Канстанцін Іосіфавіч Якубчык нарадзіўся ў 1983 годзе, працуе ў лакаматыўным дэпо Ліда слесарам па рамонце рухомага састава. Вершы спрабаваў пісаць і ў дзяцінстве, і ў юнацтве. Затым у яго творчасці быў 15-гадовы перапынак. І толькі з лета 2020 года ён зноў піша вершы, галоўным чынам вершы для дзяцей.
Успаміны з дзяцінства, яго жаданні і мары ў той бесклапотны час леглі ў аснову многіх яго вершаў. Штосьці для іх чэрпае і з назіранняў за сваёй дачкой Жэняй.
Акрамя дачкі, адным з першых ацэншчыкаў творчасці Кастуся Якубчыка з'яўляецца яго сястра Іна. А суседка Людміла Усюкевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры, праглядае вершы, дае слушныя парады па іх удасканаленні. Калега па рабоце ў дэпо Алег дапамагае ў стварэнні друкаваных варыянтаў рукапісных тэкстаў. Усім ім аўтар вершаў вельмі ўдзячны.
Кастусь марыць аб выданні ў будучым уласнага паэтычнага зборніка менавіта для дзяцей.
Варта таксама адзначыць, што ў ліку захапленняў Кастуся Якубчыка, акрамя паэзіі, работа з дрэвам (прадзед яго быў сталяром). У дзіцячым садку №23 ёсць цацачная мэбля, карусель, арэлі, месца для сядзення дзяцей у выглядзе самалёта, зробленыя яго залатымі рукамі.
Буслы вяртаюцца
Кліча вясна дадому буслоў
І чакае з надзеяй і гонарам.
Добра знаёмыя вольных вятроў,
Ляцяць яны клінам прымораным.
Далёка, далёка іх цягнецца шлях,
Мабыць, не вытрымаць гэты маршрут.
Імгненнем адным у самотных вачах
Застанецца там, хто не вытрымаў тут.
Сустракае зямля блакітных азёр
З усмешкай, як сонейка ззяючы.
Ведае кожны з іх месца сваё.
Тут чакаюць, іх бачыць жадаючы.
Як жа прыемна іх слухаць ізноў,
Прыгожых, над полем віруючых!
Як добра заўсёды вяртацца дамоў!
А іх тут чакаюць, шануючы.
Снежань
Сыпле снежань снег у далоні.
На галінках белы пух.
У марозным гучным звоне
Дрэвы шэпчуць дзіўны гук.
Птушкі гуртам на рабіне
Горку ягаду дзяўбуць,
На пуховым белым снезе
Ягад кроплі падбяруць.
Сонца водбліскам яскравым
Сыпле срэбра на палі.
Як набіўшы пухам хмары,
Небу цяжка, ледзь плылі.
Лес здалёк сівою стужкай
Ледзь прыкметны нешта стаў.
Не збудзіць крыклівай птушкай.
У дрымоце моцна спаў.
Ці не дзіва: каля хаты
Апрануў і плот кажух,
Настаўляў каўнер касматы,
Нібы той дзядок-пастух.
Дорыць дзівы бацька-снежань.
Вунь навокал прыгажосць.
Час яму цяпер належыць:
Ён цяпер найлепшы госць.
Мне падабаецца
Мне падабаецца,
Калі ліпкі за неба чапляюцца.
Мне падабаецца,
Як буслы дадому вяртаюцца.
Мне падабаецца,
Калі сонца і месяц змяняюцца.
Мне падабаецца,
Калі дзеці ўсе ўсміхаюцца.
Мне падабаецца,
Калі песня і голас зліваюцца.
Мне падабаецца,
Калі колас жніва наліваецца.
Мне падабаецца,
Калі кожны ад сэрца вітаецца.
Мне падабаецца…
Зімовы лес
Зімовы лес не той, што ўлетку.
Здаецца нават, што ён спіць.
Не знойдзеш тут красуню-кветку,
Салодкіх ягад не знайсці.
Не чутны водар хвойных дрэваў,
А толькі скрып у цішыні.
Не так чуваць і птушак спевы,
Хіба што ледзь у глыбіні.
І ўсё ж цікавы, хоць маўклівы.
У ім свая ёсць прыгажосць,
І гэта нешта асабліва,
Бо так і цягне сюды штось.
У гэты шэры, непралазны,
У дзівосны зімні сон.
Заходзьце, гляньце, калі ласка,
Які прыгожы ён.
Там апранулі шапкі хвойкі,
Дубы, асінкі - кажухі.
Што лес маўчыць - здаецца толькі.
Яго не чуе мо глухі.
А ён спявае калыханку
Дрэвам, птушкам і звярам
І ад вечара да ранку
Байкі бае жыхарам.
Воўк і вавёрка
Аднойчы зайца аж здалёк
Па лесе гнаў галодны воўк.
Хоць заяц чуе воўка крокі,
Спыніўся дух ён перавесці трохі.
Сэрца моцна так калоціць,
Ды бегчы трэба: воўк наскочыць.
І даўся заяц зноў на ўцёкі
Паміж кустоў у лес глыбокі.
Дагэтуль воўк дабег і сочыць,
Стаіць, цікуе, носам водзіць.
- І ўсё ж нядрэнны сёння ранак:
Нарэшце блізка мой сняданак! -
Усё з вышынь як на далоні.
Вавёрка бачыць сэнс пагоні.
Шкадуе рыжая касога.
Касому трэба дапамога!
І вось ваўка вавёрка кліча:
- Дзядзечка, вы паляўнічы?
Вам, дзядзечка, я не ілгу
І вашай справе памагу,
Бо маю я нядрэнны зрок.
Ахвяру вашу я здалёк
Магу ўбачыць, калі трэба.
Мне бачна ўсё з вышыні дрэва. -
Просіць воўк у рыжай дапамогі:
- Ты пашкадуй мае старыя ногі.
Мой слых і зрок ужо не тыя,
І крочыць лішне ўжо стары я.
- Ваш заяц тут хаваўся,
Туды-сюды сабе таптаўся.
- Вядома: недзе блытаў след! -
Дадаў і воўк пра свой абед.
- Вось там, дзядзечка, глядзі,
Дзе куст раскідзісты стаіць.
Схаваўся заяц у той куст,
Спіць, на бакі збірае тлушч.
- Дзякуй, - кажа воўк "сяброўцы".
Выказвае падзяку ён вавёрцы.
- Вы, дзядзечка, ішлі б хутчэй,
Каб заяц зноў не знік з вачэй. -
І воўк, набраўшы хуткі рух,
Нават бег на лапах дзвюх.
А вось пра тое, што вавёрка
Смяецца і жартуе з воўка,
Воўк нават і не зразумеў,
Бо моцны апетыт ён меў.
Ды ў галаве якія думкі,
Як лёс такія даў дарункі!
А ў тых кустах мядзведзь сядзеў,
Малінку ён паесці сеў.
Сядзіць сабе, ласуецца,
Малінкаю частуецца.
Галодны воўк - няма і рэчы -
Забег мядзведзю аж на плечы
Ды хваць іклом - што будзь здароў.
Мядзведзь спалоханы зароў.
Падскочыў воўк аж на паўметра,
Ад жаху нават бег па паветры.
Ды так ваўка мядзведзь нагнаў,
Што воўк і зайца перагнаў!
Успамін
Стаіць пад дубам мая хата.
Яго садзіў аж дзедаў тата.
Дарэчы, гэты іспалін -
Майго дзяцінства ўспамін.
Не раз зрабіўшы перашкоду
І каб лазіны асалоду
Не пачуць - дык я на ім
Сяджу і чую - бацька лаецца:
"Дзе ж ён, гад, хаваецца?"
Мяне і не відаць зусім.
А потым кліча мяне маці,
Як ціха стала ўжо ў хаце.
І я цішком скок-скок -
і на парог.
Стаю, схапіўшы штанікі,
Ды чую: пахнуць дранікі.
Люблю я вельмі дранікі
З смятанаю і так,
А той, што самы спалены,
Па мне - дык самы смак.
* * *
Плывуць па небе чыстым хмары,
Быццам бы людскія мары:
Тыя, што плывуць высока,
Якія здзейсніць мо нялёгка.
Нават простыя плывуць,
Што здзейсніць можна, абы чуць…
Адна плыве, як быццам сэрца,
Прыглядзіцеся, паверце:
Мара тая ў таго,
Хто адзін без аднаго
Ніяк ні на хвіліну.
Здаецца вечнасцю гадзіна…
І хмары розныя плывуць.
Так пакруціць, перавярнуць,
То можна рознае пабачыць:
Чыясьці гэта мара, значыць:
Дарослых, сталых, немаўлят,
А можа, гэта і твая…
І вы заўсёды, людзі, марце,
Заўсёды ў сэрцы мару майце.
Жыць не можна так, без мары,
Бо іх усмешкаю на твары,
Калі ёсць, тады відаць.
Не трэба мары пакідаць…
Нават у час, калі зацягне,
Усе хмары неба сцягне,
І без пробліску, без свету
Не кідайце гэту мэту.
І хоць, здаецца, усё бясконца,
Ведай: над хмарай заўсёды сонца!
* * *
Ціха стала, спяць усе,
Кот на вусах ноч нясе.
Месяц у небе зоркі лічыць,
Зорцы кожнай
ззяць ён зычыць.
Зоркі ў кошыку нясе,
Ён іх ведае ўсе,
Што ўпала, што гарыць,
Што каметаю пусціць.
Ночка ціхая ідзе:
- Кот-мурлыка, казкі дзе?
- Цёмна, страціў у лебядзе.
Лебяда высока -
Так і лезе ў вока.
Буду казку там шукаць,
Буду казку вам казаць
І пра месяц, і пра зоркі.
Казак шмат -
ты слухай толькі.
Калі ласка
Ёсць слова цёплае, як ласка.
Яно як сонейка ў душы.
Кажы знаёмым: "Калі ласка".
Дадай затым: "Дапамажы".
Бо гэта слова "калі ласка"
Быццам ключ да ўсіх замкоў.
Дапаможа, калі цяжка.
Яно - павага і любоў.
Яно - усмешка і забава.
З ім і жыць нават прасцей.
З ім хоць у госці
час пабавіць,
І сустракай ты з ім гасцей.
Шануйце вы адзін аднога.
Жыццё, дарэчы,
вам не казка.
Кажыце менш чаго дурнога -
Часцей кажыце: "Калі ласка".
Летняе дзіва
Гэта - дзіва, сказаць мала,
Нават сам не ўяўлю.
Нібы воблака кавалак
Зачапіўся за зямлю.
Як пуховая пярына.
Вось дык кветкі - малайцы!
Зразумеў, у чым прычына:
Гэта спеюць дзьмухаўцы.
Вучоны кот
Раз казаў Алесь Максіму
Пра свайго ката Марціна:
- Каб ты, Максімка, ведаў,
Як кот мой
цягнецца да ведаў.
Толькі сяду за ўрокі -
Адразу чую ката крокі.
Хапае месца навакол,
А ён жа сунецца на стол.
І ўсё да лямпы, каб бліжэй,
Аж нават робіцца даўжэй.
Вось як ляжа, дык за ім
Няма і месца мне зусім.
Ляжыць і не саромеецца,
З навукаю знаёміцца.
Урокі ён са мною вучыць,
Чуе ўсё,
хоць вочы плюшчыць. -
Максім з усмешкай адказаў:
- Мабыць, кот вучоным стаў.
Але ж якія кату веды?
Кату веды без патрэбы.
Паслухай: мне,
Алесь, здаецца
Пад лямпай кот
твой любіць грэцца!
Жывы гадзіннік
Дзівосны гадзіннік
Жыве на двары,
Ніколі не звоніць
Ён без пары.
Нават заводзіць
Яго і не трэба,
А даць пажывіцца
Зернем ці хлебам.
Ён раніцай скокне
Высока на плот
Ды гучна спявае:
- Прачніся, народ! -
Не пакласці яго
Ў кішэнь ці ў руку,
Не кажа: "Цік-так",
А пяе: "Кука-рэку".
І гадзінніку жывому
Давяраюць людзі.
Нават нам усім здаецца,
Што і сонейка ён будзіць.