Восень
Ой, восень-сяброўка, расіначка-слёзка,
Штогод я любуюся дзіўнай красой,
Як золатам вабіць дзяўчынка-бярозка,
Як барвы рассыпаў клянок над расой.
Як лісцем заносіць сцяжыначкі ў парку,
Як ціха лістота шапоча без слоў,
Бы ветрык-гарэза завязвае сварку.
І цягнуцца ў вырай чародкі буслоў.
Ой, восень-сяброўка, дародная цётка,
Што радуе вока букетам калін,
І жытам зялёным, густым, нібы шчотка,
І цёмнаю зеленню важных ялін.
Ой, восень-сяброўка, багатая дама,
Запасаў займела на цэлы гадок:
Гародніны склады, саленняў таксама,
Грыбочкаў і бульбы, і зерня паток.
Што, восень-сяброўка, ты сёння мне скажаш,
Чым сэрца напоўніш і чым наталіш,
Дзе словы спагады і ласкі ты знойдзеш,
І чым супакоіш, і чым ты натхніш?
Я сэрца напоўню любоўю да блізкіх,
Спагаду і ласку ў Бога знайдзеш,
Прырода напоўніць спакоем вялізным,
Да мары натхненне тваё прывядзе.
І слаўлю я восень, пару завяршэння
Вясенняй і летняй работы людзей,
Пару ўраджаю, раздумных рашэнняў,
Свабоды дыхання магутных грудзей.
Надыход зімы
Яшчэ на бярозках, асінках, дубах
Апошнія лісцікі б'юцца,
А з поўначы к нам на лядовых санях
Разведчыкі віхрам нясуцца.
Спачатку яны пакрываюць зямлю
Пакровам танюткім, бялюткім,
Паросяць дарогі, сцяжынкі, раллю, -
Становіцца цемень святлюткай.
А восень-сяброўка не хоча скарыцца
І ў бой за свабоду ўступае, -
І зноў пад нагамі адліга макрыцца,
Зноў восень уладу вяртае.
Але ўжо нядоўга ёй тут панаваць
І цешыць сябе новай марай:
Царыца-зіма хоча свет пазнаваць:
Азёры, лясы і абшары.
Як правай рукою сваёю махне, -
Сняжынак закруціцца кола.
А левай - марозам сцюдзёным хукне,
Заціхне, замрэ ўсё наўкола…
Прыйшла вясна - пара кахання
Дзяўчынкай юнаю, гарэзай
Прыйшла вясна ў наш родны край,
Для нас - шчасліваю імпрэзай,
І сэрца б'ецца цераз край.
І лёгка на душы, прывольна,
І птушкай хочацца лятаць,
І жыць на свеце дружна, вольна,
І з неба зорачкі дастаць.
Прыйшла вясна - пара кахання,
Якому падуладны ўсе.
І ўжо не спіцца да світання
У буйнай казачнай красе.
Прыгажосць - гэта тое, што радуе вока,
Што сэрцайка цешыць і будзіць парыў
Да мараў, да дзеяў, вядучых далёка,
У чым творца душу нам сваю падарыў.
Каша з сякеры
Яшчэ ваяр у даўнія часіны
Варыў з сякеры кашу, - былі людзі,
Характар свой паказвалі гасцінны.
І мы падносім вам яе на блюдзе.
Рэцэпт у нашай цуднай кашы просты:
Узялі жаданне, дабавілі крыху
Вады з крыніцы і цяпла сяброўства,
Сардэчнай дабрыні і думак без граху.
Вядома ж, пра сякеру не забылі,
Пра грэчку і галовачку цыбулі.
Прыправы ў лесе зельвенскім здабылі,
Каб смак турысцкай кашы вы адчулі.
Да сустрэчы сяброў з Зельвы
Хлебам-соллю сустракаем дарагіх гасцей.
І ад сэрца пажадаем бачыць вас часцей.
Каб былі з вамі здароўе, шчасце і дабро,
Каб сямейнае надвор'е дарыла цяпло.
Беларускія лічылкі ад Серафінскай Марыйкі
1. У небе зорачкі заззялі,
Святло людзям пасылалі.
- Зорка, зорачка, зарніца,
Давай з намі весяліцца.
2. Што рабіць і як чыніць?
Без гульні нам не пражыць.
Будзем разам мы гуляць,
Лічылкай ваду выбіраць.
3. - Вецер моцны, вецер дужы,
Што гуляеш ты без гужа?
Я хачу цябе злавіць,
Гуляць з намі запрасіць.
4. - Дожджык, дожджык, секані,
Паскачу я на кані
Уздоўж Нёмана-ракі,
Дзе рыбу ловяць рыбакі.
5. Бусел, бусел-клекатун
Злавіў жабу за каўтун,
Нёс, нёс, валачыў
І ў карыце памачыў.
6. - Воран, воран, воран чорны,
Назбірай у полі зёрнаў,
Варанятам іх аддай,
А ты вадай пагуляй!
7. Хмарка сонейка злавіла
І не хоча адпускаць.
Мы папросім гэту хмарку
Разам з намі пагуляць.
8. Скача, скача верабей,
Заклікае ён дзяцей
Летам весела гуляць,
Зімой птушак даглядаць.
9. - Ты, камарык, не лятай,
Не звіні над вухам,
Калі ўкусіш, ну хоць раз,
Зловіш аплявуху!
10. - Чыжык-пыжык, дзе бываў?
- Увесь свет я аблятаў.
Бачыў я там цудаў розных,
Сумаваў па зямлі роднай!