Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Алесь Мацулевіч 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Алесь Мацулевіч нарадзіўся 19 студзеня 1981 года ў Лідзе. Скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча (2000), Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна (2005, філалагічны факультэт). Працуе ў рэдакцыі "Лідскай газеты". Вершы друкаваліся на старонках "Лідскай газеты", у літаратурна-мастацкіх часопісах "Ад лідскіх муроў" і "Верасень", у калектыўных зборніках. Песня на верш "Роднаму гораду" (кампазітар - Аляксандр Якіменка, г. Астравец) прагучала ў час святкавання 690-годдзя Ліды (2013). Верш "Купалле" прагучаў у эфіры Беларускага тэлебачання, у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!" (2017). Алесь Мацулевіч - пераможца III адкрытага рэгіянальнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" (2018). Аўтар кніг паэзіі "Леў і ключы" (2015) і "Горад-карабель" (2019). З 2019 года - кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". З таго ж года з'яўляецца ўдзельнікам народнага аматарскага аб'яднання "МузАльянс" Палаца культуры горада Ліды.

Бронзавы Гедымін

Аганаў ды Нячай* - "бацькі"

для бронзавага Гедыміна,

а шпоры ў конскія бакі -

аб інахадзі напамінак.


У доўгім бронзавым плашчы,

на бронзавым кані Вялікі.

На князя бронзавым плячы

гуляюць залатыя блікі.


Сярод заводаў і дамін,

пад сонцам у нябёс блакіце

стаіць ля замка Гедымін,

які паклаў пачатак Лідзе…


Пайшоў вайной крыжак-шакал

на княства гарады і весі -

каб засланіць шлях крыжакам,

князь замак загадаў узвесці…


Сябры з'язджаюцца да нас,

да бронзавага Гедыміна.

Прыезджым ды лідзянам князь -

як аб даўнейшым напамінак.

*Сяргей Аганаў і Вольга Нячай - беларускія скульптары, аўтары помніка Вялікаму князю Гедыміну ў Лідзе.

Бой за Ліду

У памяць аб вызваленні Ліды ад фашыстаў

8 ліпеня 1944 г.

Накіроўваецца корпус

Аслікоўскага да Ліды,

і няма ў ім недахопу

ў конях, моцна ў корпус злітых.

Злосна вока акупанта

ў далеч узіраецца…

На вузлах дарог упарта

фрыц супраціўляецца.


Шлях абходны пралягае

па дрыгве і па лясах.

Лес які, дрыгва якая

затрымаюць малайца?!


Шлях адолены даўжэнькі.

Ззаду вёскі, мурагі.

Уварваўся полк Шаўчэнкі

ў Ліду ў конным у страі.


Спешваюцца ў самым цэнтры

і завязваюць баі -

вуліцу ўсцілаюць целы

і фашыстаў, і сваіх.


У галавакружным тэмпе

бой за гарадок ідзе -

горача, нібыта ў стэпе,

нібы ў пекле, як нідзе.


"Пальцы" корпуса - калоны

аслікоўскіх коннікаў

(і палкі, і эскадроны) -

дзейнічалі ўзгоднена.


З гэтай простае нагоды

не паспеў цыбаты фрыц

эшалоны і заводы

падарваць ды падпаліць.


Сталі чуцца ды віднецца

пасля конніцы работы

над ачышчанай ад немцаў

Лідай нашы самалёты.


Радасныя вочы ўзняўшы,

крылаў назіраюць ззянне,

бачаць самалёты нашы

вызваленыя лідзяне.

Франтавыя матывы

Да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

Дарогі франтавыя

з баянам дзед прайшоў.

Сядзелі радавыя

тады плячо ў плячо.


У іхнім асяроддзі

іграў і песні пеў -

натхненне, асалоду

салдат ад песні меў.


Пеў ветэран пад Курскам,

пад Кёнігсбергам пеў,

пра сіненькую хустку,

пра ўсенародны гнеў…


Пра ноч ды пра зямлянку

пеў ветэран байцам,

а потым, спазаранку,

ішоў у бой і сам.


Не расставаўся з песняй

дзед да канца вайны -

да Перамогі весняй,

да радаснай вясны.


Ён на калені моўчкі

баянчык памясціў,

з нагоды Перамогі

наігрываў матыў…


З чахла дзед і сягоння

выцягвае баян,

аб Прусіі Усходняй

успомніць, аб баях.


Матывы франтавыя

наігрывае дзед.

За сценкай вея вые,

мяцеліца мяце.


Мацней баяна гукі

за завірухі шум.

Ігра стамляе рукі,

ды саграе душу.


Мацней баян за вею,

за старасць і за сум.

Матывы бранзавеюць,

як помнікі Байцу.

Каб вайне не распаліцца…

Лідскім ветэранам-ракетчыкам прысвячаецца

Каб вайне не распаліцца

на прасторы ўсёй планеты,

мы пацелі ды пякліся,

даглядаючы ракеты.


І спякотнаю парою,

і ў мароз, і ў снег, і ў вецер

абслугоўвалі мы зброю,

наймагутнейшую ў свеце.


Рады мы былі старацца.

Зброя грозная даволі:

Р-12, -14,

"Піянеры" і "Таполі".


У Мінойтах, Навагрудку,

Бердаўцы палкі былі.

Бы мурашачкі, у руху,

у турботах мы жылі.


Прыстыкоўвалі да зброі

ядзерную "галаву".

Не шануючы здароўя,

неслі міру каравул.


Не было жыццё ў дрымоце,

не было раздольнае.

Ехала па цяжкім мосце

тэхніка статонная.


Выязджалі на вучэнні

ў стэп Капусцінага Яра.

"Піянераў" велічэзных

моц "Таполяў" абганяла.


Дужа спёкшыся, спацеўшы

той гарачаю парою,

запускалі ў спецадзежы,

у процівагазах зброю.


Каб пажар не распаліўся

на прасторы ўсёй планеты,

мы пацелі ды пякліся,

запускаючы ракеты.

Кіёск "Саюздруку"

Мінакоў спыненне руху -

ля кіёска "Саюздруку".


Людзі розныя спыняюцца.

Што ў кіёску набываецца?


Вось мужчына падышоў,

пральны выбраў парашок.


Выбірае школьнік нейкі

ручкі, сшыткі і лінейкі.


Нейкая купляе цётка

пасту і зубную шчотку.


І разглядвае стары

атласы, календары.


І прыдбаў хлапчук зялёны

мыла, карту і талоны.


Для студэнтак-прыгажунь -

лак, касметыка, шампунь.


Для малога і кабеты -

размалёўка і газета.


Вам, Аленка і Рыгорка,

шарык, лялька і бразготка.


Каляндар, лінейка, карта,

парашок, газета, шчотка,

шарык, размалёўка, паста,

лак, касметыка, бразготка…

Бачна: выбар неслабы.

Дзеду прэса, цацка ўнуку…

Можна многае набыць

у кіёску "Саюздруку"!

"Лідская газета"

Да 80-годдзя выдання

Каб часу адчуваў павеў,

каб пра жыццё раёна ведаў,

каб тэму для размовы меў,

са мною - "Лідская газета".


Як печ рыхтуюць да зімы,

куды прадукцыя вязецца

і дзе будуюцца дамы,

раскажа "Лідская газета".


Як дружны экіпаж жыве,

і як камбайнер паабедаў,

і як шчыруюць на жніве,

раскажа "Лідская газета".


Пра сто бабуліных гадкоў,

аб франтавых дарогах дзеда

і пра працоўны шлях бацькоў

раскажа "Лідская газета".


Хто на баяне лашчыў слых,

і дзе адкрыты сад

для дзетак,

і хто наведаў пажылых,

раскажа "Лідская газета".

Куды схадзіць усёй сям'ёй,

як школьнікі праводзяць лета

і дзе каткі зальём зімой,

раскажа "Лідская газета".


Як рыцарскі прайшоў турнір,

і дзе "Лідчанкай"

песня спета,

і чым запомніўся

"LIDBEER",

раскажа "Лідская газета".


Хто бегае за ўсіх хутчэй,

і пра рэкорд цяжкаатлета,

і пра футбол, і пра хакей

раскажа "Лідская газета".


Як п'яніца гразіў нажом,

як дом спаліла цыгарэта,

як пёр "бяспраўнік" на ражон,

раскажа "Лідская газета".


І аб ансамблі скрыпачоў,

і пра суквеццеўскіх паэтаў,

і пра заўзятых рыбакоў

раскажа "Лідская газета".


Як пабароць уласны страх,

аб доўгага жыцця сакрэтах

і аб рэцэптах смачных страў

раскажа "Лідская газета".


Каб часу адчуваў павеў,

каб пра жыццё раёна ведаў,

каб тэму для размовы меў,

з табою - "Лідская газета".

Аўтакрама

Мы не ходзім па прадукты

за дзясятак кіламетраў -

аўтакрама, на ўвесь дух ты

прыляціш да нас каметай.


Аўтабус не даязджае,

куды ходзіць аўтакрама,

каб з варэннем,

з цукрам, з чаем

і вясковец быў таксама.


Шмат прадуктаў

нам прывёз ты,

дарагі шафёр Міхалыч.

Праязджаючы па вёсцы,

некалькі разоў сігналіш.


Прыпыняешся ля хатак,

ля зачыненых сяльмагаў.

За вітрынным шклом багата

хлеба, малака, прысмакаў.


Па цане тавар па таннай,

не "кусае", не "з зубамі".

Называем мы з пашанай

прадаўшчыцу нашу: "Пані".


Купім селядзец і чыпсы,

квас, марожанае, віны

і раскажам прадаўшчыцы

ўсе вясковыя навіны.


Хлюпаюць сюды ў галёшах

і дзядулі, і бабулі,

каб купіць адэкалончык,

вёдры, накрыўкі, шампуні.


Адпускае пані Таня

нам і каўбасу для кошкі,

і мятлу для падмятання,

і для ўнука чыпсаў трошкі.


Прыляцелі што ёсць духу

да сялян прадукты самі.

Чыпсы ды цукеркі ўнуку

дзед купляе ў аўтакраме.

Прыпеўкі пра бібліобус

Слухай, бабка,

жонка, дзеўка!

Слухай, дзед,

мужчына, хлопец!

Зараз вам спяём прыпеўкі

пра машыну - бібліобус!

* * *

Бібліобус нас распесціў:

мы па кніжачкі не ездзім -

і цяплом, і маразамі

ездзяць кнігі да нас самі.

* * *

Едзе ў вёску бібліобус.

Справу добрую ён робіць -

ён вязе вяскоўцам кнігі.

Людзі справу ацанілі.

* * *

- Слухаў ты? Сусед Макарыч

аб аўтобусе пляткарыць.

- Гэта праўда, а не плётка -

едзе аўтабібліётыка.

* * *

Едзе з кнігамі па сёлах

бібліётыка на колах.

Ездзіць з кніжкамі па вёсках

бусік хуткі - не павозка.

* * *

Розных кніжак поўная,

ездзіць перасоўная.

З вуліцы на вуліцу

бусік перасунецца.

* * *

Нечага ісці далёка -

атрымаем кнігу лёгка:

бусік, кнігамі багаты,

спыніцца ля самай хаты.

* * *

Хаты ў вёсцы апусцелі:

нашы людзі - ля "Газелі".

Уся вёска тоўпіцца

ля мікрааўтобуса.

* * *

Вунь імчыцца бібліобус.

Ён хутчэй за антылопу.

Кніжкі розныя вязе

ў вёскі сіняя "Газель".


Рада вельмі той "Газелі"

сэрданька сялянскае…

Вам прыпеўкі мы прапелі,

а вы нам - папляскайце!

Дварышчанскія прыпеўкі

Годзікаў з шасці гарцую

на кані актыўна я:

школа ў Дворышчы працуе

конная-спартыўная.

* * *

Каб вяліся жарабяткі -

будучыя летуны, -

жарабкі і каняматкі

ёсць на ферме "Эйтуны".

* * *

Паліліся поту рэчкі

з жарабкоў успененых.

Да сядла і да вуздэчкі

прывучай тракененскіх!

* * *

Вам па шляху па якому,

коні з Дворышча, ісці?

Мы з шасці ідзём у школу.

Коні ў спорт ідуць з шасці.

* * *

Па палях не пагуляе

статак коней скакавых:

коней Ратамка купляе,

арандуе Ваўкавыск.

* * *

Дварышчанскія спартсмены -

чэмпіёны па канкуры.

Выгляд у дастойнай змены

іх таксама не пануры.

* * *

І Напор, і Асалода -

коні знакамітыя,

чэмпіёнскай пазалотай

назаўжды пакрытыя.

* * *

Звонка спорт тутэйшы -

конны -

нашы апяваюць вусны:

коні нашы - чэмпіёны,

школа - чэмпіёнаў кузня!

Экзатычныя жывёлы

Экзатычныя жывёлы

насяляюць заапарк.

Тут у клетцы - не на волі

нават леў, звярыны цар.


Леў - жывёла

з пышнай грывай,

быццам

з пышным каўняром.

Звыкся ён

з людзей наплывам,

з тым, што

льва глядзіць народ.


У слана не нос, а хобат -

быццам бы пажарны шланг.

Корму многа можа злопаць

гэты дужа цяжкі "танк"!


Рог на мордзе ў насарога -

можа мордаю бадаць.

Як буйному, харчу многа

трэба насарогу даць.


У вярблюда два гарбы.

Гэта карабель пустыні.

Вольным "карабель"

каб быў,

"плыў" бы пасярод будынін.


У жырафы даўгашыяй

шыя бы пад'ёмны кран.

Толькі ў Афрыкі глушы ёй

дарагі і родны край.


Зебра быццам у цяльняшцы -

гэта паласаты конь.

Духу ў клетцы не заняцца,

хоць жывёліна - агонь.


Кенгуру кенгураня

носіць у падбрушнай сумцы.

"Вопыт ці не пераняць?" -

сходзяцца матулі ў думцы.


Малпа быццам чалавек,

ды хвастаты і нябрыты.

Дажывеш у клетцы век,

як астатнія звяры, ты.


Морж іклаты і вусаты.

Ласты на нагах маржа.

Ён у заапарк узяты

з поўначы Зямлі-мяча.


Мішка белы, а не буры.

Гэты - з ледзяных шырот.

Ён і вялы, і пануры:

клетка - нуднае жыллё!


Страус не лятун - бягун.

Ён лёгкаатлет у пер'і.

Бегае і ў клетцы вунь,

каб нажышчы не дубелі.


Доўгі хвост у кракадзіла.

Зяпа доўгая ў яго.

Не сядзіць у водах Ніла

кракадзіл каторы год.


Экзатычныя жывёлы

насяляюць заапарк.

Тут жывуць яны ў няволі

ўжо каторы год запар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX