Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Міхась Мельнік 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Міхась Іванавіч Мельнік нарадзіўся 7 лістапада 1949 года на Магілёўшчыне (вёска Майсеевічы Асіповіцкага раёна), але вось ужо 45 гадоў яго жыццё, працоўная і грамадская дзейнасць, літаратурная творчасць цесна звязаны з Лідчынай. Скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, працаваў у школах, прафтэхвучылішчы, гістарычна-мастацкім музеі, шмат гадоў выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Лідскім каледжы. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Выдаў зборнікі вершаў "Скрыжаванне", "Лодка жыцця", "З табою".

З ранніх вершаў

Абавязак

Мне жыць і дбаць пра заўтра,

Пра дзень шчаслівы свой.

Стаю нястомнай вартай

Ля вечнасці сівой.


Лічу сваёй патрэбай

Трывожыцца і верыць,

Каб смачнай лусце хлеба

Заўжды быць на вячэры…

Кветкі

На ўсе святы купляюць кветкі,

Як прыгожых рабынь у даўніну…

А яны не для грошай нейкіх,

А яны не для штучнай даніны.


Заўжды кветкі кладуць на магілы,

Кветкі дораць сябрам і каханым…

Кветкі - сімвал жыццёвае сілы,

А не знак паказное пашаны…


А калі хто на рынку нядзельным

Прапануе мне кветкі - "тавар",

Не магу гэты дар неацэнны

З рук халодных і сквапных браць.

Адчуванне

Адчуваю сябе багатым

Сярод клёнаў, бяроз і сосен,

Дзе бярэ свой руплівы пачатак

Гаспадыня ўвішная - восень…


Я ступаю ўладарнікам свету

Па лістах ды іголках калючых,

Каб аднойчы спасцігнуць прыкмету,

Што ў жыцці няма месца паўзучым…

Зноў пра бюракратаў

Жонцы муж дамоў кулёк прынёс.

Разгарнулі: быў жа там авёс.


Муж заенчыў, седзячы на крэсле:

"Не віноўны тут я, бачыць Бог!

паперу бачыць я не мог.


Не дарую гэтага, дай веры!"

…Дрэнна тым бывае, як у кога

Звычка бачыць толькі вось паперу,

А за ёй не бачыць больш нічога.

Здрада

Сонца ў вачах

і неба…

І самалёт,

як здраднік,

Падае, страціўшы меру…

А ў самалёце -

Гагарын

Трызніць пра Венеру,

Думае пра палёты

І пра зямныя турботы…

Гул над зямлёй.

І… выбух…

Быццам сірэна -

рэха…

Сонца на міг патухла.

Дрэвы схілілі кроны…

Крах…

Прах…

Жах!..

Сонца

І неба

ў вачах…

А на зямлі

азартна

Дзеці гуляюць

У ГАГАРЫНА…

Адказнасць

Неба,

Што вышыта зорамі,

Месяц -

Падкова каня -

Гэта мне ўсё падарована

Лёсам пражытага дня…

Шчырую

Песню матулі,

Ранне грыбное ў бары

Я не падстаўлю

Пад кулі -

Лепей сябе

Да пары…

Адмаўленне

Я не даю даверу словам тым,

Якія з хітрасцю гаворацца ў вочы…

Калі з дрэў падаюць лісты -

Не значыць гэта, што прыйшла ўжо восень.


…Глядзіш, бывае, на гурочны цвет,

Што захапляе думку неймаверна…

Мінае час - і любавання след

Кладзецца роспаччу бязмернай.


Ніяк не давяраю словам тым,

Якія прамаўляюцца з паперкі

Не па асабістай дабрыні,

А дзеля выхваленняў нейкіх.


Не давяраю я і словам тым,

Якія схованы пад знешняй ласкай…

Калі п'еш квас у дзень спякотны ты,

Не значыць, што ён лепшае закваскі…


Бывае, чуеш, як грыміць бясконца,

Чакаеш: дождж вось-вось пальецца…

Аднак ізноў смяецца сонца -

І толькі спадзяванні сэрца…


Я не даю даверу словам тым!..

Мая Радзіма

Змяніўся воблік Беларусі -

Не налюбуюся красой…

І я заўсёды ганаруся,

Што тут прытулак вечны мой.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX