Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Антон Піліпчык 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Антон Сямёнавіч Піліпчык нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Сухары Шчучынскага раёна. Скончыў журфак БДУ і аддзяленне друку, радыё і тэлебачання МВПШ. Працаваў у рэдакцыях шчучынскай, астравецкай раённых газет, а з кастрычніка 1979 года па лістапад 2014-га - у іўеўскай раёнцы. Вершы друкаваліся ў раённым друку і абласной газеце "Гродзенская праўда", штогодніку "Галасы", у рэспубліканскіх выданнях: "Чырвоная змена" і "Беларуская ніва", часопісе "Беларусь". У перыядычным друку змяшчаліся таксама гумарэскі і апавяданні. У прыватнасці, у газеце "Звязда" былі надрукаваны такія творы, як "Кампенсацыя" і "Амністыя", у газеце "Рэспубліка" - "Патрапаны "Масквіч", у альманаху "Вожык" - "Хведараў бізнес". У 2015 годзе Антон Сямёнавіч Піліпчык стаў фіналістам другога абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі (А. Пашкевіч). Адзін з суаўтараў калектыўных зборнікаў "Іўеўшчына літаратурная" (2014) і "У прыгаршчах Айчыны" (2015). Зараз пражывае ў г. Бярозаўка Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці. Піша на беларускай мове. Аўтар зборнікаў вершаў "Лятуць восені, зімы, як і вёсны, і леты…" (2018), "Безбярэжжа" (2020), кнігі прозы "Пакуль сонейка ззяе…" (2019).

* * *

Рэкі, азёры, моры і акіяны

абярэгамі-берагамі акаймаваны…

Забушуе вада,

на берагі наляжа грудзьмі -

не абміне бяда…


Ў свеце гэтым толькі словы-думы бязбрэжныя.

Свавольныя, куды вокам ні кінь,

плывуць птахамі вольнымі

ў прасцягі бязмежныя…

Баль расстання

Баль грыміць… Выпускны!..

Маладзее ўвесь свет і кружыцца…

Вальс дарослай нашай вясны

Зоркі з намі таксама танцуюць -

На азёры паглянь, на рачулкі і лужыны…


Вальс!.. Вальс!.. Танчым мы!..

Сэрца бурнаю радасцю поўніцца…

Аднакласніца ж, не маўчы,

Як пралеска вясною ў бары,

Мне зіхотны ўсмех падары -

Праз гады хай жа з вальсам успомніцца.


Вальс гучыць!.. Ўсезямны!..

Нас чакаюць шляхі і прасцягі новыя.

Вальс апошняе школьнай вясны

Будзе жыць ва ўспамінах, прыходзіць у сны…

Не, ніколі яго не змагу я забыць,

Як і вочы твае, як і вусны пунсовыя…


Вальс па школе плыве… Выпускны!.. -

Вальс дарослае нашай вясны…

Я прашу, я малю: "Вальс, гучы, не канчайся!..

Я жадаю яшчэ і яшчэ пакружыць

З аднакласніцай, любаю мне,

Пад мелодыю бальнага вальса…"


Баль грыміць… Выпускны!..

Маладзее ўвесь свет і кружыцца…

Вальс апошняе школьнай вясны

Будзе жыць ва ўспамінах, прыходзіць у сны

Не, ніколі ён мной і табой не забудзецца!..

Колеры жывыя майго краю…

Аздобленыя мазаічнікам дамы

заўжды прыемна вока лашчаць…


Хоць беглым зіркам, ды не абмінеш, канешне,

і жанчын, чый выгляд фантастычны знешні…


Ад усяго наўкол, што - вабнай барвы,

воч, здаецца, век не адрываў бы…


А я - з дзяцінства абагатвараю

жывыя колеры Прынёманскага краю:

ніколі не забыўны васільковы тон;

і прамяністы сонцавы - рамонкавы;

і Іван-чаю фіялетава-ліловы колер;

блакіту летняга - ільновы;

хлябамі водарны - жытнёвы;

і верасовы - бэзава-ружовы;

і, акіянам па зямлі ўсёй

разліты цвет, зялёны -

зіяюць ім лясы, лугі, сады, палеткі,

у гарадах газоны -

прыроды і чалавека

ўзаемнае любові эталоны…

…Жывыя колеры Прынёманскага краю -

маёй малой, расквечанай, радзімы!

Я з вамі, дзе б ні быў, у думках прабываю,

душой і сэрцайкам заўжды адзіны!

Дзень кожны перайначу…

Дажджы, завеі - у мінулым…

Пара адпрэчыць тлум бясконцы,

пачуцца тым - далёкім юным,

вітаць усход барвовы сонца…


Не ўсё яшчэ ў бязладдзі страчана.

Наўкол квітнее безліч кветак -

і ў снах раней нават не ўбачаных…

Як жыў - хачу зусім не гэтак…


Дзень кожны новы - перайначу

грунтоўна, абсалютна і дашчэнту,

і - тое, што хоць штосьці значыць,

і - што з трывогай неадступна дрэнчыць…

Недаспяваны восеньскі раманс…

Успых пачуцця патушан ліха…

І змоўкнуў на паўноце мой баян…


Недачытаная цікавейшая кніга,

недаспяваны восеньскі раманс… -


Такою застанешся ў рытмах сэрца,

у затоеным ад бляску воч дыханні…


У свеце віртуальным цяпер вечна

звінець самотаю заархіваванаму каханню…

Светла, мёдна…

Вось і май бушуе ў нашых душах!..

У думках я - дзе ты, а ты - дзе я…

Светла, мёдна… Вельмі міла слухаць

ад любові п'янага ў садзе салаўя…


У нас любоў таксама казачна зардзела

фарбамі світанку над жыцця ракой,

падаецца: ўся Зямля запела

з гэтае падзеі - простай і святой…


З сэрца ў сэрца хай крыляюць тайны

самыя таемныя - не даюць нам звяць!..

Дні, гады старэчыя - не пара адчайная,

маладым душой быць - нам не прывыкаць…

Праз процьму гадоў светлавых…

- Бясследна я кану ў Сусвет!

Мяне не шукай!.. - рагатнула…


- А ў вершах, што страсцю зманула,

прыкметны застаўся ж твой след?!.. -

самотна-удзячна кажу я.


Ва ўме сам трымаю

узоры,

любімкай сцяжком вышываныя…


Крычу наўздагон:

- Ты й гэтак узорыста выстрай там зоры

Сусвету, табой каланізаванага…


Праз процьму гадоў светлавых

з планеты блакітнай - Зямля -

к табе даімчуся расчулены я -

нам стане праменней ад іх…

Больш не піў

На ўвесь святочак звонка

з парога мужа жонка:


- Ты што за чалавек?!

Учора ў грудзі біў і кляўся,

перада мною лістам слаўся,

што піць не будзеш больш павек,

а сёння - дай жа рады - налізаўся!..


- Ну, праўда… Біў у грудзі, кляўся…

І дамаглася ж ты свайго:

раней куляў я чарак дзесяць,

а сёння выпіў дзве ўсяго…

Што, не прагрэс?

Пабойся Бога ўстройваць стрэс…

Медсястрычка

У жыцці маім выпадак

неяк здарыўся такі:

з ложка ўранку ўстаць бы рады,

ды… так коле мне ў бакі!

Варухнуцца немагчыма,

толькі лыпаю вачыма…


Жыць ці не - лягло на шалі.

Апынуўся я ў… шпіталі.

Колюць, грэюць, прасвячаюць…

На што хворы - не прызнаюць…

Пнеўманія, хіба, кажуць,

шкіпінарам пяткі мажуць,

ставяць баначкі на плечы -

метад дзедаўскі не лечыць…


…Аднаго дня ў палату

зазірнула медсястрычка.

К яе беламу халату

пацягнула прытуліцца.


- У працэдурны кабінет

пойдзе заўтра й гэты дзед, -

рассмяялася, твар - чырвань…

Хворы ж - мірны:

зазірнуў я ёй у вочы,

немачы - як не было!...

Вось бы мне і ўдзень, і ўночы

заглядаць у іх святло!..


Медсястрычка - ружа-кветка,

укол - не чуеш, як шпільне…


…Я - даўненечка ўжо дзедка,

той выпадак… сніцца мне.

Лічылка

Раз, два, тры, чатыры, пяць…

Я іду… сябе шукаць.

Я не ў джунглях, не ў пустыні…

Усюды - робаты-машыны…

Ну, а чыста чалавека

ты не ўбачыш з-за гаджэтаў.


Быццам бы - і не Зямля?!..

І куды ж зацёрся я?..


Я іду… сябе шукаць!

Раз, два, тры, чатыры, пяць…

Я іду… А ці ж знайду?

Я не знаю аднаго:

маю выгляд я - каго?

Мяне так адлічбавалі,

мяне так ачыпавалі,

што, якім адвеку быў,

люта ўсё прагрэс размыў!


Я - жывая дэкарацыя,

хіба што, і - дэградацыя…


Раз, два, тры, чатыры, пяць…

Я іду… сябе шукаць!..

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX