Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Ларыса Лайкевіч 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Ларыса Іванаўна Лайкевіч працуе настаўнікам пачатковых класаў у СШ №12 горада Ліды. У свой час скончыла Лідскае педагагічнае вучылішча, Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна (гістарычны факультэт).

Свой першы верш напісала ў дзесяцігадовым узросце, у час вучобы ў школе ў пасёлку Забалаць Воранаўскага раёна. На напісанне таго верша Ларысу натхніў аповед настаўніцы аб Беларусі на ўроку беларускай літаратуры.

Асноўныя тэмы вершаў Ларысы Лайкевіч: Радзіма, бацькі, работа настаўніка, адносіны людзей паміж сабой, каханне, філасофскія разважанні. Самы дарагі для Ларысы Іванаўны з яе ж твораў - верш "Мая Радзіма - я сама!".

- Вершы ў мяне нараджаюцца самі сабой, - прызнаецца паэтка. - Я іх не вымучваю, не прымушаю сябе пісаць. Пішу ў асноўным па начах. Напрыклад, верш "Настаўнік" я склала за дзве ночы. А бывае, верш ствараецца за лічаныя хвіліны. Я лічу, што паэтычны талент - гэта дар з нябёс. Паэты - людзі крыху "не от мира сего", яны знаходзяцца на сваёй хвалі і ўмеюць заўважаць у наваколлі тое, што чалавек нелірычнага складу душы не заўважае.

Крынічная вада

Крынічная вада ля роднай хаты…

Маё дзяцінства, свет маёй душы.

Я ўспамінаю прыказак багата,

Апавяданняў, вершаў, што злажыў.


Я ўспамінаю першае каханне,

Спеў жаўрука і першую вясну,

Нясмелае дзіцячае прызнанне,

Як піў тады салодкую ваду.


Я ўспамінаю мілых і надзейных

Сяброў дзяцінства і сваіх бацькоў,

Што надзялілі сэрца чыстай верай,

Бацькоўскі мілы, родны свой парог.


Я ўспамінаю брата, што калісьці

Гуляў і пацяшаўся нада мной,

Бабуль, дзядулю, што на полі чыстым

Так працавалі летняю парой.


Крынічная вада ля роднай хаты…

Няма смачнейшай за цябе нідзе!

І дзе б ні быў, як бы ні жыў багата,

Маю душу Бог да цябе вядзе!

Мая Радзіма - я сама!

Мая Радзіма - я сама!

Яна душа мая і сэрца.

Пяе душа дзень ада дня,

І сэрца вельмі моцна б'ецца


Гарыць ва мне ўсё ад таго,

Што бачу я твае абшары,

Чую шэпт лесу, пах лугоў,

Я пад яго начамі мару.


А рэкі дзіўныя бягуць

Кудысьці ўдалеч патаемна,

Нібы мяне з сабой завуць,

Ды так становіцца прыемна!


А ў полі жыта штось пяе,

Авёс там вецер калыхае.

Здаецца, я ў чароўным сне

І што такога не бывае.


Бывае, бо Радзіма - цуд!

О, Беларусь мая! Ты - казка.

Шмат бед знясла і шмат пакут.

Прымі паклон мой, калі ласка!

Не забывайце падзяліцца дабрынёй!

Не забывайце падзяліцца дабрынёй!

Палыннасцю і горыччу сардэц

Не разлучайцеся ніколі з ёй!

І прыйдзе бедам усім ліхім канец!


Не забывайце "дзякуй" гаварыць,

Прасіць у сябра шчыра прабачэння

І кожны раз сапраўдным, добрым быць,

Натхнёным, верным, чулым і надзейным!


Не забывайце родных пахваліць,

Дапамагчы ў цяжкую хвіліну.

Ад добрых спраў нам, людзям, лепей жыць,

Без іх на гэтым свеце немагчыма.

Не забывайце падзяліцца дабрынёй,

Сваёй усмешкай і сваім запалам!

Не будзьце грозным і ліхім суддзёй

Для іншых, каму цяжка і складана.


Дарыце радасць, смех і прыгажосць,

Сваёй душы кавалачак дарыце!

А шчасце… Шчасце будзе, яно ёсць!

Яго вы толькі дбайна беражыце.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX