Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Станіслаў Суднік 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Станіслаў Суднік нарадзіўся 21 верасня 1954 года ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна. У Лідзе жыве з 1994 года.

Друкаваўся ў літаратурных часопісах "Полымя", "Маладосць", "Верасень", "Новы замак".

Аўтар кніг паэзіі "Пагоня за мову", "Мой Грунвальд", "Лідскія скрыжалі", "Літва", "Пілігрымка дадому".

Рэдактар літаратурных альманахаў "Ад лідскіх муроў", "Стольны град" (Наваградак), "Нясвіжскі ўток", "Родныя пагоркі" (Капыль).

Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2001 па 2021 г.

Зніч памяці

Шуміць сярдзіта бор сасновы,

Дрыжыць трывожна гай альховы,

Гудуць на Лідчыне лясы.

Чутны ў тым гудзе гневу словы,

Чутны ў ім помсты галасы.

Баляць зямлі былыя раны,

Смыляць, пакрытыя дзірванам,

Ды помняць грозныя часы,

Калі ішлі тут партызаны,

Збіваўшы кропелькі расы.


Яны ішлі на бой смяртэльны,

Яны ішлі ў агонь пякельны,

Каб сёння мы вось тут жылі,

Каб панаваў настрой вясельны,

Каб мы свабоднымі былі.


Яны начамі тут не спалі,

Яны на злыдняў палявалі,

Што панаваць сюды прыйшлі,

Яны з фашыстам ваявалі,

І самі тут вось паляглі.


Шумяць сурова ў лесе хвоі,

Трымцяць у голлі хлопцаў мроі,

І так штодзень, і так штогод.

Ляжаць пад хвоямі героі,

Жыве за хвоямі народ.


Народ жыве, арэ і сее

І памятаць ахвяру ўмее,

Ён да магіл святых ідзе.

Пакуль у сэрцах памяць тлее -

Не паўтарыцца больш бядзе.


Шумяць у лідскіх пушчах хвоі,

Ляжаць пад хвоямі героі,

Цячэ ракой няспыннай час.

Мы ў лес ідзём згадаць былое,

Каб зніч у душах не пагас.

Капыльскія пагоркі

Між Слуцкаю раўнінай

І Нёманскай далінай,

Пад радаснаю зоркай

Калісьці Бог раскінуў,

Калісьці Бог раскінуў

Капыльскія пагоркі.


Ад працы расцвіталі,

Нягоды праганялі

Праз пот салёна-горкі,

Жытамі прырасталі,

Свабодай прарасталі

Капыльскія пагоркі.

Кніга

Лідскай раённай бібліятэцы

імя Янкі Купалы прысвячаецца


Кажуць, што кніга сваё аджывае,

Што ёй нядоўгі адведзены век,

А я новы томік з пяшчотай трымаю,

А я водар свежае фарбы ўдыхаю,

І я сёння ёсць, і я ёсць чалавек.


Будзе робат калісьці нам вершы пісаць,

Можа напіша, як пахне чабор,

А мы будзем паэта ўсяроўна чытаць,

А мы будзем таемна радочкі шаптаць

І пад сонца цяплом, і пад холадам зор.

Будзе Сусвет недзе ў сайтах гібець,

У лічбы загоняць і дожджык, і снег,

А мы будзем з упартасцю ў кнігу глядзець,

А мы будзем да ночы ў чытальнях сядзець

І думак лавіць неўтаймованы бег.


Адыдуць смартфоны, не доўгі іх час,

І галаграмы паўсюль паплывуць,

Кніга ж навек застанецца пры нас,

Каб род чалавечы ў бяздум'і не згас

І ў лічбах бяздушных не змог патануць.


Будзе папера ці будзе экран,

Будзем мышкай вадзіць ці старонкі гартаць,

Мы добрае будзем у кніжках шукаць,

Каб вораг людскі не завёў нас у зман,

Каб годна маглі на зямлі існаваць.


Чытайце, чытайце, сябры кожны дзень,

Ідзіце сюды, бо тут кнігі жывуць,

Бо мудрасць людскую яны берагуць,

Ідзіце пад ведаў чароўную сень,

Каб веліч пазнання душою адчуць.

Дадому

"Дадому, дадому,

Паелі коні салому,

І ў торбах мякіну,

І пад плотам крапіву.

Дадому, дадому". 1


Што мне Куршавель, што Мальдзівы,

Дзень - другі, і ўжо мучыць аскома,

Не да смаку заморскія дзівы,

Сэрца ные: "Дадому, дадому!"


Выпадзе лёс у Варшаву сабрацца,

Не, ненадоўга, па справах, вядома,

Буду з Кузніцы ўжо аглядацца:

"Дадому, хутчэй бы дадому".


І я не адзіны ў такім вось імкненні,

Шмат хто на чужбіне маўчыць пакрыёма,

А ранкам вясеннім і змрокам асеннім

Ціха ўздыхае: "Дадому, дадому".


І дзеці, і ўнукі, і вольнае жыцце,

Ды шэпча, адчуўшы смяртэльную стому:

"Хоць, як памру, вы мяне адвязіце

На могілкі нашы, дадому".


Мы паляцім на чужыя планеты,

І там пад касмічныя громы,

Пад небам касмічнага свету,

І там будзем марыць: "Дадому".


А адыдзем усе ў іншы свет паступова,

З раю ці з пекла, пакуль невядома,

Душы нашы прашэпчуць без словаў:

"Дадому, пусціце дадому!"


"Дадому, дадому,

Паелі коні салому,

І ў торбах мякіну,

І пад плотам крапіву.

Дадому, дадому".


1 Запісана ад старой Алесючыхі ў в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна.

Алеся Ёч - пані Зуброўская

гавэнда

Алеся Ёч - няўлоўная паўстанцкая сувязная 1863 года аддзела Людвіка Нарбута пасля Астрогі. Яе лавіла ўся мураўёская жандармерыя і не злавіла. Пасля паўстання жыла ў Вільні пад прозвішчам пані Зуброўскай.


Яе лавілі ўсе жандары краю,

Казакі гойсалі па гонях і барах,

Шныралі па дварах дазорцаў зграі,

І шпегі ёй услед трапілі шлях.


Яе не менш пяці разоў хапалі

І адпускалі гэтулькі ж разоў,

Ні разу ў ёй не распазналі

Выведніцу за волю змагароў.


Яна - сялянка з курнай хаты -

Ад вёскі і да вёскі пешкі йшла,

І выглядала, дзе стаяць салдаты,

І ў лес паўстанцам вестачку нясла.


Яна - манашка з беднага кляштара -

Малілася ля кожнага крыжа

І пільна, вельмі пільна пільнавала,

І дзе, і як паводзіцца чужак.


Яна - жабрачка, доляю прыгнута -

Акрайчык хлеба просіць для дзяцей,

Выслухвала, дзе чуцен коней тупат,

Выглядвала, дзе ходзіць ліхадзей.


Паўстанцаў смелая пасланка,

Над краем цэлым незасыпны страж,

Ішла Алеся Ёч - тутэйшая шляхцянка,

Што мела спрыт і гонар наш.


Сам Мураўёў крычыць і тупае нагамі:

- Злавіць, даставіць, строга пакараць!

Ужо злавілі не адну, і самі

Раз-пораз мусілі памылку прызнаваць.


Забралі бацьку ў Ліду на гаўптвахту,

Каб нешта пра Алесю распазнаць.

І той стары не ўстояў перад гвалтам,

Дачку пачаў у бедах абвіняць.


І ад Алесі так ён адракаўся,

І так ёй кары ўсякія прасіў,

І так цару ў любові кляўся,

Што следчых моцна ўсіх здзівіў.


Прызнаны быў невінаватым,

Суд не знайшоў за ім грахоў,

Адпушчан быў пан Ёч дахаты,

А да Алесі зыск на крок не падышоў.

* * *

Сядзіць засада ў Ёчаў дома,

Шпікі шныраюць па дварах,

А па сцяжынках ёй вядомых

Ляжыць Алесі новы шлях...


... Ізноў сялянку сцапалі гвардзейцы,

Ішла ў мястэчка яйкі прадаваць,

Перацягнуўшы скруткай лейцаў,

Давай з "прыстрасціем" пытаць:


- Адкуль, куды так прэцца рана,

Мо дзе сустрэла Аляксандру Ёч?

- А як жа, знаю, дык жа ў Вільні панна,

Вам праўду чыстую кажу, як ёсць.


- А як, скажы нам, выглядае,

Бо ловім мы, не ведаем каго,

У твар яе ніхто не знае -

Адно, што маладая - і ўсяго.


- О, панна Аляксандра - то пякнота,

Дзяўчына невыказнае красы,

І вочы - дыяментныя кляйноты,

І, як русалка, мае валасы.


А позірк, а паходка, а пастава,

Князёўна ўсёй тутэйшае зямлі,

Не дарам жа лунае яе слава,

Што аж пачулі панства-маскалі.


Дык што рабіць ёй тут у гэтых пушчах,

На Вільні недзе свеціцца зарой.

Дык, панства, мо мяне адпусціць,

Я ж маю сёння абавязак свой.


Занесці ў Васілішкі пяць дзясяткаў,

Ды ў Новы Двор - яшчэ капу,

Ды солі з фунцік там у ятках

Мо, дасць Бог, раптам прыкуплю.


- Ідзі сабе, ды прыглядайся,

А раптам панна дзе мільгне,

Дык нам данесці пастарайся,

І яйкі ўскочаць у цане...

* * *

Алеся вырасла пад Начай,

Яе малою Людвік Нарбут знаў,

Ды ўскрасавала, і іначай

Той квет краіны нашай выглядаў.


Пайшла ў паўстанне, знікла з далягляду,

Ніхто наўкол не ведаў, дзе яна.

Яна ж, абходзячы пікеты і засады,

Усюды паспявала давідна.


Была для Нарбута вушамі і вачамі,

Ішла да Вільні і ішла назад,

І нібы крылы мела за плячамі,

Нясла з сабой то рапарт, то загад.


Загінуў Нарбут, то яна Астрогу

Нясла то весткі, то папераў жмут

Была ім ад Алесі дапамога

І мацавала веру ў родны кут.


Была прыслана на падмогу да Табенскай,

Альжбету ўзялі, а Алесю - не,

Ізноў ідзе да пушчы Гарадзенскай,

Нічога яе ўвагі не міне...

* * *

Паўстанне змрочна дагарала,

Каго павесілі, а хто ў турме,

І вогнішчы па пушчах астывалі,

І край маўчаў, прыгнуўшыся ў ярме.


У Вільні, сцятай кайданамі,

Засеянай жандарамі наўсцяж,

Яшчэ здаралася часамі

Хаваўся дзе хлапчына наш.


Лавілі ўсіх, і Каліноўскі

Прадажных путаў не пазбег.

А дрожкі з паняю Зуброўскай

Пад'ехалі пад першы снег.


Зуброўская - ад Зубрава вядома,

Была такая вёска ў нас тады,

Паўстанне падтрымала ўся свядома

І знікла з твару краю назаўжды.


Спалілі вёску, а людзей саслалі,

Зуброва знішчылі, як некалі зуброў,

Ды нашу памяць кайданамі не скавалі,

Мы гэта ўспомнілі ізноў.


Алеся ў памяць пра Зуброва

Зуброўскаю рашыла далей жыць,

І не хавалася па Вільні сховах,

І вольнай прадаўжала быць.


І не злавілі Ёч Алесю,

Зуброўскую жандары не ўзялі,

Звіняць пра іх легенды ў лідскім лесе,

І памяць сцелецца з туманам па зямлі.

* * *

Нас прарадзілі з пушчы ў рэдкалессе,

Ды выбіць да канчатку не змаглі,

Бо, як тады, няўлоўныя Алесі

Жывуць на гэтай вось святой зямлі.

Мы былі за Беларусь

З нагоды ліквідацыі ТБМ і прыпынення выхаду "Нашага слова"

Не раз такое ўжо бывала -

Бяда прыходзіла да нас,

Не раз адзін мы адступалі,

Нас білі, нішчылі не раз.


Ды неяк вось перажывалі

Ліхі чарговы землятрус,

З нябыцця зноўку паўставалі,

Бо мы былі за Беларусь.


Нам адбіралі веру, мову,

Нам кожны дзень быў злей і злей,

Мы ж па зярнятку нашы словы

Хавалі ў памяці глыбей.


Нас білі злева, білі справа,

Сваіх-чужых ліхі хаўрус,

А мы стаялі за дзяржаву,

А мы былі за Беларусь.


Ішлі гады, дзесяцігоддзі,

І "Наша слова" ў свет ішло,

І вось, нібы, канец надходзіць,

І нас, як быццам, не было.


Крычаць крукі на нашых гонях,

У кіпці душы нам бяруць,

Нам каяцца няма ў чым сёння,

Бо мы былі за Беларусь.


Нас бэсцяць люта, без супыну,

Няма як галавы падняць,

Рыхтуюць дол пад дамавіну,

Каб нас паглыбей закапаць.


І ўжо наступным пакаленням

Пра нас зласловіць розны гнюс,

Мы ж маем чыстае сумленне,

Бо мы былі за Беларусь.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX