Вольга Ашмяна-Бічэль нарадзілася ў 1973 годзе ў горадзе Лідзе. Скончыла Лідскае педвучылішча ў 1992 годзе, пасля вучылася ў ГрГУ імя Я. Купалы. Працавала ў Дакудаўскай сярэдняй школе настаўніцай пачатковых класаў. У Дакудаве знайшла свае каханне (мужа Бічэля Андрэя) і паэтычнае натхненне. Мама траіх дзяцей і паэтэса ў душы.
Лірычны настрой
Лірычны настрой адышоўшага лета,
Такога жаданага, сонцам сагрэтага,
Прыгожага, поўнага водару кветак,
Не адпускае чамусьці дагэтуль.
На вуха мне шэпча: "Хадзем у мурогі,
Дзе чыстай расой абмываліся ногі,
Хацелася бегчы туды, дзе аблокі,
З гарэзлівым ветрам пускацца ў скокі…"
Мільгалі валошкі ў жытнім калоссі,
У небе птушынае многагалоссе
Душу да астатняе кроплі кранала,
Да позняга вечара не адпускала.
А ў небе начным завіхаліся зоры,
З сабой у касмічныя звалі прасторы.
А тут, на зямлі, аж да самага рання
Услед зорцы ўпалай ляцела жаданне.
Рассеяўся дым адышоўшага лета,
У лірычны настрой, як у вэлюм, адзеты…
Раніца
Каляровых сноў абдымкі
Адступаюць неахвотна.
Па-над лугам, у светлай дымцы
Ружавенне гарызонту.
Зіхаціць трава ў росах,
Дзе туман спусціўся золкі,
У празрыста-чыстых кроплях
Нараджаюцца вясёлкі.
Сонца кругам залацістым
У неба выкаціцца плаўна,
Спевам птушак галасістым
Прагрукоча: "Ранку - слава!"
Мова родная
Часта чую, што мова родная
Несучасная больш і нямодная,
Беларусам яна не патрэбная,
Што не гучная, брыдкая, зрэбная.
З меркаваннем такім не згодна я,
Бо для нас гэта мова - родная,
Птушка вольная, незаганная,
Да канца яшчэ не спазнаная.
Мова продкаў, як жыта калосіцца,
Словы-зерняткі ў вершы просяцца.
Іх запасы - неверагодныя,
Як бясконцыя песні народныя.
Радзіма!
Радзіма! Твае не загоены раны!
Бо колькі сыночкаў тваіх і дачок
Ты не дачакалася і не сустрэла
З тых доўгіх ваенных шляхоў і дарог.
Геройскі загінулі, без вестак прапалі,
У спаленых вёсках згарэлі ў прах.
У Нямеччыну вывезеныя рабамі,
Закатаваныя ў канцлагерах.
Нікога вайна тая не шкадавала,
Маленечкіх дзетак, старых і жанок
Фашысцкімі ботамі жорстка таптала,
Людскою крывёй насычала пясок.
Вайна! Колькі душ ты людскіх загубіла,
Сірочую долю наслала на нас,
Агнём і жалезам, варожаю сілай
Чатыры гады вынішчала яна.
Пакутніцкім шляхам народ беларускі
Прайшоў і сваіх не забыўся братоў,
Што поплеч, у акопах, узбекаў і рускіх,
Татараў, украінцаў, грузін, латышоў.
Усіх, хто змагаўся з фашысцкаю зграяй
І ў гэтай вайне, як адзін, перамог!
Ніхто не забыты - мы ўсіх праслаўляем!
Іх Маці-радзіме аддадзены доўг!
Мары
Уздоўж вясковай вуліцы
Іду зачараваная…
Да весніц кветкі туляцца,
Сады стаяць прыбраныя.
Вясновым цёплым ветрыкам
Паветра ледзь гайдаецца,
Густым, салодкім водарам
Душа перапаўняецца.
У небе бусел кружыцца…
І мне аб шчасці мроіцца…
Усё, што мару, збудзецца,
Гэтай вясною споўніцца!
Маме
Я гартаю альбом фотаздымкаў.
Думак сумных чарга паўстае.
Мама, мне не хапае абдымкаў,
Ласкі мне не хапае твае.
На старых і абшарпаных фота
Мамы радасцю свеціцца твар.
Ёй заўсёды хапала турботаў,
Ды на здымках не знаць іх цяжар.
Ды я ведаю, болю хапіла
У дзяцінстве матулі спаўна:
Голад, холад, варожая сіла,
Стрэлы, выбухі, смерць і вайна…
Напалохалі, ды не растапталі,
І юнацтва пазвала з сабой,
Дзе вучылася і працавала,
Замуж выйшла, дзяцей нараджала,
Калыханкі начамі спявала,
Зноў вучылася, недасыпала,
У дзіцячыя гульні гуляла,
І лячыла, І дапамагала…
І як толькі ёй сілы хапала
І любові хапала для нас!
А цяпер я гляджу фотаздымкі,
На якіх яе вобраз жыве…
Мама, мне не хапае абдымкаў,
Ласкі мне не хапае твае…
* * *
Ціха ў музейным памяшканні,
Калаўротак, міскі на паліцы.
Нітак каляровых скрыжаванне
Ў кроснах ужо не першы год пыліцца.
Белымі карункамі фіранкі
Быццам абдымаюць аканіцы,
А на ложку, дзе гара падушак,
Ноччу сон нікому не прысніцца.
У пячурцы, зробленай з фанеры,
Не спячэ яечню гаспадыня,
І саганчык смачнае вячэры
Тут агеньчык жвавы не абдыме.
Інтэр'ер старой вясковай хаты,
Як гадоў мінулых таямніца,
Са сваёй гісторыяй багатай
У музейным сховішчы пыліцца.
Абяцанкі
Гучыць заезджанай кружэлкай
Каторы дзень, і год, і месяц:
- Усё! Пачынаю з панядзелка!
І кожны раз усё на месцы.
Калі няма ў кішэні грошай,
Згубілі іх пустыя страты -
Эканамістам стаць харошым
Імкнешся з новае зарплаты.
А як глядзіць хвароба ў вочы
І выгляд маеш нездаровы,
У аптэку па таблеткі крочыш,
Пра спорт не хочаш мець размовы.
Такая ж трасца з пахуданнем,
У жаданні стройным стаць заўзята.
Худзееш, як усё сняданне
Запіў салодкаю гарбатай.
Дзяцей выхоўваеш старанна,
Разумных кніжак шмат чытаеш,
А вось пра прыклад мамы з татам
У жыцці чамусьці забываеш.
Да Бога хутка шлях знаходзіш,
Як завітае ў хату ліха.
У храм звычайна не заходзіш,
Калі ў жыцці ўсё мірна-ціха.
Усе абяцанкі ўвязаўшы
Ў шмат вялізарных вандзэлкаў,
Жыццё сваё дарэмна траціш
У чаканні новых панядзелкаў.
Забытыя вёскі
Замшэлыя сцены,
Разбітыя вокны.
Адчынены дзверы
І ў холад, і ў спёку.
Забруджаны студні,
Платы разабраны.
І нейкім злачынцам
Сады спілаваны.
Зарослыя сцежкі,
Бур'ян на гумнішчы.
І вецер нябачны,
Як пугаю, свішча.
Аскепкі альтанкі,
Вяроўкі арэляў.
І будка сабачая,
Цалкам струхнелая.
Ляжаць, як шкілеты,
Зламаныя кросны.
Радзімы сцяжынкі -
Забытыя вёскі.
Іранічнае
Хацела песню напісаць,
альбо паэму ці баладу,
А муза нешта не пяе
і не стаіць натхненне ззаду.
А раптам з гімнам павязе?
Дык вось якая нязадача:
на розум рыфма не ідзе,
Душа баліць, а сэрца плача.
Пегаса клічу да сябе,
каб дасягнуць вяршынь Парнаса,
А конь і вухам не вядзе,
На ўсе падманы ён не ласы.
- Дзяўчына! Конік! Пачуццё!
Куды разбегліся па свеце?
- Тут! З Мацулевічам Алесем
Зноў засядаем у "Суквецці".