Янчэўская Кацярына Валянцінаўна, мастацтвазнаўца і філосаф. Нарадзілася 27 чэрвеня 1981 года ў Лідзе. Навуковыя і творчыя захапленні: філасофская антрапалогія і фенаменалогія, этычныя праблемы сучаснага чалавека, выяўленчае мастацтва Францыі і Беларусі. Вершы друкаваліся ў зборніку "Ад лідскіх муроў", газеце "Літаратура і мастацтва", часопісах "Маладосць", "Дзеяслоў", "Тэрмапілы". Аўтар зборніка "Белае шматкроп'е" (2021).
Лаўрэат конкурсу 2019 г. "Бацькаўшчына светлая мая...", прысвечанага Году малой радзімы (другое месца ў намінацыі "Паэзія"), арганізаванага Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё, літаратурна-мастацкім часопісам "Маладосць".
Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" за найлепшую публікацыю ў часопісе "Дзеяслоў" у намінацыі "Дэбют" (2019).
Рана
Горад плыве ў бязмежжы,
туман спавiвае сутнасць.
Параненыя далягляды
цi стоенасць вышынi?
Горад сцiрае раны
цi адкрывае балючасць
Радзiмы- існасцi?
Супрэматычная раніца
Раніца пачынаецца з гульні супрэматычнага:
сонечных зайчыкаў і птушыных спеваў.
Гадзіннік заўважае:
сэрцабіццё світання па-за яго ўладай.
Свята.
Вясковы кошык
Далёка ад пустэльні забыцця
сілкуецца размовамі ў каморы вясковы кошык.
Перапляценне празорлівых сцежак...
Калыска досведу: патрабуе формы і зместу.
Ёсць месца для цудадзейнага.
Цёплы дотык рукi на вячыстых пагорках святла.
Блізка лета.
Плот
Стары плот разабраны на дровы.
Кожная дошка быццам арт-мова.
Складаныя рэчы.
Цікавыя людзі.
Жыццё.
Няма агароджы: катайся на лыжах, плыві на лодцы.
Хадзі пешшу.
Вітайся са знаёмымі і незнаёмымі.
Гавары доўга і натхнёна.
Не спяшайся.
Жыві.
Памятай пра водар жывіцы.
* * *
І вымалюю ноты
беспатольнай адзіноты...
Данута Бічэль.
Шурпатыя сцены шматпавярховага дома.
Прыступкі, што паглынаюць наш зрок.
Не бачым сябе, калі падымаемся ўгору.
Не бачым сябе, калі спускаемся долу.
Мы быццам паўсюль і нідзе.
Беспрытульныя ў свеце.
Знаходзім сваю адзіноту як воцат,
што растварае годныя словы і ноты.
І пакідае паверхі фальшывых людзей.
Асіметрыя
Бяссонніца прыцягвае, як галалёд.
Разломвае гукі дыхання на фаянс і фарфор.
Галдаўлянка, Лебяда, Жыжма...
Замёрзлая рака на карце твайго маўчання.
Адзіны набытак маёй зімы - рачныя рукавы
як нязбытныя снабачанні.
І твая непразрыстая, вострая, бачная адсутнасць.
Нямое кіно.
Ты - лёд.
Адчуваю соннае шкло, змяшанае з глінай.
Маёліка.
На аскепках - мае далоні.
Бясслоўная асіметрыя.
Арытмія
Несупадзенне:
арытмія памылак пакідае ўзоры на шкле цягніка.
Пасажыры ў вагонах -
сняжынкі ў гравюры спаткання -
распадаюцца гукамі солі і снега.
Рытм чыгуначных станцый малюе арнамент
на паверхні жывога дыхання.
Рэчаіснасць з`ядае рытм.
Снег з`явіцца зноў як паранены цень на ростані.
Соль і снег: арытмія ўзораў на шкле цягніка.
Сабор
Дрэвы прачынаюцца ў свеце Антоніа Гаўдзі.
Сабор Святой Сям`і дыхае і расце.
Мора расплываецца фарбамі:
папера, гуаш, паветра.
Барселона.
Казачныя расліны-лініі.
Камень расце і дыхае.
Кожную вясну становіцца
Хлебам.
Частуе кожнага.
Крыху спустошаны, чакае.
Мора і вецер.
Вяршыня сэрцабіцця:
будаўніцтва заўсёды
не завершана...
Сустрэча
Сустрэча - перакуленая вечнасць -
ляціць у сэрца белым крохкім снегам.
Гарчыць самота.
Снежная цялеснасць
без шкадавання аддае ўвесь холад чалавеку.
Прымаем люты хлебам-соллю-верай...
У адкрытым сэрцы - раны ад сустрэч.
Дыханне прачынаецца ад холаду
ці ад нязбытнай прагі цеплыні?
Ў чуллівым сэрцы снег мяняе колер,
сагрэтая гаркота растае.
Святло надзеі зберагае веру,
трымае чалавека на зямлі.
Кожны дзень - сапраўдная падзея,
калі Божы позірк атуляе...
У адкрытым сэрцы - абуджэнне.
Новая вясна вітае нас.
Творчыя пялёсткі адраджэння.
Храм. Вялікдзень. Жыццядайны сэнс.