Кіман Раман Яцакавіч, нарадзіўся 2 ліпеня 1954 года ў вёсцы Клюкавічы, Беліцкага сельскага савета, Лідскага раёна, Гарадзенскай вобласці, у сям'і калгаснікаў.
У 1961 годзе пайшоў у першы клас Табольскай васьмігадовай школы, якую скончыў у 1969 годзе. Далей вучыўся ў Дзітрыкаўскай сярэдняй школе, якую скончыў у 1971 годзе.
1972 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію. Пасля заканчэння службы працаваў у Лідскім агенцтве "Саюздрук", на камбінаце "Бутматэрыялы" і ў Лідскім аддзеле Дэпартамента аховы. Скончыў Менскі электратэхнікум сувязі.
Вершамі пачаў захапляцца ў школьныя гады. Вершы, байкі, апавяданні друкаваліся ў Лідскай газеце "Уперад", а таксама ў газеце Ленінградскай вайсковай акругі "Во славу Родины". Зараз на пенсіі, але, як і раней, не парывае сувязі з вершамі і байкамі. Вось і цяпер увазе чытачоў прапануе некалькі сваіх твораў.
Восеньскія матывы
На ўскрайку лесу, за пагоркам,
У ціхай засені рабін,
Увязла восень ненарокам,
У клейкіх ніцях павуцін.
І сыпле восень з гора слёзы,
У кош бясконцых пуцявін,
Страсае золата з бярозы,
Трапеча лісцямі асін.
Маркотна, сцішна, адзінока,
Стажок хінецца ля ракі,
І дрэмлюць мілыя валокі,
Пад ціхі шолах асакі.
О, край азёрны, мілы гэткі,
О, край бясконцых пуцявін,
Хачу абняць твае палеткі,
Развеяць смутак лугавін.
Дзякуй, мілыя дакторкі і сястрычкі
Снуюць анёлкамі між ложкаў,
З нямоглымі і хворымі людзьмі,
Якіх каронавірус злосны,
Памкнуўся высяліць з Зямлі.
І многа той заразе ж удаецца,
Забраць ад нас, ад сэрца адарваць,
Але між намі і хваробамі спрадвечна,
Людзі найлепшыя Зямлі стаяць.
Дакторкі, мілыя сястрычкі,
Я пакланіцца ў пояс вам хачу,
Што болей здані смерці і задышкі,
Мне не мільгаюць свечкай уваччу.
Я веру, у сцены Лідскага раддома,
Вернуцца смех і радасць немаўлят,
Каторыя, як нам усім вядома,
Каронаю, паціснуты стаяць.
Аддасць дзіцяткам светлыя покоі,
Падступны вірус, вораг сонечнай Зямлі,
І будзем жыць у шчастлівай долі,
Так, як ніколі не жылі.
Дык дзякуй, мілыя дакторкі і сястрычкі.
Я меркаваць аб тым бярусь,
Ад вашых сэрцаў і ўсмешак,
Святлее наша Беларусь!
24.11.2021 г. (03:20-06:00)
Чырвоная зона
Прысвячаецца медыкам чацвёртага
інфекцыйнага аддзялення
на чале з доктарам
Марозік Аленай Генрыхаўнай
Чырвоная зона - страшэнная зона,
Зноў мільгатнула ўначы,
Значыць і сёння анёлы на неба,
Душу чыюсь паняслі.
Хтосьці застаўся без мілай бабулі,
Роспач на сэрцы і страх,
Хтосьці застаўся без роднай матулі,
Гора нямое ў вачах.
Чырвоная зона - страшэнная зона,
Неба ў дрыготкіх агнях,
Ці забярэ, ці пакіне карона,
Трымаю надзею ў руках?
Только халодныя, потныя ночы,
Пазастаецца лічыць,
Марыць аб тым, што знямоглыя вочы,
Уранні ты зможаш адкрыць.
Чырвоная зона - страшэнная зона,
Жыць трэба, людзі дружней,
Как паглядзець у ашалелыя вочы,
Гэтай заразе смялей!
Хопіць папрокаў, хопіць аскалаў,
Хопіць прашу вас сястрычкі, браты,
Ці, можа, падумае хтосьці - замала,
Нам дасталося бяды?
26.11.2021 г. 01:30-03:00
Дарогі
Здаецца выйшаў на дарогу,
Здаецца выйшаў да цяпла,
І весялей паставіў ногу,
Бо пад нагамі мурава.
І ўсе жыццёвыя пакуты,
Мінулі. Удалеч уцяклі,
І ты гаворыш: "Дзякуй Богу", -
Што ён цябе яшчэ трымае на Зямлі.
Ды раптам зноўку штурханула,
Сцяжынка ў цемру павяла,
Ці можа штосьці ў галаве замкнула,
Ці стала карацейшаю адна нага?
Гэта твая жыццёвая дарога,
І роўных сцежак не чакай,
Не мрой аб тым, што выпрасіў у Бога
Сцяжынку без блуканняў, зразу ў рай.
Май, чалавеча, меру ты ў сваіх патрэбах,
Уважліва навокал паглядзі,
Бо можа ты ў сваіх імкненнях,
Другія душы топчаш на Зямлі.
Тады лягчэйшай стане і дарога,
І цікавейшым нават стане час,
Які правёў ты на Зямлі, кіруючы да Бога,
У надзеі мілай трапіць на Парнас!
23.11.2021 г. 02:45-03:30
Карона і асёл
Узяўшы велькую карзіну,
Пайшоў асёл па магазіну,
Бо каб з асліхай цалавацца,
Трэба як след падсілкавацца.
Разварушыўшы хлебныя парадкі,
Шукаючы мягчэйшага, з аўсом,
Ён тыкаў без усякае аглядкі
У кожны бохан капытом…
Бо аслінай галаве,
Вядома ж, ляскаў не стае
Дадумацца, што ціхаю хадою,
Карона крочыць за табою.
І, мацаючы ўсе падрад каўбасы,
Разносіш гэтую заразу ў масы,
Не толькі пагражаеш нам,
А можаш капыты адкінуць сам.
27.11.2021 г. 12:10-14:35
Навейшы дыфіцыт
Байка часоў развітога сацыялізму
Я дужа рад таму выпадку,
Каб расказаць пра ліхарадку,
Якая ў вобласці лясной,
Успыхнула аж той зімой.
А пачалося гэта з той пары,
Як пакуплялі секцыі звяры.
Купіў і воўк, ліса купіла
І хрусталём увесь ніз забіла,
Гліняным посудам набіўшы ніз мядзведзь,
Давай ён на паліцу верхнюю глядзець,
Што ж там за цуд такі прыладзіць?
Каб магло вока добра вабіць,
Как лось, зайшоўшы на капусту,
Мог пазайздросціць яго густу?
І думкі ў Міхала захадзілі,
Ад сну, спакою аж адбілі.
Тут думка сіганула ў Мішкі -
А што калі прыладзіць кніжкі,
Ну скажам Пушкіна якога,
Ці шчэ паэта дзе другога?
Усе падумаюць - вучоны,
А мо й лісічка выйдзе ў жоны?
І, мех схапіўшы, і манет,
Бяжыць Патапыч у "Кніжны свет".
А там жа прадавец сарока
Ад беспрацоўя жмурыць вока:
Ну хоць адзін бы пакупнік,
Для плану кінуў залатнік!
Ды не, усе туды бягуць,
Дзе крышталь ціхенечка даюць,
Дзе можа з-пад прылаўка цапнуць шмоткі,
Альбо купіць бутэльку водкі,
Па кніжкі дык ні адна душа,
Шкадуюць рванага рубля!
І думкі абарваліся ў сарокі,
Заходзіць Мішка, узяўшыся за бокі.
- Ну што тут белабокая сумуеш?
Чаму ж таварам не гандлюеш?
Ці можа думаеш, цяцера,
Што ў нас вучонага няма тут звера?
- Патапе, калі ласка, выбірай,
У нас наконт усяго тут рай:
І Пушкін маецца, Талстой,
І Ганчароў, ды бог з табой,
Усё, што хочаш, міл Патапе,
Цераз мінуту будзе у тваёй лапе!
- Ну дык давай свайго Грубога!
- Патапе, не Грубога, а Талстога, -
Паправіла яго сарока,
Ад смеху зажмурыўшы вока.
- Якая розніца у тым,
Быў ён Талстым там ці Грубым,
Буркнуў збянтэжана Патап,
І кінуў грошы з сваіх лап.
Набраўшы мех літаратуры,
Упартай быў Патап натуры,
Панёс, сагнуўшыся, у бярлогу,
Так асцярожка ставіў ногу,
Бы за спіною золата якое,
Ці штось другое, дарагое.
Верх секцыі хусцінкаю працёр,
І пачаў кніжак перабор:
Дзе прыгажэйшы пераплёт,
Дык тую ставіў напярод.
Адну паставіць так, як трэба,
Другую ножкамі да неба,
Але ж затое від які,
Яны той секцыі далі!
Крахтаў Патап ад задавальнення,
Во будзе суседзям здзіўленне?
І спаць пайшоў, як пала цень,
А што ж было на другі дзень?
Дазналі пра наватарства мядзведзя,
Яго зайздроснікі - суседзі.
І ўсе разам, як адзін,
Сыпнулі ў кніжны магазін.
А там жа прадавец сарока,
Ужо не жмурыць болей вока,
Не ловіць больш варон і галак,
А ўсё цягае пад прылавак:
То будзе куму, то сябру,
На гэтым добра зараблю!
І стаўлю вам усім на від,
З'явіўся новы дэфіцыт:
За тога графа Монтэ Крыста,
Ячменю трэба грам пад трыста,
А за прыгожы пераплёт,
Пшаніцы трэба грам семсот.
Як бачыце не дрэннае і вока,
Мела кнігарніца сарока!
Такую кніжку мо вы чулі,
"Як куры красці ад бабулі?
Не думайце, лісічцы не папала,
Стаіць у Патапыча, Міхала,
Бо за прыгожы пераплёт,
Той спахапіў яе, як мёд.
А кніжку "Спячка пры марозе,
У абсталёванай бярлозе",
Яе, мой сябра, вер не вер,
Мядзведзь шукае і цяпер,
А неяк заяц мне хваліўся,
Што гэтай кніжкаю абжыўся.
"Стылістыку для барсука",
Схапіла воўчая рука,
А зборнік песень салаўя,
У секцыі знайшоўся вераб'я!
У канцы спытаю вас, сябры,
Вы пераблытаць не маглі?
Знаходзяцца такія "кнігалюбы",
Панакупляюць кніжак тых да згубы,
Не для таго, каб іх чытаць,
Как б з іх пылок хусцінкай праціраць.
Адна купляе сабе кніжкі,
Пад колер сіненькай спаднічкі,
Другі ж абжыўся Мапасанам,
Каб гарманіраваў з дыванам!..