Ірэна Нікадзімаўна Сліўко нарадзілася ў 1941 годзе ў вёсцы Залейкі Іўеўскага раёна. Скончыла Мо-рынскую сярэднюю школу, Менскі фінансавы тэхнікум па спецыяльнасці "фінансіст" і Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В. В. Куйбышава па спецыяльнасці "эканаміст". Працавала 7 гадоў у Астравецкім райфінаддзеле, а затым у Лідскім гарфінаддзеле на пасадах эканаміста, старшага эканаміста і начальніка бюджэтнага аддзела. Друкавалася ў "Лідскай газеце", у газетах "Астравецкая праўда", "Іўеўскі край", "Прынёманскія весткі", у калектыўных зборніках "Мой горад - гонар мой", "Ад лідскіх муроў", "Дарослыя - дзецям", у кнігах А. Каладзяжнай "Этапы жыццёвых дарог" і "Памяць - галоўны сведка", электронным літаратурным часопісе "Русская Балтика" ў Літве, выступала з вершамі на Лідскім радыё і тэлебачанні, на розных мерапрыемствах г. Ліды. З'яўляецца актыўным членам літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Па выніках III літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай (снежань 2018 г.) узнагароджана дыпломам II ступені і літаратурнай прэміяй.
Начныя агні
Далёка за поўнач, а сон не прыходзіць.
І вецер-гуляка ўжо трохі прыціх.
Хутка і сонейка будзе ўзыходзіць,
А ў хатах суседніх - начныя агні.
Можа, раманам у каго захапленне
(А ўсё-такі ноччу было бы спаць лепш)
Ці нават прыйшло да паэта натхненне,
І слова за словам зліваецца ў верш?
А хтосьці адзін, з доляй цяжкай, пакутнаю,
Каму божы свет невыносны ўжо стаў,
Чакае ратунку - жаданую "хуткую", -
Таму што пакуль сэнс жыцця не прапаў.
А можа, хто позна вярнуўся з работы
Ці мама дзіцю калыханку пяе?
Ды каб ніхто не спазнаў адзіноты,
Што і мне па начах заснуць не дае.
І так часта ноччу не тухнуць агні.
Ноч дадзена Госпадам толькі для сну.
У горы, бязмерна абмытым слязьмі,
Дапамагла бы ўсім, наколькі змагу.
Трывожныя зімы
Ужо зіма ў абдымках снегу,
На плошчы ёлка зіхаціць.
Прыціхлі дрэвы ў шапках белых,
А лісце івы - шапаціць.
Бялюткі снег стамляе вочы,
На тратуарах галалёд.
Няма ўжо сну аж да паўночы,
Балюча, крыўдна аж да слёз.
Жыццё ў цісках, нібыта ў клетцы.
І гіпс, і палкі, каштылі -
Вяртлявай птушкай устрапянецца,
То зноў прыцісне да зямлі.
А снег ідзе, мароз трашчыць,
То ад дажджу ўсё пішчыць.
Зіма, здаецца, будзе вечнай,
Вясна і лета - хуткацечнымі.
У каго прасіць нам дапамогі?
Мо бракуе ў нас пяску?
Чаму нікчэмныя дарогі?
Можа, дворня ў вадпуску?
Але ёсць уратаванне:
Каб не сустрэцца з чорным днём -
Прападзе ўраз пытанне -
Паўплываць на іх рублём.
Памяці матулі
У памяці ўсё: саламяныя стрэхі,
Ночы і дні не змаўкае рака.
Дзіцячыя сэрцы напоўнены смехам,
Стойкасць і моц насычае вада.
Няшчасце з дзяцьмі - сэрца рвецца ад болю,
Дзеці смяюцца - свеціцца мама.
Жыццё пражыла, не пазнаўшы спакою,
Пэўна, і там ёй не спіцца таксама.
Дзяцінства прайшло ў пакутнай галечы.
Нават час не змог сцерці сляды.
Разруха і войны ляглі ёй на плечы:
Праклён усім тым, хто жадае вайны.
"Вайна" з курэннем
Усё жыццё мы ваюем з курэнннем,
А цяпер яшчэ з большым натхненнем.
Ва ўсім горадзе шыльды "Табак"
З гэтым злом не ваююць ніяк.
Сіне-жоўтыя фарбы ларочкаў
Вабяць вочы на першы пагляд.
Прадаюць у іх людскую марочку,
Хоць яе і ў крамах зашмат.
Разумею, што гэтыя грошы
Папаўняюць раённы бюджэт.
А здароўе марнуем навошта?
Генафонд сапсавалі ўшчэнт.
Мост
Праз Гаўю мост - драўляны і стары,
Дзіцячы пляж, дзе чэрпалі мы сілы.
Асілак-дуб глядзеў у далячынь,
А ў нас павольна вырасталі крылы.
Прайшлі гады. Маста даўно няма.
Пясочны пляж накрыўся крапівою.
У наваколле я гляджу дарма,
Мая душа і сэрца ў неспакоі.
* * *
Ляжу даўно, закрыўшы вочы,
А сон як быццам ветрам здзьмула.
Лічу я зоркі да паўночы,
І мне адна з іх мільганула.
Што нагадаць яна хацела
Такім таемным мільгаценнем,
У такім дзівосным азарэнні,
Нібы ў сон у мой ляцела?
Быць можа, гэта напаміны,
Што ўжо пара сустрэцца з Богам,
Каб адмаліць усе правіны
І збірацца мне ў дарогу?..
Надыдзе час - наступяць ночы.
Наступіць мой - закрыюць вочы.
Не перажыўшы сваё гора,
Пайду шукаць сыночка ў зорах.
* * *
Закончыла я школу,
Са срэбным медалём,
Але мяне хвалюе
Адзін і той жа сон.
Зайшоў у клас настаўнік
З журналам у руках.
Паставіў там пытальнік -
Мяне адолеў страх.
У рукі ўзяў лінейку,
На вучняў кінуў зрок.
Спаўзаю са скамейкі -
Не вывучыла ўрок.
Баюся вельмі двойкі,
Хаваюся пад стол.
Для мяне й чацвёркі -
Галаўная боль.
Падышоў да парты,
У руцэ ўсё той журнал,
А я сяджу ўсё ўпарта,
Здранцвела напавал.
Працягвае мне ўказку.
І зазвінеў званок.
- Вылазь, ідзі да карты,
Прадоўжым наш ўрок.
Не вылезла з-пад парты,
Чакаю зноў званка.
Пакуль не дакранулася
Матуліна рука.