, стары кавалер, памёр у часы Першай сусветнай вайны ў Парыжы і не пакінуў тастаманта. Усю маёмасць падзялілі паміж чатырма сёстрамі Грабоўскага. У выніку падзелу Верашчакі атрымалі Вялікае Мажэйкава, Мінейкі - Дзікушкі, Раствароўскія - Скабейкі, а Раманаўцы сталі ўласнасцю пані Ваньковіч з Горватаў.

Калі я прыехаў з Варшавы, у Вялікім Мажэйкаве ўжо каля дзесяці гадоў гаспадарыў Міхал Верашчака з сынам і дачкой свайго памерлага брата Міхала - Тамашом і Марыяй-Людвікай. Гэты быў мілы дом, куды можна было паехаць на тэніс, гарбату і г. д. З усіх чатырох частак пасля падзелу, Вялікае Мажэйкава было найбольшай і яму належаў вельмі добры лес. Новы ўладальнік пабудаваў тартак з млынам, а перад самай вайной паставіў невялікую электроўню на рэчцы Ішчалнянка. Акрамя гэтага маёнтак меў вінакурню. Новы ўладар быў аматарам тэхнікі - купіў трактар, аўтамабіль і сучасную аграрную тэхніку.

На адлегласці 6 км, у старажытным фальварку Раманаўцы, пасля пабудовы жылога дома жылі Ваньковічы. Аднак яны тут былі гасцямі, бо жылі больш у Варшаве ці ў маёнтку Горышкі ў Пазнанскім ваяводстве ў бацькі пані Ваньковіч Горвата. У апошнія гады перад Другой сусветнай вайной Раманаўцы трымаў інжынер Ян Трацяк, з якім я заўсёды сябраваў. Трошкі далей, за якіх 8 кіламетраў, у Скабейках, таксама былым Вялікамажэйкаўскім фальварку жылі Раствароўскія з сынам і дачкой. І тут жылы дом таксама трэба было пабудаваць. Найдалей ад Малога Мажэйкава знаходзіўся маёнтак Дзікушкі якім, пасля заканчэння вышэйшай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве, валодаў і жыў тут інжынер Аляксандр Мінейка. Жыў у малым дамку з некалькіх пакояў, а вялікі, мураваны і прыгожы дом пабудаваў перад самай вайной [13]. Лех Мінейка і Ян Трацяк сталі маімі настаўнікамі і дарадцамі ў сельскай справе.

Дом Аляксандра Мінейкі ў Дзікушках, 2003 г.

У Ішчалне, вялікім маёнтку на адлегласці 10 кіламетраў жыў новы гаспадар - Юзаф Лясковіч з дзецьмі-падлеткамі. Раней гаспадарамі тут былі іншыя Важынскія, новыя атрымалі сваю зямлю і лес у выніку падзелу, а раней жылі ў іншых маёнтках Лідчыны, далёкіх ад Малога Мажэйкава.

За 15 кіламетраў быў маёнтак Жалудок, раней маёмасць Урускіх і Тызенгаўзаў, адна з найвялікшых латыфундый у міжваеннай Польшчы - каля 16 000 гектараў. Гэта быў вельмі чынны і энергічны асяродак, бо абодва - князь і княгіня апекаваліся рознымі грамадскімі інстытуцыямі. Князь Людвік быў сталым старшынём Звязу землеўладальнікаў, княгіня Ружа, сястра ардыната з Нясвіжа, доўгія гады ўзначальвала Кола вясковых гаспадынь. Не ўхіляліся яны і ад іншых ініцыятываў у жыцці Лідчыны, ахвярна ангажаваліся ў будоўлю народнага дома ў Станкевічах і касцёла ў Зачэпічах. Таксама яны пабудавалі шпіталь пад вызнаннем Св. Ружы у маёнтку Жалудок (шпіталь прымаў жыхароў мястэчка па коштам павятовага шпіталя). Князі чынна прымалі ўдзел ва ўсіх праявах грамадскага жыцця, падаткі плацілі ў належны тэрмін, чым маглі пахваліцца не ўсе землеўладальнікі. Падчас наведвання Наваградскага ваяводства прэзідэнтам Масціцкім Жалудок быў тым месцам, якое прэзідэнт адзначыў сваім наведваннем. Увесь час Жалудок для мяне быў месцам для прыемнага гасцявання, брыджу і палявання, якія часта арганізоўваліся ўзімку.


Усе суседзі жылі на поўдзень ад шашы Ліда - Гародня, якая праходзіла каля Малога Мажэйкава. На поўнач ад шашы суседзяў было менш. Найбліжэй, за восем кіламетраў ад Мажэйкава, з Мажэйкаўскім лесам межаваў маёнтак Воўчынкі пані Яніны Мейер з Паплаўскіх. Маляўнічая мясцовасць на нэндзнай рэчцы з малым млынам за сто крокаў ад жылога дома маёнтка. Млын быў заўсёды паламаны, і гаспадыня не цікавілася яго станам. Але гэты млын упрыгожваў заросшы хмызняком краявід, які не мяняўся сотні гадоў. Прыгожы куток для паэтаў і закаханых пар, якія, дарэчы, тут частка гасцявалі. Гаспадыня ўсіх гасцінна сустракала, але ніколі не клапацілася аб тым чым бавяцца госці. Кожны прыязджаў, калі хацеў і адзінае, што ад яго патрабавалася, каб не быў надта нудны. Летам тут жыло шмат гасцей, збіралася культурнае кола, шмат моладзі, паэтаў-пачаткоўцаў і навукоўцаў. Гаспадыня шмат чытала, жыла ў інтэлектуальных мроях і мала займалася гаспадаркай, што потым прывяло да праблем нават з выплатай падаткаў. Заўжды прымала ўдзел у грамадскіх справах, аддаючы ім перавагу перад справамі маёнтка. Час ад часу нават дапамагала такім інстытуцыям, як напрыклад войтаўства Васілішскай гміны.

Яшчэ далей, у вярхоўях рэчкі Касцянёўкі, якая цякла праз Воўчынкі, быў дастаткова вялікі, у 800 гектараў, маёнтак Гурнофель. У мае маладыя гады гаспадаром яго быў пан Альфрэд Бразоўскі - стары кавалер. Ездзіў чацвёркай коней, зімой заўсёды са званочкамі, бываў паўсюдна, не прапускаў нічыіх суседскіх імянін і нават у сталым веку сябраваў з так званай "залатой моладдзю". Меў яшчэ нейкі іншы маёнтак у іншым павеце і яшчэ перад Першай сусветнай вайной купіў сабе аўтамабіль - хоць і ўжываны, але гэта быў першы аўтамабіль у Лідскім павеце. Усе балі ў акрузе былі яго, і часта пасля балю брычка Бразоўскага начавала ў рове. Расказвалі, што для аўтамабіля трымаў двух шафёраў, а шыны ездзіў мяняць за 100 кіламетраў. У часы Першай сусветнай вайны ажаніўся з паннай Янкоўскай і адразу пасля вайны памёр, пакінуўшы адну дачку.

Хадзіла пра яго шмат анекдотаў, якія дасціпныя сябры ахвотна расказвалі. Ён з цікавасцю выслухваў анекдоты пра сябе і сам з іх першы смяяўся. У маёй памяці засталося некалькі такіх гісторый. Расказвалі, што ў маладосці некалькі разоў рабіў прапановы "рукі і сэрца", але неяк безвынікова. Адным разам у кавярні ім падалі дзве філіжанкі кавы з вяршкамі ў адным гаршчочку з вушкам. Пан Альфрэд звярнуўся да сваёй пасіі з пытаннем, ці хацела б яна мець з ім адзін агульны гаршчок на ўсё жыццё? Панна адказала адмоўна.

Іншым разам нейкі дасціпнік запэўніў пана Альфрэда, што ведае такі фокус - поўная шклянка вады будзе перавернута над яго галавой, а ён пры гэтым застанецца сухі. Пан Альфрэд сказаў што гэта немагчыма. Тады жартаўнік прапанаваў спрачацца на 100 рублёў - вялікія ў той час грошы, памятаю як наш улюбёны фурман, стары Юзаф, купіў сабе добрыя скураныя боты за 3 рублі. Пан Бразоўскі быў ашчадны і прапанаваў спрэчку на 1 рубель. Было гэта ў рэстаране, афіцыянт прынёс шклянку вады, якую штукар на вачах усяго рэстарана выліў на галаву пана Альфрэда. Пасля чаго, здзівіўшыся, сказаў, што фокус не ўдаўся і заплаціў 1 рубель. На гэтым справа да задавальнення абодвух бакоў і закончылася. У Гурнофелі, была адзіная ў павеце кур'ёзная стадола над самай рэчкай, і ў гэтай стадоле вадзяное кола вярцела малатарню, сячкарню і камень млына. Рэчка там была малая, але перапад вышыні вялікі.

На гэтай жа рэчцы, трошкі вышэй, за 12 км ад Малога Мажэйкава стаяў маёнтак Касцянёва з таксама невялікім млынам і ставам, у якім раней гадавалі фарэль. Належаў ён старажытнай і заможнай сям'і Кастравіцкіх і раней, таксама як і Малое Мажэйкава, быў фальваркам вялікага ключа Паперня - Ваверка. Паперня перайшла ў рускія рукі і ў мае часы там гаспадарыла пані Петухова, яе дзейнасць у асноўным, палягала ў спусташэнні і продажы маёнтка па кавалках. У Кастравіцкіх застаўся толькі маёнтак Касцянёва, які ў мае дзіцячыя гады меў каля 2 000 га. Гаспадарыў там Люцыян Кастравіцкі - меў ён вялікія, але нерэальныя планы. Гэта давяло да таго, што калі я вярнуўся ў Малое Мажэйкава, Касцянёва мела ўжо меней за 100 га, а ўладальнік кудысьці эміграваў, пакінуўшы тое, што засталося ад маёнтка, жонцы з двума малымі сынамі.

Недалёка ад Касцянёва быў маёнтак Лябёдка спадара Іваноўскага, які ў свой час ажаніўся з паннай Райхель. Уладальніка Лябёдкі называлі "генералам", бо ён калісьці служыў у Пецярбургу і меў чын "тайного советника", быў дырэктарам дэпартамента гандлю і прамысловасці, што ў той час лічылася вельмі высокай пасадай у іерархіі царскага чынавенства ў Пецярбургу. Купіў ці быў дзедзічам Лябёдкі, маёнтка ў чатырыста гектараў, якія асушыў, пабудаваў новыя добрыя будынкі і завёў чатыры тысячы пладовых дрэў. Меў чатырох сыноў і адну дачку. Два сыны лічылі сябе палякамі, адзін быў беларусам, а адзін летувісам. Дачка выхоўвалася ў Англіі ў Кембрыджы і мела вялікую сімпатыю да гэтай дзяржавы. Тая сімпатыя выражалася тым, што яна ўсё жыццё падтрымлівала стасункі з сябрамі з Англіі, гадавала коней і сабак - ад пачатку англійскіх гончых, а потым хартоў. Аднак яе галоўным захапленнем былі коні. Яна лічыла, што конь мае душу, спрабавала прышчапіць англійскія звычаі на беларускай тэрыторыі, нават арганізоўвала паляванне з гончымі і хартамі ў чырвоных фраках, што ў нашых варунках неяк не вельмі пасавала да ліцвінскага пейзажу і таму не надта і атрымлівалася, а мясцовым сялянам выразна не спадабалася. Ездзіла конна, нават да шлюбу паехала конна з сваім нарачоным панам Казімірам Скіндарам. Нарэшце на скачках у Лодзі ўпала разам з канём, конь яе прыдушыў, і доўгі час яна змагалася за жыццё ў шпіталі. Гэты выпадак не ахаладзіў захапленне коньмі, хоць яна і перастала выступаць на спаборніцтвах і больш не спрабавала арганізоўваць паляванне на лісаў. У цяжкія пасляваенныя гады (маецца на ўвазе Першая сусветная вайна - Л. Л.) колькасць коней значна паменшылася, але хартоў у яе была поўная хата, і калі я прыязджаў у Лябёдку, дык яны панавалі ў салоне, займалі лепшыя фатэлі і рыкалі на таго, хто хацеў іх з фатэля сагнаць.

Лябёдка знаходзілася за 15 км ад Малога Мажэйкава і адносілася да блізкіх суседзяў. Гэта азначала, што ехаць туды можна было толькі на конях і без начлегу, які патрабаваўся бы пры большай адлегласці, каб адпачылі коні. З больш далёкіх маёнткаў можна ўспомніць Вензаўшчыну, якой валодалі чатыры пані Жураўскія. Усе былі таленавітыя, мелі галасы меца-сапрана, і адна з іх, Ірэна, нейкі час выступала ў варшаўскай оперы. Пасля Другой сусветнай вайны эмігравала ў Англію, малявала карціны, якія мелі добрую славу і ахвотна купляліся. Другая, Марыя, была таленавітай піяністкай і сябравала з Вуйтовічам, ён штогод быў сталым летнім госцем. У часы побыту Вуйтовіча там бывалі канцэрты найвышэйшага ўзроўню. Але ад Мажэйкава было 35 км - на конях за далёка. Дзве другія сястры - Гурская і Пратасевіч памянялі свае таленты на шлюб, і ў Вензаўчыне я з імі не спаткаўся.

Маёнтак Шчучын, уласнасць князя Юзафа Друцкага-Любецкага, суседскім не лічыўся, бо ўладальнікі рэдка там бывалі і лічылі сябе жыхарамі падваршаўскага Тэрэсіна. Князь Друцкі-Любецкі нават не належаў да нашага Звязу землеўладальнікаў. Маёнтак здаваўся ў арэнду і толькі часамі ўлетку сюды прыязджала княгіня, маці ўладальніка.

За Шчучынам, у бок Гародні стаяў маёнтак Спуша, які належаў князю Яўстаху Сапегу. Уладальнік займаў усялякія высокія пасады ў Варшаве, уключна да ўзроўню міністра замежных спраў. Быў польскім амбасадарам у Лондане, заўсёды знаходзіўся ў палітыцы, а ў Спушы бываў толькі госцем. Яго жонка Тарэза з Любамірскіх была больш звязана з нашымі мясцінамі. Яна арганізоўвала курсы ткацтва сярод ваколічных сялян і ў Варшаве была актыўнай у розных дабрачынных арганізацыях. Ад Мажэйкава сюды было 50 км, і я там быў толькі адзін раз. Князёў бачыў часцей у Варшаве.

Таксама ў 50 км ад нас быў маёнтак Алешавічы, які належаў Незабытоўскім. Маёнтак меў некалькі фальваркаў, трошкі лесу, невялікія рыбныя ставы, але галоўным у ім быў палац, падобны на палац у варшаўскіх Лазенках. Палац меў вялікую бальную залу і мэблю, якая ўцалела ад рабункаў падчас Першай сусветнай вайны. Гаспадарку вяла пані Незабытоўская, жыла яна тут з сёстрамі - паняй Ранікер і паннай Ірэнай Камар. Мела яна тры дачкі, выхаваныя ў страшнай дысцыпліне і паслушэнстве старэйшым, а таксама ў строгім каталіцтве. Першыя Саветы і нямецкую акупацыю палац перажыў без вялікіх страт. Пасля Другой сусветнай вайны бальшавіцкія ўлады пачалі разборку палаца, і цалкам знішчылі сляды культуры [14].

Да далёкіх суседзяў трэба залічыць шэраг маёнткаў каля Ражанкі, Шчучына і Астрыны. Гэта Уніхаўшчына Марачэўскіх, падзеленая паміж сваякамі, Макрэц Івона Марачэўскага, жанатага з паннай Шчукай, Навасады Мацея Марачэўскага, Андрушаўцы майго кузена Вітольда Марачэўскага, які працаваў адвакатам. Пра яго стараста Сялява апавядаў цікавыя гісторыі. Менавіта пан Вітольд Марачэўскі вёў нейкую справу аб аліментах, якую прайграў. У гандлёвы дзень у Шчучыне нехта падслухаў размову двух сялян. Больш спрытны раіў найлепшага адваката, а калі ў яго запыталі пра Марачэўскага, ён адказаў: "Марачэўскі добры адвакат, але з міласці рабіць не будзе".

Дальнім суседам таксама быў Лядск-Высокі Лісоўскага, аднаго з арганізатараў Самаабароны ў Шчучыне ў 1918 г., потым афіцэра 13-га палка Віленскіх уланаў, пасла ў Сейм Сярэдняй Літвы і потым пасла на Устаноўчы сейм у Варшаве.

Яшчэ далей знаходзіліся маёнткі Глыбокае і Міхайлаў Мікульскіх. Уладальнік Глыбокага быў доктарам медыцыны, але не меў практыкі для заробку і лячыў ваколічных сялян бясплатна.

Каля новага Двара быў маёнтак Кажамякі суддзі Юльяна Прыбыткі і Хадзілоні яго кузена Эмільяна Прыбыткі. Невялікі фальварак Гаўдзішкі належаў Мар'яну Янкоўскаму, апошняму перад вайной Віленскаму віца-ваяводзе, а падчас нямецкай акупацыі дэлегату польскага ўрада ў Наваградскім ваяводстве. Невялікі фальварак, назву якога не памятаю, меў суддзя Халява, а каля Новага Двара меўся фальварак Дэйнараўшчына доктара ветэрынарыі Яна Ваяводскага - сталага ветэрынарнага лекара і кіраўніка ветэрынарнага шпіталя Лідскага павета.

Спадар Антон Прыбытка [15], які збіраў матэрыялы для манаграфіі пра Лідскі павет, казаў, што ў даўнія часы на Лідчыне было шмат Александровічаў, Скіндараў і Крыдаляў. Сярод асоб на важных пасадах часта былі Радзівілы і Хадкевічы. Пазнейшыя крыніцы расказвалі пра Давойнаў, князёў Вішнявецкіх, князёў Саламарэцкіх, Валяў, Скарбак-Важынскіх, Паўпятаў ці Падбіпятаў гербу Сарві-каптур [16] і іншых. З-за Другой сусветнай вайны Прыбытка не закончыў збор матэрыялаў.

Суседзі, якія жылі на вялікай адлегласці, былі даступныя толькі мне - я меў аўтамабіль. А да Мажэйкава коньмі яны маглі даехаць толькі ў вельмі важных выпадках. Ды і коні былі патрэбны для працы, бо пасля вайны стала цяжка ўтрымліваць коней толькі для язды. Гаспадарка паволі даходзіла да ладу, але эканамічную сітуацыю значна абцяжарыў сусветны эканамічны крызіс, з-за якога ўпалі цэны на сельскагаспадарчыя тавары.

[...]

Малое Мажэйкава раней належала да Ішчалнянскай парафіі. ... Праз некалькі гадоў пасля Першай сусветнай вайны лідскі стараста Здановіч перадаў Маламажэйкаўскую царкву ў в. Мураванка пад касцёл. ... Пасля ксяндза Чаплоўскага пробашчам тут быў ксёндз Вагнер, былы вікарый у Дзятлаве, а перад Другой сусветнай вайной кс. Уладзіслаў Мончка, які на гэтай пасадзе ператрываў Першыя саветы і немцаў. Пасля вайны яго перавялі ў Новы Двор.

З часоў перад Першай сусветнай вайной пробашчам у Ішчалне быў ксёндз Баляслаў Красадомскі, званы іншымі ксяндзамі з-за сваёй набожнасці "Святы Болесь", яго вельмі паважалі парафіяне. [...]

Найбольш вядомым ксяндзом быў дэкан у Васілішсках, ксёндз Ігнат Цыраскі. Быў ён вельмі інтэлігентны, паходзіў з-пад Лодзі ці з самой Лодзі і меў левыя сімпатыі. З-за нейкіх непаразуменняў з біскупам з Лодзі быў прымушаны з'ехаць у Амерыку, а пасля вяртання дахаты нейкі час працаваў рэдактарам нейкага каталіцкага выдання ў Быдгашчы. І на гэтай пасадзе не жадаў слухаць біскупа і таму быў сасланы на пакуты ў Віленскую дыяцэзію. У Вільні яму прапанавалі на выбар дэканат у Васілішках ці дэканат [17] у Няштанішках. Выбраў Васілішкі і адразу праславіўся як добры арганізатар: бо ўсе працэсіі, святкаванні і інш. у яго былі арганізаваны як найлепей. Парафіянам гэта спадабалася, і яны з ахвотай наведвалі касцёл, выконвалі ўсе яго пажаданні, і ў парафіі мелася добрая дысцыпліна. Меў вялікую бібліятэку і быў сапраўдным інтэлігентам. Страшна любіў ездзіць аўтамабілем, але не мог сабе дазволіць яго купіць. Заўсёды сядаў каля шафёра і праз пяць хвілін язды засынаў моцным сном, прычым разбудзіць яго было немагчыма нічым.

Расказаў мне пара сваё знаёмства з Сымонам Мяйштовічам - уладальнікам Геранён, слаўных з часоў Жыгімонта Аўгуста, бо менавіта тут жыла Барбара Радзівіл. Здарылася гэтак, што ксёндз Цыраскі і Мяйштовіч ехалі разам чыгункай з Ліды ў Вільню. Мяйштовіч пагартаў газеты, папазяхаў, адлажыў газеты ў бок і пачаў размову. Быў ён відавочна пад уражаннем ад толькі што выдадзенай кнігі Форда пра яго жыццё і арганізацыю працы. Звярнуўся да ксяндза, лічачы, што гэта нейкі маладасведчаны ў сусветных справах правінцыял. Ксёндз Цыраскі расказваў, як цэлую гадзіну сядзеў і слухаў прамову і толькі ківаў галавой, каб паказаць што слухае. Мяйштовіч заўважыў, што, верагодна ксёндз не выязджаў далей за Ліду і Вільню. Таму, калі ксёндз будзе ў Варшаве, дык хай возьме дрожкі і загадае ехаць на вуліцу Сянкевіча. Там ёсць вялікі, з чырвонай цэглы мураваны дом, а на першым паверсе месціцца кнігарня Гэбернера і Вольфа. Калі ксёндз увойдзе ў кнігарню, дык хтосьці з персаналу запытаецца, чым можа служыць? Няхай ксёндз-дабрадзей папросіць прадаць яму кніжку Форда, якая каштуе пару злотых. З гэтай кніжкі ксёндз даведаецца аб сучасных спосабах арганізацыі працы, якая паляпшае жыццё. Калі пан Мяйштовіч закончыў прамову, ксёндз Цыраскі адказаў: "Бачу, пан чалавек бывалы і нават часам ездзіць у Варшаву. Хай пан выберацца ў Быдгашч, гэта такі горад на паўночны захад ад Варшавы. Калі цягнік спыніцца на станцыі, хай пан выйдзе, пяройдзе на другі бок вакзала і там будуць стаяць дрожкі. Хай пан нойме адны з іх і загадае завезці яго на вуліцу Сянкевіча. Бо ў Быдгашчы таксама ёсць вуліца Сянкевіча. Там пану трэба ўзняцца на трэці паверх дома з пэўным нумарам, і каля дзвярэй кватэры ён убачыць залаты гузік. Калі пан націсне на гузік дык дзесьці ўнутры пачуецца званок. Слуга адчыніць дзверы і пан папросіць яго правесці да рэдактара "Х". Калі рэдактар прыме пана, хай пан спытаецца - хто пераклаў кніжку Форда на польскую мову? І пан даведаецца, што пераклад выкананы ксяндзом Ігнатам Цыраскім - мною". Калі ксёндз закончыў прамову, у канцы ўказваючы пальцам на сябе, Мяйштовіч схапіў свае рэчы і выбег з купэ. Быў гэта, магчыма, адзін з тых дзён, які ён запомніць на ўсё жыццё.

Трэба сказаць, што ўсе ксяндзы былі настаўлены на 100 % прапольскі і рэпрэзентавалі бескампрамісна польскі кірунак. Пра настаўнікаў такога сказаць было немагчыма. Настаўнікі, якія паходзілі з мясцовага грамадства, адносіліся да справы больш-менш аднолькава з ксяндзамі. Але настаўнікі, якія прыехалі пераважна з Малапольшчы, хоць і былі палякамі, але лічылі гэты край беларускім. Яны былі ўпэўнены, што межы Польшчы ўсталяваліся на сотні гадоў і не разумелі, што на захад і ўсход жывуць шматлікія і вялікія народы, якія могуць збройным шляхам змяніць межы дзяржавы. Усе думалі, што нямецкая і руская арміі маюць узровень 1920 г. і бачылі, што польская армія робіць вялікія крокі наперад, таму спадзяваліся на нерухомасць межаў. [...] Настаўнікі з Малапольшчы лічылі, што неабходны сацыяльныя рэформы.

[...]

У лютым 1932 г. я быў запрошаны ў Жалудок да князя Чацвярцінскага на паляванне на дзіка. Стаяў моцны мароз, і было шмат снегу, аўтамабілем ехаць было немагчыма. У Жалудку князь сабраў паляванне для некалькіх асоб. За два дні мы ўпалявалі некалькі ваўкоў і дзікоў. Але я захварэў і дахаты вярнуўся з вялікай тэмпературай. Бацька таксама ляжаў, бо захварэў на грып. Нашы хваробы патрабавалі доктара. Нягледзячы на страшную завею, са Шчучына прыехаў доктар Кондрат. У мяне знайшоў бранхіт, а ў бацькі, акрамя моцнага грыпу, яшчэ пачатак двухбаковага запалення лёгкіх. Сказаў, што ўлічваючы ўзрост, хвароба бацькі вельмі небяспечная. Выпісаў лекі і загадаў мне быць у ложку ажно да таго часу, пакуль тэмпература не будзе нармальнай. Я паведаміў братам і выклікаў ксяндза Чаплоўскага. Браты прыехалі назаўтра вечарам. Доктар Кондрат прыехаць не змог, і таму з Жалудка прыехаў іншы доктар - малады габрэйчык з фельчарам. Ён засведчыў, што стан бацькі пагоршыўся. Выпісаў лекі і пакінуў каля бацькі фельчара. ... Бацька памёр а 9-й гадзіне вечара. Не было пеніцыліну і іншых сродкаў, і таму практычна немагчыма было ўратаваць жыццё хвораму на моцнае запаленне.

Праз некалькі дзён адбылося пахаванне ў Ішчалнянскай парафіі. Пасля службы ў Ішчалнянскім касцёле, пахавалі бацьку на мясцовых вясковых могілках каля магіл родных. Моцны мароз і снег, які пакрыў зямлю, перашкаджаў ісці да могілак, якія былі за 1 км ад касцёла. [...]


Трошкі раней, ад вялікага Лідскага павета быў аддзелены Шчучынскі павет, і мая гміна Лебяда пачала належаць да гэтага новага павета. Для таго, каб адрозніваць ад Шчучына пад Ломжай, праз некалькі гадоў наш Шчучын пераназвалі ў Шчучын-Наваградскі. У гэтым новым павеце аўтамабілі, акрамя мяне, мелі толькі князь Чацвярцінскі з Жалудка, Міхал Верашчака з Вялікага Мажэйкава і Андрэй Раствароўскі са Скабеек. Відавочна, службовы аўтамабіль меў і стараста ў Шчучыне. Іншыя землеўладальнікі аўтамабіляў не мелі. Прыехаўшы, я за некалькі месяцаў аб'ездзіў з візітамі ўсіх суседзяў-землеўладальнікаў навокал. Праз нейкі час пасля смерці бацькі на мяне звярнуў увагу стараста Сялява. Ён прыехаў у Малое Мажэйкава і з націскам прапанаваў заняць пасаду кіраўніка павятовай управы міравога суда для дробных землеўладальнікаў. Працы было шмат, бо пазыкі, узятыя гаспадарамі да крызісу, калі цэны былі высокімі, стала немагчыма выплачваць з-за зніжэння цэнаў на аграрную прадукцыю.

[...]

У 1931 г., калі я прыехаў у Малое Мажэйкава, павятовым старастам быў Юзаф Сялява. Вельмі добры ў сяброўстве, раней меў вялікі і ладны маёнтак на Віцебшчыне, у сваім павеце карыстаўся павагай як адміністратар і як вясёлы таварыш ў сяброўстве. Меў здольнасць бачыць у размовах камічныя моманты, добра арыентаваўся ў людзях, любіў ездзіць аўтамабілем. Таму яго службоваму аўтамабілю патрэбна было шмат паліва. Вялікі расход паліва не ставіўся яму ў віну, бо з-за гэтага ён ведаў, што робіцца ў павеце, і мог дасканала і дасціпна пра ўсё расказаць. Дык і мог ён ездзіць толькі аўтамабілем, бо быў надта тоўстым. Пра яго апавядалі, што неяк ён паехаў на адпачынак і з-за адмысловай дыеты страціў чатырнаццаць кілаграмаў вагі. Людзі пыталіся - што з ім здарылася? Адказваў што хвалявацца не трэба - засталося яшчэ сто дваццаць кілаграмаў. Стараста расказваў аб праверках высокіх службовых асоб, яго любімым відовішчам пры гэтым, з'яўляецца пыл з-пад калёс ад'язджаючых візіцёраў.

Праз некалькі гадоў кіравання нашым паветам, стараста Сялява быў пераведзены на іншую пасаду, а да нас здалёк прыслалі Шушкевіча. Шушкевіч пасаду займаў не доўга, праз паўгода перайшоў у Ліду. Пасля яго з Вільні прыехаў магістр права Кавальскі. Жонка яго таксама была юрыстам і працавала адвакатам у Вільні. Тыя некалькі адвакатаў, якія былі ў Шчучыне, моцна спужаліся. Яны вырашылі што ўсе кліенты зараз пойдуць да жонкі старасты, бо яна будзе мець вялікі ўплыў у судзе. Аднак стараста тактоўна забараніў жонцы браць судовыя справы ў сваім павеце, пакінуўшы ёй свабоду па-за межамі павета. Новы стараста энергічна ўзяўся за справы і хутка здабыў сабе павагу сярод мясцовага грамадства. У адносінах да сваіх падначаленых, стараста быў вельмі патрабавальным, уваходзіў ва ўсе нюансы справы, у тым ліку канцылярскія і бухгалтарскія, стаў пагрозай для гультаёў і хутка выправіў ранейшыя недахопы. Гэтак жа як і з Сялявай, у мяне атрымалася ўсталяваць добрыя адносіны і з Кавальскім.

За некалькі гадоў Кавальскі перайшоў на тую ж пасаду ў Стоўбцы, а стаўбцоўскі стараста Вярбіцкі быў пераведзены ў Шчучын. Каля года я працаваў з ім у павятовых інстытуцыях. Ён аказаўся паляўнічым, і мы з ім некалькі разоў разам палявалі. Знаёмства з гэтым старастам перарвала вайна - мяне прызвалі ў войска, а ён праз Літву выехаў за мяжу. Што з ім было далей, не ведаю. Але са старастам Кавальскім сустрэўся ў Коўне, пасля звальнення з 6-га форта, дзе быў лагер для інтэрніраваных польскіх вайскоўцаў. Потым лёс правёў нас праз літоўскія лагеры ў Лаздзеі і Марыянполі і бальшавіцкія ў Беластоку і Берасці.

[...]

Хутка прыйшлі і іншыя пасады. Прапанавалі мяне ў павятовую Раду Звязу землеўладальнікаў. Сталым старшынёй Рады быў князь Людвік Чацвярцінскі з Жалудка, а сакратаром Габрыэль Лясковіч з Ішчалны. Гэтыя пасады яны займалі ад моманту стварэння Звяза і да верасня 1939 г. Звяз землеўладальнікаў быў арганізацыяй класавай і аб'ядноўваў тых, хто валодаў пэўным зямельным надзелам. Невялікая складкі "з гектара" плаціліся нерэгулярна, а некаторыя нават ухіляліся ад выплат цалкам і казалі, што наш Звяз нічога землеўладальнікам не дае. Таму большая частка землеўладальнікаў да Звяза не мела ніякага дачынення. Аднак праз Звяз можна было рабіць палітычныя і эканамічныя прапановы, і гэта мела значна большы ўплыў, чым калі б гэтыя прапановы рабіліся індывідуальна. Пры парламентарным ладзе гэта было істотна. Звяз у Сейме і дыскусіях у прэсе мог даводзіць свой погляд на праблемы, што давала паслам у Сейм і сенатарам пэўную палітычную платформу, а землеўладальнікам-палітыкам, пэўную апору.

Землеўладальнікі, якія мелі сто ці меней гектараў, не ведалі моцы прапаганды і не бачылі сэнсу ў палітыцы і арганізацыі грамадства, моцы арганізаванай часткі грамадства і прэсы. Жывучы ў вёсцы, яны жадалі нейкай імгненнай карысці ад арганізацыі. Таму складкі выплачвалі нерэгулярна, а некаторыя наогул адмаўляліся ад сяброўства ў Звязе. Складкі "ад гектара" не былі вялікімі, а нашы выдаткі ішлі толькі на аплату працы сакратара некалькі гадзін у тыдзень і аплату офіса, які патрэбны быў толькі некалькі разоў у год для пасяджэння Рады. Больш за палову складак ішло ў агульны краёвы Звяз землеўладальнікаў, які меў у Варшаве сталую штаб-кватэру і сталага сакратара Станіслава Ваньковіча (малодшага). Старшынём быў Антоні Юндзіл з Палесся, жыў ён у Варшаве. Я быў толькі членам Рады Звяза землеўладальнікаў у Шчучыне і не прымаў удзелу ва ўсіх пасяджэннях цэнтральнай Рады. Займала гэта не шмат часу, але мяне ахвотна дэлегавалі на розныя з'езды ў Варшаву, Наваградак, Вільню.

Вялікі розгалас зрабіў мой удзел у справах скарбовай управы. Займаўся я ў асноўным, падаткам з даходу, які часта налічваўся цалкам адвольна. Яскравых злоўжыванняў было шмат, і агульнае меркаванне пра гэту ўправу было адмоўнае, бо несправядлівы падатак усяроўна трэба было плаціць. Буйных уласнікаў гэта датычыла меней, бо яны вялі рахункі па закону, з чым управа не магла не лічыцца. Але дробныя падаткаплацельшчыкі павінны былі спярша аплаціць выстаўленыя падаткі і толькі потым ехаць у Наваградак, каб аспрэчыць памеры падатку, што каштавала грошаў і часу - не меней аднаго-двух дзён. Мы сабралі доказы больш дваццаць памылковых разлікаў падаткаў і ў начальніка скарбовай управы ў Наваградку падалі скаргу. Ён прачытаў скаргу і са смуткам паведаміў, што і ў яго ўправе робіцца тое самае. Але вынік быў. Праз некалькі месяцаў скарбовая ўправа ў Шчучыне пачала больш справядліва вызначаць падаткі, што зрабіла папулярнай маю асобу, але і дадала новыя клопаты, ад якіх я не мог адмовіцца. [...]

Вынікам перамогі над павятовай скарбовай управай была прапанова стаць членам камісіі па скаргах у наваградскай ваяводскай скарбовай управе. Гэта вымагала быць прысутным на пасяджэннях, а патрапіць ў Навагрудак было цяжка. [...]

Поспех са скарбовай управай паказаў, што мяне можна эксплуатаваць і ў іншых справах. Інжынер Трацяк, энтузіяст кааперацыі ўцягнуў мяне ў малочна-сыраробчы кааператыў у Дзікушках. На пачатку пастаўшчыком малака, а потым і членам кіраўніцтва кааператыва. Інжынер Трацяк прапанаваў стварыць кааператыў "Рольнік" у Шчучыне, каб канкурыраваць з мясцовымі габрэямі (у асноўным з Жалудка), якія мелі манаполію на гандаль збожжам у павеце. У гэтым кааператыве я атрымаў пасаду старшыні рэвізійнай камісіі, што забірала некалькі дзён на квартал. У дадатак трэба было наведваць агульныя сходы. Потым, калі старастам стаў Кавальскі, надышлі новыя грамадскія абавязкі, але гэта было праз некалькі гадоў. Гэта быў час, калі генерал Жалігоўскі пайшоў на пенсію і ў сваім маёнтку Андрэевічы меў некага, хто кіраваў яго гаспадаркай, а сам генерал займаўся мясцовымі справамі. Высунуў лозунг: "Наша зямля павінна нас карміць і апранаць". Падтрымліваў вырошчванне льну, высунуў лозунг: "Дварам - сеяць, а вёскам - ткаць". Пра землеўладальнікаў казаў, што яны павіны займацца грамадскімі справамі. Што яны займаліся сваімі гаспадаркамі, яго не цікавіла. Усе ворагі буйнога землеўла-дальніцтва лічылі, што ў маёнтках жыта расце само і дождж ідзе, калі патрэбна. А землеўладальніку заняцца няма чым.

[...]

Нарэшце эканамічны крызіс прайшоў, цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю ўзняліся, узрос попыт на экспартнае дрэва і гаспадаркі пачалі прыносіць больш вялікі прыбытак. Суседзі Малога Мажэйкава не мелі даўгоў, і таму нават невялікае паляпшэнне кан'юнктуры рынку зрабіла ўражанне надыходу лепшых часоў. Даўгоў не меў павет і наогул Наваградскае ваяводства. Менавіта таму прэзідэнт Масціцкі падчас візітацыі Наваградскага ваяводства заехаў у Жалудок да князя Людвіка Чацвярцінскага. Прынялі прэзідэнта ў Жалудку вельмі добра. Прысутнічалі землеўладальнікі не толькі Шчучынскага і Лідскага, але і іншых паветаў ваяводства, а таксама шмат прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі. Пад час абеду звярнулі на сябе ўвагу філіжанкі з гербамі Чацвярцінскіх і Радзівілаў. Я на тым прыёме не быў і ведаю пра яго толькі па расказах суседзяў. Фактам было тое, што прэзідэнт Польшчы наведаў абшарніка і тым сам падкрэсліў, што і абшарнікі маюць права на існаванне. Да гэтага, толькі Пілсудскі быў у Нясвіжы, але міністры ўнікалі падобных візітаў, бо левіца магла ўзняць неверагодны крык.

Паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краі дазволіла моцным гаспадаркам зрабіць інвестыцыі. Я пабудаваў вінакурню, у Вялікім Мажэйкаве пабудавалі тартак з млынам і малую электроўню на рэчцы Ішчалнянцы. Малочны кааператыў у Дзікушках павялічыў выраб сыру. Кааператыў "Рольнік" у Шчучыне пабудаваў малы элеватар для збожжа. Маёнтак у Жалудку, які да гэтага меў дзве вінакурні і тартак, павялічыў тартак, і князь Чацвярцінскі пабудаваў драўляны касцёл у Зачэпічах, куды прыязджаў ксёндз з Жалудка. На высвячэнне гэтага касцёла прыязджаў з Вільні сам арцыбіскуп Ялбжыкоўскі.

Будзённыя дні нармальнага землеўладальніка звычайна былі напоўненыя працай і гаспадарчымі клопатамі ці неабходнымі выездамі па грамадскіх ці іншых справах у розныя інстытуцыі. Такіх выездаў было шмат, і не ўсе сходы можна было ігнараваць.

У нядзелю, свята ці ў дні імянін, калі дазваляла надвор'е, мы звыкла збіраліся каб згуляць у тэніс, а вечарам у брыдж. Тэнісныя пляцоўкі былі ў Жалудку, Скабейках і Малым Мажэйкаве. Так здарылася, што павет быў падзелены на дзве паловы шашой. На поўнач ад шашы былі меншыя маёнткі і збіраліся там радзей, галоўным чынам на імяніны з танцамі, якія цягнуліся да ночы. Маёнткі на поўдзень ад шашы мелі аўтамабілі і ўладальнікі больш мабільныя. Таму кантакты былі частымі, нават арганізоўваліся балі ў Шчучыне, раз ці некалькі разоў на год у Лідзе, былі балі і ў Гурнофелі - пераважна падчас асенніх ваенных манеўраў, калі яны мелі месца ў Шчучынскім павеце.

Некалькі гадоў гаспадарання далі мне магчымасць удасканаліцца ў справе. Усе будынкі і дахі давёў да ладу - гэтую справу ведаў добра. Пабудаваў новы хлеў, пабудаваў некалькі двухпакаёвых хат. Нарэшце пабудаваў школу з двума вялікімі класнымі пакоямі і трохпакаёвай кватэрай для настаўніка, дадаў зямлю пад настаўніцкі гарод, і пляцоўку для гульняў дзяцей. Да гэтага часу школа месцілася ў сялянскіх хатах праваслаўнай вёскі Гасцілаўцы. Новапабудаваная школа знаходзілася ў цэнтральнай кропцы для тых некалькіх вёсак, якія пасылалі дзяцей у школу. Я адмыслова зрабіў гэтак, каб прыбраць школу з беларускай вёскі і даць ёй польскае атачэнне. [...]

Таксама пачаў інтэнсіўна паляпшаць пароды жывёл.

[...]

Пасля смерці бацькі дом стаў пустым, бо акрамя служкаў у ім нікога не было. Кіравала домам панна Вераніка Каранеўская. Калі яна з'явілася ў Малым Мажэйкаве і адкуль прыйшла, я не ведаю. Калі пасля дэмабілізацыі корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага я прыехаў дахаты, яна ўжо працавала ў майго бацькі і мачахі. Дамашняя гаспадарка тады была невялікая, большасць дома займала нямецкая канцылярыя і афіцэры. Адразу даведаўся, што кухняй кіруе дыктарка і ніхто не мае права ёй пярэчыць. Мой бацька вырашыў, што сёстры павінны прайсці практыку на кухні - гэта можа ім спатрэбіцца ў жыцці. Сёстрам было каля дваццаці гадоў, і яны хутка ўцяклі з кухні, бо катлеты ляталі ў паветры і спрачацца з Веранікай яны не маглі. Падначаленыя Веранікі з пэўнасцю казалі, што бачылі, як яна ў поўнач вылятала на мятле праз комін. Зрэшты, выгляд яе адпавядаў выгляду ведзьмы на малюнках. Ёй удалося паказаць усім, што спрачацца з ёй нельга. Кіравала домам безапеляцыйна, цікавілася толькі меркаваннем маёй мачахі, пакуль тая жыла, а пасля слухалася бацьку. Пасля смерці бацькі пачала лічыцца са мной як з дзедзічным уладальнікам.

Але калі ў яе быў дрэнны настрой, яна беспардонна адкідвала мае распараджэнні. Падлогу на кухні трэба было перарабляць. Кухарка Гэрманця скардзілася што зімой моцна дзьме па нагах. Гэрманці, якая мела ўжо шмат гадоў, гэта моцна шкодзіла. Калі цясляр сарваў старыя дошкі, аказалася, што яны ляжалі непасрэдна на бэльках, без уцяплення. Я загадаў зрабіць "сляпую" падлогу, насыпаць на яе неабходную колькасць жвіру з пяском і заслаць з верху новымі, толькі што з тартака, шырокімі, фугаванымі дошкамі. Калі прыехаў з поля, зайшоў на кухню каб спраўдзіць, як ідзе праца. У кухні нікога не ўбачыў, праца нават не пачыналася. На пытанне дзе цясляр, атрымаў адказ, што панна Вераніка забараніла класці гэтыя дошкі, бо яны завузкія. Тлумачэнне, што зараз на будоўлі кладуць значна больш вузкія дошкі і ў любым выпадку, дошкі рассыхаюцца таму перад фарбоўкай іх трэба шпакляваць ні да чаго не даводзілі. Толькі пасля доўгіх перамоваў, панна Вераніка дазволіла цясляру ўжыць прывезеныя дошкі. Яна лічыла кухню сваёй зонай адказнасці і не прызнавала тут іншых аўтарытэтаў.

Панна Вераніка трымала ў доме ўзорны парадак. Падлогі заўсёды былі чысцюткія і, незалежна ад таго паркет ці звычайныя дошкі, нашараваныя. Сталовая і мая асабістая бялізна заўсёды ў поўным парадку. Дываны выбітыя і праветраныя, усе клямкі вычышчаны, пакоі праветраны і г. д. Нажы, відэльцы, лыжкі палічаны, усё ляжала на сваім месцы, і толькі я меў права рабіць беспарадак. А было ўсяго шмат - бо толькі сталовы сярвіз з гербам Брахоцкіх - Праўдзіцам быў разлічаны на 24 асобы, і на такую жа колькасць асоб меўся сярвіз з гербам Дубоўскіх. Усё, відавочна, срэбнае. Толькі вялікіх паўміскаў з чыстага срэбра, хіба больш за 20, адпаведная колькасць талерак, розных большых і меншых дадаткаў і г. д. Колькі ўсяго гэтага мелася ведала толькі панна Вераніка, пільнавала ўсё гэта, як зрэнку свайго вока і называла "панскім дабром". У "горшыя часы" - пасля сусветнай вайны, мела адну пакаёўку і адну кухарку з памочніцай. Для цяжкай працы - прання бялізны, мыцця вокнаў, шаравання падлогі, панна Вераніка брала дадатковых работнікаў, пра што я даведваўся пры выплаце заробкаў.

Панна Вераніка ведала старажытныя звычаі, умела гатаваць смачнае сочыва, гародніну ў цукры і кампоты, да таго ж разумела як прымаць гасцей. Пакаёўкі часта мяняліся, і ў выпадку прыезду гасцей наймаліся дадатковыя. ... Пры гасцях панна Вераніка ў зале не паказвалася. Закускі рыхтавалі раней і суседзі казалі, што ў Малым Мажэйкаве такі звычай, што калі ўсе ўжо наеліся, гаспадар дому кажа: "Ну пабавіліся і хопіць - Вераніка, давай абед". Усіх суседзяў яна добра ведала і пра кожнага мела сваё меркаванне. Прыглядвала мне кандыдатак у жонкі, але ўсіх кандыдатак дыскваліфікоўвала. Старыя звычаі вытрымлівала дакладна, кажучы: "Так заўсёды было". Калі мой бацька памёр, усе са здзіўленнем убачылі, што вялікі гадзіннік у сталовай стаіць. Потым даведаліся, што ў момант смерці яго спыніла панна Вераніка і дазволіла яму зноў пачаць адлічваць час толькі пасля пахавання.

Пра сям'ю панны Веранікі нічога не было чутно, ніхто ніколі пра гэта не расказваў, яна нікуды не ездзіла, да яе ніхто не прыязджаў. Як траціла заробленыя грошы - не ведаю, бо на сябе нічога не выдаткоўвала, акрамя сціплай вопраткі. Лічыла сябе членам сям'і Брахоцкіх, і часам казала, што за верную службу, павінна мець утрыманне ажно да смерці. Але ніхто ёй гэта не абяцаў. Была вельмі сумленнай і практыкуючай каталічкай. Касцёл стаяў за 3 км і яна раней хадзіла туды пешкам, але калі гаспадаром стаў я, ёй ужо трэба было даваць для гэтага коней. А праз некалькі гадоў пасля смерці майго бацькі пачала хутка старэць. Не фарбавала ўжо вочы, бо не мела сіл. На яе месцы з'явілася іншая, так званая "ахмістрыня", якая мела нагляд над курамі, свіннямі і каровамі. Панна Вераніка, уласна, ніякіх абавязкаў ужо не мела, але ад гаспадаркі адарвацца не магла. Заўсёды знаходзілася на кухні, усюды ўстаўляла свае "тры грошы", з усімі спрачалася, не магла гэта пакінуць. Служкі стала скардзіліся, што перашкаджае ім працаваць і дурыць галаву. Бясконцыя канфлікты трэба было ўціхамірваць, а зрабіць гэта мог толькі я. Не жадала перасяліцца ў афіцыну і не жадала жыць на другім паверсе, бо сходы яе мучылі.

Нарэшце прыйшлі страшныя часы, пачалася вайна і мяне прызвалі ў войска. Нейкі час жыла ў Мажэйкаве, але потым бальшавіцкія ўлады зрабілі тут саўгас і выселілі панну Вераніку з яе пакоя. Пакуль не прыйшоў Гітлер, жыла па чужых кутах. З прыходам немцаў я выйшаў на волю з бальшавіцкай турмы, і Вераніка зноў заняла свой пакой насупраць кухні. Усе служкі вярнуліся да мяне, бо думалі, што я і далей буду тут гаспадаром. Але гэта цягнулася нядоўга. Нямецкія ўлады абвясцілі мой маёнтак дзяржаўнай маёмасцю, эканомам прыехаў пан Гнех (Gniech) і выгнаў мяне з сястрой і шваграм у вінакурню. Сам жа заняў жылы дом. Зноў Вераніка была прымушана высяляцца са свайго пакоя. Я пасяліў яе ў адной кабеты каля касцёла і колькі мог даваў ёй збожжа і прадуктаў. Немец быў страшна дурны і ў такія дробныя акалічнасці не ўваходзіў. Вераніка мела сто крокаў да касцёла, была вельмі хворай, нічога ўжо не бачыла, але неяк яшчэ жыла. Нарэшце другія Саветы прымусілі мяне з'ехаць у Варшаву, з-за чаго яна больш не атрымлівала харчоў. Потым даведаўся, што жыла яна не доўга і памерла ў Мураванцы, дзе я яе і пасяліў.

Таксама старой заслужанай служкай была кухарка Гэрманця Юшкевіч. Яе стрыечны брат меў невялікую гаспадарку ў шляхецкай ваколіцы Станкевічы за 6 - 7 км. Як ветэрынарны фельчар часам прыязджаў у Малое Мажэйкава. Гэрманця ў Мажэйкаве жыла здаўна, яшчэ да Першай сусветнай вайны. Напачатку дрэнна гатавала, але праз час, пад кіраўніцтвам маёй мачахі, выкшталцілася і стала добрым кухарам. Усе яе стравы былі добра прыгатаваны і добра падаваліся. Мы толькі мелі праблему з яе імянінамі. Нарэшце, высветлілася, што калі нарадзілася, дык ніхто не ведаў, якое ёй даць імя. Нехта прапанаваў назваць яе Гэрманця ад назвы фальварка Германцін каля Жалудка, дзе яна нарадзілася. Была вельмі ціхая, спакойная, мала што для сабе патрабавала, а галоўнае - магла жыць у згодзе з Веранікай. Гэта дазваляла ім абодвум неяк ужывацца на кухні. Калі ў 1939 г. прыйшлі бальшавікі, мусіла выселіцца з Малога Мажэйкава, таксама як Вераніка, Юзя і іншыя. Пасля майго вяртання ў 1941 г. разам з іншымі вярнулася ў маёнтак. Неяк перажыла гітлераўскую акупацыю. Трымала кухню хоць нічога не было і нават цукру тры гады ніхто не бачыў. Пры другіх саветах перасялілася ў Станкевічы дзе, падобна, і памерла праз якія дзесяць гадоў.

Мая служка Юзэфа Круповіч з'явілася пазней за ўсіх - ужо пасля смерці бацькі. Яе брат Антак быў фурманам, а не надта прыгожая Юзя, пад кіраўніцтвам панны Веранікі, вывучылася на добрую дамашнюю прыслугу і праз нейкі час нават пачала сварыцца са сваёй настаўніцай. Мела нядобрую натуру і рэдка пра каго добра казала. Але мне свой нораў не дэманстравала. Усё ў яе было дагледжана - падлогі чыстыя, пыл выцерты, на стол прыгожа пададзена. Калі былі госці, дастаткова было ёй толькі сказаць, на колькі асоб будзе абед ці вячэра і хто будзе начаваць. Усё было прыгатавана, нічога не забыта, а калі гасцей бывала больш, чым планавалася, усяроўна дастатковая колькасць усяго зарэзервавана. Калі госці з'язджалі, усе дзверы былі зачынены, і ніхто чужы не мог зайсці. Я заўжды мог ад'ехаць, не думаючы, што тут будзе без мяне. ... Пасля вайны пачаўся зыход польскага і беларускага насельніцтва на захад, на былыя польскія землі. Юзя са сваім братам таксама выехала, яе брат атрымаў гаспадарку каля Свябодзіна, а Юзя яму дапамагала ў працы на полі. Але даход было дзяліць цяжка, а калі сваякі Антака забралі ўвесь гадавы даход гаспадаркі, Юзя зноў пайшла служыць, працу знайшла каля Варшавы, у Міланаўцы. Тут я яе наведаў і, каб атрымала пенсію, дапамог належнымі пасведчаннямі. [...]

Адным са старэйшых работнікаў у Малым Мажэйкаве быў Яраслаў Роўба. Паходзіў з шляхецкай ваколіцы Раўбы. Кар'еру пачаў у Вераскаве на пасадзе малодшага лакея. Насіў тады зялёны мундур з зялёнымі галунамі. Потым, калі бацька пераехаў у Мажэйкава, забраў яго з сабой, але, зразумеўшы працавіты характар Роўбы, паставіў працаваць на зямлі. ... Калі падчас нямецкай акупацыі я вярнуўся дахаты, ён быў ужо старэйшым ляснічым. Быў вельмі тактоўны, спакойны, ніколі не бачыў яго знерваваным, не чуў пра нейкія яго авантуры, у якіх ён бы дрэнна сябе паводзіў. Неяк бацька сказаў: "Можаш Яраслава паслаць з любой справай, усё залатвіць і глупства не зробіць". Яраслаў Роўба быў шляхціц, паважаў сваё паходжанне і быў патрыётам. З яго паходжаннем лічыўся не толькі мой бацька, але і ўсе служкі. [...]

Сям'я Суднікаў здаўна служыла маёй сям'і. З маіх маладых гадоў Ян Суднік быў фурманам у Малым Мажэйкаве, а яго малодшы брат кавалём у Вераскаве. Гэта была праваслаўная сям'я, і вераскаўскі Суднік не памяняў вызнанне. Ян Суднік стаў католікам і яго лінія таксама стала каталіцкай. Сына Яна - Уладзіслава - я вывучыў на шафёра. Праз нейкі час вучань пераўзышоў настаўніка. Я прызначыў яго наглядаць за ўсімі машынамі, бо ён меў да гэтага здольнасці. Праз нейкі час у Мажэйкава перасяліўся сын вераскаўскага Судніка-каваля. Рамяству ён навучыўся ад бацькі і пачаў працаваць у маёй сядзібе. У 1945 г. перспектыва застацца жыць у СССР прымусіла яго з'ехаць у Польшчу. Але не меў шацунку - у Польшчы пад час працы, на яго ўпала дрэва і забіла. Уладзіслаў Суднік не рашыўся з'ехаць, трымала яго зямля, некалькі гектараў, якія яго бацька здабыў за доўгую службу. Спачатку з ім перапісваўся, але потым спыніўся, бо кантакты з былым уласнікам маёнтка маглі выклікаць у яго праблемы. Магло гэта нават давесці да Сібіры.

Таксама здаўна служыла ў Малым Мажэйкаве сям'я Вішнеўскіх. Мой бацька старога Вішнеўскага прыняў агароднікам. Пасля яго смерці яго сын Станіслаў таксама працаваў агароднікам. Не выехаў у Польшчу па тых жа меркаванням, што і Суднік. Яго бацька таксама атрымаў некалькі гектараў з лесам і нават ужо пабудаваўся. Што з ім стала - не ведаю.

Яшчэ некалькі сямей здаўна працавала ў Мажэйкаве і Вераскаве. Другая сусветная вайна ўсё змяніла. Калісьці ў размове пан Чэрніцкі сказаў мне: "Раней тут пан ворагаў не меў". [...]

Нарэшце надышоў час калі бальшавіцкае войска наблізілася да нас. Разам са шваграм вырашылі выехаць, бо ўжо раней паспрабавалі сталінскай турмы. [...]


Вяртаюся да спраў эканамічных і грамадскіх. Крызіс павольна адыходзіў, кошты ўздымаліся, але не на шмат, Шчучынскі павет не меў прамысловасці і пачаў ажываць. З прамысловай часткі Польшчы ішлі непрыемныя навіны аб вялікім беспрацоўі ў Лодзі і на шахтах Шлёнска. У нас па вёсках таксама не было дабрабыту і таксама панавала беспрацоўе, асабліва зімой. Але нягледзячы на малыя заробкі было прасцей пражыць, бо жыта было таннае і селянін мог толькі бульбай выкарміць пару парсюкоў - для сябе і на продаж. Таму на рынках утварылася вялікая прапанова. Мясцовыя кааператывы як маглі арганізоўвалі вываз па-за межы павета, але гэта зрабіць было цяжка, бо ўся вытворчасць па перапрацоўцы свініны таксама арыентавалася на продаж за межамі павета. За межы Польшчы ішлі толькі выдатныя беконы, а мясцовыя сяляне не маглі вытрымаць неабходны стандарт якасці мяса. Мясцовая парода свіней здаўна была на-сала а сала ніхто, акрамя войска, не хацеў закупляць.

З'явілася ідэя пабудовы кааператыўнай рэзні. Патрабавала гэта дастаткова вялікага капіталу і часу, бо ўсё патрэбна было будаваць з фундаментаў, не хапала таксама энергічнага кіравання. Інжынер Трацяк, каб гандляваць збожжам заняўся кааператывам "Рольнік", знайшоў добрага кіраўніка з Познані, пана Спыхала і гэты кааператыў запрацаваў надзвычай добра. Канкурэнцыя "Рольніка" з мясцовымі купцамі-габрэямі трошкі ўзняла цэны сельскагаспадарчай прадукцыі, што выклікала вялікую павагу дробных і буйных землеўладальнікаў.

Гаспадарчыя справы, вельмі важныя для насельніцтва, меней цікавілі адміністрацыйныя ўлады, непасрэдным абавязкам якіх было бюракратычнае выкананне інструкцый і жаданняў вышэйшай улады, перад усім - ваяводскай. Стараста, як кіраўнік Рады Павета і Павятовага аддзела, быў абвязаны трымаць руку на пульсе гаспадарчага жыцця і ўнікаць у патрэбы свайго павета. Уласна кажучы, мала хто са старастаў мог гэта эфектыўна рабіць. Трэба было мець неабходную падрыхтоўку і адначасова рычагі кіравання каб уздзейнічаць на сітуацыю. Некаторыя павятовыя ўправы, як напрыклад, скарбовая, не падпарадкоўваліся яму цалкам, школьніцтва таксама мела сваё кіраўніцтва, а ўнутры староства, чыноўнікі былі хутчэй зацікаўлены да бюракратычнага вырашэння бягучых праблем, якіх ніколі не бракавала. Да гаспадарчых спраў найбольш павернуты быў Сельскагаспадарчы аддзел, кіраўніком якога ў Шчучыне быў інжынер Е. Казлінскі. Ён меў некалькі інструктараў, якія рабілі праверкі і іспыты згодна з інструкцыямі Міністэрства сельскай гаспадаркі. [...] Найлепей у патрэбах аграрыяў арыентаваўся павятовы аграном, але эканамічны бок для яго быў чужы. Дарожны аддзел меў вялікі штат, кіраваў ім інжынер Барановіч. Гэты аддзел утрымліваў існыя дарогі, будаваў масты, арганізоўваў шарваркі і г. д. Архітэктурны аддзел наглядаў за будаўніцтвам з боку гледжання выканання законаў. Напрыклад, вёскі былі забудаваны вельмі цесна, што стварала пажарную небяспеку. [...] Таксама меліся аддзелы аховы здароўя, бяспекі і інш. Усе гэтыя справы павінен быў ведаць стараста і кіраваць імі. [...]

У Навагрудскім ваяводстве Шчучынскі павет адносіўся да ліку паветаў з польскай большасцю. Шчучынская, Каменская, Васілішская і Лябёдская гміны мелі шмат польскіх вёсак і засценкавай шляхты. Уласна кажучы, падзел паміж палякамі і беларусамі праходзіў па веравызнанню. Католікі былі палякамі, праваслаўныя - беларусамі. Таксама польскім элементам была невялікая колькасць асаднікаў. Асаднікі, больш энергічныя і амбітныя, стараліся паўсюдна быць на вырашальных ролях і пранікалі ва ўсе інстытуцыі - самакіраванне, культуры і гаспадарку. Вайсковыя асаднікі былі нядрэнна арганізаваныя, асабліва з палітычнага боку ... . Яны супрацьпастаўлялі сябе землеўладальнікам, але сярод тутэйшых сялян вялікай павагі не мелі. Землеўладальнікі былі менш рухомым элементам і больш дбалі пра гаспадарку, бо з яе жылі. А асаднікамі часта былі афіцэры ці падафіцэры і з зямельных надзелаў, якія атрымалі, выжыць не маглі і не мелі грошай, каб развіць гаспадарку і будавацца. Хоць дзяржава і давала ім крэдыты і субвенцыі, аднак на жыццё мусілі зарабляць. З іх рэкрутавалася шмат кіраўнікоў самакіравання, войтаў гмін альбо старшынь кааператываў. Праца на зямлі іх не вабіла. Лепей было тым, хто жаніўся з дочкамі сялян. Гарадская жонка на вёсцы адчувала сябе дрэнна і ўплывала на мужа, каб той прадаў зямлю і пераехаў у горад.

Землеўладальнікі да ўлады не пхаліся. Кожны быў сам за сябе і пераважна цікавіўся грамадскімі справамі толькі ў межах сваёй гміны. Шмат хто з іх нават не належаў да Звязу землеўладальнікаў. Працяглае жыццё на прыродзе стварала ў іх спакойны спосаб мыслення, радаваў іх толькі ўраджайны год, а ў неўраджайны, яны пачыналі чакаць наступнага года. Заўсёды не мелі вольных грошай, іх заўсёды бракавала на выхаванне дзяцей і на падаткі. [...]

У кааператыўнай справе землеўладальнікі былі на першых ролях. Амаль што ўсе малочныя кааператывы паўсталі па ініцыятыве мясцовых землеўладальнікаў. Кааператыўная сыраварня ў Дзікушках арганізавана землеўладальнікамі, тое самае можна сказаць пра кааператыў "Рольнік" у Шчучыне. Усе спробы асаднікаў (тут аўтар называе іх "naprawiaczy", што ў дадзены выпадку можна перакласці як "гора-кіраўнікі" - Л. Л.) перахапіць справу адбываліся на агульных сходах. Усё наадварот было ў Лідскім павеце. Там асаднікі вялі рэй і ў павятовай радзе, і ў павятовым аддзеле.

Я толькі зараз дайшоў да ўсведамлення, што красовая палітыка палягала на падзеле ўплываў землеўладальнікаў і вайсковых асаднікаў, у адных паветах падтрымлівалі першых, у іншых - другіх. З гэтага вынікала канкурэнцыя паміж паветамі, а ваявода, па рымскай максіме "divide et impera", схіляўся да аднаго ці да другога боку. А тутэйшыя людзі, якія спрадвеку тут жылі, былі беднымі. Беларусы не мелі інтэлігенцыі, якую можна было супрацьпаставіць палякам, камуністы былі цалкам дэзарганізаваны, бо Сталін у свой час распусціў кампартыю ў Польшчы. Адны габрэі з'яўляліся арганізаванай сілай, якая звыкла схілялася на левы бок. Але яны жылі толькі ў мястэчках, а ўсе паветы ў ваяводстве былі аграрныя, і таму габрэі не маглі мець вялікага ўплыву. Вялікая прамысловасць мелася толькі ў Лідзе. ... Да таго ж усю ўвагу габрэяў займаў Гітлер, які быў для іх ворагам № 1. Трохі ім дакучаў мясцовы ОЗОН [18], які часткова меў нацыяналізм у якасці падмурка. Уласна кажучы, габрэі ў Наваградскім ваяводстве не мелі ніякай палітычнай вагі, аднак час ад часу ўплывалі на сялян, схіляючы іх у той ці іншы бок.

Пэўныя палітычныя разыходжанні былі бачны падчас вялікіх выбараў. А ў выбарах мясцовага самакіравання канкурэнцыя была толькі паміж асаднікамі, мясцовымі землеўладальнікамі і клерыкальнай інтэлігенцыяй. Адзінай арганізаванай сілай быў каталіцкі касцёл, але ён не жадаў умешвацца ў мясцовыя справы, якія яго не датычылі. Пэўныя жарсці адбываліся пад час выбараў у Сейм і Сенат, заўсёды было некалькі спісаў, там асаднікі (naprawiaczy) канкурыравалі з іншымі палітычнымі сіламі. ... Усе жадалі мець максімальны ўплыў на старасту, і таму стараста заўсёды меў вырашальны голас ва ўсіх справах. Найбольшыя шанцы ў Сейм і Сенат мелі кандыдаты, якіх узгадніў ваявода, а ваявода гэтыя справы ўзгадняў са сваім кіраўніцтвам у Варшаве. Выбары ў Сейм, у якіх я браў удзел, наогул праходзілі спакойна, нейкіх злоўжыванняў не было, ва ўсялякім разе я пра гэта не чуў. Потым, пасля выбараў, стараста Кавальскі мне сказаў, што ён кожнага кандыдата, узгодненага з ваяводам, ведае ў сваёй акрузе, і ручаецца за яго на 75% галасоў.

[...]

Цалкам неспадзявана я быў прызначаны ў Віленска-наваградскую сельскагаспадарчую камісію. Камісія часткова складалася з сяброў, якіх абіралі ад мясцовага самакіравання, а часткова прызначаных міністрам сельскай гаспадаркі. [...]

Самастойнай адзінкай у камісіі быў генерал Жэлігоўскі. Ён меў свой пункт гледжання на сельскую гаспадарку і хацеў мець уплыў не толькі на камісію, але і на ўсіх аграрнікаў, а асабліва на тых, хто вырошчваў лён. Прамысловых прадпрыемстваў па перапрацоўцы льну ў краі не было. Льняныя вырабы не былі моднымі і не мелі добрага попыту. ... Аднак генерал Жалігоўскі высунуў лозунг: "Наша зямля мусіць нас апрануць і накарміць". Па яго тэорыі трэба было прапагандаваць вопратку са льну .... Дэбаты пры гэта займалі шмат часу, а само імя абаронцы Вільні Жалігоўскага патрабавала павагі. Але Лодзь не жадала чуць пра лён, актуальнай сыравінай была толькі воўна і бавоўна. ...

На гэтых сходах я пасябраваў з паслом на пенсіі Чапскім, які абіраўся ў Сейм ад нашай акругі. Быў ён на некалькі гадоў старэйшым за мяне, у войску не служыў, у 1920-х гг. быў старастам у Стаўбцоўскім павеце і лічыўся добрым арганізатарам і чалавекам, які лагічна думае. Калі я прыехаў на радзіму ён некалькі разоў абіраўся паслом і меў вялікі досвед палітыка. Меў зацікаўленасць у Шчучынскім павеце. Я інфармаваў яго пра мясцовыя стасункі, а ён асвятляў магчымасць нешта зрабіць на ўзроўні ваяводства і Варшавы. [...]

Неяк у Вільні атрымаў запрашэнне на абед да пана прэзідэнта (сельскагаспадарчай камісіі) Аляксандра Мяйштовіча. На тым абедзе прысутнічала каля дзесяці асоб, і я быў самым малодшым з іх. Мэтай абеду было абмеркаванне палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў нефармальнай абстаноўцы. Гэта быў збор так званых "Красовых зуброў". Мяйштовіч ужо не быў міністрам справядлівасці, а толькі прэзідэнтам Банка землеўладальнікаў, але ў віленскім грамадстве лічыўся адным з лідараў групы кансерватараў - тых, хто жадаў перамен без гвалту. У асноўным тут прысутнічалі тутэйшыя землеўладальнікі, якія падтрымлівалі віленскую газету "Слова", якую рэдагаваў Кат-Мацкевіч (ці Цат-Мацкевіч - Л. Л.) Галоўным тэарэтыкам быў прафесар Мар'ян Здзяхоўскі, які трымаўся як мага далей ад палітыкі, але з яго меркаваннем ў Вільні вельмі лічыліся. Апрача гаспадара, у гэтай групе найбольш вядомымі былі Станіслаў Ваньковіч з Пятэшы, Зыгмунт Юндзіл, Эмэрык Чапскі і яшчэ некалькі іншых. Я ў размове, відавочна, не меў права голасу і толькі час ад часу даваў зразумець, што ведаю ў чым справа. У віленскім "Слове" я раней надрукаваў некалькі артыкулаў, але не пра палітыку, а пра гісторыю [19]. [...]

Іншым разам мяне запросілі ў Варшаву на сход, які праходзіў у кватэры князя Яўстаха Сапегі. Акрамя гаспадара тут былі Антон Юндзіл, Эмэрык Чапскі, які калі не памыляюся, быў тады паслом у Сейм, міністр Ігнацы Матушэўскі і яшчэ некалькі асоб. Галоўнай тэмай абмеркавання было ўзмацненне кансерватыўнай працы і павелічэння накладу газеты "Слова". Рэдактар Мацкевіч на гэтым сходзе адсутнічаў, а справу дакладваў пасол Чапскі, які папярэдне паразмаўляў з рэдактарам газеты. Справа ішла аб разбудове друкарні "Слова". Была яна малая, мела толькі лінатыпы, што не дазваляла павялічыць наклад. "Слова" развівалася добра, наклад наблізіўся да 30 000 асобнікаў, газета чыталася ўжо па ўсёй Польшчы. Таму акрамя накладу абмяркоўваўся і змест газеты. Новы лінатып каштаваў 19 000 зл. ці 4000 дол. якіх Мацкевіч не меў. Міністр Матушэўскі горача падтрымліваў ідэю падтрымкі газеты і прапаноўваў сабраць адпаведную суму і купіць гэты новы лінатып. Арганізаваць збор даручылі мне, было вырашана не рабіць з гэтага ніякага розгаласу і не пісаць пра гэта ў газеце.

Я напісаў адпаведныя лісты да некаторых асоб, якія вылучаліся сярод іншых землеўладальнікаў тым, што мелі добры прыбытак і матэрыяльныя ўмовы. Праз нядоўгі час на мае лісты пачалі прыходзіць адказы з грашовымі пераводамі. Сумы ахвяр былі ад 500 да 1 000 зл. Хутка меў ужо 11 000 зл. Мацкевіч купіў лінатып ва ўласнасць, узяўшы 8 000 зл., якіх не хапала, у крэдыт. Такім чынам, даручэнне я выканаў хутка, што, адпаведна, выклікала добрую рэакцыю нашых землеўладальнікаў.

Не памятаю, у якім годзе адбыліся гэтыя выбары ў Сейм і Сенат, пра якія пойдзе размова, але курыраваў іх ужо ОЗОН, які ў нашым павеце ўзначальваў мой сусед Ян Трацяк. Пры поўнай падтрымцы ваяводы, была высунута яго кандыдатура. Не памятаю іншых кандыдатур, але ў нашым павеце прайшоў дзяржаўны спіс з Трацяком на чале. На тых выбарах мы не мелі шмат працы, бо ў маім павеце польскае насельніцтва галасавала за гэты спіс - іншыя спісы не мелі поспеху. [...]

Згодна з новай канстытуцыяй выбары (у Сенат) былі двухступеньчатымі, а выбаршчыкамі маглі быць толькі людзі ўзнагароджаныя ордэнамі ці яны павінны былі мець выразныя прафесійныя поспехі, як, напрыклад, прафесара і г. д. Наваградскае ваяводства выбірала двух сенатараў на сходзе дэлегатаў, у сваю чаргу дэлегаты выбіраліся ў павятовых акругах. Мая выбарчая акруга складалася з некалькіх гмін з цэнтрам у Васілішках. Старасты вызначалі сваіх кандыдатаў, якія і атрымлівалі на сходах большасць галасоў, кожны такі сход выбіраў адзінага кандыдата. На пачатку вырашылі, што кандыдатам на сход выбаршчыкаў буду я, на карысць мяне была мая грамадская праца, ордэн "Virtuti Militari", імідж добрага гаспадара і вышэйшая адукацыя. Павятовым старастам тады быў Вярбіцкі, і я меў з ім, як і з яго папярэднікамі, добрыя стасункі. Аднак ён высунуў у кандыдаты войта Васілішскай гміны Шмігеру, а мяне, каб не пакрыўдзіць, прапанаваў абраць старшынём сходу. Аднак у гміне было трохі маіх падначаленых з 13-га палка Віленскіх уланаў, а войт Шмігера не карыстаўся вялікай падтрымкай. І мае былыя падначаленыя высунулі мяне. Кіраваў сходам, як і належыць па закону, міравы суддзя. Пры тайным галасаванні галасы падзяліліся пароўну. Другое галасаванне дало такі ж вынік, і толькі на трэці раз я атрымаў на некалькі галасоў болей і выйграў мандат выбаршчыка на сход у Наваградку. Цягнулася гэта некалькі гадзін, што занепакоіла старасту Вярбіцкага - ва ўсіх іншых акругах у Шчучынскім павеце выбары прайшлі імгненна.

Праз тыдзень павінен быў адбыцца сход выбаршчыкаў. Пераважна ўсіх абраных высунулі старасты. [...] З папярэдніх планаў выходзіла, што ў Сенат пройдзе адзін кандыдат ад левіцы - кандыдат ад асаднікаў і шматразовы пасол у Сейм Мальскі [20]. На другое месца сенатара мог абрацца Эмэрык Чапскі, які таксама некалькі разоў абіраўся ў Сейм. Яго кандыдатуру падтрымліваў Звяз землеўладальнікаў і войска. Згодна з законам, вайскоўцы мелі вялікі ўплыў, бо сярод іх было шмат узнагароджаных падчас вайны. Неўзабаве, ваявода Сакалоўскі дамовіўся з афіцэрам рэзерву Юзафам Гадлеўскім, які быў яшчэ і землеўладальнікам і мужам сястры Чапскага (ўладальніцай маёнтка Сынкавічы ў Слонімскім павеце). І такім чынам, ваявода адобрыў кандыдатуру Юзафа Гадлеўскага. Асабіста я вельмі любіў Юзю Гадлеўскага, з якім быў знаёмы яшчэ па Пецярбургу, але з'яўляўся сталым прыхільнікам Чапскага - больш вядомага і дасведчанага палітыка.

Мы пачалі прапаганду за Чапскага, галоўнай мэтай было пераканаць ваяводу, з ім перамовы вялі вайскоўцы. Але ў дзень выбараў стала вядома, што ваявода падтрымлівае Гадлеўскага аднак сваё меркаванне па апошняй хвіліны не выказвае. Камандзір палка, які стаяў у Слоніме (прозвішча не памятаю), перад сходам яшчэ раз пайшоў да ваяводы, каб схіліць яго на бок Чапскага. Згодна з законам на заяве кандыдата ў сенатары павінен быў стаяць дазвол ваяводы, які не быў выбаршчыкам і таму не мог прысутнічаць на сходзе. Праз паўгадзіны пасля пачатку сходу камандзір палка сказаў мне, што ваявода цвёрда стаіць за Гадлеўскага і кажа, што кандыдатура Гадлеўскага ўзгоднена ў Варшаве і нічога змяніць ужо немагчыма. Нічога не заставалася як пагадзіцца з ваяводам, заява Чапскага засталася ляжаць у маёй кішэні. Сход прайшоў без неспадзяванак - нехта вылучыў Мальскага і Гадлеўскага, і ніхто не галасаваў супраць іх - старшыня сходу падсумаваў адзінагалоснае выбранне сенатараў.

Некалькі слоў пра сенатара Юзафа Гадлеўскага. Быў ён высокім, прыстойным чалавекам і адным з самых маладых сенатараў. Умеў ладна прамаўляць, заўсёды быў паважаны ў кампаніі, умеў казаць прыгожыя, вершаваныя тосты. Належаў да Звязу землеўладальнікаў Слонімскага павета і гэта было яго першае вылучэнне, не ўзгодненае са Звязам, які прасоўваў яго швагра Чапскага. Больш шырока вядомым у грамадстве ён быў праз палеміку з Мельхіёрам Ваньковічам. Ваньковіч тады працаваў у левым "Kurjerze Porannym", лічыўся землеўладальнікам і ніколі не выступаў супраць свайго класа. Ужо не памятаю, па чыёй ініцыятыве было вырашана зрабіць серыю артыкулаў, дзе прапагандаваліся тутэйшыя землеўладальнікі. Гадлеўскі і Ваньковіч аб'ехалі аўтамабілем двары, каб расказаць пра цяжкія варункі працы на зямлі і паказаць неабходнасць існавання буйной аграрнай гаспадаркі як узору для меншых гаспадарак, паказаць, што буйная гаспадарка хутчэй прымяняе самыя перадавыя метады апрацоўкі зямлі і таму мае вышэйшую эфектыўнасць.

Але рэпартажы пана Мельхіёра былі цалкам не такія, на якія мы спадзяваліся. Папулярны аўтар не меў паняцця пра сельскую гаспадарку, а бачыў толькі смешныя бакі "грыкасеяў", акарыкатурваў усё, што бачыў і часта даваў фальшывыя абразкі жыцця вёскі. Ды яшчэ прычапіўся да паннаў Пратасевіч. Адну прадставіў як пчалярку, якая не можа даць рады джалячым пчолам, да другой пад'ехаў з іншага боку і абсмяяў. Бацька чатырох паненак меў арыгінальныя ідэі. Прыпамінаю, што ў рыбны стаў ён апусціў электрычныя лямпы. Зрабіў гэта, бо лічыў, што гэтак рыбы будуць лепей размнажацца. Ваньковіч прадставіў гэта па-свойму. Хутка сталася зразумелым, што прапаганда праз Ваньковіча мае адваротны ўплыў і рэпартажы ў "Kurjerze Porannym" прыносяць шкоду.

Суполка Гадлеўскі - Ваньковіч хутка закончылася, і Гадлеўскі адчуў, што неабходна адказаць пісьменніку. Яго артыкулы выходзілі ў "Tygodniku Rolniczym", і палеміка была вельмі вострай. Прыпамінаю такія цытаты, як "З Івана не будзе пана". Ваньковіч адказваў у Кур'еры і гэта спрэчка доўгі час цікавіла грамадства. Гэта быў час, калі на ўсходзе камуністычныя тэарэтыкі дайшлі да высновы, што дробная гаспадарка не будзе эфектыўнай. [...]

1939 г. быў ураджайны і спрыяў тым, хто працаваў на зямлі. Не ведаў я тады што тэрмін майго гаспадарання ў Малым Мажэйкаве падыходзіць да канца. У 1938 г. я пачаў будаваць вінакурню і закончыў будоўлю вясной 1939 г. Гэтая будоўля адняла шмат часу. Адпаведная ўправа моцна тармазіла выдачу дазволу на вінакурню. Прыгатаваны запас бульбы чакаў у капцах і бульба хутка магла пачаць псавацца. Але ж мая вінакурня пачала працаваць. [...]

Прыйшоў жнівень 1939 г. з візітам Рыбентропа ў Маскву. Газеты друкавалі фотаздымкі задаволеных Сталіна і Рыбентропа, якія па сяброўску ціснулі далоні. ...

Забітыя землеўладальнікі Шчучынскага павета.

1. Капітан Пётр Баркоўскі, загінуў у Катыні.

2. Князь Андрэй Чацвярцінскі з жонкай - расстраляны ў ваколіцах Скідзеля ў верасні 1939 г. жаўнерамі Чырвонай Арміі.

3. Яноўская і яе дачка Зоф'я Пракуйская з Красулёў, застрэлены чырвонымі падчас гітлераўскай акупацыі [21].

4. Клюкоўскі з-пад Астрыны, забіты нацыяналістычна-камуністычнымі беларускімі бандамі падчас гітлераўскай акупацыі [22].

5. Івон Марачэўскі з Макраца, застрэлены чырвонымі партызанамі ў 1944 г. разам з 7 іншымі асобамі.

Вывезены ў Расію і згінулі без звесткаў.

1. Мар'ян Янкоўскі, апошні віленскі віца-ваявода, падчас гітлераўскай акупацыі прадстаўнік польскага ўраду ў Наваградскім ваяводстве, вывезены ў 1944 г.

2. Эвард Казлінскі з Чарноўшчыны, загінуў у лагеры ў Карэліі.

3. Баляслаў Мікульскі з Глыбокага, вывезены, згінуў без вестак.

4. Зоф'я Марачэўская з Андрушаўцаў, вывезена, згінула без вестак.

5. Мацей Марачэўскі з сям'ёй у 4 асобы, вывезены, згінуў без вестак.

6. Антон Прыбытка з Воўчынак, загінуў у лагеры.

7. Казімір Скіндар з Капцюхі, загінуў у лагеры [23].

8. Станіслаў Шалевіч з Хацяновіч, з сям'ёй загінуў у лагеры.

Разам каля 14 асоб.

Забіты немцамі

1. Князь Людвік Чацвярцнскі з Жалудка, загінуў у Асвенцыме.

2. Падхарунжы Томаш Верашчака, загінуў ад нямецкай кулі на польска-вянгерскай мяжы.

3. Станіслаў Ваньковіч (малодшы) з жонкай Аляксандрай з Горватаў, забіты ў гестапа ў каралеўстве [24].

Разам 5 асоб.

Загінулі пры іншых акалічнасцях.

1. Падпаручнік Козел-Паклеўскі з маёнтка Радкевічы, загінуў на польска-літоўскай мяжы ў 1939 г.

2. Баляслаў Лісоўскі з Высокага Лядска, забіты невядомым забойцам.

3. Др. Аляксандр Мікульскі з унукам Андрэем Валінскім, расстраляны немцамі ў Варшаўскім паўстанні.

4. Эканом маёнтка Дзікушкі Паўлоўскі, загінуў ад партызанскай кулі ў 1943 г.

5. Багдан Славінскі, загінуў ад партызанскай кулі ў 1943 г.

Страты сярод землеўладальнікаў Лідскага павета (не ўсе)

1. Князь Друцкі-Любецкі з Жырмун, загінуў у Расіі.

2. Уладзіслаў Ельскі з Жырмун, спалены жывым партызанамі ў Шамятоўшчыне.

3. Пані Кунцэвіч з Радзівілішак, застрэлена ў доме партызанамі.

4. Вітольд Пілецкі, расстраляны ў Варшаве ў 1946 г.

5. Юзаф Сяклюцкі, забіты ў Лідскай турме ў 1940 г.

6. Вітольд Лясковіч з Кір'янаўцаў, загінуў у Расіі.

7. Станіслаў Скіндар з Багданаўшчыны, загінуў у Расіі.

Разам 7 асоб.

Забіты немцамі.

1. Даніэль Кастравіцкі, застрэлены ў Вільні на вуліцы.

2. Юльян Лясковіч з Пяткоўшчыны, разам з жонкай Марыяй загінулі ў Асвенцыме.

3. Анна Лясковіч, дачка Вітольда, загінула ў Варшаўскім паўстанні.

4. Марыя Шукевіч з маёнтка Крупава, загінула ў Варшаўскім паўстанні.

5. Палкоўнік Сурмацкі, муж пані Шукевіч з Крупава, загінуў у Асвенцыме.

Разам 6 асоб.


1955 - 1965 гг., Варшава, 23 кастрычніка 1974 г.

Пераклад Леаніда Лаўрэша. 2019 г.



[1] Brochocki Andrzej. Na przelomie dwoch epok: zapiski obszarnika (wspomnienie z lat 1894-1939) // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu., sygn. 15615/II.

[2] Уладальнікаў - Л. Л.

[3] Вядомы польскі генеолаг - Л. Л.

[4] Пасля паўстання 1863 г. маршалкаў шляхты пачалі не абіраць, а прызначаць - Л. Л.

[5] Маецца на ўвазе - па-беларуску - Л. Л.

[6] Старая шляхецкая шабля - Л. Л.

[7] Сусветны эканамічны крызіс 1929-1935 гг. - Л. Л.

[8] Падчас крызісу ў Польшчы ў фінансавай сістэме назіралася дэфляцыя, злот падаражэў у адносінах да долара, цэны на ўсе тавары знізіліся, заробкі таксама знізіліся. Асабліва моцна, у два разы, патаннелі харчовыя тавары, што моцна ўдарыла па сельскай гаспадарцы, бо селянін, каб купіць прамысловы тавар, павінен быў прадаць у два разы болей сваіх тавараў. Але калі наёмны работнік захоўваў ранейшы памер заробку, атрымлівалася, што яго заробак стаў у два разы вышэй. - Л. Л.

[9] З сярэдзіны 1920-х гг. у гэтай мясцовасці вялікім уплывам карысталася Беларуская рабоча-сялянская Грамада і моцнымі былі нацыянальныя пачуцці беларусаў, якія аўтар успамінаў заўсёды зводзіць да вынікаў камуністычнай прапаганды і не хоча бачыць хібаў польскай нацыянальнай палітыкі - Л. Л.

[10] Пахаваны каля Маламажэйкаўскай царквы, калі яна была Скрыбаўскім касцёлам, Юзаф Міхневіч (†1930). На помніку каталіцкі крыж, г.з. Міхневіч стаў рыма-католікам ці запісаўся ў свой час у праваслаўныя фіктыўна. - Л. Л.

[11]Станіслаў Фядэцкі, працаваў у Вільні дзяржаўным інспектарам працы. Пры сацыял-дэмакратычным тэмпераменце гэта зрабіла яго абаронцам пралетарыяту. Маці, Марыю (ураджоная Крывец), праведніка народаў свету, гераіню паэмы "Пані Фядэцкая" вядомага габрэйскага паэта з Вільні Абрахама Суцкевера, параўноўвалі з Янушам Корчаком і Ірэнай Сендлер, - лепш за ўсё характарызуюць словы сведак. Вось што пісала пра яе Эльжбета Грабская-Валіс, выбітны гісторык мастацтва: "Яна вырасла ў інтэлігенцкім асяроддзі (ў Гародні), вывучала медыцыну, але яе сапраўднай стыхіяй і прызначэннем (...) была маральная і матэрыяльная дапамога людзям, дыскрымінаваным у сацыяльным, эканамічным і палітычным плане. У Вільні, дзе яна галоўным чынам жыла да 1945 г., гэта часта былі людзі левых поглядаў, падчас нямецкай акупацыі горада - габрэі, а ў Лебядзе (родная хата яе мужа непадалёк ад Ліды) - бядотнае сялянскае (беларускае) насельніцтва. (...) У памяці тых, хто ведаў яе ў розны час, яна засталася чалавекам вялікай мужнасці і маральнай чуласці, на кожным кроку заўважала несправядліва пакрыўджаных людзей. Ёй былі ўласцівыя незвычайныя, нонканфармісцкія ўчынкі (яна не лічылася членам ніякай палітычнай партыі). Марыя Фядэцкая заўсёды кіравалася ўласнымі перакананнямі і неадкладна прыходзіла на дапамогу людзям, якія жылі ў нястачы. (...) Прымаючы ў Вільні ўдзел у рэпатрыяцыі 1945 г., яна старалася ратаваць польскую моладзь, якой пагражаў арышт і высылка ўглыб СССР. Пасля ад'езду з Вільні яна жыла ў асноўным на ўзбярэжжы Балтыйскага мора і тут у 1947 г. разам са Здзіславам Грабскім і Міхалам Панкевічам заснавала Лігу барацьбы з расізмам (Ліга неўзабаве была забаронена ўладамі па палітычных меркаваннях), якая згуртавала вакол сябе невялікае кола польскай інтэлігенцыі, якая ў антысеміцкіх правакацыях (...) і праявах нацыяналізму бачыла пагрозу маральнаму адраджэнню".

Дзейнасць сеткі, арганізаванай Марыяй Фядэцкай сумесна з настаяцельніцай каталіцкага кляштара урсулінак і вузкім колам давераных свецкіх і духоўных асоб, была накіраваная, на перапраўку габрэяў з Вільні за Ліду - у Беларусь, якой кіраваў гаўляйтар Кубэ, нацыст, аднак не антысеміт.

Сын Станіслава і Марыі Фядэцкіх - Земавіт (1923-2009), вядомы пісьменнік, перакладчык, крытык і этнограф. Земавіт Фядэцкі жудасна абураўся, распавядаючы аб дзясятках заяў з просьбай адчыніць школы, пададзеных польскім уладам беларускімі грамадскімі арганізацыямі: за дваццаць гадоў паміж войнамі толькі на дзве просьбы быў атрыманы станоўчы адказ). Ён разумеў беларускую інтэлігенцыю, якая стала ахвярай русіфікацыі і савецкай палітыкі яе фізічнага знішчэння. Больш позняя вестка аб двухсоттысячным пахаванні расстраляных у Курапатах пад Менскам не была для Фядэцкага навіной: аб маштабе злачынстваў і наўмысным знішчэнні беларускай інтэлігенцыі было вядома ў сям'і, якая мела зносіны з Браніслам Тарашкевічам або Янкам Купалам. Сам Земавіт Фядэцкі заўсёды казаў, што ён унук беларускага ўніята.

Сабраў і запісаў кнігу беларускіх народных песень "Цёплыя вечары ды халодныя ранкі...". У наш час у Мажэйкаве (былое Малое Мажэйкава) праводзіцца фестываль песеннага фальклору імя Земавіта Фядэцкага - Л. Л.

[12] Традыцыйна Брахоцкі ўсё беларускае залічвае ў камуністычнае, найперш гэта кажа пра тое, што ён, у адрозненне ад Фядэцкіх, гэтак і не зразумеў людзей і зямлю, на якой жыў - Л. Л.

[13] Зараз гэты прыгожы дом амаль што разваліўся, і яго маляўнічыя парэшткі любяць здымаць турысты. - Л. Л.

[14] Палац у Алешавічах быў пабудаваны ў стылі позняга класіцызму. Двухпавярховы будынак меў рызаліт (частка будынка, што выступае за асноўную лінію фасада) і тэрасу на калонах, аднапавярховыя бакавыя крылы на высокіх падмурках. Захаваўся малюнак гэтага палаца Напалеона Орды. На сёння, ад прыгожага будынка, пастаўленага ў першай палове XIX ст., не захавалася ні цаглінкі, а напамінам пра яго служаць толькі былыя панскія ставы, канюшня і млын 1904 г. пабудовы, ды яшчэ некалькі векавых таполяў, праз якія ішоў шлях да сядзібы Незабытоўскіх. У савецкія часы маёнтак і ўсё, што ў ім было, разрабавалі і расцягнулі ледзь не па частках. Цэгла была вывезена на будаўніцтва бальніцы. - Л. Л.

[15] Антоні Грымайла-Прыбытка, сын генерал-маёра рускай арміі Аляксандра Прыбыткі. У 1920-30-х гг. неаднаразова выбіраўся ў Лідскую гарадскую раду, быў лаўнікам Лідскага магістрата і выдатным лідскім краязнаўцам, старшынём Лідскага краязнаўчага таварыства. Аўтар шэрагу артыкулаў і кнігі "Кароткі турыстычны даведнік па Лідскім і Шчучынскім паветах" (1936 г.). Пры канцы 1930-х гг. працаваў над вялікай манаграфіяй аб Лідскім і Шчучынскім паветах. 20 чэрвеня 1941 г. вывезены ў Мінусінскі край. Далейшы лёс невядомы. - Л. Л.

[16] "Падбіпята гербу Сарвікаптур" - жарт з рамана Генрыка Сянкевіча. - Л. Л.

[17] Пэўна, памылка, верагодна, не дэканат, а пробаства. - Л. Л.

[18] У 1937 г. прыхільнікі ўлады "моцнай рукі" ў сярэдзіне кіраўнічага лагера згуртаваліся вакол Рыдз-Сміглага і стварылі новую палітычную гру-поўку - "Лагер нацыянальнага аб'яднання" (Obóz Zjednoczenia Narodowego, у прастамоўі - OZN ці OZON). Гэтая арганізацыя ў 1937-1939 гг. дзейнічала таксама і на тэрыторыі Заходняй Беларусі. - Л. Л.

[19] Брахоцкі ў некалькіх нумарах "Слова" надрукаваў артыкул пра польскую Самаабарону ў 1918 г. - Л. Л.

[20] Уладзіслаў Мальскі нарадзіўся 24 ліпеня 1894 г. у Малапольшчы, памёр у 1941 г. Скончыў Львоўскі ўніверсітэт. У 1914 г. уступіў у 1-ю брыгаду польскіх легіёнаў Пілсудскага, дзе даслужыўся да сяржанта, у 1917-18 гг. камандаваў звязам аўстрыйскага войска на Італьянскім фронце. У 1918 г. уступіў у Польскую вайсковую арганізацыю. З 1920 г. працаваў у Звязе абаронцаў айчыны, рыхтаваў паўстанне ў Шлёнску, тады ж узначаліў агульнапольскі Звяз Стральцоў. У 1923 г. у чыне капітана пакінуў вайсковую службу і перастаў кіраваць Звязам Стральцоў. Як асаднік разам з сям'ёй пасяліўся ў Ёдкішках (каля Больценікаў) Лідскага павета. Нейкі час гаспадарыў. Браў удзел ў працы Звязу асаднікаў і ў кааператыўным руху. З 1928 г. актывіст Беспартыйнага блоку працы з урадам (BBWR) - гэта практычна была кіроўная ў Польшчы палітычная групоўка. У 1930 г. быў абраны паслом у сойм, а ў 1935 г. - у Сенат РП. Пасля верасня 1939 г. стаў на чале канспіратыўнай арганізацыі "Цывільная абарона" ў Лідзе. Пры канцы 1930-х у газеце "Слова" пра яго, як пра сімвал карупцыі, вельмі крытычна пісаў Юзаф Мацкевіч. - Л. Л.

[21] У мемуарах уладальніка Ішчалны, напісана, што забіты нейкімі бандытамі, але невядома якімі. - Л. Л.

[22] Тэрмін "нацыяналістычна-камуністычная беларуская банда" - яўны аксюмаран, які добра адлюстроўвае ўзровень асэнсавання і аб'ектыўнасці аўтара ўспамінаў. - Л. Л.

[23] Муж уладальніцы Лябёдкі Алены Скіндар Іваноўскай. - Л. Л.

[24] Тэрміналогія XIX ст., умоўна можна лічыць, што маецца на ўвазе этнічная Польшча. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX