Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Валера Мацулевіч 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Валера Мацулевіч нарадзіўся 4 жніўня 1983 года ў Лідзе. Скончыў Наваградскі гандлёва-эканамічны тэхнікум па спецыяльнасці "Бухгалтарскі ўлік і аўдыт". Працаваў на прадпрыемствах ААТ "Лакафарба", ААТ "Лідскі завод электравырабаў". Пасля - у школе № 8. Вершы пачаў пісаць з 19 гадоў. Друкаваўся ў газетах "Лідская газета", "Прынёманскія весткі", "Гродзенская праўда", літаратурна-мастацкіх часопісах "Ад лідскіх муроў", "Нёман", "Маладосць". Аўтар зборнікаў "Струны душы" (2011) і "Чалавек са свечкай" (2014). Песні на яго словы выконваюцца бардамі Міхаілам Карнілавым і Сержуком Чарняком. Жыве ў Лідзе. Піша вершы на беларускай і рускай мовах.

Велікоднае святло

У дзень урачысты, у радасны дзень

Касцёл асвятляе вясёлы прамень.


Гарэзны крыху і гуллівы крыху,

Ён з твараў сцірае адбіткі граху.

Сум, стому, самоту адсоўвае прэч,

Знішчае хваробы, як вогненны меч.


Жадае ўсім людзям дажыць год да ста

Бадзёры прамень, як усмешка Хрыста.


У дзень урачысты, у радасны дзень

Да веры вяртае вясёлы прамень.

Вясновы вобраз

Мне днём вясновым

Выпаў шлях дадому,

Надвор'ем цудным

Менш адчуеш стому.


Прычын не знойдзеш

Значных для маркоты,

Каб не чарвяк

Маленькі адзіноты,


Што недарэчы

Ў сэрца мне закраўся

І нібы ў хаце

Ў ім уладкаваўся.


І быццам, зрэшту,

Гэта толькі дробязь,

Але ён там -

Нічога з ім не зробіш…


І раптам птушкі

Хорам заспявалі,

Яны дзяўчыну-казку

Прывіталі.

Стаю як слуп,

Сабе не гаспадар я.

З якога ты

З'явілася надхмар'я?


Шляхетны поступ,

Штось у душы ад дзетак,

На галаве

Вянок з пахучых кветак.


Лён валасоў,

Як сонейка праменні,

Нібы кахання

Светлыя імгненні.


З вясёлкі грэбень

Тоне ў іх суладдзі,

Нібы каханка

Пальцы прагна гладзяць.


Світанка ружай

Дзіўны твар квітнее,

Ў вачах блакітных -

Мара і надзея.


Яны нябёсаў

Яснасць увабралі,

На шыі

З лугавой расы каралі.


Пад колер траў

Зялёная сукенка.

Такая вось

Шыкоўная паненка…

Загрукатала

Сэрца без упынку.

Яна ішла,

Спявала "Купалінку".


Луналі гукі

Ў высі сакалінай,

Звінела песня

Лепей салаўінай.


Яна ўжо побач.

Мне зірнула ў вочы.

Крануў струменем

Мілы смех дзявочы.


І ні адцення

Кпіну альбо здзеку,

А толькі радасць

У нотках таго смеху.


У першароднай

Звон такі крыніцы,

Што слоў не знае

"брудзіць" і "напіцца".

"Мяне Вясной зваць", -

Дзеўчына сказала,

Пяшчотней бэзу

Мне руку падала.


Я ўзяў яе,

Як скарб, як таямніцу,

Як сцяг Радзімы

Непадкупны рыцар.


У адказ назваўся,

Хоць не без затрымкі,

І нечакана

Ўзяў Вясну ў абдымкі.


Мне больш жаданняў

Не стрымаць спакусных,

Я ўжо нектар

Яе смакую вуснаў.


Цвярдзеюць грудзі

Пад маёй далонню

І токам б'ецца,

Б'ецца кроў у скроні.


Быць з ёю зараз!

Зараз і бясконца…

Ды нейкі цень

Не ў час пакрыўдзіў сонца,


Набеглі хмаркі,

Дробны дождж пачаўся,

І вобраз знік,

А я адзін застаўся.

Чорны конь

(Напісана пад уражаннем ад пандэміі 2020 г.)

А конь чорны топча жыта,

Жыта-жыцейка людское.

Дзе грымяць яго капыты,

Там не будзе супакою.


А конь чорны топча жыта

І крывавым косіць вокам.

Нас, о Божа, беражы ты.

Хай навала пройдзе бокам.


Хай навала пройдзе бокам -

Неба жыцейка ўратуе.

Хай навала пройдзе бокам -

Людцам шчасце не атруе!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX