Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Ганна Гайдукевіч 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Ганна Іванаўна Гайдукевіч нарадзілася ў вёсцы Дакудава ў сям'і работнікаў калгаса. Пасля заканчэння Дакудаўскай сярэдняй школы вучылася ў Гарадзенскім музычна-педагагічным вучылішчы, а затым у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы (філалагічны факультэт, беларуская і руская мовы). Працавала ў школах Лідчыны, дваццаць гадоў - у Лідскім педагагічным вучылішчы (цяпер Лідскі каледж) выкладчыкам музыкі, беларускай мовы і літаратуры. Зараз на заслужаным адпачынку.

Вершы Ганна Гайдукевіч спрабавала пісаць яшчэ ў школьныя гады, але тыя першыя спробы лічыць няўдачнымі. Вельмі доўгі час вершаў не пісала: шмат часу і сіл трэба было аддаваць працы і сям'і, да таго ж каля трыццаці гадоў спявала ў ансамблі песні і танцу "Лідчанка", рэпетыцыі таксама патрабавалі сіл і часу. І толькі ў пачатку 2020 года Ганна Іванаўна прысвяціла сябе паэзіі. Можна сказаць, паэтычная муза прыйшла да яе ў сталым узросце. А падахвоціла яе да напісання вершаў сяброўка і зямлячка Ірына Маркевіч, актыўная ўдзельніца літаб'яднання "Суквецце". "Калі сачыненні ў свой час пісала добра, чаму б не паспрабаваць сябе ў вершах?" - вырашыла Ганна Іванаўна і таксама ўлілася ў калектыў літаб'яднання.

Асноўныя тэмы яе вершаў - вёска, вясковае жыццё, родныя людзі, сябры і знаёмыя, спрабуе сябе таксама ў напісанні гумарыстычных вершаў, баек.

Сівая маладосць

Ну хто сказаў пенсіянеру,

Што трэба жыць, як набяжыць?

Я маю ўласную кватэру,

Хлеб і да хлеба - люба жыць!


Па паліклініцы вандруем.

Нас там шануюць дактары.

Сядзім у чарзе, усё абмяркуем,

Як не загінуць без пары.


Лечаць усё, і нават зубы,

Хоць мала іх, а мо й адзін.

А калі часам непатрэбны,

То вырвуць махам - і ідзі.


Мне і будзільнік не патрэбны:

Магу заснуць я нават днём.

Ну, а начамі, пры бяссонні,

Ляжу і слухаю шансон.


Я сёння з'ездзіла на дачу,

Заўтра пайду ў парк "балдзець".

Звініць у вуху, шум у прыдачу…

Хачу ж на моладзь паглядзець.


Фонд пенсіённы плаціць грошы -

У даўгалецця клуб ідзі.

Там песні, танцы, чай гарачы.

Хочаш - дзядка сабе знайдзі.


Прыйшла дадому - глядзь у люстра,

Задавальнення не стрымаць…

Трашчыць у шыі, пора ў бёдры,

А мне ўсё роўна дваццаць пяць.

Я веру

А колькі ж год прайшло з тае пары?

Магчыма, што не так ужо і шмат…

Бо помняцца ў квецені сады.

І бачу я шчаслівы той пагляд.


Я адчуваю подых вецярка,

Лаўлю блакіт вачэй, а ён пяшчотны.

Здаецца, побач цёплая рука,

Твой шчыры смех, лагодны, бесклапотны.


Ды час дыктуе нам свае ўмовы,

Не разумеючы ні мар і ні надзей.

А спадзяванні шчырыя натхнёна

Віруюць у чыстым моры тых падзей.


Было б, відаць, і сціпла, і разумна

Памылкі выпраўляць і верыць у людзей,

Але чаму бывае іншы раз так сумна?

Дзе ўзяць ахвоту навучыцца жыць далей?


Не, не бяда! Няхай бушуе восень,

Спрачаецца цяпло з назойлівым дажджом.

Ды ўсё ж на небе праглядае просінь

І шле ўдачу з залатым лістом.

А хочацца ж усім цяпла?..

На небасхіле грае сонца.

І клін гусей дамоў ляціць.

Турбота стукае ў аконца -

Пара ўжо сеяць і садзіць.


На межах траўка заскакала,

Вясна прыспешвае "гарэць",

Чаромха вэлюм падбірала,

Каб на ўзлеску заінець.


А каля плота, на мяжы,

Званочак жвава ўзняў галоўку,

Марыў пра сонца, капяжы

Ды слухаў па начах салоўку.


І песта-ружа каля ганка

Ў любові стала падрастаць,

А адзінокаму суседу

Шыпамі любіць пагражаць.


Рос, спадзяваўся наш званочак

Прыроду-матухну здзівіць:

Раскрыць свой сіненькі вяночак,

Сяброўствам з ружай даражыць.


Жыве бядак, дзірван мацуе,

Карэнні ссохлі без вады.

Ды толькі ноччу ў сне і чуе

Ручай і кветнік малады.


Сівы палын сілы набраўся

Абняў бяднягу, закрыў святло.

Хоць абяздолены й прасіўся,

Ды стогн яго не чуў ніхто.


Галоўку апусціў званочак:

Няма больш сіл падмогу зваць -

Лёг на мяжу, на бе-ра-жо-чак…

Далей няма чаго сказаць.

* * *

Людзі, ачніцеся ад злосці!

Нас вучыць Бог усіх любіць.

А калі блізкі ў няшчасці,

Дапамажыце яму жыць!

Самота

Крычыць душа ад адзіноты,

Сум сцеле змрочныя сляды.

Чаму сюды прыйшоў, за што ты

Шлеш адгалоскі той бяды?


Мо мне бярозка дапаможа

Былую крыўду, боль забыць?

Ці мо найлепш сяброўка зможа

Патрэбным словам абудзіць?


А я абедзвюм шчыра веру:

Кажуць сябе "ў рукі браць".

А дзе ж узяць сіл і даверу

Каб крылы зломаныя ўзняць?


Прашу ў неба я спакою,

Навучы злосных абысці.

Дай Бог цярпення і настрою,

Без болю каб далей ісці.

Мне сніцца…

Як я жыву? На ўсё Гасподня воля.

Адляцела ўдалеч ранняя зара.

Усе кажуць, што мая шчасліва доля,

А сніцца - паркалёвая пара.


Якая радасць успамінаць той жнівень!

Вясне хвалебны гімн ён так спяваў…

Не страшны быў іскрысты колкі лівень.

Салоўка маладосці падпяваў.


Малінавае ранне палыхала

І клікала пайсці насустрач дню.

З прыемнасцю дух хлебны я ўдыхала:

Я так любіла вёсачку сваю…


Цяпер гарэза восень накруціла

Сумненні, думкі, злыя скразнякі,

І ўсё ж мой успамін не замуціла,

Салодкі смак парэчак ля ракі.


Блукае і мая дзесь маладосць

Ля руні трапяткой, бурлівых рэчак.

Унукі - мая радасць, прыгажосць,

Я з імі маладзею без таблетак.


На лёс я свой зусім не наракаю,

Жыву, як Бог дае і як магу,

Сяброў з любоўю шчыра сустракаю,

А памяць пра Радзіму - берагу.

Летняя раніца

Світае. Ранак вочы разліпае.

Руплівы пеўнік спеўна ўсіх будзіў.

Духмяны хмель чаруе, аздабляе,

Удосталь наваколле ажывіў.


І завіхрыла праца на падворку.

Барбос са смакам малако хлябтаў.

Цурчыць сырадой цёплы ў даёнку.

Гусак ля міскі гучна гагатаў.


Матуля наша - пчолка залатая -

Яшчэ да зоркі, раненька ўстае,

Такая ўдалая, усім нам патрапляе,

Блінцы, мачанку з салам падае.


Напоўнілася гоманам уся хата:

Не спяць улетку доўга рыбакі.

Паснедалі ўсе дружна, а наш тата

Узяў вясло - і шпарка да ракі.


Бяжыць услед Пятрок, браток малодшы,

З сабою просіць слёзна яго ўзяць,

Быць абяцае ціхім і харошым,

Каб толькі ў руках рыбку патрымаць.


Я ў сенцах кош бяру, у лес спяшаю,

Дзе косанькі пляце бярозак гай.

Бы смагу сваю сокам наталяю:

Так кліча і вітае грыбны рай.


І грыбасей на тыдні пастараўся -

Баравікам падліў, лісічкі асвяжыў.

На ўдачу я хоць трохі й спадзяваўся,

А хвойнік і мох сівы - дагадзіў.


З-за лесу сонца промнямі іграе,

Брыльянтамі паблісквае раса.

Ды ніва жытнім коласам уздыхае,

І воддаль шаргаціць-звініць каса.

Бераг дзяцінства

Блакіт нябёс так песціць вока,

А яшчэ лепш - бярозак гай.

Хоць родны кут не так далёка,

Ніхто не кліча ў гэты край.


Падворак, той, дзе я хадзіла,

Ужо топчуць ногі іншых людзей.

І голас мамы гэтак шчыра, міла

Успамінаецца: "Прыедзь хутчэй".


Сад пастарэў, не стала ліпаў,

Ды бераг Нёмна не пазнаць.

І луг занёманскі не клікаў

На сенажаць стагі складаць.


Няма той вузенькай сцяжынкі,

Што да парома ўсіх вяла.

Тут ладзіліся вечарынкі,

Гуляла моладзь дапазна.


І так заўсёды, у нядзельку,

Збіраў паром сваіх сялян.

Ішлі сюды хоць на гадзінку,

Каб адпачыць, пачуць баян.


Якая музыка ўзлятала

З-пад пальцаў дзядзькі Ігнася!

І моладзь дружна падпявала,

Прыпеўкі чула вёска ўся.


Разліўна полечкі гучалі,

Абцас юначы рытм трымаў,

У лад старэнькія пляскалі,

І танец усіх так забаўляў…

* * *

Прайшлі гады, няма парома,

Ля хатаў - высачэнны плот.

Пабыць хацелася б так дома,

Ды там цяпер - чужы народ.

Вясенняя рапсодыя

Вясна і красавік дружна сышліся.

На Нёмне крыгаход адгаманіў,

А пчолкі на аблёт усе ўзняліся,

Шпачок жытло шыкоўнае абжыў.

Вясна ўздымае пульс, і не стрымаць

Яе шчымліва-светлыя парывы.

Буслянкі сталі гучна клекатаць.

Матляе зеленню віхор гуллівы.


Пяшчотай, ласкай сонца спавівае,

Рассейвае крыштальную расу,

Зямельку-маці шчодра аздабляе,

Малюе ўмела дзіўную красу.


Чаромха міла над ракой чаруе,

У шыкоўныя карункі водар упляла.

Салоўка галасочак свой спрабуе,

А ветрык яго носіць уздоўж сяла.


Вясенняя бушуе прыгажосць.

Кляновы сок - салодкае жаданне.

Блукае трапяткая маладосць

І кліча закаханых на спатканне.

Клапатлівы Хвядос

Знаёмы мой дзядзька Хвядос

Ужо да пенсіі дарос,

Ды не сябруе з сумам ён,

Шукае справу чэмпіён.


У спорце фаварыт Хвядос,

Не верыць у старасць і мароз.

Хай дапаможа табе Бог,

Каб жыў ты доўга, без трывог.


А сам Хвядос як малады,

Не лічыць ён свае гады.

Нават зімой педалі круціць

Ды ў сям'і не баламуціць.


Чалавек велікадушны,

Сярод людзей - нераўнадушны,

Пачаў займацца ён навукай

Сур'ёзна, шчыра, без прынукаў.


Праграмы любіць ён пісаць,

Хоча і старым дапамагаць -

Займацца боксам і стральбой,

Каб з маладымі ісці ў бой.


Вакансію сабе знайшоў,

Прапанаваць усім гатоў,

Каму што з'есці і што піць,

Каб маладым заўсёды быць.


Хвядос, для іншых - пачакай!

І аднакласніц не чапай.

Найлепш - зарадка й дактары,

Каб не загінуць без пары.

Адвечная тэма

Як звязана ў людзей, у пажылых

Усё бачыць, разумець ды сумнявацца.

А іншы раз і дакараць сваіх,

У чым, можа, нават цяжка разабрацца.


Вось выскачыць слаўцо - і незразумела,

Як быць і што сказаць ім, маладым?

Не мучыцца б у здагадках так няўмела,

А заставацца мудрым, дарагім.


Часамі ўзнікаюць і праблемы,

Дзе праўда набывае першынство.

Лепш зразумець, што наступілі перамены,

Не ўспамінаць былое рамяство!


Мо разумней да памяці звярнуцца

І ўспомніць свае юныя гады:

Хацелася ж у шчасці захлынуцца

Ды не ўступаць у бабуліны сляды.


Так добра жыць, калі ў сям'і згода,

Дзе ўсе нібы адзіны механізм,

І вырашаецца ўсё зладжана, лагодна.

Вядома: там "здаровы арганізм".


А тэма "бацькі - дзеці" жыве вечна:

Праблему гэту можна пазбягаць

І вырашыць яе трэба сардэчна,

Калі любіць дамашніх, паважаць.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX