Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Людміла Краснадубская 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Краснадубская Людміла Мікалаеўна нарадзілася ў в. Вішнёўка Менскага раёна Менскай вобласці ў 1957 годзе. Скончыла Вішнёўскую васьмігадовую і Паперненскую сярэднюю школы, Мар'інагорскі ордэна "Знак Пашаны" саўгастэхнікум (1975-1978 гг.). Па прафесіі аграном. Працавала, гадавала траіх дзетак, пісала, калі быў час, хаця пісаць вершы пачала яшчэ ў школе. Некалькі вершаў прагучала ў перадачы "Жывое слова" па радыё г. Менска. Друкавалася ў раённых газетах Лагойскага, Дзятлаўскага і Валожынскага раёнаў, у зборніках "Помнім і жывём", "Нашчадкі" літаратуна-мастацкага аб'яднання "Рунь" пад кіраўніцтвам Ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі В. Ф. Гіруць-Русакевіч. Зараз жыве ў г. Лідзе, са сваімі вершамі была ўдзельніцай перадачы "Званы госць" на Лідскім радыё. Друкавалася ў "Лідскай газеце", была ўдзельніцай некалькіх тэлеперадач. Член народнага аматарскага аб'яднання "МузАльянс" пры Палацы культуры г. Ліды, член літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", удзельніца клуба "Актыўнае даўгалецце" пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дыпламант ХІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, удзельніца Свята беларускага пісьменства ў 2019 г. у Слоніме. Піша песні і вершы, з якімі выступае на сцэне Палаца культуры, у вёсках, вайсковах частках, установах адукацыі.

Мая Радзіма

Паміж палёў пятляе сцежка.

Іду сюды з усіх дарог.

Стаіць-хвалюецца пшаніца,

Хінуцца каласы да ног.


Такое хараство наўкола,

Аж люба-дорага глядзець.

І птушкай хочацца над полем

Да неба зорнага ўзляцець,


Абняць бяскрайнія прасторы

Радзімы любае маёй,

Дзе льну блакітныя азёры,

Дзе так спяваецца душой,


Дзе мова матчына - мая,

Маіх дзядоў і, думаю, нашчадкаў,

Дзе не змялее жытніца дабра,

Не згіне ад чужых нападкаў.

Восень

Палі ў азімых, на доле лістота -

То дрэвы скідаюць убор вытанчоны.

І клін журавоў развітваецца з намі

Сваёй дзіўнай песняй: "Курлоны, курлоны…"


Пустыя палеткі, і ў сціртах салома.

Пажухла трава, і ўжо холадам тхае.

Трава ў карунках скрозь павуцінных.

Дзянёк супраць ночы - патроху згасае.


Піліпаўка, воўчая зграя блукае.

І лось напрамкі па балоце шыбуе.

Валун заімшэлы самотна ўздыхае -

Жыццё не сціхае, а далей віруе.

Размова па душах

- Цябе ў жыцці ніколі не кахала! -

Казала жонка мужу.

- А што ж пайшла ты за мяне?

- Ды татачка прымусіў!

- Ага (паціху муж смяецца).

Бо нават воўк, у лесе каб спаткаў,

Не ведаў бы, куды падзецца!

Дзве валасіны замест кос на галаве.

А зубы - дык няма чого казаць! Страшыла!

Каб цесць не ўліў у рот мне

Самагонкі пляшкі дзве,

Ніякай сілай бы мяне к табе не прысушыла!

Што дзе падзелася?

Калі былі мы маладыя,

Былі здаровыя і ўдалыя.

Але прайшла часіна - й вось

Сядзіць на лавачцы Антось.

У драных портках, сіні нос,

Глядзіць, каб чарку хто паднёс.

Яшчэ і не стары, але такі знямоглы,

Хоць мае жонку ён і догляд добры.

Прычына ўсяму - вядома ж, п'янка,

З рання да вечара гулянка.

Мараль якая з таго будзе?

Як нарадзіўся чалавекам - будзь ім!

Жыві ты так, каб не смяшыць людзей

І ў сорам не ўганяць сваіх дзяцей!

Першае красавіка

Здаўна так павялося ў цешчы з зяцем,

Што з году ў год ідзе нябачная вайна.

Бывае, цешча ў ёй перамагае.

Бывае, зяць аддзячыць ёй спаўна.


З камандзіроўкі зяць вярнуўся.

І цешча зяця ў госці запрасіла,

У кілішак самагонкі наліла,

Гуркоў на стол паставіла,

Нарэзала кілбас і сала.

Ды дужа зяцю тут цікаўна стала:

У госці цешча зваць дык звала,

Але спіртнога век не налівала!

Ён напрамік: - Што здарылася, мама?

Няўпраўка мо ці шчэ якая драма?

Пакрыўдзіў хто? То зараз разбяруся!

А цешча ў адказ:

- Ты толькі не хвалюйся.

Той парасон, што ты мне падарыў, парвала,

Калі з адкрытым полымем я ваявала.

- А што згарэла? Здэцца, цэлае ўсё.

- Ды не, хлявок знянацку загарэўся,

Калі лавіла парасё.

Зашылася дурное пад салому.

Пакуль схадзіла па запалкі я дадому

(Бо на двары ўжо ноч была).

І покуль я запалку запаліла,

Каністру не адну ў пацёмках пакуліла,

Што з работы ты з бензінам нанасіў!

- Маўчыце, мама, я бы папрасіў!

- Ат, загарэлася, успыхнула запалкай!

А за хлявом жа твой стаяў гараж

З машынай новай,

Што купілі перад святам

На тыя грошы, што збіралі ўсё жыццё мы з татам.

- Дык што? Гараж згарэў з машынай разам? -

Зяцёк абсунуўся на пол, як мех з мякінай. -

Ды каб падохлі твае свінні з табой разам,

Ды і з тваёй дурною галавою!

Ну й запрасіла, ну й пачаставала!

Каб шчасця ў хаце ты не знала! -

За шапку, ды бягом за дзверы.

І дае, і не дае ён веры,

Бо красавік на вуліцы

І першае чысло было...

(Не трэба з цешчай ваяваць,

Каб не прыйшлося так з зяця жартаваць!)

Што рабіць?

Што рабіць і як рабіць,

Калі ў хаце сварка,

Калі разам жонка, муж

Заглядаюць у чарку?!


Хто параду каму дасць?

Знойдзе хто лякарства?

Бо ў хаце прыжыліся

Гора ды нядбайства!


Згінулі дзе шчасце, смех?

Толькі напамінак.

Гарэлка, піва, папяросы -

Сумны, страшны вынік.


Дзеці вынесуць які

Ўрок ад таты, мамы?

З чым ім па жыцці ісці?

Вырашаць мо самі?..

* * *

І зноў сыплюцца словы

З-пад пяра нетаропка.

Дзе сплятаюцца доўга,

Дзе каротка-каротка.


У кудзерах і проста -

Хто як можа, так піша.

Ёсць пачатак у верша:

Вецер голле калыша...


Ну, а далей - як пойдзе.

Ці то сцішыцца вецер,

І паэт ці паэтка

Штось напіша пра квецень.


І кладуцца радочкі,

І сплятаюцца вершы.

Хтосьці зноў у заценні,

Ну, а хтосьці зноў першы.

Дзецям

Ісус Хрыстос, Гасподзь, прашу я аб адным:

Каб дзеці, унукі, праўнукі, іх дзеці

Не ведалі ніякае бяды

І ў шчасці пражылі на гэтым свеце.


У сэрцы іхнім толькі б дабрыня была,

Спагада да нямоглых, ды не слабасць.

Прашу, Гасподзь, малюся я,

І ад духоўнага каб мелі радасць.


Дай ім здароўя, сілы і дабра.

Дай ім натхнення, каб жылі, тварылі.

Сям'ю сваю каб бераглі ад зла,

Бацькоў сваіх каб шанавалі і любілі.

Матуля чакае...

Снег вёскі засыпаў,

А ў старым дамочку

Сумуе жанчына,

Чакае сыночка...

А мо, лепей было б,

Каб Бог даў ёй дочку?..


Часцей да матулі б

Яна прыязджала,

У суботку прыехала б,

Згатавала,


Прыбралася ў хаце,

Памыла падлогу,

А потым схадзіла б

За вёску, да логу.

Нарвала б галінак

Вярбы і бярозы...

На свята матулі

Прывезла б мімозы,


Каб не было сумна

Старэнькае маці

Ізноў, да суботкі,

Ля акенцы чакаці.


Так хочацца маці

Пачуць ад дзяцей:

- У нас, мама, дома

Ну лепей, як дзе!

Нашая песня

Заўжды было на Беларусі,

Заўжды вялося так з вякоў:

Дзе Янка, там была Маруся,

Дзе Ядзя, там быў і Пракоп.


Прыпеў :

Гулялі разам хлопцы, дзеўкі

Пасля работы вечарком.

Гармонік, бубен, дудка, скрыпка…

Так танчылі, што пыл слупом!


Чаго задумаўся, хлапчына?

Чаго ж павесіў долу нос?..

Глядзі, праморгаеш ты шчасце!

Глядзі, праморгаеш ты лёс!


Бяры за руку прыгажуню

Ды засылай сватоў хутчэй,

А то з такога перабору

Яна к другому ўцячэ!


Прыпеў.

Гулі вяселлі па дажынках,

І з караваем нараўне,

Як сімвал шчасця, дабрабыту,

Быў бохан хлеба на стале.


І падымалі ўгору чаркі,

І госці пілі за радню,

І за дачушку, і за сына,

І за радзімую зямлю.


Прыпеў:

Гулялі разам хлопцы, дзеўкі

Пасля работы вечарком.

Гармонік, бубен, дудка, скрыпка…

Так танчылі, што пыл слупом!

Подых вясны

Закружыла завея, завіхурыла беллю.

Не відно на двары ні машын, ні людзей.

То пялёсткі з яблынь напамінкам вясельным

Там, дзе мы маладыя, у віхуры падзей.


Белы вэлюм суквецця, водар нібы парфума

Так і ўецца ў паветры, пранікае ў душу.

Будзь заўсёды сабою, будзь праўдзівым са мною,

Шчырым, добрым, лагодным - іншага не прашу.


Напамінак вясновы закружыў, завіхурыў,

Абудзіў зноў пачуцці, растрывожыў мяне.

Напамінак вясновы - ён не знікне ў нябыцці,

Пра каханне былое мне забыць не дае.

Вясна

Толькі-толькі прайшла завіруха,

І з-за воблака сонца глядзіць.

А пад снегам - ты толькі паслухай -

Ручаёчак булькоча-бяжыць.


Хоча ён з-пад снегу прабіцца,

Каб вадзіцай зямлю напаіць.

І прачнецца сястрыца-пралеска,

Дапаможа вясну разбудзіць.

Журавы

(Песня)

Тужлівы крык раздаўся ў паднябессі,

Растаяўшы ў аблочнай вышыні.

Вяртаюцца з цяжкога падарожжа,

Ляцяць дамоў, курлычуць журавы.


Яшчэ снягі сышлі з палёў ледзь толькі,

Яшчэ і ў дрэў лістоў няма.

Ляцяць яны да роднае старонкі,

Дарма што прытаміліся, дарма.


Ляцяць яны туды, дзе рукі маці

Спазналі шчасце, дзе і мы з табой.

Ляцяць туды, дзе лепет немаўляці

Да роднае зямелечкі сваёй.


Над роднай нівай праляцяць імкліва,

Пераклікаючыся з небам і зямлёй,

І бусел адзавецца ім шчасліва,

Вітаючы з вяртаннем і вясной.

Матулі

Стаю на пагосце ў чорнай хусціне...

Матуля, матуля, мяне хто прыхіне?

Дзе цёплыя рукі, прапахлыя хлебам?

Дзе вочы прыгожыя - сінь на паўнеба?..


Як выйдзеш, бывала, з сярпом на палеткі,

Вакол цябе дзеткі малыя, як кветкі.

Ты іх прыгалубіш, ты іх абагрэеш,

Ад слоў тваіх шчырых цяплом заўжды вее...


Хоць спіна згарбела, каса ўжо сівая,

Матуля, для нас ты заўжды маладая.

Прывабная, мілая, добрая маці,

Прыгожаю павай плывеш ты па хаце.


Шануйце матулю, любіце матулю!

Жыццё больш не дасць вам такую другую.

Стаю на пагосце ў чорнай хусціне...

Матуля, матуля, мяне хто прыхіне?..

Наказ

Калісьці маці мне наказ давала,

Што золата і ў попеле блішчыць.

Але цяпер ужо модным стала

Дзяцей сваіх па-іншаму вучыць.


Раней было: разумны, пакажы свой розум.

Няма чаго сказаць - дык памаўчы.

Прыслухайся: а да чаго душа хінецца?

Да выбару свайго не толькі йдзі - ляці!


Чарнавікоў у жыцці ніколі не бывае.

Заўжды падумай перад тым, як штось зрабіць.

І перад тым як узляцець высока пад аблокі,

Ты памятай, што трэба Чалавекам быць.

Я і ТЫ

(Песня)

На маю далонь лягла твая,

І мая ўся ў ёй патанула...

Шчасцейка прыйшло да нас здаля,

Завітала, нас не абмінула.

Да тваіх грудзей прыпала я.

Апаліў ты вусны пацалункам.

Быццам бы здалёк і спакваля,

У мяне шукаў ты паратунку.


Прыпеў:

Закружыў любові карагод,

Паплыло ўсё, бы ў вірлівай рэчцы...

Дзе быў зараз ты? Дзе была я?..

Што было - было і ёсць адвечна.


Па жыцці ісці цяпер дваім,

Нам з табою разам, назаўсёды.

Там, дзе буду я, там будзеш ты.

Паспытаем шчасця асалоду.


Напаткаў мяне няпросты лёс,

І табе ў жыцці так давялося.

І дабраславенне нам з нябёс

Птаха белакрылая даносіць.


Прыпеў:

Закружыў любові карагод,

Паплыло ўсё, бы ў вірлівай рэчцы...

Дзе быў зараз ты? Дзе была я?..

Што было - было і ёсць адвечна.

Вёска

Прыгожы дом калісьці гмахам слыў,

А зараз увесь струхнеў, глядзіць убога.

Былі дзе кветкі, там расце палын.

Ды зарасла сіўцом вясковая дарога.


Чаму і як, што здарылася тут?

Каму даслаць сваё пытанне?

Мо над табой лунаў Чарнобля птах

Ды адабраў тваё зачараванне?


Даўно тут не чутно гамонкі кос,

І рык кароў не чутны на змярканні.

Красуня вёсачка ў засені бяроз

Прыкрылася смутой на развітанне.


Няма чаго вяртацца ўжо сюды.

Крыж пахіліўся, заімшэўся ворат.

Старыя люді дажылі свой век,

А маладых паклікаў горад.

Матулі

Усю значнасць жыцця разумеем з гадамі.

Хто бацькі ёсць для нас, зразумеем пасля.

Ты даруй мне, матуля: рэдка мы размаўлялі,

Рэдка я да цябе прыязджала здаля.


Дзеці, праца, турботы аддалялі часамі,

Аддалялі часамі нашу стрэчу з табой.

Як не стала цябе, зразумела з гадамі:

Не хапае цяпла мамы мне дарагой.


Паляцець бы к табе птушкаю шызакрылай

І абняць, прытуліць да грудзей да сваіх.

Ды цяпер толькі ў снах бачу вобраз твой мілы,

Бачу я толькі ў снах, снах нязбыўных маіх.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX