Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Ганна Рэлікоўская 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Рэлікоўская Ганна Леанардаўна нарадзілася 8 ліпеня 1964 года ў в. Кянці Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці. Пасля заканчэння Кенцеўскай васьмігодкі паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча. У 1983 годзе стала настаўніцай пачатковых класаў у СШ № 8 г. Ліды. Дыплом гістарычнага факультэта БДУ, атрыманы ў 1991 годзе, дазволіў ёй перайсці на выкладанне гісторыі ў старэйшых класах спачатку ў той жа СШ № 8, затым, з 1995 да 2005 года, у СШ № 17. На працягу года (1999-2000 навучальны год) з'яўлялася культарганізатарам і старшынёй прафкама навучэнцаў Лідскага індустрыяльнага тэхнікума. З 2005 па 2017 год працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 г. Ліды. На сённяшні дзень - настаўнік гісторыі і грамадазнаўства СШ № 17 г. Ліды.

Друкавалася са студэнцкіх гадоў у мясцовых раённых газетах Ваўкавыска і Ліды, некалькі вершаў у 2009 годзе трапілі на старонкі "Настаўніцкай газеты", выбраныя творы ўвайшлі ў зборнікі паэзіі, выдадзеныя ў Лідскім раёне ("Ад лідскіх муроў", "Шануйце роднае слова", "Мая маленькая радзіма", "Мой любы горад Ліда").

Прадай гэту хату

- Прадай гэту хату. Навошта яна?

Дзіравыя столь і падлога.

Усе вокны трухлеюць дзень ада дня.

Ёй жыць засталося нямнога.

* * *

Ляжу на канапе. Углядаюся ў столь.

А сэрца пякучы ахутвае боль.

* * *

Прадаць гэту хату? Дзяцінства прадаць?

Найлепшы свой сонечны ранак?

Як з татам збіралася на сенажаць,

А мама рабіла сняданак?


Юнацтва шчаслівы прадаць успамін?

Як бусел на елцы клякоча?

Ці як жаўрукі збіраюцца ў клін

І конік уночы стракоча?


Здрадзіць суседзям сваім і сябрам?

Абшары навокал забыцца?

Ніколі ўжо болей вадзіцы з вядра

З калодзежа мне не напіцца?

* * *

Прадаць - быццам частку душы адабраць.

За колькі ж даляраў яе старгаваць?

Пра родныя мясціны

Лёгкі ветрык ахінае цела,

Гладзіць пяткі, лыткі і рамёны.

Я ад лета крыху ап'янела

І гляджу навокал улюбёна.


Белы лебедзь на вадзе - так міла!

А за ім чародкаю сям'я.

Сонца лье цяпло з-пад небасхіла,

Каб квітнела родная зямля.


Хвалі злёгку асаку калышуць,

І арэшнік шалясціць за тынам…

Пра замежжа людзі вершы пішуць,

Ну, а я - пра родныя мясціны.

Іду дахаты

Іду дахаты, іду дахаты.

І словы зноў складаюцца ў радкі.

На дрэвах плямін жаўцеюць латы.

І вецер трэпле лістоў шматкі.


Іду дахаты, іду дахаты.

Паветра быццам, як лекі, п'ю.

Аблокі плаваюць кавалкам ваты.

Дажджы асеннія пояць зямлю.


Іду дахаты, іду дахаты.

Дабраслаўляю той лёгкі шлях.

Жадалі шчасця мне мама з татам.

Мая Радзіма тут, у Кянцях!

Калі я выйду на пенсію…

Калі я выйду на пенсію,

Я напішу цуда-вершы,

Магчыма, паэму ці песню,

Аповед свой самы першы.


Калі я выйду на пенсію,

Сабе адшукаю заняткі.

Я буду ляпіць пяльмені

І смачныя смажыць аладкі.


Калі я выйду на песію,

Я буду найлепшай мамай.

Унукаў, дасць Бог, буду песціць

Ад рання да ночы самай.


А ўвесну, улетку і ўвосень

Я буду жыць у вёсцы,

Дзе певень зрання галосіць,

Дзе радуе шэптам калоссе.


Калі я выйду на пенсію,

Хачу быць на роднай зямлі,

Бліжэй да бацькоўскага месца.

Дажыць бы да тога "калі"…

Маё шчасце

Я чэрпаю сілы ад роднай зямліцы.

Мне ў вёсцы смачней і радасней спіцца.


Падворак прыбрала, гарод пасадзіла.

У хаце матулінай вокны памыла.


Сяжу я на зэдлі пад высахлай грушкай

І з конікам гутару важка і слушна.


На мове жывёльнай пытаецца конік:

- Якое б ты шчасце ўзяла ў далоні?


Ну, каб ніколі з ім не расстацца,

Каб ты ім штодня магла любавацца.


…Цячэ нетаропка наша бяседа.

Акінула позіркам домік суседа,

Хмаркі на небе, траву пад нагамі.

Рукой памахала сагнуўшайся маме.


Вось гэты ўспамін я ўзяла бы ў далоні!

У душы не згарыць ён і не патоне.


Яго з відарысаў нічым ужо не сцерці.

Ён шчасцем маім будзе ажно да смерці.

Пачалося лета

Пачалося лета, пачалася вёска.

Зелянее мой гарод.

Пазрывае вецер з яблыняў пялёсткі

І закруціць карагод.


З граблямі і цяпкай у гэтым карагодзе

Я танцую так штодня.

Мама кліча ў хату: "Хопіць, дочка, годзе!

Стомы на цябе няма!"


Бульбачка ўзыходзіць, высіцца шчавейчык,

Смачна пахне недзе ўкроп.

Скача па радочках шэры верабейчык,

Быццам мне дае ўрок.


А як прыйдзе восень, набяру гарбузаў,

Смачнай ежы навару,

Накармлю баршчом усіх, каб трашчала пуза.

Я вам праўду гавару.


Прыязджайце ў госці, мілыя сяброўкі!

Прыязджайце і сябры!

Вып'ем малачка мы ад маёй кароўкі,

Прасмяёмся да зары.

Каханне

Хадзіў па свеце херувім

І раздаваў каханне.

Яно было для нас такім,

Як лёгкі ветрык з рання.


Каханне, каханне, каханне,

Маленькае наша каханне.


Яно квітнела хараством.

Як сонца на світанні.

Так ахапіла чараўством,

Што сціснула дыханне.


Каханне, каханне, каханне,

Прыгожае наша каханне.


Яно сталела і расло

Да зорнага блукання

І пацалункам данясло

Маё к табе прызнанне.


Каханне, каханне, каханне,

Вялікае наша каханне.


Ніхто не думаў, не чакаў,

Што скончыцца каханне.

Балючых слоў шалёны шквал

Наканаваў расстанне.


Каханне, каханне, каханне,

Памерлае наша каханне.


Але ў душы надзеі цвет

І ў сэрцы адчуванне,

Што мы спаткаем па вясне

Ажыўшае каханне.


Каханне, каханне, каханне,

Ажыўшае наша каханне.

Прыгожае наша каханне.

Вялікае наша каханне.

ВЕЧНАЕ наша каханне…

Калі прыеду ў вёсачку я летам…

Калі прыеду ў вёсачку я летам,

Паабрываю зелле ля платоў,

Сябе адразу адчуваю я паэтам,

І вершы нараджаюцца ізноў.


Шпакі пад ранне за акном цвіркочуць,

І сонечны прамень казыча твар,

А водар траў усё мацней да ночы,

І дзынкае, як дражніцца, камар.


Мая зусім маленькая радзіма!

Адкуль тыя пяшчота, прыгажосць?

Здаецца, колькі б тут я ні хадзіла,

Заўсёды новае зусім убачу штось.


Скрылёчкі матылёў трымцяць над кветкай,

І чырванеюць вішанькаў бакі.

А я ператварылася ў паэтку

І крэмсаю ізноў свае радкі.


Сабака - нават той ласкава брэша,

Хоць да світання не дае мне спаць.

Дажджынкі-кропелькі зямлю і сэрца цешаць

І барабаняць, як загад: "Пісаць, пісаць…"


Мне нават неба пасылае знакі -

Вясёлка па-над хатаю ўстае.

Сяджу, пішу, шукаю слоў падзякі

Той вёсачцы, дзе, мабыць, Бог жыве.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX